Раздзел 1 Пачатак Ева́нгелля Іісуса Хрыста, Сына Божага, 2




старонка4/4
Дата канвертавання01.05.2016
Памер0.66 Mb.
1   2   3   4

69.І служанка, убачыўшы яго зноў, пачала́ казаць тым, што стаялі тут: гэты з іх.
70. Ён жа зноў адрака́ўся. І неўзаба́ве зноў тыя, што стаялі там, казалі Пятру: сапраўды́ ты з іх, бо ты галіле́янін, і гаворка твая падобная.
71.Ён жа пачаў кля́сціся і бажы́цца: не ведаю Гэтага Чалавека, пра Якога вы гаворыце.
72. І  другі раз заспяваў певень. І ўспомніў Пётр слова, якое сказаў яму Іісус: перш чым певень двойчы заспявае, ты адрачэшся ад Мяне тройчы. І пачаў плакаць.
Раздзел 15
1. І адразу раніцай зрабілі нара́ду першасвятары́ са старэйшынамі і кніжнікамі, і ўвесь сінедрыён, і, звяза́ўшы Іісуса, павялі і перадалí Пілату.
2.І запытаў Яго Пілат: Ты Цар Іудзейскі? Ён жа сказаў яму ў адказ: ты кажаш.
3.І абвінава́чвалі Яго першасвятары́ ў многім.
4.Пілат жа зноў запытаў Яго, ка́жучы: Ты нічога не адказваеш? глядзі, колькі су́праць Цябе све́дчаць.
5. Іісус жа больш нічога не адка́зваў, так што Пілат здзіўляўся.
6.На свята ж ён адпускаў ім аднаго вя́зня, за якога прасілі.
7.Быў жа адзін нехта, зва́ны Вара́вва, зняво́лены з саўдзе́льнікамі сваімі, якія пад час бу́нту ўчынíлі забойства.
8. І натоўп пачаў крычаць і прасіць Пілата аб тым, што ён заўсёды рабіў для іх.
9.Пілат жа адказаў ім, гаворачы: хочаце, адпушчу вам Цара Іудзейскага?
10.Бо ведаў, што па за́йздрасці вы́далі Яго першасвятары́.
11.Але першасвятары́ падбухто́рылі натоўп прасіць, каб лепш адпусціў ім Вара́вву.
12.Пілат жа зноў сказаў ім у адказ: а што́ хочаце, каб я зрабіў з Тым, Каго вы называеце Царом Іудзейскім?
13.Яны ж зноў закрычалі: распнí Яго!
14.Пілат сказаў ім: якое ж зло Ён учыніў? А яны яшчэ мацней закрычалі: распнí Яго!
15.Тады Пілат, хочучы дагадзíць натоўпу, адпусціў ім Вара́вву, а Іісуса, пасля бічава́ння, аддаў на распя́цце.
16.Воіны ж адвялі Яго ўсярэ́дзіну двара, гэта значыць, у прэто́рыю, і скліка́юць увесь полк,
17.і апрана́юць Яго ў багранíцу, і, сплёўшы цярновы вяне́ц, усклада́юць на Яго;
18.і пачалí віта́ць Яго: радуйся, Цар Іудзейскі!
19.І білі Яго па галаве кíем, і плявалі на Яго, і, стано́вячыся на калені, кла́няліся Яму.
20.І калі наглумíліся з Яго, знялí з Яго багранíцу і апрану́лі Яго ў адзе́жу Ягоную; і выводзяць Яго, каб распя́ць Яго.
21.І прымушаюць прахо́жага нейкага Сíмана Кірыне́яніна, які ішоў з поля, бацьку Аляксандра і Ру́фа, не́сці крыж Яго.
22. І прыводзяць Яго на месца Галгофу, што значыць: “месца чэ́рапа”.
23.І давалі Яму піць віно са смíрнаю, але Ён не ўзяў.
24.І тыя, што распіна́лі Яго, дзялíлі адзе́жу Яго, кíдаючы жэ́рабя на яе, каму што ўзяць.
25.Была́ ж трэцяя гадзíна, і распя́лі Яго.
26.І быў зроблены надпіс віны́ Яго: Цар Іудзейскі.
27.І з Ім распіна́юць двух разбойнікаў, аднаго справа, а другога злева ад Яго.
28.І збыло́ся Пісанне, якое кажа: “і да злачы́нцаў залíчаны”.
29. І тыя, што праходзілі міма, блюзне́рылі на Яго, ківа́ючы гало́вамі сваімі і ка́жучы: гэй! Ты, Які разбура́еш храм і за тры дні будуеш!
30.Уратуй Самога Сябе і сыдзí з крыжа́.
31.Гэтакса́ма і першасвятары́ з кніжнікамі, насміха́ючыся, адзін аднаму казалі: іншых ратава́ў, а Сябе не можа ўратава́ць.
32.Хрыстос, Цар Ізра́ілеў, няхай сы́дзе цяпер з крыжа́, каб мы ўбачылі, і ўве́равалі ў Яго. І распя́тыя з Ім га́ньбілі Яго.
33.Калі ж надышла шостая гадзíна, це́мра настала па ўсёй зямлі да гадзíны дзевятай.
34. І ў дзевятай гадзíне ўскрыкнуў Іісус моцным голасам, ка́жучы: “Элаí, Элаí! ламма́ савахфанí?” што азначае: ”Божа мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?”
35.І некато́рыя з тых, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: вось, Ілію́ кліча.
36. А адзін пабег, намачыў губку во́цатам і, насадзíўшы на кій, даваў Яму піць, ка́жучы: чакайце, пабачым, ці пры́йдзе Ілія́ зняць Яго.
37.Іісус жа, ускрыкнуўшы моцна, вы́пусціў дух.
38.І заве́са ў храме разадра́лася напала́м зве́рху данíзу.
39. Сотнік жа, які стаяў насу́праць Яго і бачыў, што Ён, так ускрыкнуўшы, вы́пусціў дух, сказаў: сапраўды́ Чалавек Гэты быў Сын Божы.
40.Былí і жанчыны, што глядзелі здалёк, сярод іх была́ Марыя Магдалíна, і Марыя, маці Іа́кава Меншага і Іасíі, і Саламíя,
41. якія і тады, калі Ён быў у Галіле́і, хадзілі за Ім і служылі Яму; і іншыя многія, што прыйшлі разам з Ім у Іерусалім.
42.І калі ўжо настаў вечар, – паколькі была́ пятніца, гэта значыць, пярэ́дадзень суботы, –
43. прыйшоў Іосіф, што з Арымафе́і, паважа́ны саветнік, які і сам чакаў Царства Божага, і, адва́жыўшыся, увайшоў да Пілата і папрасіў це́ла Іісусава.
44.Пілат жа здзівіўся, што Ён ужо памёр; і, паклікаўшы сотніка, спытаў яго: ці даўно памёр?
45.І, даве́даўшыся ад сотніка, аддаў це́ла Іосіфу.
46. Ён, купіўшы плашчанíцу і, зняўшы Яго, загарну́ў у плашчанíцу і паклаў Яго ў магілу, што была́ вы́сечана ў скале́, і прывалíў ка́мень да дзвярэй магілы.
47.Марыя ж Магдалíна і Марыя Іасíева глядзелі, дзе Яго пакла́лі.
Раздзел 16
1. І калі міну́ла субота, Марыя Магдалíна і Марыя Іа́кавава, і Саламíя купілі духмя́насцяў, каб, прыйшоўшы, пама́заць Яго.
2.І вельмі рана ў першы дзень тыдня прыходзяць да магілы, калі ўзышло сонца,
3.і гаварылі між сабою: хто адва́ліць нам ка́мень ад увахода ў магілу?
4.І, паглядзе́ўшы, бачаць, што ка́мень адва́лены; а быў ён надта вялікі.
5.І, увайшоўшы ў магілу, яны ўбачылі юнака́, што сядзеў справа, апра́нуты ў белы ўбор; і жахну́ліся.
6.А ён кажа ім: не жаха́йцеся. Іісуса шукаеце Назаранíна, распя́тага; Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе паклалі Яго.
7.Але ідзіце, скажы́це вучням Яго і Пятру, што Ён будзе ране́й за вас у Галіле́і; там Яго ўбачыце, як Ён казаў вам.
8.І, выйшаўшы, пабеглі яны ад магілы; іх ахапíла трымце́нне і жах, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.
9.АІісус, уваскрэсшы ў першы дзень тыдня, явіўся перш Марыі Магдалíне, з якой вы́гнаў быў сем дэманаў.
10.Яна, пайшоўшы, абвясцíла тым, што былí з Ім, якія смуткава́лі і плакалі;
11.і тыя, пачуўшы, што Ён жывы́ і што яна бачыла Яго, не паверылі.
12.Пасля ж гэтага явіўся Ён у іншым вобразе двум з іх дарогаю, калі яны ішлі ў сяло.
13.І тыя, пайшоўшы, абвясцíлі астатнім; але і ім не паверылі.
14.Нарэшце, явіўся Ён і самім адзіна́ццаці, калі яны ўзляжа́лі на вячэры, і дакара́ў іх за нявер’е і жорсткасць сэрца, што яны тым, хто бачыў Яго Уваскрэслага, не паверылі.
15.І сказаў ім: ідучы́ па ўсім свеце, прапаве́дуйце Ева́нгелле ўсяму стварэ́нню.
16. Хто ўверуе і ахры́сціцца, той спасёны будзе; а хто не ўверуе, асу́джаны будзе.
17. А тых, хто ўверуе, будуць суправаджа́ць знаме́нні такія: íмем Маім будуць яны выганя́ць дэманаў; будуць гаварыць новымі мовамі;
18.будуць браць змей; а калі што смяротнае вы́п’юць, не пашко́дзіць ім; на хворых ускладу́ць ру́кі, і тыя будуць здаровыя.
19.І вось, Гасподзь пасля таго, як гаварыў да іх, узнёсся на неба і сеў правару́ч Бога.
20.А яны, вы́йшаўшы, прапаве́давалі ўсюды, і Гасподзь садзе́йнічаў ім і пацвярджа́ў сло́ва знаме́ннямі ўслед. Амінь.

1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка