С. Шкадун (Мінск) цэласны аналіз драматычнай паэмы а. Адынца “барбара радзівіл, ці пачатак панавання




Дата канвертавання19.03.2016
Памер156.26 Kb.
С. Шкадун (Мінск)

ЦЭЛАСНЫ АНАЛІЗ ДРАМАТЫЧНАЙ ПАЭМЫ А. АДЫНЦА “БАРБАРА РАДЗІВІЛ, ЦІ ПАЧАТАК ПАНАВАННЯ

ЖЫГІМОНТА АЎГУСТА”
Для правядзення цэласнага аналізу твораў, які можа падчас выкладання атрымліваць камунікатыўна арыентаваную метадычную форму, неабходна карыстацца пэўным тэарэтычным апаратам – паняційным інструментарыем, які дазваляе паслядоўна ахарактарызаваць твор. Традыцыйна ў такі паняційны апарат ўваходзяць тэма, ідэя, праблематыка, кампазіцыя і іншыя кампаненты. Звернемся да іх тэарэтычных вызначэнняў і практычнага насычэння ў такім творы, як паэма А. Адынца “Барбара Радзівіл, ці Пачатак панавання Жыгімонта Аўгуста” (1858 г.), што і будзе з’яўляцца аб’ектам аналізу.

Тэма – аб’ект мастацкага ўзнаўлення, тыя жыццёвыя характары і сітуацыі, якія быццам бы пераходзяць з рэчаіснасці ў мастацкі твор і ўтвараюць аб’ектыўны бок яго зместу [1, с. 11]. Вылучаюць тэмы канкрэтна-гістарычныя (характары і абставіны, народжаныя пэўнай сітуацыяй ў той ці іншай краіне) і вечныя (фіксуюць паўтаральныя моманты ў гісторыі). У дадзеным творы назіраюцца тэмы і першага (канкрэтная гісторыя процістаяння польскай і літоўскай шляхты ў сярэдзіне ХVІ ст.) і другога тыпу (тэма кахання).

Асноўная тэма твора, які разглядаецца намі, – трагічная гісторыя непрыняцця польскай шляхтай каралеўскага шлюбу Барбары Радзівіл і Жыгімонта ІІ Аўгуста і спроба на гэтым грунце прывесці краіну да бескаралеўя.



Праблематыка – сфера асэнсавання, разумення пісьменнікам узноўленай рэальнасці [1, с. 14]. На ўзроўні праблематыкі чытачу быццам бы прапануецца дыялог, абмяркоўваецца тая ці іншая сістэма каштоўнасцей, ставяцца пытанні, прыводзяцца мастацкія аргументы “за” і “супраць” таго ці іншага жыццёвага светабачання. У адрозненні ад тэматыкі праблематыка з’яўляецца суб’ектыўным бокам мастацкага зместу. Цэнтральная праблема твора часта аказваецца яго арганізуючым пачаткам, які пранізвае ўсе элементы мастацкай цэласнасці [1, с. 15]. Кола пастаўленых у драматычнай паэме праблем і пытанняў даволі шырокае. Найбольш важныя з іх: 1) што сталася прычынай смерці Барбаба Радзівіл – хвароба, атрута ці глыбокія перажыванні; 2) што кіравала паводзінамі Жыгімонта ІІ Аўгуста – эгаізм ці каханне, мудрасць; 3) што і хто быў сапраўднай прычынай катэгарычнага непрыняцця Барбары Радзівіл у якасці каралевы польскай; 4) якімі на самай справе былі Барбара Радзівіл, Жыгімонт ІІ Аўгуст, Бона Сфорца і тыя, хто іх падтрымліваў.

Цэнтральная праблема зводзіцца да пытання: якія душэўныя якасці Барбары Радзівіл дапамаглі злучыць караля з народам, якую важную ролю адыграла яна ў гісторыі двух народаў?



Мастацкая ідэя – галоўная абагульняючая думка твора, або сістэма такіх думак, якая выражаецца з дапамогай усёй вобразнай сістэмы [1, с. 23].

Асноўная ідэя твора – паказ таго, як нянавісць Боны і карыслівыя памкненні польскай шляхты, яе празмерная пыха маральна забіваюць Барбару Радзівіл, пазбаўляюць любімага імі караля Жыгімонта ІІ Аўгуста каханай жанчыны, тым самым пакідаючы трон без нашчадкаў.

З ідэйным светам твора цесна звязаны пафас – “вядучы эмацыянальны тон твора” [1, с. 27]. Драматычная паэма Адынца спалучае ў сабе некалькі відаў пафасу: гераічны – барацьба Барбары Радзівіл, Жыгімонта ІІ Аўгуста і іх прыхільнікаў за ажыццяўленне і абарону ўзвышаных ідэалаў; трагічны – немагчымасць спрыяльнага вырашэння канфлікту без ахвяр; сентыментальны – спачуванне станоўчых герояў Барбары Радзівіл, Жыгімонта ІІ Аўгуста – сваёй жонцы і ўведзенай у зман шляхце, Барбары – свайму мужу; драматычны– адчуванне таго, што нічога не праходзіць бясследна, кожны ўчынак герояў мае значэнне.

Кампазіцыя – гэта склад і пэўнае размяшчэнне частак, элементаў і вобразаў твора ў некаторай значнай часавай паслядоўнасці [1, с. 102]. Неабходна адрозніваць знешнюю і ўнутраную кампазіцыю.

Знешняя кампазіцыя, або архітэктоніка, – гэта арганізацыя твора з дапамогай рамачных кампанентаў і знешніх частак [1, с. 103]. Архітэктанічная кампазіцыя твора наступная:


  • эпіграф (з п’есы А. Адынца “Феліцыта”). Дапамагае вызначыць галоўную праблему (“Хто край свой у Богу палюбіў, Бог цудам // Жыць будзе праз яго паміж людам” [36, с. VІІ]);

  • зварот да чытача. Аўтар знаёміць чытача з тэмай, акцэнтуе ўвагу на пэўных праблемных пытаннях, выказвае сваё стаўленне да гістарычных падзей і літаратурнай дыскусіі вакол іх;

  • спіс дзеючых асоб. Увагу прыцягвае спецыфічнае размяшчэнне дзеючых асоб: спачатку ідзе пералік палякаў, потым ліцвінаў, італьянцаў, напрыканцы – спіс дзеючых асоб-жанчын;

  • пралог. Аўтар праз вусны герояў дае папярэднюю ацэнку галоўных дзеючых асоб – Жыгімонта ІІ Аўгуста, Барбары Радзівіл і Боны Сфорцы;

  • драматычная паэма складаецца з шасці актаў;

  • аўтар завяршае свой твор падрабязным каментарыем, што надае яму яшчэ больш гістарычнай даставернасці.

Важным складнікам цэласнага аналізу твора з’яўляецца яго ўнутраная кампазіцыя. Да складнікаў унутранай кампазіцыі адносяцца сюжэт, фабула, канфлікт, сюжэтныя і пазасюжэтныя элементы, кампазіцыйныя прыёмы.

Сюжэт – гэта сістэма падзей і адносін паміж героямі, якая развіваецца ў часе і прасторы. Сюжэт як складанае цэлае складаецца з элементаў, кожны з якіх мае сваю функцыю. Элементамі сюжэту з’яўляюцца экспазіцыя, завязка, развіццё дзеяння і кульмінацыя, развязка і эпілог. Сюжэт – гэта дынамічны бок мастацкай формы, таму што ён мае на ўвазе рух, развіццё, змяненне. Як вядома, у аснове ўсялякага руху ляжыць супрацьлегласць, якая з’яўляецца рухавіком развіцця. У сюжэце канфлікт – гэта па-мастацку значная супрацьлегласць. У сутыкненні жаданняў, інтарэсаў, персанажаў раскрываюцца іх характары, псіхалогія [1, с. 105–106].

Як правіла, пісьменнік не выдумляе канфлікты, а назірае іх у першаснай рэчаіснасці – менавіта так канфлікт пераходзіць з жыцця ў вобласць тэматыкі, праблематыкі, пафасу. Гэта канфлікт на зместавым узроўні (часам для яго абазначэння выкарыстоўваецца тэрмін “калізія”). Змястоўны канфлікт увасабляецца ў сутыкненнях персанажаў і ў руху сюжэту. І гэта ўжо канфлікт на ўзроўні формы, які ўвасабляе змястоўную калізію. У драматычнай паэме А. Адынца прадстаўлены ўсе магчымыя віды канфлікту на фармальным узроўні: а) паміж групамі персанажаў (прыхільнікі каралеўскага шлюбу і тыя, хто яго не прымаў); б) паміж персанажам і асяроддзем (Жыгімонт ІІ Аўгуст і польская шляхта); в) унутраны, псіхалагічны канфлікт, калі персанаж не ў ладзе сам з сабою (Барбара Радзівіл, Жыгімонт ІІ Аўгуст, Кміта).

Вылучаюць два тыпы канфлікту: 1) лакальны – мае на ўвазе прынцыповую немагчымасць вырашэння пры дапамозе актыўных дзеянняў (“Преступление и наказание” Ф. Дастаеўскага, “Крыжакі” Г. Сянкевіча і інш.); 2) субстанцыяльны, ці невырашальны: малюе ўстойліва канфліктнае жыццё, пры якім немагчымы ніякія рэальныя дзеянні, каб вырашыць сітуацыю (напрыклад, п’еса Я. Купалы “Раскіданае гняздо”). У дадзеным выпадку асноўны канфлікт – паміж прыхільнікамі каралеўскага шлюбу і тымі, хто яго не прымаў, – аказаўся вырашальным, аднак з пэўнымі важнымі стратамі – смерцю Барбары Радзівіл.

Па меры развіцця сюжэта развіваецца і канфлікт. Стадыі развіцця канфлікту атрымалі назву сюжэтных элементаў.



Экспазіцыя – гэта, як правіла, пачатковая частка твора, якая змяшчае апісанне жыцця герояў да таго часу, як яны пачнуць дзейнічаць у творы [1, с. 108]. Гэта выява тых абставінаў, якія складаюць фон дзеяння. Тут канфлікт звычайна адсутнічае. У дадзеным выпадку экспазіцыя прадстаўлена пралогам. Змест яго наступны.
Вільня. Плошча перад Кафедральным саборам. Б’юць званы з нагоды смерці караля Жыгімонта Аўгуста Старога. З размовы гараджан даведваемся наступнае: каралевіч перад смерцю бацькі не пацвердзіў весткі пра свой шлюб; простыя людзі лічаць Барбару годнай каралевай, аднак разумеюць, што польская шляхта не захоча братацца з Радзівіламі, нягледзячы на тое, што Жыгімонт Аўгуст моцна кахае Барбару. Гараджане баяцца Бону і не вераць ёй, ненавідзяць яе служку Ларэнца Папагоду. Перажываюць, каб Бона Барбары што не ўрабіла.

Дубінкі. Барбара вельмі перажывае, каб Жыгімонту не прыйшлося выбіраць паміж жонкай і каронай.

Вільня. Палац Хадкевіча. Хадкевіч размаўляе з Папагодам, кажа, што шчыра ненавідзіць Радзівілаў, але не прадасць Літву. З імі Віршыла Остык, які кажа, што кароль “бляск дзяржавы // Ганьбіць, выбіраючы жонку, няроўную яму. // Радзівілаўну ж, такім чынам, // Няхай адправіць туды, адкуль узяў, а аб жонцы // Падумае такой, якая б у Кароне // Як першая каштоўнасць ззяла ярка” [2, с. 42].

Палац Радзівілаў. Жыгімонт паведамляе Барбары, што яго бацька перад смерцю блаславіў іх шлюб.

У каралеўскім замку сярод шляхты размовы толькі пра тое, што будзе на сейме.

27 красавіка 1548 года. Палата сенату. Жыгімонт ІІ Аўгуст аб’яўляе перад шляхтай Барбару Радзівіл сваёй жонкай. Большасць літоўскай шляхты падтрымлівае іх шлюб (акрамя Хадкевіча, Віршылы і некалькіх іншых асоб).



Завязка – падзея, з якой абвастраюцца або ўзнікаюць супярэчнасці, якія прыводзяць да ўзнікнення канфлікту. Прадстаўлена ў першым акце:
Кракаў. Каралеўскі замак. Пакой Боны. Бона ў прыватнай размове з Ларэнца абураецца, што сын абвясціў шлюб з няроўнай, не паважае ні маці, ні веліч сваю. Клянецца ўсімі магчымымі сродкамі дабіцца таго, каб іншай, акрамя яе, не было каралевы.

Непасрэдна за завязкай ідзе развіццё дзеяння – шэраг эпізодаў, у якіх дзейныя асобы імкнуцца актыўна вырашыць канфлікт, а ён, тым ні менш, напружваецца ўсё больш [1, с. 108]. Развіццё дзеяння – гэта выяўленне сувязяў і супярэчнасцяў паміж персанажамі, раскрыццё іх характараў.

Ларэнца Папагода расказвае Боне, што і на Літве ёсць людзі, не згодныя са шлюбам караля (Віршыла, Хадкевіч і інш). Бона абяцае грашова дапамагчы Кміце, каб той заклікаў шляхту да дэвізу “Развод, або бескаралеўе!” [2, с. 101].

Палац кракаўскага біскупа. Ксёндз Мацяёўскі і Тарноўскі баяццf, што шлюб стане “прычынай віхуры ў галовах цёмнага народу” [2, с. 114], чым скарыстаецца злосная і хітрая фурыя Бона. Маршалак Радзівіл заручаецца іх падтрымкай на будучым сейме.

Каралеўскі сад. Ноч. Папагода і Марына (дачка Пракседы – варажбіткі Боны). Ларэнца кажа, што Боне ён служыць, а кахае толькі Марыну. Дзяўчына прагаворваецца, што яе маці камусьці атрутнае зелле варыць па загаду Боны. Потым Папагода падслухоўвае размову Пракседы з Бонай. Пракседа прадчувае няўдачу: “Каханне, улада, суд і здрада – // Усё разам пагражае нам” [2, с. 127]. Хоча адмовіцца ад атруты. Бона пагражае вядзьмарцы, што тая не зможа скарыстацца грашыма і аддась дачку за селяніна. Абяцае за смерць Барбары зяця, скарб і замак.

Кракаў. Плошча перад Кафедральным саборам. Пахаронны спеў – хаваюць караля. Гараджане бядуюць, што “шляхта сёння наша, як марнатраўны сын: // Чым болей дароў бярэ з бацькавых далоней, // Тым меней ён іх цэніць, і тым больш растрачвае марна” [2, с. 140]. Кажуць, што Бона адразу едзе ў Кракаў з-за шлюбу, хоць і прыкрываецца жалобай. Будуць адпраўляць пасла, каб годна сустрэць Барбару.

Каралеўскі замак. Жыгімонт дае прысягу перад народам, што прысвеціць сваё жыццё краю, не шкадуючы працы. Пра Барбару ж кажа наступнае: “У Ёй я і праз Яе пакахаў людзей. // І Яна для мяне з’яўляецца тым анёлам, // Што за дар Божы, які я ў Ёй з неба ўзяў, // Вучыць мяне наўзамен несці яму шчасце блізкіх, // Як кветку на алтар, якую сарвалі на радзіме” [2, с. 155]. Даведваемся пра новых прыхільнікаў каралеўскага ўлюбу – Тарноўскага і Мацяёўскага.

Банкет у доме Кміты. Ляшчынскі, Тэнчынскі, Лупа Падладоўскі, Баратынскі спойваюць на сродкі Кміты і Боны шляхту, каб апошняя бунтавала супраць каралеўскага шлюбу. Прычына для бунту супраць караля з вуснаў Лупы Падладоўскага: “Калі мы самі выбіраем караля, // Ці можа каралева быць абрана без нашай волі?” [2, с. 163]. На што п’яныя галасы ў натоўпе адказваюць: “Вета! Не можа! Мы гэтага не дазволім!” [2, с. 163].

Дом пана Гуркі. Тут шляхта таксама варожа настроена да караля, бо баіцца ўціску сваіх зямельных спраў.

Дом Кміты. Прымас Дзяржгоўскі кажа шляхце, каб Жыгімонт не клапаціўся наконт таго, як прызнаць свой шлюб несапраўдным, бо “тут не каралеўская ўжо ўлада, але Боская, // Што нам папскім пасадам дадзена” [2, с. 172]. Таму прымас можа выпісаць індульгенцыю і адмяніць шлюб, а грэх падзяліць паміж усімі грамадзянамі. Кміта зноў заклікае шляхту да мецяжу.

Сядзіба Барбары ў Лукуве. Давойна і Тарло перажываюць, каб польскі сейм прыняў Барбару. Барбары карона здаецца залатой пахавальнай труной, яна просіць дапамогі і падтрымкі ў духа Ядвігі. Падчашы Радзівіл напамінае Барбары, што дастаткова ўжо маліцца, не трэба забывацца і на здароўе.

Марына спрабуе ўгаварыць маці вярнуцца, не атручваць Барбару, бо лічыць Барбару святой. Пракседа хлусіць, што не атруту нясе, а розныя лекі. У той час падчашы Радзівіл і Давойна абмяркоўваюць перахопленае вайскоўцамі ананімнае пісьмо, у якім паведамляецца, што праз сваю вядзьмарку Бона збіраецца атруціць Барбару. Пачынаюцца пошукі вядзьмаркі. Марына ўцякае ад Давойны, прыбягае да Барбары і кідаецца ёй ў ногі. Перадае прызначаную ёй атруту, просіць дапамогі. Барбара загадвае Давойну не караць ні Марыну, ні Пракседу, а пузырок з атрутай пакідае сабе.

Радам, сядзіба біскупа Паднеўскага. Тарло пад сакрэтам распавядае пра выпадак з ананімным папярэджаннем пра атручванне Барбары і спробу злавіць вядзьмарку Боны.

Каралеўскі замак. Жыгімонт кажа маршалку Радзівілу, што не мог нават падумаць пра тое, каб і краіна, і маці здрадзілі яму, не жадалі шчасця асабістага: “Ад землякоў – мяцеж, ад маці – атрута, // Ці яшчэ горшая ад яе варажба!...” [2, с. 223]. Пасля чаго клянецца: “Не! род маіх бацькоў расквітнее ў Барбары, // Ці труна мая будзе труной Ягелонаў!” [2, с. 227]. Радзівіл у сваю чаргу перажывае, як Барбара зможа вытрымаць усе выпрабаванні лёсу.

Барбара кажа Жыгімонту, што мяцеж і ўсе нягоды з-за яе, ён павінен быць мужным, спадзявацца на Бога, змагацца толькі праўдай, нікому не помсціць. Кажа, што кроў у ёй кіпіць, прадракае ёй хуткую смерць. Просіць каханага: “Пакляніся мне, пакляніся перад Яго [Богам] абліччам, // За смерць маю ніколі не вінаваціць ні ў чым // Ні тваю матку, ні люд твой!” [2, с. 236].

Лагер панцырнай харугвы. Спяваюць салдацкую песню, збіраюцца на вайну з мяцежнікамі. Не хочуць ваяваць супраць сваіх жа.

Лагер мяцежнікаў пад Гамалінам. Лупа Падладоўскі заклікае абараняць радзіму ад ганьбы і сораму, “бо гэта яшчэ страшней, чым нашэсце татараў, // Кароль, стрыножаны чарамі” [2, с. 247]. Аднак мяцежнікі не так ужо і вераць у чары, не любяць Бону.

Бугаі. Замак пад Пётрыкавам. Пакой каралевы. Мялецкая, Дося плачуць, бо моцна перажываюць з-за хваробы Барбары. Давойна кажа, што часта ў Барбары роспач нейкая, туга, трывога, што вельмі змянілася з аблічча пасля прыезду на новую радзіму.

Кароль паведаміў саслоўям пра татарскую вайну, і сейм ухваліў агульны надзвычайны падатак. Барбара ахвяруе ўсе свае каштоўнасці на патрэбы войска.

Пётрыкаў. Плошча перад ратушай. Сыходзяцца з розных бакоў паслы. Вырашаюць дабівацца разводу, ці бескаралеўя.

Памяшканне для паслоў. Маршалак Серакоўскі паведамляе пра набег татараў. Сярод шляхты кіпіць спрэчка: спачатку бараніць Польшчу, ці выпраўляць “заганы” караля. Часова перамагаюць прыхільнікі Лупы Падладоўскага, які працягвае настройваць шляхту супраць караля.

Гарнастай, Кішка баяцца наступстваў сейма, аб’яднання з Літвой, але тым не менш перажываюць і за Барбару, і за караля. На іх бок у падтрымку караля пераходзіць Остык Віршыла, хоча прасіць прабачэння ў Барбары.

Тарноўскі ў прыватнай гаворцы абяцае маршалку Радзівілу забіць здраднікаў, калі трэба, абараніць караля. Нагадвае, што трэба як мага хутчэй разабрацца з мецяжом, бо інакш арда хутка ўварвецца на Падолле.

Замак у Гамаліне. Ноч. Папагода угаворвае Марыну не вяртацца да Барбары і маці. Без яго яна і грошы скарыстаць не зможа, бо яна сялянка і яе проста абвінавацяць у крадзяжы. Прапаноўвае разам уцячы ў Італію. Сам жа потым збіраецца з дапамогай Марыны атруціць Бону, каб “прыбраць тое, што перашкаджае” [2, с. 298]. Спецыяльна падкідвае вайскоўцам яшчэ адно ананімнае пісьмо, дзе падрабязна распавядае пра хітрыкі Боны, яе дамовы з Кмітам і іншымі.

Нарэшце, канфлікт даходзіць да моманту, калі супрацьлегласці не могуць існаваць у сваім выглядзе. Гэта і ёсць кульмінацыя – найвышэйшая кропка напружання канфлікту. На гэту ж кропку, па задуме аўтара, прыходзіцца і найбольшае напружанне чытацкай увагі.

Сейм. Баратынскі звяртаецца да Жыгімонта: “Зрабі ласку падумаць, ці правы нашы асноўныя // Праз гэты незаконны шлюб, // Не ідуць на рызыку і небяспеку?” [2, с. 302]. Шляхта просіць Жыгімонта памятаць пра святасць сваіх абавязкаў, выратаваць радзіму, “і зрабі ласку гэтыя сувязі // Не лічыць за шлюб – як і мы не лічым!” [2, с. 304]. Жыгімонт жа ім адказаў: “Калі б я веру ўласнай жонцы зламаў, // Дзе тады гарантыя, што вам я яе стрымаю? // Ці ж ваша воля // У тым бы была, каб паміж вольнымі // Нявольнікам быў толькі кароль?” [2, с. 304]. Усчынаецца мітусня між рознымі лагерамі паслоў. Кароль прызначае на заўтра суд і выходзіць. Шляхта між сабою сварыцца. Ляшчынскі: “Хопіць ужо гэтай барацьбы на словах і ў пісьмах, // З мячом за свабоду памром, або пераможам!” [2, с. 317].

Следам за кульмінацыяй, у непасрэднай блізкасці да яе знаходзіцца развязка – “момант, калі канфлікт вычэрпвае сябе, завяршаюцца звязаныя з ім падзеі” [1, с. 108].

Замак Бугаі. Ноч. Мялецкая, Дося, Давойна, Тарло, Каханоўскі, маршалак Радзівіл – усе непакояцца, як Барбара перажыве вестку аб грамадзянскай вайне. Дося кажа, што Барбара можа памерці з жалю, “жывая з каралём не расстанецца” [2, с. 324].

Пакой каралевы. Барбара прадчувае, што зямны шлях яна ўжо прайшла. Думае атруціцца, каб не пачалася грамадзянская вайна. “Страціць радзіму – або трэба паміраць!” [2, с. 326]. Але потым думае, ці правільна яна зробіць. Звяртаецца за дапамогай да Ядвігі. Просіць прабачэння ў Бога, што не хацела несці годна свае выпрабаванні і выканаць сваё наканаванне. Знясіленая цяжкімі роздумамі, страчвае прытомнасць.

Пётрыкаў. Каралеўскі палац. Ноч. Жыгімонт даведваецца пра змест другога ананімнага пісьма. Цяпер ён ведае пра ўсе штукарствы маці.

Падчашы Радзівіл паведамляе пра пачатак мецяжу, і пра тое, што татары ўжо на Падоллі. Жыгімонт разумее, што быць там, на полі бою, – яго абавязак. Загадвае рыхтаваць харугвы да бою.

Двор Кміты. Да Кміты прыходзіць жонка, называе мужа здраднікам і кажа, што хоча скасаваць з ім шлюб, калі той не адмовіцца ад удзелу ў мецяжы і не папросіць прабачэння ў караля. Кміта ўжо сам хоча адступіць, ды не ведае як.

Шляхта даведваецца, што Кміта адмовіўся ад удзелу ў мецяжы, да таго ж некуды знік Лупа Падладоўскі. Серакоўскі паведамляе, што палова Русі ў руках крымскай арды, а толькі Барбара ўсё сваё золата, увесь свой пасаг аддала на вайну з татарамі. Кажа і пра тое, што заўтра кароль з войскам ідзе на Падолле. Усе паслы пакідаюць сабе толькі сродкі для звароту дадому, астатняе аддаюць на патрэбы войска. Воклічы сярод шляхты: “Няхай жыве каралева Барбара! // Няхай жыве наш кароль! Няхай жывуць абодва!” [2, с. 352].

Заезны двор Гуркі. Гурка: “Я павінен дазволіць каралю ці каму іншаму загінуць // Пры абароне краіны? Я гэтым сорамам павінен сябе // Запляміць: што калі кароль быў на вайне, // Я хацеў бы ў краіне сеяць разлад? – // А гэта тое ж, што саюз з татарамі!” [2, с. 354]. Як бачым, Гурка пераходзіць на бок караля, а Бона губляе яшчэ аднаго моцнага саюзніка.

Лагер мяцежнікаў. Сяляне не рады мецяжу, хочуць дадому. У лагер прыбыў пасланец з гетманскім лістом. Ад імя гетмана пасланец кажа: “Калі Вашмосці жадаюць // Ваяваць гвалтам – то ваюйце на здароўе // З кім сабе хочаце! Мы сыходзім з поля, // Але не са страху, мае дабрадзеі! // Не! Там, на Русі, там, у сэрцы Падолля, // Там кроў польская ліецца, // І туды кароль польскі едзе з польскім войскам!” [2, с. 359]. Паўстанцы ахвотна далучаюцца да войска Жыгімонта, з імі і Гурка.

Сядзіба Кміты. Кміта праз жонку атрымлівае ліст, у якім паведамляецца, што кароль ведае пра ўсе штукарствы Боны, даруе ўсё Кміце. Кміта ўзрадаваны, збіраецца ісці з войскам Жыгімонта.

Замак Бугаі. Жарскі паведамляе, што была асада Перамірскага замку, уначы татары штурмам узялі яго. Аднак татары занадта былі ўпэўнены ў сваёй перамозе, бо палякі сабраліся з сіламі і далі нечаканы адпор ворагу: “Татары думалі, што нас усіх забілі. // Аж тут як абрынецца песня Барагодзіцы!... Гэта трэбы было бачыць! калі палова арды // Уплаў, як саранча, чарнела па Дняпры!” [2, с. 369].

Пакой каралевы. Барбара ў крэсле, Мялецкая ля яе на каленях, непадалёк Дося. Барбара (абдымае Мялецкую): “Так, так, Ануся! Радуемся! Ёсць з-за чаго.// Народ зноў прызнаў за бацьку караля свайго, // кароль зноў з любоўю да народа жыць можа, // А мне – мне дадзена быць той ахвярай, // Якая суд Неба задаволіць. // Дзе ж большае шчасце на зямлі?” [2, с. 371].

Жыгімонт запрашае Барбару прыняць з рук сенату, сейму і касцёла карону і блаславенне. Жыгімонт і Барбара бласлаўляюць Яна Каханоўскага і Досю. Барбара звяртаецца да Яна: “У Бога толькі ёсць натхненне для паэтаў. // У Ім служы радзіме – і памятай пра мяне!” (апошнія словы вымаўляе хутка і са шкадаваннем, і, хаваючы пачуцці, хутка выходзіць за каралём). Ян Каханоўскі: “О! польская шляхта! гора табе, гора! // Ты ж у ёй [Барбары] забіла род Ягелонаў!” (закрывае вочы і хутка выходзіць)” [2, с. 376].

Такім чынам, нягледзячы на шматлікія дакладна перададзеныя гістарычныя факты, у паэме назіраецца пэўнае рамантычные ўзвышэнне Барбары і Жыгімонта, іх кахання; “прыхарошванне” тагачасных палякаў (усе яны добрыя, чулыя, спагадлівыя – проста іх “бес попутал”); апяванне Польшчы як краіны з месіянерскім лёсам; наяўнасць некаторых выдуманых падзей і асоб; намеранае скажэнне гістарычных фактаў – напісана, што татары былі лёгка разбіты, хоць на самай справе падчас згаданага нападу татары разрабавалі Падолле, захапілі шмат палонных і непакараныя вярнуліся дадому.

Хранатоп твора канкрэтны, з “прывязкай” дзеяння да рэальных гістарычных арыенціраў, час ад часу дакладна вызначаюцца “цыклічныя” часавыя каардынаты – час сутак, поры года. Падзеі ў творы датаваны аўтарам 1548 годам. На самай справе, апісаныя падзеі адбываліся з 1-га красавіка 1548 года (дзень смерці Жыгімонта І Старога) па лістапад 1550 года (Пётрыкаўскі сейм, які прызнаў Барбару Радзівіл каралевай; выгнанне татар з Падолля). Такім чынам, дзеянне ў паэме “сціснута”. Што ж тычыцца месца дзеяння, то яно адбываецца ў наступных населеных пунктах: Вільня, Дубінкі, Кракаў, Лукув, Радам, Гамалін, Пётрыкаў, Віснічы, Бугаі; у каралеўскіх пакоях, на сядзібах заможных шляхціцаў.

Літаратуразнаўцы сцвярджаюць, што пры цэласным аналізе формы ў яе змястоўнай абумоўленасці на першым плане аказваецца катэгорыя, якая ўвасабляе гэту цэласнасць, – стыль. Пад стылем разумеецца эстэтычнае адзінства ўсіх элементаў формы твора, якое валодае пэўнай арыгінальнасцю і выражае пэўны змест [1, с. 164]. Эстэтычнае ўздзеянне мастацкага твора на чытача абумоўлена менавіта наяўнасцю катэгорыі стылю. Стыль Адынца характарызуецца сюжэтнасцю, жыццяпадабенствам, кантраснасцю (супрацьпастаўленне высокіх духоўных каштоўнасцей і мізэрных карыслівых памкненняў).

Так, у паэме галоўным стылявым прынцыпам становіцца кантраст, які кампазіцыйна праяўляецца ў супрацьпастаўленні двух бакоў (польскай і літоўскай шляхты), духоўнасці і бездухоўнасці.

Ёсць усе падставы зрабіць выснову, што паэма Адынца напісана ў межах такога творчага метаду, як рамантызм. Для паэмы характэрна: падкрэсленая ўвага да чалавечай асобы, індывідуальнасці, ўнутранага свету чалавека (Барбара Радзівіл, Жыгімонт ІІ Аўгуст, Дося, Давойна, Ян Каханоўскі); выява выключнага характару ў выключных абставінах, моцнай, бунтарскай асобы, непрымірымай са светам (Жыгімонт ІІ Аўгуст); культ пачуццяў; існаванне “двух светаў”: свету ідэалу, мары і свету рэчаіснасці, паміж якімі існуе непапраўная неадпаведнасць (Польшча ў марах Барбары, Жыгімонта і ў рэчаіснасці); зацікаўленасць у гістарычным мінулым, пошукі гістарычнай свядомасці; сцвярджэнне перавагі духоўнага над матэрыяльным; адлюстраванне жыцця ў рэзкіх кантрастах, на супрацьпастаўленні высокага, духоўнага і нізкага, пачварнага. Да таго ж жанр драматычнай паэмы – адзін з самых улюбёных жанраў рамантыкаў разам з трагедыяй, элегіяй і інш.


Літаратура
1. Рагойша, В. П. Уводзіны ў літаратуразнаўства: вучэб. дапам. у 2 ч. – Ч. 2. Паэтыка. Тэорыя літаратуразнаўчага працэсу / В. П. Рагойша, М. П. Кенька, Т. А. Марозава; пад рэд. В. П. Рагойшы. – Мінск: БДУ, 2012. – 239 с.

2. Barbara Radziwiłłówna czyli Początek panowania Zygmunta-Augusta: poema dramatyczne w sześciu aktach, z prologiem / przez Antoniego Edwarda Odynca. – Wilno, 1858 (w Drukarni S. Rozensona). – ХХІ, 414 s.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка