Рэчыўны свет чарадзейнай казкі як сістэма




Дата канвертавання29.05.2016
Памер64.62 Kb.

Шамякіна Славяна




РЭЧЫЎНЫ СВЕТ ЧАРАДЗЕЙНАЙ КАЗКІ ЯК СІСТЭМА

Даследчыкі-фалькларысты яшчэ з ХVIII ст. шмат увагі надавалі вывучэнню чарадзейнай казкі. Але для большасці з іх быў характэрны бессістэмны падыход да вывучэння казкі. Адзінкі казачнай структуры, вобразнасці і г.д. даследаваліся як этычныя адзінкі, безадносна адна ад другой (гэта тычыцца, напрыклад, падыходу, пры якім асноўнай адзінкай даследавання казкі абвяшчаўся матыў). Адным з нямногіх, хто займаўся вывучэннем казкі як сістэмы, яе эмічных адзінак, быў У.Я.Проп. Неабходна працягваць сістэмнае даследаванне чарадзейнай казкі. У дадзенай працы мы абралі ў якасці прадмета даследавання рэчыўны свет чарадзейнай казкі. Мы паспрабуем паказаць, што ён складае сістэму і некаторыя асаблівасці, якімі вызначаецца гэтая сістэма.

Перш за ўсё трэба адзначыць, што ў працэсе даследавання казкі і яе параўнання з мастацкай літаратурай, мы прыйшлі да высновы: рэчыўны свет чарадзейнай казкі складае сістэму, у той час як рэчыўны свет мастацкай літаратуры ў цэлым і кожнага твору паасобку такой сістэмы, як у казцы, не ўтварае. Гэтае сцвярджэнне грунтуецца на наступных палажэннях:


  1. а. У народнай чарадзейнай казцы прысутнічаюць, як правіла, толькі магічныя рэчы.

б. У мастацкай літаратуры прысутнічаюць не толькі магічныя рэчы, але і звычайныя, ці толькі звычайныя.

У творах прыгожага пісьменства прысутнічае шмат рэчаў: упамінанне разнастайных рэчаў, апісанне іх, уключэнне ў сюжэт – звычайная з’ява для літаратуры. “Мастацтва выяўляе свет у яго фізічных, канкрэтна-прадметных формах, мастак – сузіральнік рэчаў, носьбіт рэчыўных інтэнцый часу, здольны да іх увасаблення. Ступень прывязанасці да рэчыўнага свету розная – у прозе і паэзіі, у літаратуры розных эпох, у пісьменнікаў разнастайных напрамкаў, але ўласна рэчыўнасць у літаратуры знішчыць нельга”[2, 253]. Але ў большасці літаратурных напрамкаў і жанраў гэта звычайныя, немагічныя рэчы. Нават у літаратурнай казцы і фэнтезі, дзе важную ролю адыгрываюць магічныя рэчы, заўсёды прысутнічаюць таксама і рэчы звычайныя.

Зусім іншая карціна назіраецца ў народных чарадзейных казках. Тут дзейнічаюць толькі магічныя рэчы. Сустракаюцца адзінкавыя выпадкі ўпамінання рэчаў, якія не выконваюць ніякіх магічных функцый, але яны настолькі рэдкія, што іх можна лічыць выключэннем, дапаўненнем, унесеным у казкі захавальнікамі і апавядальнікамі казак нядаўніх часоў. Такія выпадкі, па-сутнасці, з’яўляюцца парушэннямі законаў жанру, таму што не звязаны з абавязковымі элементамі структуры сюжэта (а таму выпадаюць з сістэмы казкі!) і надаюць свету казкі канкрэтнасць і індывідуалізаванасць (чаго ў народнай чарадзейнай казцы быць не павінна). Названая вышэй акалічнасць – наяўнасць у народных чарадзейных казках толькі магічных прадметаў – з’яўляецца важнай асаблівасцю, якая адрознівае рэчыўны свет казкі ад рэчыўнага свету мастацкай літаратуры, і надае яму сістэмнасць.

2. а. Усе магічныя рэчы адносяцца да адной сферы дзейнасці ці сістэмы ведаў – магіі.

б. Звычайныя прадметы нельга ўсе разам аднесці да якой-небудзь адной сферы дзейнасці ці сістэмы ведаў.

У выніку атрымліваецца, што ўсе прадметы пэўнага твора мастацкай літаратуры, а тым больш усе прадметы ўсёй мастацкай літаратуры ў цэлым, нельга аднесці да адной сферы дзейнасці, а значыць скласці ў сістэму. У той час як усе прадметы ўсіх чарадзейных казак можна аднесці да адной сферы дзейнасці ці сістэмы ведаў – магіі, а значыць, іх магчыма разглядаць як адзіную сістэму. Такім чынам, рэчыўны свет чарадзейнай казкі складае больш строгую і правільную сістэму, чым рэчыўны свет мастацкай літаратуры.

Пра сістэмнасць рэчыўнага свету чарадзейнай казкі і арыгінальнасць гэтай сістэмы можа сведчыць і наступная акалічнасць. Для фальклору ў цэлым і для чарадзейнай казкі, у тым ліку, характэрны сімвалізм. Тут выкарыстоўваюцца вобразы-сімвалы, паняцці і дзеянні, якія маюць пэўны сімвалічны сэнс. Некаторыя даследчыкі гавораць пра сімвалічны код розных жанраў фальклору, у тым ліку, і чарадзейнай казкі. У чарадзейнай казцы могуць быць зашыфраваны ў пераасэнсаваным згодна з казачным светаўспрыманнем выглядзе розныя рэальныя працэсы, з’явы і веды людзей пра іх. Пры стварэнні класіфікацыі магічных рэчаў па функцыях мы звярнулі ўвагу на своеасаблівы глабальны характар гэтых функцый. Дзеянні магічных рэчаў тычацца такіх катэгорый, што з’яўляюцца асновай працэсаў, якімі вызначаецца існаванне чалавека і Сусвету. Атрымліваецца, што функцыі магічных прадметаў як сістэмы з’яўляюцца сімвалічным адлюстраваннем галоўных працэсаў у жыцці чалавека і існаванні свету. Напрыклад, крэатыўная і дэструктыўная функцыі адлюстроўваюць, можна сказаць, галоўныя працэсы ў Сусвеце – працэс стварэння і працэс разбурэння. Функцыя трансфігурацыі тычыцца ўсіх змен, якія могуць адбывацца з фізічным станам чалавека: наданне маладосці і старасці, надзяленне хваробай і вылечванне ад хвароб і г.д.

У мастацкай літаратуры (асабліва ў літаратурных казках і фэнтезі) таксама сустракаюцца рэчы з тымі ж функцыямі, што і ў народных казках. Але акрамя гэтых функцый, у літаратуры ў рэчаў прысутнічаюць функцыі, якіх няма ў казках. Звернем увагу на тое, што гэтыя дадатковыя функцыі з’яўляюцца або больш вузкімі, у параўнанні з казачнымі (не звязанымі з вызначальнымі працэсамі ў свеце і жыцці чалавека), або, так бы мовіць, фантастычнамі, не звязанымі з рэальнымі працэсамі, якія падцверджаны навукай як магчымыя і ажыццявімыя насамрэч (напрыклад, функцыя ўсеўладдзя, функцыя тэлепартацыі).

Сістэмнасць рэчыўнага свету чарадзейнай казкі праяўляецца не толькі на змястоўным узроўні, але і на фармальным – з боку мовы казкі. Мы лічым, што мова чарадзейнай казкі мае шмат асаблівасцей, якія адрозніваюць яе ад усіх іншых сфер выкарыстання мовы. Мы назвалі гэтую з’яву “унутрыказачнай моўнай прасторай”. І ў гэтай унутрыказачнай моўнай прасторы назвы магічных рэчаў складаюць пэўную сістэму, таму што ўсе дадзеныя лексемы ўваходзяць у адну лексіка-семантычную групу з агульным значэннем “магічная рэч”. Гэтае агульнае значэнне можна прыкладна сфармуляваць наступным чынам: магічная рэч – гэта рэч, якая выконвае магічныя функцыі і з’яўляецца састаўным элементам сюжэтнай мадэлі чарадзейных казак.

У кантэксце мовы чарадзейных казак сістэму назваў магічных рэчаў можна з вялікай доляй упэўненасці назваць тэрміналагічнай сістэмай. Сапраўды, у рэчышчы казачнай моўнай прасторы канкрэтныя назоўнікі – назвы магічных рэчаў – вельмі нагадваюць тэрміны. Успомнім, што для іх характэрна. Паводле ТСБЛМ: “Тэрмін – слова або словазлучэнне, якое дакладна абазначае пэўнае паняцце якой-небудзь спецыяльнай галіны навукі, тэхнікі, мастацтва і пад.” [4, 673]. Даследчыкі адзначаюць, што “сярод мноства існуючых азначэнняў тэрміна асноўнае месца займаюць тыя, якія адзначаюць яго суаднесенасць са строгай дэфініцыяй і кваліфікуюць тэрмін як знак спецыяльнага паняцця” [3, 343]. Тэрмінам, такім чынам, уласціва неэмацыянальнасць, дакладнасць, адназначнасць, наяўнасць строга вызначанай дэфініцыі і інш. Хоць існуюць і мнагазначныя тэрміны. Тэрміналогія ж – гэта “сістэма тэрмінаў пэўнай галіны навукі, тэхнікі або мастацтва, якая адлюстроўвае пэўную сістэму паняццяў” [3, 343].

Разгледзім назвы магічных рэчаў у адпаведнасці з усім сказаным вышэй. Усе казачныя назвы адносяцца да адной сферы дзейнасці – магіі (якую можна лічыць ці навукай, ці мастацтвам). Яны даюць канкрэтнае найменне, абазначэнне пэўных магічных з’яў, ім можна даць дакладнае навуковае азначэнне (чым мы, у прыватнасці, і займаліся ў згаданай папярэдняй рабоце). Вялікая частка назваў магічных рэчаў – адназначныя паняцці, але існуюць і мнагазначныя (аб чым будзем гаварыць далей). І нарэшце: некаму можа падацца, што назвы магічных рэчаў нясуць на сабе эмацыянальнае адценне. Гэта не так, бо, як піша даследчык Я. Дрозд, “героя казкі ніякае чараўніцтва не бянтэжыць, не здзіўляе і не ўражвае. Ён успрымае ўсе гэтыя дываны-самалёты і абрусы-самабранкі цалкам стрымана, не выказваючы ніякіх пачуццяў, як нешта належнае” [1, 158]. Такім чынам, у прасторы чарадзейнай казкі назоўнікі са значэннем магічных рэчаў з’яўляюцца неэмацыянальнымі, дакладнымі, сістэматызаванымі тэрміналагічнымі найменнямі магічных “рэалій” (калі можна так сказаць). Прывесці іх у сістэму, класіфікаваць магчыма па некалькіх параметрах – асабіста мы вылучаем генетычную, прадметна-тэматычную, функцыянальную, вербальна-магічную і іншыя класіфікацыі. Выснова: назвы магічных рэчаў складаюць пэўную сістэму, а значыць, тэрміналогію.

Для доказу параўнаем таксама азначэнні слоў-тэрмінаў (што абазначаюць пэўныя матэрыяльныя прадметы) з ТСБЛМ і азначэнні магічных рэчаў. Тэрміны: “Гектограф – прасцейшы капіравальны прыбор для атрымання адбіткаў з рукапіснага або машынапіснага тэксту” [4, 148]; “Дэтэктар – устройства для пераўтварэння хістанняў высокай частаты ў хістанні нізкай частаты, якія ўспрымаюцца слыхам” [4, 195]; “Бензазапраўшчык – аўтацыстэрна, абсталяваная для запраўкі аўтамашын, самалётаў, танкаў” [4, 86]. Назоўнікі са значэннем магічнай рэчы: пузырок – рэч з магічнымі функцыямі, звычайна іржавая, спецыяльна прыстасаваная для таго, каб захоўваць ваду, што ажыўляе памерлых; вірмяк-ненавідзец – рэч, якая валодае магічнай здольнасцю рабіць нябачным таго, хто яе надзене; хустачка – рэч, якая валодае магічнай здольнасцю неабмежаваную колькасць разоў рабіць старога чалавека маладым і наадварот, – калі ўціраць твар то адным яе канцом, то другім; сякерка – магічная прылада працы, з дапамогай якой можна зрабіць любую пабудову.



З многіх вышэй адзначаных тэзісаў можна зрабіць вывад, што чарадзейная казка ўяўляе сабой больш шчыльна аб’яднаную сістэму, чым мастацкая літаратура! Як мы бачылі, усе рэчы казак адносяцца да адной сферы дзейнасці, лексемы, якія з’яўляюцца назвамі магічных рэчаў магчыма разглядаць як адзіную тэрміналагічную сістэму і г.д. На гэтай падставе можна адзначыць, што сістэмны падыход да аналізу і вывучэння народных чарадзейных казак з’яўляецца асабліва важным.

ЛІТАРАТУРА





  1. Дрозд Е. Фэнтези: пробуждение спящих богов //Всемирная литература. - №11. – 1997.

  2. Историческая поэтика. Итоги и перспективы изучения: Сборник. – М.: Наука, 1986.

  3. Плотнікаў Б.А., Антанюк Л.А. Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум. – Мн.: Інтэрпрэссервіс, Кніжны дом, 2003.

  4. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: Больш за 65 слоў/ Пад рэд. М.Р.Судніка, М.Н.Крыўко. – Мн.: БелЭн, 1996.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка