Рыхтуемся да алімпіяды: водгук, вуснае выказванне




Дата канвертавання18.05.2016
Памер95.82 Kb.
РЫХТУЕМСЯ ДА АЛІМПІЯДЫ:

ВОДГУК, ВУСНАЕ ВЫКАЗВАННЕ

Праграма факультатыўных заняткаў для X–XI класаў гімназій і ліцэяў

(70 гадзін)

ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА

Факультатыўныя заняткі разлічаны на вучняў X–XI класаў гімназій i ліцэяў, якія рыхтуюцца да ўдзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры. Змест праграмы, арыентаваны на выпрацоўку спосабаў дзейнасці і фарміраванне мастацка-творчага вопыту, забяспечвае поліаспектнае вывучэнне камунікатыўных працэсаў на аснове шэрагу сумежных дысцыплін і акумулюе веды з такіх галін філалогіі, як стылістыка, тэорыя літаратуры, гісторыя літаратуры, а таксама элементы курса акцёрскага і прамоўніцкага майстэрства. Вучэбная праграма факультатыўных заняткаў часткова заснавана на выкарыстанні раней атрыманых на ўроках беларускай і рускай мовы ведаў пра тэкст, тыпы і стылі маўлення, іх асаблівасці, а таксама актуалізуе веды, атрыманыя падчас вывучэння беларускай літаратуры.



Мэта факультатыўных заняткаў – сістэматызаваць і абагульніць веды вучняў па стылістыцы, культуры маўлення, гісторыі і тэорыі літаратуры, удасканаліць агульнавучэбныя ўменні і навыкі працы з літаратурным матэрыялам, развіваць спецыфічна творчыя здольнасці вучняў па стварэнні ўласнага творчага прадукту.

Задачы факультатыўных заняткаў:

  • развіццё моўнай і літаратурнай кампетэнцый;

  • развіццё навыкаў публічнага выступлення;

  • удасканаленне ўменняў і навыкаў аналізу мастацкага тэксту;

  • узбагачэнне тэарэтыка-літаратурнага тэзаўруса;

  • фарміраванне навуковай дапытлівасці;

  • развіццё пазнавальнай актыўнасці;

  • развіццё крэатыўнага патэнцыялу;

  • развіццё літаратурнага і культурнага кругагляду;

  • спрыянне прафесійнай арыентацыі вучняў.

У залежнасці ад узроўню падрыхтаванасці вучнёўскай аўдыторыі могуць пераносіцца тэматычныя акцэнты, змяняцца колькасць гадзін на вывучэнне пэўнай тэмы.

Формы правядзення заняткаў:

  • лекцыя з элементамі гутаркі;

  • семінар;

  • самастойная праца па індывідуальных заданнях;

  • конкурс;

  • аўдыязапіс;

  • дыспут;

  • самарэцэнзаванне і ўзаемарэцэнзаванне;

  • экскурсія, завочная экскурсія;

  • прэзентацыя;

  • праца з электроннымі носьбітамі інфармацыі і інш.


ЗМЕСТ ПРАГРАМЫ

УВОДЗІНЫ (2 г)

Мэты і задачы факультатыўных заняткаў. Змест і структура праграмы факультатыўных заняткаў.



Практыкум. Анкетаванне вучняў з мэтай высвятлення іх філалагічнай падрыхтаванасці, чытацкіх схільнасцей.

ВІДЫ ПІСЬМОВЫХ ТВОРЧЫХ РАБОТ (2 г)

Водгук як від творчай работы, абумоўлены тэкстам для водгуку. Жанравыя асаблівасці водгуку. Крытэрыі ацэнкі водгуку. Водгук, рэцэнзія, нарыс і эсэ. Іх жанравыя адрозненні.



Практыкум. Аналіз рэцэнзій з літаратурна-мастацкіх выданняў, эсэ класікаў беларускай літаратуры, сучасных аўтараў, водгукаў пераможцаў алімпіяды.

ВУСНАЕ ВЫКАЗВАННЕ (4 г)

Тэма і мэта вуснага выказвання. Вуснае выказванне як від публічнага выступлення па акрэсленай тэме. Крытэрыі ацэнкі вуснага выказвання.



Практыкум. Праслухоўванне аўдыязапісаў выступленняў вядомых пісьменнікаў, артыстаў. Аналіз тэхнікі прамаўлення, слоўнага афармлення выступленняў. Вуснае выказванне на свабодную тэму. Выпрацоўка ўмення суадносіць тэму і мэту выказвання. Абмеркаванне выказванняў.

КАМПАЗІЦЫЯ ВОДГУКУ (4 г)

Асаблівасці кампазіцыі водгуку. Уступ – асноўная частка – заключэнне. Узаемазалежнасць структурных частак творчай работы. Суадносіны ўступу і заключэння, іх сэнсавая сувязь.



Практыкум. Напісанне водгуку на самастойна выбраны твор. Развіццё ўмення абгрунтоўваць выбар мастацкага твора. Удасканаленне ўмення суадносіць змест і аб’ём водгуку, яго структурныя часткі. Правілы афармлення паэтычных і празаічных цытат.

СТЫЛІСТЫЧНЫЯ ПАМЫЛКІ (4 г)

Нематываванасць адначасовага ўжывання слоў, выразаў, канструкцый, уласцівых розным стылям. Немэтазгоднасць увядзення ў пісьмовае і вуснае выказванне прастамоўных слоў. Празмерная (штучная) эмацыянальнасць вуснага і пісьмовага выказвання. Іншыя віды памылак (фанетычныя, сэнсавыя, лексічныя, марфалагічныя, сінтаксічныя).



Практыкум. Аналіз тэкстаў са стылістычнымі памылкамі. Аналіз вучнёўскіх водгукаў. Абмеркаванне, выпраўленне памылак.

МОЎНЫЯ ШТАМПЫ І КЛІШЭ Ў ВУСНЫМ І ПІСЬМОВЫМ МАЎЛЕННІ (2 г)

Моўныя штампы – словы і выразы з аслабленым лексічным значэннем і сцёртай экспрэсіўнасцю. Моўны штамп як стылістычная памылка.



Практыкум. Аналіз публіцыстычных і мастацкіх тэкстаў, вучнёўскіх работ з моўнымі штампамі, выпраўленне памылак.

КАМПАЗІЦЫЯ ВУСНАГА ВЫКАЗВАННЯ (4 г)

Структурныя часткі вуснага выказвання. Логіка будовы выказвання. Мэтазгодная сувязь уступу, асноўнай часткі і заключэння. Роля ўступу ў прыцягненні ўвагі слухача. Аргументацыя і доказнасць разважання ў асноўнай частцы. Абагульненне разважанняў і меркаванняў у заключнай частцы. Яркасць і эмацыянальнасць заключэння.



Практыкум. Складанне вуснага выказвання на публіцыстычную тэму. Выпрацоўка ўмення суадносіць структурныя часткі выказвання. Абмеркаванне выказванняў. Узаемарэцэнзаванне. Аналіз тыповых памылак.

МАСТАЦКІ ТЭКСТ ЯК СРОДАК УЗБАГАЧЭННЯ МОВЫ ВУСНАГА І ПІСЬМОВАГА ВЫКАЗВАННЯ (8 г)

Інтэрпрэтацыя мастацкага тэксту як сродак спасціжэння эстэтыкі твора. Падтэкст у мастацкім творы. Выяўленне аўтарскіх адносін да герояў і падзей, канцэпцыі чалавека і жыцця. Троп – адзін са спосабаў вобразнага асэнсавання жыцця. Простыя і складаныя тропы. Роля тропаў ва ўзбагачэнні вуснага і пісьмовага маўлення.



Практыкум. Аналіз паэтычных і празаічных тэкстаў. Удасканаленне ўмення вызначаць ролю тропаў у паэтычным і празаічным тэксце. Напісанне водгуку на паэтычны твор. Узаемарэцэнзаванне.

СТЫЛІСТЫЧНЫЯ ФІГУРЫ (4 г)

Роля стылістычных фігур ва ўзмацненні экспрэсіўнасці вуснага і пісьмовага выказвання. Анафара, эпіфара. Роля антытэзы ў публіцыстычным выказванні. Роля інверсіі, градацыі ва ўзмацненні мастацкай выразнасці. Рытарычнае пытанне.



Практыкум. Аналіз мастацкіх, публіцыстычных тэкстаў. Удасканаленне ўмення вызначаць ролю стылістычных фігур. Складанне вуснага выказвання па зададзенай тэме. Конкурс вусных выказванняў у групе. Выпрацоўка ўмення выкарыстоўваць стылістычныя фігуры ў вусным выказванні.

ЗМЕСТ ВОДГУКУ (6 г)

Зместавае напаўненне водгуку і дакладная інтэрпрэтацыя тэксту. Суадносіны асабістых уражанняў і літаратуразнаўчага аналізу ў водгуку. Прызначэнне і роля цытат.



Практыкум. Аналіз лірычных твораў сучасных аўтараў. Удасканаленне ўмення бачыць вобразна-выяўленчую ролю сродкаў паэтычнага сінтаксісу ў лірычным творы.

Практыкум. Напісанне водгуку на лірычны твор. Удасканаленне ўмення суадносіць літаратуразнаўчы аналіз і асабістыя ўражанні ў водгуку. Выпрацоўка ўмення суадносіць змест і аб’ём водгуку.

КУЛЬТУРА ВУСНАГА ВЫКАЗВАННЯ (6 г)

Змястоўнасць і нарматыўнасць вуснага і пісьмовага выказванняў. Захаванне арфаэпічных, граматычных, стылёвых і лексічных нормаў ва ўмовах інтэрферэнцыі беларускай і рускай моў. Лагічнасць і пераканальнасць выказвання. Інтанацыйная экспрэсіўнасць. Сэнсавая і псіхалагічная паўза. Лагічная паўза, яе роля ў выказванні. Паўза і падтэкст. Эмацыянальнасць выказвання.



Практыкум. Праслухоўванне аўдыязапісаў выступленняў вядомых дзеячаў культуры. Складанне вуснага выказвання на зададзеную тэму. Праслухоўванне і аўдыязапіс выказванняў вучняў. Самарэцэнзаванне. Абмеркаванне і аналіз у адпаведнасці з патрабаваннямі да культуры выказванняў.

СТЫЛІСТЫЧНЫЯ РЭСУРСЫ ЛЕКСІКІ (2 г)

Сінаніміка як важная крыніца ўзбагачэння вуснага і пісьмовага выказвання. Паранамазія. Аказіяналізмы.



Практыкум. Аналіз тэкстаў. Складанне ўласных тэкстаў на зададзеную тэму. Удасканаленне ўмення выкарыстоўваць у маўленні сінонімы, размяжоўваць сэнсавыя значэнні паранімічных лексічных адзінак.

СТЫЛІСТЫЧНЫЯ РЭСУРСЫ МАРФАЛОГІІ (2 г)

Стылістычна нейтральныя і стылістычна афарбаваныя формы слоў. Іх роля ў вусным і пісьмовым маўленні.



Практыкум. Аналіз мастацкіх і публіцыстычных тэкстаў. Удасканаленне ўмення выкарыстоўваць стылістычна нейтральныя і стылістычна афарбаваныя формы слоў у залежнасці ад стылю маўлення.

СТЫЛІСТЫЧНЫЯ РЭСУРСЫ СІНТАКСІСУ (6 г)

Сінтаксічная сінаніміка. Парцэляваныя канструкцыі і іх функцыя. Перыяд. Складанае сінтаксічнае цэлае і яго роля ў сэнсавай і стылістычнай арганізацыі тэксту.



Практыкум. Напісанне водгуку на празаічны твор. Выпрацоўка ўмення ўжываць розныя віды сінтаксічных канструкцый у пісьмовай творчай рабоце. Аналіз водгукаў. Узаемарэцэнзаванне.

Практыкум. Складанне вуснага выказвання на філасофскую тэму. Аўдыязапіс выказванняў. Абмеркаванне выказванняў. Аналіз найбольш тыповых памылак.

ВЕРШАСКЛАДАННЕ (4 г)

Сілабіка і сілаба-тоніка. Рытм і рыфма. Рытмастваральныя кампаненты. Віды рыфмаў. Строфіка. Вершаваныя формы і віды. Свабодны верш. Бурымэ.



Практыкум. Стварэнне паэтычнага твора па зададзенай рыфме. Удасканаленне ўмення бачыць і вызначаць мастацкую каштоўнасць паэтычнага тэксту. Аналіз напісаных вершаў. Рэфлексія.

ЭКСКУРСІЯ ЯК СРОДАК УЗБАГАЧЭННЯ КУЛЬТУРНАЙ КАМПЕТЭНЦЫІ (4 г)

Практыкум. Пашырэнне культурнага кругагляду вучняў. Выпрацоўка ўмення разумець канцэпцыю экспазіцыі, яе элементы. Складанне вуснага выказвання на тэму «Музейная культура Беларусі». Удасканаленне ўмення абагульняць атрыманыя ўражанні і афармляць іх у звязнае выказванне.

ТВОРЧАЯ СУСТРЭЧА З ПІСЬМЕННІКАМ (ЖУРНАЛІСТАМ, ВУЧОНЫМ, АКЦЁРАМ) (2 г)

Практыкум. Удасканаленне ўмення слухаць. Акцэнтаванне ўвагі на культуры маўлення, культуры камунікацыі. Узбагачэнне культурнага кругагляду, эмацыйнай сферы вучняў.

ПРЭЗЕНТАЦЫЯ «МОЙ ЛЮБІМЫ ПІСЬМЕННІК» (4 г)

Прэзентацыя як сродак сістэматызацыі ведаў і развіцця творчых здольнасцей вучняў. Абагульненне і сістэматызацыя ведаў.



Практыкум. Удасканаленне ўменняў працы з электроннымі носьбітамі інфармацыі. Аналіз кампазіцыі, зместу, крэатыўнасці прэзентацый. Рэфлексіі.

Прагназуемыя вынікі

У выніку вывучэння курса вучні павінны:



атрымаць веды аб

  • змесце, праблематыцы твораў, якія даследуюцца;

  • тэарэтыка-літаратурных паняццях, неабходных для аналізу мастацкіх твораў;

  • жанравых асаблівасцях творчых работ;

  • асаблівасцях зместу і кампазіцыі водгуку і вуснага выказвання;

  • асаблівасцях слоўнага афармлення водгуку і вуснага выказвання;

  • спецыфіцы літаратурнай творчасці;

умець:

  • самастойна аперыраваць інструментарыем аналізу мастацкіх тэкстаў розных жанраў;

  • выяўляць аўтарскую пазіцыю ў творы;

  • разумець падтэкст мастацкага твора;

  • аргументаваць уласныя ацэнкі герояў, падзей, твораў;

  • лагічна, змястоўна, пераканальна, творча выказвацца па пэўнай тэме ў вуснай і пісьмовай формах;

  • самастойна рыхтаваць вуснае і пісьмовае выказванні па зададзенай тэме;

  • рэпрэзентаваць вынікі ўласнай творчай дзейнасці;

  • самастойна карыстацца даведачна-інфармацыйнай літаратурай, электроннымі носьбітамі інфармацыі.

Вывучэнне факультатыўнага курса «Рыхтуемся да алімпіяды: водгук, вуснае выказванне» будзе садзейнічаць

  • удасканаленню ўменняў і навыкаў самастойнага аналізу мастацкіх тэкстаў розных жанраў;

  • сістэматызацыі ведаў па беларускай мове і літаратуры;

  • пашырэнню культурнага і літаратурнага кругагляду;

  • развіццю крэатыўных здольнасцей;

  • удасканаленню моўнай, камунікатыўнай, літаратурнай кампетэнцый.


Рэкамендаваная літаратура

Асноўная

  1. Юрэвіч, А.К. Стылістыка беларускай мовы / А.К.Юрэвіч. – Мінск, 1992.

  2. Каляда, А.А. Мастацкае чытанне ў школе / А.А.Каляда. – Мінск, 1992.

  3. Рагойша, В.П. На шляху да Парнаса: даведнік маладога літаратара / В.П.Рагойша. – Мінск, 2003.

  4. Рагойша, В.П. Паэтычны слоўнік / В.П.Рагойша. – 3-е выд. – Мінск, 2004.

  5. Рагойша, В.П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны і паняцці: для школьнікаў і абітурыентаў / В.П.Рагойша. – Мінск, 2009.

  6. Развивайте дар слова: пособие для учащихся / сост.: Т.А.Ладыженская, Т.С.Зепалова. – М., 1982.

  7. Лепешаў, І.Я. Асновы культуры мовы і стылістыкі / І.Я.Лепешаў. – Мінск, 1989.

  8. Лепешаў, І.А. Лінгвістычны аналіз тэксту / І.Я.Лепешаў. – Мінск, 2009.

  9. Цікоцкі, М.Я. Стылістыка тэксту / М.Я.Цікоцкі. – Мінск, 2002.

  10. Язерская, С.А. Асновы культуры маўлення / С.А.Язерская. – Мінск, 2004.

  11. Праскаловіч, В.У. Выкажыся, каб я цябе ўбачыў!: (Мастацтва вусных выказванняў): 9-ы кл.: дапам. для настаўнікаў агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / В.У.Праскаловіч, В.В.Кушнярэвіч. – Мінск, 2010.

  12. Праскаловіч, В.У. Выкажыся, каб я цябе ўбачыў!: (Мастацтва вусных выказванняў): 9-ы кл.: дапам. для вучняў агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / В.У.Праскаловіч, В.В.Кушнярэвіч. – Мінск, 2010.

Дадатковая

1. Міхневіч, А.Я. Слоўка за слоўкам: алфавітны даведнік па культуры беларускай мовы для ўсіх / А.Я.Міхневіч, Л.П.Кунцэвіч, Ю.В.Назаранка. – Мінск, 2006.

2. Верціхоўская, М.І. Урокі літаратуры: пошук і творчасць: дапаможнік для настаўнікаў / М.І.Верціхоўская. – Мінск, 2008.


  1. Беларускія пісьменнікі: даведнік. – Мінск, 1994.

4. Чертов, В.Ф. Слово – образ – смысл. – Филологический анализ литературного произведения / В.Ф.Чертов [и др.]. – М., 2007.

  1. Куліковіч, У.І. Алімпіяды па беларускай мове / У.І.Куліковіч. – Мінск, 2007.

  2. Руцкая, А.В. Развіццё літаратурна-творчых здольнасцей вучняў праз напісанне водгукаў на мастацкі твор / А.В.Руцкая // Актуальныя праблемы выкладання мовы і літаратуры ў вышэйшай і сярэдняй школе: матэрыялы Рэсп. навук. канф. – Гродна, 2004. – С. 117–122.


В.В.Кушнярэвіч, настаўнік беларускай літаратуры

Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка