Рэкамендацыі па рэалізацыі палажэнняў Закона Рэспублікі Беларусь ад




старонка1/4
Дата канвертавання28.04.2016
Памер0.97 Mb.
  1   2   3   4
ДУА “ГОМЕЛЬСКІ АБЛАСНЫ ІНСТЫТУТ РАЗВІЦЦЯ АДУКАЦЫІ

РЭКАМЕНДАЦЫІ

па рэалізацыі палажэнняў Закона Рэспублікі Беларусь ад

23 ліпеня 2008г.“Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, зацверджанага Міністрам адукацыі 17 лістапада 2009г.

ГОМЕЛЬ, 2010

СУЧАСНЫ БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС

(семінар-практыкум)
Закон Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» ўступае ў дзеянне з 1 верасня 2010 года. 3 гэтага нумара наш часопіс пачынае друкаваць серыю артыкулаў па праблемах правапісу прафесара Віктара Іўчанкава, які падчас распрацоўкі закона быў намеснікам старшыні рабочай групы па дапрацоўцы праекта новай рэдакцыі «Правіл».

Зафіксаваныя ў Законе Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» змены даўно наспелі, ляжалі, так бы мовіць, на паверхні, вымагалі афіцыйнага прызнання. У дзевяностыя гады мінулага стагоддзя ў нашу мову праніклі і ўваходзяць цяпер шмат лексічных запазычанняў. Тыя ж сродкі масавай інфармацыі пачалі называцца «медыямі». Адразу ж узнікае пытанне: як правільна пісаць новыя словы, ды і даўно вядомыя: трыё, трыо ці трыа? Таму ўзнікла патрэба прыгледзецца да працэсаў, што закранулі мову. Афіцыйнае прызнанне гэтай праблемы адбылося ў 1992 годзе, калі Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук правёў канферэнцыю, прысвечаную беларускаму правапісу. Дыскусія перакінулася ў прэсу. Адгукнуліся амаль усе беларускамоўныя кафедры. Уносіліся прапановы, заўвагі.

У 1993 годзе пастановай урада «Аб удакладненні правапісу беларускай літаратурнай мовы» была створана спецыяльная дзяржаўная камісія. Яна разгледзела агульныя праблемы і прызнала, што існуючыя правілы ў цэлым забяспечваюць функцыянаванне пісьмовай мовы і кардынальных змен не патрабуюць. Захаваць аснову беларускага правапісу і адрэагаваць на новыя з'явы ў мове – гэтыя патрабаванні вызначылі сутнасць даручэння, якое было дадзена Акадэміі навук і Міністэрству адукацыі: падрыхтаваць новую рэдакцыю правіл беларус­кай арфаграфіі і пунктуацыі.

Узгадаем, што больш за сто гадоў назад, дакладней кажучы, у 1905 годзе, афіцыйна была знята забарона на ўжыванне беларускай мовы. Выйшла з падполля кнігадрукаванне, пачалі выдавацца па-беларуску газеты. Узнікла пільная патрэба ў граматыцы, якая зафіксавала б асноўныя асаблівасці функцыянавання мовы. I такія граматыкі з'явіліся. Іх было не дзве, не тры, а болей. Найбольш вядомай, папулярнай, масавай стала граматыка, створаная Браніславам Тарашкевічам. Яна адыграла важную ролю ў станаўленні беларускай літаратурнай мовы, таму што дала магчымасць стабілізаваць моўныя нормы. Гэтым Браніслаў Тарашкевіч назаўсёды ўвайшоў у гісторыю. Змены ў правапісе – даволі далікатная рэч, бо датычаць кожнага носьбіта мовы. I як толькі штосьці ў ім мяняецца, то гэта не можа быць незаўважным для ўсяго грамадства. Трэба дадаць, што пытанне аб правапісе актуалізуецца, як правіла, падчас пэўных грамадскіх катаклізмаў, сацыяльных рэформ. Пакаленні беларусаў, чытаючы творы Максіма Танка, Івана Мележа, Івана Шамякіна, Янкі Брыля, Пімена Панчанкі, Уладзіміра Караткевіча, Івана Навуменкі, Сяргея Грахоўскага і іншых пісьменнікаў, увабралі хараство і чысціню беларускага слова, выхавалі свой моўны густ, засвоілі законы пісьма. I не ўлічваць гэта мы проста не маем права. Калі не дзеля сябе, дык дзеля будучыні...


Беларуса пазнаюць па аканні
У беларускай мове паводле традыцыі аканне (недысімілятыўнае) фіксуецца на пісьме. Гэтым наша мова адрозніваецца ад дзвюх усходнеславянскіх сясцёр-суседак – рускай і ўкраінскай. Параўнаем: молоко (рус), молоко (укр.) і малако (бел.). Чаму так сталася? Мы амаль не маем рэдукаванасці галосных о, э, г. зн. іх своеасаблівага скарачэння ў ненаціскных пазіцыях: воды – вада, рэкі – рака. Тады як у рускай мове рэдукцыя – з'ява распаўсюджаная і нават вызначае традыцыю вымаўлення. Мы акаем, і «татальнае» аканне – гэта прыкме-та нашай мовы. I ад яго нікуды не дзенешся. Сваім студэнтам, будучым журналістам ра-дыё і тэлебачання, раю: «Гаварыце выразна, паўнагучна, бо наша а – шчырае, адкрытае». Гэтае a і вылучае беларусаў. Калі мы нават навучымся вымаўляць мяккія р, т і ч, то нас усё роўна пазнаюць па аканні.

Калі не зважаць на невялікую групу слоў, то і сёння можна пачуць: у беларускай мове о пішацца толькі пад націскам. Але ў існуючым правапісе маюцца выключэнні: трыо, адажыо, партфоліо і інш. Як бачым, перад намі запазычанні. Такіх слоў набярэцца няшмат. Каб ліквідаваць разнабой, было ўдасканалена старое правіла: 1. Літара о пішацца толькі пад націскам: год, кот, скрозь, шоўк, колас, мова, доўга, посуд, арол, шолах, плячо, дарога, разгортваць, дапамога, дадаткова, жніво, дэпо, водар, оканне, ода, оптам, ордэн, офіс, опера, Об, Орша, Омск, Обнінск, Осла, Оксфорд, Орск, Токіа, Вапгэрлоа. Амаль нічога новага, акрамя двух апошніх слоў. Заўважу, што гаворка ідзе не пра складаныя словы, а простыя. У складаных і складанаскарочаных словах сітуацыя крыху іншая, пра што пагаворым пазней. Напісанне слоў тыпу адажыа, арпеджыа, дызажыа, капрычыа, імпрэсарыа, салъфеджыа выклікала шмат дыскусій. Прапаноўвалася на канцы такіх слоў пісаць ё на манер слова ра-дыё. Сапраўды, слова радыё з'яўляецца выклю-чэннем, але яно мае сваю гісторыю. У свой час неалагізм радыё, як СМІ, хутка распаўсюдзіўся па савецкай краіне, у Беларусі яго называлі і радыва, і радзіва, і радыё. У выніку адзін з дыялектных варыянтаў слова патрапіў у літаратурную мову, стаўшы выключэннем. Але ж хіба можна з-за аднаго выпадку рабіць выключэннем цэлую групу слоў? Было прынята абгрунтаванае рашэнне пашырыць прынцып перадачы акання ў словах іншамоўнага паходжання. Паводле новай рэдакцыі «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», трэба пісаць Антарыа, Антоніа, Байляньцзяа, Баа, Барнеа, Більбаа, Ваяа, Галілеа, Гаа, Даа, Лаа, Леа, Ляа, Мантэвідэа, Маа, Мінданаа, Мяа, Рамэа, Сяа, Таа, Цаа, Цічаа, Цындаа, Цяа, Чаа, Чжаа, Чжаадаа, Чырчэа, Яншаа. Для большага ўяўлення, пра якія словы ідзе гаворка, працягнем гэты шэраг: Асорыа, Бака-чыа, Бенволіа, Біа-Біа, Валенцыа, Грэгорыа, Д'Анунцыа, Еўсшахіа, Капіа, Кастэліа, Кіа, Кліа, Лючэнцыа, Мазачыа, Меркуцыа, Нунцыа, Паладыа, Петручыа, Пінокіа, Тэлезіа, Фульвіа і інш.

Ёсць запазычаныя словы, у якіх канцавы галосны служыць своеасаблівым распазнавальнікам родавай прыналежнасці імя. Напрыклад, згодна з існуючым правілам, імя Amaeio пазначае асобу мужчынскага полу, а Атавія – жаночага. Паводле новага правіла, ак-цэнты зменяцца: Атавіа (ён) Атавія (яна). Toe ж будзем назіраць і ў імёнах: Аўрэліа – Аўрэлія; Базіліа – Базілія; Эміліа – Эмілія; Эўгеніа – Эўгенія; Фабрыцыа – Фабрыцыя; Лючыа – Лючыя; Марыа – Марыя; Маў-рыцыа – Маўрыцыя; Разарыа – Разарыя, Сільвіа – Сільвія і г. д. Заўважым, словы, якія заканчваліся спалучэннем «зычны + галосны», даўно падпарадкаваны агульнаму правілу: бельканта, лібрэта, ламента, інтэрмеца, бру-та, нета і інш. Рэалізуецца асноўнае бела-рускае правіла літара о ў простых словах пішацца толькі пад націскам.

N. В. У «Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (Мінск: Нац. цэнтр прававой інфарм. Рэсп. Беларусь, 2008. – 144 с.) сустракаем памылку друку: на с. 42 замест Тао Юаньмінь трэба чытаць Таа Юаньмінь.
За што літара «ё» ўганаравана помнікам
Літара ё ў беларускай мове мае вызначанае месца ў алфавіце і паслядоўныя правілы напісання. Калі параўнаць выкарыстанне яе ў іншых мовах, то адкрыецца шмат цікавых фактаў. Напрыклад, у рускай мове, з якой ё прыйшло ў беларускую азбуку, разнабой у яе напісанні прывёў да некаторых казусаў. Гэтаму віной з'явілася даволі маруднае і да канца не прынятае ўключэнне ў правапісную рускамоўную практыку літары ё. Лічыцца, што яна не зусім прыдатная да скорапісу – пісьма без адрыву пяра ад паперы. Існавалі і тэхнічныя цяжкасці ў дакамп'ютарным друку. Традыцыйная неабавязковасць напісання спарадзіла шмат памылковых прачытанняў уласных і агульных імёнаў. Калі б было ўсталявана правіла, то сёння мы маглі б мець іншае напісанне і прачытанне вядомых прозвішчаў. Напрыклад, кардынала Рышэльё (рус. Ришелье, фр. Richelieu), філосафа і пісьменніка Мантэскьё (рус. Монтескье, фр. Montesquieu), фізіка Ронтгена (рус. Рентгена, ням. Wilhelm Conrad Rontgen), мікрабіёлага i хіміка Луі Пастора (рус. Пастёра, фр. Pasteur), мастака і філосафа М. Рорыха (рус. Н. Рериха, у перакладзе са старажытнаскандынаўскай: славай (Ro) богаты (Rich)), англійскага палітыка Чорчыля (рус. Черчилля, англ. Churchill), аўстрыйскага фізіка Шродынгера (рус. Шрёдингера, ням. Schrodinger) і інш.

Часам неадназначнасць прыводзіць да таго, што літару ё выкарыстоўваюць у словах, у якіх яе не павінна быць: афера замест афера, грэнадзёр замест грэнадзер, у рускай мове – бытиё замест бытие, опека замест опека. Такая сітуацыя не магла не раздражняць розных людзей у розныя часы. Вядома, што да ўпарадкавання напісання літары ё прыклаў руку I. В. Сталін, і да канца яго жыцця па-значэнне ё болып-менш вытрымлівалася. Аба-вязковае выкарыстанне літары ё ўведзена 24 снежня 1942 года загадам народнага камісара асветы. Ужо ў наш час, 3 мая 2007 года, выйшла пастанова Міністэрства адукацыі Расійскай Федэрацыі, якая абавязвае выкарыстоўваць літару ё ў імёнах уласных. Можна было б не праводзіць аналогіі з рускім правапісам, каб не адна акалічнасць. Шматлікія імёны ўласныя засвойваюцца намі ва ўмовах білінгвізму. Гэта, хацелася б ці не, накладае пэўны адбітак на напісанне і беларускіх слоў.

Відавочна толькі адно: у адрозненне ад рускай, у беларускай мове ё заўсёды пазначаецца.

I калі рускія настаўнікі пазначэнне ё ў не акрэсленых правіламі 1956 года выпадках не лічаць за памылку, то для нашых вучняў будзе лічыцца памылкай, калі яны не пазначаць ё. Чаму рускія так абыякава ставяцца да лёсу гэтай пакутнай літары? Адказ можна знайсці, калі ўзгадаць, што распаўсюджанню літары ё яшчэ ў XVIII–XIX стагоддзях перашкаджала стаўленне да «ёкаючага» вымаўлення як да мяшчанскага, маўлення «подлай чэрні», тады як «царкоўнае», «екаючае» вымаўленне лічылася культурным, прыстойным і інтэлігентным. Гэта становіцца зразумелым, калі ўзгадаць пра дамінуючую кніжна-пісьмовую традыцыю фарміравання рускай літаратурнай мовы. Нават у нашы дні яна ў своеасаблівым выгнанні: у гэтым пераконваемся, калі зірнём на камп'ютарную клавіятуру IBM/Windows. Па сёння існуе думка пра нікчэмнасць у рускай азбуцы гэтай літары.

Аднак гісторыя ўзнікнення самой літары даволі цікавая, і нездарма 4 верасня 2005 года ў гонар 160-годдзя ўстаноўкі манумента Мікалаю Карамзіну адбылося адкрыццё помніка літары ё. Дарэчы, 29 лістапада з'яўляецца Днём літары ё. У новай рэдакцыі «Правіл беларус­кай арфаграфіі і пунктуацыі» яе напісанне амаль не памянялася: літара ё пішацца пад на-ціскам: лес, веска, сёстры, цёмны, цёплы. Заўва-жым, што, у адрозненне ад ранейшага правіла напісання о, апушчана слова «толькі»: літара о пішацца толькі пад націскам. Параўнаем запіс 1959 года: літары о, ё пішуцца, як правіла, толькі пад націскам. Бачым, што сэнсавая нагрузка прыпадае на пабочнае словазлучэнне «як правіла», што, аднак, не зусім суадносіцца са значэннем слова «толькі». Такім чынам распрацоўшчыкі хацелі знайсці выйсце з даволі няпростай сітуацыі, калі значэнне часціцы «толькі» ў сэнсе 'абмежавальнае выдзяленне з мноства', 'выключна' не зусім спалучаецца з «як правіла». У новай рэдакцыі правапіс літар о і ё размеркаваны па розных пунктах. У напісанні літары о ў простых словах выключэнне ліквідавана, а пры напісанні літары ё яно захоўваецца: літара ё пішацца не пад націскам у словах з каранямі ёд- і ёт- ёдапірын, ётацыя, ётаванне. Працягнем гэты невялікі пералік: ёдзісты, ёдзінол, ёданат, ёдны, ёдаформ, ёда-(дэфіцыт, прафілактыка і інш.), ёдзіраваны, ёдаформны, калія ёдзід, ёдапірон, ёдызм, ёдыпамід, ёціраваць, ётаваны. Ёсць яшчэ слова, якое падлягае выключэнню: ёркшырскі.
Чым «радый» адрозніваецца ад «радыё»
У новай рэдакцыі «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» размяжоўваецца напісанне першых частак радыё- (з лац. radio – выпраменьваю, выпускаю промні, radius – прамень) і радые-/я- (з лац. Radium – хімічны эле­мент II групы перыядычнай сістэмы). Літара ё пішацца ў складаных словах з першай часткай радыё-: радыёстанцыя, радыёграма, радыёантэна. Калі першая частка складанага слова ўтворана ад назвы хімічнага элемента радый, то пішацца літара е, якая з'яўляецца злучальнай галоснай: радыебіялогія, радыеактыўнасць, радыеметрычны, радыеізатоп і інш. У пер-шым складзе перад націскам у гэтым вы-падку пішацца я: радыямётрыя, радыяхімія, радыялогія, радыяграфія. Бачым, што частка складанага слова радые-/я- паходзіць ад слова радый, якое скланяецца і ў якім е, я выконваюць функцыю злучальных галосных. У рускай мове гэтыя часткі ў напісанні супадаюць:

РАДИ0...1 – начальная часть сложных слов, внося­щая значение сл.: радио (радиофизика, радиопомехи, радиорубка, радиоинструктор, радиозавод, радиоин­формация, радиокомментарий и т. п.); РАДИО...2 – начальная часть сложных слов, вносящая значение сл.: радиоактивный (радиоизотоп, радиойод, радиолюминесценция, радиоселекция, радиофосфор, радио­фотография, радиохимический и т. п.).



Такім чынам, старое правіла не памяня-лася, а толькі было ўдакладнена. 3 часткай радыё- трэба пісаць: радыёаўтограф, радыёакустычны, радыёапарат, радыёвяшчанне, радыёўзрывальнік, радыёбачанне, радыёхваля, радыёкамбайн, радыёкампанія, радыёкампаратар, радыёкомпас, радыёкампазіцыя, радыёкантакт, радыёкантролъ, радыёканцэрт, радыёсетка, радыёсігнал, радыёсістэма, радыёслужба, радыёслухач, радыёспектраскапія, радыёспецыяліст, радыёспорт, радыётэатр, радыётэлевізійны, радыётэлескоп, радыётэлефон, радыётэхніка, радыёкіраванне, радыёфестываль, радыёфікацыя, радыёэфір, радыёрэха і інш. 3 часткай радые-/я- трэ­ба пісаць: радыеадчувальнасць, радыеактывацыйны, радыеактыўнасць, радыебіялогія, радыегеалагічны, радыеахоўны, радыеізатоп-ны, радыекарбонны, радыелячэнне, радыелюмінесцэнцыя, радыенукліды, радыерэзістэнтнасць, радыесенсібілізацыя, радыевугляродны, радыеўстойлівасць, радыехірург, радыехімічны, радыетэрапія, радыеэкалогія; радыягенны, радыяграфія, радыялогія, радыялярыі, радыязонд. У Руска-беларускім слоўніку (1998) рэкамендуецца пісаць: радыёметр, радыёметрыя; радыёграф, радыеграфічны, радыеграфія. Арфаграфічны разнабой напісання прыведзеных слоў павінен ліквідавацца з увядзеннем Закона «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі».

Як паказвае пісьмовая практыка, на ма­нер слова радыё стала пісацца яшчэ адно слова – аўдыё. У сучасных слоўніках знаходзім: аўдыёвізуальны і аўдыявізуальны, аўдыёкасета і аўдыякасета. Чаму так адбываецца? Гэтае запазычанае слова павінна засвойвацца павод­ле агульнага правіла, якое грунтуецца на фа-нетычнай асаблівасці нашай мовы: спалучэнне галосных іо ў сярэдзіне слова абазначаецца на пісьме літарамі іё (ыё) пад націскам, не пад націскам – ія (ыя): симбиоз – сімбіёз, физиолог – фізіёлаг, биолог – біёлаг, рацион – рацыён, пионер – піянер, радиатор – радыятар, пианино – піяніна, стационар – стацыянар і інш.; у пачатку слова пад націскам вымаўляецца і пішацца іо, не пад націскам – іа: іон, іанізацыя, іарданец і інш.; спалучэнне іа абазначаецца на пісьме літарамі ія (ыя) незалежна ад месца націску: авіяцыя, ліяна, геніяльны, Іліяда, энтузіязм, фартэпіяна, піяніст, сацыялізм, сацыяльны, варыянт, матэрыял, матэрыялізм, дыяметр, дыяпаздн, дыяфрагма. Адзначым цікавую асаблівасць: словы аўдыя і медыя могуць губляць сваю лексічную самастойнасць і ператварацца ў так званыя прэфіксоіды – часткі слова, якія на сёння нельга лічыць ні прыстаўкамі, ні самастойнымі словамі. Гэта паўплывала на іх напісанне. Першыя часткі складаных слоў медыя-, аўдыя- пішуцца разам. Toe ж назіраем і ў «Рускім арфаграфічным слоўніку» (адказны рэдактар прафесар Уладзімір Лапацін). Пад навуковым кіраўніцтвам прафесара Лапаціна ў 2000 годзе быў выдадзены новы звод правіл рус­кай арфаграфіі і пунктуацыі, які так і не быў прыняты ў Расіі. Прафесар У. Лапацін куры-руе дзейнасць расійскага партала gramota.ru. З імем гэтага аўтарытэтнага вучонага звязваец-ца развіццё сучаснай рускай арфаграфіі.

У новай рэдакцыі «Правіл» зафіксавана: часткі складаных слоў аўдыя- і медыя- пішуцца разам: аўдыятэкст, аўдыязала, аўдыяапаратура, аўдыябізнэс, аўдыядыск, аўдыяплэер, аўдыятэкст, аўдыявізуальны, аўдыялогія, аўдыяметрыя, аўдыяальбом, аўдыяматэрыялы, аўдыяпрадукцыя, аўдыязапіс, медыяпадзея, медыятэкст; медыябаінг, медыябаер, медыябізнэс, медыявайна, медыяіндустрыя, медыямагнат, медыяплан, медыяпланаванне, медыярэсурсы, медыярынак, медыяселер, медыясуполка, медыяхолдынг, медыяносьбіт і інш.

N. В.: Існуе невялікі шэраг слоў з пачатко-вым медые-: медыеваль (малюнак друкавана-га шрыфту), медыевіст, медыевістыка, медыевальныя шрыфты.
Камп'ютэр? Камп'ютар! А можа, кампутар?!
У адрозненне ад літары о, напісанне якой адназначна акрэслена новай рэдакцыяй «Правіл», правапіс літары э будзе выклікаць шмат пытанняў і ў будучых пакаленняў. Бо тут можа мець месца суб'ектыўны фактар. Маю на ўвазе традыцыю вымаўлення, якую фарміруем мы з вамі, носьбіты мовы. Што такое традыцыйнае вымаўленне? Гэта тое, што не паддаецца сучасным законам, а значыць, можа трактавац-ца згодна з моўным густам той ці іншай асо-бы. Літара э з'явілася ў беларускіх тэкстах у канцы XV ст., а само яе ўзнікненне ў нашай мове звязваецца з запазычаннямі. Дарэчы, ёсць меркаванне, што ў рускую мову яна прыйшла праз беларускую. Так, В. Традзіякоўскі ў працы «Размова пра арфаграфію» ўказвае на вынаходніцтва яе Мялеціем Сматрыцкім. Як гэта і бывае, прызнанне новай літары ішло Яе называлі і «уродом», і «бездельной», і «противнейшей», а часам лічылі «повреждением кириллицы». Але падобныя ацэнкі засталіся ў далёкім мінулым. У іншых сучас-ных славянскіх кірылічных алфавітах гэтая літара не выкарыстоўваецца.

Сёння напісанне э ў спрадвечна беларускіх словах не выклікае цяжкасцей, бо яно пад-лягае закону акання: літара э пішацца пад націскам, ненаціскное э пераходзіць у а: стрэхі – страха, шэры – шарэцъ, чэргі – чарга, крэмль – крамлёўскі, жэмчуг – жамчужына, жазло, жарала, шаптаць і інш. Калі словы даўно трапілі ў беларускую мову і з'яўляюцца высокачастотнымі ва ўжытку, то маюць шанец падпарадкавацца агульнаму правілу. Традыцыйна такія словы называюць даўно запазычанымі: арэнда – арандаваць, майстэрня – майстар, адрас, габраістыка, галантарэя, далікатны, літара, літаратура, лямант, латарэя, момант, рамонт. Як бачым, назіраецца тэндэнцыя да паступовага пераходу э не пад націскам у а нават у словах запазычаных, што і павінна адбывацца: з цягам часу запазычанае слова падпарадкуецца законам мовы, у якую патрапіла. Таму ў новай рэдакцыі «Правіл» зафіксавана норма: ва ўласных імёнах са славянскай лексічнай асновай і ў даўно запазычаных словах з неславянскіх моў у ненаціскных складах гук [э] падпарадкоўваецца агульным правілам акан­ня – пасля цвёрдых зычных ён чаргуецца з [а] і абазначаецца на пісьме літарай а: Беразіно, Чарапаввц, Жамчужнікаў, Чарнышэўскі, Шаўчэнка, Чалюскін, транслітарацыя. Сюды ж можна аднесці і наступныя імёны ўласныя:

Гашак, Праабражэнскі, Чалябінск, Чаркасы, Чачэнія, Шаліхін, Шарамецьеў. У пачатку запазычаных слоў э пішацца ў адпаведнасці з беларускім літаратурным вымаўленнем: эканомія, экзамен, экватар, этажэрка. Літара э пішацца пасля прыставак і ў другой частцы складанага слова: праэкзаменавацъ, трехэлементны, квінтэсэнцыя.

На канцы запазычаных нязменных слоў, а таксама ўласных імёнаў і геаграфічных назваў пасля зычных, акрамя л, к, пішацца э: купэ, рэзюмэ, рэнамэ, кафэ, галіфэ, кашнэ, кабернэ, фрыкасэ, плісэ, каратэ, дэкальтэ; Струвэ, Мерымэ, Эйвэ, Хасэ, Морзэ, Табідзэ, Брыгвадзэ, Каба-Вердэ, Душанбэ, Сан-Тамэ; але: сальта-мартале, філе, камюніке, піке. Літара э ў запазычаных словах пасля губных зыч­ных, а таксама пасля з, с, н пішацца згодна з літаратурным вымаўленнем. Так, словы капэла, сурвэтка, экзэмпляр, маянэз, тунэль, сэрвіс, інтэрнэт пішуцца з літарай э, а словы медаль, менеджмент, нервы, парламент, перспектыва, газета, сервіз – з літарай е. Вызначыць нюансныя заканамернасці вымаўлення даволі цяжка, асабліва калі гэта датычыць мяккіх і цвёрдых зычных. Адзначым адно: у беларускай мове вымаўленне э ў словах іншамоўнага паходжання дакладна не рэгламентавана. Дарэчы, як і ў рускай. Звяртае на сябе ўвагу толькі тая акалічнасць, што, у параўнанні з рускай, у роднай мове літара э адпавядае і напісанню, і вымаўленню.

У новай рэдакцыі «Правіл» напісанне э ў запазычаннях значна пашыраецца. Напрыклад, на сёння існуе два варыянты: інтэрнэт і інтэрнет, экзэмпляр і экземпляр, тунэль і тунель. Паводле правапісных удакладненняў, перавага, як бачым, аддаецца літары э. Трэ­ба заўважыць, што ў некаторых запазычаных словах ненаціскны спрадвечны [э] перадаецца праз ы: брызент, дрызіна, інжынер, канцылярыя, рысора, цырымонія. Тое ж назіраецца ў беларускіх прозвішчах, утвораных ад імёнаў іншамоўнага паходжання на -эй: Андрыеўскі (ад Андрэй), Кірыеўскі (ад Кірэй). У перадачы акання на пісьме ў правілах было зроблена даволі істотнае ўдакладненне. Яно датычыць ненаціскных -эль, -эр. Своеасаблівым штуршком да выяўлення гэтай праблемы ста­ла моднае на сёння слова камп'ютар (з англ. computer – «вылічальнік»). 3 аператыўным пашырэннем слова, як і з распаўсюджаннем самога камп'ютара, звязваўся арфаграфіч-ны і вымаўленчы разнабой: камп'ютэр – камп'ютар – кампутар. Ужо гаварылася пра тое, што запазычанае слова мае пагрозу быць адаптаваным і падпарадкаваным законам той мовы, у якую яно патрапіла. Асабліва калі яно становіцца высокачастотным ва ўжытку. Мы зрабіліся сведкамі той з'явы, што ненаціскныя фіналі -эль, -эр усё часцей сталі падлягаць аканню. Гэта актыўна адлюстроўвалася ў друку, нават у падручніках, што стала заканамер-ным крокам засваення запазычаных слоў роднай мовай. Адсюль натуральнай выглядае норма ў новай рэдакцыі «Правіл»: ненаціскныя фіналі -эль, -эр у запазычаных словах перада-юцца як -аль, -ар: шніцаль, шпаталь, міталь, форталь, карцар, грэйдар, лідар, камп'ютар, пэйджар, рэйсфедар, эспандар, тэндар, ордар, менеджар, фарватар, альма-матар, кратар, прэсвітар. Выключэнне было зроблена для ўласных імёнаў: ненаціскныя фіналі -эль, -эр ва ўласных імёнах іншамоўнага паходжання перадаюцца нязменна: Ландэр, Одэр, Пітэр, Юпітэр. Думаецца, што і гэтае выключэнне прамежкавае ў поўным пераходзе да канца-вых -аль, -ар ва ўсіх словах і было пакінута па суб'ектыўных меркаваннях.

Зазначу, што новаўвядзенне прывядзе да ўзнікнення поўных амонімаў: катар 'тып судна' і 'насмарк'; статар 'палова унцыі, манета' і 'частка электрарухавіка'. З'явяцца амафоны (словы з аднолькавым гучаннем, але розным значэннем): катар 'тып судна' і Катар (дзяржава ў Азіі), а таксама амографы (словы з аднолькавым напісаннем, але розным значэннем): ліхтар 'тып баржы' і ліхтар 'асвятляльная прылада', педаль 'судовы служка' і педаль (веласіпеда). Але гэта натуральная для мовы справа, і асабліва хвалявацца няма падстаў.
  1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка