Руская праўДА, як крыніца беларускага судаводства а. А. Міхневіч




Дата канвертавання17.03.2016
Памер56.91 Kb.
РУСКАЯ ПРАЎДА, ЯК КРЫНІЦА БЕЛАРУСКАГА СУДАВОДСТВА
А.А. Міхневіч
Цэнтральнай крыніцай па гісторыі правасуддзя на тэрыторыі Беларусі ў перыяд да ўзнікнення ВКЛ з'яўляецца Руская Праўда, самы старажытны тэкст якой быў складзены ў пачатку XI ст. У значнай меры паўплывалі на развіццё беларускага права непасрэдна першыя дзве рэдакцыі Рускай Праўды – Скарочаная Праўда і Падрабязная Праўда. Змест Праўды ўтрымліваў апісанні судовага працэсу, прывядзення і здабычы судовых доказаў, а таксама меры пакаранняў.

Аднак чаму ж можна лічыць Рускую Праўду помнікам беларускага, а не выключна рускага ці украінскага права. Ня гледзячы на тое, што ўсе дайшоўшыя да нас спісы Рускай Праўды маюць паўночна-усходнее ці наўгародскае паходжанне, як падкрэсліваеюць многія навукоўцы, усё ж у гэтага нарматыўнага прававога акта існуюць беларускія карані. Найбольш яскравым прыкладам гэтага сцвярджэння можна лічыць Смаленскае гандлёвае пагадненне 1229 года. Так, цэлы шэраг артыкулаў Падрабязнай Праўды мае вялікае падабенства з пагадненнем 1229 года Смаленска, Полацка і Віцебска з Рыгай і Гоцкім берагам, у той яго частцы, дзе змешчаны асноўны тэкст Праўды: «а сее починается Правда». Смаленскае гандлёвае пагадненне нават мае назву «Смаленская гандлёвая праўда», якая вельмі падобна на назву разглядаемага дакумента. Гэты факт адлюстроўвае сваеасаблівае стаўленне заканадаўцы да Падрабязнай Праўды: ён яе пазіцыяніруе не толькі як міжнароднае пагадненне, а і як працэсуальны нарматыўны прававы акт [1, с. 53]. Нездарма ў Смаленскім гандлёвым пагадненні сустракаюцца шматлікія палажэнні, якія адносяцца да крымінальна- і грамадзянска-працэсуальных галін права. Смаленскае гандлёвае пагадненне можна з поўнай упэўненасцю лічыць помнікам беларускага права. Спрадвек Смаленскае княства больш цягнулася да беларускай зямлі, беларускай культуры. Яшчэ больш удзельнікамі гэтага пагаднення былі Полацкае і Віцебскае княствы, якія знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі і былі партнёрамі са Смаленскам у міжнародных адносінах з германскімі землямі.

Напрыклад, усталёўваўся парадак судаводства па спрэчках паміж «русінамі» і «лацінскімі» людзьмі. Так, згодна з арт. 21 нямецкага госця павінен быў судзіць смаленскі князь і не дазвалялася выклікаць немца без яго згоды на «обчий суд». Даволі падрабязна рэгуляваўся парадак разгляду спрэчных спраў. Бакі вызваляліся ад платы мыта за правоз тавараў і ад платы судовых пошлін (артыкулы 31 і 34) [2].

Пераходзячы непасрэдна да Рускай Праўды, як крыніцы беларускага судаводства, адзначым найбольш важныя палажэнні. Перад разглядам нормаў судовага працэса, трэба вызначыць асоб, якія яго ажыцяўлялі. Суд ў адпаведнасці з Праўдай складаўся з князя і яго цівуноў (найбольш надзейных асоб). Галоўным суддзёй быў князь, а яго дапаможнікамі прызначаныя службоўцы. Нягледзячы на тое, што старажытнае славянскае права (а пазней і страражытнае беларускае права) не ведала падзелу паміж крымінальным і грамадзянскім працэсам у сучасным разуменні гэтага паняцця, некаторыя працэсуальныя дзеянні маглі выконвацца толькі ў межах крымінальных спраў [3, с. 105]. Гэты факт падкрэслівае прыярытэтнасць крымінальнага працэсу ў старажытных славян.

Рускай Праўдзе быў ужо вядомы такі тэрмін, як спаборніцкі працэс судовага пасяджэння. Бакі былі роўнымі, як і ў сучасным працэсе, з’яўляліся рухаючай сілай судагаварэння. Ня гледзячы на тое, што сам судовы працэс на тэрыторыі старажытнай Беларусі насіў ярка выяўлены спаборніцкі характар, як такога дзялення працэсу на гэтай стадыі не было. Парадак судаводства шмат у чым залежаў ад таго, ці злоўлены злачынца на месцы злачынства, ці абвінавачваецца ў злачынстве пры дапамозе “паклёпа”. У залежнасці ад цяжкасці, характару і сур’ёзнасці справы вылучаліся розныя камбінацыі працэсуальных дзеянняў, прадугледжаных Праўдай.


  • Закліч, які з’яўляўся так званым абвяшчэннем аб учыненні злачынства (напрыклад, аб забойстве, аб крадзяжы маёмасці) і быў абавязковай (пачатковай) часткай працэсу.

Звод (Свод), які нагадваў вочную стаўку. Звод праводзіўся або да закліча, або ў рамках перыяду да сканчэння трох дней пасля закліча. Асоба, у якой знаходзілі зніклую рэч, павінна была паказаць, у каго гэта рэч была набыта. Свод працягваўся да таго моманту, пакуль не даходзіў да чалавека, які не мог растлумачыць, дзе ён купіў рэч.

Ганенне следу – працэдура, сэнс якой заключаўся ў вышуку злачынца па яго слядах. Закон прадугледжваў спецыяльныя формы і парадак ажыцяўлення гэтага працэсуальнага дзеяння. Калі след прыводзіў да хаты канкрэтнага чалавека, лічылася, што гэтая асоба і з’яўлялася злачынцам.

У адпаведнасці з Рускай Праўдай з’яўляецца вялікі шэраг фармальных доказаў. У тым ліку да іх адносіліся:

Прысяга. Асаблівым відам доказаў была прысяга, так званая “рота”. Гэты від доказаў з’яўляўся найважнейшым. Ёй карысталіся, калі не было іншых доказаў пры недастатковасці або непаўнаце іншых доказаў (у складаных учынках), але ж, зразумела, не па вельмі важных справах. Напрыклад, прысяга ліхвяра лічылася доказам праўдзівасці яго слоў.

Уласнае прызнанне злачынцы.

Паказанні сведкаў. Што цікава, у адрозненне ад сучаснай судовай практыкі, стараславянскае права вылучала дзве катэгорыі сведкаў — відакоў і послухаў (зараз жа абедзве катэгорыі ўключаны ў склад тэрміна сведка). Відакі - сведкі, якія сваімі вачамі бачылі ўчыненне злачынства. Што ж тычыцца другой катэгорыі сведкаў, трэба адзначыць большую складанасць рэгламентацыі іх працэсуальнага становішча. Послухі — гэта больш шырокая катэгорыя. Яны прадстаўлялі сабой аналаг сучасных сведкаў, якія чулі аб злачынстве ад кагосьці, якія мелі інфармацыю з іншых рук і г.д. [4, с. 119].

Ардаліі уяўлялі сабой выпрабаванне жалезам і вадой. Выпрабаванне жалезам ужывалася тады, калі не хапала іншых доказаў, прычым у больш сур’ёзных выпадках, чым выпрабаванне вадой. Выпрабаванне жалезам, напрыклад, прызначалася пры забойстве, калі не было послухаў, або пры крадзяжы, калі не было іншых доказаў Руская Праўда прысвяціла гэтым ардаліям тры артыкулы, аднак не раскрывае тэхніку іх ажыццяўлення. Пазнейшыя крыніцы кажуць пра тое, што выпрабаванне вадой праводзілася шляхам апускання звязанага чалавека ў ваду, прычым, калі ён тануў, то лічыўся выіграўшым справу [4, с. 78]. Іншыя ж крыніцы апісваюць гэты від ардаліяў зусім інакш і гавораць, што чалавек павінен быў праплыць пэўную колькасць метраў і не патануць, тады ён лічыўся невінаватым. У адпаведнасці з цяжарам і сур’ёзнасцю злачынства прызначалася пакаранне ў поўным памеры. З выпрабаваннем жалезам усё больш зразумела: абвінавачваны браў у руку кавалак распаленага жалеза і па форме апёка, які заставаўся на руцэ падыспытнага, князь і яго цівуны рабілі вынік аб яго вінаватасці.


  • Віра (штраф на карысць князя). Віра магла быць адзінкавай (за забойства простага вольнага чалавека – 40 грывен) або падвоенай (за забойства прывелеяванага чалавека – у памеры 80 грывен.

  • Галоўшчына – фіксаванае грашовае спагнанне ў якасць сваякоў забітага.

Паток і разграбленне вышэйшая мера пакарання, якая, як лічаць навукоўцы, прызначалася за забойства ў разбойным нападзе, падпал і канакрадства. Пакаранне прадугледжвала канфіскацыю маёмасці і выданне злачынцы “галавой” разам з сям’ёй. Таксама пад гэтым тэрмінам у некаторых Праўдах разумелася спальванне або разбурэнне хаты і выгнанне асобы з абшчыны.

Урок (дань)– грашовае пакрыццё за ўчынёную шкоду пацярпеламу.

Продаж – штраф на карысць князя за злачынствы, якія не падпадалі пад вышэй пералічаныя меры пакарання [4, с. 120].

Патрэбна пагадзіцца з навукоўцамі, якія лічаць, што ня гледзячы на жорсткасць тагачаснага права, Руская Праўда ўводзіла шматлікія паслабленні і, практычна, скасоўвала смяротнае пакаранне як меру адказнасці. Смяротнае пакаранне наогул прымянялася ў крайняй меры [4, с. 189; 5, с. 11]. Увогуле гэты знакаміты помнік права значна вылучаецца нават на фоне пазнейшых заканадаўчых актаў славянаў, і перш за ўсё з-за мяккасці пакаранняў, якія ён усталёўвае.


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ:
1. Вішнеўскі, А.Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі: Вучэбн. Дапаможнік / А.Ф. Вішнеўскі – Мінск: ВП «Экаперспектыва», 2005. – 319 с.

2. Российское законодательство Х – ХХ веков : в 9 т. / редкол.: О.И. Чистяков (гл. ред.) [и др.]. – М.: Юрид. лит., 1984 – 1991. – Т. 1: Законодательство древней Руси / В.Л. Янин [и др.]. – 1984. – 32 с.

3. Доўнар, Т.І. Помнікі права Беларусі феадальнага перыяду / Т.І. Доўнар. – Мінск, 2001.

4. Фёдорова, А.Н. Правонарушение и юридическая ответственность по “Русской Правде”: дис. … канд. юрид. наук: 12.00.01 / А.Н. Фёдорова; ОАНО Волжский ун-т им. В.Н. Татищева (инст.). – Тольятти, 2005. – 192 с.



5. Майор, Ф.М. Зарождение системы правового регулирования в Дневнерусском государстве IX – XIII вв. (историко-правовой аспект): автореф. дис…канд. юрид. наук: 12.00.01 / Ф.М. Майор; С.-Петерб. гос. инженер.-эконом. ун-т. – Санкт-Петербург, 2008. – 20 с.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка