Рыгор Барадулін Роднаму слову




Дата канвертавання01.05.2016
Памер134.01 Kb.
РОДНАЕ СЛОВА

Ніл Гілевіч
Страціў слова, страціў спадчыннае слова –

Штосьці страціў у душы абавязкова!

Можа − годнасці хоць кропельку малую?

Можа − мудрасці хоць дробачку якую?

Можа − памяці хоць зернятка-іскрынку?

Можа − праўды хоць пылінку-парушынку?


Рыгор Барадулін
Роднаму слову
Было спадвеку, слова, ты

Крыніцай цудадзейнай сілы,

Што вызваляла з нематы,

Айчыны ніву каласіла.

Ты наталяла смяглы рот

І выкрасала ўдар грамовы,

Каб сам сабою стаў народ,

Пачуўшы гукі крэўнай мовы!


Віктар Жуковіч
Мова
Табою, знаю, пагарджалі,

Табе знішчэннем пагражалі,

А ты − жыла, а ты − тварыла,

Ты свету геніяў дарыла,

О, маці мова! Тваё слова −

Паветра для душы жывой,

Заўсёды мне , сялянка-мова,

Такі гаючы гоман твой.

А ты сама – душа народа,

Яго краса, яго прырода:

Народ нікім не растаптаны,

Праз навальніцы, ураганы

Цябе, адвечную, пранёс.

Ты неахопная – як воля,

Ты неацэнная – як доля,

Ты неад’емная – як лёс.




Ніл Гілевіч
Тут, між гэтых пагоркаў,

У гэтых барах і дубровах,

Каля гэтых азёраў і рэк,

Каля гэтых крыніц,

Узышла і ўзрасла на вякі

Наша родная мова –

І ніякай інакшай яе не магчыма ўявіць.

Кожным гукам і словам –

Па каліўцу − тут прарастала

Разам з кожнай травінкай і зёлкай –

Найменнямі іх.

Што ж за дзіва, што нашай

Душой неўміручаю стала?

Мы ж і самі ўзышлі і ўзраслі тут

З глыбінь векавых.
Яўхім Кохан
Пакуль жыве, красуе мова,-

Датуль народ расце і сам.

Яна – яго першааснова,

Яна – заўжды яго абнова,

Яго душа, яго краса.

Сяргей Чыгрын
Мова
Мова мая з-пад сахі,

Мова мая з-пад страхі,

Ластаўкай лёгкай лунае –

Мне не патрэбна чужая.


Мова мая з-пад касы,

Мова мая са слязы,

Яркім бурштынам ззяе –

Мне не патрэбна чужая.


Выткана мова на кроснах

І разаслана па вёснах,

У горы і шчасці збліжае –

Мне не патрэбна чужая.


Кожнае сэрца і хата

Роднаю мовай багаты.

Вечная і святая...

Мне не патрэбна чужая.


Аляксей Пысін
Дала мне маці гэту мову,

Каб не нямым прыйшоў у свет,

Дала мне маці гэту мову,

Як спадчыну і запавет.


Была яна не беларучкай

І на жніве, і на сяўбе;

На глебе добрай беларускай

Здабыты словы ўсе яе.


Прапахлі сонцам і падзолам,

Дажджамі, сокамі раслін,

Пад знак рукам яе мазольным,

Што мелі толькі ў сне спачын.


Дачка мая! У жыццёвай прозе

У буднях і святочным днём

Не пакідай яе ў парозе,

Калі ў нечы ўвойдзеш дом.


Генадзь Бураўкін
Чорнай навалай коціцца зверху

Гвалт небывалы,

Раз’ятраны вэрхал:

У кіраўнічых суровых прамовах

Бэсціцца зноў беларуская мова:

Быццам бы наскія словы не здатны

Выказаць талент і розум выдатны.
Новай уладзе не пашанцавала –

Хоць да спадобы ёй бульба і сала,

І самазвалы,

І фермы,


І нівы,

Непераборлівы люд наш цярплівы,

Бор карабельны,

Мёд верасовы, −

Косткаю ў горле народная мова.

Колькі душылі яе і травілі,

А не складае падбітае крылле,

А ўсё жыве і ніяк не канае –

Песня азёрная,

Казка лясная.


Перажыла наша родная мова,

І Бенкендорфа, і Мураўёва,

Панскія здзекі,

Чэкісцкія чысткі,

Рогат імперскі,

Вырак фашысцкі...

Тых,

Хто з трасянкаю ў галаве,



Перажыве! (1995)
Генадзь Бураўкін
Я ведаю:

Нядобрых моў няма,

У кожнай мілагучнасць ёсць і сіла,

Якая песняроў ускаласіла

І мудра зберагла,

Каб не скасіла

Іх не хлусня,

Ні слава,

Ні турма.
Я слаўлю мову,

Што яднання дар

Дала і акадэміку, і цеслю.

І ў думках нават я не перакрэслю

Чужую споведзь і чужую песню,

Якія зразумець мне лёс не даў.


Як самая дакладная з навук,

Нам мова праз стагоддзі захавала

Пах палыну,

І тонкі звон метала,

Арліны клёкат,

Гулкі гул абвала –

Усё, што пераліта ў кожны гук.
І правіла прыдумалі не мы,

Што там,


Дзе не шануюць роднай мовы,

Мялеюць рэкі,

Нішчацца дубровы,

Каля магілак пасвяцца каровы,

Народ там мёртвы,

А той край – нямы.

Быць у пустэльні не жадаю я.

І не хачу я мець сяброў бязмоўных,

Бо на зямлі ў нас столькі моў чароўных,

Малення поўных

І здзіўлення поўных,

Усіх пявучых

І ўсіх − галоўных.

І толькі так −

Як роўная між роўных −

Жыць можа мова родная мая.


Генадзь Бураўкін
Словы жудасна паміраюць,

Патухаюць, як светлякі.

Забываюць іх, не паўтараюць

І газеты, і языкі.


Толькі недзе ў далёкай вёсцы

З плёску рэк і шуму лясоў

Узляцяць, як забытыя вёсны,

Салаўямі на сто галасоў.


І ажно перахопіць дыханне,

Як у словах пявучых зноў

Затрапеча чыёсьці каханне,

Запульсуе гарачая кроў.


Ды цяжкім, раўнадушным нарогам

Іх завальвае час і быт.

І здаецца. не словы – народы

Адыходзяць моўчкі ў нябыт.


Немата ім сціскае грудзі,

Заціхае самотны ўздых...

Людзі! Людзі! Ну што ж вы, людзі,

Не ратуеце, родных, іх?..



Уладзімір Дубоўка
Родная мова, цудоўная мова!

Ты нашых думак уток і аснова!

Матчын дарунак ад самай калыскі, −

Ты самацветаў яскравая нізка.

Кожны з іх барвы дзівосныя мае,

Вечным агнём зіхаціць – не згарае.

Ты мне заўсёды была дапамогай,

Дзе б і якой не хадзіў я дарогай.

Чую ў табе перазвоны крыніцы,

Чую ў табе і раскат навальніцы,

Чую павевы зялёнага бору,

Водгулле працы ў родным прасторы.

Кожнай драбнічкай ты варта пашаны,

Кожнае слова вякамі стварана.

І на вякі яно жыць застанецца,

Вечнае так, як народнае сэрца.


Якуб Колас
Слова
Слова – радасць, слова – чары,

Вобраз вечна юных вёсен,

Ёсць ты ўсюды: у сонца, у хмары,

Ты глядзіш праз неба просінь.

Лашчыш слых мой, слова ззянне,

Атуляеш сэрца ласкай,

Ноч і вечар, дзень, світанне,

Абняло ты, слова-краска.


Алесь Бачыла
Матчына мова
Жывое ў вяках беларускае слова –

Народа душа і народа хвала.

Цябе абзывалі “мужыцкаю мовай”,

А нам жа ты матчынай мовай была.


І самай прыгожай, і самаю мілай,

Той маці, што шыла нам світкі з радна,

Што ўлетку на рэчцы палотны бяліла,

А ўвосень авёс дажынала адна.

Той маці , што зімамі кросны снавала,

Што з самай калыскі, як толькі магла,

Сумленнасці, праўдзе, дабру навучала,

Старанна ад розных хвароб берагла.


Прыеду дадому...І што за праява...

Пачую гаворку, ці песню, ці верш –

Здаецца са мной размаўляеш ласкава,

І сцежкаю поруч са мною ідзеш.


У маках чырвоных гарыць прыгуменне...

О матчына мова! Маленства вясна!

Ніколі ніхто мне цябе не заменіць,

Бо ты, як і маці,на свеце адна.


Янка Купала
Роднае слова
Магутнае слова, ты, роднае слова!

Са мной ты на яве і ў сне;

Душу мне затрэсла пагудкаю новай,

Ты песень наўчыла мяне.


Бяссмертнае слова, ты, роднае слова!

Ты крыўды, няпраўды змагло;

Хоць гналі цябе, накладалі аковы,

Дый дарма: жывеш як жыло!


Свабоднае слова, ты, роднае слова!

Зайграй ты смялей, весялей!

Хоць гадзіны сыкаюць, кружацца совы,

Жывеш ты на хвалу людзей.


Загнанае слова, ты, роднае слова!

Грымі ж над радзімай зямлёй:

Што родная мова, хоць бедная мова,

Мілей найбагатшай чужой!


Генадзь Бураўкін
Слова наша роднае, хапала

На стагоддзі доўгія цябе.

Багдановіч, Колас і Купала

Прыпадалі да цябе ў журбе.

Абкідалі кпіны і абразу,

З дзён былых цягнулі ў заўтра ніць

І , хаця не ўсіх і не адразу, -

Навучылі ўсё ж цябе цаніць,

Вымытае ў гулкіх навальніцах,

Нам як запавет перадалі,

Каб пілі і не маглі напіцца

І ўзнялі наўздзіў ўсёй зямлі.


Мова продкаў нашых і нашчадкаў –

Шэпт дубровы і пчаліны звон,-

Нам цябе ласкава і ашчадна

Спазнаваць ажно да скону дзён,

Па чужых краях не пабірацца,

Не аддаць цябе на забыццё,

Наша невычэрпнае багацце,

Наша несмяротнае жыццё.


Ірына Войтка
Ты, роднае слова,

Мне люба і міла,

Ты сэрца сабою

Маё паланіла.

Гучыць зразумела,

Так шчыра, так блізка –

“Матуля”, “сцяжынка”,

“Вясёлка”, “калыска”.

Цябе дзе пачую –

Бы песня пральецца,

І новую песню

Задумае сэрца.

І стане так светла,

Так чыста, так ясна –

Крыніца, праменьчык,

І сонейка красна...

Хачу, каб жыло ты,

Хачу,каб гучала,

І добрых каб песень

Саткала нямала!


Пятрусь Броўка
Калі ласка
У любімай мове, роднай, наскай,

Ах, якія словы:”Калі ласка!..”

Як звіняць яны сардэчнаю струною,

Праз усё жыццё ідуць са мною.

Трапіць госць у будзень, а ці ў свята:


  • Калі ласка, калі ласка ў хату!

Не паспелі сесці пры сустрэчы,

Як патэльня засквірчэла ў печы,

Ды і чарка бліснула дарэчы.

Бульба, смажаніна і каўбаска,

Пакаштуйце, людцы, калі ласка!

Хлопец кажа дарагой дзяўчыне:

− Калі ласка! Будзеш гаспадыняй!..

Эх, жыццё збудуем мы прыгожа,

Ўсе з табой нягоды пераможам.

Гром грыміць. З нябёсамі размова:

− Калі ласка, цёплы дождж вясновы!

І не вельмі буйны і не рэдкі –

На сады, на пушчы, на палеткі,

На грыбы, на ягады, на кветкі...

− Калі ласка! – наш зварот бясконцы.

Мы гаворым ранішняму сонцу:

− Калі ласка, сонца, выйдзі з хмары,

Радасцю аблашчы нашы твары,

Ты ўзнімі з сабою нашы мары!

− Калі ласка!.. – нашай роднай мовы

Шчырыя і ветлівыя словы.

Ларыса Геніюш
Мая мова
Ў добры час , на ўлонні вясковым,

дзе вадзіца крынічная б’е,

навучыўся я матчынай мове

І задуманых песняў яе.


Многа ёсць недасягнутых скарбаў,

яшчэ болей прываблівых мар.

Я яе ні за што не аддаў бы,

бо яна найвялікшы мой скарб!


Яна гойдае спевам калыску,

літасціва шчабеча ў бядзе,

на ёй песні складаюць вятрыскі

ў неспакойны, разбуджаны дзень.


Мая мова не знае змярканняў

ад маленства да старасці лет,

буду песціць яе, як каханне,

разглядаць, як чароўны букет.


Можа мовы чужой навучуся,

каб суседзяў гасцінна вітаць,

але толькі на ёй, беларускай,

буду людзям аб долі пяяць.


Мая мова, як шчасце на вуснах,

хвалявання гарачы прыбой,

можа быць,на чужой засмяюся,

ўсё ж заплачу з тугі на сваёй.


Ніл Гілевіч
Спадчына ( урывак)
Часта думаю:

Што, каб не матчына песня?

Чым бы дыхаў?

На холадзе чым саграваўся б?

Папрасімцам, напэўна,

Бадзяўся б па свеце,

Жабраком

Між чужых і радні

Пабіраўся б.

З чым пайшоў бы я ў госці

Да добрых суседзяў?

Чым аддзячыць бы змог

За дары іх ад сэрца?

Хто б мяне

Паміж трох міліярдаў

Разгледзеў?

Хто б мяне распазнаў

І , як роднага б стрэціў?

А цяпер –

Валадар я нязлічаных скарбаў,

І другім не зайздрошчу –

Прызнацца па праўдзе,

І ніхто не пачуе

Ні крыўды, ні скаргаў,

Што не кінуў нічога

Мне ў спадчыну прадзед.

Мне з табою, мой скарб,

На планеце не цесна,

Я з табой –

І вялікі. і здатны,

І дужы.

Я хачу зберагчы цябе,



Матчына песня,

Каб запоўніць табою

Спусцелыя душы!

Я хачу


Пасяліць цябе ў сэрцах

Нашчадкаў,

Каб ніколі мяне

Папракнуць не змаглі,

Каб было перад смерцю

Мне лёгка ад згадкі,

Што я жыў недарэмна

На роднай зямлі.


Сяргей Грахоўскі
Словы
Над намі словы ўладараць.

Мы чуем і гаворым іх.

Яны то здружаць, то пасвараць

Сяброў і ворагаў маіх.


Бо словы розныя бываюць.

Адны – агню стрымаюць шквал,

Другія словы забіваюць

Усё жывое напавал.


Ад слова сэрца халадзее,

Праходзіць сон і забыццё,

Ад слова рушацца надзеі,

Ад слова свеціцца жыццё.


Ад слова вырастаюць крылы,

А ў сэрца грукае любоў,

Ад слова прыбываюць сілы,

Дык не шкадуйце шчырых слоў!


А здатным толькі на дакоры

І гучна словамі грымець,

Каб не прыносіць людзям гора,

Было б найлепей анямець.



Юрась Свірка
Словы
У нас сваіх хапае слоў

Крамяных, росных, васільковых

Ад мурагоў і ад лясоў,

Ад светлых высяў жаўруковых.


У нас хапае слоў сваіх

Святлістых, важкіх,нібы глеба,

Ад чыстых даляў веснавых,

Ад глыбіні улетку неба.


Сваіх хапае слоў у нас

Суровых, мужных, як яднанне,

Яны гучаць у грозны час

І заклікаюць на змаганне.


У нас хапае слоў такіх

Чысцюткіх, ядраных. як ранне.

Яны выказваюць услых

Пяшчоту, ласку і каханне.


Хапае слоў і гаманкіх,

І мяккіх, як у лузе травы,

Ствараючы, шліфуюць іх,

Але не для сваёй забавы.


У нас хапае рэдкіх слоў,

І палюбі ты іх бязмежна.

Яны ад чысціні снягоў

І ад пялёсткаў беласнежных.


Яны ўвабралі звон крыніц,

Шум лесу і дыханне ночы...

Ад ліўняў і ад навальніц–

Грымяць, іскрацца і шапочуць.


Журыцца ўмеюць і звінець,

Спяваць у шумным карагодзе.

Іх трэба сэрцам разумець

І выслухоўваць у народзе.


Роднае слова


Змест

1.Н.Гілевіч “Страціў слова...”

2.Р.Барадулін “Роднаму слову”

3.В.Жуковіч “Мова”

4.Н.Гілевіч “Тут, між гэтых пагоркаў...”

5.Я.Кохан “Пакуль жыве, красуе мова...”

6.С.Чыгрын “Мова”

7.А.Пысін “Дала мне маці гэту мову...”

8.Г.Бураўкін “Чорнай навалай...”

9.Г Бураўкін “Я ведаю...”

10.Г.Бураўкін “Словы жудасна паміраюць”

11.У.Дубоўка “Родная мова...”

12.Я.Колас “Слова”

13.А.Бачыла “Матчына мова”

14.Я. Купала “Роднае слова”

15.Г.Бураўкін “Слова наша роднае...”

16.І.Войтка “Ты, роднае слова...”

17.П.Броўка “Калі ласка”

18.Л.Геніюш “Мая мова”

19.Н.Гілевіч “Спадчына”



20.Ю Свірка “Словы”

21.С.Грахоўскі “Словы”


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка