Развiццё эстэтычнага ўспрымання прыроды падлеткамi ў аматарскiх фальклорных калектывах




Дата канвертавання28.05.2016
Памер143.67 Kb.
Н.В. Петухова

выкладчык кафедры этналогii i фальклору

факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва

Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў (г. Мiнск)


РАЗВIЦЦЁ ЭСТЭТЫЧНАГА ЎСПРЫМАННЯ ПРЫРОДЫ ПАДЛЕТКАМI Ў АМАТАРСКIХ ФАЛЬКЛОРНЫХ КАЛЕКТЫВАХ
Негатыўныя змены экалагiчнага стану навакольнага свету падымаюць пытанне аб неабходнасцi карэннай перабудовы ўзаемадзеянняў памiж чалавекам i прыродным светам. Менавiта таму праблема фармiравання асобы, адказнай за паспяховае iснаванне i гарманiчнае развiццё грамадства ў экалагiчна ўраўнаважаным асяроддзi з’яўляецца прадметам няспыннага педагагiчнага пошуку. Даследчыкi Л.С. Давыдава, I.Ф. Ганчароў, Н.Р. Купрына, Б.Ц. Лiхачоў, А.П. Сiдзелькоўскi, А.К. Шульжэнка i iнш. акцэнтуюць неабходнасць фармiравання экалагiчнай свядомасцi новага пакалення, што немагчыма без развiцця эстэтычнага ўспрымання прыроды, якое па свайму зместу выключае спажывецкiя, утылiтарныя адносiны да яе.

Аналіз даследаванняў вышэйзгаданых аўтараў дазволіў вызначыць эстэтычнае ўспрыманне прыроды як абумоўлены эстэтычнымi патрэбнасцямi чалавека цэласны працэс адлюстравання аб’ектаў i з’яў прыроднага наваколля, якi прыводзiць да пазнання i глыбокага спасцiжэння iх эстэтычнай сутнасцi. Пры гэтым прадметам пазнання з’яўляюцца выразныя ўласцiвасцi прыродных аб’ектаў, iх структура, форма, каляровыя спалучэннi, гукавыя варыяцыi, i, суправаджаючыя iх эстэтычныя перажываннi, пачуццi рэцыпiента, якiя выклiкаюць эстэтычную патрэбнасць сузірання прыроды, каштоўнасць якой не ў карысці ці выгадзе, а ў самім факце яе існавання. Усведамленне эстэтычнай каштоўнасцi прыроды сiлкуе разуменне аксіяматычнай iсцiны, што прыгажосць не можа быць прысвоена: спажывецкае стаўленне да прыроды амаральна, бо эстэтычныя каштоўнасці прыроды складаюць агульначалавечы здабытак і належаць не толькі нашым сучаснікам, але і будучым пакаленням.

Абуджаць эстэтычнае ўспрыманне прыроды, вучыць радавацца яе прыгажосцi, беражліва i паважліва да яе ставіцца, неабходна як мага раней, пачынаючы з дашкольнага ўзросту (Л.М. Гафарава, М.У. Грыбанава, Л.С. Давыдава, А.А. Паловіна, М.В. Раганава i iнш.). Аднак, навуковыя даследаваннi Б.Ц. Лiхачова, Л.П. Пячко, Н.У. Самерсавай, Л.М. Чамаевай, М.В. Шаптухоўскага i iнш., сведчаць аб неабходнасцi iнтэнсiўнага развiцця эстэтычнага ўспрымання прыроды менавiта ў падлеткавым узросце, для якога характэрна крайняя няўстойлівасць эколага-эстэтычнай культуры.

Прадстаўнiкi экалагiчнай псiхалогii С.Д. Дзераба i В.А. Ясвiн, адзначаюць, што ў падлеткавым узросце адбываюцца кардынальныя змены адносiнаў да прыроды. У прыватнасцi, iстотна парушаецца i патрабуе карэкцыi ўспрыманне прыроды: знiкае ўласцiвая дзецям дашкольнага i малодшага школьнага ўзросту суб’ектная ўстаноўка, дзякуючы якой iндывiд праецыруе на прыродныя аб’екты ўласцiвасцi чалавека. У вынiку чаго прырода ўжо не належыць да самакаштоўнай сферы, роўнай чалавеку, адбываецца рэзкi рост прагматычнах матываў успрымання прыроды, якiя суправаджаюцца наiўным уяўленнем, што прыгажосцю можна валодаць як нейкай матэрыяльнай данасцю i распараджацца ёю на свой погляд [1, 273]. Больш таго, многiя падлеткi праяўляюць жорсткае стаўленне да жывёл i раслiн, што звязана з усплёскам агрэсiўнасцi, назапашанай з-за псiхалагiчных i сацыяльных цяжкасцей дадзенага перыяду. Трэба падкрэслiць, што такiя паводзiны часцей за ўсё праяўляюць тыя падлеткi, якiя маюць нязначны вопыт эстэтычнага ўзаемадзеяння з прыродай. Яны дэманструюць неразвiтасць эстэтычнага ўспрымання прыроды, абмяжоўваючы гэты працэс арыентацыяй толькi на «прыгожае – агіднае», якая адказвае бытавому ўзроўню свядомасці, вядзе да падтрымкі варварскага спажывання прыродна-прыгожага і апраўданню знішчэння усяго, што ілжыва ацэньваецца як прыродна-агіднае.

Дапамагчы падлеткам справiцца з неадэкватнымі паводзiнамi можна толькi загадзя, актывізуючы iх эстэтычныя пачуцці да прыроды: ад ідэальна-пазітыўных (узвышанае, прыгожае, гарманiчнае, дасканалае i г.д.), да афектыўна-экспрэсіўных (стыхiйнае, трагічнае, дысгарманiчнае i г.д.), далучаючы да працэсу эстэтычнага сузірання, успрымання, асэнсавання i ацэнкі выразных асаблівасцяў прыродных аб’ектаў i з’яў. Пагаджаючыся з Л.П. Пячко i Н.П. Старасельцавай, неабходна падкрэслiць, што найбольш эфектыўна эстэтычнае ўспрыманне прыроды развіваецца ў працэсе мэтанакiраванай эстэтычнай дзейнасці, пры стварэнні педагогам разнастайных вучэбна-выхаваўчых сітуацый, арыентаваных на развіццё эмацыянальнай успрымальнасці прыгажосці і выразнасці аб’ектыўных прыродных з’яў, пашырэнне эстэтычных уражанняў падлеткаў, эстэтычных ацэнак, пачуццяў, засваенне грамадскіх ідэалаў, формаў адносінаў да прыроды. Пры гэтым мэтазгодна прывучаць падлеткаў вылучаць эстэтычныя ўласцівасцi прыродных аб’ектаў i з’яў, ацэньваць iх эстэтычныя прыкметы, характарызаваць iх эстэтычную каштоўнасць, значэнне для духоўнага самаадчування чалавека. На гэтай падставе ўзнікае ўсвядомленае ўяўленне аб каштоўнасці i прыгажосці прыроды, разуменне недапушчальнасці парушэння яе гармоніі ў індывідуальных паводзінах i прафесійнай дзейнасці [2, с. 61 – 62].

Педагагiчны вопыт Г.П. Арловай, В.С Болбаса, Г.М.Волкава, Л.М. Гафаравай, С.I. Мургаевай, I.I. Ярыты і інш. сведчыць аб тым, што выключнае значэнне ў фармiраваннi эстэтычнага ўспрымання прыроды мае фальклор, якi пашырае кола эстэтычных уражанняў i ведаў асобы, узбагачае яе эстэтычны вопыт шляхам ўспрымання i засваення разнастайных твораў народнага мастацтва. Фальклорныя творы абуджаюць у дзяцей цiкавасць да прыгожых i таямнiчых поглядаў нашых продкаў на прыродны свет, скiроўваюць iх думку на засваенне эстэтычных ідэалаў народа.

На гэтых падставах вялiкi iнтарэс прадстаўляюць дзіцячыя аматарскiя фальклорныя калектывы, удзельнікі якіх займаюцца непасрэдным вывучэннем фальклорных твораў. Дзейнасць аматарскiх фальклорных калектываў накiравана на далучэнне i засваенне аматарамi фальклорнай спадчыны Беларусi, якая змяшчае неабмежаваныя педагагiчныя магчымасці для фарміравання эстэтычнага ўспрымання прыроды. Далучэнне да нацыянальнай спадчыны, да вытокаў эстэтычнай культуры пашырае досвед удзельнiкаў аматарскiх фальклорных калектываў аб духоўным і працоўным жыццi беларускага народа, яго эстэтычных ідэалах, дазваляе асэнсаваць i ўсвядомiць iх ролю ў выпрацоўцы асабiстага погляду на навакольны свет, будаўнiцтве ўласных адносінаў да прыроды ў адпаведнасцi законамi меры, гармонii i прыгажосцi.

Для арганізацыі працэсу фармiравання эстэтычнага ўспрымання прыроды падлеткамiудзельнікамi аматарскiх фальклорных калектываў, неабходны ўлік і рэалізацыя шэрагу педагагічных умоў. У педагагічнай навуцы пад ўмовамі часцей за ўсё разумеецца свядома сканструяваная педагогам сукупнасць фактараў, абставiнаў, якая аказвае iстотнае ўздзеянне на эфектыўнасць функцыянавання педагагічнай сістэмы. На аснове вывучэння навуковай літаратуры і з улікам спецыфiкi нашай працы мы вызначылі асноўныя педагагічныя ўмовы паспяховага фарміравання эстэтычнага ўспрымання прыроды падлеткамi ў дзейнасці аматарскiх фальклорных калектываў.

Стварэнне народна-творчага выхаваўчага асяроддзя, якое дазволіла б падлеткам на ўсіх узроўнях развiцця свядомасці і пачуццяў прасякнуцца атмасферай эстэтыкi фальклору мы вызначаем як асноўную ўмову эфектыўнай работы аматарскага фальклорнага калектыву. У традыцыйным соцыўме такія ўмовы стварала само жыццё, дзе выхаванец не проста сутыкаўся час ад часу з тымі ці іншымі эстэтычнымі з’явамі, мастацкімі ідэямі і вобразамі фальклору, фрагментамі калектыўнай творчай дзейнасці, але аказваўся пагружаны ў пэўнае выхаваўчае асяроддзе, якое забяспечвала комплекснае ўздзеянне на развiццё светаўспрымання і светапогляду чалавека. Сумесная праца, сямейныя ўзаемаадносiны, буднi, каляндарныя i сямейна-бытавыя святы стваралi натуральныя абставiны для далучэння асобы да народнага мастацтва з «вуснаў у вусны», ад старэйшага да малодшага.

У дзейнасцi сучасных аматарскiх фальклорных калектываў спосабы засваення i ўзнаўлення твораў фальклору сталі насіць больш рэпрадуктыўны характар. Як правіла, яны ажыццяўляюцца пры дапамозе сучасных сродкаў трансляцыi фальклору: пiсьмовых крынiц (ноты, дапаможнiкi, падручнiкi i г.д.), аўдыё-вiзуальных сродкаў (CD, DVD-дыскi, вiдэазапiсы, тэле-, радыёперадачы i г. д.), якiя ствараюць аснову для ўваходжання асобы ў народна-творчае выхаваўчае асяроддзе. Працэс стварэння народна-творчага выхаваўчага асяроддзя вызначаюць абраныя кiраўнiком аматарскага фальклорнага калектыву разнастайныя формы i метады работы, арыентацыя на абнаўленне зместу педагагічнай дзейнасці, імкненне да ўдасканалення сваіх асобасна-прафесійных якасцяў і здольнасцяў, заснаваных на маральных і педагагічных ідэях.

Згодна з В.I.Cаладухiным, народна-творчае выхаваўчае асяроддзе аматарскага фальклорнага калектыву павінна ўключаць ў сябе: этнiчнае асяроддзе (мову народа, яго светапогляд, матэрыяльную і духоўную культуру, сістэму звычаяў, абрадаў і свят); музычнае асяроддзе (народная музыка ў запісу, у выкананні носьбітамі вуснай традыцыі і прафесійнымі музыкантамі); выхаваўчае асяроддзе (калектыў аднагодкаў, творчыя стасункi з удзельнiкамi iншых фальклорных калектываў, узаемадзеянне з сям’ёй) [3, c. 156]. Варыятыўнае i разнастайнае па зместу, яно дазваляе найбольш эфектыўна ўцягваць падлеткаў у засваенне фальклору, актывiзаваць працэс успрымання, усведамлення і інтэрпрэтацыі яго эстэтычных каштоўнасцяў.

Наступная ўмова прадугледжвае выкарыстанне сiнкрэтычнай еднасцi твораў народнага мастацтва (песень, танцаў, карагодаў, казак, легенд, паданняў i нш.), якія спрыяюць развіццю эстэтычнага кругагляду і творчых здольнасцяў падлеткаў. Сінкрэтызм фальклору адлюстроўвае старажытную еднасць рэлiгii, мастацтва, фiласофii, маралi. Адсюль i своеасаблiвасць прыроды фальклору: побач з вуснай прамовай ў iм прысутнiчаюць музычныя, мiмiчныя, драматургiчныя знакi, якiя вызначаюць iмправiзацыю i вар’iраванне танцавальных рухаў, паэтычных тэкстаў i iнш. Адпаведна i ў педагагiчным працэсе аматарскiх фальклорных калектываў мэтазгодна выкарыстанне ўсёй разнастайнасцi гучання народных спеваў, жэстаў i мiмiкi танцаў, гульняў, карагодаў, якiя актуалiзуюць эстэтычны вопыт, мастацкiя ўражаннi, асацыяцыi i аналогii падлеткаў.

Актуалізацыя аналогій праз далучэнне падлеткаў да розных твораў народнага мастацтва дазваляе шляхам пераносу ўcвядомiць i адчуць паэтычныя фарбы фальклору, якiя заснаваны на асацыятыўнасцi, вобразнасці i метафарычнасці яго мовы. Праз параўнальна-супастаўляльныя характарыстыкі спасцігаецца эстэтычная блізкасць розных фальклорных твораў, выбудоўваюцца сінхранічныя паралелі. Утвараемыя паралелі адкрываюць магчымасць аднаўлення цэласнага, сінтэтычнага мастацкага вобраза, якi раскрывае узаемасувязь народнага мастацтва з жыццём прыроды, стаўленнем чалавека да яе, што дазваляе падлеткам дапоўніць свае ўяўленні аб прыгажосці прыроды, аб’яднаць разрозненыя пачуцці ў арганічную еднасць. Фальклорныя творы павінны захапіць падлеткаў, абудзіць у іх пачуццё прыгажосцi прыроды, гармоніі, эстэтычнай асалоды i імкненне дзейнічаць адпаведна эстэтычным нормам.

Вядучай умовай фармiравання эстэтычнага ўспрымання прыроды ўдзельнiкамi аматарскiх фальклорных калектываў з’яўляецца далучэнне падлеткаў да эстэтычнага ўспрымання фальклорных твораў. Яно садзейнічае развіццю здольнасцi да эстэтычнага меркавання на аснове набытых ведаў і эстэтычнага вопыту. Эстэтычнае ўспрыманне фальклорных твораў патрабуе разгляду зместу фальклорнай адзiнкi, аналiзу яго семантыкi i мастацкiх сродкаў з пазiцыi жанравай адметнасцi, ведання асноўных эстэтычных катэгорый (прыгожае – агіднае, узнёслае – нізкае, трагічнае – камічнае) і змешчаных у фальклорных творах эпітэтаў, параўнанняў, метафар i iнш., якiя ўвасабляюць прыроду, фарміруюць ўяўленні пра яе прыгажосць. У дадзеным выпадку думка ўспрымальнiка абапіраецца не на рэальныя дадзеныя, здабытыя падчас непасрэднага эстэтычнага сузiрання прыроды, а на яе мастацкія выявы. Наяўнасць мастацка-эстэтычных ведаў, здольнасць да суперажывання, эмацыянальная спагадлівасць дазваляюць успрымаць цэласнасць, гармонію прыроднага свету ў яго мастацкім адлюстраванні, нараджаюць складаныя асацыяцыi i аналогii, сувязі мыслення з аб’ектам пазнання. Суаднясенне мастацкага зместу з непасрэднымі жыццёвымі ўражаннямі, асабістымi назіраннямi дапамагае падлеткам адчуць эстэтычную каштоўнасць прыроды.

Узбагачэнне эстэтычных уражанняў падлеткаў праз непасрэднае ўзаемадзеянне з натуральнымi аб’ектамi i з’явамi прыроды – вызначальная ўмова фармiравання эстэтычнага ўспрымання прыроды ўдзельнiкамi аматарскiх фальклорных калектываў. Дамiнуючае значэнне ў фармiраваннi эстэтычнага ўспрымання прыроды ўдзельнiкамi аматарскiх фальклорных калектываў мае дзейнасць па рэканструкцыi каляндарных абрадаў у натуральным прыродным асяроддзi, якая прадстаўляе выключную магчымасць падлеткам уключыцца ў абрадавую сітуацыю, перажыць яе, засвоiць i замацаваць у фальклорнай сiтуацыi мадэлi гарманiчных i адказных паводзiн у прыродным асяроддзi. Актыўнае пагружэнне падлеткаў у шматлiкiя вiды абрадава-святочнай дзейнасцi (спевы, танцы, гульнi, рытуальныя дзеяннi i iнш.) узмацняе эстэтычнае перажыванне прыроднай прыгажосцi, спрыяе канцэнтрацыi падлеткаў на эстэтычных уласцiвасцях фальклорных твораў i рэчаiснасцi. Успрыманне маляўнiчых куточкаў прыроды ў спалучэннi з трансляцыяй фальклорных твораў – эталонаў гарманiчнага ўзаемадзеяння з прыродай, аказваюць своеасаблівы ўплыў на падлеткаў, сiлкуюць іх чалавечае імкненне да захавання прыроднай прыгажосцi, садзейнічаюць фарміраванню культуры адносінаў да прыроды як да эстэтычнай і грамадскай каштоўнасці.

Такiм чынам, у дадзеным артыкуле намi былi вызначаны асноўныя педагагічныя ўмовы ад выканання якiх залежыць эфектыўнасць працэсу фарміравання эстэтычнага ўспрымання прыроды падлеткамi ў дзейнасцi аматарскiх фальклорных калектываў. Сярод iх: а) стварэнне народна-творчага выхаваўчага асяроддзя, якое дазваляе падлеткам на ўсіх узроўнях свядомасці і пачуццяў прасякнуцца атмасферай эстэтыкi фальклору; б) выкарыстанне сiнкрэтычнай еднасцi твораў народнага мастацтва (песень, танцаў, карагодаў, казак, легенд, паданняў i нш.), якія садзейнiчаюць развіццю эстэтычнага кругагляду, асацыятыўнага мыслення ўдзельнiкаў аматарскiх фальклорных калектываў; в) актыўнае далучэнне падлеткаў да эстэтычнага ўспрымання фальклорных твораў; г) узбагачэнне эстэтычных уражанняў падлеткаў праз непасрэднае ўзаемадзеянне з натуральнымi аб’ектамi i з’явамi прыроды падчас рэканструкцыi каляндарных абрадаў у натуральным прыродным ландшафце.



Лiтаратура:


  1. Дерябо, С.Д., Ясвин, В.А. Экологическая психология и педагогика / С.Д. Дерябо, В.А. Ясвин. – Ростов н / Д. : Феникс, 1996. – 476 с.

  2. Печко, Л.П., Старосельцева, Н.П. Эстетические свойства природы и учебно-воспитательный процесс в школе / Л.П. Печко, Н.П. Старосельцева // Экологическое и эстетическое воспитание школьников / под ред. Л.П. Печко. – М.: Педагогика, 1984. – С. 34 – 68.

  3. Солодухин, В.И. Развитие творческой активности младших школьников средствами инструментального фольклора / В.И. Солодухин. – Улан-Удэ: ВСГАКИ, 2002. – 181 с.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка