Ростислав янковский: «шляхцiч-беларус, якому пасуе прозвiшча янкоускi»




Дата канвертавання01.05.2016
Памер50.69 Kb.
06.02.2010. РОСТИСЛАВ ЯНКОВСКИЙ: «ШЛЯХЦIЧ-БЕЛАРУС, ЯКОМУ ПАСУЕ ПРОЗВIШЧА ЯНКОУСКI»

«КУЛЬТУРА»

Уладзімір АРЛОУ, кінарэжысёр

На сцэне і экране Расціслаў Іванавіч за доўгае акцёрскае жыццё ўвасобіў, здаецца, усе магчымыя характары, усе праявы чалавечых пачуццяў: быў шчырым, злодзеем, хітруном, дабрадзеем, забойцам, самаахвярнікам; змяняў абліччы, становячыся генералам, царом, пралетарыем, каралём, ценем, чыноўнікам- бюракратам, д'яблам- чараўніком... Яго героі дзейнічалі ў розных эпохах, належалі да розных сацыяльных слаёў і нацыянальнасцей. У самы, бадай, цяжкі перыяд жыцця – адразу пасля шпіталя – ён здымаўся ў «Праклятым утульным доме» і сыграў тут персанаж, які яму яшчэ не даводзілася ўвасабляць... З трыццаці трох серый фільма стары Брыніцкі – так герой Янкоўскага завецца па ролі – дзейнічае ў семнаццатай, якая нібыта цалкам «належыць» яму. Навальнічнай ноччу ён маланкай урываецца ў пракляты, а некалі ўтульны, дом, ужо сам, па сутнасці, асуджаны на смерць, перад пагібеллю, – і ў дзявочым ложку дачкі знаходзіць... распранутага мужчыну!.. Гэтая творчая сустрэча адбылася на трыццаць сёмым годзе нашага знаёмства.

Кантактавалі мы з лета 1957 года: Расціслаў толькі- толькі прыехаў з тэатра Ленінабада. Абодва пачыналі «жыццё ў кіно» на «Чырвоным лісці»: для яго гэта быў першы выхад да кінакамеры, я ж да таго, адразу пасля школы, адпрацаваў усяго памочнікам на «Міколцы- паравозе».

Усе Янкоўскія пасяліліся ў грымёрцы Рускага тэатра, у трупу якога быў запрошаны галава вялікай сям'і: ён з жонкай Нінай, малы сынок Ігар і малодшы брат Алег, які і не марыў аб акцёрстве. Як сытна і весела, а галоўнае – прасторна было там ладзіць пасляздымачныя застоллі!.. Усё забываюся спытацца: ці не ў ёй жа і па сёння рыхтуецца да выхаду на сцэну Горкаўскага тэатра Расціслаў Іванавіч?

Славутае «Чырвонае лісце»!.. Пастаноўшчык Уладзімір Корш- Саблін, майстар адкрываць новыя «твары» для экрана, запрасіў Янкоўскага паспрабавацца на галоўную ролю – Андрэя, правобразам якога быў Сяргей Прытыцкі, яго ж партнёркай мусіла быць актрыса Ніна Ургант. Не ведаю, чым абое не падышлі рэжысёру на галоўных герояў, але Янкоўскаму ў выніку была прапанавана другасная роля падпольшчыка Віктара. Пра тыя здымкі ў Вільнюсе Расціслаў Іванавіч узгадвае ў маім фільме «Разам з ім», які быў зняты да 100-годдзя Уладзіміра Корш- Сабліна:

- Загадвае Корш нешта рабіць перад камерай... А чаму туды ісці? Чаму бегчы? Чаму хавацца ў падваротню? Ад каго? Пытанні ўзнікалі, але ўсё пакорліва выконваў моўчкі. Калі ўжо прагледзеў гатовы фільм – нешта пачаў усведамляць... Болей на здымачнай пляцоўцы яны не сустракаліся – у кожнага працягваўся асобны шлях: Корш усё заглыбляўся ў гісторыю краіны, а Янкоўскі, час ад часу здымаючыся ў іншых рэжысёраў, абраў мэтай заваёву вяршынь тэатральных здзяйсненняў.

* * *


Год за годам адточвалася майстэрства, пераадольваліся прыступкі да статуса першага акцёра мінскай сцэны. Тэатральныя стварэнні Янкоўскага былі разнастайныя, незабыўныя: Віктар у «Іркуцкай гісторыі», Макбет у аднайменным спектаклі, бліскучыя дуэтныя работы ў «Вячэры», пастаноўках «Двое на арэлях», «На залатым возеры», Воланд у «Майстры і Маргарыце», Пабеданосікаў у «Лазні», Пётр – сыназабойца ў «Хрыстосе і Антыхрысце», у «Гамлеце» – Цень бацькі Гамлета і Клаўдзій... А яшчэ – Маціяс Клаўзен у трагедыі «Перад заходам сонца», які скалануў Маскву пад час мінулагодніх гастролей тэатра. Туды ён паехаў, літаральна ўскочыўшы са шпітальнага ложка. Таму што ён – «невылечна хворы» на тэатр, апантаны акцёрствам творца, неўтаймоўны мастак-працаголік. Іграць на сцэне ці перад камерай для яго – найлепшыя лекі! Даўно яго зразумеўшы, тым і я скарыстаўся, прыступаючы да здымак той самай, 17й серыі, якая, па з'яве Брыніцкага, называецца «Нечаканы госць».

Да таго яшчэ была нядоўгая сустрэча на «Мосфильме» пад час здымак «Усёй каралеўскай раці». Ён іграў айчыма галоўнага героя Джэка (Міхаіл Казакоў) са сваёй шматгадовай партнёркай Аляксандрай Клімавай (Маці Джэка) нароўні са славутымі зоркамі савецкага кіно першай велічыні. Вынік: з Таццянай Лаўровай аб'ездзіў увесь СССР са спектаклем «Двое на арэлях», дабраўшыся да Камчаткі, дзе перадаў пакунак ад родзічаў «салагу» Нікіце Міхалкову, які там у той час служыў. Айчым – бізнесмен атрымаўся ў Янкоўскага стрыманым, жорсткім хватам, які павадкі фінансіста- драпежніка прыхоўвае свецкімі манерамі і дзяжурнай усмешкай. У сцэне прыёму ў ягоным доме, у нязмушанай гутарцы з героямі Казакова, Плята і Клімавай, абмяркоўваў ён закулісныя махінацыі з такімі ж алігархамі- прагматыкамі, ролі якіх выконвалі акцёры Сямён Сакалоўскі і Лайманас Нарэйка. Персанаж Янкоўскага быў сваім, нават лідэрам у той кампаніі драпежнікаў.

* * *

Пра тое, што ў серыяле «Пракляты ўтульны дом» Янкоўскі будзе іграць Брыніцкага, мы дамовіліся загадзя, яшчэ па вясне. Па сваіх рэжысёрскіх разліках я імкнуўся перш за ўсё здымаць найбольш складаныя і цяжкія сцэны, да таго ж, сам Дом яшчэ не быў адрэстаўраваны, а таму здымкі серыі «Нечаканы госць» не ўваходзілі ў мае бліжэйшыя планы.



Пры маім чарговым кароткім з'яўленні з экспедыцыі ў Мінску пад час тэлефоннай размовы Слава сказаў, што ён хворы. Ну з кім не бывае? Хворы – ачуняеш, ды і 17- ю серыю я пакуль здымаць не збіраўся. Праз нейкі месяц пры сходных абставінах ён яшчэ раз нагадаў пра хваробу і прапанаваў мне шукаць на ролю Бацькі Саламеі іншага артыста. Тое ж настойліва раіў пры наступных перамовах... Ды дзе ж яшчэ адзін такі Янкоўскі знойдзецца?! А галоўнае, я разумеў, што лепшыя лекі для артыста – новая роля. Тым больш, для такога апантанага творчасцю, як ён.

...Прыехаў ён проста са шпіталя, з жонкай Нінай: схуднелы, засмучаны, са стомленым тварам – ролі гэта вельмі пасавала; папрасіў аддаць яму кухню ў нашым шматпакаёвым, ужо адрэстаўраваным, доме, каб там адпачываць паміж дублямі і з дапамогай Ніны праводзіць неабходныя працэдуры... Божухна, як сёння, амаль праз пятнаццаць гадоў, рады, калі бачу, як ён, поўны сіл, лётае па паверхах неабсяжнай дэкарацыі ў «Гамлеце», ператвараючыся з Клаўдзія ў Цень бацькі героя, або выходзіць у смокінгу, адкрываючы штогод чарговы «Лістапад»!.. Ён, як і Віктар Тарасаў, і Данатас Баніёніс, стаў перад камерай з веданнем 30 старонак тэксту – вось першае, чым адрозніваецца народны артыст СССР: стаўленнем да ролі, падрыхтаванасцю да працы. I ўсе сцэны ў яго – дуэтныя; усё было ім прадумана ва ўласнай ролі – заставалася адно стварыць адпаведную атмасферу, выбудаваць кадр, каб перадаць складаныя перажыванні Брыніцкага. Мы з аператарам і мастакамі стараліся, як толькі маглі.



* * *

...Змораны доўгай дарогай вершнік, змоклы ў навальніцу, але ўсё ж бравы, урываецца ён ноччу ў Дом. У руках – шабля (музейная, сапраўдна – шляхецкая, з выкшталцоным эфесам!), з якою ён абыходзіцца, бы які галівудскі Эрол Флін, што фехтаваў у паўсотні «пірацка- мушкецёрскіх» фільмаў! У размове з дачкой ён – сентыментальны бацька: як можа суцяшае яе, асэнсаваўшы асуджанасць сябе і ўсяго паўстання на пагібель, але не забываецца і на бацькоўскі абавязак захоўваць гонар дачкі, літаральна «вытрасаючы» са Сцяпана праўду пра паўстанца, што знаходзіцца ў яе ложку. І бліскучая апошняя сцэна: вячэра. Брыніцкі ў апошні раз аглядае свой дом, мілую дачушку. На доўгім буйным плане акцёра лагодна гучыць дзівосная музыка Уладзіміра Солтана. Пан, як і належыць, зазвычай высакамерны да халопа, змірыўся з іх агульным гаротным лёсам; запрашае прысесці яго да стала:



- Сядай... Каша стыне. Такія процілеглыя, складаныя пачуцці – і ўсяго ў некалькіх сцэнах серыі! Перадаць іх было пад сілу толькі выдатнаму акцёру -шляхетнаму і высакароднаму Расціславу Янкоўскаму.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка