Рэферат па іт у прадметнай галіне: «Выкарыстанне іт у даследаваннях інтэртэкстуальнасці ў крытыцы»




Дата канвертавання29.03.2016
Памер154.45 Kb.

Рэферат па ІТ у прадметнай галіне: «Выкарыстанне ІТ у даследаваннях інтэртэкстуальнасці ў крытыцы»




Аглаўленне рэферата


Рэферат па ІТ у прадметнай галіне: «Выкарыстанне ІТ у даследаваннях інтэртэкстуальнасці ў крытыцы» 1

Аглаўленне рэферата 1

Уводзіны 1

Глава 1. Агляд літаратуры 2

Глава 2. Інтэртэкст і гіпертэкст 5

Глава 3. Апісанне праграм 7

Заключэнне 12

Спіс літаратуры да рэферата 12

Прадметны ўказальнік да рэферата 13




Уводзіны


Выяўленне алюзій, спасылак і цытат у мастацкім тэксце прываблівала крытыкаў задоўга да таго, як ва ўжытак было ўведзена паняцце “інтэртэкстуальнасць”. Інтэртэкстуальнае ўзаемадзеянне асобных тэкстаў ужо больш за тры дзесяцігоддзі з’яўляецца прадметам інтэнсіўнага вывучэння і знаходзіцца ў цэнтры інтарэсаў сучасных лінгвістыкі, культуралогіі, семіялогіі і філасофіі. Якую палёгку б займелі крытыкі, каб у іх на руках пры аналізе чарговага “шэдэўру” была праграма, якая дазволіла б адсачыць усе перайманні, цытаванні, адсылкі да іншых тэкстаў!

Актуальнасць дадзенай работы вызначаецца тым, што даследаванне інтэртэкстуальнасці з дапамогаю ІТ здзяйсняецца ў дачыненні не ўласна мастацкіх тэкстаў, а крытычных тэкстаў на літаратурныя творы. Падобных медыякрытычных даследаванняў у беларускай ЛМК (літаратурна-мастацкай крытыцы) на сёння неверагодна мала. Першая спроба паслядоўнага аналізу дамінантных тэндэнцый развіцця беларускай літаратуры на сучасным этапе, дзе разгляду падлягаюць не толькі мастацкія тэксты, але і крытычныя водгукі на іх – даследаванне Г. Кісліцынай “Новая літаратурная сітуацыя: змена культурнай парадыгмы” (Мн, Логвінаў, 2006) [5], першая ластаўка ў даследаваннях ЛМК з выкарыстаннем ІТ – работа А. Бязлепкінай “Маргінальныя формы беларускай літаратурнай крытыкі ў сеціве” [3]. Актуальнасць таксама абумоўленая зваротам да найноўшых матэрыялаў у вобласці прымянення ІТ у гуманітарных даследаваннях.

Дасюль праграмы кшталту “Антыплагіят”, як і пошукавыя сістэмы ў Інтэрнэце (Google і інш.) дазвалаюць выявіць толькі прамыя перайманні і выпадкі непасрэднага плагіяту, у той час як прыхаваныя цытаты або гульня з вядомымі сюжэтнымі схемамі/персанажамі, якія часта складаюць самы цымус мастацкага твору, застаюцца па-за ўвагай тэхнічных сродкаў апрацоўкі тэксту. Вылучэнне тыповых схемаў і персанажаў займела месца ў работах французскіх структуралістаў (даследаванні казак В. Проппа і А.-Ж. Грэймаса) і было наследавана постструктуралістамі (К. Леві-Стросс, Ю. Крысцева, якая і ўвяла тэрмін “інтэртэкстуальнасць”), аднак ніводзін з даследчыкаў не парупіўся алічбаваць вылучаныя схемы і выкарыстаць іх для стварэння алгарытмаў структурнага аналізу літаратурнага твору.

Сучасная навуковая думка трактуе паняцці інтэртэкста і гіпертэкста як блізкароднасныя, з аднаго шэрагу. Гэта вымагае пільнай увагі даследчыка ЛМК да бытавання гіпертэксту як экспліцытнай формы інтэртэкстуальнасці – формы, створанай выключна з дапамогаю ІТ.

Адсюль мэта дадзенага даследавання – вызначыць, якімі ІТ карыстаюцца (або могуць карыстацца) беларускія крытыкі для выяўлення (ці стварэння) адносін паміж аналізаваным тэкстам і іншымі тэкстамі.

Глава 1. Агляд літаратуры


У часы лічбавай рэфалюцыі і паскоранага пранікнення тэхналогій у самыя інтымныя сферы чалавечага жыцця (адной з якіх, несумненна, з’яўляецца літаратурна-крытычная творчасць) навукоўцы па ўсім свеце задаюцца пытаннямі гуманізацыі тэхнілогій. Мноства канферэнцый, пакліканых адшукаць кропкі судакранання лічбавага асяродку і даследаванняў па гуманітарных ведах, прадстаўляюць багаты матэрыял для асэнсавання.

Так, Інфармацыйны бюлетэнь асацыяцыі “Гісторыя і кампутар” №24 за 1999 г. [4] утрымлівае звесткі пра даклады канферэнцыі "Digital Arts and Culture'98", якія з’яўляюцца цікавымі ў кантэксце дадзенай работы. Даклад Мэта Кіршэнбаўма (універсітэт Вірджыніі, ЗША) цалкам прысвечаны пытанням нетрадыцыйнай інфармацыйнай тэорыі і дадзеных пра некатрыя праекты, якія праводзіліся на той момант у ЗША. Прыкладам, праект “Візуалізацыя мовы і шматслойны аналіз тэксту” тэарэтычнага цэнтру Корнэльскага універсітэта мае на мэце стварэнне такога інструмента, які дазволіў бы даследчыку інтэрактыўна даследаваць структуру і тыпалогію дыскурсіўнай інфармацыі ў вялікіх аб’ёмах тэкста і распрацаваць новыя тэхнікі для чытання і інтэрпрэтацыі тэкстуальнай прасторы. Праект, такім чынам, перастварае структуру тэкста ў інфармацыю.

Праект “Працуючая функцыя” Джона Кейлі (навуковы супрацоўнік цэнтра па даследаванні кампутарных тэхналогій і мастацтва, універсітэт Каліфорніі, Сан-Дыего, ЗША) – гэта практычнае даследаванне асаблівасцяў нелінейнага ўспрыняцця інфармацыі, інтэртэкстуальнасці. Аўтар наглядна паказвае, што тэкст сам па сабе ёсць інструментам і асяродкам постмадэрна – падоўжанасцю, дзе можна змяняць, замяняць не толькі выразы і словы, але і літары ўнутры словаў (як, заўважым, робіцца зараз у так званай “падонкаўскай” мове) і пры гэтым перадаваць той ці іншы эмацыйны стан [7].

Беларускія творцы свядома ці несвядома прыстасоўваюць форму свайго тэксту, які мае быць выкладзеным у сеціва, да невялікай хуткасці тэлекамунікацый на Беларусі, і, адпаведна, яны пазбаўляюцца масы захапляльных магчымасцяў сучасных мультымедыя і ІТ. Заходнія калегі, наадварот, шырока выкарыстоваюць не толькі візуальныя тэкставыя кампаненты, але ж і насычаюць свае творы графічнымі элементамі, гукавым суправаджэннем, карыстаюцца тэхналогіямі VRML, CuSeeMe ды іншымі. Параўнайма сайт штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва” з сайтам газеты “the New Yorker”. Наш сайт большую частку сутак не працуе, бо ў яго ўносяць праўкі; стваральнікамі яго маглі б быць магістранты БДУ (якія толькі што засвоілі палову дапаможніка па HTML); напаўненне сайту складае архіў нумароў у pdf (на сёння там выкладзены адзін нумар – пры тым, што выданне існуе з 20-х гадоў ХХ ст.!), па якім проста немагчыма арганізаваць пошук (неабходны для выяўлення спасылак і праз гэта ўстанаўлення факту наяўнясці інтэртэксту), і “свежы” нумар (які з’яўляецца на тры-чатыры дні пазней за папяровы аналаг).

Сайт “Літаратуры і мастацтва” www.lim.by пасля хвалі крытыкі ў бок распрацоўшчыка і дызайнера быў палепшаны, пазбаўлены памылак-“абдруковак” і займеў наступны выгляд:

Ці трэба казаць, што сайт “Нью-Йоркера” абнаўляецца кожныя 15 хвілін цэлыя суткі, дызайн някідкі і карысны, архіў усіх нумарў выдання з 1925 году можна атрымаць ў зручным для карыстальніка выглядзе – хочаш, пампуеш pdf’іны, ці txt, ці вокладкі ў jpg... Плюс маюцца відэаматэрыялы з прэзентацый кніг/адкрыцця новай кнігарні/інтэрв’ю з вядомым пісьменнікам/ нападзення натоўпа фанатаў Гары Поттэра на прадстаўнікоў WornerBrothers, што затрымлівае выхад гатовай стужкі пра кніжнага героя. Спасылкі на блогі вядучых журналістаў выдання (і іх прэвью) таксама маюцца, а ў іх – раскоша зместу ў гармоніі з афармленнем.

Сайт “The New Yorker” www.newyorker.com:


У ЗША кіруюцца не столькі асабістым жаданнем творцы-крытыка “павыпендрывацца” веданнем ІТ, такі фармат онлайн-выдання – гэта неабходная ўмова прыцягнення аўдыторыі. Наш чытач яшчэ не такі разбэшчаны, як амерыканскі, бо розныя спакусы інтэрнэт-прасторы пакуль дасяжныя толькі для малай часткі насельніцтва, але неўзабаве гэта зменіцца, маем жа нацыянальнаую праграму “Электронная Беларусь”, ажыццявіць якую запланавана да 2010 году, – і тады нашым выданням давядзецца хуценька запісвацца на курсы па ІТ і засвойваць усё тое, што дапамагае інтэрнэт-выданню быць канкурэнтаздольным. Каб пры наведванні сайту карыстальнік адчуваў, што ён унутры крытычнага твору, уключаны ў сюжэтную лінію твора мастацкага, можа пакідаць у ім свой эмацыйны след у выглядзе каментараў. Каб крытыкі або даследчыкі інтэртэкстуальнасці маглі правесці онлайн-пошук і адсачыць, прынамсі, прамыя перайманні.



Глава 2. Інтэртэкст і гіпертэкст

Постструктуралісцкія вызначэнні ідэальнага тэксту – “Кожны тэкст ёсць паміж-тэкст у дачыненні да іншага тэксту” (Р.Барт), “Для суб’екта, які пазнае, інтэртэкстуальнасць – гэта паняцце, што будзе прыкметаю таго спосабу, якім тэкст прачытвае гісторыю і ўпісваецца ў яе” (Ю. Крысцева) – быццам бы прадказвалі з’яўленне паняцця “гіпертэкст”. Тэрміны “гіпертэкст” і “інтэртэкстуальнасць” узніклі амаль адначасова (першы тэрміналагізаваны Т. Нэльсанам і Д. Энгельгартам у 1967 г., другі ўведзены ў навуковы ўжытак Ю. Крысцевай у 1965 годзе). Пад гіпертэкстам разумеюць тэкст, фрагменты якога маюць пэўную сістэму выяўленых сувязяў з іншымі тэкстамі і прапаноўваюць чытачу розныя шляхі прачытання. Такім чынам, кожны тэкст апынаецца ўключаным ва ўсю сістэму створаных да яго або паралельна з ім тэкстаў (што ёсць адным з азначэнняў інтэртэкстуальнасці), набывае візуальнае шматмернае прадстаўленне дзякуючы ІТ і становіцца мультысеквенцыяльным, то бок чытаецца ў любой паслядоўнасці.

Новы тэкст і зыходныя, да якіх дадзеныя адсылкі, могуць існаваць адначасова на экране аднаго і таго ж кампутара. Такое прадстаўленне тэксту ўжо самой сваёй структурай забяспечвае яго дэцэнтрацыю (зноў супадзенне з азначэннем інтэртэксту). Таму цалкам натуральна, што арыентацыя на “гіпертэкстуальную свядомасць” спараджае тэксты, утвораныя па тыпе слоўнікаў, энцыклапедый (прывядзем у прыклад “Крыўскі кішэнны слоўнік” Пятра Васючэнкі), або такіх тэкстаў, будову якіх можна пазначыць як “На ваш выбар” (“Сад тропак, якія разыходзяцца” – назва аповеду Х.-Л. Борхеса, папярэдніка постмадэрнізму). Такая кампазіцыя тэксту прыроўнівае ў пэўнай ступені пісьменніка і чытача, бо, хаця прадстаўленне чытачу тэкстаў і залежыць ад пісьменніка, абранне ці змена фокусу і шляху чытання залежаць ад спажыўца інфармацыі.

Схематычныя прадстаўленні гіпертэксту:





Супастаўляючы інтэртэкст і гіпертэкст, прыходзім да высновы, што кампутарны гіпертэкст як Візуалізацыя, арганізаваная ўнутры тэкста і наглядна прадстаўленая на экране манітора або праектара сістэма спасылак на іншыя тэксты – гэта сродак аб’ектывацыі (і нагляднага прадстаўлення) інтэртэксту.

Глава 3. Апісанне праграм


Надзвычайнае развіццё электронікі пазбавіла журналістаў і пісьменнікаў такіх звыклых дапаможнікаў іх працы, як асадкі і друкарская машынка. Пераход на тэкставыя рэдактары, як MS Word, WordPerfect ці WordPro, дазваляе любому чалавеку ствараць прафесійныя на выгляд артыкулы і нават аздабляць іх графічнымі сродкамі вылучэння тэксту і малюнкамі. Тэхналогіі пакліканыя паскорыць тэмп творчай працы – з чым яны цудоўна спраўляюцца, калі гаворка ідзе пра аналіз і падрыхтоўку да друку мастацкага тэксту: адна справа – марнаваць час на разбіранне аўтарскага рукапіснага тэксту, і зусім іншая – атрымаць тэкст па электроннай пошце, адшукаць памылкі, адправіць аўтару на перагляд, займець назад выпраўлены тэкст і перадаць яго па электроннай жа пошце ў аддзел вёрсткі. Таксама тэкставыя рэдактары аблягчаюць і паскараюць працэс рэдагавання і карэкціроўкі тэкстаў – дзякуючы магчымасці працаваць са стылямі, вышукваць і аўтаматычна выпраўляць тыповыя памылкі. Але ж на саму сутнасць творчай працы ІТ, на жаль ці шчасце, паўплываць не ў стане – прыкладам, у інтэрв’ю часопісу “Маладосць” беларускі пісьменнік Пятро Васючэнка прызнаецца, што як пісаў ад рукі тры старонкі ў дзень, так і сёння больш за тры старонкі на кампутары не набірае.

Праграмы DOS сёння лічацца састарэлымі, але ж некаторыя з іх, створаныя каля 15-ці гадоў таму, дасюль вартыя павагі (у суаднясенні з новымі велізарнымі дадаткамі Windows з мноствам прыстасаванняў). Вельмі важнае для гуманітарыяў патрабаванне, якога прытрымліваецца праграма, гэта WYSIWYG (What You See Is What You Get – што бачыш, тое і атрымаеш). Большасць заданняў у АС Windows (друк, шрыфты экрана і прынтэра, пашырэнне і іншыя сістэмныя параметры) кіруюцца непасрэдна Windows. Гэта вельмі зручна для тых, хто не валодае моваю праграмавання і вымушаны спадзявацца на інтуітыўна зразумелы інтэрфейс у справе наладжвання двухбаковых сувязяў паміж карыстальнікам і машынай.

Сапраўдным начным жахам для расійскіх студэнтаў сталася з’яўленне інтэрнэт-сервісу “Антиплагиат.Ру”, што ўпершыню ў Расіі прапанаваў набор паслуг, якія у сукупнасці рэалізуюць тэхналогію праверкі тэкставых дакументаў на наяўнасць перайманняў з агульнадасяжных сеткавых крыніц.

Пры адпаведнай дапрацоўцы (якая будзе заключацца ў дапасаванні праграмы да функцыянавання ў сітуацыі беларуска-рускага білінгвізму і напаўнення яе тэкстамі беларускай і сусветнай літаратуры) “Антыплагіят” можа быць выкарыстаны ў штодзённай працы беларускіх крытыкаў і даследчыкаў інтэртэкстуальнасці ў ЛМК.

Паводле інфармацыі афіцыйнага сайту [1], функцыянальнае ядро “Антыплагіяту” выкарыстоўвае унікальныя алгарытмы, распрацаваныя расійскімі навукоўцамі, што забяспечае хуткі і эфектыўны пошук перанятых фрагментаў, а таксама гарантуе карэктную апрацоўку рускамоўных тэкстаў. Праграма сведчыць аб плагіяце, калі супадаюць 3 нераспаўсюджаныя паслядоўнасці з n слоў (адрозныя ад літар сімвалы ігнаруюцца).

Стратэгічнай задачай праграмы, на думку яе распрацоўшчыкаў, з’яўляецца павышэнне якасці адукацыі ў тых яе частках, дзе ад навучэнца патрабуецца творчая дзейнасць па напісанні рэфератаў, курсавых і дыпломных работ або іншых матэрыялаў уласнага сачынення (не сакрэт, што часта напісанне падобных тэкстаў адбываецца метадам “Ctrl C – Ctrl V”, шляхам кампіляцыі знойдзеных у Інтэрнэце старонак на адпаведную тэматыку). Пэўны час у асяродку беларускіх крытыкаў трывала пагалоска, быццам бы ўжо існуюць праграмы, якія дазваляюць аўтаматычна ствараць літаратурны твор пэўнага жанру (у асноўным у карыстанні падобнай праграмай падазраваліся вытворцы дэтэктываў і фантастыкі, якія, здавалася, напаўняюць рознымі імёнамі і дэкарацыямі адзін і той жа шаблон, на што скардзяцца і расійскія крытыкі, у прыватнасці Дзмітрый Быкаў [2]).

Прынцып праграмы наступны: тэкст, які падлягае праверцы, дасылаецца на сервер, які папярэдне “з’еў” з дапамогаю распрацоўшчыкаў дзесяткі тысяч тэкстаў (рэфератаў у выпадку “Антыплагіяту”, твораў літаратуры і крытыкі пры даследаваннях інтэртэкстуальнасці ў ЛМК) і “падсілкоўваецца” па пэўных правілах у “Гугла”. Недапушчальным плагіятам лічыцца доля чужога не змененага тэксту на ўзроўні 20-25% (але кожная ВНУ можа паставіць свой парог, прыкладам, у МДУ, дзе праграма праходзіць апрабацыю, ён складае 10%).

Вось як выглядае правераны “Антыплагіятам” тэкст (для прыкладу праверкі праграме быў адпраўлены тэкст уводзінаў дадзенай работы):



У выпадку, калі работа кампіляваная з Інтэрнэту, праграма вылучае перанятыя кавалкі колерам (у найноўшым варыянце праграмы – двума колерамі), паказвае крыніцы пераймання (для прыкладу “скрадзенай” работы карыстаюся з ласкавае дапамогі знаёмых першакурснікаў інстытута журналістыкі, якія атрымліваюць залік па прадмеце “Прыродазнаўства” праз здачу падобных рэфератаў – заўважым, між іншым, што прыведзены тэкст быў ацэнены станоўча, а яе “аўтар” атрымаў залік):

Па прызнанні “аўтара” гэтае работы, арыгінальныя кавалкі – гэта звязкі паміж блокамі тэкстаў з дзвюх інтэрнэтаўскіх крыніц (якія праграма напрыканцы справаздачы прыводзіць, аднак мы і так занялі гэтымі прынтскрынамі замнога месца).

Праграма яшчэ не дасканалая: калі два аўтары напісалі артыкул А, пасля адзін з іх напісаў артыкул Б, а другі – артыкул С, прытым абодва скапіявалі адзін і той жа кавалак артыкула А, то займеем два артыкулы (Б і С) з кавалкам аднаго і таго ж тэксту, які праграма пазначыць, аднак плагіяту тут няма. Няправільна аформленая цытата (а пры стварэнні інтэртэксту цытаты могуць і ўвогуле не пазначацца) таксама будзе трактаваная як недобрасумленнае запазычанне. А вось пераклады “Антыплагіят” не здольны адсачыць (што можа быць вельмі зручна для студэнтаў, якія пішуць па-беларуску), бо, хаця ў рускай, беларускай і, скажам, украінскай мовах літары падобныя, але ж сінтаксіс, а значыць, парадак слоў, мае адрозненні, пры перакладзе найчасцей даводзіцца мяняць усю будову сказа, так што машына не знойдзе супадзенняў, хаця чалавек бы адразу вызначыў факт плагіяту. Яшчэ адна складанасць для тых, хто даследуе інтэртэкстуальнасць – што ў беларускамоўным асяродку дасюль не ўмацаваліся адзіныя правілы набору словаў. Пра гэта смешна гаварыць у наш прасунуты час, але многія нацыянальна заангажаваныя журналісты чамусь не ўсталёўваюць беларускамоўную раскладку клавіятуры (і разам з ёю – праверку правапісання для класічнага і нарматыўнага правапісу з сайту pravapis.org), а набіраюць у рускай раскладцы, праводзячы пасля пошук і замену рускіх «И» ды «Щ», а “Ў” уводзяць уручную па ўсім тэксце. Або набіраюць лацінкай. Гэтая нявызначанасць з наборам прыводзіць, па-першае, да памылак у тэкстах, па-дургое – да ўскладнення жыцця беларускім праграмістам, якія задумалі б стварыць беларускі аналаг “Антыплагіяту” (якім, дарэчы, давядзецца ўлічваць адрозненні паміж “тарашкевіцай” і “наркамаўкай”, каб пазнаваліся як тоесныя такія словы, як “панятак” і “паняцце”, “клясыка” і “класіка”). У той жа момант, праграма ўдасканальваецца, зараз на сайце можна бясплатна спампаваць Antiplagiat ReportViewer 1.0, які дазваляе праглядаць справаздачы аб праверцы дакументаў без выхаду ў Інтэрнэт.

Амерыканскія праграмы кшталту “CheckIt” навучаныя распазнаваць замену літар на аналагічныя з іншых алфавітаў, так што, верагодна, мы з часам здолеем пераняць і гэты вопыт.

Карыснаю для даследчыка стане сістэма “Плагиат-Информ”, распрацаваная расійскай кампаніяй “СофтИнформ” [6]. Сістэма правярае атрыманы тэкст паралельна па дзвюх базах матэрыялаў – па лакальнай базе, дзе могуць захоўвацца здадзеныя матэрыялы і алічбаваныя друкаваныя выданні, і па базе матэрыялаў, сабраных з Інтэрнэту. Інтэрнэт-база абнаўляецца наступным чынам: SearchInform Internet Server адкачвае з сеціва з зададзенай перыядычнасцю пазначаныя карыстальнікам дамены (старонкі) і складуе іх. Парсер вэб-старонак вымае з гэтых старонак толькі інфарматыўны тэкст, не зважаючы на розныя меню, рэкламныя блокі і іншае інфармацыйнае смецце.

Схема абнаўлення баз матэрыялаў у сістэме “Плагиат-Информ”:

У выніку сістэма выдае карыстальніку інфармацыю пра тое, ці ўтрымлівае матэрыял плагіят і які працэнт яго ў змесце. Кампанія, дарэчы, прапаноўвае схему ўкаранення сістэмы з дзвюх прыступак: найперш – аб’яднаць у адну базу ўсе матэрыялы (пэўнага СМІ, адной ВНУ/кампаніі і г.д.), затым – аб’яднаць гэтыя базы паміж сабой (такая агульная база тэкстаў па ўсіх, прыкладам, СМІ літаратурнай тэматыкі была б сапраўды зручная для даследчыкаў інтэртэксту ў ЛМК).

Заўважым яшчэ, што праверка тэксту адбываецца на двух узроўнях: напачатку ўвесь тэкст параўноўваецца з наяўнымі ў базах, а калі працэнт плагіяту апынаецца невысокі, тэкст разбіваецца на абзацы і параўноўваецца з базай тэкстаў, таксама разбітых на абзацы, што дазваляе дакладней вызначыць перайманні з чужых тэкстаў, ідэнтыфікаваць перанятыя абзацы і пабачыць, наколькі яны былі змененыя. З новай версіі, “Плагиат-Информ 1.3”, сістэма падтрымлівае тры ступені глыбіні праверкі: хуткая дазваляе “адсейваць” непрыхаваны плагіят, «Smart»-рэжым дазваляе больш дыхтоўную праверку і выяўляе перайманні нават пры сур’ёзнай рэдактуры тэксту ці кампілятыўнага характару тэксту. Паглыблены пошук дае максімальна дэталізаваную справаздачу пра крыніцы пераймання інфармацыі. А яшчэ ў новай версіі палепшаў інтэрфейс, так што карыстацца ёю стала лягчэй, і быў зменены на лепшае пошукавы алгарытм, што падвысіла хуткасць апрацоўкі тэкстаў.

Падобны праграмны прадукт – “Дэтэктар плагіяту 0.87 Beta” дазваляе выконваць пошук перайманняў у Інтэрнэце, а таксама ў дакументах, размешчаных на цвёрдых дысках і пераносных носьбітах інфармацыі, прытым правяраць можна не толькі адзін дакумент, але ўсе ў пазначанай дырэкторыі. Гэтая сістэма можа быць выкарыстана як для пошуку дакументаў, у якіх прысутнічаюць фрагменты зыходнага (падлеглага праверцы) тэксту, так і для пошуку дакументаў, якія былі выкарыстаныя для стварэння зыходнага тэксту.



Аўтаматызаванае параўнанне дакументаў для выяўлення перанятых фрагментаў тэкставага матэрыялу істотна дапаможа даследчыкам ітэртэксту ў ЛМК. Аднак такі даследчык павінны памятаць, што далёка не кожны выпадак пераймання з’яўляецца сведчаннем інтэртэкстуальнасці, а сама інтэртэкстуальнасць не вычэрпваецца перайманнем тэкставых фрагментаў. Вось каб існавалі праграмы, здольныя адсачыць падобнае разгортванне сюжэтных схем, выявіць тыповыя персанажы, перайманне ідэй, апеляцыі да архетыпаў ці агульнавядомых алюзій, тады можна было б казаць пра больш поўнае даследаванне інтэртэксту. Але, па-першае, для гэтага патрэбныя не праграмы, а штучны інтэлект, а па-другое, інтэртэкстуальны эфект збольшага належыць не пісьменніку і нават не самому тэксту, а чытачу – гэта аперацыя чытацкай свядомасці, якая заключаецца ў прыгадванні таго, аб чым чытач не ведаў, што ён ведае. Так што пакуль кожнаму з нас не ўставяць у галаву мікрачып і не падключаць нас да сусветнага штучнага розуму (а да гэтага, спадзяюся, яшчэ далёка), інтэртэкстуальнасць будзе нязменна выслізгваць з любых спробаў яе канчаткова вывучыць – нават з дапамогаю ІТ.

Заключэнне


Калі мы даследуем літаратуру, то мусім памятаць, шт яна адлюстроўвае жыццё. А ў жыцці прагрэс ніколі не стаіць на месцы, кампутарная тэхніка развіваецца фантастычнымі тэмпамі – і літаратура ўсмоктвае гэтае развіццё, стравуе яго і выдае чытачу ў выглядзе інтэртэксту, або “літаратуры рэха”, якая знаходзіцца ў куды больш шчыльных стасунках з прастораю ІТ, чым многія даследчыкі літаратуры і ЛМК гатовыя прызнаць. Аднак найболей прагрэсіўная частка беларускіх крытыкаў намагаецца засвоіць найноўшыя тэхналогіі і скарыстацца імі ў сваіх даследаваннях літаратуры (часам нават апераджаючы пры гэтым саміх літаратараў). Даследаванні ж інтэртэкстуальнасці, якія становяцца ўсё больш актуальнымі ў той час, як постмадэрнізм, закрануўшы крыху нашыя інтэлектуальныя аблогі, адыходзіць у нябыт і трапляе ў падручнікі па тэорыі літаратуры, патрабуюць далейшага развіцця ІТ і наяўных праграм па выкрыцці плагіяту, якія могуць быць карысныя не толькі выкладчыкам для ацэнкі самастойнасці студэнтаў пры напісанні работ, але і, як мы пастараліся паказаць у гэтым рэфераце, паспрыяюць даследчыкам інтэртэксту пры пошуку перайманняў у мастацкім творы. Удасканаленне праграмнай прадукцыі (кшталту сістэм “Антыплагіят”, “Плагиат-Информ”, “Дэтэктар плагіяту 0.87 Beta”) і адаптацыя яе да беларускіх рэалій адбудуцца тады, калі крытыкі ўцямяць, што тэхналогіі пакліканыя аблегчыць іх працу, ды не здольныя яе замяніць (праглядаць спіс крыніц пераймання і вырашаць, якую ролю гэтыя перайманні граюць у мастацкім тэксце, павінны ўсё ж крытык), перастануць баяцца “бога з машыны” і звернуцца да праграмістаў з канкрэтнымі прапановамі па распрацоўцы кампутарных комплексаў па вызначэнні спосабаў узаемадзеяння новага тэксту з папярэднімі.

Спіс літаратуры да рэферата


1. Антыплагіят [Электронны рэсурс] / Інтэрнэт-сэрвіс. – М., 2007. – Рэжым доступу: http://www.antiplagiat.ru. – Дата доступу: 13.12.2008.

2. Быков, Д. Лекатучая макулатура // Огонёк № 30. – 2007. – С. 42-46.

3. Бязлепкіна, А. Маргінальныя формы беларускай літаратурнай крытыкі ў сеціве / Журналістыка-2008: стан, праблемы і перспектывы: матэрыялы 10-й Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі. – Мн., БДУ. – 2008. – С. 463-465.

4. Гісторыя і кампутар [Электронны рэсурс] / Інфармацыйны бюлетэнь асацыяцыі “Гісторыя і кампутар”. – М., 1999. – Рэжым доступу: http://kleio.asu.ru/aik/bullet/24/17.html. – Дата доступу: 18.12.2008.

5. Кісліцына, Г. Новая літаратурная сітуацыя: змена культурнай парадыгмы. – Мн., Логвінаў. – 2006. – 207 с.

6. СофтИнформ [Электронный ресурс] / Компания СофтИнформ, технологии поиска, хранения и обработки информации. – М., 1995. – Режим доступа: http://www.searchinform.ru/main/full-text-search-plagiarism-search-plagiatinform.html. – Дата доступа: 16.12.2008

7. Digital Arts and Culture Conference [Электронны рэсурс] / Каардынацыя канферэнцыі. – Bergen, Norway, 2000. – Рэжым доступу: http://cmc.uib.no/dac. – Дата доступу: 05.11.2008.


Прадметны ўказальнік да рэферата


А

Антыплагіят 1, 7, 8, 9, 12

В

Візуалізацыя 2, 6



г

гіпертэкст 2, 5, 6

Д

Дэтэктар плагіяту 0.87 Beta 11, 12



і

інтэртэкст 2, 3, 6

інтэртэкстуальнасць 1, 5, 9, 11

І

ІТ 1, 2, 4, 5, 7, 11, 12



к

крытыкі 1, 2, 3, 5, 8, 12

п

перайманні 1, 5, 11, 12



П

Плагиат-Информ 10, 12

п

постмадэрн 2



т

тэкставыя рэдактары 7




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка