Развіццё мясцовага самакіравання ў Вялікім княстве Літоўскім




Дата канвертавання30.03.2016
Памер68.03 Kb.
БЕЛОРУССКАЯ ГОСУДАРСТВЕННАЯ СЕЛЬСКОХОЗЯЙСТВЕННАЯ АКАДЕМИЯ
ФАКУЛЬТЕТ БИЗНЕСА И ПРАВА

индивидуальный зачет


ТЭОРЫЯ І ГІСТОРЫЯ ПРАВА І ДЗЯРЖАВЫ
РАЗВІЦЦЕ МЯСЦОВАГА САМАКІРАВАННЯ Ў ВЯЛІКІМ КНЯСТВЕ ЛІТОЎСКІМ

ИВКИНА СВЕТЛАНА ВАСИЛЬЕВНА, 3 КУРС ДНЕВНОЕ ОТДЕЛЕНИЕ

8 029 841 94 02

ГОРКИ 2008


Развіццё мясцовага самакіравання ў Вялікім княстве Літоўскім.

Вялікае княства Літоўскае (далей – ВКЛ), у састаў якога ўвайшлі беларускія і літоўскія княствы, пачало складвацца ў канцы XIIст. На працягу XIII-XV стст. да яго былі далучаны ўкраінскія і некаторыя рускія княствы. Дзяржаўны лад ВКЛ характарызаваўся дзяленнем яго на дзве часткі: цэнтральную і землі мяжуючыя. Спачатку адносіны паміж цэнтрам і мяжуючымі землямі будаваліся на асабістай залежнасці князёў асобных земляў ад вялікага князя. У XV ст. буйныя васальныя княствы былі пераўтвораны ў ваяводствы або паветы, у якіх кіравалі намеснікі вялікага князя – ваяводы і старасты.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне дзяржавы ў XII-XIV стст. характарызавалася захаваннем старых граніц, якія былі паміж асобнымі княствамі да ўтварэння ВКЛ. Захаванне старога адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу і мясцовых органаў кіравання было выгадна як мясцовым феадалам, якія захавалі ў сваіх руках кіраванне на месцах, так і цэнтральнаму ўраду, што абапіраўся на мясцовых феадалаў[5, с.72].

У XIV-XV стст. мясцовыя органы дзяржаўнага кіравання ўзначальваліся князямі-васаламі вялікага князя,намеснікамі, цівунамі, якія вырашалі ўсе справы, раючыся з мясцовымі феадаламі. Асобныя абавязкі былі ў ключнікаў, гараднічых, ляснічых. Прадстаўнічымі органамі на месцах у гэты час працягвалі заставацца сходы жыхароў дадзенай мясцовасці – веча,соймы, сходы і копы. На іх ў даўнія часы маглі з’яўляцца ўсе паўналетнія, свабодныя жыхары. У XVст. у сувязі з юрыдычным афармленнем саслоўяў пачалі збірацца павятовыя соймікі шляхты-баяр, на якія простыя людзі не дапускаліся. Непасрэднае кіраванне у селах ажыццяўлялі выбарныя сялянскія органы - старцы, соцкія,дзесяцкія.

Як было ўжо адзначына раней, мясцовыя органы ўлады на Беларусі ў перыяд феадалізму валодалі шырокімі паўнамоцтвамі ў вырашэнні ўсіх мясцовых спраў і мала залежалі ад цэнтральных органаў. У сваёй дзейнасці яны кіраваліся агульнадзяржаўнымі нарматыўнымі актамі і мясцовым звычаёвым правам або актамі мясцовай адміністрацыі.

Мясцовае кіраванне на беларускіх землях было складаным. Яно залежала ад гістарычнага мінулага мясцовасці, дмістрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу і ад уладальніка тэрыторыі. Найбольш буйныя старажытныя княствы (Полацкае, Віцебскае, Берасцейскае, Навагародскае) у першай палове16ст. былі пераўтвораны ў ваяводствы, іншыя – у паветы, а такія, як Слуцкае, Кобрынскае і некаторыя іншыя, заставаліся княствамі. Асаблівае кіраванне было ў гарадах,якія атрымалі магдэбургскае права.

Галоўнай асобай у ваяводстве быў ваявода, які ўзначальваў тут адміністрацыйныя, гаспадарчыя, ваенныя і судовыя органы. Назначаўся ваявода вялікім князем і Радаю пажыццёва з ліку багатых і знатных феадалаў, ураджэнцаў ВКЛ. Пры назначэнні ваяводы ў Полацкае і Віцебскае ваяводствы вялікаму князю і Радзе неабходна было заручыцца згодаю мясцовых феадалаў прыняць кандыдата на пасаду ваяводы[2, с.52]. Аднак і пасля назначэння ваяводы феадалы гэтых зямель мелі права патрабаваць яго зняцця. Залежнасць ад мясцовых феадалаў была даволі значнай і ў іншых ваяводствах. У пасадзе ваяводы спалучаліся прыкметы прадстаўніка цэнтральнага кіравання і мясцовага самакіравання. Ваяводы абавязаны былі на месцах праводзіць у жыццё распараджэнні цэнтральных органаў і клапаціцца аб інтарэсах мясцовага насельніцтва, асабліва мясцовых феадалаў. Клопат аб мясцовых інтарэсах ваявода мог ажыццяўляць і праз Раду, членам якой ён быў па пасадзе. Усё гэта ставіла ваяводу ў асаблівыя прававыя адносіны з урадам,членам якога ён быў сам, і з мясцовымі феадаламі, для якіх ён быў намеснікам вялікага князя і кіраўніком органаў мясцовага самакіравання. Асноўныя абавязкі ваяводы заключаліся ў падтрыманні правапарадку на сваёй тэрыторыі, кіраўніцтве выкарыстаннем усіх крыніц дзяржаўных і вялікакняжацкіх даходаў, арганізацыі ўзброеных сіл ваяводства, выкананні правасуддзя.

Бліжэйшымі памочнікамі ваяводы былі: кашталян – па ваенных справах; падваявода – па адміністрацыйна-судовых; ключнік – наглядаў за зборам даніны і чыншу; гараднічы – камендант замка,які клапаціўся аб яго рамонце і ўтрыманні; ляснічы і гаёўнік – загадвалі ляснымі промысламі і паляваннем. Памочнікам старасты па ваенных справах быў павятовы маршалак, які камандаваў павятовым апалчэннем шляхты. Ён жа, як правіла, старшынстваваў на пасяджэннях павятовага сойміка. Адміністрацыйна-судовыя функцыі ў павеце мог выконваць памочнік старасты – падстарасты.

Саслоўна-прадстаўнічымі органамі ў павеце былі павятовыя соймікі. На іх маглі прысутнічаць усе шляхцічы павета. Тут абмяркоўваліся як мясцовыя, так і агульнадзяржаўныя справы. Павятовыя соймікі збіраліся штогод або нават некалькі разоў на год у павятовым цэнтры. Старшынстваваў на сойміку або найбольш высокі па пасадзе пан, або павятовы маршалак. На павятовых сойміках выбіраліся дэпутаты на вальны сойм, выпрацоўваліся для іх інструкцыі і наказы, а таксама хадатайніцтвы і просьбы да ўрада, заслухоўваліся справаздачы і інфармацыі аб соймах, выбіраліся кандыдаты на судовыя і іншыя пасады, вызначаліся памеры падаткаў на патрэбы павета. Пры дапамозе соймікаў павятовая шляхта абараняла свае мясцовыя інтарэсы перад цэнтральнымі органамі. Ніжэйшым звяном у сістэме мясцовага кіравання былі дзяржаўцы (спачатку яны называліся цівунамі), якіям давалася ў часовае кіраванне і ўладанне двары,замкі і фальваркі. Яны наглядалі за гаспадаркай у маёнтках, атрымлівалі з яго частку або ўсе даходы і адначасова кіравалі ім. Яны мелі права судзіць падуладных ім простых людзей. Для нагляду над сялянамі старасты і дзяржаўцы назначалі соцкіх і дзесяцкіх (пасля правядзення валочнай рэформы 1557г. гэтыя пасады ў шэрагу мясцовасцей былі заменены сельскімі войтамі), сельскіх войтаў, сарочнікаў, якія сачылі за парадкам у вёсках і выкананнем феадальных павіннасцей сялянамі. У тых мясцовасцях, дзе жылі дзяржаўныя сяляне і не было замкаў або дзяржаўных маёнткаў – двароў, дзейнічалі органы сялянскага самакіравання – сялянскія сходы і старцы, якія на гэтых сходах выбіраліся. На сялянскіх сходах размяркоўвалі даніны, разбіралі спрэчныя справы паміж сялянамі. Старцы назіралі за выкананнем грамадскіх работ па будаўніцтву і рамонту замкаў, мастоў і дарог, збіралі і адвозілі даніну ў вызначанае ўладамі месца, удзельнічалі ў ажыццяўленні правасуддзя на капе.

У XII-XVI стст. на беларускіх землях інтэнсіўна развіваюцца гарады і мястэчкі, якія ўсё ў большай ступені канцэнтравалі рамесніцтва, гандль, станавіліся цэнтрамі ажыўленнага палітычнага і культурнага жыцця насельніцтва Беларусі. З умацаваннем эканамічнай і грамадскай ролі гарадоў расло іх імкненне пашырыць свае правы і прывілеі. З канца 16ст. дзяржаўная ўлада ВКЛ пайшла на дараванне гарадам самакіравання на аснове магдэбургскага права. Горадам,які атрымаў гэта права, кіраваў магістрат, што складаўся з рады і лавы. Рада ажыццяўляла функцыі гарадской улады і суда па маёмасных і грамадзянскіх справах, лава судзіла гараджан па крымінальных справах[1, с.32]. Члены рады (радцы, райцы, ратманы) і гарадскога суда (лаўнікі) выбіраліся выключна з заможнай вярхушкі, радцы – штогод, лаўнікі – на больш працяглы перыяд. На чале магістрата стаяў войт, якому належала вышэйшая судовая і выканаўчая ўлада. Спачатку войты, як правіла, прызначаліся ў гарады вялікім князем з ліку буйных феадалаў, а з другой паловы XVI – першай паловы XVIIстст. – усё часцей войты выбіраліся самімі гараджанамі, а пасля зацвярджаліся каралём. Паўсядзённы нагляд за дзейнасцю магістрата ажыццяўляў намеснік войта – лентвойт. Радцы са свайго асяроддзя выбіралі 3-4 бурмістраў, якія па чарзе старшынстваваоі на пасяджэннях рады, кантралявалі дзейнасць камунальных службаў, наглядалі за грамадскім парадкам, выдаткамі гарадской казны і г. д. Пасяджэнні магістрата праходзілі ў будынку ратушы, які ўзводзіўся ў цэнтры горада, атрымаўшага магдэбургскага права. Жыхары такіх гарадоў вызваляліся ад улады і суда дзяржаўнай адміністрацыі і ад выкананння павіннасцей, што давала ім магчымасць больш часу займацца сваёй прафесійнай дзейнасцю. Павінннасці былі заменены аднаразавым штогодавым грашовым падаткам. Функцыі ніжэйшых службовых асоб у гарадах па збору падаткаў, кантролю за дзейнасцю гандляроў і рамеснікаў, за падтрыманнем парадку выконвалі соцкія, дзесятнікі і “слугі месцкія”, якія знаходзіліся у падпарадкаванні ў войта і бурмістраў. У вырашэнні агульнагарадскіх спраў істотнае значэнне, побач з указанымі органамі, працягвалі захоўваць агульныя сходы мяшчан – соймы, веча і копы. Але з ростам гарадоў і ўзмацненнем класавага падзелу гарадскога насельніцтва агульныя сходы мяшчан страцілі сваё значэнне.

Падводзячы вынік разгляду развіцця, структуры і характару дзейнасці мясцовых органаў улады, неабходна адзначыць, што на ўсе больш ці менш важныя і даходныя дзяржаўныя пасады маглі прызначацца толькі феадалы-шляхціцы хрысціянскае веры і ўраджэнцы ВКЛ (Статут ВКЛ 1566г., раздз.3, арт.9). Усе пасады звычайна лічыліся пажыццёвымі, пазбаўленне пасады магло быць праведзена толькі па суду за ўчыненне цяжкага крымінальнага злачынства. Дзяржаўная пасада разглядалася як сродак атрымання даходаў, а нясенне пэўных абавязкаў па пасадзе можна ьыло даручыць сваёй даверанай асобе. Такім чынам, ўвесь апарат улады і кіравання ад вялікага князя да цівуна і дзесяцкага дзейнічаў выключна ў інтарэсах класа феадалаў, які складаў прыкладна 10% насельніцтва краіны, забяспечваў яго эканамічныя, палітычныя і асабістыя правы і ўладу над астатнім насельніцтвам.

Пералік выкарыстаных крыніц:
1. Вішнеўскі А.Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі: вучэб. дапам./ А.Ф. Вішнеўскі, І.У. Вішнеўская. - Мн.:Тетрасиемс,2005. – 192с.

2. Вішнеўскі А.Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі: вучэб. дапаможник/ А.Ф. Вішнеўскі. – Мн.: ВП “Экаперспектыва”, 2000. – 319с.

3. Довнар-Запольский М.В. История Белорусии / М.В. Довнар-Запольский. – Мн.: Беларусь, 2003. - 680с.

4. Кузнецов И.Н. История государства и права Беларуси: Пособие для студентов высш. учеб. заведений / И.Н. Кузнецов, В.А. Шелкопляс. – Мн.: Тесей, 2004. – 320с.



5. Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі: вучэб. дапам. / Я.А. Юхо – Мн.: Універсітэцкае, 1992. – 270с.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка