Роля традыцый у фарміраванні нацыянальнай культуры




Дата канвертавання13.06.2016
Памер58.81 Kb.


powerpluswatermarkobject42904582



Дрыгін А.В., г. Мінск

Роля традыцый у фарміраванні нацыянальнай культуры

Беларусь мае глыбокія культурныя карані і багатую спадчыну, якія з’яўляюцца найбольш каштоўнымі здабыткамі нацыі. Гістарычна склалася, што звычаі, маральна-этычныя нормы, погляды, густы, правілы і абрады, якія вызначаліся сваёй неабходнасцю, значнасцю і актуальнасцю, перадаваліся з пакалення ў пакаленне і сталі звыклымі на ўзроўні грамадскай свядомасці. Усё вышэйадзначанае адносіцца да нацыянальных традыцый беларусаў.

Традыцыя (лац. traditio – перадача, паданне ад trado перадаю) – звычаі, парадкі, правілы, паводзіны і погляды, якія складваюцца гістарычна ў жыцці кожнага народа ці калектыву, перадаюцца з пакалення ў пакаленне [2].

Традыцыі – у шырокім сэнсе – культурная спадчына народаў, сусветных і рэгіянальных цывілізацый, якія актуалізуюцца ў кантэксце сучаснасці, служаць асновай для развіцця нацыянальнай культуры і надаюць ёй цэласнасць і самабытнасць [1].

Кожнае пакаленне атрымлівае ў спадчыну вызначаныя нормы, правілы паводзін, звычаі, стэрэатыпы, накіраваныя на вырашэнне праблем, якія ўзнікаюць і паўтараюцца ў кожным пакаленні. Гэтыя правілы замацоўваюцца менавіта дзякуючы сваёй неабходнасці, зручнасці авалодвання і ўжывання, паспешнасці вырашэння праблем. Нягледзячы на тое, што часам традыцыі ўключаюць у сабе адбітак невуцтва, жорскіх нораваў, гістарычны шлях склаўся так, каб вызначыць і замацаваць лепшыя ўзоры працы, бытавых адносін і данесці гэтыя ўзоры да новых пакаленняў, як эталоны дзеянняў, пачуццяў і думак. Традыцыі замацоўваюць дасягненні грамадскага і асабістага жыцця, становяцца ўстойлівымі захавальнікамі набыткаў мінулага.

Традыцыі нараджаюцца пад уплывам гістарычных, эканамічных і сацыяльных умоў, з’яўляюцца адлюстраваннем узаемаадносін людзей у грамадстве. Яны выступаюць як рэгулятары паводзін людзей, паколькі з’яўляюцца сродкам фарміравання і замацавання пачуццяў, настрояў, думак і звычаяў, якія абумоўліваюць паводзіны людзей, у тым ліку псіхалагічны стан асобы. Народныя традыцыі як сродкі выхавання складаюць сацыяльную і педагогіка-псіхалагічную сістэму, якая можа быць накіравана на вырашэнне важных выхаваўчых задач. Пры гэтым вядучае месца займае народная творчасць і практычная стваральная дзейнасць дарослых разам з дзецьмі, на аснове якіх фарміруюцца ўзоры, прыклады, перайманне і імітаванне.

Няма духоўнай культуры там, дзе няма ўстойлівых народных традыцый. Вялікая іх роля ў духоўным жыцці людзей, у фарміраванні светапогляду, замацаванні працоўнага вопыту і маралі. Яны адлюстроўваюць і замацоўваюць істотныя, вызначальныя рысы пэўнага этнасу. З імі звязаны такія паняцці як нацыянальная самасвядомасць, нацыянальная спецыфіка і адметнасць кожнага народу. Традыцыі выконваюць функцыю сродкаў стабілізацыі адносін у дадзеным грамадстве і аднаўлення гэтых адносін у жыцці новых пакаленняў праз фарміраванне духоўных якасцей. Ідэйным зместам традыцыі выступае норма, якая ўказвае агульную накіраванасць паводзін і духоўныя якасці, неабходныя для канкрэтных дзеянняў у вызначанай сітуацыі. Накіраванасць з’яўляецца актыўнай формай адлюстравання патрабаванняў жыцця. У любой сітуацыі яна (у вызначаных межах) дае чалавеку свабоду выбару канкрэтнага ўчынку, і на яго аснове існуе магчымасць імправізаваць паводзіны. Традыцыі ўплываюць на фарміраванне ідэйна-эстэтычных ідэалаў у грамадстве, светапогляду, сістэмы пачуццяў, уяўленняў і ведаў чалавека аб сваёй прыналежнасці да пэўнай нацыі. Яны маюць вялікія магчымасці ў фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці, характару і годнасці, змяшчаюць правераныя і адшліфаваныя сімвалы, якія не даюць прадстаўнікам дадзенага этнасу забыць сваё паходжанне і гісторыю. Такім чынам, традыцыі выступаюць як сродак абуджэння нацыянальнай самасвядомасці, аховы сваёй нацыянальнай культуры ад разбуральнага ўплыву масавай культуры, культур іншых народаў, яны абумоўліваюць ідэі нацыянальнага адраджэння.

Перабольшванне ролі традыцый можа мець таксама негатыўныя вынікі, калі іх выкананне арыентавана толькі на дакладнае ўзнаўленне мінулых ўзораў, а мэтазгоднасць традыцыйнага дзеяння, як і яго функцыянальная накіраванасць, не асэнсоўваецца. Такім чынам, традыцыя можа прывесці да кансерватызму і спынення новых тэндэнцый грамадскага жыцця, да парушэння пераемнасці пакаленняў у развіцці культуры. У такім выпадку традыцыі можна разглядаць як фармальныя ці рэакцыйныя, якія адлюстроўваюць перажыткі мінулых грамадскіх адносін. У адрозненне ад іх прагрэсіўныя традыцыі не згубілі сваёй змястоўнай актуальнасці і асэнсоўваюцца як неабходныя.

Традыцыі з'яўляюцца асновай для наватарства, а наватарскія ідэі абапіраюцца на традыцыі, развіваюць і ўдасканальваюць іх. На гэтай аснове яны фарміруюць новыя традыцыі, якія ў сваім часе паслужаць зыходнымі элементамі наватарства. Аднак новае не павінна ўзнікнуць на руінах старога, якое рушыцца без асаблівага асэнсавання. Традыцыя павінна ўспрымацца як аснова, зыходны пункт, база, на якой будуюцца новыя перспектыўныя культурныя адкрыцці, узмоцненыя запасам ведаў і практычным вопытам мінулых пакаленняў. Традыцыі і наватарствы супрацьлеглыя і адначасова ўзаемазвязаныя, узаемадапаўняльныя тэндэнцыі ў развіцці культуры. Наватарскія рысы не толькі фарміруюцца на падмурку традыцый, але і актуалізуюць іх, уключаюцца ў дынаміку сучаснага творча-культурнага працэсу і паступова самі становяцца традыцыямі. Але праблема традыцый і наватарства не можа быць зведзена да супрацьпастаўлення названых з’яў у якасці антыподаў – новага і старога, такое разуменне значна абмежавана па сваім змесце. Традыцыя не супярэчыць новаму і не выключае яго, а садзейнічае фарміраванню і развіццю новых тэндэнцый, плённа ўплывае на навацыі, жывіць розныя віды мастацтва, стварае непаўторны нацыянальны каларыт.

Важнай праблемай з’яўляецца вызначэнне спецыфікі нацыянальнай традыцыі ў параўнанні з паняццем «традыцыі» ўвогуле. Нацыянальныя традыцыі – гістарычна ўсталяваныя, адносна ўстойлівыя сацыяльныя з’явы, якія паўтараюцца і ўзнікаюць аб'ектыўна ва ўсіх сферах нацыянальнага жыцця, уласцівы пэўным нацыянальным асаблівасцям псіхалогіі той ці іншай нацыі, што перадаюцца, узнаўляюцца з пакалення ў пакаленне і замацоўваюцца праз грамадскую свядомасць [5]. У нацыянальных традыцыях адлюстраваны прыметы этнічных асаблівасцей псіхалогіі, гісторыя народа, вытокі яго развіцця, дзякуючы ім кожны чалавек суадносіць сябе з пэўным этнасам. Праз нацыянальныя традыцыі кожны народ ацэньвае рэчаіснасць самастойна і адчувае сябе непаўторнай, самабытнай нацыяй. Нацыянальныя традыцыі прысутнічаюць ва ўсіх асноўных сферах жыццядзейнасці грамадства і цесна звязаны з культурным, геаграфічным і палітычным асяроддзем. У нацыянальных традыцыях адлюстроўваецца спецыфічная рэакцыя на асаблівасці наваколля, а працяглае ўзаемадзеянне з ім забяспечвае непаўторнасць традыцый кожнага этнасу. Таму нельга лічыць, што розныя народы аднаго рэгіёну маюць адны і тыя ж ідэнтычныя нацыянальныя традыцыі. Безумоўна, адзінае паходжанне і суседскія адносіны прыводзяць да ўзаемапранікнення культурных адметнасцей і стварэння падобных па форме і змесце традыцый. Аднак у іх прысутнічаюць спецыфічныя нацыянальныя асаблівасці, якія вызначаюць іх неаднастайнасць. А сфера дзейнасці нацыянальных традыцый не абмяжоўваецца толькі грамадскай псіхалогіяй, яна ахоплівае ўсе бакі жыцця чалавека і забяспечвае пераемнасць культуры пакаленнямі.

Такім чынам, традыцыі з’яўляюцца своеасаблівым феноменам культуры. Яны адыгрываюць выключную ролю ў перадачы калектыўнага вопыту, у захаванні і ўзбагачэнні духоўнай і матэрыяльнай спадчыны, у забеспячэнні дзейснага развіцця культуры народа і этнаса ў цэлым. Традыцыі суправаджаюць чалавека ўсё жыццё, падтрымліваюць дух народа і не даюць нацыі загінуць. Пры іх страце народ непазбежна аказваецца ва ўмовах крызісу, а часам і губляе сваю нацыянальную адметнасць, самасвядомасць і гістарычную памяць.

Традыцыйная спадчына жыла з беларусамі праз усе стагоддзі, хоць забаранялася, зневажалася і фальсіфікавалася. У сучасны момант асабліва актуальнай становіцца праблема захавання традыцый, якія забяспечаць развіццё і росквіт незалежнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь.

СПІС ЛІТАРАТУРЫ
1. Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 15. Мн., 1996.

2. Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 30 т. Т. 26. М., 1976.

3. Бокань Ю. И., Антонов А. Н. Человеческий фактор: традиции и новаторство. М., 1988.

4. Кабашнікаў К. Месца фальклору ў сучасных славянскіх культурах // Фальклор і нацыянальнае адраджэнне: Матэрыялы ХІІ Міжнар. з’езда славіністаў. Мн., 1998.

5. Капчеля В. М. Национальные традиции: сущность, генезис, перспективы развития. Кишинёв, 1991.

6. Краткая литературная энциклопедия. М., 1972.

7. Тайчынов М. Г., Мингбоев А. Психологические особенности использования народных традиций в воспитательной работе. М., 1991.

8. Мораль, традиции, воспитание: тез. докл. региональной конф., посвящ. 70-летию Великого Октября. Уфа, 1987.

9. Плахов В. Д. Традиции и общество: Опыт философско-социологического исследования. М., 1982.

10. Традиции и обновление. Диалог мировоззрений: материалы Междунар. симпоз. Ч. 1. Н. Новгород, 1995.

11. Украінська Радянська Енциклопедія. Киів, 1984.

12. Философская энциклопедия. М., 1969.

13. Чистов К. В. Народные традиции и фальклор. Л., 1986.

14. Шацкий Е. Утопия и традиция. М., 1990.



15. Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. Мн., 1977.



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка