Рытарычныя перадумовы ўзнікнення журналістыкі: docere, movere, delectare




Дата канвертавання01.05.2016
Памер127.69 Kb.


Віктар Іўчанкаў

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
РЫТАРЫЧНЫЯ ПЕРАДУМОВЫ ЎЗНІКНЕННЯ ЖУРНАЛІСТЫКІ: DOCERE, MOVERE, DELECTARE
Рыторыка і журналістыка звязаны паміж сабой міжнародным сацыяльна-гістарычным вопытам пераходу камунікацыі ад народнага (вальны сейм, грэчаская агора, рымскі каміцый, народны трыбун (tribunus plebis), старажытнарускае веча і інш.) да віртуальнага форуму (платформы сацыяльных сетак).

У антычнасці існавалі даступныя формы распаўсюджвання інфармацыі. Найбольш вядомыя з іх – старажытнагрэчаская агора і рымскі форум. Першапачаткова гэта былі гандлёвыя месцы, якія з часам ператварыліся ў цэнтры грамадскага (палітычнага, эканамічнага і рэлігійнага) жыцця. Напрыклад, рымскі форум пазней уключаў у сябе каміцый (месца народных сходаў), курыю (месца пасяджэнняў сената), чым набыў выразныя палітычныя функцыі. Сённяшняя панарама мінулых форумаў пакідае недарэчнае ўражанне: на іх месцы бачым рэшткі былой славы – разрабаваныя антычныя руіны. Што здарылася за дваццаць стагоддзяў новага часу?

Для верабалістыкі (у шырокім сэнсе камунікацыі) новы час мала прынёс новага, ён толькі запаволіў працэсы, якія нараджаліся ў старажытных Афінах – радзіме рыторыкі. Маем на ўвазе той факт, што з заняпадам рабаўласніцкай дэмакратыі пала і рыторыка. Варта звярнуць увагу на адну акалічнасць: рыторыка з’явілася менавіта ў Афінах. Чаму гэта не спасцігла Спарту, ці Атыку, Этолію, Факіду, Антыёхію, Александрыю? Адказ на гэтае пытанне знаходзім у форме кіравання: ва ўмовах афінскай рабаўласніцкай дэмакратыі развіваецца грамадскае і палітычнае жыццё, і красамоўства становіцца неад’емнай часткай культуры, асноваўкладальным атрыбутам грамадскага кіравання. Невыпадкова феномен прамоўніцкага майстэрства адсутнічаў у дэспатыях, дзе дзяржаўны лад выключаў вольны абмен думкамі, доказы і спрэчкі, меркаванні і слоўныя баталіі.

Відам пражурналісцкай дзейнасці як мэтанакіраванага ўплыву на масавую свядомасць можна лічыць распаўсюджванне старажытнарымскіх пратаколаў acta senatus якія рэгулярна сталі весціся з 59 года да новага часу, першага консульства Юлія Цэзара. Мэта гэтай дзеі было прыадчыніць заслону сенацкіх інтрыг. Пазней імператар Ціберый (15 г.н.э) забараніў абнародваць acta senatus. Прычынай стала крытыка на яго адрас. У гісторыі журналістыкі гэты факт лічыцца прешай праявай цэнзуры.

Рыторыка – дзіця дэмакратыі. Толькі сёння можам гаварыць пра адраджэнне актыўнай вербальнай практыкі чалавека. Звязана гэта перш за ўсё з уступленнем грамадства ў інфармацыйную эпоху, дзе выцесненае раней дэспатыяй і тыраніяй, манархіямі і імперыямі, каралеўствамі і царствамі стала адраджацца грамадскае кіраванне. З’яўляецца даволі спецыфічная форма э-дэмакратыі, якая падлягае краўдсорсінгавай тэорыі. Гэты працэс працякае даволі складана.

Сёння назіраем сітуацыю, характэрную для антычнасці, калі спраўджваецца пастулат сафістаў. Як у вольнай дзяржаве чалавек мае права меркаваць аб дзяржаўных справах і патрабаваць, каб з ім лічыліся, так і пра любы прадмет усякі чалавек мае права мець сваё меркаванне, і яно мае столькі ж правоў на існаванне, як і любое іншае. Аб’ектыўнай ісціны няма – вучылі сафісты. Ёсць толькі суб’ектыўнае меркаванне пра яе: чалавек ёсць мера ўсіх рэчаў. Нельга сцвярджаць, што адна думка больш сапраўдная, чым другая. Можно гаварыць, што адна думка больш пераканаўчая, чым іншая. Навучыць пераконваць, “слабае меркаванне рабіць моцным” – асноўная задача сафістаў-настаўнікаў. Да іх мог звярнуцца кожны, хто хацеў спасцігнуць веды. Яны прапаноўвалі навучыць любога жадаючага даступным ведам і гэтым зрабіць яго дасканалым.

Спачатку сафісты вучылі вынайдзеным імі ж лагічным прыёмам доказу і абвяржэння, яны адкрылі шэраг правіл лагічнага мыслення, аднак у хуткім часе адышлі ад прынцыпаў яго арганізацыі і сканцэнтраваліся на распрацоўцы ўловак, хітрыкаў, заснаваных на знешнім падабенстве з’яў, на тым, што канкрэтная сітуцыя вынікае з агульных месцаў, падзея зыходзіць з агульнай сувязі падзей, на полісеміі, на падмене паняццяў і г.д.

Сафісты Пратагор, Горгій, Гіпій, Продзік, Антыфонт усе ісціны выставілі сумніўнымі, аб’явілі іх адноснымі, што прыводзіць да абвяржэння аб’ектыўнай ісціны. “Малодшыя” сафісты Фразімах, Крыцій, Алкідам, Лікфрон, Палемон, Гіпадам бяруць на ўзбраенне жангліраванне словамі, фальшывыя прыёму доказу ісціны і падману адначасова. З гэтага пачынаецца ідэйнае раздваенне сафістыкі. Нездарма ўжо ў антычнасці да сафіста ставіліся і як да настаўніка мудрасці, і як да рытара-краснабая, што “ўмее гаварыць пра ўсё, не ведаючы нічога”. У выніку ўзнікаюць сафізмы – наўмыснае прымяненне ў спрэчцы і доказах падманлівых аргументаў, заснаваных на свядомым парушэнні лагічных правіл. Гэта адрознівае іх ад паралагізмаў і апорый, якія могуць утрымліваць у сабе ненаўмысную памылку або ўвогуле не мець лагічных памылак, але прыводзіць да яўна няправільнага вываду. Сафізмы грунтуюцца на фармальнай вытанчанасці логікі: “Што ты не губляў, тое маеш. Рогі ты не губляў. Значыць, у цябе рогі”, “Злодзей не жадае набыць нічога дурнога. Набыццё добрага ёсць справа добрая. Выходзіць, злодзей жадае дабра”, “Чым больш п’ю гарэлкі, тым больш у мяне калоцяцца рукі. Чым больш у мяне калоцяцца рукі, тым больш гарэлкі я праліваю. Чым больш праліваю, тым менш выпіваю. Значыць, каб піць менш, трэба піць больш”.

Сафістычнае красамоўства стала базай для стварэння арсеналу хітрык і ўловак у спрэчцы, які з поспехам прымяняем і па сёння, не задумваючыся пра іх маніпулятыўную сілу. Такіх прыёмаў налічваецца сотні: ад самых банальных, незаўважных, да вытанчаных. Напрыклад, чуем: “Вы, канечне, чыталі гэтую кнігу…”, “Канечне, вы ведаеце гэтага рэжысёра…”, “Не сумняваюся, што вы, такі разумны і інтэлігентны, не дазволіце…”, “Вы, як будучы журналіст, павінны ведаць…”. Гэтыя прыёмы часам называюць “стаўкай на падманлівы сорам”. Пры такім звароце да суразмоўцы хаваецца небяспечная сіла ўплыву. Як жа прызнацца, што ты не чытаў твора ці не ведаеш імя рэжысёра, і ты пачынаеш губляць свае пазіцыі, падпарадкоўвацца, табой пачынаюць маніпуляваць. Банальная сітуцыя, калі ў спрэчцы са студэнтам у запале не вытрымлівае выкладчык: “Я трыццаць гадоў выкладаю, а вы мне будзеце даказваць…”, прыструньвае шэф свайго падначаленага: “Калі будзеце на маім месцы, то і загадаеце…”, выступоўца, не называючы кагосьці канкрэтна, прыбягае да надуманага аўтарытэту: “Як сцвярджаюць амерыканскія даследчыкі…” і шмат інш. Калі так звяртаюцца, то гэта пазначае толькі аднаго: у апанента няма аргументаў. Такія прыёмчыкі актыўна выкарыстоўваюцца неразборлівым у сродках апанентам.

Росквіт сафістыкі быў даволі бурным, але нядоўгім. Узнёсшыся з уздымам афінскай дэмакратыі, яна заняпала з ёю. Ідэал грамадскага жыцця распадаецца на два ўзаемавыключныя паняцці: жыццё дзейснае, ідэалам якога быў палітык і рытар ("Vir bonus dicendi peritus"), і жыццё сузіральнае, ідэалам якога быў філосаф, тэарэтык і мысліцель. Антычная культура раздвойваецца на два полюсы – рыторыку і філасофію, паводле якіх сфарміраваліся культурныя ідэалы; паміж імі часам вялася жорсткая барацьба, калі намячалася перамір’е, але барацьба ніколі не заканчвалася перамогай аднаго над другім, а перамір’е не ператваралася ў зліццё абодвух.

Любы карыстальнік інтэрнэту сёння можа выказаць уласную думку, не зважаючы на яе суадноснасць з ісцінай – той, якую Сакрат называў абсалютнай. Менавіта ён першым нанёс сакрушальны ўдар па рытарычным ідэале сафістыкі. Сакрат катэгарычна выступіў супраць вучэння аб адноснасці ісціны. Абсалютная ісціна існуе, яна Божая, вышэйшая за чалавечыя меркаванні, і яна з’яўляецца мерай усіх рэчаў. Рытар (чытай – журналіст) сам павінен ведаць, што праўдзівае, а што падманлівае, што ёсць справядлівасць і несправядлівасць. Не валодаючы такімі ведамі, рытар-сафіст, які імкнецца да поспеху, будзе ісці за публікай, патакаючы ёй, прыносячы гэтым не карысць, а шкоду.

Антычная рыторыка рабаўласніцкай дэмакратыі карысталася большым попытам, чым за ўвесь новы час. Пакуль запаветы Сакрата, Платона, Арыстоцеля пераходзілі ад настаўнікаў да вучняў, у гісторыі Грэцыі нарастала новая эпоха – элінізму. На Усходзе з’явіліся грэка-македонскія манархіі. Цэнтры эканамічнага, палітычнага і культурнага жыцця пасунуліся ў Александрыю, Антыёхію, Пергам. Гарадскія рэспублікі старой Грэцыі прыйшлі ў заняпад. Гэта не магло не адбіцца на красамоўстве.

Пасля заваяванняў Аляксандра Македонскага фарміруецца новая плынь, якую сучаснікі назавуць “азіянствам”. Перайманне стыляў і прамоўніцкіх манер Лісія, Платона і Дэмасфена былі ўганараваны імем атыцызму, а традыцыі эліністычнай школы заклеймаваны кплівай мянушкай “азіянства”. Развіццё класікі падмянялася яе дагматызацыяй. Замест жывога слова асновай творчасці стала педантычная вучонасць, творы аднаўляліся паводле класікаў таго часу, інтэрпрэтаваліся паводле густаў тэарэтызуючых эстэтаў. Атыцызм стаў модай, даступнай толькі вузкаму колу знаўцаў такога мастацтва.

З заняпадам рабаўласніцкай дэмакратыі рыторыка ператвараецца ў нарматыўна-каталагізатарскую дысцыпліну і паступова раствараецца ў стылістыцы, якая і да апошняга часу ўтрымлівае ў сабе вялікі арсенал сродкаў, прыёмаў, фігур, тропаў, так бы мовіць, гатовых формул для пабудовы мастацка адзначанага маўлення, для ўпрыгожвання яго. Паводле даных розных энцыклапедый, наменклатура тропаў у антычнасць налічвала каля двухсот адзінак.

Найбольш вядомыя сучасніку віды тропаў – метафара, увасабленне, персаніфікацыя, эпітэт, аксюмаран, антанамазія, метанімія, сінекдаха, літота, гіпербала і інш.) – толькі частка гэтай наменклатуры. Канечне, і інш. зусім не пазначае, што працэс іх стварэння вычарпаны. І справа не столькі ў розных падыходах даследчыкаў да гэтай з’явы, а ў самім працэсе трапеічнасці, у арбіту якой можа быць зацягнуты любы семантычны перанос, вар’іруючы мільённымі выпадкамі спалучальнасці слова са словам. Нават на класіфікацыйным узроўні працэс утварэння тропаў (семантычнага пераносу па аналогіі, спустаўленні, падабенстве) бясконцы. “Мастацкія тропы ўяўляюць сабой з’яву, якая па сваёй прыродзе супадае са з’явай стварэння новых слоў у самой мове. Розніца заключаецца толькі ў тым, што новае значэнне, якое ўзнікла ў мове, становіцца абавязковым і агульнараспаўсюджаным, у той час як тропы маюць спецыяльныя выразныя функцыі і ўвогуле не захоўваюць за сабой часавых значэнняў, што ўзнікаюць у адпаведным кантэксце” (Томашевский Б. В. Стилистика. Л., 1983. С. 227).

Перад тым як стаць набыткам сучаснікаў, формулы тропаў павінны быць вынайдзены. І часцей за ўсё гэта рабілася на антычных народных форумах, калі трэба было запаліць сэрцы людзей, звярнуць іх розум да пераканання, вобразнасцю ўзмацніць аргумент. Варта падкрэсліць: за дваццаць стагоддзяў не было вынайдзена ніводнага новага тропа, семантычнага пераносу, заснаванага на аналогіі, падабенстве, функцыі. Амаль усе існуючыя тропы маюць грэчаскую этымалогію (!). Каб вынайсці новы від тропа, трэба было б аднавіць маўленчую практыку. Слова старажытнымі грэкамі ўзводзіцца ў небывалы культ. З яго натуральным чынам вырастае найбагацейшая культура слова, якая з цягам часу афармляецца ў асаблівую навуку – рыторыку. “Неспакойнае V ст. да новага часу вылучыла вольнага чалавека як згустак энергіі і самастойнасці, якія толькі магчымы ў рамках рабаўласніцкага грамадства, і тым самым стала на шлях антрапацэнтрызму, прагрэсуючага з кожным дзесяцігоддзем. Адсюль тая неверагодная жарсць да слова і пакланенне перад яго сілай, якой адрозніваліся грэкі. Усякі ж грэк здаўна славіўся як утрапёны размоўца, а гамераўскія паэмы і да гэтай пары здзіўляюць багаццем і ўмелай пабудовай прамоў. Грэкі, можна сказаць, абсалютызуюць слова, робячы яго ўладаром усяго існага, а сярод багоў уганароўваюць Пейту – багіню пераканання” (Лосев А. Ф., Тахо-ГодиА.А. Платон: Жизнеописание. М., 1977. С. 189).

Антычная рыторыка перадала нам у спадчыну тры рады красамоўства: палітычнае (дарадчае), урачыстае (эпідэйктычнае) і судовае. Значна пазней, з прыняццём хрысціянства ўзнікае гамілетыка – рыторыка пропаведзі. Судовыя прамовы былі самымі шматлікімі, што павялося яшчэ з закона Салона, паводле якога кожны свае правы павінен быў адстойваць сам. У той час суддзямі з’яўляліся звычайныя грамадзяне, якія мала разумелі ў юрыспрудэнцыі. Не дзіўна, што асноўная ўвага іх была звернута на красамоўства. Дрэнная прамова абазначала пройгрыш справы. Між тым, асобы, якія не валодалі дарам слова, павінны былі асабіста выступаць на судзе. Сутыкненне гэтага атычнага прынцыпу з наяўнай патрэбай прывяло да ўзнікнення лагографаў – стваральнікаў прамоў для супрацьлеглых бакоў. Прамовы рыхтаваліся, зыходзячы з індывідуальнасці заказчыка, завучваліся ім і прамаўляліся ў судзе. Першым прафесійным лагографам лічыцца Антыфон (V ст. да н.э.). Затым з’явілася выдатная плеяда іншых лагографаў, перш за ўсё Лісій, Эсхіл і Дэмасфен.

Аднак судовае красмоўства было і найменш самастойным. Пакуль Грэцыя была вольнай і моцнай, вядучую ролю адыгрывала палітычнае карсамоўства, што забяспечвалася доступам вольных грамадзян да народнага форуму. Пасля заняпаду палітычнага жыцця ў грэчаскіх гарадах гэтая роля перайшла да ўрачыстага красамоўства, што прывяло да сур’ёзных змен ва ўсёй антычнай рыторыцы. Чым адрозніваюцца эстэтычныя ідэалы двух радоў красамоўства: палітычнага і ўрачыстага? Палітычная прамова мела на мэце пераканаць слухача, знайсці ісціну, урачыстая прамова накіравана на тое, каб спадабацца слухачу. На змену слоўнай энергетыцы прыходзіць прыгажосць, вытанчанасць, бляск. З гэтага часу грэчаскае красамоўства шукае пафасу, пышнасці, элегантнай зграбнасці. У прамовах падкрэсліваецца рытміка, з’яўляюцца вычурныя метафары.

Лацінскае красамоўства прайшло той самы шлях, што і грэчаскае з пераходам ад элінскіх рэспублік да эліністычных манархій. Разбурэнне гуманістычнага ідэалу палітычнай актыўнасці як дыхатаміі філасофіі і рыторыкі ў роўнай меры адбіліся на далейшым лёсе і філасофіі, і рыторыкі. З самай глыбокай старажытнасці гэтым дзвюм навукам было напаткана то разыходзіцца, быць непрымірымымі, то сыходзіцца, як гэта сталася пры Цыцэроне ў яго філасофскай рыторыцы. Як філасофія – “жыццё сузіральнае” – усё болей адыходзіць у рэлігію, так і рыторыка – “жыццё дзейснае” ўсё болей замыкаецца ў эстэцкай гульні стылем.

Роля палітычнага красамоўства ў жыцці грамадства кардынальна зменшылася, урачыстага – узрасла. Усё пачынае падпарадкоўвацца імгненнаму эфекту. Як адзначае акадэмік Міхаіл Гаспараў, “гэта – лацінская паралель рубленаму стылю грэчаскага азіянства, між тым, у Рыме гэты стыль азіянствам не называецца, а іменуецца проста “новым красамоўствам”. Станаўленне новага красамоўства было паступовым, сучаснікі адзначалі яго рысы ўжо ў найбуйнейшага аратара наступнага за Цыцэронам пакалення – Валерыя Месалы; а яшчэ на пакаленне пазней палкі і таленавіты Касій Север канчаткова сцвердзіў новы стыль на форуме. Поспех новага красамоўства быў велізарны, яго водгукі чуюцца і ў паэзіі, і ў філасофіі, і ў гістарычнай прозе І ст н. часу. Усеагульным кумірам быў філосаф Сенека з яго дробным, афарыстычным, бліскуча сентенцыёзным, патэтычна напружаным складам, у невялікіх урывках захапляльным, а ў рэшце стамляльным. Гадавальнікам новага красамоўства сталі закрытыя некалі Красам лацінскія рытарычныя школы, якія з першых гадоў імперыі імгненна перапаўняюцца вучнямі, становяцца попытнымі, набываюць статус цэнтраў культурнага жыцця Рыма. Падзенне сенацкай алігархіі прывяло да рэформы рымскай адукацыйнай сістэмы. Раней маладыя людзі рыхтаваліся да палітычнага жыцця дома і на форуме, з перамогай манархіі ў палітыку рынулі новыя людзі, якія прасунуліся па імператарскай службе. Іх дзеці не маглі навучацца ў сенатарскіх сем’ях і непазбежна накіроўваліся ў рытарычныя школы. Карыстаючыся багатым вопытам грэчаскіх рытарычных, лацінскія школы хутка выпрацавалі свой тып выкладання і сваю праграму. Асноўным відам заняткаў былі дэкламацыі – прамовы на прыдуманыя тэмы, якія падзяляліся на контраверсіі і суазорыі. Першыя ўключалі ў сябе прамовы паводле фіктыўнага судовага казусу, а суазорыі, угаворлівыя прамовы, прызначаліся для асоб, якія апыналіся ў хісткім становішчы. Такія парамовы былі вядомы здаўна, але яны тэматычна былі блізкімі да рэчаіснасці. Тады для контраверсій выкарыстоўваліся рэальныя судовыя справы, а для суазорый – рэальныя гістарычныя сітуацыі. На той жа час калі галоўным у красамоўстве стаў не змест, а форма, тэматыка дэкламацый усё далей стала адыходзіць ад рэчаіснасці. Пачалася пагоня за эфектамі не на карысць праўдзе (Гаспаров М.Л. Цицерон и античная риторика // Марк Туллий Цицерон. Три трактата об ораторском искусстве. Под редакцией М.Л. Гаспарова. М.: Издательство "Наука", 1972. С. 48).

Няцяжка зразумець, што найбольшую прастору для красамоўства даваў дэмакратычны лад. Гісторыя сведчыць: два перыяды найбольшага росквіту антычнага красамоўства прыблізна супадаюць з двума перыядамі пад’ёму рабаўласніцкай дэмакратыі. У Грэцыі гэта V-IV стст. да н.часу, у Афінах – час ад Перыкла да Дэмасфена; у Рыме гэта I ст. да н.часу, эпоха Цыцэрона.

Усе пазнейшыя рыторыкі базуюцца на структуры антычнай рыторыкі, убіраючы ў сябе пяць элементаў распрацоўкі прамовы: знаходжанне матэрыялу (inventio), размяшчэнне матэрыялу (dispositio), слоўнае выражэнне (elocutio), запамінанне (memoria) і вымаўленне (actio). І для ХХІ стагоддзя гэта застаецца непарушным...

Сафістычная мадэль рыторыкі (на думку прафесара Г.К.Міхальскай, амерыканская ці амерыканізаваная), на вялікі жаль, узята на ўзбраенне сусветнай журналістыкай. Увогуле, азіраючыся на дваццаць стагоддзяў новага часу, мусіш прызнаць, што кардынальных зрухаў, прынцыповых трансфармацый у адной з самых старажытных навук не адбылося. Маўленчыя намаганні накіраваны на спасціжэнне і рэалізацыю таго, што было вынайдзена Пратагорам, Горгіем, Лісіем, Сакратам, Платонам, Арыстоцелем, Ісакратам, Цыцэронам, Квінціліянам…

Сучасны айчынны рытарычны ідэал, заснаваны на вучэнні Сакрата-Платона, дыялагічны па фоме і змесце, гарманізуючы, анталагічны, супрацьпастаўлены сафістычнаму – маналагічнаму па змесце, хутчэй маналагічнаму, чым дыялагічнаму па форме, аганальнаму, рэлятывісцкаму (А.К.Міхальская).

Па-першае, ці ўспрымаюць аратар і аўдыторыя адно аднаго як пэўную каштоўнасць? Ці выдзяляюць яны адно аднаго як паўнавартасных суб’ектаў? Ці не з’яўляецца аўдыторыя для журналіста tabula rasa – чыстай грыфельнай дошкай, пустым сасудам, які трэба запоўніць. Ці выдзяляе журналіст аўдыторыю як толькі адзін з прадметаў знешняга свету або яны разам аднолькава прадстаўлены на фоне наваколля?

Па-другое, наколькі з’яўляецца важнай для ўдзельнікаў маўленчых зносін іерархія паміж імі? Ці бачаць яны адно ў адным розных па статусе членаў соцыума, ці гэтыя адносіны іерархіі іх увогуле не хвалююць?

Па-трэцяе, якім бачыць аратар працэс і вынік кантактавання, якія мэты ставіць перад сабой – перамогу і самасцвярджэнне ў працэсе барацьбы-прамовы (аганальнасць) ці гармонію ў пошуках кансенсусу?

Па-цацвёртае, якое стаўленне прамоўцы да ісціны, “праўдзівасці” яе, да сапраўднага становішча спраў, да рэчаіснасці – анталогіі. Ці шукае журналіст з аўдыторыяй ісціну, ці важная ісціна для яго, або адносная, не вартая ўвагі. Каштоўнасць ісціны – неад’емны атрыбут рытарычнга ідэалу Сакрата-Платона, тады калі для сафістычнага – важнасць ісціны адносная, наяўнасць ці адсутнасць ісціннага стаўлення да прадмету маўлення не хвалюе прамоўцу, бо ісціна для яго рэлятыўная. Важна не шукаць ісціну, а даваць веру ў яе.



Журналістыка – даволі маладая галіна дзейнасці чалавека, яна вынікае з рыторыкі і яе асноўных пастулатаў. Перадумовы ўзнікнення журналістыкі цесна спалучаны з вырашэннем трыадзінай задачы рыторыкі: docere – паведамляць, інфармаваць, адукоўваць, пераконваць; movere – узбуджаць, падштурхоўваць, рухацца, падахвочваць да дзеяння; delectare – забаўляць, задавальняць, прыносіць асалоду, выйграваць сімпатыі. Іншымі словамі, журналістыцы наканавана было сканцантравацца на трох фактарах – інфармуючы, даказваць ісціннасць таго, пра што паведамляецца, чым падахвоціць аўдыторыю да пэўнага дзеяння, і, уплываючы на яе эмацыянальны стан, завааяваць сімпатыі, схіліць на свой бок.



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка