Рэкамендацыі па бяспечным выкарыстанні банкаўскіх плацежных картак




Дата канвертавання01.05.2016
Памер145.19 Kb.

РЭКАМЕНДАЦЫІ

ПА БЯСПЕЧНЫМ ВЫКАРЫСТАННІ БАНКАЎСКІХ ПЛАЦЕЖНЫХ КАРТАК



Распрацаваны

Нацыянальным банкам

Рэспублікі Беларусь
Гэты дакумент носіць рэкамендацыйны характар. Узаемаадносіны кліента і банка па аперацыях з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных картак (далей – банкаўская картка) вызначаюцца заключаным паміж імі дагаворам аб выкарыстанні карткі або крэдытным дагаворам. Трымальнік банкаўскай карткі абавязаны самастойна кантраляваць стан свайго банкаўскага рахунку (рахунак па ўліку ўкладаў (дэпазітаў), рахунку па ўліку крэдытаў) (далей – рахунак). Выкананне трымальнікам банкаўскай карткі рэкамендацый дазволіць забяспечыць максімальную захаванасць грашовых сродкаў, банкаўскай карткі, яе рэквізітаў, ПІН-кода і іншых звестак, а таксама зменшыць магчымыя рызыкі пры здзяйсненні аперацый.
1. Агульныя рэкамендацыі

1.1. Пры атрыманні банкаўскай карткі распішыцеся на яе адваротным баку ў спецыяльным полі. Наяўнасць Вашага подпісу на банкаўскай картцы панізіць рызыку выкарыстання яе іншымі асобамі ў выпадку яе страты, крадзяжу. Пры адсутнасці подпісу на банкаўскай картцы або неадпаведнасці подпісу на банкаўскай картцы і дакументах, якія сведчаць асобу, банкаўская картка лічыцца несапраўднай і Вам будзе адмоўлена ў правядзенні аперацыі, што прывядзе да выключэння банкаўскай карткі са звароту. Перапішыце нумар банкаўскай карткі і нумар тэлефона службы кліенцкай падтрымкі банка-эмітэнта. Гэта інфармацыя можа спатрэбіцца Вам для блакіроўкі банкаўскай карткі ў выпадку яе страты або крадзяжу.


1.2. Забяспечвайце ўмовы захавання банкаўскай карткі, якія выключаюць усякую магчымасць яе страты, пашкоджання, капіравання даных, несанкцыянаванага і незаконнага выкарыстання. Не дапускайце механічных пашкоджанняў на банкаўскай картцы, дэфармацыі, забруджвання, уздзеяння высокіх і нізкіх тэмператур, электрамагнітных палёў, прамых сонечных промняў, вільгаці, фарбавальнікаў, растваральнікаў, шкодных хімічных рэчываў і іншых неспрыяльных фактараў, якія могуць прывесці да страты працаздольнасці карткі.

1.3. Не перадавайце банкаўскую картку іншым асобам. Права карыстання банкаўскай карткай мае трымальнік, подпіс якога прастаўлены на яе адваротным баку, а прозвішча, імя  – на пярэднім баку, калі дагаворам аб выкарыстанні карткі і правіламі плацежнай сістэмы не вызначана, што прозвішча, імя трымальніка могуць не ўказвацца. Пры неабходнасці прадастаўлення доступу да рахунку іншым асобам можна звярнуцца ў банк-эмітэнт для афармлення дадатковых банкаўскіх картак да Вашага рахунку.

1.4. Захоўвайце ў тайне ад іншых асоб канфідэнцыяльныя звескі аб Вашай банкаўскай картцы: персанальныя даныя (прозвішча, імя) трымальніка карткі, нумар і тэрмін дзеяння банкаўскай карткі, пазначаны на адваротным баку трохзначны код праверкі сапраўднасці банкаўскай карткі (пры яго наяўнасці), ПІН-код, які неабходна запомніць або ў выпадку, калі гэта з’яўляецца складаным, захоўваць яго асобна ад банкаўскай карткі ў няяўным выглядзе. Ніколі не паведамляйце ПІН-код іншым асобам, у тым ліку родным, знаёмым, работнікам банкаў, арганізацый гандлю (сэрвісу), прадстаўнікам праваахоўных органаў. Не перадавайце ПІН-код ні па тэлефоне, ні па электроннай пошце. Толькі трымальнік банкаўскай карткі павінен ведаць свой ПІН-код.

1.5. Мэтазгодна карыстацца паслугай SMS-інфармавання, у выпадку прадастаўлення банкам-эмітэнтам такой паслугі. Паслуга SMS-інфармавання дазваляе пры дапамозе тэкставага паведамлення на мабільны тэлефон кліента аператыўна інфармаваць кліента аб стане яго рахунку, змяненні астатку па рахунку. Выкарыстанне паслугі SMS-інфармавання дазволіць не толькі неадкладна даведацца аб несанкцыянаванай Вамі аперацыі па рахунку, але і прыняць неабходныя меры ў адпаведнасці з дагаворам аб выкарыстанні карткі (крэдытным дагаворам) для своечасовай блакіроўкі банкаўскай карткі.

1.6. У мэтах інфармацыйнага ўзаемадзеяння з банкам-эмітэнтам банкаўскай карткі мэтазгодна выкарыстоўваць толькі рэквізіты сродкаў сувязі (мабільных і стацыянарных тэлефонаў, факсаў, Інтэрнэт-сайтаў, звычайнай і электроннай пошты), якія ўказаны ў дакументах, атрыманых непасрэдна ў банку-эмітэнце.

1.7. Пасля здзяйснення любых аперацый з выкарыстаннем банкаўскай карткі неабходна захоўваць атрыманыя карт-чэкі (сліпы) для зверкі з выпіскай з рахунку, якую трэба рэгулярна атрымліваць для пацвярджэння здзейсненых аперацый у выпадку ўзнікнення спрэчных сітуацый.

1.8. Пры выяўленні страты (крадзяжу) банкаўскай карткі і (або) яе рэквізітаў, інфармацыі аб ПІН-кодзе або ўзнікнення падазрэнняў, што банкаўская картка і (або) яе рэквізіты, інфармацыя аб ПІН-кодзе маглі быць даступны зламыснікам, а таксама ўзнікнення рызыкі несанкцыянаванага выкарыстання банкаўскай карткі і (або) яе рэквізітаў, ПІН-кода неабходна адразу звярнуцца ў службу кліенцкай падтрымкі банка-эмітэнта і выконваць указанні супрацоўніка банка. Як правіла, згодна з умовамі дагавору, які заключаны паміж трымальнікам банкаўскай карткі і банкам-эмітэнтам, грашовыя сродкі, спісаныя з Вашага рахунку ў выніку несанкцыянаванага выкарыстання Вашай банкаўскай карткі да моманту паведамлення аб гэтым банку-эмітэнту, не пакрываюцца. Для прадухілення несанкцыянаванага выкарыстання банкаўскай карткі неабходна яе заблакіраваць у парадку, вызначаным дагаворам аб выкарыстанні карткі (крэдытным дагаворам).

2. Правядзенне аперацый з выкарыстаннем банкаўскай карткі ў банкаматах і інфакіёсках


2.1. Пры выбары банкамата (інфакіёска), у якім Вы збіраецеся правесці аперацыю з выкарыстаннем банкаўскай карткі, пажадана пазбягаць дрэнна асветленых і бязлюдных месцаў. Ажыццяўляйце аперацыі з выкарыстаннем банкаматаў (інфакіёскаў), якія ўсталяваны ў найбольш бяспечных месцах.

2.2. У выпадку калі паблізу ад банкамата (інфакіёска) знаходзяцца людзі, якія выклікаюць у Вас падазрэнне, варта выбраць іншы час для выкарыстання гэтага праграмна-тэхнічнага прыстасавання або скарыстацца іншым банкаматам (інфакіёскам).

2.3. Пераканайцеся, што выбраны Вамі банкамат (інфакіёск) прымае банкаўскую картку, якая ў Вас маецца. Лагатып на Вашай банкаўскай картцы (VISA, MasterCard, ”БелКарт“ і т.п.) і на экране праграмна-тэхнічнага прыстасавання і (або) на яго корпусе павінны быць аднолькавыя. Калі Вы ўставілі ў банкамат (інфакіёск) банкаўскую картку, якая не абслугоўваецца ў гэтым праграмна-тэхнічным прыстасаванні, банкаўская картка будзе Вам вернута са з’яўленнем інфармацыі на экране адносна немагчымасці здзяйснення аперацыі.

2.4. Перад правядзеннем аперацыі ў банкамаце (інфакіёску) уважліва аглядзіце яго на наяўнасць падазроных прылад, якія размешчаны ў месцы набору ПІН-кода і ў месцы, прызначаным для прыёму банкаўскіх картак. У гэтых месцах не павінна быць прымацаваных пабочных прадметаў (правадоў, мінівідэакамер, накладак на клавіятуру або картапрыёмнік). Калі ў Вас узніклі падазрэнні аб наяўнасці падобных прылад, не карыстайцеся гэтым банкаматам (інфакіёскам) і па магчымасці паведаміце аб падазрэннях у банк, які абслугоўвае гэта прыстасаванне, па тэлефоне, указаным на прыстасаванні.

2.5. Не прымяняйце празмерную фізічную сілу, каб уставіць банкаўскую картку ў банкамат (інфакіёск). Калі банкаўская картка не ўстаўляецца без дадатковых намаганняў, устрымайцеся ад выкарыстання гэтага банкамата (інфакіёска).

2.6. Калі сумненні адносна карэктнай работы банкамата (інфакіёска) узніклі пасля таго, як банкаўская картка змешчана ў картапрыёмнік, не ўводзьце ПІН-код. Націсніце кнопку для адмены аперацыі і забярыце банкаўскую картку.

2.7. Будзьце асабліва асцярожнымі, калі незнаёмыя людзі прапануюць Вам дапамогу ў выкарыстанні банкаўскай карткі ў банкамаце (інфакіёску). У выпадку цяжкасцей, узнікшых пры выкарыстанні банкаўскай карткі, не прыслухоўвайцеся да парад старонніх асоб і карыстайцеся толькі праверанымі нумарамі тэлефонаў банка-эмітэнта, якія ўказаны на банкаўскай картцы або атрыманы Вамі непасрэдна ў гэтым банку.

2.8. Звяртайце ўвагу на людзей, якія стаяць за Вамі ў чарзе ля банкамата (інфакіёска), у выпадку неабходнасці папрасіце іх адысці на адлегласць, з якой яны не змогуць убачыць уведзены Вамі ПІН-код. Пры ўводзе канфідэнцыйнай інфармацыі знаходзьцеся як мага бліжэй да банкамата (інфакіёска), уводзьце ПІН-код сярэднім пальцам рукі (пры гэтым далонь рукі аказваецца раскрытай і зламысніку значна складаней убачыць, якія кнопкі Вы націскаеце), па магчымасці, другой рукой закрывайце клавіятуру чужога погляду.

2.9. Пры выкарыстанні банкаўскай карткі неабходна ўважліва вывучаць інфармацыю, якая выводзіцца на экран банкамата (інфакіёска), і выбіраць дзеянні з прапанаваных варыянтаў у адпаведнасці са сваімі намерамі або строга прытрымлівацца абавязковых указанняў, а таксама правяраць правільнасць уведзеных даных.

2.10. Не дазваляйце нікому адцягваць Вашу ўвагу падчас правядзення транзакцыі, паколькі Вы можаце выпадкова здзейсніць некарэктную аперацыю з выкарыстаннем банкаўскай карткі. Акрамя таго, пры адсутнасці якіх-небудзь дзеянняў з Вашага боку на працягу вызначанага часу для гэтага праграмна-тэхнічнага прыстасавання яно можа забраць Вашу картку і (або) грошы.

2.11. У выпадку, калі банкамат (інфакіёск) працуе некарэктна (напрыклад, доўгі час знаходзіцца ў рэжыме чакання, адвольна перазагружаецца), варта адмовіцца ад выкарыстання такога праграмна-тэхнічнага прыстасавання, адмяніць здзяйсняемую аперацыю, націснуўшы на клавіятуры адпаведную кнопку, і дачакацца вяртання банкаўскай карткі.

2.12. Пры неаднаразовым некарэктным уводзе ПІН-кода банкаўская картка блакіруецца і можа быць не вернута банкаматам (інфакіёскам). Магчымы выпадкі, калі перыяд часу, на працягу якога фіксуецца колькасць некарэктных уводаў ПІН-кода, не лімітаваны. У мэтах прадухілення непрадбачанай канфіскацыі банкаўскай карткі мэтазгодна паведамляць у банк-эмітэнт аб выпадках памылковага ўводу ПІН-кода для абнулення зафіксаваных спроб няправільнага яго ўводу.

2.13. Пасля атрымання наяўных грашовых сродкаў у банкамаце трэба палічыць банкноты палістова, знаходзячыся як мага бліжэй да банкамата, каб не прыцягваць увагу іншых асоб, пераканацца ў тым, што банкаўская картка была вернута банкаматам, дачакацца выдачы карт-чэка (пры яго запыце) і толькі пасля гэтага адыходзіць ад банкамата.

2.14. Паслядоўнасць выдачы наяўных грашовых сродкаў і вяртання банкаўскай карткі ў банкаматах розных банкаў можа адрознівацца. Згодна з рэжымам функцыянавання банкамата гэта праграмна-тэхнічнае прыстасаванне можа спачатку выдаваць банкаўскую картку, а затым запытаную суму грашовых сродкаў. Неабходна ўлічваць гэту спецыфіку работы банкаматаў і не адыходзіць ад банкамата да моманту атрымання карткі, карт-чэка (пры яго запыце) і грошай.

2.15. Калі пры правядзенні аперацый з выкарыстаннем банкаўскай карткі банкамат (інфакіёск) не вяртае банкаўскую картку, трэба патэлефанаваць у банк па тэлефоне, які ўказаны на банкамаце (інфакіёску), растлумачыць абставіны таго, што адбылося, а таксама трэба звярнуцца ў банк-эмітэнт, які выдаў банкаўскую картку, і далей выконваць інструкцыі супрацоўніка гэтага банка.

2.16. Калі пры здзяйсненні аперацыі выдачы наяўных грошай у банкамаце прадугледжана спагнанне дадатковай камісіі банкам, які абслугоўвае гэта прыстасаванне, інфармацыя аб памеры дадатковай камісіі можа быць выведзена на экран банкамата.

2.17. Калі пры правядзенні аперацыі ў банкамаце (інфакіёску) Вам што-небудзь паказалася падазроным, націсніце кнопку для адмены аперацыі і пры першай жа магчымасці праверце ў банку-эмітэнце, што аперацыя была адменена.

2.18. Не пакідайце запытаны Вамі карт-чэк у банкамаце (інфакіёску).


3. Атрыманне наяўных грашовых сродкаў і правядзенняе аперацый безнаяўнай аплаты з выкарыстаннем банкаўскай карткі ў аддзяленні банка

3.1. Усе дзеянні работніка банка з Вашай банкаўскай карткай павінны праходзіць пад Вашым назіраннем. Не дазваляйце работніку банка выходзіць з Вашай банкаўскай карткай у іншае памяшканне.

3.2. Пры атрыманні наяўных грашовых сродкаў або правядзенні безнаяўнай аплаты асаблівую ўвагу звяртайце на адпаведнасць указанай Вамі сумы і сумы, якая ўтрымліваецца ў карт-чэку (сліпе).

3.3. Работнік банка мае права патрабаваць ад Вас прад’яўленне пашпарта для ідэнтыфікацыі трымальніка карткі і афармлення аперацыі.

4. Правядзенне аперацый безнаяўнай аплаты з выкарыстаннем банкаўскай карткі ў арганізацыях гандлю (сэрвісу)
4.1. Выкарыстоўвайце банкаўскія карткі ў арганізацыях гандлю (сэрвісу), якія выклікаюць у Вас давер.

4.2. Пры правядзенні аперацый у рэстаранах, барах, магазінах, аддаючы картку абслуговаму персаналу, не выпускайце яе з поля зроку. Гэта неабходна ў мэтах зніжэння рызыкі неправамернага атрымання Вашых персанальных даных, якія ўказаны на банкаўскай картцы.

4.3. Пры здзяйсненні аперацыі з выкарыстаннем імпрынтара або плацежнага тэрмінала (POS-тэрмінала) касір можа патрабаваць ад Вас увесці ПІН-код або падпісаць карт-чэк у адпаведнасці з патрабаваннямі, вызначанымі правіламі плацежных сістэм, у рамках якіх эмітуюцца банкаўскія карткі, а таксама прадаставіць пашпарт у мэтах высвятлення асобы трымальніка карткі.

4.4. Пры правядзенні аперацыі аплаты ў арганізацыях гандлю (сэрвісу) звяртайце асаблівую ўвагу на дзеянні касіра, калі ён спрабуе правесці Вашу картку праз счытвальнае прыстасаванне абсталявання больш чым адзін раз. Гэта дазволіць прадухіліць правядзенне несанкцыянаваных Вамі аперацый. Абавязкова пацікаўцеся прычынай, па якой касіру неабходна паўторна правесці картку праз счытвальнае прыстасаванне абсталявання. Такой прычынай можа стаць няўдалая спроба злучэння з цэнтрам аўтарызацыі плацежнай сістэмы, а таксама і спроба несанкцыянаванага доступу да персанальных даных. У абодвух выпадках аперацыя не будзе лічыцца завершанай, карт-чэк друкавацца не будзе. Пацвярджэннем завяршэння аперацыі (паспяховай або непаспяховай) з’яўляецца друкаванне карт-чэка з адпаведным запісам (аплата, аперацыя забаронена па прычыне няправільнага ПІН-кода, аперацыя забаронена, таму што не хапае сродкаў на рахунку і г.д.).

4.5. Перад тым як набраць ПІН-код, трэба пераканацца, што людзі, якія знаходзяцца непасрэдна недалёка ад Вас, не змогуць яго ўбачыць.

4.6. Перад тым як падпісаць карт-чэк, пераканайцеся, што сума, валюта, нумар банкаўскай карткі (яго частка), дата аперацыі, тып аперацыі, назва арганізацыі гандлю (сэрвісу) і іншыя звесткі, пазначаныя ў карт-чэку, правільныя.

4.7. У выпадку Вашай адмовы ад пакупкі адразу ж пасля завяршэння аперацыі патрабуйце адмены аперацыі і атрымайце раней аформлены карт-чэк (сліп) разам з карт-чэкам на адмену аперацыі. У выпадку адмовы па якой-небудзь прычыне ад выкарыстання паслуг гасцініцы, пункта праката і т.п., патрабуйце адмены блакіроўкі залогавай сумы.

5. Правядзенне аперацый безнаяўнай аплаты з выкарыстаннем банкаўскай карткі ў сетцы Інтэрнэт


5.1. Не адказвайце на электронныя пісьмы, у якіх ад імя банка або іншых арганізацый, а таксама грамадзян Вас просяць прадаставіць персанальную інфармацыю, у тым ліку рэквізіты Вашай банкаўскай карткі, у мэтах іх абнаўлення або для рэгістрацыі. Паспрабуйце высветліць правамернасць такіх прапаноў. Звяжыцеся з банкам па нумары тэлефона, які атрыманы Вамі непасрэдна ад банка-эмітэнта, каб пераканацца ў сапраўднасці пісьма.

5.2. Для аплаты тавараў у сетцы Інтэрнэт лепш выкарыстоўваць асобную банкаўскую картку (да асобнага рахунку і з абмежаванай сумай грашовых сродкаў на ім), прызначаную толькі для гэтай мэты.

5.3. Пераканайцеся ў правільнасці адрасоў Інтэрнэт-сайтаў, да якіх падключаецеся для здзяйснення пакупкі, паколькі падобныя адрасы могуць выкарыстоўвацца для ажыццяўлення неправамерных дзеянняў. Калі ёсць якія-небудзь падазрэнні адносна Інтэрнэт-старонкі або Вы не жадаеце прадастаўляць персанальныя даныя, то пакіньце старонку, паведаміце аб падазрэннях у банк-эмітэнт, ажыццявіце пакупку ў іншым месцы.

5.4. Для ажыццяўлення пакупак у сетцы Інтэрнэт рэкамендуем выкарыстоўваць Інтэрнэт-сайты вядомых кампаній, якія прымяняюць спецыяльныя праграмныя сродкі для аховы інфармацыі аб банкаўскай картцы.

5.5. Перад здзяйсненнем аперацыі аплаты тавара (паслугі) уважліва прачытайце ўмовы прапанаванага пагаднення, у прыватнасці, усе правілы прадастаўлення паслуг, умовы дастаўкі, вяртання, пакрыцця тавару, а таксама працэдуру адмены заказу. Не здзяйсняйце аплату праз Інтэрнэт-сайты ў выпадку, калі інфармацыя аб умовах аплаты на іх прадастаўлена на незнаёмай Вам мове. У выпадку ўзнікнення спрэчнай сітуацыі з арганізацыяй гандлю (сэрвісу) захоўвайце любыя электронныя дакументы, перапіску па электроннай пошце, якая тычыцца Вашых спроб вырашэння гэтай сітуацыі з арганізацыяй гандлю (сэрвісу). Пры немагчымасці самастойна вырашыць спрэчную сітуацыю звярніцеся ў банк-эмітэнт.

5.6. Ніколі не паведамляйце свой ПІН-код пры заказе тавараў па тэлефоне або поштай і не ўводзьце яго ў форму заказа на сайце гандлёвай кропкі. Пры здзяйсненні аддаленых аперацый увод ПІН-кода ніколі не патрабуецца.

5.7. Калі Вамі было здзейснена браніраванне гасцініцы праз Інтэрнэт-сайт, але па якіх-небудзь прычынах Вы не плануеце скарыстацца ёй, абавязкова правядзіце адмену браніравання праз той жа Інтэрнэт-сайт згодна з указанымі на ім працэдурамі. Атрыманне кліентам кода адмены браніравання атэля з’яўляецца доказам таго, што бронь сапраўды адменена. У іншым выпадку за несвоечасовую адмену броні гасцініца мае права прадставіць да спісання з Вашага рахунку суму грашовых сродкаў у вызначаным ёй памеры.

5.8. Ажыццяўляйце пакупкі толькі са свайго камп’ютара, не карыстайцеся Інтэрнэт-кафэ і іншымі агульнадаступнымі сродкамі, дзе могуць быць устаноўлены праграмы-шпіёны, якія запамінаюць канфідэнцыйныя звесткі, уведзеныя Вамі.

5.9. Устанавіце на свой камп’ютар ліцэнзійнае праграмнае забеспячэнне, у тым ліку антывіруснае, і рэгулярна рабіце яго абнаўленне. Гэта дапаможа абараніць Ваш камп’ютар ад вірусаў і іншых дэструктыўных праграм, а таксама ад несанкцыянаванага доступу да Вашых персанальных звестак.
6. Асаблівасці правядзення аперацый з выкарыстаннем банкаўскай карткі
6.1. Неабходна ўлічваць, што спецыфіка ажыццяўлення аперацый з выкарыстаннем банкаўскай карткі прадугледжвае наяўнасць часовага разрыву паміж момантам здзяйснення аперацыі трымальнікам і адлюстраваннем гэтай аперацыі па рахунку. Працягласць перыяду паміж днём здзяйснення аперацыі і днём адлюстравання аперацыі па рахунку залежыць ад месца ажыццяўлення аперацыі (на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або за мяжой), прыналежнасці тэхнічнай інфраструктуры (банку-эмітэнту банкаўскай карткі або іншаму банку), часу ажыццяўлення аперацыі (начны ці дзённы час, працоўныя ці выхадныя, святочныя дні).

6.2. Варта звяртаць асаблівую ўвагу пры заключэнні дагавору аб выкарыстанні карткі (крэдытнага дагавора) на палажэнні, якія тычацца аперацый канверсіі (куплі-продажу) з выкарыстаннем банкаўскай карткі і абменнага курса, які прамяняецца банкам-эмітэнтам. Калі валюта рахунку не супадае з валютай, у якой здзейснена аперацыя, курс канверсіі (куплі-продажу), які выкарыстоўваецца для адлюстравання аперацыі па рахунку, прымяняецца банкам, які выдаў Вам банкаўскую картку, згодна з дагаворам аб выкарыстанні карткі (крэдытным дагаворам), заключаным паміж Вамі і банкам. Напрыклад, калі гэта прадугледжана дагаворам аб выкарыстанні карткі (крэдытным дагаворам), банк можа прымяніць курс канверсіі (куплі-продажу) не на дату здзяйснення трымальнікам аперацыі з выкарыстаннем банкаўскай карткі, а на дату адлюстравання аперацыі па рахунку.

6.3. Уважліва пазнаёмцеся з памерам камісійнага ўзнагароджання, якое спаганяецца банкам за аперацыі, здзяйсняемыя з выкарыстаннем банкаўскай карткі. Памер камісійнага ўзнагароджання, якое спаганяецца пры правядзенні адной і той жа аперацыі, можа быць розным у банка-эмітэнта і іншых банкаў.

6.4. У залежнасці ад краіны знаходжання і банка пры правядзенні аперацыі з выкарыстаннем банкаўскай карткі ва ўстановах банкаў можа ўтрымлівацца дадатковая камісія, аб памерах якой мэтазгодна пацікавіцца ў работніка банка, які Вас абслугоўвае, перад здзяйсненнем аперацыі.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка