Рыцар ідэйнай чысцiнi сцяпан Лаўшук




Дата канвертавання11.06.2016
Памер92.39 Kb.
РЫЦАР ІДЭЙНАЙ ЧЫСЦIНI

Сцяпан Лаўшук
Андрэй Макаёнак... Адно ўпамінанне гэтага імені выклікае шматлікія асацыяцыі, звязаныя з самымі яркімі старонкамі гісторыі пасляваеннай беларускай драматургіі. Так ужо сталася, што менавіта яму часцей за сваіх калег удавалася вырывацца з прывычных, наезджаных творчых дарог на цалік наватарскіх пошукаў.

Пачатак 50-х гадоў... У савецкім драматычным мастацтве, знядужаным чарвяточынай бесканфліктнасці, пачалі адбывацца пэўныя зрухі. Бесканфліктныя п'есы з іх стандартызаванымі калізіямі, схематычнымі персанажамі не маглі спрыяць паўнакроўнаму развіццю драматургіі, не маглі садзейнічаць стварэнню жыццёва пераканаўчага, псіхалагічна дакладнага вобраза нашага сучасніка. I сярод самых першых савецкіх драматургаў, якія не захацелі мірыцца з такім становішчам, быў Андрэй Макаёнак. Яго сатырычная камедыя «Выбачайце, калі ласка!» стала выдатным адказам на сацыяльны заказ часу.

Адным з першых ён будзе заставацца праз усё сваё творчае жыццё. Драматург, напэўна ж, усведамляў сваё месца ў беларускай і савецкай драматургіі, але адносіўся да гэтага з вялікай доляй гумару. Спецыяльна, дзеля растлумачэння ўласных адносін да славы, ён прыгадваў адну байку-прытчу: «Дык вось, здарылася гэта, калі мне споўнілася чатыры ці пяць год. Мой дзядзька падсадзіў мяне на каня. Эмацыянальная памяць захавала гэта адчуванне: вярхом на кані! Самастойна! Праўда — дзвюма рукамі за грыву. На кані я стаў вышэй дзядзькі, вышэй плота, вышэй саламянай страхі, нават вышэй канапель уздоўж сцежкі да гумна. Дзядзька вядзе каня за павады, а я... «узнёсся», адным словам. I раптам (адкуль яе толькі чорт паслаў) з канапель на сцежку выскачыла рабая свіння. Конь з перапуду ўзвіўся на дыбы. (Коні тады пужлівыя былі.) I я са сваёй вышыні чмякнуўся вобзем. А калі ўпрытомнеў — побач галасіла маці, нехта паліваў мяне з шапкі вадой з лужыны... Ні каня, ні вышыні... Каноплі, як лес, высокія...

3 таго часу і дасюль запомніў: як бы трывала ні адчуваў сябе на кані, як бы цэпка не трымаўся за грыву — не забывай, што ў любую мінуту можа выскачыць з канапель рабая свіння і перабегчы дарогу, а пужлівы конь можа ўзвіцца на дыбы, і зноў можна чмякнуцца вобзем, бо, ухапіўшыся за грыву, не трэба думаць, што трымаеш бога за бараду».

Гісторыя стварэння камедыі «Выбачайце, калі ласка!» з'яўляецца своеасаблівым ключом да разумення ўсёй творчасці Андрэя Макаёнка. «Па абавязку партыйнага работніка, па чалавечаму абавязку — прызнаваўся ён,— не мог прайсці міма таго негатыўнага, што перашкаджала нашаму руху наперад. Заўсёды ўвязваўся ў бойку. Вось і першая мая камедыя «Выбачайце, калі ласка!» была напісана таму, што з'явілася ўнутраная патрэба дапамагчы сотням і сотням маіх сяброў-калгаснікаў разгледзець сапраўднае аблічча бюракратаў і хапуг» 13. Заслуга А. Макаёнка заключалася ў тым, што ён не проста ўказваў на недахопы (канстатацый негатыўных з'яў рэчаіснасці было дастаткова ў тагачасных п'есах), а стараўся па-партыйнаму прынцыпова выяўляць, выкрываць іх прычыны. Ён не пабаяўся падкрэсліць, што калібераўшчына, як заганны метад кіраўніцтва сельскай гаспадаркай, мела зусім не прыватны характар, што каліберавы бываюць «розных калібраў». Злосна і адначасова вынаходліва-весела высмеяў малады драматург аматараў паказухі, якія для дасягнення сваіх карыслівых мэт не грэбавалі ніякімі круцельствамі. Круцельства кепскім лічыцца само па сабе, тым больш агіднае яно ў «выкананні» тых дзеячаў, якія нават па абавязку службы павінны дбаць аб ідэйнай чысціні. Можна ўявіць усю меру драматургавай нянавісці да гэтых дзялкоў! Але наколькі ён вытрыманы ў выяўленні сваіх пачуццяў: гранічна вострая крытыка нідзе не пераходзіць у крытыканства.

Поспех першай сатырычнай камедыі А. Макаёнка быў абумоўлены многімі прычынамі. Спрачацца не даводзіцца: тэматычна-праблемная яе актуальнасць адыграла далёка не апошнюю ролю — п'еса і сапраўды добра-такі «паспела да абеду». Але бясспрэчна і тое, што не адной надзённасцю жывілася ўвага да твора: у «Выбачайце, калі ласка!» тэматычная актуальнасць, праблемная завостранасць, дакладнасць ідэйнай аўтарскай пазіцыі спалучаліся з высокім узроўнем эстэтычнага асэнсавання матэрыялу. Вось гэты надзейны сплаў ідэйнасці і мастацкасці стаў адметнай уласцівасцю ўсіх наступных камедый Андрэя Макаёнка, забяспечыўшы яму пастаянны поспех у шырокай аўдыторыі гледачоў: па сцэнах тэатраў Беларусі, саюзных рэспублік, за мяжой.

Пачынаючы недзе з сярэдзіны 50-х гадоў А. Макаёнак стаў яшчэ больш настойліва і планамерна вывучаць гісторыю роднай культуры. Асабліва яго цікавіла праблема традыцый і наватарства ў яе практычным, а не чыста тэарэтычным плане. Драматург усвядоміў, наколькі плённымі спрадвечна былі сатырычныя плыні ў беларускай літаратуры, таму і забіў так зацята трывогу з-за нядбайных адносін да іх. На V з'ездзе Саюза пісьменнікаў БССР ён з непрыхаванай горыччу гаварыў: «I паўслова аб сатыры. Пра сатыру грэх не гаварыць мовай сатыры.

Апошнім часам пра яе нідзе ні словам не памянуць. Асабліва добрым словам. Няўжо яна нікому не трэба? Ну няхай не даюць ёй генеральскага чыну, можа, нават занадта высокая для яе пасада санітарнага ўрача. Але ж можна хоць бы прызначыць па важнасці з пасадай пуцявога абходчыка, які пільна сочыць, каб не трапілася на пуцях трэшчына ў рэйках, каб наш поезд ішоў па графіку і без непрыемных здарэнняў. Назавіце сатыру дворнікам — хоць смецце будзе вымятаць. Толькі не ігнаруйце яе маўчаннем. Шутом абзавіце яе. Было ж некалі, што пры двары каралі шутоў трымалі, і ім дазвалялася высмеяць любога, хто прыходзіў у палац, нават міністра, а часам і самога караля. Нават пры Іване Грозным былі сатырыкі-юродзівыя».

Правы сатыры драматург адстойваў пастаянна, бескампрамісна. I лепшай агітацыяй за сатыру былі яго творы. Сатырычнасць крынічыла ва ўсіх яго камедыях: у адных больш канцэнтравана («Каб людзі не журыліся», «Кашмар», «Пагарэльцы»), у другіх—менш («Лявоніха на арбіце», «Таблетку пад язык», «Верачка»). Формы яе праяўлення ў кожным канкрэтным выпадку былі непаўторныя. Гэта выяўляла ў А. Макаёнку патрабавальнага да сябе мастака. У пафасе ж адмаўлення і сцвярджэння выразна праглядваецца нацыянальная традыцыя. Вопыт В. Дуніна-Марцінкевіча, К. Каганца, Я. Купалы, У. Галубка, Е. Міровіча, К. Крапівы ў камедыях А. Макаёнка знайшоў выдатнае развіццё. Варта падкрэсліць, што драматург да пытання развіцця традыцый адносіўся заўсёды творча. Апрача сваёй, ён нядрэнна ведаў сусветную драматургію, таму беспамылкова мог меркаваць аб тым, чаго бракуе беларускай драматургічнай практыцы, і ў адпаведнасці з гэтым планаваць сваю творчасць. Ці не ад таго зыходзіла пастаянная яго нацэленасць на эксперымент, на пошук новых форм мастацкай выразнасці?

Надзвычай цікавымі з'яўляюцца спробы А. Макаёнка пашырыць межы жанравых магчымасцей камедыі, прынамсі беларускай камедыі. На рубяжы 60—70-х гадоў ён стварыў дзве трагікамедыі «Зацюканы апостал» і «Трыбунал», фармальна-выяўленчы лад якіх гэтак жа, як і вобразная сістэма, не меў аналагаў у ранейшай беларускай драматургіі. Першая з іх была асабліва нечаканая ў творчасці драматурга і прысвечана выкрыццю буржуазнай маралі. Чым жа здзівіла трагікамедыя спецыялістаў? Ну вядома ж, не тым, што аўтар адарваўся ад айчыннай рэчаіснасці: на матэрыяле зарубежных краін у гэты час пісалася нямала твораў. Здзівіў сам драматургічны «почырк» А. Макаёнка. Па-першае, ён, хто заўсёды любіў дакладныя прывязкі да жыццёвай канкрэтыкі, раптам прыбягае да надзвычай абагульненых вобразаў (Тата, Мама, Сын, Дачка, Дзед, палітычны каментатар), да зусім няпэўнай лакалізацыі дзеяння («недзе на ўзбярэжжы паўднёвага мора, здаецца, Міжземнага. Можа, нават на заваляшчым якім-небудзь востраве ў якім-небудзь акіяне, мелкім, неглыбокім, дзе і вады ўсяго па калена»). Па-другое, як вольна аднёсся ён да тэорыі верагоднасці! Умоўнасць, умоўнасць і яшчэ раз умоўнасць! Але над усім — пачуццё мастацкай меры. Гэта дазволіла драматургу дасягнуць самай важкай верагоднасці — верагоднасці мастацкага характару.

На сцэнах тэатраў (а «Зацюканы апостал» пастаўлены не толькі ў Савецкім Саюзе, але і за мяжой) п'есу інтэрпрэтавалі па-рознаму. I гэта зусім заканамерна: у творы маецца некалькі сэнсавых планаў, ён багата насычаны падтэкстам. Адзінае, што ва ўсіх спектаклях трактавался амаль адназначна,— гэта развянчанне драматургам філасофіі сучаснага буржуазнага мяшчанства. Змясціўшы герояў у зачараванае кола буржуазнага побыту, дзе псіхічная дэпрэсія на аснове прыніжэння асобы параджае культ сілы, фашысцкую ідэалогію, драматург на прыкладзе кароткага жыццёвага лёсу Сына паказвае, наколькі згубная атмасфера ўтвараецца тады, калі чалавек слепа падладжваецца пад абставіны. Апалагетыка жывата, філістэрства, апалітычнасць і беспрынцыповасць — вось асноўныя адзнакі жыццёвай філасофіі, якой прытрымліваюцца Тата, Дзед, іх сябры і паплечнікі. Тата і яго асяроддзе пасіўнасцю сваіх грамадскіх пазіцый, неакрэсленасцю палітычных поглядаў сталі віноўнікамі ўзнікнення фашысцкіх схільнасцей у душы Сына. Лёс хлопчыка мог бы скласціся зусім інакш, калі б ён трапіў у здаравейшае асяроддзе: зарукай таму — яго несумненная адаронасць. Нават адносна нямала пажыўшы ў задушнай атмасферы ўсеагульнага падману і хлусні, малы не ўсё яшчэ страціў. Пакуль што светапогляд Сына — фантастычны кангламерат разнастайных, разнапланавых поглядаў і перакананняў. Ён добра зразумеў абсурднасць узаемаадносін у сваім асяроддзі, дзе ўсё заснавана на нічым не прыкрытай меркантыльнасці, дзе прызнаецца толькі адно права — права дужага. Вось чаму яго жыццёвыя арыенціры аказаліся безнадзейна дэфармаванымі.

Трагікамедыя «Зацюканы апостал» — адзіны твор А. Макаёнка, у якім няма ніводнага станоўчага персанажа. Аднак ад гэтага ён не гучыць песімістычна. Танальнасць п'есы абумоўлена аптымістычнасцю аўтарскай пазіцыі, багаццем выкрывальнага смеху. Цікава, што цяга А. Макаёнка да інтэлектуальна-прытчавых выяў нідзе не прыводзіць да насілля: над матэрыялам, да штучных сюжэтных хадоў. Персанажам у камедыі дыхаецца вольна, дзеянне развіваецца нязмушана, гарманічна.

Прытчападобнасць даўно стукалася ў дзверы беларускай драматургіі. Гэта адчувалі многія пісьменнікі, але першым кінуўся запаўняць прабел А. Макаёнак, зрабіўшы неацэнную паслугу ўсей нацыяналыіай літаратуры. У мэтанакіраваных пошуках літаратурна-сцэнічнай дасканаласці сваіх твораў драматург усё больш смела эксперыментаваў. Вельмі рызыкоўным эксперыментам, напрыклад, была спроба тэму гераізму савецкіх людзей у час Вялікай Айчыннай вайны ўвасобіць у жанры трагікамедыі. Да А. Макаёнка ніхто з савецкіх драматургаў на такое не асмельваўся. Не стаў бы гэта рабіць і аўтар «Трыбунала», калі б не адчуваў, што ў паказе ваеннай героікі наша драматургія пачала грашыць залішняй аднастайнасцю. Асаблівыя прэтэнзіі выклікала абмалёўка персанажаў: станоўчыя паказваліся аднабакова ўзвышана, манументальна статычна, а адмоўныя — шаржыравана, схематычна. Аднастайнай таксама часцей за ўсё аказвалася і танальнасць п'ес. Само сабою зразумела, што эстэтычнае і выхаваўчае ўздзеянне такіх твораў зніжалася.

А. Макаёнак быў заўсёды перакананы, што для паказу яркіх падзей неабходна яркая форма. Вось чаму ў «Трыбунале» трагічнае арганічна пераплятаецца з камічным, гарэзлівае чаргуецца з жудасным, а смех — з адчаем. У паказе ж галоўнага героя — Цярэшкі Калабка — ніякай манументальнасці. Больш таго, драматург не толькі не ўзводзіць героя на п'едэстал, а ставіць яго ў кур'ёзнае становішча, прымусіўшы амаль на працягу ўсёй дзеі сядзець у: «мяшэчным палоне». Тым не менш Цярэшка ўспрымаецца сапраўдным героем. Аказваецца, не ўсякае «зазямленне» героя з'яўляецца яго прыніжэннем! Глядач зразумеў, што драматург свядома пайшоў на зніжэнне вобраза з палемічных меркаванняў, што Цярэшка Калабок сімвалізуе сабою новую грань масавага гераізму.

Вобраз Калабка неяк адразу быў аднесены да творчых удач А. Макаёнка. I не без падстаў, бо ў ім сканцэнтраваны многія характэрныя рысы беларускага нацыянальнага характару: грамадзянская прыстойнасць, працавітасць у спалучэнні з гумарыстычнай самаацэнкай і хітрынкай, сарамлівасцю ў самавыяўленнях, адсутнасцю эгаістычных амбіцый... Цярэшка, які, мусіць, нават не ўяўляў, што існуюць такія паняцці, як псіхалагічныя традыцыі, духоўныя ўстоі, народная этыка, усім сваім жыццём, кожным учынкам ствараў, умацоўваў іх.

У час працы над «Трыбуналам» і пазней драматург вельмі многа думаў пра асновы — маральна-этычныя і духоўна-этнічныя — жыцця роднага народа. Калі ўглядаешся ў воблікі яго герояў — носьбітаў гэтых асноў, без цяжкасці адзначаеш, наколькі строга кантралюецца ім міжвольнае памкненне ідэалізаваць нацыянальны характар цвярозай развагай пісьменніка-рэаліста, уласцівай беларусу іранічнасцю самаацэнкі. Сэрца драматурга назаўжды было аддадзена чалавеку-працаўніку і асабліва — аратаму. Гэта ў яго абарону часцей за ўсё ўздымаў драматург сваю сатырычную зброю. Праўда, у поглядзе пісьменніка на праблемы сельскай рэчаіснасці з цягам часу адбывалася прыкметная эвалюцыя. Калі ў камедыях «Выбачайце, калі ласка!» і «Каб людзі не журыліся» пераважаюць настроі занепакоенасці, то ўжо п'есы «Лявоніха на арбіце» і «Таблетку пад язык» вызначаюцца больш мажорнымі тонамі: гэта адпавядала аб'ектыўнаму стану сельскага побыту на пэўных этапах. Але нават у пазнейшых творах пра вёску сатырык у душы А. Макаёнка не саступаў месца «алеографу». Так, напрыклад, у «Таблетцы пад язык» драматург рэзка крытыкуе застарэлыя погляды на міграцыю, на праблему пераходу сельскагаспадарчай вытворчасці на індустрыяльныя рэйкі. Клопатам пра заўтрашні дзень селяніна прасякнута і трагікамедыя «Кашмар», хоць у асноўным яна скіравана супроць мілітарысцкай палітыкі капіталістычнага Захаду: для нармальнай працы на нівах патрэбна перакананасць у мірным будучым.

Канец 70 — пачатак 80-х гадоў заспелі драматурга ў творчых пошуках. У трагікамедыі «Пагарэльцы», прысвечанай выкрыццю ідэйнага канфармізму, апалітычнасці, прыстасавальніцтва і шкурніцтва, пісьменнік смела адмаўляецца ад традыцыйнай сюжэтна-кампазіцыйнай структуры, пабудаваўшы свой твор у выглядзе «пралогу і эпілогу адной трагікамічнай гісторыі». Камедыя «Верачка» напісана ў больш прывычных, хоць таксама далёка не кананічных, жанравых формах. У творчых адносінах яна цікавая тым, што ў ёй лірычныя матывы прыкметна пераважаюць над сатырычнымі.

Апошнім закончаным творам А. Макаёнка была трагікамедыя «Дыхайце эканомна», у якой сінтэзаваліся, факусіраваліся многія лепшыя якасці яго драматургічнага таленту. Гэта п'еса-прытча, у якой аб'ектам аўтарскага асэнсавання сталі многія глыбінныя праблемы чалавечага існавання. Яркі антываенны пафас спалучаецца ў ёй з пакутлівым роздумам аб самацэннасці чалавечага жыцця, аб індывідуальнай адказнасці кожнага чалавека за захаванне Зямлі ад тэрмаядзернай катастрофы.



Да крыўднага рана пайшоў ад нас А. Макаёнак. Засталіся няздзейсненымі многія найцікавейшыя задумы. Адзінае, што ў нейкай ступені заспакойвае,— гэта маштабы зробленага. Застаўся ў савецкім мастацтве Тэатр Андрэя Макаёнка — з'ява яркая, самабытная, зразумелая і блізкая ва ўсіх кутках нашай неабсяжнай краіны.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка