Роля І месца купецтва беларусі ў працэсе генезісу капіталізму




старонка1/12
Дата канвертавання15.03.2016
Памер2.43 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12

powerpluswatermarkobject373539



Лютый А.М. (2008 г.)

Вучэбна-метадычны дапаможнік


РОЛЯ І МЕСЦА КУПЕЦТВА БЕЛАРУСІ

Ў ПРАЦЭСЕ ГЕНЕЗІСУ КАПІТАЛІЗМУ

Ў ДРУГОЙ ПАЛОВЕ XVIII – ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ XIX СТАГОДДЗЯ
УВОДЗІНЫ

Праблема зараджэння буржуазных адносін у Беларусі ў перыяд позняга феадалізму і фарміравання новых класаў капіталістычнага грамадства з’яўляецца адной з самых актуальных і да канца не даследаванай праблемай у айчыннай гістарыяграфіі. Яна ўключае цэлы шэраг агульна-тэарэтычных і канкрэтна-гістарычных пытанняў, звязаных з асаблівасцямі сацыяльна-эканамічных працэсаў у Беларусі ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст., абумовіўшых працэс генезісу капіталізму ў рамках феадальнай эпохі.

У працэсе вывучэння сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі пераходнага перыяду ад феадалізму да капіталізму выяўляецца неабходнасць усебаковага асвятлення гісторыі купецтва, яго месца і ролі ў фарміраванні гандлёвай і прамысловай буржуазіі, пралетарыяту. Такі падыход абумоўлівае разгляд гэтага саслоўя ў працэсе пераўтварэння яго ў класы капіталістычнага грамадства, даследаванне асноўных параметраў і характарыстык яго сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Выбар купецтва Беларусі ў якасці аб’екта даследавання тлумачыцца і тым, што тут меліся свае асаблівасці фарміравання пралетарыяту і буржуазіі, сацыяльнага і нацыянальнага складу гандляроў, абумоўленых гістарычным развіццём рэгіёна, палітыкай Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі.

Другая палова XVIII – першая палова XIX ст. – гэта пачатковы перыяд фарміравання буржуазных адносін у Беларусі. Нізкія тэмпы развіцця гандлю і таварнай вытворчасці сведчылі пра слабае развіццё працэсу генезісу капіталізму як у эканамічнай, так і ў сацыяльнай сферах. Вузасць унутранага рынка, адсутнасць буйных капіталаў, малая колькасць гільдэйскага купецтва стрымлівалі тэмпы развіцця буйной прамысловасці і фарміравання класаў буржуазнага грамадства ў Беларусі ў перыяд позняга феадалізму.

У вучэбным дапаможніку разглядаецца гісторыя купецкага саслоўя, яго роля і месца ў сацыяльна-эканамічных працэсах у Беларусі другой паловы XVIII – першай палове XIX ст. у рамках сучасных межаў Рэспублікі Беларусь.

Рознага роду падлікі грашовых сумаў падаюцца ў валюце дзяржаў, у склад якіх уваходзіла тэрыторыя Беларусі, пераведзены на срэбны рубаль, курс якога быў уведзены ўказам сената ад 1 ліпеня 1839 г. Усе падаткі, зборы і павіннасці з 1 студзеня 1840 г. на ўсёй тэрыторыі Расійскай імперыі павінны былі плаціцца срэбрам, лічачы 1 руб. срэбрам роўным 3 руб. 50 кап. асігнацыямі [111, c. 97-98].

Праведзена была ідэнтыфікацыя геаграфічных назваў і прозвішчаў.

Даследаваннем розных бакоў праблемы генезісу капіталізму займаліся і займаюцца вядучыя эканамісты, гісторыкі, сацыёлагі, філосафы і цэлыя навуковыя калектывы многіх краін свету, у тым ліку і Беларусі. Большасць даследчыкаў лічыць, што зараджэнне капіталістычнай вытворчасці непасрэдна звязана з разлажэннем і крызісам натуральнай гаспадаркі, з развіццём таварнай вытворчасці, гандлю, узбуйненнем купецкіх капіталаў і пашырэннем унутранага рынку ў рэгіёне.

У Беларусі ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст., у перыяд позняга феадалізму, паступова развіваўся гандаль, павялічылася колькасць гандляроў, але тэмпы развіцця гэтых працэсаў былі вельмі нізкія ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі Рэчы Паспалітай (да яе падзелаў у апошняй чвэрці XVIII ст.) і Расійскай імперыі ў канцы XVIII – першай палове XIX ст.

Высвятленне прычын такога развіцця сацыяльна-эканамічных працэсаў дазваляе даць аб’ектыўны адказ на пытанне аб узроўні, тэмпах і характары генезісу капіталізму ў Беларусі.

Увядзенне ў навуковы зварот раней невядомых крыніц дазволіла па-новаму ахарактарызаваць і сам працэс развіцця гандлю і фарміравання купецкага саслоўя, яго ролю ў фарміраванні буржуазных класаў Беларусі ў перыяд позняга феадалізму. Таму актуальнасць даследавання вызначаецца як навуковай, так і практычнай значнасцю аб’ектыўнага аналізу аднаго з найважнейшых бакоў працэсу генезісу капіталізму ў эканоміцы Беларусі ў вывучаемы перыяд.

Актуальнасць вучэбнага дапаможніка вызначаецца і адсутнасцю ў айчыннай і замежнай гістарыяграфіі комплекснага даследавання дадзенай праблемы, неабходнасцю пераадольвання штампаў і стэрэатыпаў у характарыстыцы працэса капіталізацыі эканомікі Беларусі ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст., якія склаліся ў савецкай гістарычнай навуцы і шырока выкарыстоўваюцца многімі беларускімі даследчыкамі і сёння.

Аўтары вучэбнага дапаможніка зрабілі спробу даць аб’ектыўны аналіз гістарыяграфіі даследуемай праблемы і навуковую характарыстыку крыніц, вызначыць ступень яе распрацаванасці і характар выкарыстаных раней метадалагічных прынцыпаў; паказаць умовы развіцця гандлю і фарміравання купецкага саслоўя ў перыяд позняга феадалізму ў Беларусі; вызначыць узровень, аб’ём і характар унутранага і знешняга гандлю і яго ўплыву на фарміраванне і развіццё купецкага саслоўя ў даследуемы перыяд; даследаваць колькасны, сацыяльны і нацыянальны склад купецтва Беларусі і тэндэнцыю яго змянення, працэс расслаення гэтага саслоўя феадальнага грамадства, яго месца і ролю ў гандлёвай і прамысловай дзейнасці; параўнаць палітыку Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі перыяду позняга феадалізму ў адносінах да купецтва Беларусі; высветліць месца і ролю купецкага саслоўя ў фарміраванні класаў буржуазнага грамадства і ў працэсе генезісу капіталізму ў эканоміцы Беларусі другой паловы XVIII – першай палове XIX ст.

Аўтары спецыяльна не прывязвалі храналагічныя рамкі даследавання да палітычных падзей паследняй чвэрці XVIII ст. – падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння тэрыторыі Беларусі да Расійскай імперыі – хаця наогул адмаўляць уплыву гэтых палітычных падзей на тэмпы і характар генезісу капіталізму нельга. Аналіз фарміравання і развіцця купецкага саслоўя ў перыяд позняга феадалізму разглядаецца ў пераходны час ад феадальных да буржуазных адносін з сярэдзіны XVIII ст. і да буржуазных рэформаў, праведзеных ў 60-я – 70-я гады XIX ст. у Расійскай імперыі. Пасля буржуазных рэформаў другой паловы XIX ст. змяніліся і ўмовы развіцця гандлю і фарміравання купецтва, а таксама яго месца і роля ў сацыяльна-эканамічных працэсах рэгіёна.

Даследаванне грунтуецца на галоўных метадалагічных прынцыпах гістарызма, аб’ектыўнасці і каштоўнаснага падыходаў. У метадалагічную аснову вучэбнага дапаможніка пакладзена сістэма прынцыпаў і метадаў тэорыі гістарычнага пазнання: аналіз і сінтэз, індукцыя і дэдукцыя, лагічны метад, метад пераходу ад канкрэтнага да абстрактнага і наадварот. Былі выкарыстаны і спецыяльна-гістарычныя метады: гісторыка-параўнальны, гісторыка-тыпалагічны і гісторыка-сістэмны. Гэта дазволіла правесці аб’ектыўны і дастаткова поўны аналіз не толькі гісторыі фарміравання купецкага саслоўя ў перыяд позняга феадалізму, але і даследаваць ролю і месца купецтва Беларусі ў працэсе фарміравання буржуазіі і пралетарыяту і генезісу капіталізму ў эканоміцы рэгіёна. Гэтыя працэсы разглядаліся ў развіцці, аналізавалася іх дынаміка з выкарыстаннем статыстычных і матэматычных метадаў апрацоўкі архіўных дадзеных.

Разам з традыцыйнымі метадамі ў даследаванні выкарыстоўваўся фармалізаваны метад, так званы кантэнт-аналіз, калі вызначаюцца лёгка падлічваемыя дадзеныя, з дапамогай якіх і можна высветліць іх якасныя паказчыкі, ці іншымі словамі кажучы, правесці генералізацыю гэтых дадзеных.

Для ўстанаўлення аб’ектыўнасці і верагоднасці масавых крыніц мы выкарысталі карэляцыйны метад і метад графаў (прынцып найбольшай падобнасці), распрацаваных Г.Ф.Эстамброкам.

Выкарыстоўваліся і новыя методыкі для квантатыўнай апрацоўкі статыстычнага матэрыяла (прывядзенне дадзеных да найменьшага паказчыка), распрацаваныя польскім гісторыкам І.Рыхлінавай. Усе лічбавыя паказчыкі згрупаваны і на іх базе складзены табліцы.

Вынікі праведзенага намі даследавання могуць быць выкарыстаны для распрацоўкі новых канцэптуальных падыходаў у вызначэнні і навуковай характарыстыцы складаных працэсаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў пераходныя перыяды. Матэрыялы вучэбнага дапаможніка і высновы можна выкарыстаць для напісання абагульняючых прац па эканоміцы, сацыялогіі і гісторыі, падручнікаў і вучэбна-метадычнай літаратуры, пры падрыхтоўцы агульных і спецыяльных курсаў лекцый па гісторыі Беларусі перыяду позняга феадалізму, у тым ліку па гісторыі развіцця гандлю, фарміраванню купецкага саслоўя, новых класаў буржуазнага грамадства, фарміравання беларускай нацыі ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст.


Глава I

ГІСТАРЫЯГРАФІЯ І КРЫНІЦЫ

Праблема ролі і месца купецтва Беларусі ў працэсе генезісу капіталізму комплексна не даследавалася не ў дарэвалюцыйнай, не ў савецкай гістарыяграфіі. Ніхто з навукоўцаў, у тым ліку і сучасных, не звязвалі развіццё гандлю і фарміраванне купецкага саслоўя з гэтым працэсам у перыяд позняга феадалізму. Яны лічылі, што генезіс капіталізму і эвалюцыя купецкага саслоўя працякалі паралельна. У буржуазнай гістарыяграфіі зараджэнне і развіццё капіталізму разглядалася галоўным чынам як роля гандлёвага капіталу на першай стадыі развіцця новых грамадскіх адносін, якая потым змяняецца прамысловым капіталам. Але гэтыя сюжэты былі характэрны толькі для прац па гісторыі гандлю і абагульняючых даследаванняў па гісторыі Расійскай імперыі, у тым ліку і па гісторыі Беларусі [140, 151, 152, 154, 622].

Класікі марксізму звязвалі праблему зараджэння і развіцця буржуазных адносін у Расійскай імперыі з буржуазнымі рэформамі, з адменай прыгоннага права, хаця і не адмаўлялі, што працэс генезісу капіталізму ў Расіі і асобных яе рэгіёнах пачынаецца яшчэ ў перыяд позняга феадалізму [175, с. 635; 177, с. 547, 548; 178, с. 120, 250, 251, 400, 401; 179, с. 13, 50, 51; 182, с. 4; 496, с. 154].

Г.В.Пляханаў не толькі прадоўжыў, але і паглыбіў ідэі К.Маркса і Ф.Энгельса па праблеме генезісу капіталізму ў Расійскай імперыі і яе асобных рэгіёнах, разгледаў пытанне пра характар унутранага рынку [499, c. 270]. Але Г.В.Пляханаў адмаўляў заканамернасць і гістарычную абумоўленасць зараджэння таварнай вытворчасці [22, c. 577-578].

М.М.Пакроўскі пры разглядзе пытання пра гандлёвую дзейнасць і гандлёвы капітал, спрабаваў даказаць яго рашаючую ролю ў эканоміцы ў XVI – XIX cтагоддзяў [501, c. 10].

Палемізуючы з М.К.Міхайлоўскім, У.І.Ленін адзначаў пашырэнне ў Расіі (прыкладна з XVII ст.) абмену паміж асобнымі рэгіёнамі, рост таварнага абарачэння і канцэнтрацыю мясцовых рынкаў у адзін усерасійскі рынак. Ён пісаў, што “...кіраўнікамі і гаспадарамі гэтага працэсу былі капіталісты-купцы і стварэнне гэтых нацыянальных сувязей было не чым іншым, як стварэннем сувязей буржуазных” [156, c. 153-154]. Таварнае абарачэнне, лічыў У.І.Ленін, папярэднічае таварнай вытворчасці [158, c. 553]. У гэтым працэсе дамініруючую ролю ён адводзіў купецтву.

У 20-ыя – пачатку 30-х гадоў ХХ ст. савецкія гісторыкі знаходзіліся пад уплывам так званай “тэорыі гандлёвага капіталізму”, якую распрацаваў М.М.Пакроўскі, вядучы на той час гісторык.

П.Андрэеў, Г.Зэйдэль, А.Кудраўцаў, А.Лідак лічылі перыяд гандлёвага капіталізму пераходным перыядам, першым этапам развіцця буржуазных адносін, а далейшае пашырэнне феадальных адносін у XVIII ст. тлумачылі павольнымі тэмпамі таварна-грашовых адносін, панаваннем натуральнай гаспадаркі, пашырэннем прыгоннага права [7; 505, с. 88-189; 611, с. 81].

Падтрымліваў тэорыю “гандлёвага капіталізму” і М.В.Доўнар-Запольскі, які лічыў, што XVIII ст. у Беларусі – гэта перыяд упадку эканомікі і толькі пасля далучэння да Расійскай імперыі ў канцы гэтага стагоддзя былі створаны “лепшыя ўмовы для гаспадарчага жыцця краіны” [91, c. 66]. Пераход да таварна-грашовых адносін, на думку аўтара, уплываў і на характар сацыяльна-эканамічнай структуры Літоўска-Беларускай дзяржавы ў XVI – XVIII стст. [91, c. 52-53].

На падобных пазіцыях знаходзіўся і другі беларускі гісторык – К.І.Кернажыцкі, які кваліфікаваў другую палову XVIII ст. у гісторыі Беларусі як якасна новы этап развіцця феадальных адносін. Гэты этап, на думку аўтара, характарызуецца пераходам ад натуральнай да таварна-грашовай гаспадаркі, назапашваннем капіталу. Арэндатары памешчыцкіх гаспадарак і купецтва з’яўляліся капіталістамі таго часу [137, c. 37, 43, 83, 84, 91].

В.М.Якаўцэўскі выступіў супраць пануючага пункта гледжання аб раннім этапе генезісу капіталізму ў XVI – XVII стст., адзначыўшы, што буржуазныя элементы зараджаліся значна пазней і фарміраванне купецкага капітала ў феадальнай дзяржаве яшчэ не сведчыла аб генезісе капіталізму [651, c. 11, 48, 51].

Вялікае значэнне для даследавання дадзенай праблемы мелі навуковыя працы па эканоміцы Расійскай імперыі і яе асобных рэгіёнаў [121; 171; 483; 631; 632]. З’явіліся першыя даследаванні пра сацыяльныя працэсы, якія праходзілі ў гарадах і мястэчках у перыяд позняга феадалізму [591]. Б.Б.Кафенгауз адзначаў нераўнамернасць сацыяльна-эканамічнага развіцця асобных рэгіёнаў Расійскай імперыі і прапанаваў тэрытарыяльна-гістарычны падыход даследавання праблемы генезісу капіталізму [134, c. 5, 9], а І.Р. Шульга звязаў працэс зараджэння і развіцця капіталізму ў Украіне з развіццём гандлю [646, c. 156-169].

У першай палове 60-х гадоў ХХ ст. разгарнулася дыскусія пра ролю купецкага капіталу ў прамысловай вытворчасці і яго развіцці, асаблівасцях, характары ў асобных рэгіёнах Расійскай імперыі. Даследчыкі спрабавалі высветліць: як і ў якіх формах вызначаецца сувязь паміж сферай вытворчасці і сферай абмену; па якой ступені развіцця рыначных адносін можна сцвярджаць аб узроўні развіцця буржуазных адносін у эканоміцы [48, 49].

Падводзячы вынікі дыскусіі А.М.Чыстазвонаў крытыкаваў супярэчлівыя погляды і падыходы да пытання значэння і ролі купецка-ліхвярскага капіталу ў сацыяльна-эканамічным развіцці таго ці іншага рэгіёна [638, c. 453-457].

Даследаванні прамысловай вытворчасці ў Беларусі, роста гарадоў і развіцця гандлю А.П.Грыцкевічам, А.П.Ігнаценкам, В.І.Мялешкам даказалі, што ў XVIII ст. ідзе паступовае развіццё таварна-грашовых адносін і ажыўленне эканамічных сувязяў паміж горадам і вёскай [80; 81; 105; 200, с. 90-91]. Эканамічнае развіццё Віцебска ў XVIII – першай палове XIX ст. даследавана ў манаграфіі Ф.І.Адашчыка [6].

Вывучэнне гісторыі асобных гарадоў у перыяд позняга феадалізму, з’яўленне новых крыніц дазволілі В.У.Чапко ў першым томе пяцітомнай “Гісторыі Беларускай ССР” даць характарыстыку сацыяльна-эканамічнага развіцця гарадоў Беларусі ў першай палове XIX ст. У главе “Эканоміка ў першай палове XIX ст.” аўтар разглядае новыя з’явы ў сацыяльным і эканамічным жыцці – рост колькасці і змяненне сацыяльнага складу насельніцтва, арганізацыя рамеснай і мануфактурнай вытворчасці, стан знешняга і ўнутранага рынку ў Беларусі [76, c. 479-508].

Гэтыя ж пытанні асвятляюцца і ў манаграфіі В.У.Чапко, дзе асаблівую ўвагу аўтар удзяляе перыяду крызіса феадальных адносін (30 – 50-я гады XIX ст.). У манаграфіі разглядаюцца прычыны роста колькасці рамеснікаў і іх размеркаванне па спецыяльнасцям, таварнасць рамеснай і мануфактурнай вытворчасці, змяннні колькасці купецтва гарадоў, накіраванасць і характар іх знешняга і ўнутранага гандлю [637].

А.Ф.Вішнеўскі і А.М.Люты разгледзелі пытанні развіцця гандлю, фарміравання купецкага саслоўя ў гарадах і мястэчках Беларусі ў перыяд позняга феадалізму [40, c. 6-8; 41, c. 27-37; 170]. Закранаў пытанні развіцця гандлю і М.Ф.Болбас [34], але, як справядліва адзначаюць аўтары вучэбнага дапаможніка “Гістарыяграфія БССР. Эпоха феадалізму” З.Ю.Капыскі і В.У.Чапко, спроба М.Ф.Болбаса разгледзіць вельмі шырокае кола пытанняў (умовы эканамічнага развіцця Беларусі, значэнне далучэння Беларусі да Расійскай імперыі, паляпшэнне шляхоў зносін, развіццё гандлю, змяненні колькаснага, сацыяльнага і нацыянальнага складу насельніцтва, рамесная і мануфактурная вытворчасць і інш.) у рамках адной главы, прывялі да таго, што аўтар толькі закрануў шэраг складаных бакоў даследуемай праблемы, а высновы нічым не адрозніваюцца ад высноў, якія зроблены ў “Гісторыі БССР” [146, c. 118]. Такі падыход прывёў аўтара да спрошчанага разумення і тлумачэння працэса разлажэння і крызіса феадальных адносін і прыгоннай сістэмы, а таксама генезісу капіталізму, павярхоўным і спрэчным высновам і характарыстыкам [34, c. 34, 35, 38, 41].

Разглядаючы пытанне аб развіцці гандлю ў Беларусі, аўтар робіць выснову, што к сярэдзіне XIX ст. налічвалася шмат буйных кірмашоў [34, c. 34]. Але архіўныя крыніцы сведчаць пра тое, што ў гэты час назіралася не толькі скарачэнне колькасці кірмашоў, але і аб’ёму гандлёвых абаротаў [170, c. 104-106]. Табліцы, якія склаў М.Ф.Болбас, надрукаваны без спасылак на крыніцы, таму ніхто не гарантуе іх верагоднасць, у тым ліку і сам аўтар, які піша пра гэта [34, c. 240-255].

У апошнія гады айчынныя гісторыкі больш увагі сталі ўдзяляць пытанням фарміравання нацыянальнага рынку і ролі купецтва ў гэтым працэсе [40, 166, 643].

В.В.Швед здолеў дастаткова ўпэўнена даказаць, што ў даследуемы перыяд зарадзіліся і паступова развіваліся буржуазныя адносіны ў вобласці гандлю і сацыяльных працэсаў, якія працякалі ў перыяд позняга феадалізму ў купецкім саслоўі, што праявілася ў эвалюцыі кірмашоў у стацыянарныя формы гандлю у росце колькасці гандлюючых, павелічэнні таварнасці вытворчасці [643].

Але цяжка пагадзіцца з высновамі В.В.Шведа, што большасць рамеснікаў Беларусі працавалі на рынках, а адной з асноўных крыніц папаўнення гарадскога насельніцтва (у тым ліку і тых, хто займаўся гандлем) былі сяляне перыяду крызісу феадальных адносін [643, c. 9-14]. Феадальна-прыгонны характар вядзення сельскай гаспадаркі ў Беларусі перашкаджаў перасяленню сялян у гарады для заняткаў промысламі, рамяством і гандлем. Так, напрыклад, у перыяд з 1830 па 1839 г. архіўныя крыніцы даюць звесткі толькі аб 32 выпадках пераходу сялян у мяшчанскае і купецкае саслоўі. Адной з асноўных крыніц папаўнення гэтых катэгорый гарадскога насельніцтва ў беларускіх губернях, якія ўваходзілі ў “мяжу яўрэйскай аседласці”, было гвалтоўнае перасяленне царскімі ўладамі яўрэяў з сельскай мясцовасці ў гарады і мястэчкі [168, c. 48-58].

У 90-я гады ХХ ст. і ў пачатку XXI ст. было выдадзена некалькі прац аб развіцці гандлю і купецкага саслоўя ў Беларусі ў перыяд позняга феадалізму [25, 191, 610, 640].

М.М.Шаўчэня, напрыклад, справядліва адзначае, што ў галіне гандлёвых адносін палітыка расійскага самадзяржаўя характарызавалася саслоўным прынцыпам, які быў пакладзены ў аснову гандлёвага заканадаўства і прыцярпеў у даследуемы перыяд некаторых змяненняў, абумоўленых новымі з’явамі ў сацыяльна-эканамічным жыцці рэгіёна. Ва ўмовах развіцця гандлёва-грашовых адносін улады Расійскай імперыі былі вымушаны зрабіць некаторыя змяненні ў эканамічнай палітыцы: дазволіць актыўна ўключыцца ў гандлёвы працэс не толькі мяшчанам, але дваранам і сялянам. Аўтар нічога не піша пра “мяжу яўрэйскай аседласці” і мерапрыемствах царызма, якія стрымлівалі магчымасці яўрэяў Беларусі займацца гандлем. М.М.Шаўчэня не звязвае сваё даследаванне з праблемай фарміравання буржуазіі і беларускай нацыі, не параўноўвае ўмовы развіцця гандлю і фарміравання купецтва ў Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі [640, c. 3-19].

Неабходна звярнуць увагу і на абагульняючыя працы па гістарыяграфіі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў перыяд позняга феадалізму. Выданне гэтых прац сведчыла аб жаданні даследчыкаў падвесці вынікі і акрэсліць новыя задачы вывучэння складанейшых праблем у айчыннай гістарыяграфіі [109, 133, 146, 195, 196], але большасць з іх носіць дэкларатыўны характар, а больш дакладней – бібліяграфічны ці даюць аналіз асобных пытанняў, не закранаючы буйных тэарэтычных праблем, пака яшчэ далёкіх ад іх канчатковага рашэння.

Кампрамісны пункт гледжання на праблему сацыяльна-эканамічнага і палітычнага становішча Беларусі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай выказалі беларускія гісторыкі А.Кіштымаў і Я.К.Анішчанка. Першы з іх даказвае, што Беларусь у тыя часы не стала аб’ектам каланіяльнай экспансіі з боку Расійскай імперыі [138, c. 3], а другі аўтар сцвярджае, што праведзеная царскім урадам вернападданніцкая прысяга “... стварыла ідэалагічную падставу для існавання трывалай канцэпцыі аб добраахвотным уз’яднанні Беларусі з Расіяй” [10, c. 35].

Гэтыя высновы не абаснаваны фактычным матэрыялам і не адпавядаюць рэчаіснасці. Палітыка Расійскай імперыі канца XVIII – пачатку XIX ст. змянялася ў залежнасці ад працэсаў, якія працякалі не толькі ў Расіі, але і на тэрыторыі Беларусі.

Дэтальны археаграфічны і крыніцазнаўчы аналіз дакументаў па гісторыі Беларусі перыяду позняга феадалізму можна знайсці ў працах А.П.Ігнаценкі, З.Ю.Капыскага і М.М.Улашчыка [105, 145, 623].

Гэтыя гісторыкі аб’ектыўна адзначаюць, што з актавых дакументаў вялікае значэнне мае Літоўская метрыка – дзяржаўны архіў Вялікага княства Літоўскага з 1386 па 1794 г. Выклікаюць асобы інтарэс фонды, у якіх захаваліся дакументы канцылярыі ВКЛ па сацыяльна-эканамічнаму развіццю Беларусі ў другой палове XVIII ст.: заканадаўчыя акты ў галіне гандлю, завяшчанні, арэндныя дагаворы з купцамі і інш. [105, c. 12].

Выданні дакументаў і матэрыялаў па гісторыі прамысловасці ў перыяд позняга феадалізму дазваляюць прасачыць ролю купецтва Беларусі ў працэсе развіцця капіталістычнай вытворчасці [185, 186]. Матэрыялы вельмі разнабаковыя і вельмі супярэчлівыя. Але з іх дапамогай можна дэталізаваць звесткі пра колькасць насельніцтва, пра развіццё гандлю і шляхоў зносін, рост гарадоў і мястэчак, характар прамысловай вытворчасці.

У зборніку “Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах” [73] выклікае інтарэс апошні раздзел “Беларусь у складзе Рэчы Паспалітай”, у якім ёсць звесткі пра гандаль. Але большую частку дакументаў аўтары запазычылі з раней выдадзеных зборнікаў. М.М.Нікольскі і І.Ф.Лочмель, складальнікі другога тома [84], уключылі ў сваё выданне мноства дакументаў з фондаў розных архіваў краіны. Праўда, архівы Гродна і Вільнюса ў гэты перыяд былі недаступныя для даследчыкаў, і назіраўся значны прабел у дакументальным асвятленні гісторыі Заходняй Беларусі. Вядомыя гісторыкі ўвялі ў навуковы зварот вялікую колькасць архіўных крыніц, але не змаглі абыйсціся без запазычанасці з раней выдадзеных зборнікаў “Матэрыялы да гісторыі мануфактуры ў часы распаду феадалізма”, “Полное собрание законов Российской империи” і інш.

Новыя архіўныя звесткі, у тым ліку і з фондаў Гродна і Вільнюса, былі ўключаны ў мнагатомнае выданне дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі эпохі феадалізму, якое выйшла ў свет у канцы 50-х – пачатку 60-х гадоў ХХ ст. [31].

Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі ў апошняй чвэрці XVIII ст. царскі ўрад паставіў перад мясцова й адміністрацыяй, гаспадарчымі, ваеннымі і навуковымі ўстановамі і арганізацыямі практычную (вельмі часта з фіскальных ці ваенных патрэб) задачу вывучэння становішча краю. Перш за ўсё неабходна адзначыць выданне матэрыялаў камеральных і эканамічных заўваг да геаграфічных картаў, складзеных афіцэрамі генеральнага штабу ў канцы XVIII ст. Да іх належаць “Экономическое камеральное замечание Минской губернии”, “Камерально-экономические и экономические замечания Полоцкого наместничества”, “Топографическое описание Минской губернии” [105, c. 14; 576].

У вучэбным дапаможніку аўтары шырока выкарысталі статыстычныя звесткі і табліцы агульнарасійскага характару, дзе маюцца і дадзеныя па беларускім губерням [481, 612-616, 650]. Вельмі часта статыстычныя звесткі выклікаюць сумненні, бываюць супярэчлівымі і недакладнымі, таму ўвесь фактычны матэрыял па магчымасці пераправяраўся і ўдакладняўся пярвічнымі архіўнымі дадзенымі, мясцовымі матэрыяламі, якія з’яўляліся асновай для складання справаздач губернатараў беларускіх губерняў і статыстычных табліц і зборнікаў.

Значна пашырылі базу крыніц па вывучаемай праблеме матэрыялы па геаграфіі і статыстыцы, якія былі сабраны афіцэрамі генеральнага штабу ў сярэдзіне 50-х гг. XIX ст. [33, 102, 147]. Гэтыя матэрыялы даюць дастаткова поўную характарыстыку сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў дарэформенны перыяд.

Звесткі пра колькасць і склад насельніцтва, у тым ліку і купецтва, развіццё эканомікі, шляхах зносін маюцца ў “Военно-статистическом обзоре Российской империи” [43-46,] і ў памятных кніжках беларускіх губерняў [484, 485], якія выдаваліся губернскімі статыстычнымі камітэтамі з канца 50-х гг. XIX ст.

Для складання статыстычных табліц былі выкарыстаны матэрыялы манаграфічных даследаванняў канца XIX – пачатку ХХ ст. [18, 480, 607, 608, 618].

Крыніцамі па знешняму гандлю Беларусі з’яўляюцца даследаванні Г.Ф.Нябальсіна і М.П.Заблоцкага [99, 203], а таксама матэрыялы “Сборника сведений по истории и статистике внешней торговли России” (Спб., 1902. Ч. 1) [604].

Для параўнання дадзеных статыстычных табліц і архіўных звестак можна выкарыстаць і картаграфічныя матэрыялы. У “Хозяйственно-статистическом атласе Европейской России” (Спб., 1851) [629] ёсць звесткі пра гандаль сельскагаспадарчымі прадуктамі (ільном, цукарнымі буракамі, тытунём, буйнымі рагатымі жывёламі і інш.). У дапаможніку выкарыстаны таксама дадзеныя “Карты промышленности Европейской России”, дзе ёсць звесткі пра фабрыкі, заводы, адміністрацыйных месц па мануфактурнай частцы, кірмашах, шляхах зносін, мытнях, прыстанях, каранцінах і інш., “Карты путей сообщения Европейской России” і ненадрукаванага атласа міністэрства ўнутраных спраў за 1860 г., складзенага М.А.Малюціным [549].

Багаты фактычны матэрыял маецца і ў даследаваннях польскіх гісторыкаў, прысвечаных сацыяльна-эканамічнаму і палітычнаму развіццю Рэчы Паспалітай у другой палове XVIII ст. У гэтых працах ёсць звесткі і тэарэтычныя высновы пра характар, тэмпы і храналагічныя рамкі працэсу генезісу капіталізму ў Польшчы і асаблівасцях яго развіцця ў Беларусі [668, 683, 696, 699, 704].

Асноўнымі крыніцамі, якія дазваляюць вызначыць колькасць і склад купецтва Беларусі ў вывучаемы перыяд, з’яўляюцца матэрыялы перапісаў насельніцтва Расіі (IV—X) [114]. На аснове гэтых дадзеных складаліся “окладные книги”, якія захаваліся ў Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве ў Санкт-Пецярбурзе (РДГА) (фонд 571). Падрабязны аналіз рэвізкіх сказах, як гістарычнай крыніцы, дадзены ў манаграфіі С.Вахтрэ з вялікім рэзюмэ на рускай мове [708]. Звесткі рэвізій неабходна дапаўняць архіўнымі матэрыяламі, на аснове чаго і былі складзены табліцы колькасці гандлюючых, у тым ліку гільдзейскага купецтва.

Большая частка архіўных матэрыялаў уводзіцца ў навуковы зварот упершыню і былі знойдзены ў РДГА, Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы (ДГАЛ), Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Мінску і Гродна (НГАБ, НГАБ у Гродна) і Archiwum Glowne Akt Dawnych w Warszawie (AGAD).

Многія матэрыялы РДГА дубліруюць матэрыялы архіваў НГАБ і НГАБ у Гродна, але асобныя фонды і справы значна дапаўняюць базу крыніц па вывучаемай тэме. Так, напрыклад, у “Экономических замечаниях к атласам” беларускіх губерняў (фонд 1350, воп. 312) ёсць звесткі пра эканамічнае развіццё Беларусі канца XVIII ст., у тым ліку пра склад і колькасць купецтва, знешні і ўнутраны гандаль: фонд 40 – пра купецкія грамадствы, пра заснаванне новых прамысловых прадпрыемстваў і іх уладальнікаў, пра дазвол вольным сялянам запісвацца ў мяшчанскае і купецкае саслоўі.

Указам сената ад 7 ліпеня 1811 г. у складзе міністэрства ўнутраных спраў быў утвораны дэпартамент мануфактур і ўнутранага гандлю (фонд 18) [514]. У 1819 г. гэты дэпартамент быў перададзены ў падпарадкаванне міністэрства фінансаў, у склад якога ўваходзіў і аддзел унутранага гандлю. У гэтым фондзе ёсць звесткі пра развіццё прамысловасці: ведамасці з дадзенымі пра аб’ём выпускаемай прадукцыі, яе прадажу, пра развіццё ўнутранага і характар знешняга гандлю, пра колькасць лавак у гарадах і мястэчках, суднабудаванне і суднаходства.

Звесткі пра сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі прыведзены ў справаздачах губернатараў і паліцыі, якія сабраны ў 13, 1263, 1274, 1284, 1287, 1297 і інш. фондах РДГА. Першыя справаздачы губернатараў былі складзены ў Беларусі ў 1814 г., а апошнія – у 1916 г. і толькі па асобным губерням. Яны складаліся нерэгулярна, галоўным чынам пры змене губернатараў. Да 1837 г. справаздачы паступалі ў міністэрства замежных спраў, а з 1827 па 1837 г. паралельна з справаздачамі па губерням складаліся і “всеподданнейшие” данясенні губернатараў з аглядам губерняў [166, c. 43]. Справаздачы губернатараў захаваліся ў асноўным у фондах дэпартамента агульных спраў міністэрства ўнутраных спраў (фонд 1284), савета міністра ўнутраных спраў (фонд 1281) і канцылярыі міністэрства ўнутраных спраў (фонд 1282). Па былым акраінам Расійскай імперыі справаздачы захоўваюцца ў фондах западнага камітэта (фонд 1267) і камітэта па справах Царства Польскага (фонд 1270).

Акрамя агульных звестак пра развіццё прамысловасці ў раздзеле “Грамадская ўпарадкаваннасць” ёсць дадзеныя пра ўдзел у гандлі і занятках промысламі і рамяством безтэрмінова адпушчаных і адстаўных чыноў [164, c. 21].

Дадзеныя справаздач губернатараў былі не заўсёды дакладнымі. Ва ўмовах бюракратычнай Расіі, адзначаюць даследчыкі, губернатары былі фактычна безкантралюемымі ўладарамі вялікіх адміністратыўных рэгіёнаў і, спрабуючы ўпрыгожыць існуючае становішча спраў, замоўчвалі ці скажалі факты [93, c. 240].

Для статыстычных зборнікаў і справаздач губернатараў былі характэрны тыя ж недахопы, што і для адміністрацыйнай статыстыкі Расійскай імперыі ў цэлым. Зборам звестак займаліся ў асноўным паліцыя (спраўнік і станавы прыстаў), валасныя праўленні, а таксама казённыя палаты і прадвадзіцелі дваранства. З 1835 г. пачынаюць утварацца статыстычныя губернскія камітэты, але да 26 снежня 1860 г. (да выхада новага палажэння) яны фактычна бяздзейнічалі [93, c. 241].

У фондах спецыяльнага статыстычнага камітэта міністэрства ўнутраных спраў (фонд 1290) і асабістай яго імператарскай вялікасці канцылярыі (фонд 1409) сабраны справы, якія даюць звесткі пра колькасць насельніцтва па губерням у цэлым, а з 1842 г. – таксама па гарадах і ўездах, па саслоўям і веравызнанні.

Трэба адзначыць, што падаўляючая частка архіўных матэрыялаў захоўваюцца ў фондах НГАБ і НГАБ у Гродна.

Асобае месца ў базе крыніц займаюць матэрыялы фондаў канцылярыі мінскага (фонд 295), віцебскага (фонд 1430), магілёўскага (фонд 2001) і гродзенскага (фонд 1) гражданскіх губернатараў. Тут захоўваюцца не толькі копіі справаздач і аглядаў губернатараў, але і пярвічныя матэрыялы для іх падрыхтоўкі, што дазволіла ўдакладніць многія факты і статыстычныя матэрыялы.

Блізкія па характару і звесткі, якія захоўваюцца ў фондах намесніцкіх праўленняў (фонд 2002 – магілёўскае намесніцтва; фонд 2567 – полацкае намесніцтва), а таксама канцылярыі віцебскага, магілёўскага і смаленскага генерал-губернатара (фонд 1297).

У фондах гарадскіх дум, якія былі створаны ў Беларусі Екацярынай П 21 красавіка 1785 г. [512], і магістратаў утрымліваюцца звесткі пра арэнду млынаў, зямель, гарадскіх гандлёвых лавак і прамысловых прадпрыемстваў. Праўда, неабходна адзначыць, што звесткі з фондаў магістратаў маюцца не па ўсіх гарадах Беларусі, а толькі па Мінску (фонд 149), Бабруйску (фонд 151), Мозыру (фонд 164), Рэчыцы (фонд 168), Слуцку (фонд 172), Докшыцам (фонд 529), Несвіжу (фонд 530), Гродна (фонд 1792), Лідзе (фонд 1794), Кобрыну (фонд 1929), Магілёву (фонд 2109) і Суражу (фонд 2941). У фондах іншых магістратаў звесткі па даследуемай праблеме адсутнічаюць. Частка дакументаў, якія датуюцца канцом XVIII ст., складзены на польскай мове і захаваліся ў рукапісах [421, 422].

Некаторыя звесткі пра гандлёвыя і прамысловыя прадпрыемствы, налогі з нерухомасці пачэрпнуты з фонду 333 (Мінская казённая палата), а таксама з фондаў павятовых казначэйств (фонд 335, 336, 2181, 2794).

Звесткі пра сацыяльна-эканамічнае развіццё Гродзенскай губерні маюцца ў фондах гродзенскага губернскага праўлення (фонд 22), магістрата Ліды (фонд 676) і часовай гродзенскай выканаўчай камісіі Часовага Літоўскага ўраду ў Гродна (фонд 1168).

Значны фактычны матэрыял па даследуемай праблеме знаходзіцца ў фондах Цэнтральнага архіва старажытных актаў у Варшаве (AGAD w Warszawie). Эканамічнаму развіццю прысвечаны матэрыялы па гісторыі магнацкіх родаў Браніцкіх, Панятоўскіх, Патоцкіх, Радзівілаў, Замойскіх і інш.

Усе матэрыялы і статыстычныя дадзеныя падвергнуты параўнальнаму аналізу і матэматычнай апрацоўцы. Неабходна выкарыстоўваць фармалізаваны метад, ці так званы кантэнт-аналіз, сутнасць якога зводзіцца к вызначэнню параўнальных дадзеных розных па свайму характару крыніц. Вынікі аналізу былі зведзены ў табліцы. Для ўстанаўлення верагоднасці масавых крыніц выкарыстоўваўся карэляцыйны аналіз. Але недахопам фармалізаваных метадаў з’яўляецца тое, што далёка не ўсё багацце зместу дакумента можна выкарыстаць з дапамогай лічбавага матэрыялу. Шэраг даследчыкаў адзначаюць вялікі ўплыў суб’ектыўнага фактару пры распрацоўцы праграм для матэматычнай апрацоўкі архіўных дадзеных [628].

Неабходна сумяшчаць матэматычныя метады апрацоўкі і аналізу дадзеных з традыцыйным лагічным аналізам невялікага круга крыніц, які аснованы на метадзе статыстычнай выбаркі, і усе магчымасці спецыяльных метадаў тэорыі гістарычнага пазнання: аналіз і сінтэз, індукцыя і дэдукцыя, пераход ад абстрактнага да канкрэтнага і наадварот. Выкарыстаны і іншыя спецыяльныя гістарычныя метады: гісторыка-параўнальны, гісторыка-тыпалагічны і гісторыка-сістэмны. Гэта дазваляе даць аб’ектыўную характарыстыку развіццю гандлю ў Беларусі і яго ўзровень, паказаць роль і месца купецкага саслоўя ў працэсе генезісу капіталізму ў рэгіёне ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст.



Кантрольныя пытанні:

1. Якая тэндэнцыя была характэрна для буржуазнай гістарыяграфіі вывучаемай праблемы?

2. Назавіце галоўныя накірункі даследаванняў ролі і месца купецтва ў працэсе генезісу капіталізму ў Беларусі ў перыяд позняга феадалізму.

3. У чым заключаецца сутнасць сучаснага падыходу ў даследаванні вывучаемай праблемы?

4. У якіх архівах захоўваюцца асноўныя крыніцы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі другой паловы XVIII – першай паловы XIX ст.?

5. Пералічыце асноўныя метады апрацоўкі і аналізу крыніц па вывучаемай тэме і растлумачце іх сутнасць.


  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка