Родным краем ганаруся




Дата канвертавання30.04.2016
Памер119.33 Kb.




Родным краем ганаруся

Літаратурна-музычная кампазіцыя

Не прадавайце дом бацькоў

Я заклінаю ўсіх сыноў:

Хай будуць цяжкасці любыя –

Не прадавайце дом бацькоў – вас не ўратуюць грошы тыя.


Яны дабра не прынясуць,

Ніколі не дадуць спакою,

Агнём вам рукі апякуць

Нібы праказаю якою.


Не прадавайце дом бацькоў

Вы без яго не пражывеце.

Ён будзе сніцца зноў і зноў

Пакуль вы ёсць на гэтым свеце


Вы да яго яшчэ не раз

З навінай будзеце з’яўляцца:

Пацягне, як злачынцаў, вас

У здрадзе некалі прызнацца.


Ён вам пад восеньскім дажджом

Навее цёплыя ўспаміны

Ды не адчыніць дзверы дом,

Хоць і не раз змахне цішком

З акон-вачэй сваіх слязіну.
В.1.У кожнага чалавека ёсць Радзіма, і кожны любіць яе. Любіць месца, дзе нарадзіўся і жыве. Любіць родную прыроду, сваіх землякоў. Любіць сваю родную мову і песні свайго народа, казкі, танцы, кнігі … Без Бацькаўшчыны і без свайго народа чалавек не можа жыць.
В.2.Тут кожны раз расчулішся да слёз.

Дзень добры, любыя мясціны!

За вёскаю купаўна ад бяроз

I песенна ў сялібах салаўіных.


В.1

Мая краіна, мая Бацькаўшчына…  Усяго чатыры словы, але ж якая моц гучыць у іх, колькі пяшчоты, колькі гонару яны маюць! Наша вечна маладая, заўсёды квітнеючая і такая старажытная беларуская зямля. Наш родны кут…

В.2. Яна мне дадзена адзіная, на ўсё жыццё, на цэлы век.
Мая адзіная, радзімая ў вянках лясоў і стужках рэк.
Заўсёды самая прыветная, як сонца, свеціцца сама,

Жыве, як мара запаветная, і роўных ёй — нідзе няма.


В.2 Давайце разам адчуем радасць ад таго, што мы аддаём даніну павагі нашым бацькам, дзядулям і бабулям, нашым далёкім продкам – заснавальнікам старых і маладых вёсак, паселішч– і разам з усімі зробім крок у тую будучыню, дзе ў беларусаў ёсць свой, не згублены ў вірлівым свеце твар. 

В.1.Менавіта тут, на гэтай прыгожай зямлі, узнікла і наша вёска Атраднае, і хаця мы не знайшлі ў гістарычных дакументах дакладнай даты яе заснавання, ведаем, што яна адносна маладая.

В 2. Уладальнікам зямель, дзе цяпер мы жывём, быў князь Вітгенштэйн, якому належалі яшчэ шэраг зямель у сучасным Любанскім раёне. Бліжэйшы маёнтак Вітгенштэйна знаходзіўся ў суседняй вёсцы Закальное з 1824 года.

Нашы землі тэрытарыяльна адносіліся да Забалацкай воласці Бабруйскага павета.

В. 1 Па ўспамінах старажылаў, мясцовасць, дзе сёння размешчана наша вёска, раней была балоцістая, а пасярод узвышаліся астраўкі, занятыя пашамі і сенакосамі.

Ўзвышаны ландшафт, вакол якога рассцілаюцца балоты і сенакосы, згодна слоўніку беларускіх мясцовых геаграфічных тэрмінаў называюць быч. Так узнікла назва вёскі - Бычкі.

В.2. У гэтых мясцінах пачалі сяліцца людзі, першыя хутары ўтваралі не толькі мясцовыя жыхары, але і прышлыя людзі з другіх месцаў. Самых буйных хутароў было каля дзесяці. Яны належалі Ціхановічу Макару, Калядзе Несцеру, Гладкаму Міхалу, Зубені Майсею, Пыжыку Ігнату, Пыжыку Мікіту, Кульбіцкаму Несцяру, Нямковічу Фёдару. Зямельны надзел Ціхановіча Макара складаў 98 дзесяцін, што адпавядае амаль150 га зямлі. Большасць жа хутароў былі дробнымі. Месца, дзе быў хутар Пыжыка Ігната, уяўляла сабой нізкую лагчыну, якая вясной зачастую была падтоплена вадой.

Карта урочышч на слайдзе

Гэтая назва вёскі праіснавала да 1969 года,затым была заменена на больш прыемную і прыгожую – Атраднае.


2-і вядучы: Зямля для людзей неабходна, як глеба для дрэва. А мова, літаратура кожнай краіны, яе культура — плён гістарычнага развіцця нацыі. Толькі на роднай зямлі чалавек дыхае свабодна, адчувае падтрымку сваіх блізкіх і родных, можа карыстацца спадчынай продкаў.

1.В.Сучасная мова, на якой зараз размаўляюць вяскоўцы, складвалася на працягу доўгага часу і ўвабрала ў сябе адметныя рысы простанароднай мовы бліжэйшых весак, так як сучасныя яе жыхары прадстаўлены выхадцамі з многіх месцаў.

2.В. Аб гэтым гавораць прозвішчы і мянушкі,якія маюць некаторыя жыхары. Найбольш распаўсюджанымі прозвішчамі з’яўляліся Каляда, Зубеня, Гладкі, Кульбіцкі, Пыжык і іншыя.

Напрыклад, Калядой у народзе называлі тых, хто спяваў калядныя абрадавыя песні, абыходзячы суседнія двары, а таксама тых, хто нарадзіўся на Каляды.

Прозвішча Зубеня ўзнікла ад слова зуб. Звычайна такое прозвішча давалася чалавеку, якому палец у рот не кладзі – адкусіць.

Многім жыхарам вёскі аднавяскоўцы давалі і мянушкі. Так Зубеню Паўла Макаравіча называлі Павел Гарачы.

Раней людзі мелі магчымасць паехаць у Амерыку ў пошуках лепшай долі. Ехалі многія. Вось і дзед Паўла, вырашыў прадаць усю гаспадарку, хату і паехаць. Так і зрабіў. Але з паездкай штосьці не атрымалася. У роспачы бацька толькі і сказаў яму: “Вось пагарачыўся” . Так мянушка замацавалася за ўсімі мужчынамі сям’і Зубеняў.

Кіпела праца людзей ( чым карысталіся- старыя рэчы)- пасля рэвалюцыі калгасы – спявалі – вёска сення

В 1Закіпела праца: уручную апрацоўвалі глебу, узводзілі хаты, самі ткалі,шылі боты, выраблялі рэшаты, дзіцячыя калыскі, выраблялі аўчыны і шылі кажухі. У Бычках вырабляў вокны Зубеня Мікалай, рэшаты – Зубеня Макар. Быў свой пячнік –Пыжык Мікалай і Пыжык Марка. Мёду вымяняць можна было ў пчаляра Цвіркі Паўла. Усе жалезныя прылады працы вырабляў Зубеня Андрэй Мікітавіч, ён быў майстар падкаваць каня.

Кірмашоў у вёсцы не ладзілі, часцей хадзілі ў Закальное. Большасць рэчаў бычкоўцы выменьвалі па хатах.

А ці ведаеце вы, якімі прыладамі працы карысталіся нашы продкі. Адгадайце загадкі.



Хлопцы па чарзе загадваюць загадкі.
— Зубаты, а не кусаецца. Што гэта? (Граблі.)
— Маленькі, гарбаценькі, усё поле абскакаў. (Серп.)
— Кругленькі, маленькі, а за хвост не падняць. (Клубок.)
Конь стальны, а хвост ільняны. (Іголка з ніткай.)
— Чым больш кручуся, тым больш таўсцею. (Верацяно.)

В2 Жаночая праца не пераводзілася ніколі.Пралі, ткалі, шылі – і ўсё ўручную.Ткалі літаральна ў кожнай хаце, а набыць прыгожыя посцілкі, ручнікі можна было ў Кульбіцкай Зосі. Майстрыха была на ўсе рукі.

Вечарам пралі, за ноч трэба было саткаць два ручайкі. Дзяўчаткі церлі лён у сушні – дапамагалі дарослым.

Дзяўчына
-А мы лён ірвалі,
У снапы вязалі,
Аббівалі, у полі слалі.
Урадзіўся ў нас лянок,
Белы, слаўны кужалёк.

Дзяўчына
-І мы многа працавалі,
Сеялі, палолі, рвалі,
Пражу пралі,
Кросны ткалі.
Выйшлі посцілкі на славу,
Хоць на ложак, хоць на лаву.

Васіліна
-Вось, якія чараўніцы,
Вось, якія ўсе майстрыцы,
Возьмуць у рукі палатно –
Ажывае ў іх яно.
Каб было лепш працаваць,
Трэба песню заспяваць.

(Працуюць і спяваюць песню)

Песня «Ой прачнуся я ў панядзелак»

У Бычках ткалі ручнікі, палавікі, посцілкі.



(Выходзяць 2 дзяўчыны і нясуць ручнікі. Гучыць музыка.)

  1. я дзяўчына. Вось такія ручнікі для ўпрыгожвання кута, імі не выціраюцца.

  2. я дзяўчына. А такімі ручнікамі павязвалі сваху на вяселлі.

  3. я дзяўчына. А гэтыя вельмі прыгожыя ручнікі служылі для сустрэчы гасцей хлебам-соллю і для ка­равая.

  4. я дзяўчына.Вось такія мяккія, бялюткія, яны патрэбны кожны дзень.


Ручнікі не толькі ўпрыгожвалі інтэр’ер хаты, але і шырока выкарыстоўваліся ў беларускіх абрадах. Некаторыя традыцыі захаваліся і зараз. Маладых перад тым, як пачнецца рэгістрацыя шлюбу, хрышчоныя бацькі запрашаюць стаць на ручнік.

На вяселлі хлебам-соллю на ручніку сустракалі маладых пасля вянчання ў царкве. Ручнікі дарылі родзічам маладога. Самых паважаных гасцей падчас урачыстасцей і зараз сустракаюць хлебам-соллю на прыгожых ручніках.

Хлопец: На ручніках, расшытых пеўнямі,

хлеб-соль падносім да гасцей,

вядзем за стол, каўшамі пеннымі

частуем брагай пагусцей. С.Грахоўскі

1-я дзяўчына.На ручнік стаць - шчасця-долі пажадаць.

Ручніком спавіцца — на век зрадніцца.

Ручнік з цвяточкам — жыццё з мядочкам.

Хлопец: Ручнікі, ручнікі,

Колькі іх разнастайных узораў,

Фарбаў роднай зямлі.

У іх пяшчота, каханне дзяўчат,

Дабрыня і гасціннасць народаў.

Усё ўмелі нашы дзеды,

Нашы дзеды ўсё маглі.

Будавалі гумны, стайні,

Сені, павеці, дамы.

А прылады працы — гляньце:

Цэп, сявенька, кораб, кош,

Ступа, прасніца і пранік,

Незаменны калаўрот.

2:

У хаце вырабы таксама

3 дрэва зроблены, як звон:

Столь і ложак, бочкі, бойкі,

Дзежкі, лыжкі і ўслон.

Вось вам вырабы і з гліны.

Ды не вырабы, а цуд —

Збан, гарлач і гляк, як цацка,

Пазірае на усіх.

3:

Працы шмат было, паверце.



Нашы продкі ўсё маглі,

Каб лягчэй жылося ўнукам,

Рэчы ў спадчыну ішлі.

А жанчынкі-гаспадынькі

Пралі, ткалі, вышывапі,

Шылі, мылі, прасавапі,

Хату чыста прыбіралі,

На папетках працавалі,

Дзетак сваіх гадавалі,

Печ палілі, хлеб пяклі,

Спаць ім не было калі.

4:

Шмат мінула з таго часу,



Лепш мы сталі жыць за іх.

Паважайце, калі ласка,

I бабулек, і дзядкоў сваіх.

Паважайце іх за працу,

Распытайце пра іх быт,

Каб было вам што пакінуць

Для прапраўнукаў сваіх.

( А вечарам гучала музыка і ўсе збіраліся на вячоркі. У Каляды Паўла быў гармонік, і іграў ён з гадоў 11 на ім. )



Песня «Родная хата» (відэаролік)

В 2На аснове трох вёсак быў створаны калгас “Чырвоная ветка” з цэнтрам у Бычках. Першым старшынёю быў Рудзько Васіль Ігнатавіч.

Ураджаі былі нізкія, зямлю апрацоўвалі ўручную, тэхнікі для апрацоўкі глебы і ўборкі ўраджаю не было. Абслугоўвала малады калгас Палеская МТС.
В1
Вядома, што школа была не ў в. Бычкі, а ў Старай Дуброве. Першай настаўніцай была Дарафеева Вольга Сцяпанаўна.У 1935 годзе школа была перанесена ў Бычкі. Першым яе дырэктарам быў Біёнчык Іван Ульянавіч.

В 2

Мірнае жыццё парушыла Вялікая Айчынная вайна. Вайсковыя шынялі апранулі Біёнчык Іван Ульянавіч, Кульбіцкі Павел Еўдакімавіч, Каляда Рыгор Максімавіч, Пыжык Карп Ігнатавіч, Ціхановіч Іван Герасімавіч… На фронце загінула 18 аднавяскоўцаў.

У Германію былі сасланы Каляда Матруна Маркаўна і Каляда Любоў Рыгораўна, Ціхановіч Іван Макаравіч, Пыжык Аляксандра Маркаўна…

В 1

У пасляваенны час існаваў адзін – калгас “Чырвоная ветка”, які быў перайменаваны ў калгас імя Гуляева. Кіраўніцтва калгасам ажыццяўлялі Заблоцкі Міхаіл Уладзіміравіч, Бутор Аляксандр Мікалаевіч, Каліновік Мікалай Дзянісавіч. Была куплена новая тэхніка, будавалася жыллё. У 90-ыя гады ХХ стагоддзя, калі гаспадаркай кіраваў Каратчэня Леанід Міхайлавіч, у вёсцы з’явіліся двух і трохпавярховыя дамы, фізкультурна-аздараўленчы комплекс.

В2

Слава пра поспехі перадавікоў грымела далёка за межамі раёна. Многія нашы землякі атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды. Сярод ветэранаў працы Эсмантовіч Андрэй Кірылавіч, Хацяноўскі Анатоль Мікалаевіч, узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы III ступені,медалём “За працоўную доблесць” адзначана Пруднік Ніна Уладзіміраўна.



Удзельнікамі Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве былі зацверджаны 4 паляводчаскія брыгады.

В 1

Умелі нашы землякі працаваць, умелі яны і весяліцца. Гучалі на ўсю вёску песні ў час вяселля, ціха лілася песня ў час працы.
Відэазапіс (Песня ў выкананні вясковых жанчын)

В.2 Радзіма – не проста слова, а родныя людзі і родная мова,


Лясы, сенажаці ў кветках, камбайны на жытніх палетках.
Не раз прыйдзецца расставацца, ды буду заўсёды вяртацца
ў родную вёску, як з выраю, вяртацца з душою шчыраю.

Мая Радзіма – наша вёска, і лесу вузкая палоска,


І сенажаць, і поле тое, дзе спее збожжа залатое,
І хата, у якой жыву. Усё Радзімай я заву.

Апісанне вёскі

В1

Наша вёска адносна маладая. Яе гісторыя адлюстравана ў назвах вуліц, завулкаў.

Першая вуліца атрымала назву Маякоўскага – гэта цэнтральная вуліца вёскі. Напамінам пра былое з’яўляюцца векавыя ліпы, што растуць уздоўж дарогі.

На цэнтральнай вуліцы размешчаны Дом культуры, бібліятэка, дзяржаўная і камерцыйная крама, аддзяленне сувязі, агульнаадукацыйная сярэдняя школа, лазня.

У 80-ыя гады ХХ стагоддзя пачалі будаваць вуліцу Маладзёжную.Мясцовыя жыхары называюць яе Чарнобыльскай, бо менавіта тут пасялілся перасяленцы з Хойніцкага раёна.

В2

Наш народ свята захоўвае памяць аб тых, хто аддаў сваё жыццё за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Адна з вуліц носіць імяў ДзмітрыяЦімафеевіча Гуляева.



Тут размешчаны дзіцячы сад.

Ціхі і невялікі завулак Передавы. Прыгожы від дамоў радуе вока, а летам кожны двор патанае ў кветках.
Вуліца Юбілейная вулучаецца сярод іншых наяўнасцю двухпавярховых шматкватэрных дамоў.
Зарэчная самая маладая вуліцаў маей вёсцы. Яе будаўніцтва пачалося ў 2006 годзе. Размешчана яна пры ўездзеў вёску, а побач - вёска Зарэчкі. Адсюль і ўзнікла назва.
В 1

Думаю, мая вёска –адзін з найпрыгажэйшых куточкаў Любаншчыны,бо менавіта тут на дахах драўляных хат затрымліваюцца промні сонца, павольна сплываючы за лес. Менавіта ў маю вёску спяшаецца сонейка раніцай, яго так моцна клікаюць пеўні. Менавіта тут кіпіць простае сялянскае жыццё.
Ці ёсць на свеце святлейшае неба?

Гусцейшае жыта?

Ці ёсць дзе на свеце лепшы далягляд?

Ці ёсць дзе на свеце кут прыгажэйшы?

Спытайце любога і скажа ён: НЕ!
2 -і вядучы: Давайце, сябры, адкрыем для сябе нашу Беларусь, заганарымся ёй i зробiм усё, каб нашу краiну ведаў i паважаў увесь свет. Вельмі хочацца, каб і вы ў сваіх сэрцах назаўсёды захавалі гордасць, павагу і любоў да роднай зямлі, якая вас гадуе, стварае ўсе ўмовы для вашай шчаслівай будучыні.

Песня “Кажуць людзі вёска вымірае” (1 -2 купл)




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка