Рэкамендавана да зацвярджэння ў якасці тыпавой




старонка4/7
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.05 Mb.
1   2   3   4   5   6   7

3.10. Асаблівасці развіцця беларускай літаратуры ў 30-я гады

Беларуская літаратура 30-х гадоў як каштоўны матэрыял для разумення і асэнсавання гісторыі. Адлюстраванне ў ёй грамадска-палітычных працэсаў, складанай атмасферы часу. Арыентацыя на паказ маштабных пераўтварэнняў у краіне (індустрыялізацыя, калгаснае будаўніцтва), услаўленне жыцця. Ідэалізацыя рэчаіснасці. Замоўчванне складаных грамадскіх праблем, пагаршэнне грамадска-палітычнага клімату ў краіне. Жорсткі ідэалагічны ўціск, скіраваны на літаратуру.

Дзейнасць Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (Бел АПП) на пачатку 30-х гадоў. Згубнае ўздзеянне на літаратурны працэс вульгарна-сацыялагічнай крытыкі (А. Бэндэ, А. Кучар і інш.). Страта ўнутранай свабоды мастака. Дзяржаўна-партыйнае кіраўніцтва літаратурай і культурай.

Пастанова ЦК КП(б) «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арга­нізацый» (1932). Роспуск усіх літаратурных аб’яднанняў, у тым ліку і Бел АПП. Першы Ўсебеларускі з’езд пісьменнікаў (1934).

Стварэнне Саюза пісьменнікаў Беларусі (1934) як неабходнасць цэнтралізаванага кіравання нацыянальнай літаратурай ва ўмовах таталітарнай сістемы.

Масавыя рэпрэсіі беларускіх пісьменнікаў у 30-я гады. Сфабрыкаваныя абвінавачванні пісьменнікаў у «нацдэмаўскай кантрэвалюцыі», «буржуазным нацыяналізме», «эстэтызацыі ўласніцкіх памкненняў».

Архіўныя матэрыялы па справах рэпрэсаваных пісьменнікаў як трагічныя дакументы часу. Рэпрэсаваныя літаратары, іх творчая спадчына. «Аповесць для сябе» Б. Мікуліча, «Зона маўчання» С. Грахоўскага як рэквіем рэпрэсаваным пісьменнікам і прысуд таталітарнай сістэме.

Адбітак ідэалагічнага ўціску на літаратурнай творчасці. Адступленне беларускай літаратуры ад прынцыпаў праўдзівасці і народнасці, значныя ідэйна-мастацкія страты, разбурэнне нацыянальных традыцый, ілюстра­цыйнасць, ідэалагічныя схемы, штампы, «дэфармаванне самога паняцця прыгожага пісьменства» (М. Мушынскі). Літаратура як своеасаблівая ідэа­лагічная форма водгуку пісьменніка на грамадскія падзеі, рупар палітычных установак і лозунгаў.

Агульныя тэндэнцыі развіцця беларускай паэзіі, прозы, драматургіі, абумоўленыя складанымі грамадска-палітычнымі ўмовамі.
3.11. Літаратура Заходняй Беларусі

Літаратура Заходняй Ееларусі як асобны раздзел агульнанацыянальнай мастацкай спадчыны. Падзел Беларусі на Заходнюю і Савецкую Беларусь паводле Рыжскага дагавору (1921). Этапы нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі.

Дзейнасць Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ), Камуніс­тычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ) і партыі хрысціянскіх дэмакратаў як ідэалагічных цэнтраў, вакол якіх канцэнтраваліся галоўныя літаратурныя сілы. Папулярнасць ідэі нацыянальнай незалежнасці і аб’яд­нання абедзвюх частках Беларусі.

Перыядычныя выданні на беларускай мове, іх вымушаная шматлікасць і прычыны нядоўгага існавання. (“Беларускае жыццё”, “Беларуская думка”, “Наша думка”, “Незалежная думка”, “Беларускія ведамасці”, “Беларускае слова”, “Беларускі звон”, “Наша будучыня”, “Сялянская праўда”, “Голас Беларуса” і інш.) Часопісныя выданні “Беларускі летапіс”, “Шлях моладзі”, “Хрысціянская думка” і інш. Літаратурны часопіс “Калоссе”.

Рэдактарская дзейнасць М. Гарэцкага (рэдактар газеты “Беларуская думка”, рэдактар-выдавец «Беларускіх ведамасцей»).

Асаблівасці літаратурнага працэсу на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Неаднароднасць літаратурных сіл як вынік розных палітычных і эстэтычных арыенціраў аўтараў. Роля М. Гарэцкага, Л. Радзевіча, У. Самойлы, Ф. Алях­новіча, I. Канчэўскага, Ядзвігіна Ш. і іншых пісьменнікаў-“нашаніўцаў” у станаўленні літаратуры Заходняй Беларусі.

Бурнае развіццё публіцыстыкі як сведчанне папулярнасці літаратуры факта. Публіцыстычная творчасць М. Гарэцкага, А. Смоліча, Б. Тарашкевіча, У. Самойлы, I. Канчэўскага, А. Луцкевіча, А. Цвікевіча і іншых. Сацыяльна-палітычны стан Беларусі, лёс яе дзяржаўнасці як адна з асноўных тэм заходнебеларускай публіцыстыкі.

Развіццё паэзіі. Багацце жанрава-эстэтычных пошукаў у творчасці А. Са­лагуба, М. Машары, В. Васілька, М. Танка, П. Пестрака, В. Таўлая, Н. Арсен­невай, X. Ілляшэвіча, У. Жылкі, К. Сваяка, А. Іверса і інш.

Заходнебеларуская драматургія і яе прадстаунікі Л. Радзевіч, Ф. Алях­новіч, М. Гарэцкі.

Крытычная і літаратуразнаўчая дзейнасць заходнебеларускіх літаратараў.


3.12. Беларуская літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны

Пачатак вайны і лёс беларускіх пісьменнікаў. Пісьменнікі-франтавікі: А. Куляшоў, П. Панчанка, М. Танк, М. Лынькоў, Я. Брыль, К. Кірыенка, А. Вялюгін, М. Аўрамчык, А. Бачыла, М. Лужанін, М. Калачынскі, М. Лобан і інш. Удзельнікі падпольнага і партызанскага руху: А. Астрэйка, А. Бялевіч, У. Карпаў, Р. Мурашка, В. Таўлай, Н. Тарас, А. Іверс і інш.

Узмацненне эмацыянальнай шчырасці ў літаратурнай творчасці. Літаратурная творчасць беларускіх пісьменнікаў і франтавы і партызанскі друк.

Журналісцкая і літаратурная дзейнасць беларускіх пісьменнікаў ў франтавым і партызанскім друку. Франтавыя рэпартажы, карэспандэнцыі і мастацкія творы на старонках “Савецкая Беларусь”, “За Савецкую Беларусь”, “За Свабодную Беларусь”, “Звязда”, ў газетах-плакатах “Раздавілі фашысцкую гадзіну”, “Партызанская дубінка”, часопісе “Беларусь і інш. Супрацоўніцтва пісьменнікаў з радыёстанцыяй “Беларусь”.

Перавага публіцыстычных жанраў. Публіцыстычныя артыкулы Я. Ку­палы, Я. Коласа, К. Чорнага, К. Крапівы, М. Танка, М. Лынькова і іншых пісьменнікаў. Фельетон, памфлет, нарыс у ваеннай публіцыстыцы. Зборнік фельетонаў К. Чорнага “Кат ў белай манішцы” (1942).

Вобраз Беларусі ў беларускай літаратуры перыяду Вялікай Айчыннай вайны як сведчанне ажыўлення нацыянальнага пачуцця. Зварот літаратуры да тэмы гістарычнага мінулага і паглыбленне яе патрыятычнай свядомасці. Перыяд вайны – зорны час беларускай паэзіі, выпрабаванне яе грамадзянскіх і эстэтычных вартасцей (на прыкладзе твораў Я. Купалы, А. Куляшова, М. Танка, П. Панчанкі, П. Броўкі, К. Кірэнкі, А. Вялюгіна, К. Буйло і інш.).

Развіццё “малых” жанравых форм у беларускай мастацкай прозе. Зборнікі апавяданняў М. Лынькова “Астап”, К. Чорнага “Маленькая жанчына”. Раманы К. Чорнага “Пошукі будучыні”, “Млечны шлях”. Творы І. Шамякіна, І. Мележа, Хв. Шынклера, Я. Брыля і інш.
3.13. Беларуская літаратура першага пасляваеннага дзесяцігоддзя
(1945–1955 гады)

Уплыў вайны на развіццё беларускай літаратуры першых пасляваенных гадоў. Імкненне да праўдзівага паказу жыццёвых падзей ў літаратуры мірнага часу як працяг традыцый мастацкай творчасці перыяду вайны. Пафас мірнага будаўніцтва і паглыбленне ўсведамлення трагедыі перажытай вайны.

Уключэнне ў літаратурны працэс новай плеяды беларускіх пісьменнікаў: І. Мележа, І. Шамякіна, А. Кулакоўскага, А. Чарнышэвіча, А. Пысіна, С. Гаўрусёва, А. Русецкага і іншых.

Пастановы ЦК ВКП(б) «Аб часопісах “Звезда” і “Ленинград”« (1946), «Аб рэпертуары драматычных тэатраў і мерах па яго паляпшэнні» (1946) і інш. Пастановы ЦК КП(б)Б (1947) аб рабоце Саюза пісьменнікаў, літаратурна-мастацкіх часопісаў і газеты “Літаратура і мастацтва”.

Адбітак сацыялагічнага схематызму, бесканфліктнасць і ідылія ў літаратурных творах як вынік перамогі і ўскоснага дыктату афіцыйнай ідэалогіі.

Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне і адлюстраванне гэтай тэмы ў лірыцы паэтаў ваеннага прызыву П. Панчанкі, А. Вялюгіна, К. Кірэенкі, М. Лужаніна і інш.

Паэтызацыя сялянскай працы, паказ паяднанасці чалавека з прыродай, услаўленне агульначалавечых каштоўнасцей у пасляваеннай “вясковай” паэзіі. Вершы Я. Коласа, М. Танка, П. Панчанкі, А. Вялюгіна, М. Лужаніна, К. Кірэенкі.

Ідэйна-эстэтычны змест зборнікаў паэзіі М. Танка “Каб ведалі” (1948), “На камні, жалезе і золаце “ (1951), “У дарозе” (1954), А. Куляшова “Камуністы” (1949), П. Панчанкі “Прысяга” (1949), “За шчасце, за мір” (1950), “Шырокі свет” (1955), П. Броўкі “У роднай хаце” (1946), “Сонечнымі днямі” (1947), “ Цвёрдымі крокамі” (1954), А. Вялюгіна “Салют у Мінску” (1947), “Негарэльская арка” (1949), “На подступах” (1952), К. Кірэенкі “Пасля навальніцы” (1947), “Мая рэспубліка” (1949), “Маякі” (1952) і інш. Адлюстраванне часу ў гэтых зборніках. Ідэалізацыя рэчаіснасці, пафаснасць, дэкларатыўнасць, стэрэатыпнасць вобразаў як адбітак тэорыі бесканф­ліктнасці.

Станоўчыя тэндэнцыі ў паэзіі пасляваеннага перыяду: узнікненне розных творчых плыняў, зварот да фальклорна-літаратурнай тыпізацыі ў асэнсаванні тэмы вйны і суровых пасляваенных выпрабаванняў (паэмы “Сцяг брыгады” А. Куляшова, “Ясны кут” і “Хлеб” П. Броўкі),узбагачэнне мастацка-выяў­ленчай сістэмы.

Лірычнае адлюстраваннае жыцця ў паэтаў “ваеннай” генерацыі П. Пан­чанкі, К. Кірэенкі, А. Вялюгіна.

Перавага класічных форм у паэзіі Я. Коласа, П. Глебкі, А. Куляшова. Эксперыментальны, наватарскі характар паэзіі М. Танка, спалучэнне ў ёй фальклорных элементаў, нацыянальных традыцый з плённым выкарыстаннем мастацкіх сродкаў еўрапейскай паэзіі, у тым ліку і яе мадэрнісцкіх дасяг­ненняў.

Паэтычны эпас у пасляваенны перыяд. Дасягненні і супярэчлівасці развіцця. Тэматычныя аспекты, мастацкія асаблівасці паэм М. Танка “Люцыян Таполя” (1946), П. Броўкі “Хлеб” (1946), А. Бялевіча “Сям’я” (1946), Я. Коласа “Рыбаковая хата” (1947), А. Куляшова “Новае рэчышча” (1948), “Толькі ўперад” (1950), “Грозная пушча” (1952–1956), А. Зарыцкага “Аповесць пра залатое дно” (1953) і інш.

Вайна як асноўная тэма беларускай прозы 1945–1955 гадоў. Асабісты франтавы вопыт І. Шамякіна, увасоблены ў аповесці “Помста”, тэма партызанскай барацьбы ў рамане І. Шамякіна “Глыбокая плынь”.

Майстэрства псіхалагічнага аналізу ў ваенных апавяданнях І. Мележа, І. Ша­мякіна, Я. Брыля і інш. Увасабленне падзей вайны ў буйных эпічных палотнах: “Векапомныя дні” (кн. 1. 1948–1951) М. Лынькова, “Мінскі напрамак” (1951) І. Ме­лежа.

Перакрыжаванне шляхоў мастацкай і дакументальнай прозы ў асэнсаванні партызанскага матэрыялу: кніга “Партызанскі край” Р. Лівенцава (запіс Р. Няхая), нарысы “Партызанскія агні” Г. Шчарбатава, “Нёманскія казакі” (1946) Я. Брыля.

Раманы М. Ткачова “Згуртаванасць” (1951), А. Кулакоўскага “Расстаёмся не­надоўга” (1952–1954), І. Гурскага “У агні” (1952) і інш. Асэнсаванне ў творах подзвігу і традыцый беларускага народа, раскрыццё псіхалогіі чалавека на вайне, подступы да шматпланавага адлюстравання падзей вайны.

Паказ жыцця беларускай вёскі ў першае пасляваеннае дзесяцігодзе ў апавяданні “Сад” (1945) А. Кулакоўскага, аповесці “Шляхі-дарогі” (1947–1948) А. Васілевіча, рамане М. Паслядовіча “Святло над Ліпскам” (1950), аповесцях “У Забалоцці днее” (1950), “На Быстранцы” (1949–1952) Я. Брыля, рамане “У добры час” (1952) І. Шамякіна.

Лакіроўка пасляваенных цяжкасцей як адбітак тэорыі бесканфліктнасці ў творах А. Стаховіча “Пад мірным небам” (1948), Т. Хадкевіча “Вяснянка” (1949).

Адлюстраванне заходнебеларускай рэчаіснасці ў рамане П. Пестрака “Сустрэнемся на барыкадах” (1952), творах Я. Брыля “Сірочы хлеб” (1942–1946), “Галя” (1953), “У сям’і” (1953).

Проза першага пасляваеннага дзесяцігодзя нягледзячы на панаванне жорсткай ідэалагічнай нарматывістыкі і цэнзуры як своеасаблівы плацдарм для аналітычнай, праўдзівай глыбокай прозы, што пачне развівацца ў другой палове 50-х гадоў.

Асаблівасці развіцця беларускай драматургіі пасляваеннага перыяду. Жанравая разнастайнасць: гераічная драма, трагедыя, псіхалагічная і гістарычная драма, лірычная і сатырычная камедыі.

Адлюстраванне вайны ў драматургічных творах А. Маўзона “Канстанцін Заслонаў” (1947), К. Крапівы “З народам” (1948), К. Губарэвіча “Брэсцкая крэпасць” (1952).

Зварот да гістарычнага мінулага ў драматычнай трылогіі М. Клімковіча “Георгій Скарына” (1946–1955), п’есе А. Вольскага “Машэка” (1946).

Сатырычная камедыя К. Крапівы “Мілы чалавек” (1945) і забарона тэатральнага спектакля. Лірычная камедыя К. Крапівы “Пяюць жаваранкі” (1950), п’еса “Зацікаўленая асоба” (1953), іх агульная характарыстыка.

Выступленне К. Крапівы на Пленуме Саюза пісьменнікаў БССР (1946) з вылучэннем надзённых задач у развіцці беларускай драматургіі.

Праблемныя артыкулы К. Крапівы “Аб сатырычнай камедыі” (1953), “Канфлікт – аснова п’есы” (1954) як выкрыццё спусташальнага ўздзеяння тэорыі бесканфліктнасці на драматургію і паказ шляхоў пераадолення яго вынікаў.

Далучэнне А. Макаёнка да актыўнай драматургічнай дзейнасці. Раннія п’есы “Добра, калі добра канчаецца” (1946), “Ворагі” (1947), “Выйгрыш” (1948), “Узыходы шчасця” (1948), драма “На досвітку” (1951) і яе сцэнічнае ўвасабленне. Сатырычная камедыя А. Макаёнка “Выбачайце, калі ласка” (1953) як выяўленне драматургічнага таленту аўтара.
3.14. Беларуская літаратура перыяду дэмакратычнага абнаўлення грамадства (другая палова 50-х – 60-я гады)

Карэнныя зрухі ў літаратурным працэсе сярэдзіны 50-х гадоў, абумоўленыя падзеямі грамадска-палітычнага і літаратурнага жыцця.

Другая палова 50-х – 60-я гады як новы этап у развіцці літаратуры. Пераадоленне негатыўнага ўплыву тэорыі бесканфліктнасці: адыход літаратуры ад дагматычных установак, схематызму, ілюстрацыйнасці, лакіроўкі рэчаіснасці, збліжэнне з жыццём, увага да чалавечай асобы, яе духоўнага свету.

Рэабілітацыя рэпрэсаваных пісьменнікаў (Ц. Гартны, М. Гарэцкі, М. За­рэцкі, М. Чарот, У. Хадыка і інш.), уключэнне іх твораў у агульны літара­турны кантэкст. Вяртанне да творчай дзейнасці У. Дубоўкі, Я. Скрыгана, А. Звонака, Я. Пушчы, С. Грахоўскага, М. Хведаровіча і інш.

Уплыў метаду сацыялістычнага рэалізму на літаратурную дзейнасць беларускіх пісьменнікаў. Ідэйна-мастацкія пошукі беларускіх пісьменнікаў, імкненне да пераадолення патрабаванняў дагматычнай крытыкі.

Прыход у літаратуру новага, “філалагічнага”, пакалення пісьменнікаў: І. Навуменка, У. Караткевіч, І. Чыгрынаў, Р. Барадулін, І. Пташнікаў, С. Гаўрусёў, Е. Лось, В. Адамчык, М. Стральцоў, Я. Сіпакоў, А. Вярцінскі, П. Макаль, Н. Гілевіч, В. Зуёнак і інш.

Тэматычнае і эстэтычнае абнаўленне паэзіі. Адлюстраванне перспектывы развіцця грамадства ў рэчышчы дэмакратычных перамен ў зборніках паэзіі “След бліскавіцы” (1957) М. Танка, “Неба ўсміхаецца маланкаю” (1962) А. Наўроцкага, “Пры святле маланак” (1966) П. Панчанкі.

Матывы чалавечага і творчага самаачышчэння, абвастрэнне пачуцця асабістай адказнасці за ўсё, што адбываецца ў грамадстве, заглыбленне ў грамадска-палітычныя і маральна-этычныя праблемы, пераацэнка ўласных творчых здабыткаў, выпрацоўка новых эстэтычных крытэрыяў у творчасці паэтаў старэйшага пакалення М. Танка, А. Куляшова, П. Панчанкі, П. Броўкі.

Якасна новы ўзровень светапазнання, паглыбленне філасофска-інтэлек­туальнага пачатку ў “Новай кнізе” (1964) А. Куляшова. Пафас перамен ў жыцці грамадства.

Творчы ўзлёт П. Панчанкі, яго зборнікі “Кніга вандраванняў і любові” (1959), “Нью-йоркскія малюнкі” (1960), “Тысячы небасхілаў” (1962). Публі­цыстычнасць паэзіі П. Панчанкі, выкрыццё бюракратызму, прыставальніцтва, бездухоўнасці, спалучэнне сацыяльнага і маральнага, асабістага і грамадскага.

Развіццё сатырычнай паэзіі як сведчанне адыходу ад дэкларатыўнасці.

Працэс усеагульнай лірызацыі паэзіі. Узмацненне лірычнай танальнасці ў грамадзянскай паэзіі новага этапу праз паэтызацыю роднага краю, “малой” Радзімы.

Ваенныя матывы ў паэзіі П. Панчанкі, Н. Гілевіча, А. Пысіна, С. Гаўру­сёва, А. Вярцінскага, Р. Барадуліна і інш. Паэтызацыя гістарычнага мінулага, услаўленне патрыятызму, духоўнасці ў кнігах паэзіі У. Караткевіча “Матчына душа” (1958), “Вячэрнія ветразі” (1960), “Мая Іліяда” (1969).

Тэматычная і жанрава-стылёвая разнастайнасць беларускай прозы другой паловы 50–60-х гадоў. Адраджэнне сапраўднай чалавеказнаўчай сутнасці слоўнага мастацтва, узрастанне мастацка-аналітычнай глыбыні асэнсавання жыцця, часу, гісторыі, паварот да рэальных праблем рэчаіснасці, канфліктаў, узвышэнне маральна-этычнай каштоўнасці народнага жыцця, ідэалаў праўды і гуманізму. Выспяванне новых эстэтычных крытэрыяў вартасці твораў мастацкай літаратуры.

Лірызацыя прозы як своеасаблівы каталізатар праўдзівасці ў мастацкай літаратуры, новае разуменне ролі асобы ў гісторыі, увага да духоўнага свету чалавека, яго ўзаемаадносін з грамадствам. Ідэалагічнае разняволенне пісьменнікаў, росквіт творчых індывідуальнасцей праз узмацненне лірызму, асваенне новых жанравых форм, уласцівых лірычнай прозе (лірычная мініяцюра, дзённік і інш.).

Творчасць прадстаўнікоў лірычнай прозы Я. Брыля, М. Стральцова, У. Караткевіча, Я. Сіпакова і інш. Развіццё нарысу – рухомага аператыўнага жанру, што востра рэагуе на перамены ў грамадскім жыцці, грунтуецца на рэальных фактах і з’явах як сведчанне збліжэння літаратуры з жыццём, пераадоленне лозунгавасці, схематызму. Нарысы І. Дуброўскага, І. Шамя­кіна, Я. Брыля.

Выяўленне новых тэндэнцый развіцця беларускай прозы ў мастацкай навеліс­тыцы І. Шамякіна, Я. Брыля, Б. Сачанкі, І. Навуменкі, М. Стральцова, В. Адамчыка, І. Чыгрынава і інш. Мастацкія набыткі ў жанры аповесці (І. Шамякін, В. Быкаў, А. Кулакоўскі, Я. Брыль, У. Пташнікаў, А. Карпюк, У. Дамашэвіч, І. Навуменка, А. Асіпенка, Б. Сачанка, У. Караткевіч).

Актыўнае развіццё жанру беларускага рамана ў 60-я гады. Раманы “Людзі на балоце” І. Мележа, “На парозе будучыні” М. Лобана, “Засценак Малінаўка” А. Чарнышэвіча, “Птушкі і гнёзды” У. Караткевіча, “Сэрца на далоні” І. Шамякіна, “Пачакай, затрымайся…” А. Васілевіч і інш.

Вайна і вёска як дзве магістральныя тэмы ў беларускай прозе.

Выяўленне глыбінь народнага характару, нацыянальнага менталітэту ў творах І. Мележа, А. Адамчыка, І. Пташнікава. Гістарычная тэма ў творчасці У. Караткевіча.

Дамінанты творчых пошукаў беларускай драматургіі на новым этапе развіцця. Настойлівая барацьба з тэорыяй бесканфліктансці. Рэзананс артыкулаў К. Крапівы “Аб сатырычнай камедыі”, “Канфлікт – аснова п’есы”. Праблемна-тэматычныя і жанравыя напрамкі беларускай драматургіі другой паловы 50–60-х гадоў. Гераічная тэма ў п’есах К. Крапівы “Людзі і д’яблы” (1958), К. Гу­барэвіча “Брэсцкая крэпасць”, “Юныя мсціўцы” (1957) А. Рутковіча і У. Хазанскага, “Марат Казей” (1963) В. Зуба і інш. Гісторыка-рэвалюцыйная тэматыка ў п’есах “Дні нараджэння” (1957) І. Мележа, “Галоўная стаўка” (1957) К. Губарэвіча, “У бітве вялікай” (1957) А. Маўзона, “Год дзевяцьсот семнаццаты” (1957) П. Васілеўскага і інш. Маральна-этыч­ная праблематыка ў п’есах І. Мележа “Пакуль вы маладыя” (1957), А. Дзя­лендзіка “Выклік багам” (1965), “Грэшная любоў” (1967), А. Макаёнка “Зацюканы апостал” (1969).

3.15. Беларуская літаратура 70-х – першай паловы 80-х гадоў

Негатыўныя тэндэнцыі ў развіцці беларускай літаратуры ў перыяд так званага застою, абумоўленыя залежнасцю ад палітычных кірункаў грамад­ства, метаду сацыялістычнага рэалізму. Нараджэнне кан’юнктурных і схематычных твораў з ідэалагізаванымі вобразамі, спрошчанымі калізіямі жыцця і гісторыі. Тэматычная абмежаванасць, засілле светапоглядных і мастацкіх стэрэатыпаў, стрымліванне эстэтычных пошукаў. Скроба пераадолення сацрэалістычнага мыслення, нівеліроўкі паэтычнага слова ў беларускай паэзіі. Устойлівасць эстэтычных прынцыпаў, выпрацаваных і замацавных творчай практыкай ў паэзіі другой паловы 60-х гадоў. Пранікненне новых з’яў у паэзію: ускладненне эстэтычных сувязей з жыццём праз глыбокія праекцыі ў памяць, у гістарычныя аналогіі, праз шмат­значнасць асацыятыўных супастаўленняў і паралелей, праз шматказальнасць па-мастацкаму выкарыстаных прытчаў, міфаў, у тым ліку і уласна створаны паэтамі. Адлюст­раванне тыпу шматмерна-асацыятыўнага мыслення, іншасказання ў паэзіі М. Танка, А. Куляшова, У. Караткевіча, А. Вярцінскага, П. Макаля, Я. Сіпакова і інш. Усталяванне новых форм узаемадачыненняў з часам: свядомая настроенасць на цвярозы роздум аб свеце, на павелічэнне долі рацыянальнага за кошт змяншэння чыста эмацыянальнага, пафаснага (“гучнага”) асэнсавання рэчаіснасці. Прадсказанне кардынальных зрухаў і змен у бліжэйшым будучым у паэзіі Р. Барадуліна.

Праблема пакаяння, спавядальнага ачышчэння ў творчасці паэтаў старэй­шага пакалення А. Куляшова, П. Панчанкі, М. Танка, А. Бачылы, А. Пысіна.

Імкненне да творчага самавыяўлення, адстойванне ўласнага “я” і эстэтычнага пошуку ў паэзіі пакалення “сямідзесятнікаў” Я. Янішчыц, Р. Бара­віковай, К. Камейшы, В. Яраца і інш. Наватарства, інтэлектуалізм і форматворчасць у паэзіі А. Разанава.

Асаблівасці развіцця беларускай прозы ў складаны і супярэчлівы перыяд літаратурна-грамадскага жыцця. Рэалізацыя духоўна-эстэтычнага патэнцыялу, атрыманага ў паслякультаўскія часы.

Тэма вайны, тэма партызанскай барацьбы як нацыянальная тэма ў беларускай літаратуры. Узнаўленне трагічных і гераічных падзей мінулай вайны, глыбокага філасофскага іх асэнсавання на ўзроўні асабістага ведання і народнай памяці з пазіцый высокіх маральных крытэрыяў чалавечнасці і праўды. Творчасць пісьменнікаў ваеннага пакалення В. Быкава, І. Навуменкі, І. Шамякіна і пісьменнікаў пакалення “дзяцей вайны” М. Стральцова, Б. Сачанкі, В. Казькі, І. Пташнікава, І. Чы­грынава, А. Кудраўца і інш.

Дакументальныя кнігі “Я з вогненнай вёскі” А. Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесніка, “Блакадная кніга” А. Адамовіча і Д. Граніна.

Паказ пераадолення крызісных з’яў у грамадстве, увага да ўнутранага стану ча­лавека, паглыбленне філасофскага зместу, інтэлектуалізацыя прозы (І. Шамякін, Я. Сіпакоў, В. Гігевіч і інш.).

Мастацкае асэнсаванне жыцця ў творчасці Я. Брыля, А. Карпюка, А. Асіпенкі, В. Адамчыка, А. Кудраўца, А. Жука, Г. Далідовіча, Л. Дайнекі, У. Дамашэвіча, Л. Левановіча, Л. Арабей, С. Грахоўскага, У. Рубанава. і інш.

Складанасць і супярэчлівасць развіцця беларускай драматургіі. Выспяванне новага ўзроўню грамадскай свядомасці ў пісьменніцкім асяроддзі. Барацьба за свабоднае, развіццё эстэтычна-творчай практыкі ў драматургіі.

Творчасць А. Макаёнка як рэнесанс беларускай драматургіі. Надзённасць твораў мастака (“Зацюканы апостал”, “Трыбунал”, “Таблетку пад язык”). Пашырэнню жанрава-тэматычных абсягаў драматургіі: драмы А. Дударава (“Радавыя”, “Парог”, “Вечар”), камедыі К. Крапівы (“Брама неўміручасці”), М. Матукоў­скага (“Амністыя”), п’есы А. Петрашкевіча (“Соль”, “Трывога”, “Напісанае застаецца”), А. Дзялендзіка (“Выклік багам”), У. Караткевіча (“Кастусь Каліноўскі”, “Званы Віцебска”, “Калыска чатырох чараўніц”, “Маці ўрагану).

3.16. Сучасная беларуская літаратура
(другая палова 80-х гадоў ХХ стагоддзя – пачатак ХХІ стагоддзя)

Сучасны этап развіцця беларускай літаратуры. Глыбінныя палітычныя, эканамічныя зрухі ў грамадстве, змена этычных і эстэтычных каштоўнасцей, літаратурна-мастацкіх арыенціраў.

Перабудова і літаратура. Перспектыва якасна новага мыслення. Перыяд бурнага нацыянальнага адраджэння: прыярытэт нацыянальнай ідэі, сцвярджэнне духоўных каштоўнасцей, пафас гуманізму.

Суадносіны традыцый і наватарства ў сучасным літаратурным працэсе. Пошукі новай эстэтычнай змястоўнасці. Суіснаванне розных кірункаў і плыняў: рэалізм, неарамантызм, авангардызм, імпрэсіянізм, постмадэрнізм і інш. Адлюстраванне ў літаратуры філасофіі экзістэнцыяналізму.

Утварэнне творчых аб’яднанняў і суполак (“Тутэйшыя”, “Таварыства вольных літаратараў”, “Бум-Бам-Літ” і інш.). Авангардныя пошукі маладых літаратараў. Адметнасць і складанасці сучаснага літаратурнага працэсу.

Светапогляднае абнаўленне беларускай паэзіі перыяду нацыянальна-культурнага адраджэння. Жанрава-стылёвыя пошукі: пашырэнне мастацкіх кірункаў, жанравых форм, эксперыментатарства, выкарыстанне выяўленчых сродкаў еўрапейскага і сусветнага мадэрнізму.

Разнастайнасць тэм і матываў сучаснай беларускай паэзіі. Філасофска-інтэлектуальная паэзія М. Танка зборнікі “Збор калосся” “Мой каўчэг” “Errata”, М. Стральцова “Мой свеце ясны”, П. Макаля “Азбука любві”, “Твар і душа”, А. Разанава “Вастрыё стралы”, “Рэчаіснасць”, “У горадзе валадарыць Рагвалод”, Л. Галубовіча “Заложнік цемры”, Г. Булыкі “Сінтэз”, “Турмалін”.

Рэлігійна-хрысціянская і біблейска-філасофская тэматыка ў паэзіі Р. Барадуліна (зборнік “Евангелле ад мамы”), М. Танка, Н. Гілевіча, В. Зуёнка, А. Лойкі і інш.

Публіцыстычнасць і грамадзянскасць паэзіі П. Панчанкі, Н. Гілевіча, В. Зуёнка, Р. Барадуліна, П. Макаля, А. Вярцінскага і інш.

Асэнсаванне гісторыі ў паэтычнай творчасці Я. Сіпакова, В. Іпатавай, Р. Семашкевіча, А. Пісьмянкова, А. Рублеўскай і інш.

Лірыка кахання Я. Янішчыц, Р. Баравіковай, Г. Бураўкіна, Л. Дранько-Майсюка, Т. Бондар і інш.

Міфалагізацыя сучаснага паэтычнага мыслення ў паэзіі М. Танка, А. Разанава, Р. Барадуліна, А. Сыса, А. Мінкіна, В. Шніпа, М. Скоблы, А. Ха­тэнкі і інш.

Урбаністычная тэма ў паэзіі А. Глобуса, І. Багдановіча, Г. Булыкі і інш.

Тэма вёскі ў зборніках паэзіі М. Танка “Збор калосся” (1989), Р. Ба­радуліна “Маўчанне перуна” (1986), В. Зуёнка “Вызначэнне” (1987), Л. Га­лубовіча “Споведзь бяссоннай душы” (1989) і інш.

Адлюстраванне чарнобыльскай трагедыі ў кнігах паэзіі М. Мятліцкага “Горкі вырай” (1989), “Палескі смутак” (1991), “Бабчын” (1996), “Хойніцкі сшытак” (1999), “Замкнёны дом” (2005); Р. Барадуліна “Самота паломніцтва” (1990), “Міласэрднасць плахі” (1992) і інш.

Фармальна-стылёвыя пошукі, эксперыментатарства ў творчасці А. Ра­занава, Э. Акуліна, В. Жыбуля, Зм. Вішнёва і інш.

Сучасная беларуская паэма як сінтэтычны жанр: ліра-эпічная (“Самота паломніцтва” Р. Барадуліна”, “Падарожжа вакол двара” – заключная паэма з эпічнага цыкла В. Зуёнка “Пяцірэчча””), драматычная (“Судны дзень Скарыны” М. Арочкі, “Барбара Радзівіл” Р. Баравіковай), інтэлектуальная (“Гліна”, “Усяслаў Чарадзей” А. Разанава), публіцыстычная (“Паэма сораму і гневу” П. Панчанкі), лірыка-публіцыстычная (“Чорная быль” С. Законнікава), лірыка-псіхалагічная (“Лодачкі” Н. Гілевіча), паэмы ў прозе (“Хата”, “Ахвярны двор”, “Одзіум” Я. Сіпакова). Мадэрнізацыя беларускай паэмы як вынік эстэтычнай рухомасці жанру, актывізацыі асацыятыўнага мыслення.

Ідэйна-творчыя пошукі беларускай прозы 80–90-х гадоў. Развіццё жанраў рамана, аповесці, апавядання. Разнастайнасць тэматыкі і прабле­матыкі. Тэма выгнанніцкага лёсу беларускага народа ў ХХ стагоддзі (раман В. Карамазава “Бежанцы”).

Трагедыйнае адлюстраванне даваеннай рэчаіснасці (“Аблава”, “Сцюжа”, “Жоўты пясочак”) В. Быкава.

Новы ракурс у мастацкім асэнсаванні ваеннага мінулага. “Кар’ер”, “У тумане”, “Пакахай мяне, салдацік” В. Быкава, “Ахвяры” І. Шамякіна, “Vіхі” А. Адамовіча, “Вяртанне да віны”, “Не ўсе мы згінем” І. Чыгрынава, “Голас крыві брата твайго” В. Адамчыка і інш. Даследаванне складаных сацыяльных і маральна-этычных праблем сучаснасці (“Вернісаж”, “Без пакаяння”, “Сатанінскі тур”, “Падзенне” І. Шамякіна, “Да сустрэчы…”, “Прахожы” В. Казь­ко, “Развітальная аповесць” В. Адамчыка, “Гісторыя хваробы” А. Федарэнкі, “Распусная” У. Рубанава і інш.).

Чарнобыльская тэма ў творах І. Шамякіна “Злая зорка”, “Палеская мадонна”, “Зона павышанай радыяцыі”, І. Пташнікава “Львы”, В. Карамазава “Краем Белага шляху”, А. Федарэнкі “Бляха”, Б. Сачанкі “Запіскі аб радыяцыі”, Л. Левановіча “Вяртанне ў радыяцыю”.

Мемуарная літаратура, адлюстраванне ў ёй тэмы рэпрэсій: М. Бя­ганская “Мая Галгофа” (1990), Л. Геніюш “Споведзь” (1991), С. Грахоўскі “Такія сінія снягі” (1988), “Зона маўчання” (1990), “З воўчым білетам” (1991), П. Крэнь “Унжлаг” (1999), Б. Мікуліч “Аповесць для сябе” (1987, 1988; поўн. выд. – 1993), П. Пруднікаў “Яжовыя рукавіцы” (1989), “Пекла” (1991).

Новае асэнсаванне тэмы вёскі ў творах А. Жука “Праклятая любоў” (1991), В. Гардзея “Бедна басота” (1995); В. Казько “Выратуй і памілуй нас, чорны бусел” (1993), А. Федарэнкі “Вёска” (1995) і інш.

Увасабленне ўрбаністычнай тэмы ў творчасці “дзяцей горада” ў кнігах прозы А. Глобуса “Адзінота на стадыёне” (1989),”Смерць – мужчына” (1992), Г. Багданава “Папяровыя замкі” (1990), “Чалавек без адраса” (1991), “Дом іхняе мары” (1994) і інш.

Гістарычнае мінулае ў творах Л. Дайнекі “Меч князя Вячкі” (1985), “След ваўкалака” (1988), “Жалезныя жалуды” (1990); В. Іпатавай “За морам Хвалынскім” (1989), “Залатая жрыца Ашвінаў” (1997), “Вяшчун Гедзімін” (2000), “Альгердава дзіда” (2001); У. Арлова “Дзень, калі ўпала страла” (1988), “Рандэву на манеўрах” (1992), В. Чаропкі “Храм без Бога” (1992); Г. Далідовіча “Кліч роднага звона” (1999); І. Шамякіна “Вялікая кніягіня” (1996) і інш.

Творы фантастычнага і авантурна-прыгодніцкага зместу: раман “Кен­таўры” (1992), аповесць “Карабель” (1989), “Палтэргейст” (1992), “Пабакі” (1992) В. Гігевіча, раман “Чалавек з брыльянтавым сэрцам” Л. Дайнекі, аповесць “Блуканне па іншасвеце” (1994) Я. Сіпакова і інш.

Дэдэктыўная проза Г. Марчука, Ю. Станкевіча, М. Клімковіча, М. Адам­чыка, Л. Рублеўскай і інш.

Мастацкая проза для дзяцей: аповесць А. Федарэнкі “Шчарбаты талер” (1997), кнігі А. Якімовіча “Эльдарада просіць дапамогі” (1989), “Сакрэт Тунгускага метэарыта” (1981), “Пастка для пярэваратня” (1997).

Агульная характарыстыка сучаснай беларускай драматургіі. Адраджэн­не беларускага тэатра. Эстэтычныя пошукі ў 90-я гады. Узмацненне ўвагі да традыцый сусветнага драматургічнага мастацтва. Выкарыстанне вопыту тэатра і драмы абсурду (зварот да ўмоўна-фантастычных прыёмаў пабудовы дзеі, гратэску, прыёмаў гульні, паэтыкі снабачання) у творах А. Дзялендзіка “Султан Брунэя”, І. Сідарука “Галава”, Г. Багданавай “АС-лінія” і інш.

Рэйкмекерства як адзін з напрамкаў сучаснай беларускай драматургіі і прадстаўнік гэтага напрамку С. Кавалёў.

Уздым гістарычнай драмы. Традыцыі У. Караткевіча ў развіцці гістарычнай драмы (трылогія “Званы Віцебска”, “Кастусь Каліноўскі”, “Маці Урагану”) і прадаўжальнікі гэтых традыцый А. Петрашкевіч (“Прарок для Айчыны”), Іван Чыгрынаў (“Звон – не малітва”, “Осцей – Альгердаў унук”, “Следчая справа Вашчылы”, “Прымак”), “Барбара Радзівіл” Р. Баравіковай, А. Дудараў “Купала”, “Палачанка”, “Рагнеда і Уладзімір”, “Чорная панна Нясвіжа”, І. Масляніцына “Крыж Ефрасінні Полацкай і інш.

Трагедыйны пафас драматургічных твораў на тэму Чарнобыльскай бяды: “Бездань” (1992) М. Матукоўскага, “Адцуранне” (1994) А. Дударава, “Блакада ў Кругліцы” (1994) В. Ткачова.

Сатыра і гумар ў камедыі Г. Марчука “Блудны сын і Варвара” (1997), п’еса У. Саўліча “Сабака з залатым зубам” (1993), Т. Каржанеўскай “Вірус” (1995) і інш.

Сацыяльна-маральная завостранасць канфлікту ў п’есах М. Мату­коўскага “Мудрамер” (1987), “Бездань” (1992), “Калізей” (1996). Прабле­матыка твораў, іх жанравая адметнасць.

Драматургія для дзяцей (п’есы У. Яўгодзіка, С. Кавалёва, З. Дудзюк, М. Арахоўскага, Р. Баравіковай, Г. Марчука, П. Васючэнкі, У. Сауліча, Л. Рублеўскай і інш.

Сучасныя тэндэцыі беларускай літаратурна-мастацкай крытыкі. Бела­руская традыцыйная і новая крытыка. Праблема захавання традыцый, пошукі новых жанравых форм ў галіне беларускай літаратурна-мастацкай крытыкі на пачатку ХХІ стагоддзя.


1   2   3   4   5   6   7


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка