Роберт Фэргюсан/ Robert Fergusson 1750 – 1774




Дата канвертавання20.03.2016
Памер61.93 Kb.



Роберт Фэргюсан/ Robert Fergusson (1750 – 1774) – Першы значны твор Фэргюсана на шатландскім дыялекце – “Вясёлыя дні” (The Draft Days) з’явіўся ў друку 2 студзеня 1772 году. Раней ён пісаў у асноўным па-ангельску, але з гэтага часу пачаў пісаць творы і па-ангельску, і на скотс. Папулярнасць твораў Фэргюсана падштурхнула выдаўцоў Ўолтэра і Томаса Радыманаў выдаць у 1773 годзе зборнік паэта “Вершы на розныя тэмы” накладам у 500 асобнікаў.

Мне родным домам быў шынок!..

Вершы
Элегія на смерць містэра Дэвіда Грэгары, прафесара матэматыкі Сэнт-Эндрускага універсітэта

(Elegy on the Death of Mr. David Gregory, Late Professor of Mathematics in the University of St. Andrews)


Заплачце ўсе дэканы разам

Над жаласным паэта сказам:

Ганебным скорымся паразам

На доўгі час,

Бо Грэгары нябёс наказам

Пакінуў нас.


Студэнтаў лёс – рыдаць зацята,

Што Грэгары быў смерцю ўзяты;

Цяжкою будзе ведаў страта,

Малым – запас,

Бо той, хто даў іх нам багата,

Пакінуў нас.


Ён два і два складаў нядрэнна

І з віртуознасцю нязменнай

Два пункты у прамую мгненна

Злучаў не раз.

Эўклід наш, розумам нятленны,

Пакінуў нас!


Ён ведаў алгебры каноны

І ўсіх прапорцыяў законы;

З трох корань вылічыў з разгону

І там захрас.

Ах, найвыдатнейшы вучоны

Пакінуў нас!


Ён фізік быў і архітэктар,

Чытаў пра спектр і пра сектар,

І нам перадаваў наш лектар

Святы экстаз.

Хто ў геаметрыі быў Гектар,

Пакінуў нас.


Лупнуўшы мяч разоў з дзесятак,

Мы чулі гыркат – і ў дадатак

Пагрозы ўслед мільганню пятак:

“Ужо я вас!..”

Не бегаем мы болей – статак

Цяпер у нас.


Давайце ж узнясем маленні,

Каб сон не агарталі цені,

Каб грэшніку далі збавенне,

Пусціўшы ў рай.

Спі, Грэгары, да ўваскрасення

І не ўставай!


пераклад з ангельскай – Кацярына Маціеўская


Свежыя вустрыцы

(Cauler Oysters)


Шчаслівы той, хто вольны ад нягодаў,

Хто добры шылінг мае ў кашальку:

Не засумуе ён па свежым элі

І свежых вустрыц не забудзе смак.



Філіпс

Дзе б рыбаловы ні плылі,

І як ім лёс ні падвалі,

Дзе б штормы іх ні дапяклі,

Што будзь здароў! –

Найбагацейшы на зямлі

Шатландскі лоў.
Тут і траска, тут і тунец,

Вугор – глыбінь марскіх мудрэц,

Тут ладны ходзіць селядзец

І вудаў просіць.

Выключны ловіцца рыбец –

І вустрыц досыць.


Відэлец натачы, ласун:

Увосень кожны з нас фартун,

Бо прывітанні шле Нептун

Наўпрост у сетку.

У хвалях вустрычных лагун

Стае наедку.


Правальвае хай шарлатан,

Паскудны кастапраў-шатан,

І свой глытае дурнап’ян,

Набіўшы гуза,

І кожны хай гудзе васпан,

Жарэ ад пуза.


Сюды, сардэчнік і хіляк!

Ядуць тут вустыц усяляк,

Натрушчышся ты іх усмак –

І будзь здаровы!

Дапёк жывот альбо кумпяк –

Шыбуй на ловы!


І вы, п’янчугі, у дадатак

А ну ў карчму з усіх лапатак

І вустрыц злопайце з дзесятак,

Вы што, не людзі?!

Лепш кухару плаціць падатак,

Чым браць на грудзі.


Калі з нябёсаў штосьці лье

І ты знудзіўся па цяпле,

Хутчэй гані ў шынок, але

Не проста так:

Убачыш вустрыц на стале

За свой пятак.


Калі па вечарах гандляр

Свой пералічвае тавар,

Імчымся мы, як на пажар,

Змачыць гартані

І дзённы прагуляць навар

У баляванні.


Сыходзіць Фэб, кладзецца змрок,

Мне грэе ногі камінок,

І замаўляю я збанок –

Заўсёдны госць.

Мне родным домам быў шынок –

І быў, і ёсць!


Бывае, дурань пры грашох

Замовіць нейкі там пірог –

Няхай яго бароніць Бог!

Ён без душы.

Ты ж вустрыц еш за чатырох

І не грашы.


У Новай Гавані заўсёды

Парадуюць тутэйшых воды,

І па нядзелях ёсць нагода

Хлапцам сабрацца,

Каб вустрыц умінаць з выгодай, –

Таксама праца.


Народ жыве тут не святы:

Спрачаецца да хрыпаты,

І джынам змочвае раты,

Калі ў гуморы,

І суп хлыстае не пусты –

З дарункаў мора.


Таму – хутчэй, карчмар-маруда,

Нясі на стол марскога цуда

І налівай у кубкі люду!

Вы мне паверце:

Не перап’е нас дзяк-няўклюда

І нават чэрці.


пераклад з ангельскай – Ганна Янкута


Свежая вада

(Cauler Water)


Калісь Адам (і не аднойчы)

Па райскім вандраваў узбоччы,

Віна не бачыў ён у вочы,

Ды гора мала:

Не піў – і жонка да паўночы

Не верашчала.


Вада з ракі – адзіны сродак

Змачыць і рот, і падбародак,

Калі агмень пячэ сяродак.

Так піў са смакам

І смагу наталяў наш продак

Стагоддзе з гакам.


Ён жыў без п’янае пагрозы,

Дый дзеці абміналі лозы –

Пілі ваду, бы львы ці козы,

Як павялося.

Ды Ной прыйшоў у свет цвярозы –

І пачалося...


І сёння кожны наш паэт

Праславіць Бахуса як след,

Нібыта п’е ён, прайдзісвет,

З Анакрэонтам,

І называе свой буфет

Эўксінскім Понтам.


Адсунем з Музай кубак пенны –

Цвярозым мора па калена!

Да алкагольнай іпакрэны

Я не пайду:

Зварганю вершык я нядрэнны

І пад ваду.


Няўцямным словам аквафонт

Захопіць шарлатан твой фронт:

Ох, нагаворыць ён наконт

Тваіх хвароб:

Маўляў, патрэбны тут рамонт

(Адразу ў лоб).


Хай точыць лясы і балясы,

Нашто нам тыя прыбамбасы?

Ніхто з нас да брахні не ласы –

Глынем вады

І лекаў выкінем запасы –

Тае бяды!


Калі рыпяць твае суставы

І стала галава дзюравай,

Кульні вадзіцы куфаль жвавы,

Пасля – чарговы.

А там – налева ці направа

Ідзі здаровы.


Калі на сэрцы каламуць –

Не застагнаць, не прадыхнуць,

Вады не шкодзіла б глынуць,

Табе, нябога,

Бо ў ёй – хоць верць ты, а хоць круць –

Нам дапамога!


Як без вады жылі б дзяўчаты?

Бо пазіраў бы бруднаваты

З люстэрка твар – і горай страты

Няма для паняў,

Бо іх хіба што слепаваты

Тады б не ганіў.


Ад сораму б павыміралі

І Купідон, і нашы кралі,

Нікога замуж бы не бралі...

Так, без вадзіцы

Пачварамі б дзяўчаты сталі

І маладзіцы.


Даспеюць пад дажджом аўсы,

Устануць густа, як лясы.

Нясе красу ва ўсе часы

Вада, і – ах! –

Быць можа, у такой красы

Яшчэ й пасаг?


Жанчынкі нашы – любадаць,

Нічога нельга тут дадаць,

Хоць праз куродым ледзь відаць

Мясцовых пань,

Ды ад вады яны блішчаць –

Ты толькі глянь!


Вось як збяруцца дзеўкі-мары,

Затанчаць ля крыніцы пары,

Расой свае памыюць твары –

Святы Антоні

Падорыць гожасць ім і чары,

А нам – бяссонне.


І ззяннем вочак залатых

Яны ачмураць нас уміг,

Бо хопіць хараства на ўсіх

Такой вясной.

І з Музай будзем мы за іх

Стаяць сцяной.


пераклад з ангельскай – Ганна Янкута

Каментар
Усе тры вершы напісаныя на шатландскім дыялекце вельмі папулярным у шатландскай паэзіі памерам, вядомым як стандартны габі або Бэрнсава страфа, нягледзячы на тое, што прыдумалі яе трубадуры, а ў Шатландыі яна шырока выкарыстоўвалася задоўга да Роберта Бэрнса.


Элегія на смерць містэра Дэвіда Грэгары...” – адзін з першых вядомых вершаў Фэргюсана, напісаны ім ва ўзросце 15 гадоў. Гэта габі на манарыме: памер патрабуе заканчваць кожную страфу адным словам. У псеўдаэлегіях (да гэтага жанру належыць і дадзены верш) гэтае слова звычайна “dead”.
Эпіграф да верша “Свежыя вустрыцы” ўзяты з бурлескнай паэмы “Добры шылінг” (Splendid Shilling) Джона Філіпса (1676–1709).

© Кацярына Маціеўская, пераклад, 2010



© Ганна Янкута, пераклад, 2010

prajdzisvet.org


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка