С. Тарасаў “Еўфрасіння Полацкая”. Мастацкае ўвасабленне ў творы вобраза Еўфрасінні (2 урокі)




Дата канвертавання11.06.2016
Памер93.44 Kb.
С.Тарасаў “Еўфрасіння Полацкая”.

Мастацкае ўвасабленне ў творы вобраза Еўфрасінні (2 урокі)

МЭТЫ І ЗАДАЧЫ: дапамагчы вучням асэнсаваць веліч асветніцы Еўфрасінні Полацкай, яе ролю ў беларускай гісторыі і культуры; прааналізаваць час і месца дзеяння ў творы;

узнавіць і пашырыць веды вучняў пра беларускую асветніцу і святую;

пазнаёміць вучняў з мастацкім увасабленнем Еўфрасінні ў творах жывапісу і выявіць непасрэдныя вучнёўскія ўражанні; супаставіць вобраз Еўфрасінні Полацкай у творах літаратуры і жывапісу;

спрыяць фарміраванню ў вучняў творчых, разумовых і даследчых здольнасцей, развіваць уменне працаваць у групах;



выхоўваць у вучняў любоў і павагу да гісторыі роднага краю, цікавасць да твораў мастацкай літаратуры, прысвечаных адлюстраванню падзей далёкай мінуўшчыны.

ТЫП УРОКА: урок - праект.

ХОД УРОКА

  1. Арганізацыйны момант.

  2. Праверка дамашняга задання.

Вучні параўноўваюць вобраз Рагнеды ў творы У. Бутрамеева “Славутая дачка Полацкай зямлі” з рэпрадукцыяй карціны А.Карповіча “Рагнеда і Ізяслаў”.

  • Якой паўстае Рагнеда на карціне?

  • Які момант жыцця Рагнеды адлюстравана на рэпрадукцыі?

  • Звярніце ўвагу на знешні выгляд Рагнеды. У што апранута жанчына?

  • Пра што гаворыць позірк князёўны?

  • Чаму ў руках Рагнеда трымае меч? Сімвалам чаго ён з’яўляецца?

(Меч – сімвал княскай улады, сімвалізуе нязломнасць духу, ваяўнічы настрой)

  • Якую ролю ў творы аўтар надае пейзажу?

  1. Вызначэнне тэмы і мэты ўрока.

  1. Уступнае слова.

Сёння, як ніколі, узрасла цікавасць да гісторыі. Яе праблемы хвалююць не толькі спецыялістаў, але і шырокае кола грамадскасці. I на гэта ёсць прычыны. На крутых паваротах гісторыі людзі заўсёды звяртаюцца да мінулага, каб больш дакладна і глыбока зразумець дзень сённяшні, каб зразумець свае вытокі, карані. Забыццё ўрокаў гісторыі спараджае памылкі. Гісторыя ўмее жорстка помсціць, але ж і ўмее вучыць. “У падзеях мінулага, — сцвярджаў У. Караткевіч, — нашы карані. А дрэва без карэння не можа ні існаваць, ні тым больш прыносіць плады”. 3 цемры мінулых стагоддзяў дайшлі да нас імёны выдатных дзеячаў беларускай культуры. Паслухайце верш Л. Тарасюк і скажыце, пра каго пойдзе гаворка на ўроку.

Забыць сваё змя, дзе корань роду слаўны?..

Няпраўда! Я твая ўнучка, Усяслаў!

Ды годнасці маёй давеку не дакажуць,

Што найслаўнейшы той, хто тытул мае княжы.

Чакаюць: бацькаў двор і мне пасадам стане,

I кроку не ступіць за пышнымі сватамі

Гандлюючы сабой з уласнай чэсцю згодна,

Няўжо мне быць рабой для памнажэння роду?..

Жаніліся дасюль, ішлі далёка замуж,

А справы іх — каму? А дзе сягоння самі?

I гіне першы той, хто ўзніме меч на брата

Рукою здрады той, не толькі ў полі ратным.

На іхняй славе — тлен, нарашчаны вякамі...

Імя іх не ўзнясе і надмагільны камень...

Я знаю, што зраблю перад судом суровым...

Я славу зберагу, я прынясу ім Слова.

Агучванне тэмы – С.Тарасаў “Еўфрасіння Полацкая”.



Вызначэнне мэт урока па схеме: пазнаёмлюся з… , даведаюся пра …, навучуся (чаму) ….

  1. Праца з новым матэрыялам.

  1. Запісаць асацыятыўны рад на вобраз Еўфрасінні Полацкай (храм, свяча, келля, кніга, Крыж, пяро, Полацк, святая, манастыр, асветніца).

  2. Знаёмства з творам С. Тарасава “Еўфрасіння Полацкая” (с. 201 - 203).

  3. Выяўленне першапачатковага ўспрымання вучнямі твора.

  • Што новага вы даведаліся з гэтага твора пра Полацк і Еўфрасінню Полацкую?

  • Што вас найбольш уразіла або спадабалася?

  1. Абмеркаванне прачытанага (калектыўная гутарка):

  • Расказаць, паводле твора, пра старадаўні горад Полацк.

  • Чаму ў горадзе добра ведалі дзяўчынку? Як да яе адносіліся?

  • Чаму Еўфрасіння выбрала для сябе такі шлях?

  • Якія справы сталі для Еўфрасінні важнымі і галоўнымі ў жыцці?

  • Чым яна заслужыла шырокую вядомасць, людскую любоў і ўдзячнасць?

  1. Работа ў групах (па варыянтах або па радах). Характарыстыка вобраза Еўфрасінні Полацкай.

  • Азначыць, якія рысы характару гераіні падае С. Тарасаў у апавяданні.

  • Агучванне адказаў. Асноўныя рысы характару запісаць у сшытак.

П: Упэўненасць ужо ў такім маленькім узросце, чуласць да людзей, імкненне дапамагчы таму, каму цяжка, добрая і ласкавая да людзей; клопат пра людзей, мудрая, разумная, дбала пра асвету, бо перапісвала кнігі, вучыла другіх грамаце і гаспадарскім справам; працалюбівая, шчодрая, бо набыткам сваім дзялілася з беднымі людьмі, дабрадзейная, міралюбівая, славутая, паважаная.

  1. Фізкультхвілінка.

Устаньце, дзеткі, усміхніцеся,

Зямлі нашай пакланіцеся

За шчаслівы дзень учарашні.

Усе да сонца падцягніцеся,

Улева, управа ніхіліцеся,

Вераценцам пакруціцеся,

Раз прысядзьце, два прысядзьце

І за парты ціха сядзьце.

  1. Замацаванне новага матэрыялу.

  1. Падрыхтоўка праектаў. Клас падзяляецца на чатыры групы. Кожная група рыхтуе свой праект.

1 група: Асветніца з роду Усяслава” (біяграфічныя звесткі).

  1. Слова пра Усяслава Чарадзея, дзеда Прадславы.

  2. Дзіцячыя і юнацкія гады Прадславы.

  3. Жыццё ў манастыры: адукацыйная дзейнасць (манастыры, скрыпторыі, школы).

  4. Зыход у Ерусалім. Смерць. Паграбенне.

2 група: Помнікі матэрыяльнай культуры.

  1. Спаса - Еўфрасіннеўская царква.

  2. Сафійскі сабор.

  3. Крыж Лазара Богшы.

3 група: “Вобраз Еўфрасінні Полацкай у мастацтве.

  1. Рэпрадукцыі карцін, на якіх адлюстравана асветніца.

  2. Вобраз асветніцы ў скульптуры.

  3. Помнікі Еўфрасінні ў Мінску і Полацку.

  4. Юбілярныя грошы.

4 група: “Вобраз Еўфрасінні ў мастацкай літаратуры”.

  1. Вершы беларускіх паэтаў пра Еўфрасінню Полацкую.

  1. Абарона праектаў. Галоўныя думкі выступлення кожнай групы вучні занатоўваюць у табліцу:

Асветніца з роду Усяслава” (біяграфічныя звесткі)




Помнікі матэрыяльнай культуры”




Вобраз Еўфрасінні Полацкай у мастацтве”




Вобраз Еўфрасінні Полацкай у літаратуры”




  1. Падвядзенне вынікаў урока. Адзнакі за ўрок.

Прадслав зрабіла немагчымае: у імя асветы яна адраклася ад свецкага жыцця. Еўфрасіння адкрывала школы, будавала манастыры, хацела далучыць людзей да асветы, бо была пераканана: калі будуць людзі полацкія валодаць граматай так, як мячом, — ніхто іх не пераможа.

У 1984 г. Еўфрасіння была прылічана да Сабора Беларускіх Святых.

Дзень памяці Святой Еўфрасінні Полацкай адзначаецца 5 чэрвеня.

Імя нашай асветніцы мае Усебеларускі жаночы фонд, які ўзначальвае пісьменніца Валянціна Коўтун. Гэта першая ў краіне міжнародная недзяржаўная жаночая арганізацыя, дзейнасць якой скіравана на развіццё нацыянальнай і культуры, навукі і асветы, умацаванне хрысціянскіх традыцый, а таксама на абарону правоў жанчын, асабліва творчых прафесій. Члены арганізацыі ладзяць навуковыя канферэнцыі, Еўфрасіннеўскія чытанні, мастацкія выставы, дабрачынныя акцыі. Сярод узнагароджаных такія вядомыя ў Беларусі і за яе межамі людзі, як народная артыстка Беларусі Стэфанія Станюта, Мітрапаліт Філарэт і інш.

  1. Рэфлексія.

Прытча пра тое, як малітва і крыжык уратавалі дзяўчат ад смерці. Аднойчы чэрці хацелі загубіць трох дзяўчат пад коламі поезда. Але задума не ўдалася. Дзяўчаты апынуліся паміж рэльсамі — цягнік іх не пашкодзіў. Тады адзін чорт пытае другога:

- Чаму ты не пашкодзіў дзяўчыну?

- Бо на ёй быў крыжык, - быў адказ. - А ты сам чаму не пашкодзіў сваю ахвяру?

- Мая перад выхадам памалілася.

А далей звярнуліся да трэцягя чорта:

- Твая не мела крыжыка і не малілася. Што ж перашкодзіла табе?

- Так, - адказаў трэці, - яна не малілася, але за яе памалілася маці.

ЕўфрасінняПолацкая таксама малілася за свой народ. Невыпадкова яна з’яўляецца нябеснай апякункай нашай Радзімы. І хто ведае, магчыма, гэта яе намаганнямі мы праз 300 год забароны змаглі зноў адрадзіць нашу мову і культуру. Памятайце гэта імя!



  • Што асабліва вас уразіла ў асобе, жыцці Еўфрасінні?

  • Якая работа на ўроку вас найбольш захапіла, асабліва спадабалася?

  • Што засталося незразумелым? Над чым бы вы хацелі яшчэ паразважаць?

  1. Дамашняе заданне.

Падрыхтаваць вуснае выказванне пра Еўфрасінню Полацкую і яе ролю ў нашай гісторыі і культуры (на падставе літаратурных твораў і карцін жывапісу).


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка