Рэкамендавана да зацвярджэння ў якасці тыпавой




старонка3/7
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.05 Mb.
1   2   3   4   5   6   7

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Асаблівасці развіцця беларускай літаратуры ХІХ ст., яе роля ў фарміравання нацыянальнай літаратурнай традыцыі.



3. ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ ХХ –
ПАЧАТКУ ХХІ СТАГОДДЗЯ


3.1. Перыядызацыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя

Перыядызацыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя папярэдняя і новая. Недасканаласць папярэдняй перыядызацыі: рэзкая мяжа паміж беларускай літратурай пачатку ХХ стагоддзя і літаратурай 20-х гадоў, празмернае драбленне літаратурнага працэсу, абавязковае прывязванне этапаў развіцця літаратуры да дзесяцігадовых перыядаў гісторыі краіны (савецкі перыяд).

Абумоўленасць з’яўлення новай перыядызацыі, звязаная з пера­асэнсаваннем мастацкай спадчыны мінулага і неабходнасцю напісання новай “Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя”, галоўная задача якой – раскрыць беларускую літаратуру як “з’яву эстэтычную, непаўторна-сама­бытную, сацыяльна-дэтэрмінаваную, як вынік духоўнай дзейнасці народа і як арганічны элемент нацыянальнай культуры” (М. Мушынскі).

Роля навукова-абгрунтаванай перыядызацыі гісторыка-літаратурнага працэсу ў паглыбленым даследаванні шляхоў развіцця беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, у асэнсаванні яе характэрных асаблівасцей і ўнутраных заканамернасцей.

Новыя метадалагічныя прынцыпы і крытэрыі ацэнкі мастацкіх твораў, пакладзеныя ў аснову варыянтаў новай перыядызацыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, прапанаваныя даследчыкамі М. Мушынскім, А. Лойкам, М. Мішчанчуком, І. Шпакоўскім.

3.2. Беларуская літаратура пачатку ХХ стагоддзя
(«нашаніўскі» перыяд)

Перадумовы развіцця беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя: паступовае адрадженне беларускай нацыянальнай свядомасці у канцы ХХ ст. – у дзейнасці студэнцкага народніцкага гуртка «Гоман» (Пецярбург, 1884), выпуску ім пад аднайменнай назвай двух нумароў нелегальнага часопіса; у творчасці «прапаведніка ўсебаковага нацыянальнага адраджэння» (М. Баг­дановіч) Ф. Багушэвіча, выхаду ў свет двух яго зборнікаў «Дудка бела­руская» (Кракаў, 1891) пад псеўданімам Мацей Бурачок і «Смык беларускі» (Познань, 1894) пад псеўданімам Сымон Рэўка з-пад Барысава».

Уздым літаратурна-грамадскага рэху на пачатку ХХ ст., з’яўленне «цэлага шэрагу нацыянальных і палітычных плыняў і арганізацый» (М. Багдановіч), шматлікіх беларускіх гурткоў. Пецярбург як найбольш сталы асяродак беларускага літаратурна-грамадскага руху. Арганізацыйнае афармленне гэтага руху ў 1902 г. як гуртка студэнтаў-беларусаў «Круг беларускай народнай прасветы і культуры». Заснаванне на базе беларускіх культурна-асветніцкіх гурткоў партыі Рэвалюцыйная грамада (снежань 1902), перайменаванай на першым яе з’езде (снежань 1903) у Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ). Выхад у Пецярбургу літаратурных зборнікаў «Калядная пісанка» (1903), «Велікодная пісанка» (1904), зборніка вершаў Янкі Лучыны «Вязанка» (1903).

Рэвалюцыя 1905–1907 гг. і яе ўплыў на развіццё новай беларускай літаратуры пад знакам нацыянальнага адраджэння, з’яўленне ў народных масах «ліхаманкавага попыту на ідэалагічныя каштоўнасці» (М. Багдановіч).

Роля рускамоўнага друку ў развіцці ў Мінску беларускага руху – «жывой культурна-грамадскай сілы» (М. Багдановіч). Газеты “Северо-Западный край”, “Голос провинции”, “Голос Белоруссии”, “Жизнь Белоруссии”, “Минский курьер”, “Минский листок”, “Минское эхо”, “Минское слово”, “Отклики Белоруссии” і іх падтрымка справы беларускага нацыянальнага адраджэння.

Царскі маніфест «Аб свабодзе слова, друку, сходаў, партый» (ад 17 кастрычніка 1905 года) і яго ўплыў на беларускі літаратурна-грамадскі рух.

Грамадска-культурны рух у Вільні. Першая легальная беларуская газета «Наша доля» (1906) як аснова для развіцця сучаснай журналістыкі, публіцыстыкі, літаратуры і мастацтва.

Газета «Наша ніва» (1906–1915) як арганізатар шырокага руху за сацыяльнае і нацыянальна-культурнае адраджэнне Беларусі; цэнтр нацыя­нальна-свядомых сіл, згуртавання літаратурных талентаў.

Беларускія выдавецкія суполкі як другая магутная галіна літаратурна-грамадскага руху пачатку ХХ ст. побач з беларускімі перыядычнымі вы­даннямі. Пецярбургская выдавецкая суполка “Загляне сонца і ў наша аконца”, Беларускае прыватнае выдавецтва А. Грынеўскага, выдавецкія тава­рыствы “Наша хатка”, “Мінчук”, “Беларускае выдавецкае таварыства”, выдавецтва “Беларус” і інш.

Разнастайная адраджэнская дзейнасць культурна-грамадскіх асяродкаў (гурткоў, таварыстваў, клубаў) на пачатку ХХ ст.: утварэнне навуковых, літаратурна-драматычных гурткоў, заснаванне кнігарняў, адкрыццё бела­рускіх школ, музеяў, беларускіх тэатраў. Першы прафесійны тэатр пад кіраўніцтвам Ігната Буйніцкага (1910). Распрацоўка беларускай музыкі, танца, вывучэнне нацыянальнай архітэктуры і арнаменту, этнаграфіі Беларусі.

Дзве плыні ў “нашаніўскім” руху: культурна-асветніцкая і літаратурная.

Дыскусія 1913 г. на старонках “Нашай нівы” аб шляхах развіцця беларускай літаратуры як паказчык ідэйна-эстэтычнай вышыні маладой беларускай літаратуры. Удзельнікі дыскусіі Власт (Вацлаў Ластоўскі), Адзін з парнаснікаў (Янка Купала), Леанід Грымак, Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля, Максім Гарэцкі, Язэп Лёсік, Антон Луцкевіч

Нацыянальна-адраджэнскі характар літаратурнай дзейнасці ў “наша­ніўскую” пару. “Нашаніўскі” перыяд як класічны перыяд новай беларускай літаратуры. Беларуская літаратура “нашаніўскага” перыяду ў агульна­еўрапейскім культурным кантэксце. Засваенне традыцый нацыянальнай і сусветнай культуры.

Роля Ядвігіна Ш. (Антона Лявіцкага), Цёткі Алаізы Пашкевіч), Вацлава Ластоўскага, Алеся Гаруна, Цішкі Гартнага, Змітрака Бядулі ў станаўленні і развіцці беларускай літаратуры. Характарыстыка творчасці пісьменнікаў.

Агульная характарыстыка творчасці Каруся Каганца, Гальяша Леўчыка, Альберта Паўловіча, Андрэя Зязюлі, Янкі Журбы, Уладзіслава Галубка.

Увасабленне “нашаніўскай” эстэтыкі і паэтыкі ў паэзіі Канстанцыі Буйло, Зоські Верас, Кандрата Лейкі, Алеся Гурло, Цішкі Гартнага.

Літаратурна-крытычная творчасць Сяргея Палуяна, Антона Луцкевіча, Лявона Гмырака.

Агульныя заканамернасці развіцця новай беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя: паскоранасць як вызначальная заканамернасць літаратурнага працэсу, вылучэнне творчых індывідуальнасцей, масавы прыток у бела­рускую літаратуру творчых сіл, спалучэнне фальклорных і кніжна-літа­ратурных традыцый (нацыянальных і агульначалавечых), жанрава-стылёвае ўзбагачэнне беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя: бурны росквіт паэзіі (найперш лірыкі) і паступовае развіццё прозы і драматургіі, спалучэнне рэалізму з рамантызмам, сімвалізмам, імпрэсіянізмам і іншымі мастацкімі плынямі.

Роля газет “Наша ніва” і “Наша доля” ў забеспячэнні інтэнсіўнага і шматаспектнага развіцця новай беларускай публіцыстыкі. Разгалінаванне яе на аператыўную, аналітычную, мастацка-публіцыстычную. Узнікненне на аснове публіцыстыкі літаратурна-мастацкай, тэатральнай, а пазней – кінакрытыкі.

Мастацка-публіцыстычная творчасць Ядвігіна Ш., Цёткі, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Вацлава Ластоўскага, Максіма Багда­новіча, Змітрака Бядулі, Алеся Гаруна, Сяргея Палуяна і іншых пісьменнікаў як праграма нацыянальнага адраджэння.


3.3. Янка Купала

Асоба Янкі Купалы. Гісторыя роду Луцэвічаў і яе адлюстраванне ў творчасці Я. Купалы. Сацыяльная і нацыянальная ўмовы фарміравання творчай асобы Я. Купалы. Вільня і Пецярбург у жыцці Купалы. Я. Купала як рэдактар «Нашай нівы». Роля паэта ў беларускім літаратурна-грамадскім руху. Жыццё Я. Купалы ў савецкі перыяд: духоўныя пошукі ў 20-я гады, драматычны лёс ў 30-я гады, трагічная смерць у 1942 г.

Наватарская роля Я. Купалы ў развіцці беларускай паэзіі.

Узбагачэнне сацыяльнага і агульначалавечага зместу беларускай паэзіі, глыбіня і шматграннасць спасціження духоўнага жыцця народа. Ідэя нацыянальнага адраджэння. Філасофская і пейзажная лірыка. Мастацкая эвалюцыя Купалы-лірыка (зборнікі «Жалейка», «Гусляр», «Шляхам жыцця», «Спадчына», «Безназоўнае», «Ад сэрца»). Рамантычнае светаадчуванне і маштаб асобы ў лірыцы Я. Купалы. Вытокі Купалаўскага рамантызму (нацыянальная гісторыя і фальклор, славянская міфалогія, сацыяльная рэчаіснасць з яе абвостранымі канфліктамі, нацыянальна-вызваленчая барацьба).

Гістарызм мыслення Я. Купалы ў лірыцы 1918–1920 гг. Ілюстра­цыйнасць і рыторыка ў паэзіі другой паловы 20-х гадоў («Дыктатура працы», «Сыходзіш, вёска, з яснай явы…). Вершы («Беларускім партызанам», «Зноў будзем шчасце мець і волю» і інш.) перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

Паэтычны эпас. Раннія паэмы 1906–1908 гг. «Зімою», «Нікому», «Калека», «Адплата кахання», «Ў Піліпаўку», «За што?» Ідэйны, сацыяльна-бытавы змест твораў. Рамантычныя тэндэнцыі.

Рамантычныя паэмы 1910–1913 гг.: “Курган”, “Бандароўна”, “Магіла льва”, “Яна і я”, “На куццю”, На дзяды”. Пошукі рамантычнага ідэалу ў мінулым. Рамантызацыя гісторыі.

Драматычныя паэмы. Ідэйны змест, паэтыка паэмы «Адвечная песня» (1908). Драматычнае гучанне ў паэме «Сон на кургане» (1910). Міфалагічныя вобразы. Філасофскі сэнс канфлікту ў сітуацыі «прарок-маса». Вобраз Сама. Рамантычная ўмоўнасць і сімвалічная шматзначнасць твора.

Драматургія. Наватарства Купалы-драматурга. Камедыя «Паўлінка» (1912). Праблематыка і вобразы твора. Майстэрства Купалы-камедыёграфа. Гісторыя сцэнічнага жыцця п’есы. Сцэнічны жарт «Прымакі» (1913).

«Раскіданнае гняздо» (1913) як сацыяльна-філасофская драма аб трагічных выніках рассяляньвання на сумежжы двух стагоддзяў. Аўта­біяграфічная аснова твора. Духоўныя пошукі герояў п’есы – прадстаўнікоў сям’і Зяблікаў.

Трагікамедыя «Тутэйшыя» (1922). Праблемы «тутэйшнасці» як гіста­рычная трагедыя Беларусі. Майстэрства Я. Купалы ў раскрыцці характараў. Жанравая адметнасць твора. Гісторыя сцэнічнага ўвасаблення твора.

Янка Купала – публіцыст. Тэматыка і праблематыка ранняй публі­цыстыкі Я. Купалы. Публіцыстыка Я. Купалы 1919–1920 гг. як праграмма сцвярджэння беларускай дзяржаўнасці, ідэі незалежнай Беларусі.


3.4. Якуб Колас

Асноўныя этапы грамадзянскага і літаратурнага станаўлення Якуба Коласа. Вучоба ў Нясвіжскай семінарыі. Праца настаўнікам. Супрацоўніцтва з “Нашай нівай”. Арганізацыя і ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’езде. Арышт і турэмнае зняволенне ў Мінскім астрожным замку. Служба ў арміі. Працяг педагагічнай дзейнасці. Навуковая праца ў Інстытуце беларускай культуры. Іншыя жыццёвыя этапы Я. Коласа. яго літаратурная, навуковая, грамадзянская дзейнасць.

Паэтычная творчасць Я. Коласа. Праблематыка “нашаніўскай” паэзіі Я. Ко­ласа. Зборнік “Песні-жальбы” (1910). Мастацкая асаблівасць паэзіі Я. Коласа: гараманічнасць мастацкага свету, багацце матываў, эпічная шырыня і дасканаласць, рэалістычная вобразнасць, паэтызацыя звычайнага.

Паэтычны эпас Я. Коласа. Паэма “Новая зямля”. Аўтабіяграфічная аснова твора. Гісторыя напісання. Жанравыя асаблівасці і праблематыка. Ідэйны змест паэмы. Энцыклапедызм “Новай зямлі”. Нацыянальны свет беларуса ў паэме. Ідэя гаспадара. Асаблівасці паэтыкі. Паэтызацыя сялянскага побыту, працы, культурных традыцый. Выяўленне велічы беларускага народа праз вобразы галоўных герояў паэмы Міхала, Антося, Ганны.

Паэма “Сымон-музыка” як алегарычнае ўвасабленне гістарычнага лёсу нацыянальнага мастацтва, складаных шляхоў абуджэння мастацкай самасвядомасці народа. Тры рэдакцыі твора. Ідэйна-мастацкі змест. Жанрава-стылёвая адметнасць. Сімволіка твора. Міфатворчасць і фалькларызм. Ідэйна-эстэтычная функцыя лірычных адступленняў. Сюжэтна-кампазіцыйнае адзінства твора.

Станаўленне Коласа-празаіка. Фрагментарнасць, замалёванасць, фальк­лорна-бытавая аснова ранніх апавяданняў Я. Коласа, народны гумар у іх. “Другое чытанне для дзяцей беларусаў” (1909). Майстэрства Коласа-пейзажыста. Выхаваўчае значэнне твораў для дзяцей.

Рост псіхалагічнага майстэрства ў апавяданнях 1912–1914 гг. (“Старасць не радасць”, “У старых дубах”, “Малады дубок”, “Дзеравеншчына”, “Адгукнуўся”, “Сірата Юрка”). Адлюстраванне духоўнага вобліку народа ў творах.

Адлюстраванне падзей рэвалюцыі, грамадзянскай вайны і савецкай рэчаіснасці ў апавяданнях Я. Коласа 20-х гадоў. Структурныя асаблівасці твораў, гуманістычная напоўненасць, палеміка Я. Коласа з тагачаснымі літаратурнымі канонамі.

“Казкі жыцця” як пачатак філасофска-лірычнай плыні ў беларускай літаратуры.

Трылогія “На ростанях”. Гісторыя напісання. Аповесць “У палескай глушы”, “У глыбы Палесся” як адбіццё ідэйна-эстэтычнага ўзроўню беларускай прозы 20-х гадоў і сведчанне інтэнсіўнасці творчага росту Я. Коласа. Уплыў агульнай атмасферы часу (першая палова 50-х гг.) на заключную частку трылогіі “На ростанях”. Жанравая эвалюцыя трылогіі. Адметнасць кампазіцыі і вобразнай сістэмы твора. Тэма інтэлігенцыі і народа. Панарама побыту палешукоў. Аўтабіяграфізм твора. Майстэрства Коласа-псіхааналітыка, партрэтыста. Роля пейзажу. публіцыстычных, філасофскіх адступленняў у раскрыцці аўтарскай канцэпцыі. Гарманічнасць стылю. Суадносіны эпічнага пачатку і лірызму.

Аповесці “На прасторах жыцця” (1925–1926), “Адшчапенец” (1930–1931), “Дрыгва” (1933): агульная харатарыстыка.

Творчасць Я. Коласа перыяду Вялікай Айчыннай вайны.


3.5. Максім Багдановіч

Біяграфія паэта. Умовы сямейнага выхавання: сацыяльна-псіхалагічная атмасфера, культ веры, дух павагі да культурнай спадчыны свайго народа, лепшых здабыткаў сусветнай культуры.

Уплыў міфалогіі і фальклору, антычнай, рускай, французскай і іншых еўрапейскіх літаратур на фарміраваные светапогляду М. Багдановіча.

Наватарства паэта: узбагачэнне беларускай паэзіі новымі тэмамі і формамі, жаданне “прышчапіць” да беларускай пісьменнасці здабыткі сусветнай паэтычнай культуры.

“Вянок” (1913) М. Багдановіч як класічная кніга беларускай лірыкі пачатку ХХ стагоддзя. Мастацкая канцэпцыя, гісторыя выдання, структура. Пазнанне дыялектыкі ўзаемаадносін чалавека і прыроды, паказ эмацыя­нальна-псіхалагічнага складу народа праз яго паэзію (нізка “Згукі Бацькаў­шчыны”), гісторыя беларускай культуры ў паэтычных вобразах (нізка “Старая Беларусь”), вытокі мастацкага асваення ўрбаністычнай тэмы (нізка “Места”), услаўленне грамадскай актыўнасці і анімістычнага пафасу (нізкі “Думы”, “Вольныя думы”), узвелічэнне роднага слова праз выяўленне яго паэтычных магчымасцей (“Старая спадчына”)

Інтымная лірыка, матывы жыцця і смерці (нізкі “Мадонны”, “Каханне і смерць”). Вобраз мадонны як рэнесансны ідэал паэта. Сімволіка вянка ў кнізе М. Багдановіча.

Класічная паэтыка “Вянка” як сведчанне высокага паэтычнага майстэрства М. Багдановіча, спалучэнне ў яго паэзіі нацыянальных і агульнаеўрапейскіх традыцый.

Інтэрпрэтатары “Вянка” (І. Замоцін, Я. Пушча, А. Лойка, Т. Чабан).

На шляху да ліра-эпасу (паэмы “Максім і Магдалена”, “Мушка-зелянушка і камарык – насаты тварык”, “Страцім – лебедзь”).

Праблема красы ў эстэтыцы М. Багдановіча (апавяданні “Музыка”, “Апокрыф”, “Шаман”, “Апавяданне аб іконніку і залатару”, вершы “Вераніка”, “У вёсцы” і інш.).

Пытанне пра нацыянальны стыль (артыкул “Забыты шлях” і ўласная творчасць).

Жанрава-стылёвы дыяпазон прозы М. Багдановіча. Наватарства М. Баг­дановіча ў асваенні новых жанравых структур, звароце да традыцый ста­жытнага пісьменства, узбагачэнні выяўленчых магчымасцей прозы, замацаванні ў ёй інтэлектуальнага пачатку, высокага стылю.

Даследаванне гісторыі, культуры і літаратуры славянскіх народаў ў брашурах “Червонная Русь”, “Угорская Русь”, “Братья-чехи” і інш.

М. Багдановіч – літаратуразнаўца і крытык. Асэнсаванне літаратурнага працэсу. Эстэтычныя погляды М. Багдановіча. Артыкулы “Глыбы і слаі” (1911), “За тры гады” (1913), “Забыты шлях” (1915). Асэнсаванне мастацкіх набыткаў беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя, выяўленне асноўных яе заканамернасцей.

М. Багдановіч – заснавальнік нацыянальнай школы мастацкага пера­кладу. Перакладчыцкая спадчына М. Багдановіча і яе роля ва ўзбагачэнні ідэйна-тэматычных, вобразных, сюжэтных, фармальна-выяўленчых сродкаў і магчымасцей беларускай літаратуры і мовы.
3.6. Максім Гарэцкі

Максім Гарэцкі як класік беларускай літаратуры. Месца і роля М. Га­рэцкага ў нацыянальным прыгожым пісьменстве. Шматграннасць таленту і творчай дзейнасці: празаік, публіцыст, драматург, лексікограф, фалькларыст, педагог, рэдактар-выдавец, перакладчык і інш.

Фарміраванне творчай асобы. Біяграфія пісьменніка. Этапы жыцця і творчасці. Трагічны лёс М. Гарэцкага.

Зборнік апавяданняў “Рунь” (1914). Тэма інтэлігенцыі і народа.

Пошукі і наватарства М. Гарэцкага ў галіне “малой” формы. Творчае асваенне жанрава-стылёвых магчымасцей філасофскай, інтэлектуальнай прозы: зварот да лірыка-рамантычнай навелы, лірычнай мініяцюры (абразка), імпрэсіі, філасофскага эсэ, эпісталярнай прозы.

Адлюстраванне падзей першай сусветнай вайны ў творчасці М. Га­рэцкага. Гуманістычная пазіцыя аўтара, псіхалагічнае майстэрства ў паказе чалавека на вайне ў апавяданнях 1915–1917 гг. “Літоўскі хутарок”, “Рускі”, “Генерал”, “На этапе” і інш.

Дакументальна-мастацкія запіскі “На імперыялістычнай вайне” (1915–1919). Гісторыя напісання. Аўтабіяграфізм твора. Адлюстраванне франтавой рэчаіснасці. Паказ вайны як антыгуманнай з’явы. Мастацкія асаблівасці твора. Кніга “На імперыялістычнай вайне” ў сусветным літаратурным кантэксце мастацкіх твораў аб першай сусветнай вайне (Л. Талстой, А. Бар­бюс, Л. Франк, Э. М. Рэмарк, Э. Хэмінгуэй).

Аповесць “Дзве душы” (1919) як мастацкае вытлумачэнне падзей рэва­люцыі і народжаных ёю працэсаў у грамадстве, раскрыццё ролі нацыя­нальнай інтэлігенцыі як абаронцы гуманістычных ідэалаў.

Адлюстраванне цяжкага шляху Беларусі ў пераломную эпоху, паказ трагедыі жыцця народа, асэнсаванне паслякастрычніцкай рэчаіснасці, выкрыццё авантурыстаў ад палітыкі ў апавяданнях 1921–1922 гг. (“У 1920 годзе”, “Фантазія”, “Апостал”, “Незадача”, “Усебеларускі з’езд 1917 года”).

Зборнік “Досвіткі” (1926): мастацкае даследаванне дакастрычніцкай рэчаіснасці.

Максім Гарэцкі – драматург. Тэматычная разнастайнасць, псіхалагічная напоўненасць і жанравая адметнасць яго драматургічных твораў.

“Сібірскія абразкі”, “Люстрадзён” як вынік падарожжа М. Гарэцкага ад Масквы да Благавешчанска. Новыя тэматычныя абсягі, праблематыка, жанрава-стылёвыя асаблівасці, спалучэнне суб’ектыўнага пачатку з дакументалізмам у творах.

Аповесці “Меланхолія” і “Ціхая плынь. Агульная крытыка.

Раман “Віленскія камунары” (1931–1933). Творчая гісторыя, жанрава-стылёвыя асаблівасці рамана. Адлюстраванне ў рамане рэвалюцыйнага руху на Беларусі і Літве, звязанага з паўстаннем віленскіх камунараў 1918–1919 гг. і ўсталяваннем савецкай улады ў Вільні.

“Камароўская хроніка” (1930–1932, 1937) як унікальная з’ява ў гісторыі беларускай літаратуры, галоўная кніга пісьменніка. Дакументальная аснова твора. Аўтабіяграфічнасць “Камароўскай хронікі”. Спалучэнне аб’ектыўнага і суб’ектыўнага. Праблематыка твора, сістэма вобразаў. Спалучэнне грамадска-палітычных і сацыяльна-бытавых, сямейных падзей у паказе жыцця герояў. Адлюстраванне духоўнай сферы ў пераломныя моманты жыцця чалавека, раскрыццё вытокаў жыццястойкасці селяніна.

Эпісталярная спадчына М. Гарэцкага (лісты да жонкі Л. У. Чарняўскай і дзяцей Галіны і Леаніда пасля арышту і высылкі пісьменніка) як абвінаваўчы дакумент супраць бесчалавечнасці палітычнай сістэмы.

Падарожныя нататкі-дзённікі “Кіпарысы” і алегарычная аповесць “Лявоніус-Задумекас”. “Скарбы жыцця” – філасофска-апавядальны твор ў форме дзённіка. Лірызм і спавядальнасць, алегарычнасць і сімволіка твора, яго трагедыйнае гучанне і агульначалавечы змест.

М. Гарэцкі і праблемы станаўлення і развіцця беларускай літаратурнай мовы.

Публіцыстычная, крытычная і літаратуразнаўчая спадчына М. Гарэцкага. Артыкулы “Наш тэатр” (1913), “Развагі і думкі” (1914) як ідэйна-эстэтычнае крэда пісьменніка і праграма нацыянальнага адраджэння. Тэматычная разнастайнасць, праблемнасць, спалучэнне сацыяльна-палітычных аспектаў з нацыянальна-культурнымі, акрэсленасць грамадзянскай паэзіі – галоўныя прыкметы публіцыстыкі М. Гарэцкага.

Метадалагічныя прынцыпы М. Гарэцкага-крытыка.

Літаратуразнаўчая дзейнасць М. Гарэцкага. Роля “Гісторыі беларускае літаратуры” М. Гарэцкага ў развіцці айчыннай літаратуразнаўчай думкі.

Рэдактарска-выдавецкая і журналісцкая дзейнасць М. Гарэцкага: супрацоўнік газеты “Известия Смоленского Совета” (1917–1918); загадчык розных аддзелаў газеты “Звязда” (1919); рэдактар-выдавец “Беларускіх ведамасцяў” (верасень 1921 – студзень 1922) і “Дэкламатара” (літаратурны і гістарычны матэрыял з “Беларускіх ведамасцей”; рэдактар газеты “Наша думка” (1921).


3.7. Літаратурна-грамадскі рух на Беларусі ў 20–30-я гады

“Маладняк” – першае літаратурнае аб’яднанне творчай моладзі Беларусі і яго арганізатары пісьменнікі А. Александровіч, А. Бабарэка, А. Вольны, А. Дудар, Я. Пушча, М Чарот. Масавая культурна-асветніцкая дзейнасць аб’яднання. Стварэнне шматлікіх філіялаў.

Тры перыяды існавання “Маладняка” (1923–1928) паводле даследавання М. Гарэцкага “Маладняк за пяць гадоў”. Праграмны дакумент аб’яднання пад назваю “Замест дэкларацыі”. Першы і другі расколы “Маладняка”. Выяўленне адносін маладнякоўскай крытыкі да літаратурнай спадчыны. Спроба тэарэтычнага абгрунтавання ідэалагічнай і ідэйна-творчай платформы аб’яднання. Канцэпцыя “маладнякізму” і “адраджанізму” ў артыкуле А. Бабарэкі “Вясну радзіла восень” як адлюстраванне спрошчанай трактоўкі стасункаў новай плеяды літаратараў да класічнай спадчыны. Станоўчае і заганнае ў дзейнасці “Маладняка”.

Літаратурна-мастацкае згуртаванне “Узвышша” (1926–1931) і ініцыятары яго стварэння А. Бабарэка, У. Дубоўка, К. Крапіва, Я. Пушча, К. Чорны. Тры этапы дзейнасці згрунтавання. Ідэйна-эстэтычная платформа “Узвышша” ў праграмнай заяве (тэзісах) “Ад беларускага літаратурна-мастацкага згуртавання “Узвышша” (часопіс “Узвышша”, 1927, № 1).

Аквітызм як эстэтычная канцэпцыя “Узвышша”, устаноўка на дасканалую форму творчасці (“Мастацтва павінна быць узвышшам”), своеасаблівы працяг “паэзіі красы” М. Багдановіча, “сінтэз класічнай мастацкай традыцыі і літаратурнага наватарства” (У. Конан).

Плённасць і карысць дзейнасці “Узвышша”, з пункту гледжання сённяшняга дня.

Літаратурнае аб’яднанне “Полымя” (1927–1932) і яго арганізатары Я. Купала, Я. Колас, Ц. Гартны. “Полымя” як праваднік ідэі памяркоўных адносін і творчага супрацоўніцтва з іншымі літаратурнымі аб’яднаннямі рэспублікі, ўраўнаважання крайніх тэндэнцый у літаратурным руху канца 1920-х – пачатку 30-х гадоў.

Неаднароднасць складу аб’яднання, наяўнасць розных ідэйна-эстэтыч­ных накірункаў. Непаслядоўнасць, неаб’ектыўнасць палымянскай крытыкі ў ацэнках тагачасных літаратурных з’яў.



3.8. Беларуская паэзія 20-х гадоў

Асэнсаванне рэвалюцыйнай эпохі ў паэзіі 20-х гадоў. Стылёвая мазаіч­насць, жанравая разнастайнасць, палемічнасць матываў і ідэйна-вобразных сродкаў. Адлюстраванне літаратурнай барацьбы ў грамадзянскай паэзіі другой паловы 20-х гадоў як вынік расколу “Маладняка”, утварэння “Узвышша” і “Полымя”.

Дзве асноўныя ідэйна-мастацкія плыні ў паэзіі 20-х гадоў, іх адрозненне “стылёвымі парадыгмамі (традыцыйнай і авангардысцкай) і тэматычнымі дамінантамі: нацыянальна-адраджэнскай і пралетарска-рэвалюцыйнай” (І. Багдановіч).

Асэнсаванне лёсу Беларусі, канцэпцыя Беларускага Шляху ў творчасці прадстаўнікоў абедзвюх плыняў.

Агульная характарыстыка паэзіі 20-х гадоў. Творчасць паэтаў, што пачыналі ў “нашаніўскі” перыяд (Я. Купала, Я. Колас, З. Бядуля, Ц. Гартны, А. Гурло, Я. Журба, М. Хведаровіч) і паэтаў, чыя творчасць разгарнулася ў эпоху рэвалюцыйных пераўтваранняў (У. Дубоўка, М. Чарот, А. Алек­сандровіч, А. Вольны, А. Дудар, Я. Пушча, У. Жылка, М. Грамыка, К. Крапіва, П. Трус, Т. Кляшторны, В. Маракоў, П. Глебка, У. Хадыка, С. Дарожны, Ю. Лявонны, А. Звонак, А. Моркаўка, М. Лужанін, С. Фамін і інш.).

3.9. Беларуская проза 20-х гадоў

Праблема новага героя ў беларускай прозе 20-х гадоў як праблема «чалавек і рэвалюцыя». Уяўленне пра новага героя як героя актыўнага дзеяння. Дзве лініі ў паказе новага героя, абумоўленыя шырокай трактоўкай паняцця актыўнасці як рэвалюцыйнага дзеяння, калі завастралася ўвага на знешніх прыкметах рэвалюцыйнасці, і духоўнай актыўнасці, звязанай з паказам у чалавеку такіх якасцей як, асэнсаванне гістарычных падзей, непрыняцце аджыўшага, прага духоўнага абнаўлення. Тэорыя “жывога чалавека” як заканамерная рэакцыя на «апсіхалагізм» у літаратуры, яе станоўчыя і адмоўныя вынікі.

Тэматычная разнастайнасць, праблематыка, жанрава-стылёвыя пошукі беларускай прозы 20-х гадоў. Росквіт апавядання ў пераломны ў духоўным жыцці народа перыяд. Адлюстраванне падзей рэвалюцыі, грамадзянскай вайны,акупацыі і сацыялістычнай рэчаіснасці ў апавяданні 20-х гадоў.

Абнаўленне жанравай формы апавядання ў творчасці пісьменнікаў, што прыйшлі ў літаратуру пасля рэвалюцыі: К. Чорнага, М. Зарэцкага, М. Лынь­кова, Б. Мікуліча, В. Каваля, П. Галавача, Я. Нёманскага, С. Баранавых і інш.

«Маладнякоўскае» апавяданне і тыповыя прыкметы маладнякоўскай стылістыкі: арнаменталізм, метафарычнасць, экспрэсіўнасць лексікі, інвер­сійнасць сінтаксісу, рытмічнасць мовы, абагульнена-сімвалічная вобраз­насць, патэтыка, лірызм, рамантычныя сродкі пісьма.

Жанравае станаўленне беларускай аповесці і рамана. Аўтабіяграфізм, хранікальнасць, дакументалізм, псіхалагізм ў творах Я. Коласа, З. Бядулі, М. Гарэцкага, Ц. Гартнага, К. Чорнага, М. Зарэцкага, Я. Нёманскага, Р. Мурашкі і інш.

Маладнякоўская прыгодніцкая аповесць і творы М. Чарота, А. Вольнага, А. Александравіча, А. Дудара, М. Нікановіча, Я. Нёманскага. Пошукава-эксперыментальны характар аповесці: спроба ўдасканаліць сюжэтную структуру празаічных твораў, прыдаць ім рухомасць, дынамізм, выкарыстаць авантурна-прыгодніцкі элемент, вырашыць праблему станоўчага героя.

Сатырычная плынь ў беларускай прозе 20-х гадоў у творчасці Я. Коласа, Ц. Гартнага, М. Гарэцкага, З. Бядулі, К. Крапівы, К. Чорнага, А. Мрыя, Л. Калюгі.

Агульная характарыстыка творчасці М. Зарэцкага, Б. Мікуліча, В. Кава­ля, П. Галавача, Л. Калюгі, А. Мрыя.

Творчая эвалюцыя класіка беларускай мастацкай прозы К. Чорнага (ад лірычнай да філасофска-аналітычнай прозы).

1   2   3   4   5   6   7


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка