Развіццё творчых здольнасцей вучняў на ўроках беларускай




старонка1/2
Дата канвертавання12.05.2016
Памер0.62 Mb.
  1   2



Аддзел адукацыі Калінкавіцкага райвыканкама

Дзяржаўная ўстанова адукацыі

"Хаміцкі навучальна - педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа"

Развіццё творчых здольнасцей

вучняў на ўроках беларускай

мовы і літаратуры


вопыту работы настаўніцы

беларускай мовы і літаратуры

Кужэлкі Алены Рыгораўны


Хамічы,2011


Кужэлка

Алена

Рыгораўна
Адукацыя: вышэйшая

Мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Н.К.Крупскай



Год заканчэння: 1994

Спецыяльнасць: настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Педагагічны стаж: 24 гады

Стаж работы ў якасці настаўніка беларускай мовы і літаратуры: 16 год




Месца работы: Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Хаміцкі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа”

Катэгорыя: вышэйшая

Год прысваення катэгорыі: 2010

Курсы павышэння кваліфікацыі:

1. Гомель. Праблемныя курсы “Выкладанне беларускай мовы і літаратуры ў кантэксце сусветнай”, 1999 г.

2. Мазыр. Базавыя курсы настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, 2005г.

3.Гомель. Курсы па падрыхтоўцы настаўнікаў да здачы вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, 2009 г.



Узнагароды:

  • Падзяка аддзела адукацыі Калінкавіцкага раёна, 2007г.

  • Грамата аддзела адукацыі Калінкавіцкага райвыканкама, 2008г.

  • Грамата аддзела адукацыі Калінкавіцкага райвыканкама, 2008г.

Змест
Уводзіны------------------------------------- 5

Тэарэтычная частка---------------------- 7

Практычная частка---------------------- 12

Заключная частка------------------------22

Спіс выкарыстанай літаратуры----- 23

Дадаткі

Анатацыя

перадавога вопыту

Кужэлка Алена Рыгораўна
Дзяржаўная ўстанова адукацыі" Хаміцкі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа".
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Першая кваліфікацыйная катэгорыя

Адрас: Гомельская вобласць Калінкавіцкі раён п/аХамічы-1 в. Чырвоная Слабодка д.61

Тэма:

  • Развіццё творчых здольнасцей вучняў на ўроках беларускай мовы і літаратуры.


Мэта:

  • Творчы падыход да фарміравання структуры ўрока, рацыянальнае спалучэнне разнастайных відаў, форм і метадаў.


Задачы:

  1. Павышэнне педагагічнага майстэрства ў ходзе абагульнення вопыту.

  1. Фарміраванне і развіццё ў вучняў станоўчых матываў навучальна-пазнавальнай дзейнасці.

  2. Стварэнне ўмоў для змянення функцыі настаўніка і вучня ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі.


Вывучаны работы па методыцы навучання ў школе, публікацыі ў часопісах "Беларуская мова і літаратура", "Роднае слова", пытанні прымянення творчых метадаў навучання, выкарыстання на ўроках гульневых тэхналогій.

У якасці дыягностыкі выкарыстаны дыяграмы, якія адлюстроўваюць выніковасць работы настаўніка.

Улічваліся наступныя крытэрыі ацэнкі эфектыўнасці вопыту:

  1. адпаведнасць зместу;

  2. вынікі навучання;

  3. сістэма работы настаўніка па павышэнні якасці ведаў вучняў;




Этапы работы па гадах:

2003-2004г.г.- вывучэнне літаратуры па выбранай тэме; 2004-2005г.г.- планаванне работы для апісання вопыту; 2005-2006г.г. - збор і апрацоўка матэрыялаў;

2007-2009г.г. – аналіз і абагульненне матэрыялу, накопленага па тэме; 2009г. - афармленне абагульненага вопыту.


Важна не тое, што ствараюць дзеці, а важна тое, што яны гэта робяць, ствараюць, практыкуюцца ў творчым уяўленні і яго ўвасабленні.

Л.С.Выгоцкі.

Уводзіны


На сучасным этапе развіцця інфармацыйнага грамадства ўзнікла неабходнасць творча падыходзіць да выкладання беларускай мовы і літаратуры. Час патрабуе зацікавіць дзяцей, сфарміраваць іх моўную культуру. У школе ж вучань фарміруецца ва ўсіх відах дзейнасці. А галоўнай арганізацыйнай формай, у якой гэта дзейнасць рэалізуецца, з’яўляецца ўрок. Менавіта на ўроку праходзіць большая частка школьнага жыцця дзіцяці. І ад таго, як гэта жыццё будзе арганізавана, залежыць поспех навучання і выхавання.

Кожны настаўнік ставіць перад сабой задачу: як вучыць, як павысіць эфектыўнасць сучаснага ўрока. Аднак даваць веды- нялёгкая задача. Але цяжэй дапамагчы вучням дасягнуць такога ўзроўню разумення жыцця, выпрацаваць такую патрабавальнасць да творчага развіцця асобы, каб яны духоўна падняліся над побытавым узроўнем, адчулі сябе творчай, актыўнай і патрэбнай часцінкай у грамадстве. На сучасным этапе надзвычай важна выхоўваць пачуццё нацыянальнай годнасці, якое непарыўна звязана з павагай да роднай мовы і культуры, таму ўрокі беларускай мовы і літаратуры вельмі каштоўныя.

Сёння выкладанне беларускай мовы і літаратуры ва ўмовах білінгвізму выклікае пэўныя цяжкасці. Настаўнік – філолаг для вучняў – адзіны ўзор жывой мовы, бо дома большасць вучняў маюць іншае моўнае асяроддзе. Таму надзвычай важна, каб моўная асоба настаўніка адпавядала самым высокім стандартам. З гэтага вынікае, што настаўніку неабходна значную ўвагу ўдзяляць самаадукацыі, пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку, імкнуцца да самаўдасканалення.

Мне, настаўніку роднай мовы і літаратуры, не дае спакою пытанне: якім павінен быць урок, каб мае вучні кожны раз адкрывалі для сябе нешта новае, глыбей пазнавалі жыццё, каб не былі пасіўнымі сузіральнікамі падзей, а ішлі па жыцці з жаданнем змяніць яго ў лепшы бок. Будаўніком новай явы можа быць толькі чалавек–творца – ў гэтым мы перакананы, дзеля гэтага вучым, выхоўваем, жывём.

Акадэмік М.А.Лазарук адзначаў: “ Навучанне мове і літаратуры ўключае ў сябе і працэс вывучэння і штосьці звыш таго. Гэтае ”звыш таго” – творчасць. Яна заўсёды прадугледжвае высокае напружанне і засяроджанасць, яднанне ўсіх духоўных сіл чалавека - думкі, эмоцыі, фантазіі, волі”.

Але з настаўніцкага вопыту вядома, што нельга навучыць школьніка, калі ён раўнадушны, абыякавы, не бачыць патрэбы ў набыцці ведаў, а галоўны клопат настаўніка ў такім выпадку – пошук эфектыўных шляхоў падачы матэрыялу.

Методыку выкладання мовы і літаратуры ў школе вывучыць на ўсё жыццё нельга: яна ўвесь час у няспынным руху, у ёй пастаянныя змены, розныя погляды на адно і тое ж пытанне, нават процілеглыя.

Відаць не памылюся, калі скажу, што практычная методыка – гэта заўсёды творчасць. Поспех у выкладанні мовы і літаратуры, глыбокія і якасныя веды ў вучняў будуць толькі тады, калі настаўнік думае, шукае, разважае, супастаўляе.

Шукаць шляхі павышэння эфектыўнасці ўрока, абуджаць дапытлівасць вучня, павышаць яго цікавасць да вучэбнага матэрыялу – вось у чым бачу сваю задачу.

Тэарэтычная частка
Пытанне аб творчым патэнцыяле асобы заўсёды выступала як найважнейшае на тых рубяжах гісторыі, калі ўзнікала патрэба глыбокіх перамен у жыцці, у развіцці грамадства. I натуральна: жыццё патрабуе ад кожнага шукаць і знаходзіць новыя спосабы рэалізацыі сябе як чалавека, грамадзяніна, працаўніка. Творчы пачатак, практычна дзейны падыход, натуральна, вельмі актуалізуецца і ў падрыхтоўцы новых пакаленняў да жыцця. Найважнейшымі накірункамі ў выхаваўчай рабоце школы з’яўляюцца: фарміраванне светапогляду, патрыятычнае, працоўнае, эстэтычнае выхаванне навучэнцаў, і яны могуць быць па-сапраўднаму плённымі, калі будзе рэалізоўвацца менавіта творчы падыход да навучальнай і выхаваўчай работы. Толькі гэтым шляхам можа быць забяспечана інтэнсіфікацыя навучальна-выхаваўчага працэсу, інтэлектуальнага, духоўнага станаўлення і сталення будучых грамадзян краіны.

Але тут ёсць залежнасць і адваротнага парадку. Сам творчы падыход да жыцця, да працы, да вучобы ў чалавеку можа быць сфарміраваны, калі ёсць дастаткова высокія перадумовы , або, прасцей кажучы , калі чалавек настроены на сур’ёзную працу, пранікся ўсведамленнем неабходнасці такой працы. Не прабудзіўшы ў чалавеку жадання і імкнення аддавацца справе, нельга ўключыць яго ў працэс творчасці. І наадварот, не ўключыўшы яго ў практычна - дзейныя формы навучальнай работы, нельга дабіцца належнага выніку ў фарміраванні патрэбных якасцей асобы. Спалучэнне гэтых дзвюх умоў - бадай, самая цяжкая і складаная для вырашэння задача педагогікі.

І гэту складанасць задачы, дыялектычны яе характар абавязкова трэба мець на ўвазе пры размове аб паляпшэнні

дзейнасці школы. Як гэта зрабіць? З аднаго боку, несумненна, абапіраючыся на ўжо здабытае, на той вопыт навучання і выхавання моладзі, які набыты школай. З другога боку – пошук новых шляхоў і магчымасцей.

Вельмі непакоіць тое, што сярод значнай часткі моладзі пашырыліся ўстрыманцкія настроі, кепскі густ, вузкасць духоўных інтарэсаў, слабае валоданне культурнай спадчынай. Няхай гэта акалічнасць і не вызначае агульнай ацэнкі вынікаў работы школы, але недаацэньваць яе нельга. Патрэбна шукаць новыя сродкі і спосабы павышэння эфектыўнасці работы.

Такіх сродкаў і спосабаў шмат, аднак несумненна, што адным з самых важных з’яўляецца выхаванне ў чалавеку творчай настроенасці, адказных адносін да працы, да жыцця.

Творчыя адносіны да жыцця забяспечваюць не толькі найвялікшую аддачу ад працы, але, што вельмі важна, яны ж і “засцерагаюць” чалавека ад бяздзейнасці, расслабленасці. Творчая скіраванасць рашуча супрацьстаіць такім з’явам, як грамадская пасіўнасць, безыніцыятыўнасць, абыякавасць ў дачыненні да жыцця, неарганізаванасць у працы.

Сёння, як сцвярджаюць філосафы, пытанне аб развіцці творчых здольнасцей непасрэдных ўдзельнікаў вытворчага працэсу, перамяшчэнні “цэнтра цяжару” чалавечай дзейнасці з выканальніцкіх функцый на творчы стала галоўным. Гэта, вядома, не павінна схіляць да недаацэнкі выканальніцкіх функцый. Апошнія таксама важныя ў кожнай працы: дзе няма прафесійнай культуры выканання, няма ўсведамлення абавязковасці і важнасці выканаўчай дзейнасці, не можа быць не толькі творчай арганізацыі справы, але і ўвогуле ніякай справы. Размова ідзе пра неабходнасць вылучыць творчы аспект на першы план як адну з самых неабходных умоў, самых важных задач у працэсе фарміравання асобы.

Такі вывад пацвярджае і абмеркаванне пытанняў школьнага выкладання самых розных прадметаў, школьнай дыдактыкі ў цэлым у нашай прэсе. Калі паспрабаваць вылучыць галоўнае, вядучаю думку выступленняў настаўнікаў, метадыстаў, вучоных, пісьменнікаў, тую канцэптуальную ідэю, якую яны прапануюць як найважнейшую для таго, каб адбыліся істотныя, карэнныя змены да лепшага ў навучальна-выхаваўчай рабоце школы, дык гэта будзе ідэя навучальна-выхаваўчага працэсу як працэсу творчага, неабходнасць самага шырокага ўкаранення творчага падыходу, творчых метадаў у гэты працэс.

Такое адзінства ў думках удзельнікаў абмеркавання праблем школы, такая занепакоенасць сучасным станам падрыхтоўкі моладзі і пошукі выхаду ў актывізацыі творчых метадаў, вядома, не выпадковыя.

З увядзеннм усеагульнай сярэдняй адукацыі да той масы вучняў, якія былі настроены на вучобу, далучылася частка вучняў без настроенасці, слабейшая частка. Вось тут і ўзмацніліся негатыўныя тэндэнцыі: класы ў цэлым сталі слабейшымі, павышаць эфектыўнасць работы шляхам актывізацыі творчых спосабаў у набыцці ведаў стала немагчыма. У гэтай сітуацыі актывізаваліся метады “пасіўнага” навучання, сутнасць заключалася ў формуле: запомні і перакажы.

Бяда навучання пераважна рэпрадуктыўнымі метадамі заключалася ў тым, што яны зарыентаваныя галоўным чынам на слабую частку вучняў і па сутнасці выключаюць з актыўнай працы ў класе вучняў моцных, цікаўных, настроеных творча.

Між тым ”сакрэт” вырашэння якраз у адваротным. Менавіта актыўнымі, творчымі метадамі толькі і можна вырашаць гэту вельмі складаную задачу – паспяхова вучыць усіх, вядома, пры індывідуальным, дыферэнцыраваным падыходзе да кожнага.

Творчая праца вучняў павінна ўкараняцца як мага шырэй у розных накірунках і ў малодшых, і ў cярэдніх класах, у тым ліку і перш за ўсё ва ўспрыманні літаратурных твораў. Глыбока прадумаць, сфарміраваць мову і маўленне, адчуць значэнне таго ці іншага вобраза, мастацкага прыёму, сродку мастацкай выразнасці ў тэксце твора вучань найбольш паспяхова зможа ў працэсе творчай працы. Тут магчымы самыя розныя тыпы заданняў: прыдумаць (ці выбраць з двух-трох прыведзеных настаўнікам) прапушчаныя ў мастацкім урыўку эпітэты, метафары, параўнанні, намаляваць слоўны партрэт героя, маючы на ўвазе пэўныя рысы яго характару, скласці невялікі верш у зададзеным рытме ці дапісаць некалькі радкоў практыкаванняў, заданняў, накіраваных на развіццё такіх чытацкіх якасцей, як назіральнасць і развітае ўзнаўляльнае ўяўленне, пачуццё паэтычнага слова, здольнасць да суперажывання, уменне спасцігаць абагульняючы сэнс слоўна-мастацкіх вобразаў, ацэньваць прачытаныя мастацкія творы з пэўных эстэтычных пазіцый. Няма патрэбы тлумачыць, што такая работа будзе ўводзіць вучняў ў таямніцы творчасці, будзе спрыяць развіццю чытацкай цікавасці, усвядомленаму ўспрыманню мовы і літаратуры.

Форм такіх, ужо выпрацаваных практыкай настаўнікаў-мастроў, шмат. Яны не аднолькавыя на розных ступенях навучання. Іх выбар, як і выбар канкрэтных прыёмаў, метадаў, залежыць ад узроставых магчымасцей вучняў, ад многіх акалічнасцей, канкрэтных умоў кожнага ўрока.

Ёсць сярод іх метады і прыёмы, уласцівыя навучальнай працы па любым прадмеце. Напрыклад, праблемнае навучанне, якое актывізуе самастойнасць вучняў у набыванні ведаў, актывізуе іх творчае мысленне. Гэты прынцып дае настаўніку шырокія магчымасці для фарміравання ідэйных, эстэтычных, маральных і іншых поглядаў і перакананняў, для актывізацыі самастойнасці вучняў, абуджэння асабістай і калектыўнай зацікаўленасці тымі пытаннямі, якія ставяцца ў творах літаратуры.

Акрамя такіх агульнадыдактычных, ёсць і спецыфічныя, уласцівыя менавіта мове і літаратуры формы і спосабы. Гэта розныя практычныя заданні, якімі дасягаецца развіццё здольнасцей імправізацыі, мыслення вобразамі, пачуццё гармоніі, рытму.

У правядзенні ўрокаў мовы і літаратуры асабліва важна пазбягаць стэрэатыпу, аднастайнасці. Такія заняткі надакучаюць вучням, а нярэдка і прыгнятаюць іх не толькі шматразовым ”паўтарэннем” аднаго матэрыялу, але і перш за ўсё сваёй метадычнай манатоннасцю.

Аднак якая можа быць размова пра творчасць, пра творчы падыход да справы, калі няма асновы, няма належнага запасу ведаў, у тым ліку і атрыманых рэпрадуктыўным метадам? Творчая дзейнасць, кожная, у якой бы сферы яна не адбывалася, не рэалізуецца без узнаўленчай, рэпрадуктыўнай дзейнасці, у кожным творчым працэсе ёсць і нятворчыя элементы: запамінанне, узнаўленне вядомага, паўтарэнне таго, што ўжо рабілася, было зроблена. I з другога боку, творчая дзейнасць не абавязкова ў кожным выпадку мае мэтай дасягненне нейкага зусім новага прадметнага выніку. Дзейнасць бывае творчай тады, калі дасягаецца ўжо вядомы вынік, але дасягаецца новымі сродкамі і шляхамі. Апошняе асабліва шырока якраз і наглядаецца ў працэсе навучання.

Цяжкасць у вытлумачэннні і разуменні пытанняў аб творчай дзейнасці ў дачыненні да вучобы школьнікаў заключаецца ў тым, што характар працы вучняў выяўляецца больш у працэсе, чым у рэальным, прадметна-адчувальным выніку. Якая, маўляў, творчасць там, дзе патрабуецца засваенне выкладзенага матэрыялу ў падручніку ці ўспрыманне прачытанага мастацкага твора? Аднак, несумненна, гэта засваенне, успрыманне можа адбывацца па-рознаму, што залежыць не толькі ад здольнасцей, але і ад адносін вучня да канкрэтнага матэрыялу і да школьнага прадмета ўвогуле, ад меры яго інтэлектуальнай актыўнасці і самастойнасці. I тое, што апошнюю якасць можна абудзіць, выклікаць спосабамі педагагічнай працы, пацвярджае рэальная практыка школы лепшых настаўнікаў.

Але звернемся да літаратурнага навучання ў школе, пытання, якое ў дачыненні да закранутай праблемы мае асаблівую цікавасць.Скажу адразу, складанасць - у самой спецыфіцы літаратуры як навучальнага прадмета. Літаратура ў школе - гэта не аснова навук, як большасць прадметаў, гэта прадмет, дзе галоўнае - само "прыгожае пісьменства", а не літаратуразнаўства.

Навуковыя звесткі аб літаратуры і мове адыгрываюць важную, але ўсё ж дапаможную ролю. Складанасць спецыфікі прадмета дапаўняецца мнагасастаўнасцю мэт і задач вывучэння мовы і літаратуры ў школе. Для таго, каб гэтыя мэты паспяхова рэалізаваліся, вельмі важна забяспечыць вырашэнне наступных задач. Па-першае, у выніку школьнага навучання павінны быць сфарміраваны зацікаўленыя, актыўныя адносіны вучня да прадмета мовы і літаратуры, патрэба ў чытаннні, пастаянным кантакце з прадметам літаратуры, што звычайна называюць выхаваннем чытача, але, удакладню, не проста чытача, не бяздумнага спажыўца духоўных каштоўнасцей, а эстэтычна і ў мастацкіх адносінах пісьменнага, разборлівага, падрыхтаванага да пастаяннага, бясконцага самавыхавання і самаадукацыі з дапамогай мовы і літаратуры.

Другая, вельмі важная задача, яна ж і мэта навучання і выхавання - гэта развіццё здольнасцей і ўменняў, і перш за ўсё здольнасці самавыяўляць сябе як асобу сродкамі мовы і літаратуры. Маецца на ўвазе не толькі валоданне мовай, але і ўменне мысліць нешаблонна, гаварыць і пісаць выразна, нават з выкарыстаннем вобразна-эстэтычных уласцівасцей слова.

Дасягненне гэтых мэт у іх арганічным спалучэнні і павінна актыўна садзейнічаць фарміраванню духоўна - багатай , рознабакова развітай асобы, чалавека высокай інтэлектуальнай і эмацыянальнай культуры.



Практычная частка
Улічваючы стан адукацыі ў пераходны перыяд на адзінаццацігадовае навучанне, матэрыяльнае забеспячэнне большасці агульнаадукацыйных устаноў, а таксама змест і патрабаванні сучасных праграм па прадметах, наяўнасць тэхнічных сродкаў навучання і дыдактычнага матэрыялу ў кабінеце настаўніка, пераканана, што і ўрок беларускай мовы і літаратуры яшчэ доўгія гады будзе традыцыйным – класічным, камбінаванай будовы. Сённяшнія дыскуіі аб тым , як палепшыць выкладанне мовы і літаратуры ў школе, як зрабіць гэтыя прадметы больш дзейснымі ў працэсе падрыхтоўкі маладога пакалення да жыцця і самастойнай працы, заканчваюцца звычайна вывадам, што ў школе вучні павінны асвойваць самую мову і літаратуру, а не навуку аб ёй, не мовазнаўства і літаратуразнаўства.

А хто з настаўнікаў не імкнецца правесці ўрок роднай мовы цікава і запамінальна, каб вучні былі ад яго ў захапленні, а сам настаўнік пакідаў клас з пачуццём выкананага абавязку? Гэта не заўсёды ўдаецца зрабіць па розных прычынах. Трэба прызнаць той факт, дзесяцібальная сістэма ацэнкі ведаў дала магчымасць вучню перайсці з класа ў клас з нізкімі баламі, а гэта значыць, і з нізкім узроўнем інтэлекту. Таму лічу, што сёння любы ўрок павінен пачынацца з фарміравання ў школьнікаў матывацыі да навучання. Надзейным сродкам актывізацыі пазнаваўчай дзейнасці вучняў, развіцця іх інтарэсу да вывучэння роднай мовы з’яўляюцца займальныя матэрыялы, якія спецыяльна распрацаваныя да адпаведных тэм. Яны дэталёва і даходліва раскрываюць моўныя з’явы, іншы раз уступаюць супярэчнасць з тым, што вядома школьнікам, і таму дапамагаюць лепш зразумець сутнасць гэтых з’яў.

" Калі нечаканыя займальныя прыёмы ствараюцъ сітуацыю, якая ўражвае, прымушае імгненна зразумець сутнасць ведаў, трывала замацаваць у эмацыянальнай памяці дадзены факт, дадзеную падзею, - адзначае вядомы псіхолаг Г.І.Шчукіна,- значыць займальнасць служыць абагачэнню сапраўднага, устойлівага інтарэсу да прадмета мовы".Разам з тым займальны матэрыял з’яўляецца сродкам развіцця лагічнага мыслення вучняў, іх творчых здольнасцей. Змешчаны ў такіх выданнях займальны матэрыял дапамагае мне творча падыходзіць да ўрокаў мовы. Ёсць вялізная колькасць урокаў, дзе проста абавязкова трэба прымяніць нешта займальнае. Да такіх тэм, напрыклад, я адношу стварэнне тэкстаў на аснове неразвітых сказаў, складанне сказаў са звароткамі. Напрыклад:” Дзень добры, дзеці!”, “Дзень добры, дарагія дзеці!” Адразу задаю пытанне:"Што агульнае ў сказах і ў чым розніца?" Вучні 5 класа, ведаючы тэму ўрока, адразу называюць зваротак, расказваюць аб знаках прыпынку ў сказах са звароткамі, успамінаюць, што зваротак не з’яўляецца членам сказа. Аднак яны яшчэ не могуць зразумець, у чым розніца паміж "..дзеці.." і "...дарагія дзеці...". Гэта і зразумела, бо яны не ведаюць яшчэ аб развітым зваротку, аднак складаць тэксты патрэбна ўжо зараз, праяўляючы свае творчыя здольнасці. Пагэтаму я знаёмлю вучняў з тэрмінам “развіты зваротак”. З тэмай “Складаны сказ” вучні 5 класа знаёміліся яшчэ ў пачатковых класах, аднак яны яшчэ “блытаюцца” ў распазнаванні сказаў з аднароднымі членамі, складаных сказаў, сказаў з аднароднымі дзейнікамі і выказнікамі. Пішу на дошцы сказы.

Сёння пайшоў снег.

У гародчыку цвітуць вяргіні, гладыёлусы, цюльпаны.

На свята прыйшлі дарослыя і дзеці.

Завіруха кружыла і засыпала ўсё наваколле.

Пасля абмеркавання запісаных на дошцы сказаў, даю вучням выканаць некалькі тэставых заданняў.

Да вывучэння тэмы «Фанетыка» падыходжу асабліва сур’ёзна. Гэта тэма складаная і важная, і дзеці ужо вывучалі гукі і літары. Праводжу гульні:

1. ”Лепшы знаўца алфавіта”. Вучні запісваюць або расказваюць алфавіт, а потым правяраюць адзін аднаго.

2. “ У якіх словах сто зычных” .

3.“Самы здагадлівы”:

На дошцы словы: дзень (3/5), дождж (4/5),суддзя (4/6), пісьмо (5/6). Дзеці ведаюць, што тэма ўрока “Фанетыка”, значыць гэта заданне звязана непасрэдна з ёй. Трохі падумаўшы, пачынаюць называць колькасць літар і гукаў у вышэйназваных словах.

Я лічу, што прымяненнем гульневых элементаў не трэба злоўжываць, каб вучні адчувалі, што ўрок гэта не заўсёды гульня, але і праца над практыкаваннямі.

Яшчэ вельмі любяць вучні рубрыку “Ці ведаеце вы, што...”. Тут я паведамляю або пішу аб тым, чаго няма ў школьных падручніках і што ўсё ж варта ўзяць дзецям у свой вучнёўскі багаж. Напрыклад:

У беларускай мове - 45 гукаў (32 літары).

У армянскай-30 гукаў.

У лакскай (Дагестан)-41 гук.

У саамскай- 53 гукі.

Умаарыйскай-10 гукаў.

У гавайскай- 7 зычных гукаў.

Пры вывучэнні тэм на правапіс галосных прымяняю элементы гульні, але ўжо з канкрэтным веданнем правіла. Дэвіз урока будзе такім: “ Не ведаеш правіла - заданне не выканаеш!” Напрыклад, падабраць па некалькі форм слова з адным і тым жа коранем, каб галосныя о, э пераходзілі ў а. Словы для працы:



голас, колас, ноч, салоўка, шчэбет , цэлы, роўны, поўны, тоўсты.

Вельмі важным лічу ў сваей рабоце прымяненне тэстаў. Яны - вынік працы на ўроках мовы. Аднак не загружаю тэстамі, а паступова, з тлумачэннем правільных і няправільных варыянтаў, даводжу да вучняў тое, што “ўгадваннем” тут не дапаможаш. Не гавару вучням адразу правільны варыянт, калі яны сутыкаюцца з цяжкасцямі, а прапаную знайсці адказ на пытанне праз правілы і выключэнні з правілаў. Вельмі важным лічу зварот вучняў да падручнікаў беларускай мовы з папярэдніх класаў. Абавязкова звяртаю ўвагу дзяцей на некаторыя асаблівасці беларускай мовы. Інфармацыя аб гэтым змешчана ў дапаможніках для школьнікаў. Пры вывучэнні тэмы “Прыназоўнік” прапаную вучням прачытаць правіла ў дапаможніку і выканаць тэсты:

Знайдзіце памылку ў словазлучэннях.

1.ажаніцца на Мар’і;

2.хварэць сэрцам;

3.пайсці па грыбы;

4.пайсці па ваду;

5.пайсці ў суніцы;

Вучні нядрэнна справіліся з тэстам і былі здзіўлены таму, як ужываюцца некаторыя прыназоўнікі ў у роднай мове. Здаецца, няма нічога складанага : ведаць правіла, умець знаходзіць у сказе прыназоўнік, аднак патрэбна запомніць што ў беларускай мове існуюць традыцыйныя напісанні : ажаніцца з ёю, хварэць на сэрца, пайсці ў грыбы, ягады.

Разгледзеўшы методыку Рывіна і Дзьячэнкі аб рабоце ў групах і парах, узяла для вучняў толькі некаторыя яе элементы:



  1. Работа ў групах.

  2. Індывідуальная работа.

У старэйшых класах прымяняю элементы гульні “Што? Дзе? Калі?". Вучні бяруць канверты з зaдaннямi, абмяркоўваюць іх разам, а адказвае той, хто выбраў гэтае заданне. Вынік наступны: амаль кожны вучань прыняў удзел у рабоце і праверыў, што ён добра ведае, а што яшчэ трэба падвучыць.

Дзеці, якім пашчасціла змалку, са школы сустрэць настаўнікаў і выхавацеляў, чуйных да хараства слова, праз усё жыццё пранясуць душэўнае святло, чысціню пачуццяў, якія якраз і робяць чалавека чалавекам. На кожным уроку ўдзяляю ўвагу культуры мовы, яе набыткам. Тэксты і сказы падбіраю на такія тэмы :” Прыгажосць роднага краю”, “Беларусь сінявокая”, “ Знакамітыя людзі маёй вёскі”, “ Поры года”. 3 гэтай мэтай набыла ў кабінет пейзажы “ Поры года”. Вучні з задавальненнем “падарожнічаюць” па пейзажах, складаюць сачыненні – апісанні і проста сказы.

Прачытаўшы вучням артыкул аб экалогіі мовы, я прапанавала ім правесці невялікую даследчую работу ў межах школы пад назвай “Словы – паразіты ў маўленні школьнікаў”.

За справу ўзяліся найбольш актыўныя і зацікаўленыя вучні. А калі яны агучылі свае даследаванні, то многія былі ўражаны: наша мова літаральна “засмечана” такімі словамі . Не буду агучваць усё, што зачыталі даследчыкі, аднак найбольш ужывальнымі “словамі” ў нашых школьнікаў былі : “ як бы”, “ну”, “гэтае самае”, “клёва” і многа другіх, падобных. Вывады зрабілі самі дзеці: каб наша мова была чыстай, прыгожай, трэба сачыць за тым як і што мы гаворым.

Сёння нашым дзецям і нам вельмі многа даюць сродкі масавай інфармацыі, асабліва тэлевізар. Вельмі цяжка назваць сучасную папулярную беларускамоўную перадачу. На жаль, паціху мова зноў сыходзіць з экранаў нацыянальнага тэлебачання і акрамя “ Тэлебарометра” нешта нічога і прыгадваецца.Таму сёння, нягледзячы на прыярытэт тэлебачання, на маю думку, трэба, каб традыцыйна гучаў маналог настаўніка ў час тлумачэння лінгвістычнай тэмы або аповеду па біяграфіі пісьменніка, а ў працэсе аналізу чуліся з вуснаў вучняў урыўкі тэкстаў з вывучаемага мастацкага твора. А яшчэ хачу сказаць аб тым, што дзеці як чысты ліст паперы. Я гавару аб тым, што вельмі ўжо многа расказваюць і паказваюць сродкі масавай інфармацыі нядобрага, а калі дадаць яшчэ тое, што дзіця выхоўваецца ў асацыяльнай сям’і, дзе пра чытанне кніг нават і размовы не вядзецца - то вынік не прымусіць сябе доўга чакаць. Я маю на ўвазе негатыўнае ўздзеянне сродкаў на моладзь. Адсюль у нас пакінутыя дзеці, п’янства, прастытуцыя, гвалтаванні, грабяжы, забойствы. Як тут быць настаўніку літаратуры, з чаго пачаць? Як зрабіць так, каб вучань замест дэтэктыва выбраў патрэбную кнігу? А прачытаўшы гэту кнігу, узяў бы нешта для жыцця, задумаўся б над нечым. У старэйшых класах вельмі цікава праходзяць такія ўрокі: ўрок-суд над Гарлахвацкім, Самсонам Самасуем і ўрок-маналог доктара Яраша аб несправядлівых адносінах Гукана да герояў-падпольшчыкаў. А адна вучаніца нават прызналася ў сваім сачыненні, што яна жадала б сабе ў будучым такога мужа, як Яраш.

Я не навязваю сваю думку дзецям, а проста падводжу іх да праблемы і правільнага адказу, аднак сучасныя дзеці могуць трактаваць гэта па-свойму, на свой манер. Пры вывучэнні рамана І.Мележа “Людзі на балоце” я прапанавала вучням паразважаць. Юнакам – “Ці вінаваты Васіль у разрыве з Ганнай?”, дзяўчатам – “Чаму ў Ганны не ўдалося сямейнае жыццё з Яўхімам?”. Амаль усе адказы былі прымальныя: вінаваты і Васіль, і Ганна, а адзін адказ асабліва ўразіў. Цытую: “Ганна магла б свой гонар крыху і прыхаваць. Яна зусім не хітрая: жыве ў такім багацці, яшчэ і сварыцца з Яўхімам, не ўмее знайсці агульную мову са свякроўкай”. Вось пагэтаму настаўнік літаратуры, як ніхто з прадметнікаў, абавязаны правільна выхоўваць маладое пакаленне праз творы, характары герояў, іх учынкі, подзвігі.

Усе творы літаратуры падабраны з улікам узроставьгх асаблівасцей вучняў. У 5 класе добры падручнік, але гадзін літаратуры толькі 68 на год. Тут галоўнае не разгубіцца, дабіцца трывалых ведаў, сапраўднай зацікаўленасці творамі, а галоўнае, каб нешта добрае засталося ў душах пяцікласнікаў. Да правядзення ўрокаў літаратуры ў сярэднім звяне падыходжу так, каб максімальна наблізіць вучняў да разумення таго, што літаратура цесна звязана з жыццём.

Некаторыя творы вялікія па памерах для 5 класа. I я, каб не збянтэжыць вучняў аб’ёмам твора, выкарыстоўваю міжпрадметныя сувязі. Напрыклад, урывак з паэмы М.Танка" Нарач". Вучням вельмі цяжка запомніць надоўга нешта з гэтай паэмы, калі яе толькі прачытаць. Але я вырашыла зрабіць так. Прынесла на ўрок літаратуры карту Беларусі. Вучні знайшлі на карце возера Нарач, я паведаміла ім аб памерах возера, дзе яно знаходзіцца. А дадому задала наступныя заданні па ўзроўнях:

1.Перачытаць паэму.

2.Намаляваць возера Нарач.

3.Падрыхтаваць інфармацыю аб Нарачы з інтэрнэта.

4.Падзяліцца сваімі ўражаннямі аб прачытаным.

З дамашнімі заданнямі дзеці справіліся цудоўна: на наступным уроку ў нас былі малюнкі, выразнае чытанне, аналіз асобных раздзелаў, карта нарачанскіх азёр і поўная інфармацыя аб біялагічным і заалагічным свеце возера. Я лічу, што дзеці цяпер будуць мець уяўленне аб возеры i з пункту гледжання літаратуры i геаграфіі.

Многа радасці i захаплення прыносяць дзецям урокі, якія расказваюць аб прыродзе. На такія ўpoкi літаратуры прыношу вучням слухаць дыскі з зaпicaмі класічнай музыкі заходнееўрапейскіх i рускіх кампазітараў. Так, замест звычайнага чытання, абмеркавання верша М. Багдановіча “Зіма” , я спачатку прапанавала вучням дэталёва разгледзець рэпрадукцыю ”Зіма”, паслухаць музыку А.Вівальдзі з цыкла “Поры года” “Зіма”, а потым перачытаць і прааналізаваць верш. Такім чынам вучні паглыбілі веды па музыцы ( урокаў музыкі ўжо няма ў cярэднім звяне ), жывапісе, літаратуры, убачылі сувязь i розніцу паміж гэтымі відамі мастацтва.

Вельмі ўражвае вучняў казка У.Караткевіча “Нямоглы бацька”. Хай гэта i казка, але дзеці павінны зразумець, што падобнае ёсць і можа быць ў жыцці. Зыходзячы з надзённасці гэтай тэмы, вельмі важна завастраць увагу на падобных праблемах, бо пакінутых бацькоў - як і пакінутых дзяцей - у нас не становіцца меней. У сувязі з гэтым я правяла ўрок-асэнсаванне “Насіце на руках бацькоў...”. Вучні аналізавалі паводзіны і ўчынкі герояў, асуджалі i ўхвалялі, вучыліся бачыць розніцу паміж дабром i злом, слухалі вершы, сумную статыстыку аб колькасці пакінутых старых. У канцы ўрока зрабілі вывад: як ты шануеш бацькоў, так будуць шанаваць цябе і твае дзеці. Дадому вучням прапаную наступнае заданне:

1. Падрыхтаваць вершы, сугучныя тэме ўрока.

2. Выразна чытаць казку.

3. Праінсцэніраваць эпізоды, якія найбольш уразілі.

На ўроках літаратуры ствараю сітуацыю поспеху і ўпэўненасці для кожнага вучня, г.зн. даю магчымасць выказацца ўсім. З гэтай мэтай на кожны ўрок літаратуры вучні, акрамя абавязковага задання, рыхтуюць вершы, загадкі або прыказкі з прачытаннем іх на памяць ці выразна каля дошкі. Такім чынам у дзяцей фарміруюцца навыкі выразнага чытання, уменне трымацца перад аўдыторыяй, што ў далейшым дапамагае ім адчуваць сябе ўпэўнена, свабодна і правільна чытаць. Гэта ж яшчэ і выратаванне для тых, хто дрэнна падрыхтаваўся да ўрока.

Вялікую ўвагу ўдзяляю мастацкім дэталям у тэксце, гэтым прывучаю вучня быць максімальна ўважлівым. Возьмем ўрывак з паэмы Я. Коласа «Новая зямля». Твор адносна вялікі для вучняў 5 класа. Аднак я паспрабавала падысці да гэтага крыху інакш:

1.Паглядзіце на зімовы пейзаж за акном i зрабіце параўнанне з прыродай, якая апісана ў паэме.

2.Параўнайце нашу рэчку з той, на якой катаўся Костусь.

3.Раскажыце аб вашых уражаннях ад катання на лёдзе.

Вельмі важна i вобразнае ўяўленне вучняў на ўроку: прашу ix уявіць сабе мароз як чалавека i апісаць яго. Правяраю i назіральнасць вучняў:

1.Што нагадваюць сабой крышталікі інею?

2.Адкуль бярэцца іней з пункту гледжання фізікі? Даведайцеся аб гэтым ў настаўніка фізікі і на наступным уроку раскажыце ўсім.

У залежнасці ад узросту, гатоўнасці і падрыхтаванасці да ўспрымання матэрыялу найбольшую ўвагу ўдзяляю на ўроках літаратуры гістарычным фактам. Пачынаючы з 7-8 класа я звязваю біяграфіі пісьменнікаў, паэтаў i ix творы са з’явамі ў гicтoрыi. Не раблю анатамічнага даследавання з біяграфій. Вучням будзе вельмі цікава даведацца, што І. Шамякін сябраваў з А.Макаёнкам і ў сваёй кнізе “Пошукі прытулку” прызнаваўся, што некаторыя рысы характару і звычкі аднаго героя з рамана “Атланты і карыятыды” “пазычыў” у характары А.Макаёнка. А яшчэ А.Макаёнак аднойчы прылятаў на верталёце ў нашу вёску з Я.Еўтушэнкам на радзіму дзеда Еўтушэнкі. Я лічу, што такія факты надоўга застануцца ў памяці вучняў.

Аднак дзеці растуць i ix кругагляд па лiтapaтypы павінен пашырацца. На пэўных уроках даю вучням заданні даследчага характару. Так, пасля вывучэння верша “Жураўлі на Палессе ляцяць”, я даю такое заданне:

1. Даведайцеся ў настаўніка біялогіі або прачытайце ў Чырвонай кнізе ў якія краіны адлятаюць на зіму пералётныя птушкі Беларусі.

2. Якую адлегласць ад Беларусі пралятаюць нашы птушкі?

3. Прачытайце верш сваім бацькам і запішыце іх уражанні ад верша.

4. Вывучце верш на памяць.

5. Падбярыце прыказкі да гэтага верша.



Дзеці, правёўшы ўсю гэту работу, былi здзіўлены, што шпак, напрыклад, адлятае на зіму ў Канаду, бусел - у Афрыку. На карце свету вучні паказалі краіны, куды адлятаюць птушкі. Бацькі запэўнілі дзяцей: лепей чым дома, нідзе няма. Аднак галоўнае не ў гэтым, а ў тым, што птушкі заўсёды вяртаюцца на радзіму. Даследчая работа вучняў і гэта песня таксама цесна перапляталіся з апавяданнем Я.Коласа “Хмарка” і з яго казкай “Крыніца”.

Я ўвесь час нагадваю вучням, што нельга забываць гісторыю. Вялікую ўвагу заўсёды ўдзяляю гістарычным творам . Пры вывучэнні аповесці У.Караткевіча “Паром на бурнай рацэ”, паведамляю вучням аб тым, што далёкі родзіч пісьменніка быў удзельнікам паўстання 1864 года. Але без ведання гісторыі паўстання наўрад ці вучні 8 класа зразумеюць усю глыбіню і трагізм тых далёкіх падзей, пагэтаму я праводжу ўрок – лекцыю, у час якой знаёмлю вучняў з асобай К.Каліноўскага, з мэтамі паўстанцаў і адначасова зачытваю некаторыя ўрыўкі з аповесці. У далейшым, пры аналізе аповесці, вучням лёгка будзе разабрацца ў паводзінах і ўчынках герояў.

Багацейшы матэрыял пазнання нацыянальнай культуры нашых продкаў, іх звычаяў абрадаў, традыцый дае нам вывучэнне нарыса У Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі”. Гэты твор з’яўляецца энцыклапедыяй пра Беларусь, яе гісторыю, прыроду, жыццё і побыт людзей, культурныя традыцыі народа. На такіх уроках я арганізоўваю міні-экскурсію ў школьны музейны куток “Спадчына”. Вучням дэманструюцца ручнікі, абрусы, адзежа, абутак нашых продкаў. У якасці дамашняга задання задаю наступнае:

1.На выбар намалюйце музейныя рэчы.

2. Знайдзіце рэцэпт прыгатавання любой стравы, якая апісана ў нарысе.

Цудоўным выхаваўчым матэрыялам пра пераемнасць пакаленняў, пра захаванне радаводных каранёў і пра памяць сваіх продкаў служаць матэрыялы з раздзела “Мой род. Родная зямля. Народ”. Я засяроджваю ўвагу вучняў на тым, што памяць пра сваіх продкаў - патрэба кожнага чалавека. Вучні складаюць радаводнае дрэва, расказваюць пра сямейныя традыцыі, пішуць невялікія нарысы пра сваіх продкаў, знаёмяць з гісторыяй аднаго сямейнага фотаздымка. Дзеці з задавальненнем прымаюць удзел у такіх уроках, развіваючы свой духоўны патэнцыял.

Пры прымяненні інтэрактыўных тэхналогій настаўнік выступае не як лектар, а, хутчэй, каардынатар, арганізатар працэсу. Тым не менш нельга ўспрымаць гэту тэхналогію як панацэю, як рашэнне ўсіх праблем, што ўзнікаюць пры вывучэнні літаратуры. Пры выкарыстанні гэтых метадаў цяжка спрагназаваць канчатковы вынік працы, ды і шумавы эфект на ўроку не заўсёды адназначна ўспрымаецца збоку. Гэта методыка прадуктыўная толькі тады, калі ў вучняў ужо склалася пэўная сітэма ведаў, ёсць належная інтэлектуальная база. Прывяду канкрэтную сітуацыю, дзе магчыма выкарыстанне метаду анкета “5 з 25”.

Пры вывучэнні аповесці В.Быкава “Знак бяды” трэба разгледзець пытанне «Рысы нацыянальнага характару ў вобразах галоўных герояў “. Я рыхтую пералік з 25 якасцей, рыс беларускага характару:

Цярплівасць, упартасць, маральная трываласць , сціпласць і г.д. Тлумачу , што вучні павінны выбраць тыя рысы нацыянальнага характару, якія адпавядаюць вобразам герояў. А зрабіць правільна гэта можа толькі той, хто ўважліва прачытаў твор, прааналізаваў яго і ўмее абгрунтаваць свой выбар .



Інтэрактыўныя метады маюць шмат падобнага з гульнёй і ў гэтым бачыцца станоўчы бок, таму што ў гульні чалавек рэалізуе сябе найбольш поўна, непасрэдна, а галоўнае - творча.

І ўсё ж, адных урокаў мала. Найбольшыя магчымасці ў выхаванні нацыянальнай ідэі ёсць у пазакласнай рабоце па прадмеце. Гэта работа дапаўняе ўрокі літаратуры і разам з тым з’яўляецца разумным, захапляльным і маральна здаровым відам адпачынку. Галоўная задача як урокаў, так і пазакласнай дзейнасці – абудзіць у вучняў цікавасць да роднай зямлі, да сваёй мовы і даказаць, што мы, беларусы, не горшыя за іншых, народ з багатай старажытнай культурай. І галоўнае – дапамагчы вучням у добрых пачынаннях. Тады нацыянальная ідэя ніколі не памрэ.

У школе праводжу фальклорныя святы, конкурсы, факультатыўныя заняткі, тыдні мовы і літаратуры. Асабліва радасным для вучняў з’яўляецца правядзенне інсцэніраваных беларускіх абрадаў: вячорак, калядак, шчодрыкаў. Апошнія два гады з задавальненнем вяду заняткі драматычнага гуртка. Дзеці з радасцю ўдзельнічаюць у інсцэніроўках, іграюць свае ролі шчыра, ад усёй душы, як сапраўдныя артысты. Прэзентацыю эпізодаў можна ўбачыць у электронным выглядзе ў дадатку.

Павышэнне духоўнай культуры народа – адна з самых надзённых задач нашага часу.

Усё больш пераконваюся, што чалавек не можа абысціся без душэўнасці, даверу, спачування, міласэрнасці. У пагоні за ўсеагульным мы забыліся на непасрэднае, што з’яўляецца вызначальным, асноўным, што складае непаўторны воблік чалавека, як часцінку пэўнага народа.

Заключная частка

Сучасны творчы настаўнік прызваны вырашаць мноства праблем, якія звязаны з вучэбна – выхаваўчым працэсам. На ўроку вучні атрымліваюць веды, выказваюць свае меркаванні, пераносяцца з сівой даўніны ў сучаснасць. Кожныя 45 хвілін вядзецца работа па развіцці кругагляду вучня, ажыццяўляецца жывы і творчы падыход да развіцця асобы. Пагэтаму, каб павысіць эфектыўнасць сучаснага ўрока, патрэбен не шаблон, а смеласць, арыгінальнасць, рашучасць у методыцы, прыёмах, элементах навізны. Для таго, каб эфектыўна ўздзейнічаць на дзяцей, стымуляваць іх самадзейнасць, неабходна веданне законаў, па якіх адбываецца засваенне ведаў, уменняў і навыкаў, фарміраванне адносін да чалавека і свету.

Педагагічная практыка часта патрабуе ацэнкі сітуацыі, якая склалася, і педагог павінен тэрмінова адрэагаваць на яе. На дапамогу настаўніку прыходзіць інтуіцыя, якая ўяўляе сабой сплаў вопыту і высокіх асобасных якасцей. У выхаваўчым вопыце выпрацоўваецца ўменне выбраць з арсенала педагагічных якасцей менавіта тую, якая адпавядае патрабаванням у дадзены момант.

Сёння таксама вельмі важна, каб вучань стаў цэнтральнай фігурай у працэсе адукацыі. А гэта, на мой погляд, можа адбыцца толькі тады, калі на ўроку будзе ажыццяўляцца прынцып індывідуалізацыі, калі школьнік зможа зразумець для сябе сэнс вывучаемага матэрыялу, навучыцца спазнаваць сябе праз рэфлексійную дзейнасць.

Захаванне дадзеных умоў дазваляе мне павысіць эфектыўнасць сучаснага ўрока. Аднак я працягваю пошук новых шляхоў удасканалення вучэбна-выхаваўчага працэсу, якія ператвараюць вучня з аб’екта ў суб’ект, а настаўніка ў кансультанта, менеджара на ўроку.
  1   2


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка