Рускамоўныя пераклады м. Багдановіча з украінскай літаратуры




Дата канвертавання22.03.2016
Памер70.39 Kb.
Навойчык П.І. (Мінск)
РУСКАМОЎНЫЯ ПЕРАКЛАДЫ М. БАГДАНОВІЧА З УКРАІНСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ
М. Багдановіч добра вядомы беларускаму чытачу як геніяльны нацыянальны паэт, перакладчык і даследчык літаратуры. Аднак яго творчыя далягляды сягалі нашмат далей за межы беларусістыкі. У прыватнасці, М. Багдановіч быў глыбокім знаўцам таксама і ўкраінскай літаратуры. Ён добра ведаў творчасць Т. Шаўчэнкі, І. Франко, В. Стафаніка і іншых выдатных прадстаўнікоў “краснага пісьменства” братняга народа. Як сапраўды творчая асоба Багдановіч не мог абмежавацца пасіўнай цікавасцю і шмат рабіў для папулярызацыі ўкраінскай літаратуры ў Расіі. Ён выступаў з літаратурна-крытычнымі артыкуламі, прысвечанымі творчасці ўкраінскіх пісьменнікаў, а таксама змяшчаў свае пераклады з украінскай мовы ў рускіх перыядычных выданнях.

Пік цікавасці М. Багдановіча да ўкраінскай літаратуры прападае на 1913 – 1916 гг., калі прагрэсіўная грамадскасць Еўропы святкавала 100-годдзе з дня нараджэння Т. Шаўчэнкі. Паказальны ў гэтым сэнсе яго артыкул «Памяти Т. Г. Шевченко». Ён адрасаваўся шырокім чытацкім колам, таму, характарызуючы творчасць Кабзара, Багдановіч абмяжоўваецца агульнымі ацэнкамі, пазбягаючы глыбокага літаратуразнаўчага аналізу (такое даследаванне пад назвай “Краса и сила” апублікавана ў тым жа годзе ў часопісе “Украинская жизнь”). У артыкуле адзначаецца агульначалавечы змест творчасці Шаўчэнкі, выключнае значэнне яго літаратурнай спадчыны для ўсіх славянскіх народаў. Ацэньваючы ролю паэзіі Шаўчэнкі для ўкраінцаў, Багдановіч падкрэслівае, што яго лірыка не абмяжоўвалася тэмай народнага жыцця, а выяўляла думкі, настроі “всего национального коллектива”, таму значэнне Шаўчэнкі для ўкраінскай літаратуры трэба параўноўваць не з Кальцовым і Бёрнсам, а з Пушкіным і Міцкевічам для іх нацыянальных літаратур. Багдановіч робіць сціслы агляд ідэйна-тэматычнага зместу паэзіі Шаўчэнкі, адзначае асаблівую ўвагу пісьменніка да гістарычнага мінулага ўкраінскага народа, да праблемы яго нацыянальнага і сацыяльнага вызвалення. Аб глыбокім веданні літаратурнай спадчыны ўкраінскага класіка сведчыць той факт, што ў артыкуле прыводзяцца цытаты з вершаў і паэм, забароненых у царскай Расіі – “Сон”, “Каўказ” і інш. Характарызуючы стаўленне Шаўчэнкі да сучаснай яму Расіі, Багдановіч прыводзіць яркі вострапалітычны аксюмаран з паэмы “Каўказ”: “Од молдованина до фіна // На всіх язиках все мовчить”. Падкрэсліваючы шматграннасць лірыкі Шаўчэнкі, Багдановіч звяртае ўвагу на эстэтычную дасканаласць і эмацыянальную насычанасць вершаў, прысвечаных жыццю ўкраінскай вёскі, адзначае высокі мастацкі ўзровень твораў, якія змяшчаюць аўтабіяграфічны матэрыял. Асэнсоўваючы значэнне Шаўчэнкі для ўкраінцаў, Багдановіч называе яго сімвалам культурнай вартасці ўсяго народа, звяном, якое злучыла народ і інтэлігенцыю, упершыню даўшы ім адчуць “что они для Украины родные дети, а не подкидыши” [1].

Прыкладна ў гэты ж час быў зроблены пераклад з украінскай мовы на рускую верша Т. Шаўчэнкі “Н. Костомарову”. Кастамараў Мікалай Іванавіч (1817 – 1885) – украінскі гісторык і пісьменнік, адзін з заснавальнікаў нелегальнай палітычнай арганізацыі “Кірыла-Мяфодзіеўскае брацтва”, да якой належыў і Т. Шаўчэнка. “Н. Костомарову” уваходзіць пад нумарам VII у вершаваны цыкл “В казематі”, напісаны Шаўчэнкам у каземаце ІІІ аддзялення пасля разгрому таварыства. У вершы раскрываецца духоўны стан вязня: пакора жорсткім абставінам, скруха аб марнасці пражытых гадоў, пачуццё адзіноты. У другой частцы верша паэт стварае трагічны вобраз маці сябра: “Чорніше чорної землі // Іде, з хреста неначе знята…” Глыбокае суперажыванне гору маці, якая можа страціць сына, прымушае лірычнага героя паставіцца да сваёй сіроцкай долі як да ўзнагароды, бо яго зняволенне нікога не зробіць няшчасным: “Молюся! Господи, молюсь! // Хвалить Тебе не перестану! // Що я ні з ким не поділю // Мою тюрму, мої кайдани!”

У перакладзе Багдановіча захаваны вершаваны памер (чатырохстопны ямб) арыгінала, а таксама чаргаванне мужчынскай і жаночай рыфмы. У арыгінале рыфма вытрымліваецца непаслядоўна, кальцавая рыфмоўка чаргуецца з сумежнай, а Багдановічам зарыфмаваны ўсе радкі, і пераважае кальцавая рыфмоўка. Замена паасобных эпітэтаў (да прыкладу, “гостей закованих” на “безвыходных”) нязначна змякчае адчуванне драматызму становішча лірычнага героя. Частае ўжыванне ў арыгінале спалучальнага злучніка “і”, паўтор паасобных сінтаксічных канструкцый набліжаюць гучанне верша да ўкраінскай народнай эпічнай песні – думы. У перакладзе Багдановіча яны адсутнічаюць, што надае вершу ўніверсальную класічную форму. У цэлым жа па ідэйнаму зместу і эмацыянальнаму малюнку пераклад дастаткова поўна адпавядае арыгінальнаму вершу Т. Шаўчэнкі [2].

У 1915 г. у газеце “Нижегородский листок” быў змешчаны пераклад Багдановіча з украінскай мовы на рускую верша І. Франко “На ріці вавілонській”, які за нумарам Х уваходзіць у склад вершаванага цыкла “На старі теми” зборніка “Semper tiro”. Арыгінал мае эпіграф: “На реках вавилонскихъ, // тамо седохомъ и плакахомъ” і складаецца з 23-х двухрадкоўяў. Верш сацыяльна-філасофскага зместу: лірычны герой разважае, як глыбока знявечаны рабскай псіхалогіяй яго дух. Твор завяршаецца на высокай ноце самаасуджэння – герой заклікае вавілонскіх жанчын, дзяўчат адвярнуцца ад яго, каб не наклікаць на сябе пракляцця і ніколі не звязаць сваё сэрца каханнем да раба. Пераклад Багдановіча друкуецца без эпіграфа і не мае разбіўкі на двухрадкоўі. Верш значна скарочаны: адсутнічаюць двухрадкоўі 9 і 12–19, а 10-е ў перакладзе памяняна месцамі з 11-м. Багдановіч змяняе некаторыя са згаданых у арыгінале рэалій: “розбитий орган” на “арфу”, гару Табор на Кармель, “На Сіоні – тюрма” на “в Сионе – разгром”. У цэнтральнай частцы арыгінальнага верша кожнае двухрадкоўе будуецца на супрацьпастаўленні “тэзіс – антытэзіс”, што дазваляе адлюстраваць разнастайныя праявы рабства ў жыцці героя і яго пакорлівасць. Створаная градацыя істотна ўзмацняе пачуццё безвыходнасці. Багдановіч адмаўляецца ад такой будовы фразы, скарачае пералік праяў рабскай псіхалогіі, у выніку чаго верш гучыць больш энергічна. І характар героя ў перакладзе падаецца больш рашучым, яго самаасуджэнне мяжуе з пратэстам. Перад чытачом паўстае вобраз чалавека, які прагне, але не можа вызваліцца ад духоўнага рабства: “Пусть мечтой о свободе душа пожила б, // Но ведь кровью-я — раб! Но ведь мозгом я — раб!” У перакладзе захаваны вершаваны памер (чатырохстопны анапест) арыгінала, а таксама сумежная рыфмоўка са скразной мужчынскай рыфмай [3].

М. Багдановіч перакладаў не толькі вершы, але і прозу. Так, у тым жа 1915 г. было апублікавана ў яго перакладзе апавяданне І. Франко “Муляр”. Яно было напісана ў 1878 г., упершыню апублікавана ў польскіх газетах “Praca” і “Prawda” у аўтарскім перакладзе, дзе атрымала высокую ацэнку крытыкаў. Аднак рэдактар львоўскай газеты “Зоря” адмовіўся друкаваць твор, палічыўшы яго далёкім ад рэальнасці. На ўкраінскай мове апавяданне ўпершыню апублікавана ў зборніку “В поті чола” (1890). Выкананы Багдановічам пераклад гэтага апавядання на рускую мову – не першы. У перакладзе Р. Ольгіна яно друкавалася ў часопісе “Жизнь” у 1900 г. Пераклад Багдановіча быў надрукаваны ў газеце “Нижегородский листок” з уступным словам перакладчыка, у якім Франко характарызуецца як адзін з самых яркіх пісьменнікаў Галічыны. Апавяданне “Муляр” выбрана Багдановічам для азнаямлення рускага чытача з ідэйна-тэматычным кірункам і стылёвымі асаблівасцямі творчасці ўкраінскага пісьменніка. У апавяданні адлюстроўваецца драматычны момант жыцця муляра – яго выганяюць з працы. Пісьменнік раскрывае глыбокія перажыванні рабочага, складанае перапляценне духоўных станаў: прыніжэння і бунту, гневу і пакоры. Франко ў маленькім сюжэце здолеў паказаць поўную бяспраўнасць працоўных перад наймальнікамі, якія вызначаюцца жорсткай абыякавасцю і цынізмам у сваім стаўленні да жыццёвых нягод працоўных. У перакладзе зменены паасобныя знакі прыпынку (кропка на шматкроп’е, коска на працяжнік і інш.), апушчаны некаторыя дыялектныя словы. Не зусім дакладна перададзены словы муляра пра сваіх дзяцей: “бідні хробаки (чарвякі – рэд.), вже ледво лазять” Багдановіч перакладае як “бедные ползуны – уже понемногу ползают”. У цэлым жа пераклад тэкстуальна і стылістычна блізкі да арыгіналу. Багдановіч у поўнай меры захаваў энергічнасць і лаканізм фразы, эмацыянальную напружанасць дыялогаў, уласцівыя прозе І. Франко [4].

Цікавым з’яўляецца і зварот М. Багдановіча да творчасці майстра псіхалагічнай навелы В. Стафаніка. У 1916 г. у газеце “Голос” быў апублікаваны пераклад Багдановіча з украінскай мовы на рускую апавядання В. Стафаніка “Кленові лісткі”. У арыгінале апавяданне падзелена на невялікія нумараваныя часткі. Багдановіч пераклаў не ўсё апавяданне – апушчаны першы раздзел, у сувязі з чым нумарацыя наступных у перакладзе знята. У першым жа раздзеле Стафанік намаляваў сцэну хрэсьбінаў у сялянскай сям’і, дзе стварыў надзвычай драматычны вобраз бацькі, якога перапаўняе адчай ад жыццёвых нягод. Раздзел вызначаецца сэнсавай завершанасцю. Ідэйным стрыжнем з’яўляецца маналог гаспадара перад гасцямі. Тут у вострай форме раскрываецца абяздоленасць сялянскай сям’і, дзе нараджэнне дзіцяці не радуе, а толькі абвастрае сацыяльныя праблемы.

Адсутнасць гэтага раздзела ў перакладзе Багдановіча значна змякчае эмацыянальны фон апавядання, аднак не перашкаджае цэласнаму ўспрыманню твора. У наступных раздзелах цэнтральнымі з’яўляюцца вобраз маці, якая ад слабасці пасля родаў не можа даглядаць гаспадарку і траіх малых дзяцей, і чакае смерці, а таксама вобраз Сямёнкі – старэйшага шасцігадовага сына, які часткова бярэ на сябе клопаты маці: прыбірае ў хаце, ходзіць па ваду, нават корміць немаўля. Трагізм вобраза маці ў чаканні блізкай смерці перададзены надзвычай выразна. Дзеці не ў стане асэнсаваць жах хуткай страты, але маці адчувае яго вельмі востра і перажывае за дзяцей, якіх будзе даглядаць мачаха. Такая сітуацыя псіхалагічна блізкая да перажытай у сям’і Багдановіча – калі памірала маці, Максіму было пяць год, а заставаліся яшчэ малодшыя дзеці.

М. Багдановіч захаваў паасобныя ўкраінскія словы, формы слоў (капялюх, крыніца і інш.), што надало перакладу ўкраінскі нацыянальны каларыт. Адступленні ад арыгінальнага тэксту мінімальныя. Так, да прыкладу, у Стафаніка маці просіць Сямёнку прынесці для квашання агуркоў кропу, у перакладзе Багдановіча – хрэну. Да творчага праліку можна аднесці хіба што няўдала перакладзенае параўнанне “виглядати, як обстрижений жовнір” – у Багдановіча чытаем “высматривать, как остриженный солдат” [5].

Такім чынам, у сваіх перакладах і літаратурна-крытычных артыкулах М. Багдановіч выявіў яшчэ адну грань свайго таленту перакладчыка і далучыўся да высакароднай місіі не толькі папулярызацыі, але і духоўнага збліжэння рускага і ўкраінскага народаў. А гэта, у сваю чаргу, дае нам права называць класіка беларускай літаратуры дзеячам агульнаславянскага маштабу.


Літаратура

1. “Голос”, 1914, №46, 25 лютага.

2. Упершыню: Багдановіч М. Творы, 1927.

3. “Нижегородский листок”, 1915, №188, 13 ліпеня.



4. “Нижегородский листок”, 1915, №94, 98. 9, 13 красавіка.

5. “Голос”, 1916, №129, 8 (21) чэрвеня.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка