Руноскэ Акутагава




старонка1/3
Дата канвертавання02.05.2016
Памер0.51 Mb.
  1   2   3




Руноскэ Акутагава/芥川 龍之介(1892– 1927) – японскі пісьменнік. Сатырычная ўтопія "Капы" была надрукаваная ў штомесячніку "Кайдэо". Тут Акутагава ўпершыню ўзяў за аб'ект аналізу не асобу, а грамадства. He жадаючы звязваць сябе канкрэтнымі дэталямі сучаснага сацыяльна-палітычнага жыцця Японіі, ён перанёс дзеянне свайго аповеду ў фантастычную краіну вадзянікоў ("капаў"), "Я засяліў свет майго аповеду звышнатуральнымі істотамі. Болей за тое, у адной з гэтых істотаў я намаляваў самога сябе".

"Капы" – бліскучы гратэск на тагачасную Японію (зрэшты, не толькі на Японію) і таленавіты псіхааналіз неўрозаў і комплексаў самога аўтара.


Капы

(河童)


Прадмова
Гэтую гісторыю апавядае кожнаму пацыент адной псіхіятрычнай бальніцы, які значыцца там пад нумарам дваццаць трэцім. Чалавеку, бадай што, за трыццаць, a выгляд у яго даволі маладжавы. На працягу цэлай паловы жыцця яму давялося зазнаць... але пакінем тое. Вось ён расказвае сваю гісторыю дырэктару бальніцы доктару S і мне. Моцна абхапіўшы калені, расказчык пазірае час ад часу ў закратаванае вакно, за якім відаць адно-адзінюткае дрэва: мажны дуб, што ўжо скінуў засохлае лісце і працягнуў аголенае сучча небу, завешанаму снегавымі хмарамі. Пацыент, між іншым, не застаецца ў пастаяннай безварушнасці. Так, вымаўляючы словы "я вельмі здзівіўся", ён рэзка адкідвае назад галаву.

Я думаю, што запісаў ягоны расказ даволі падрабязна. Калі ж хто-небудзь палічыць мае нататкі недастатковымі, то няхай адшукае псіхіятрычную бальніцу доктара S, якая знаходзіцца ў мястэчку N паблізуТокіо. He па гадах малады пацыент нумар дваццаць тры схіліць галаву, пакажа на цвёрдае крэсла і спакойным тонам пачне, у каторы ўжо раз, апавядаць сваю гісторыю. Нарэшце ён закончыць расказ, a потым, – я добра помню яго твар у той момант, – імгненна ўсхопіцца на ногі, замахае кулакамі і закрычыць:

– Прэч адсюль, нягоднік! Паганая, зласлівая, бессаромная, самадавольная, жорсткая, вераломная жывёліна. Прэч з маіх вачэй, мярзотнік!


1
Здарылася гэта летам, гады тры таму назад. Адразу з курортнай гасцініцы, што размясцілася каля гарачых крыніц Камікоці, я накіраваўся да падножжа гары Хотака з намерам падняцца на яе вяршыню. Як і ў іншых турыстаў, за плячыма ў мяне быў рукзак. Добра вядома, што ўзысці на гару можна толькі адным шляхам, а іменна: ідучы берагам уверх, насуперак плыні ракі Адзусы. Паколькі на вяршыню Хотака і, канешне, Ярыгатака мне даводзілася падымацца раней, то я адразу, без правадніка, скіраваў проста ў даліну Адзусы. Даліна, куды я спусціўся, была засмужана ранішнім туманам. Нідзе не відаць было і знаку на тое, што імгла хутка рассеецца. Наадварот, каламуць гусцела шчэ больш. Прайшоўшы так з паўгадзіны, я стаў падумваць аб тым, ці не вярнуцца мне лепей назад, у Камікоці. Але, каб вярнуцца ў Камікоці, я мусіў бы ўсё роўна чакаць, пакуль не рассеецца туман. А ён з кожнай мінутай гусцеў і гусцеў. "Ат, палезу наверх", – сказаў я сабе і пачаў прабірацца скрозь зараслі нізкарослага бамбука, стараючыся не вельмі аддаляцца ад рачной даліны.

Перад маімі вачыма па-ранейшаму вісеў густы туман, у якім час ад часу паўставалі то мажны камель бука, то сінявата-зялёнае вецце піхты, то каровы альбо коні, што пасвіліся паблізу. Усе яны тут жа прападалі ў сутонлівай каламуці. Неўзабаве я адчуў стому ў нагах, захацелася есці. Акрамя таго, мой альпійскі гарнітур і ваўняная коўдра набрынялі смужнай вільгаццю і значна пацяжэлі. Нарэшце я здаўся і рашыў спусціцца ў даліну ракі, ідучы на пошум вады, якая набягала на скалы.

Каля самага берага я сеў на камень і прыняўся гатаваць ежу. Адкрыў бляшанку вяндліны, назбіраў шыгалля і расклаў цяпельца. Пакуль усё тое рабілася, прайшло мінут дзесяць. За гэты час неадчэпны паганы туман пачаў рассейвацца. Жуючы хлеб, я мелькам глянуў на гадзіннік. Ого, ужо дваццаць мінут а другой гадзіне. Але яшчэ болей ашаломіла мяне пачварная мардасіна, якая адлюстроўвалася на круглым шкельцы гадзінніка. Працяты страхам, я азірнуўся і... першы раз у сваім жыцці ўбачыўсапраўднага капу. Капа стаяў за маёй спіной і быў якраз такі, як на малюнках. Адной рукой ён абхапіў бярэзіну, а другую прыставіў далонню да вачэй і з цікавасцю паглядваў на мяне.

3 перапуду я на нейкі момант знямеў, Капа, мусіць, таксама быў ашаломлены, бо так і не адвёў сваёй рукі ад вачэй. Я ўскочыў і рынуўся туды, дзе стаяў назіральнік. Той пабег. Ды не, можа толькі памкнуўся бегчы. Ён неяк крутнуўся на месцы і кудысьці вокамгненна знік. Аслупянелы, я абвёў позіркам зараснік бамбука. Уцякач затаіўся прама перада мною, на адлегласці двух-трох метраў. Ён павярнуў галаву і пазіраў якраз у мой бок. I ў гэтым не было нічога дзіўнага. Але сапраўднай нечаканасцю для мяне аказаўся колер ягонай скуры. Калі ён зорыў са скалы, то выглядаў зусім шэрым. Зараз жа яго цела набыло зялёны колер. "Ах ты, паганец!" – закрычаў я і кінуўся да капчака. Мо з паўгадзіны я лавіў бегляка, прадзіраючыся скрозь бамбукавы зараснік і стрымгалоў пераскокваючы цераз каменне.

Па сваёй прыткасці капа не саступае малпе. Некалькі разоў ён знікаў і вынікаў ізноў. Я ганяўся за ім, быццам апантаны. Ногі мае слізгалі, і я часта падаў. Капа дабег да вялізнага разгалістага конскага каштана. I тут зусім нечакана дарогу яму перагарадзіў бык, што пасвіўся побач. Гэта быў здаравенны бык з нахабнымі рагамі і налітымі крывёю вачыма. Заўважыўшы рагача, капа неяк дзіўна заенчыў і нырнуў амаль што кулём у зараснік высокага бамбука. А я... а я кінуўся следам, бо лічыў, што цяпер яму не ўцячы ад мяне. Але на шляху зеўрала, мабыць, яма, якую мае вочы не заўважылі. Ледзь толькі я дакрануўся пальцам да слізкай спіны капчака, як адразу ж паляцеў, куляючыся, у морак прадоння. Да нас, людзей, у крайнія моманты жыцця прыходзяць самыя недарэчныя думкі. Так і я ў гэтае імгненне прыгадаў чамусьці, што паблізу гарачых крыніц Камікоці ёсць капчакоўскі мост, вядомы пад назвай Капабасі. Далей... не памятаю, што было далей. Перад маімі вачыма бліснула маланка, і я тут жа страціў прытомнасць.
2
Калі апрытомнеў, то адчуў, што ляжу на спіне. Наўкола вялікай гурмою стаялі капы. Ля мяне ўкленчыў таўстадзюбы капчак у пенснэ і, прыставіўшы да маіх грудзей стэтаскоп, нешта слухаў. Як толькі ён заўважыў, што я расплюшчыў вочы, то жэстам загадаў мне ляжаць спакойна. Затым, павярнуўшыся да якогась капчака, сказаў: "Quax, quax". Адразу ж з'явіліся аднекуль яшчэ двое капчакоў з насілкамі. Мяне паклалі на гэтае ложа, і ў суправаджэнні вялікага натоўпу мы ціхім ходам рушылі па вуліцы, якая мала чым адрознівалася ад Гінзы. Паабапал яе ў засені букаў віднеліся рады тэнтаў над вітрынамі розных магазінаў, а па самой дарозе, што праставала між дрэў, імчаліся аўтамабілі.

Але хутка мяне на тых жа насілках раптам завярнулі ў вузенькую цесную вулачку і неўзабаве прынеслі ў нейкую будыніну. Як я потым даведаўся, гаспадаром гэтай будыніны быў доктар Чак – якраз той самы таўстадзюб у пенснэ. Мяне паклалі на маленькі чысценькі ложак, а затым Чак даў мне выпіць якогась празрыстага зелля. Я ляжаў пластом пасля лекавання Чака. Дый ці здолеў бы я на нешта большае, калі моцныя болі ў суставах не давалі мне нават паварушыцца.

Удзень разы два ці тры Чак прыходзіў мяне лячыць. Акрамя таго, праз кожныя тры дні наведваўся рыбалоў Баг – той самы капа, якому я ўпершыню падвярнуўся на вочы. Пра нас, людзей, капы ведаюць значна больш, чымся мы ведаем пра іх. Мабыць, з прычыны таго, што капчакі трапляюць да людзей даволі рэдка, тады як людзі апынаюцца ў капчакоўскіх цянётах вельмі часта. Мо слова "цянёты" не зусім падыходзіць тут, але ж і задоўга да мяне людзі неаднойчы траплялі ў краіну капчакоў. I многія заставаліся тут жыць. Чаму? Ды таму, што мы не капы, а людзі, і нам, як людзям, даецца ў іхнім грамадстве прывілея мець прахарчунак і не працаваць. Баг расказваў мне, што неяк да іх зусім выпадкова трапіў малады яшчэ дарожны рабочы. Ён ажаніўся з капчакіняй. Гэтая капчакіня была першай красуняй у тым краі і вельмі лоўка настаўляла свайму чалавеку рогі.

Неяк праз тыдзень на аснове тутэй-шых законаў было вырашана, каб я, цяпер ужо "насельнік пад асобай апекай", жыў у суседстве з Чакам. Мой дамок, хай сабе і невялічкі, меў густоўную абставу. Дарэчы, няма асаблівай розніцы паміж іхняй цывілізацыяй і нашай, у прыватнасці, японскай. У куце гасцёўні, вокны якой глядзелі на вуліцу, стаяла піяніна, а ў рамцы на сцяне вісела гравюра. Адна толькі розніца, што і гэтая вось хатка, і гэтыя во сталы ды крэслы, таксама як і ўсё іншае, стасоўвалася з ростам капчакоў. Здавалася, нібыта мяне пасялілі ў дзіцячы пакойчык.

Звычайна пад вечар сюды, у мой дамок, прыходзілі Чак і Баг, і я паступова вывучыў капскую мову. Але наведваліся не толькі доктар і рыбалоў. Кожны тутэйшы праяўляў да мяне вялікую цікаўнасць як да грамадзяніна пад асобай апекай. Сярод наведвальнікаў быў і дырэктар шкляных вырабаў Гейл, якому па ягонай жа просьбе Чак штодзённа вымяраў крывяны ціск. Аднак у першыя два тыдні самым блізкім для мяне аказаўся рыбалоў Баг.

Неяк цёплым пагодным вечарам Баг ізноў з'явіўся ў маім пакойчыку. Мы ўладкаваліся за сталом адзін супроць другога і вялі бяседу. Раптам Баг замоўк, вылупіў і без таго лупатыя вочы і, як бы нешта надумаўшы, пільна паглядзеў на мяне. Я, канешне, здзівіўся і запытаў: "Quax, Bag, quo quel, quan?", што ў перакладзе на японскую мову азначае: Гэй, Баг, што здарылася?" Заместа адказу Баг падняўся, высунуў язык і пачаў скакаць, быццам жаба, робячы выгляд, што хоча на мяне кінуцца. Мне стала не па сабе, і я ціхенька ўстаў з крэсла, каб рыўком выскачыць за дзверы. Ды ў гэты момант у дзвярах паказалася знаёмае аблічча, і на маё шчасце ўвайшоў доктар Чак. "Э, Баг, што ты вытвараеш тут?" – запытаў доктар і, паправіўшы пенснэ, сярдзіта паглядзеў на рыбака. Баг збянтэжыўся, а затым, уздымаючы рукі да галавы, стаў прасіць прабачэння: "Вельмі прашу вас, прабачце! Але ж надта цікава назіраць пудкасць гэтага вяльможнага пана. I я, паддаўшыся такой цікавасці, трохі пажартаваў. Шаноўны пане, – звярнуўся ён да мяне, – вы таксама даруйце".


3
Перш чым працягваць апавяданне, я павінен даць некаторыя звесткі пра капчакоў. Капа – гэта жывая істота. I хаця яго рэальнае існаванне ўсё яшчэ падвяргаецца сумненню, асабіста ў мяне, жыўшага сярод капчакоў, не можа быць і кроплі такога недаверу. На пытанне, як выглядае капа, адзначу, што галава яго пакрыта кароткімі валасамі, а рукі і ногі аздоблены плавальнымі перапонкамі. Увогуле, ён мала чым адрозніваецца ад жывёліны, апісанне якой даецца на старонках "Даследавання аб вадзяным тыгры" або іншых падобных трактатаў. Росту капа невялікага, недзе каля метра. Важыць, паводле разлікаў доктара Чака, дваццаць-трыццаць фунтаў. Зрэдку сустракаюцца індывіды, вага якіх дасягае пяцідзесяці фунтаў. Макаўка галавы мае паглыбленне, якое нагадвае форму авальнага сподачка. 3 узростам авал гэты цвярдзее. Так, сподачак на галаве пастарэлага Бага і сподачак на галаве маладога Чака на вобмацак розніліся. Але самым адметным, бадай, з'яўляецца колер скуры капчакоў. Гэтыя стварэнні пастаяннага, як у людзей, колеру скуры не маюць. Яны мяняюць яго ўзалежнасці ад фарбаў наваколля. У траве капы зялёныя, а сярод скал – папялістыя. Акрамя капчакоў, такой уласцівасцю, як вядома, валодаюць хамелеоны. Мажліва, ёсць пэўная структурная блізкасць паміж скураным пакровам капчака і скураным пакровам хамелеона. Калі я зрабіў для сябе гэтае адкрыццё, тоадразу прыгадаў, што паводле народных паданняў капы нашых заходніх правінцый – зялёнага колеру, a капы паўночна-ўсходніх правінцый – чырвоныя. Успомніў яшчэ, што як раз тады, калі я гнаўся за Багам, той нечакана рабіўся нябачным і кудысьці знікаў. У капчакоў нарастае, мабыць, ладны слой падскурнага тлушчу. Таму яны не знаюць аніякай апраткі, хаця тэмпературы ў іхняй падзямельнай краіне даволі нізкія (нешта каля пяцідзесяці градусаў па Фарэнгейце). Гэтыя істоты могуць насіць пры сабе акуляры, партсігар, партманет. Для такіх рэчаў яны, бы кенгуру, маюць на жываце сумку. Так што адносна кішэняў ніякіх праблем. Капы не закрываюць сябе ніжэй паясніцы. Апошняе было для мяне зусім нязвыклым, і аднойчы я запытаў Бага, чаму ў іх трывае гэтакі звычай. Адкінуўшыся назад, Баг доўга рагатаў, a потым прамовіў: "А мне смешна якраз, што вы гэта самае хаваеце".
4
Паступова я авалодаў гутарковаю мовай капчакоў і такім чынам добра пазнаёміўся з іхнімі звычаямі ды норавамі. I тут надта здзівіла мяне адна асаблівасць. Менавіта рэчы, смешныя для нас, людзей, капы ўспрымаюць як нешта сур'ёзнае і, наадварот, усё, што ў чалавечым грамадстве лічыцца сур'ёзным, капчакам здаецца вельмі смешным. Так, словы "справядлівасць", "гуманнасць" мы лучым з нейкім сур'ёзным значэннем, а капы, учуўшы гэтыя словы, пачынаюць рагатаць, трымаючыся за жываты. Карацей кажучы, разуменне гумару капамі істотна адрозніваецца ад разумення гумару людзьмі. Аднойчы я расказаў доктару Чаку пра абмежаванне дзетараджэння. Разявіўшы рот, Чак рагатаў настолькі моцна, што ў яго звалілася пенснэ. Я, канешне, раззлаваўся і рэзкім тонам запытаў, з чаго ён смяецца. Па тым часе я не разумеў яшчэ дасканала мову капчакоў і ў падрабязнасцях, магчыма, памыляюся. Аднак памятаю, што па сутнасці адказ Чака быўтакім: "Ці ж не смешна думаць толькі пра выгоды бацькоў? Гэта не што іншае, як чэрствы эгаізм".

Але затое на чалавечы пагляд няма нічога больш смешнага, чым роды ў капчакінь. Праз нейкі час пасля размовы з доктарам я наведаўся ў хацінку Бага, жонка якога павінна была раджаць. Іхнія роды ўвогуле такія ж, як і нашыя. Парадзісе дапамагаюць урач і акушэрка. Але на пачатку родаў бацька прыстаўляе свой рот да похвы радзіліцы і, быццам па тэлефоне, гучна пытаецца ў навароднага: "Ці хочаш ты паявіцца на свет? Падумай добра, а затым адкажы!" Застаючыся на ўколенцах, Баг некалькі разоў паўтарыўгэтыя словы, пасля чаго прапаласкаў рот дэзінфіцыруючым зеллем, што стаяла на стале. I тут дзіцёнак, бадай, крыху збянтэжаны, прамовіў з матчынага лона ціхім галаском: "Я не хачу нараджацца. Па-першае, таму што ўнаследую бацькаву заганную спадчыну, прынамсі яго псіхічную хваробу. Акрамя таго, я лічу, што жыццё капчакоў пагоршылася".

Пачуўшы такі адказ, Баг разгублена пачухаў галаву. Аднак акушэрка, што стаяла побач, імгненна засунула ў лона парадзіхі тоўстую шкляную трубку і ўпрыснула нейкую вадкасць. Самка, адчуўшы, мабыць, палёгку, працяжна ўздыхнула. Яе жывот, нібыта паветраны шар, з якога выпусцілі вадарод, адразу ж апаў. Здольнае даваць такі адказ, нованароджанае дзіцянё капчакоў умее, вядома, і бегаць, і балабоніць. Чак расказваў мне, што адно капчанё ўсяго дваццаці шасці дзён ад роду чытала нават лекцыі аб існаванні бога. Праўда, яно, пражыўшы два месяцы, неўзабаве памёрла.

Калі ўжо гаворка зайшла аб родах, то раскажу яшчэ пра вялізны плакат, які ўбачыў зусім выпадкова на рагу вуліцы на трэці дзень майго знаходжання ў гэтым краі. На ніжняй палавіне плаката былі намаляваны дванаццаць ці мо трынаццаць капчакоў. Адныя з іх дзьмулі ў трубы, а другія трымалі шаблі. Уверсе доўжыліся радкі спіралепадобных знакаў, што нагадвалі спружынку гадзінніка. Гэта былі знакі пісьма капчакоў. He выключана, што ў перадачы ўсіх тонкасцяў значэння тых сімвалаў я мог дзе-нідзе і памыліцца. Але ж разам са мной прагульваўся студэнт Paп. Ён і прачытаў мне ўголас надпіс на плакаце, а я старанна занатаваў Рапавы словы. У перакладзе сэнс тых спіралек быў такі:


Здаровыя капчакі і капчакіні!

Далучайцеся да суполкі дужай радзіны!

Каб знішчыць паганае семя, жаніцеся

з кволымі жанчынамі

і выходзьце замуж за хірлявых мужчын!
Я, вядома, сказаў тады Рапу, што здзейсніць падобнае немагчыма. У адказ не толькі Paп, але і ўсе капы, стаяўшыя каля плаката, гучна зарагаталі. "Немагчыма? Ды вы, як вынікае з вашых расказаў, робіце тое самае. Чаму, скажыце, у вас шляхетнага роду сын заляцаецца да служанкі, a дачка са знакамітай сям'і фліртуе з шафёрам? Ці ж гэта не інстынктыўнае імкненне пазбавіцца паганай спадчыны? Дарэчы, вы нядаўна самі апавядалі пра сваіх храбрых воінаў. Доблесныя атрады забіваюць адзін аднаго з-за нейкай там чыгункі. Калі параўноўваць, то нашыя воі больш высакародныя, чым вашыя".

Paп гаварыў на поўным сур'ёзе, а складкі яго тоўсценькага жывоціка пакалыхваліся, мабыць, ад смеху. А мне тады было не да жартаў. Да таго ж я спрабаваў злавіць капчанё, якое, скарыстаўшы маю няўважнасць, выцягнула ў мяне самапіску. Ды не так лёгка ўлавіць свавольніка з яго слізготнаю скурай. Гэтае стварэнне імгненна вылузнулася з маіх рук і кінулася бегчы з усіх ног. Худое, нібы камарынае, цельца бегляка праставала так нізка над зямлёй, што здавалася, яшчэ момант – і ён спатыкнецца носам.


5
Капчак Paп стараўся для мяне анічуць не менш, чым Баг. Акурат ён пазнаёміў мяне з Токам – капаўскім паэтам, які насіў такія ж доўгія валасы, што і нашыя вершапісцы. Каб забавіцьчас, я заходзіў калі-нікалі да гэтага барда. Ток сядзеў, звычайна, у сваім невялікім пакойчыку з усялякай высакагорнай расліннасцю, пісаў вершы, курыў і, па маіх меркаваннях, пачуваў сябе анігадкі. Тут жа ў куточку мясцілася яго самка. Яна нешта вязала ці займалася іншай жаночаю справай. (Ток быў прыхільнікам свабоднага кахання і не меў жонкі.) Гаспадар, заўважыўшы мяне, усміхаўся і мовіў: "А-а, добра, што завітаў сюды. Праходзь, калі ласка. Вунь крэсла. Сядай". (Зрэшты, капаўская ўсмешка не такая ўжо вабная. Прынамсі мне ад гэтай усмешкі было спачатку не па сабе.)

Ток цікава расказваў пра мастацтва капчакоў, пра іхні лад жыцця. На думку паэта, няма, бадай, нічога больш недарэчнага, чымся быт звычайнага капы. Бацькі і дзеці, мужы і жонкі, браты і сёстры жывуць толькі дзеля таго, каб чыніць узаемнае зло. Асабліва абсурднай з'яўляецца сістэма сямейных адносін. Неяк падчас нашай размовы Ток паглядзеў у вакно, грэбліва сплюнуўі паказаў на вуліцу: "Глянь, якое вар'яц-тва!" За вокнамі на вуліцы млявай, зморанай хадою крочыў даволі малады яшчэ капа. На ягонай шыі віселі сямёра ці васьмёра самак і самцоў, сярод іх і старыя: напэўна, бацькі. Аднак я быў у захапленні ад гэтага самаахвярнага ўчынку і сказаў, што малады капа варты пахвалы.

"Гэ! – усклікнуў Ток, – дык ты сапраўды маеш усе якасці, каб стаць ісцівым грамадзянінам гэтай краіны... Дарэчы, ты сацыяліст?" Я, вядома, адказаў "qua", што на мове капчакоў азначае "канешне".

"Значыцца, ты без аглядкі ахвяраваў бы геніем дзеля сотні няздараў?"

"А ты сам да якой партыі належыш? Нехта даводзіў мне, што ты манархіст".

На гэтае пытанне Ток урачыста заявіў:

"Я – звышчалавек" (у літаральным перакладзе: "Звышкапа").

Арыгінальныя думкі выказваў Ток і наконт мастацтва. Паводле ягоных перакананняў, мастацтва незалежнае. Мастацтва існуе дзеля мастацтва, і мастак павінен быць звышчалавекам, які стаіць вышэй за дабро і зло. Гэтага пункту гледжання прытрымліваўся не адзін Ток. Падобныя погляды падзяляла большасць яго паэтычных сяброў.

Сяды-тады я заходзіў разам з Токам у Клуб звышчалавекаў. Там збіраліся паэты, празаікі, драматургі, крытыкі, кудзейнікі, музыканты, скульптары ды іншыя аматары мастацтваў. Усе яны былі звышчалавекі.

Сядзелі супермэны ў салоне, залітым святлом электрычных лямпаў, і вялі жвавыя, вясёлыя размовы. Час ад часу яны фанабэрліва паказвалі свае звышчалавечыя здольнасці. Так, адзін архітэктар, злавіўшы маладога капу, які бегаў сярод вялізных гаршкоў з высокім чортавым папаратнікам, заўзята распуснічаў з ім. Нейкая пісьменніца ўзлезла на стол і паспрачалася, што вып'е шэсцьдзесят пляшак абсэнту. Але на шасцідзесятай пляшцы яна звалілася пад стол і тут жа зайшлася.

Аднойчы я і паэт Ток, узяўшыся подручкі, вярталіся з Клуба звышчалавекаў дадому. Быў прыгожы месячны вечар. Але Тока апанавала якаясь незвычайная паныласць, і ён маўчаў. Мы праходзілі міма ярка асветленага ваконца аднаго дамка. За вакном самец і самка, пэўна сужанцы, а таксама трое капчанят сядзелі вакол стала і вячэралі. Ток уздыхнуў і раптам сказаў мне: "Ведаеш, я за любоў звышчалавечую. А вось калі бачу такую сямейную ідылію, то адчуваю зайздрасць".

"А ці не здаецца табе, што, разважаючы такім чынам, ты сам жа супярэчыш сабе?"

Ток, скрыжаваўшы рукі, нерухома стаяў пад святлом месяца і глядзеў на мірную вячэру пяцярых капчакоў. Затым ён прамовіў: "Што ні кажы, а тая вунь яешня для здароўя намнога карысней, чым любое каханне".
6
Сапраўды, каханне ў капчакоў вельмі адрозніваецца ад каханняў людзей.Самка, як толькі ўбачыць самца, адразу прагне ўсялякімі спосабамі злавіць яго. Найбольш сумленныя капчакіні, заўважыўшы капчака, стрымгалоў кідаюцца за ім наўздагон. Аднойчы я сам бачыўсамку, якая, бы звар'яцелая, ганялася за самцом. Дый гэта яшчэ не ўсё. Бывае, што за капчаком ганяюцца разам і бацькі маладой, і браты, і сёстры. Бедны ўцякач! Нават калі ён пасля такой шалёнай гонкі і патрапіць кудысь уцячы, то ўсё адно яму прыйдзецца два ці тры месяцы праляжаць у ложку.

Неяк я сядзеў дома і чытаў зборнік вершаў Тока. Нечакана ўрываецца ў пакой студэнт Paп, валіцца на падлогу і задыхаючыся крычыць: "Гэта жахліва! Яна мяне ўрэшце злавіла!"

Я адкінуў кнігу і хуценька зачыніў дзверы. Калі я затым паглядзеў праз замочную шчыліну, дык заўважыў, што каля дзвярэй прахаджвалася нізкарослая самачка, твар якой быў шчодра напудраны серай. Пасля гэтага Paп некалькі тыдняў праляжаў на маім ложку. У дадатак да ўсёй злыбедзі ў яго цалкам згніла і адвалілася дзюбка.

Здараецца часам, што і самец ва ўсе лапаткі ганяецца за самкай. Але ў сапраўднасці якраз капчакіня паводзіць сябе так, што не гнацца за ёй капчак проста не можа. Я асабіста быў сведкам таго, як самец апантана бегаў за самкай. Самка ж, уцякаючы ад яго, раз-пораз наўмысна спынялася ці паўзла на карачках. У зручны момант яна зрабіла выгляд, што знясілела, і з прыемнасцю аддалася ў рукі лаўца. Капчак заключыў самку ў свае абдымкі і пэўны час катаўся з ёю па зямлі. Калі ж ён нарэшце ўстаў, аблічча яго было надзвычай панылае. Ці то ад расчаравання, ці то ад раскаяння – дакладна сказаць не магу. Але яму наогул пашанцавала. Пазней мне давялося бачыць іншае відовішча. Невялічкага росту самец гнаўся за самкай. Раптам з вулачкі на процілеглым баку выйшаў пасапваючы вялізны капчак. Самка, на нейкі момант затрымаўшы свой позірк на бамбізе, раптам кінулася да яго і пранізлівым голасам закрычала: "Ратуйце! Гэты паганец хоча мяне забіць". Бамбіза мігам схапіў недаростка і шпурлянуў на сярэдзіну вуліцы. Капчанё разы два ці тры хапнула сваімі перапончатымі ручкамі паветра і неўзабаве сканала.

Тутэйшыя капчакіні, бы згаварыўшыся, ганяліся за ўсімі самцамі, якіх я ведаў. Самкі ганяліся таксама за Багам, хоць ён меў жонку і дзяцей. Яны тройчы нават лавілі яго. Толькі філосаф Маг (ён жыў па суседству з паэтам Токам) ніколі не быў ахвярай нападу. Мо з тае прычыны, што выглядаў мысляр на рэдкасць пачварна, а можа, і таму, што пераважна бавіўся дома і мала калі паказваўся на вуліцы.

Часам я заходзіў да Мага пагаманіць. Як заўсёды, ён сядзеў за высокім сталом у цёмным пакоі і пры святле шклянога сямікаляровага ліхтарыка чытаў якіясь тоўстыя кнігі. 3 Магам я меў аднойчы размову пра каханне ў капчакоў.

"Чаму ваш урад не прыцягвае да строгай адказнасці самак, якія ганяюцца за самцамі?"

"Перш за ўсё таму, што сярод чыноўнікаў мала самак. 3 другога пункту гледжання, самкі, як вядома, больш раўнівыя, чым самцы, і з павелічэннем колькасці самак ва ўрадавых установах самцы, напэўна, менш цярпелі б ад агрэсіі. Але якіх-небудзь істотных вынікаў гэта б не дало. Чаму? Ды з той прычыны, што нават ва ўрадзе капчакіні ганяюцца за сваімі калегамі-самцамі",

"Значыцца, самым шчаслівым аказваецца той, хто жыве так, як жывяце Вы, спадар Маг?"

Тады Маг устаў са стула, схапіў мяне за рукі і, уздыхнуўшы, сказаў: "Вы не капа і нас не разумееце. Часам і мне хочацца, каб за мной ганяліся гэтыя страхотныя самкі".


7
Разам з паэтам Токам я часцяком хадзіў на канцэрты. 3 усіх канцэртаў асабліва запомніўся мне трэці. Тутэйшы канцэртны зал амаль нічым не адрозніваецца ад канцэртных залаў Японіі. На пакатай злёгку падлозе такія ж рады крэслаў, у якіх з праграмкамі ў руках сядзяць сотні тры ці чатыры самак і самцоў, што цалкам ператварыліся ўслых. Падчастрэцяга канцэрта са мной быў Ток, ягоная самка і філосаф Маг. Сядзелі мы ў першым радзе. Пасля таго як прагучала сола на віяланчэлі, на сцэне паявіўся капа, абыяк і абыякава трымаючы ў руцэ ноты. Экзатычна вырысоўваліся на твары музыканта вузкія шчылінкі вачэй. Як значылася ў праграме, выступаць меўся знакаміты кампазітар Крабак. Ды што там праграма... У мяне і надобы не ўзнікала глядзець тую праграму. Крабак быў сябрам Клуба звышчалавекаў, да якога належаў Ток, і музыку я ведаў ужо добра.

"Lied-Kraback" [1]. (I ў гэтай краіне большасць праграм пісалася на нямецкай мове.)

Сціпла пакланіўшыся на нашы бурныя апладысменты, Крабак спакойным крокам падышоў да піяніна і пачаў лёгка, натуральна іграць уласную песню. Па словах Тока, сярод айчынных музыкантаў, якія былі, ёсць або яшчэ будуць, Крабак застаецца і застанецца самым таленавітым. Мяне, вядома, цікавіла і Крабакава музыка, і ягоныя лірычныя вершы. Таму я прагна слухаў мелодыю вялікага дугападобнага піяніна. Мусіць, Ток і Маг былі ў захапленні ад ігры намнога больш, чым я. Толькі вось Токава прыгажуня (прыгажуня, ва ўсякім разе, ва ўспрыняцці капчакоў) сутаргава камячыла ў руцэ праграмку і раз-пораз высоўвала грэбліва свой доўгі язык. Маг расказваў мне, што гадоў дзесяць таму гэтая самачка ганялася за Крабакам, але злавіць яго так і не змагла. Дык яна і зараз адчувае да яго непрыязь.

Крабак працягваў тукацець па клавішах піяніна з яшчэ большым імпэтам. I раптам, бы гром з яснага неба, у зале раздаўся голас: "Канцэрт забараняю!" Ашаломлены гэтым выкрыкам, я міжвольна азірнуўся. Голас належаў, несумненна, паліцэйскаму. Гэта быў здаравенны, рослы дзяцюк, які сядзеў у апошнім радзе. Якраз калі я азірнуўся, паліцэйскі, застаючыся ў той жа позе, роўным, але больш моцным голасам паўтарыў: "Канцэрт забараняю!"

I тут узняўся страшэнны вэрхал. Чуліся крыкі: "Паліцэйскае сваволле!", "Іграй, іграй, Крабак!", "Ёлупень!", "Быдла!", "Прэч адсюль!", "He паддавайцеся!"

Грукацелі, перакульваліся крэслы, ляцелі праграмкі; нехта шпурляў пустыя бутэлькі з-пад сідру, нехта шыбаў камяні, а хтосьці – агрызкі гуркоў... Збіты з панталыку, я хацеў быў запытаць Тока, у чым прычына гэтага скандалу. Але Ток быў занадта ўзрушаны. Стоячы на крэсле, ён працягваў крычаць: "Крабак, іграй, іграй далей!" А Токава прыгажуня амаль у тон яму ўторыла: "Самадурства! Паліцэйскае самадурства!" Яна, мабыць, забылася пра сваю варожасць да музыканта.

Мне нічога не заставалася, як звярнуцца да Мага. "Што здарылася?" – запытаў я.

"Гэта во? Такое ў нас часта бывае. Разумееце, у творах жывапісу і прыгожага пісьменства..." Калі зверху нешта пралятала, Маг уцягваў трошачкі галаву ў плечы і спакойна, як заўсёды, тлумачыў: "Змест, які выражаюць творы жывапісу і прыгожага пісьменства, кожны разумее ўвогуле адразу. Таму якіх-небудзь абмежаванняў продажу ці выставы гэтых твораў у нас не існуе. А канцэрты нярэдка забараняюцца, бо музычны твор можа ўключаць матывы, якія падрываюць грамадскую мараль. Праўда, капы музычнага слыху не маюць і музыкі не разумеюць".

"Значыцца, той паліцэйскі валодае музычным слыхам?" "Сумняваюся. Мажліва, рытмы гэтых мелодый нагадваюць яму рытмы біцця ўласнага сэрца, калі ён спіць са сваёй жонкай". Гармідар у зале мацнеў. Крабак усё яшчэ сядзеў за піяніна і фанабэрыста зіркаў на нас. Ды як бы там пыхліва ні паводзіў сябе музыка, ён таксама вымушаны быў ухіляцца ад ляцеўшых на яго прадметаў. У астатнім Крабак працягваў захоўваць годнасць вялікага музыканта. Жудам паблісквалі яго вузенькія вочкі. А я... а я, каб унікнуць небяспекі, хаваўся за Тока. Але цікавасць брала верх, і я зноў звярнуўся да Мага:

"А ці не з'яўляецца такая цэнзура дэспатызмам?"

"Ніколечкі. Наадварот, наша цэнзура нават больш прагрэсіўная, чымся цэнзура любой іншай краіны. Возьмем, напрыклад, Японію. Усяго месяц таму..." I якраз у гэты момант пустая бутэлька трапіла Магу ў самае цемечка. Ён толькі выгукнуў "Quack" (Quack – гэта выклічнік) і тут жа страціў прытомнасць.
8
Вялізную сімпатыю меў я да Гейла – дырэктара шклозавода. Сярод капіталістаў ён быў самы што ні ёсць капіталіст. Сапраўды, бадай ніводзін капа ў тым краі не меў такога вялізнага жывата, як дырэктар Гейл. Калі ён сядзеў на мяккай утульнай канапе ў атачэнні сваёй жонкі, падобнай на тонкую арэшынку, а таксама дзяцей, што нагадвалі зялёненькія гурочкі, то адчуваў сябе, мусібыць, вельмі шчаслівым. Сяды-тады сумесна з доктарам Чакам і суддзёй Бапам я бываў у Гейла на застоллі. Акрамя таго, дзякуючы рэкамендацыйным пісьмам Гейла я мог наведваць прадпрыемствы, да якіх ён сам ці яго сябры мелі пэўнае дачыненне.

Асабліва зацікавіла мяне адно сумеснае прадпрыемства па вырабу кніг. Я прыйшоў сюды ў суправаджэнні маладога капыінжынера. Калі перад маімі вачыма паўсталі агромністыя машыны, што прыводзіліся ў рух электрычнасцю ад гідраэлектрастанцыі, я быў вельмі ўражаны высокім узроўнем развіцця машыннай індустрыі ў гэтай краіне. Прадпрыемства, як мне паведамілі, выпускае штогод сем мільёнаў кніг. Але дзівіла мяне не столькі вялікае мноства кніг, колькі тая лёгкасць, з якой кнігі вырабляліся. У лейкападобную зяпу машыны загружаюць паперу, чарніла і нейкі шэрага колеру парашок. Сыравіна трапляе затым у лона машыны. He праходзіць і пяці мінут, як адтуль ужо выштурхоўваюцца кнігі розных фарматаў: у адну чацвёртую, адну восьмую, адну дванаццатую частку друкаванага аркуша. Гледзячы на рознакніжную плынь, што нагадвала мне вадаспад, я запытаў інжынера, выпукліўшага фанабэрыста грудзі, які састаў парашку, што засыпалі ў прыёмнік. Капа, стоячы перад чорнай бліскучай машынай, апатычна прамовіў: "Гэта во? Гэта асліныя мазгі. Іх спачатку высушваюць, затым труць на парашок. Адна тона каштуе зараз два-тры сэны".

Зразумела, што падобныя цуды маюць месца не толькі ў кампаніях, якія фабрыкуюць літаратуру, але і на прадпрыемствах па вытворчасці музычнай прадукцыі альбо, скажам, прадукцыі жывапісу. У гэтай краіне, па словах Гейла, кожны месяц выходзяць ад сямісот да васьмісот відаў новых машын. Развіваецца вытворчасць, якой усё менш і менш патрэбны чалавечыя рукі. У выніку што-месяц сорак-пяцьдзесят тысяч рабочых трацяць сваё рабочае месца. Але ў друку я ніколі не сустракаў слова "забастоўка", хоць кожнай раніцы чытаў тутэйшыя газеты. Апошняе падалося мне надзвычай дзіўным, і аднойчы я сказаў пра гэта Гейлу, калі той запрасіў мяне сумесна з Бэпам і Чакам на чарговы банкет.

"Іх у нас проста з'ядаюць", – абыякава адказаў Гейл, пыхкаючы сігарай на заедак. Я напачатку не ўцяміў сэнс пачутага слова "з'ядаюць". Адчуўшы маю збянтэжанасць, Чак, са сваім неразлучным пенснэ на пераноссі, далучае да сказанага ўласныя тлумачэнні: "Усіх зволеных мы забіваем, a ix мяса ідзе на ежу. Паглядзіце во газету. У гэтым месяцы зволілі шэсцьдзесят чатыры тысячы семсот шэсцьдзесят дзевяць рабочых, і адпаведна знізіліся цэны на мяса".

"I рабочыя моўчкі дазваляюць сябе забіваць?"

"А што карысці ў пратэстах, калі існуе закон аб забоі рабочых?"

Гэта былі словы Бэпа, які са змрочным тварам сядзеў за вазонам горнага персіка. Мне зрабілася млосна. Але і гаспадар дома Гейл, а таксама Беп і Чак лічылі, бадай, такое забойства справай зусім нармальнай. Больш таго, Чак, быццам пацвельваючыся з мяне, сказаў з усмешкай: "Гэтак дзяржава садзейнічае таму, каб зволеныя пазбягалі пакутаў галоднай смерці або самагубства. Яны мусяць удыхнуць трошкі атрутнага газу– і ніякіх табе пакутаў".

"Але ж есці іхняе мяса..."

"He смяшыце. Сапраўды, калі б такое пачуў Маг, дык ён, мабыць, зайшоўся б ад рогату. Ці ж не прымушаюць у вашай краіне дачок ніжэйшага саслоўя да прастытуцыі? А тут, падумаеш, гэткая сентыментальнасць: чалавек абураецца тым, што мяса рабочых ідзе ў ежу".

Гейл, слухаючы нашу дыскусію, пасунуў мне талерку з бутэрбродамі, якая стаяла каля яго, і спакойна прамовіў: "А як наконт бутэрбродаў? Ці не жадаеце пакаштаваць? I ў бутэрбродах ёсць мяса рабочых".

Мне і так было млосна, а цяпер яшчэ бутэрброды. Я кінуўся з гасцёўні Гейла прэч, з усіх ног. А за маёй спіной чуўся гучны смех Пепа і Чака. Над котлішчамі вісела грымотная бяззорная ноч. У цемрыве гэтай ночы я вяртаўся да свайго жытла. Мяне ўсю дарогу ванітавала. Белаватым цурком сцякалі ў морак мае ваніты.
9
I ўсё ж дырэктар шклозавода Гейл аказаўся капчаком даволі кампанейскім. Разам з Гейлам я часта наведваў ягоны клуб, дзе мы з прыемнасцю бавілі вечары. Па-першае, у тым клубе было намнога ўтульней, чымся ў клубе звышчалавекаў, да якога належаў Ток. Па-другое, размовы з Гейлам адкрывалі перада мною новы шырокі сусвет, хаця выказванні дырэктара былі і не такімі глыбокімі, як разважанні філосафа Mara. Лыжачкай з чыстага золата Гейл памешваў у кубачку сваю каву і забаўна расказваў усялякія гісторыі.

Неяк познім туманным вечарам я сядзеў сярод вазонаў зімовых ружаў і слухаў Гейла. Прыгадваю, што гаворка адбывалася ў пакоі, мэбляваным у стылі "сэцэсьён". Сталы, крэслы ды іншую мэблю ўпрыгожвалі па краях тонкія лініі пазалоты. Гейл, твар якога поўніўся гэтым разам асабліва самазадаволенай усмешкаю, распавядаў пра кабінет міністраў партыі "Кворакс". Слова "Кворакс" з'яўляецца выклічнікам і якога-небудзь асаблівага сэнсу не мае. У перакладзе гэта, бадай, тое самае, што "вой-вой". Але як бы там ні было, партыя выступала пад дэвізам "За дабрабыт усіх капчакоў".

"Партыяй "Кворакс" кіруе знакаміты палітычны дзеяч Лопе. Бісмарк калісьці гаварыў: "Сумленнасць–найлепшая дыпламатыя". Лопе норму сумленнасці зрабіў асновай і ўнутранай палітыкі". "Але ж яго прамова..." "Ды выслухайце мяне! Яго прамова – то ж суцэльная хлусня. I паколькі ўсе ведаюць, што ён хлусіць, дык, урэшце, няпраўда аказваецца праўдай. Толькі вы, чалавекі, прадузята лічыце, што падобныя прамовы заўсёды трэба называць хлуснёй. Мы, капы, у адрозненне ад вас... Аднак пакінем гэта. Мы ж вялі гаворку пра Лопе. Значыцца, так: Лопе кіруе партыяй "Кворакс", а ім, у сваю чаргу, кіруе Квікві – уласнік газеты "Пу-фу" (дарэчы, слова "пу-фу" – таксама выклічнік, і ў перакладзе – гэта проста "а-а"). Але і Квікві не ёсць сам сабе гаспадар. Яго дзейнасць накіроўвае той, хто сядзіць перад вамі і завецца Гейл".

"Прабачце за маю нясціпласць, але ж "Пу-фу" з'яўляецца газетай, якая выказвае погляды рабочых. А калі шэф газеты знаходзіцца пад вашым уплывам..."

"Вядома, карэспандэнты газеты стараюцца падладжвацца пад густ рабочых, аднак дзейнасць газетчыкаў накіроўвае Квікві, які, у сваю чаргу, быў бы нішто без маёй падтрымкі".

Гейл усміхнуўся звычнай усмешкай, забаўляючыся лыжачкай з чыстага золата. Мяне ж апаноўвала не столькі нянавісць да гэтага капіталіста, колькі спачуванне супрацоўнікам газеть "Пу-фу". Калі я раптоўна замаўчаў, ён, мабыць, адразу ж адгадаў мае пачуцці, бо тут жа, надзьмуўшы свой вялізны жывот, прамовіў:

"Ведаеце, не ўсе супрацоўнікі газеты з'яўляюцца прыхільнікамі рабочых. Кожны з нас, капчакоў, сябра найперш самому сабе, а пасля ўжо іншым... Справа яшчэ ўскладняецца тым, што і я знаходжуся пад уладай іншага чалавека. Як вы думаеце, хто гэта можа быць? Мая жонка. Мая чароўная спадарыня Гейл".

Дырэктар гучна зарагатаў.

"Дык гэта ж, хутчэй, вялікае шчасце для вас".

"Што б там ні было, а я асабіста задаволены. Між іншым, толькі з вамі, толькі з вамі я магу размаўляць аб усім адкрыта, паколькі вы не капа".

"Значыцца, кабінетам міністраў партыі "Кворакс" кіруе спадарыня Гейл?"

"Ну, калі хочаце, хай будзе так... Дарэчы, сем гадоў таму з-за адной капчакіні ў нас пачалася вайна".

"Вайна? У гэтай краіне была вайна?"

"Была. I яшчэ невядома, ці знікнуць войны ў будучым. Пакуль існуюць суседнія з намі дзяржавы..."

Такім чынам я ўпершыню даведаўся, што ў гэтым рэгіёне існуе не толькі спадарства Капчакія. Па словах Гейла, эвентуальным праціўнікам Капчакіі заўсёды лічыліся выдры. У сваім арсенале выдры мелі зброю, нічуць не горшую, чым зброя капчакоў. Мяне дужа зацікавіла згадка пра войны паміж гэтымі стварэннямі. Бадай, навіной было тое, што выдры з'яўляюцца вельмі небяспечнымі ворагамі Капчакіі. Ва ўсякім разе, ні аўтар даследавання "Аб вадзяным тыгры", ні Янагіда Куніосан, выдавец "Зборніка паданняў пра горныя астравы", нічога не гавораць аб гэтым.

"Да пачатку ваенных дзеянняў кожная дзяржава, баючыся суседа, старанна шпіёніла за ім. Акурат на тым часе якісь прышлы выдра захацеў наведаць адну сямейную пару. А ў гэтай сямейцы жонка надумала звесці са свету свайго мужа. Намеру спрыяла, мабыць, і тое, што муж яе, зацяты гуляка, застрахаваўся на выпадак смерці".

"Вы знаёмы з гэтай парай?"

"Ну, як бы сказаць – я знаў толькі самца, гэта значыць мужа. Зрэшты, на думку маёй жонкі, ён вырадак, а не капа. А па-мойму, ніякі ён не вырадак, а проста здурэлы маньяк, які пастаянна баіцца, што яго зловяць самкі... Дык вось, у кубачак з какавай, што прызначаўся мужу, капчакіня падсыпала цыяністага калію. Але яна, відаць, пераблытала кубачкі, бо калі госць выпіў какаву, то ён неўзабаве апруцянеў. I тады..."

"I тады пачалася вайна?"

"Так, на жаль, выдра меў узнагароды".

"Хто перамог у гэтай вайне?" "Перамагла, канешне, наша дзяржава. Дзеля гэтай перамогі трыста шэсцьдзесят дзевяць тысяч пяцьсот капчакоў загінулі геройскай смерцю на ратным полі. Аднак панесеныя намі страты нішто ў параўнанні са стратамі варожага боку. Сёння футравыя вырабы ў нашай краіне – гэта пераважна выдра. У час вайны, акрамя вытворчасці шкла, я займаўся пастаўкай на фронт каменнавугальнага шлаку".

"А навошта на фронце каменнавугальны шлак?"

"Для харчавання, зразумела. Мы, капы, калі галадаем, то ядзім што патрапіць".

"I ўсё ж... Вы толькі не крыўдуйце – пасылаць такое франтавікам... У нашай краіне падобныя дзеянні выклікалі б гнеў і абурэнне".

"I ў нас, несумненна, было б тое самае. Але ж калі я адкрыта называю гэтае дзеянне злом, дык ужо ніхто не стане пярэчыць і скандаліць. Філосаф Маг неяк сказаў: "Прызнай зло, якое ты ўчыніў, і гэтае зло больш не будзе злом..." Акрамя жадання прыбытку ўва мне палымнела таксама любоў да радзімы".

У гэты момант да нас падышоў клубны лёкай. Ён пакланіўся Гейлу і дэкламатарскім тонам аб'явіў: "У суседстве з вашым домам пажар".

"Па... Пажар!"

Успуджаны весткаю Гейл імгненна ўскочыўна ногі. Устаў таксама і я. А лёкай спакойна дадаў: "Агонь патушылі ўжо". На твары Гейла, які праводзіў лёкая поглядам, застыла слязлівая ўсмешка. Зорачы ў гэты твар, я міжволі адчуў нянавісць да дырэктара шклозавода. Ды толькі цяпер важны капіталіст меў выгляд звычайнага капы. Я выцягнуўз вазачкі зімовыя ружы і ўручыў іх Гейлу. "Хоць агонь патушылі, аднак ваша спадарыня жонка, пэўна, вельмі ўзрушана. Вазьміце гэтыя кветкі і вяртайцеся дадому".

"Дзякую!" Гейл схапіў маю руку і, самазадаволена ўхмыльнуўшыся, ціха прамовіў: "Суседні дом таксама належыць мне. Значыць,я атрымаю страхавую кампенсацыю".

Гейлава ўхмылка... Я і зараз выразна помню гэтую ўхмылку. Немажліва было тады ні грэбаваць ёю, ні ненавідзець яе.


10
"Што здарылася? У цябе зноў панылы настрой". 3 такімі словамі я звярнуўся да студэнта Рапа. Гэта было на другі дзень пасля пажару. Мы сядзелі ў гасцёўні майго дамка. Я курыў папяросу, a Paп, уладкаваўшыся ў крэсле і паклаўшы левую нагу на правую, спустошаным позіркам утаропіўся ў падлогу. Ён схіліўся так нізка, што не відаць было яго згнітай дзюбы.

"Paп, што з табой?" – зноў запытаў я. "Ды нічога асаблівага, – прамовіў ён сумным гугнявым голасам. – Сёння глянуў я праз вакно і без усякага змыслу кажу сабе: "О, расянка-мухалоўка ўжо расцвіла". Нечакана мая малодшая сястра змянілася з твару і гнеўна закрычала: "Дык я, па-твойму, расянка-мухалоўка?" А маці, якая вельмі пялегуе дачку, накінулася на мяне з лаянкай".

"Чаму словы "расянка-мухалоўка" твая сястра ўспрыняла з такой непрыяззю?"

"Мабыць, яна падумала, што я меў на ўвазе яе гоны за самцамі. Між тым умяшалася яшчэ цётка, якая была не ў ладах з маёю маці. Галас праз гэта ўзмацніўся. Сварку пачуў мой бацька-прапойца і пачаў дубасіць і вінаватых, і невінаватых. У дадатак да ўсёй злыбеды малодшы брат сцягнуў матчын кашалёк і знік: напэўна ў кіно ці іншае падобнае месца. А я... а я сапраўды..."

Paп замоўк і, закрыўшы твар абедзвюма рукамі, заплакаў. Мне, натуральна, стала яго шкада. Адначасова я прыгадаў, з якой пагардай ставіўся паэт Ток да існуючага ў Капчакіі сямейнага ўкладу. Паляпаўшы студэнта па плячы, прыняўся, наколькі мог, суцяшаць і супакойваць яго.

"Ну, хопіць. Падобнае здараецца ўсюды і часта. He вешай дзюбы!"

"Ды калі б... калі б яна хоць не згніла ў мяне".

"Тут ужо нічога не зробіш. Кінь мардавацца, Пойдзем лепей да Тока".

'Ток адвярнуўся ад мяне, таму што я не такі рашучы, як ён, і не магу кінуць сваёй сям'і".

"Тады пойдзем да Крабака".

Пасля таго канцэрта мы з Крабакам пасябравалі. I я вырашыў наведаць вялікага музыканта, узяўшы з сабою Рапа. Крабак жыў шыкоўней, чымся Ток, але не настолькі шыкоўна, як капіталіст Гейл. У пакоі, застаўленым усялякімі рарытэтамі, a менавіта тэракотавымі фігуркамі і персідскай керамікай, стаяла турэцкая канапа, на якой пад уласным партрэтам выбітны музыка любіў забаўляцца са сваімі дзецьмі. Цяпер, аднак, музыкант сядзеў надзвычай пануры, скрыжаваўшы рукі на грудзях. На падлозе валяліся шматкі паперы. Студэнт Paп y кампаніі з паэтам Токам часам прыходзіў сюды і, зразумела, быў знаёмы са славутым музыкатворцам. Але гэтым разам Крабак унушаў майму спадарожніку боязь, і ён, ветліва пакланіўшыся, сціпла ўмасціўся ў куточку пакоя. Павітаўшыся, я тут жа запытаў знакамітага музыканта:

"Крабак, што здарылася?"

"Што здарылася? Доўбень гэты, крытык, сцвярджае, што мая лірыка ў параўнанні з лірыкай Тока нікуды не варта".

"Ты ж музыкант".

"Музыкант... Гэткія закіды ў мой бок можна было б вытрываць. А ён жа даводзіць яшчэ, што я ў параўнанні з Рокам не заслугоўваю нават звацца музыкантам".

Рок не быў, на жаль, сябрам клуба звышчалавекаў, і я ні разу не размаўляў з ім. Праўда, мне даводзілася часта бачыць на фатаграфіях яго валявое аблічча з задраным носам.

"Рок таксама геній. Адно што Рокава музыка не мае той сучаснай палымянай страснасці, якой поўніцца твая музыка".

"Ты на самой справе так думаеш?"

"Безумоўна".

Крабак нечакана ўскочыў, схапіў адну са сваіх танагрскіх статуэтак і шпурлянуў яе на падлогу. Нема закрычаў успуджаны Paп i кінуўся быў на ўцёкі. Музыкатворца падаў знак рукою, каб студэнт і я супакоіліся, і холадна сказаў: "Твой музычны слых – гэта слых просталюдзінаў. А я... я баюся Рока".

"He прыбядняйся".

"Ды хто прыбядняецца? Калі ўжо на тое пайшло, то сціплым я выдаваў бы сябе куды больш перад крытыкамі, чымся перад табою. Я... Крабак, я геній. I ў гэтых адносінах Рока не баюся".

"А чаго ты баішся?"

"Чагосьці рэальнага, але невядомага... ну, скажам, зоркі, якая вызначае лёс Рока".

"Я нічога не разумею".

"Зараз патлумачу, і ты зразумееш. Рок не паддаецца майму ўплыву. Што ж датычыцца мяне, то я так ці іначай увесь час знаходжуся пад уплывам Рока".

"Успрымальнасць твая..."

"Ты выслухай мяне! Успрымальнасць ці нешта падобнае тут ні пры чым. Рок працуе спакойна і стварае тое, што можа ствараць толькі ён адзін. Акурат гэта і нервуе мяне. Калі глядзець на рэчы вачыма Рока, дык нас, мусіць, падзяляе адлегласць у дзесяткі міль".

"Аднак ваша гераічная сімфонія, сэнсэй..." – паспрабаваў было пярэчыць Paп.

Вузенькія вочкі Крабака звузіліся яшчэ больш, і ён грэбліва паглядзеў на студэнта.

"Памаўчы! Я ведаю Рока. Я ведаю Рока лепей, чым усе тыя сабакі, што лашчацца ў яго каля ног".

"Ну, добра, супакойся".

"Калі б я мог супакоіцца. Я толькі і думаю аб ім. Нейкая невядомая нам істота паставіла Рока на маім шляху, каб з мяне, Крабака, паздзекавацца. Гэта вельмі добра ведае філосаф Маг, нягледзячы на тое, што ён пры святле свайго каляровага ліхтарыка чытае адно старадаўнія кнігі".

"Адкуль такая выснова?"

"Пазнаёмся з яго найноўшым творам "Слова ідыёта".

Крабак падаў, ці, дакладней, шпурлянуў мне кнігу. Потым ён скрыжаваў рукі на грудзях і бесцырымонна прамовіў: "На сягонняшні дзень хопіць. Да пабачэння".

Неўзабаве я і зусім ужо замаркочаны Paп апынуліся на вуліцы. А тут, як заўсёды, мноства пешаходаў; у засені букавых алеяў рады ўсялякіх шапікаў і магазінчыкаў. Мы ішлі моўчкі. Раптам насустрач крочыць доўгавалосы паэт Ток. Убачыўшы нас, ён дастаў са складкі на жывоціку насоўку і выцер ёю некалькі разоў свой нос.

"Э, колькі часу мы не бачыліся. А я збіраюся наведаць Крабака. Даўненька ў яго не быў".

Мне не хацелася, каб гэтыя два дзеячы мастацтваў пасварыліся, і я намёкамі даў зразумець Току, што Крабак зараз у дрэнным настроі.

"Вось як! Тады не пайду. Крабак жа неўрастэнік. Мяне таксама тыдні тры ўжо мучыць бяссонніца".

"Ці не хочаш прагуляцца з намі?"

"Ніякіх прагулак на сягоння. Ой!" – закрычаў раптам Ток і моцна абхапіў маю руку. Па ўсім ягоным целе выступіў халодны пот.

"Што з табою?"

"Мне падалося, што з вакна вунь таго аўтобуса высунула галаву зялёная малпа".

Крыху занепакоены, я параіў паэту звярнуцца да доктара Чака. Ды што я далей ні гаварыў, Ток не падаваў аніякіх прыкмет згоды. Больш таго, ён пачаў неяк падазрона глядзець на нас, а потым нечакана прамовіў: "Я сапраўды ніколі не быў анархістам. Прашу вас, не забывайцеся. Да пабачэння. Ад Чака ўсцеражыце мяне, калі ласка".

Разгубленыя і збянтэжаныя, мы тапталіся на месцы і глядзелі ўслед Току. Мы... не, ужо не мы, бо студэнт Paп неўзаметку для мяне апынуўся пасярод вуліцы і, нахіліўшы галаву, глядзеў праз шырока расстаўленыя ногі на бясконцую плынь машын і пешаходаў. "Можа, і гэты капа з'ехаў з глузду", – падумаў я і наблізіўся да студэнта, каб яго падняць і выпрастаць.

"Ты, здаецца, не шуткуеш. А калі так, дык што ты робіш?"

Paп некалькі разоў працёр вочы і неспадзявана для мяне зусім спакойна адказаў: "Нічога асаблівага. Проста мяне апанаваў нейкі сумны настрой. Вось і рашыў я паглядзець на сусвет, калі ён перавернуты дагары нагамі. Але сусвет не змяніўся".


11
  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка