Раздзел 1 Пачатак Ева́нгелля Іісуса Хрыста, Сына Божага, 2




старонка3/4
Дата канвертавання01.05.2016
Памер0.66 Mb.
1   2   3   4

36.А Ён сказаў ім: што хочаце, каб Я зрабіў вам?
37.Яны ж сказалі Яму: дай нам сесці аднаму спра́ва ад Цябе, а другому зле́ва ад Цябе, у славе Тваёй.
38.Іісус жа сказаў ім: не ведаеце, чаго про́сіце. Ці можаце піць чашу, якую Я п’ю і хрышчэ́ннем, якім Я хрышчу́ся, хрысцíцца?
39. Яны ж сказалі Яму: можам. А Іісус сказаў ім: чашу, якую Я п’ю, будзеце піць і хрышчэ́ннем, якім Я хрышчу́ся, будзеце хрысцíцца;
40.але сесці справа ад Мяне ці злева – не Я даю́, а гэта для тых, каму ўгатава́на.
41.І, пачуўшы, дзеся́цера пачалі гневацца на Іакава і Іаана.
42. А Іісус, паклíкаўшы іх, кажа ім: вы ведаеце, што тыя, хто лíчыцца на чале́ народаў, пану́юць над імі, і вяльможы іх улада́раць імі.
43.Але не так няхай будзе сярод вас: а хто хоча сярод вас бо́льшым быць, няхай будзе вам слуго́ю;
44.і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе ўсім рабом.
45.Бо і Сын Чалавечы не дзе́ля таго прыйшоў, каб Яму служылі, а каб паслужы́ць і аддаць душу́ Сваю як вы́куп за многіх.
46.І прыходзяць у Іерыхо́н. І калі выходзіў Ён з Іерыхо́на з вучнямі Сваімі і мноствам народу, сын Ціме́еў, Варціме́й сляпы, сядзеў пры дарозе, жабру́ючы.
47.І, пачуўшы, што гэта Іісус Назарэ́й, пачаў крычаць і казаць: Сы́не Давідаў, Іісусе, памілуй мяне!
48.І многія патрабава́лі ад яго, каб замаўча́ў, але ён яшчэ мацней крычаў: Сы́не Давідаў, памілуй мяне!
49.І, спынíўшыся, Іісус сказаў паклíкаць яго. І паклíкалі сляпога, ка́жучы яму: мацу́йся, устань, кліча цябе.
50.Ён жа, скінуўшы вопратку сваю, устаў і прыйшоў да Іісуса.
51.І ў адказ гаворыць яму Іісус: што хочаш, каб Я зрабіў табе? Сляпы сказаў Яму: Раввунí ! каб мне бачыць.
52.Іісус жа сказаў яму: ідзі, вера твая ўратава́ла цябе. І адразу стаў бачыць і пайшоў услед за Іісусам па дарозе.
Раздзел 11
1.І калі наблізіліся да Іерусаліма, да Віфагíі і Віфа́ніі, да гары Елеонскай, Іісус пасылае двух з вучняў Сваіх
2. і кажа ім: ідзіце ў се́лішча, што перад вамі, і, уваходзячы ў яго, адразу зно́йдзеце прывя́занае асляня́, на якое ніхто з людзей не сядаў; адвяза́ўшы яго, прывядзíце.
3.І калі хто скажа вам: “што́ вы гэта робіце?”, скажы́це, што яно патрэбна Госпаду, і адразу пашле яго сюды.
4.Яны пайшлі і знайшлі асляня́, прывя́занае каля варот на вуліцы, і адвязалі яго.
5.І некаторыя з тых, што стаялі там, гаварылі: што вы робіце? навошта адвя́зваеце асляня́?
6.Яны ж адказвалі ім, як загадаў Іісус, і тыя адпусцілі іх.
7.І прывялі асляня́ да Іісуса, і пакла́лі на яго во́пратку сваю; і сеў Іісус на яго.
8.Многія ж во́пратку сваю пасціла́лі на дарогу, а іншыя зраза́лі галíны з дрэў і пасціла́лі на дарогу.
9.І тыя, што ішлі папе́радзе і следам, ускліка́лі: Аса́нна! благаславёны Той, Хто прыхо́дзіць у імя́ Гасподняе!
10.Благаславёна царства айца нашага Давіда, якое надыхо́дзіць у імя́ Гасподняе! Аса́нна ў вышніх!
11.І ўвайшоў Іісус у Іерусалім і ў храм; і, агле́дзеўшы ўсё, паколькі час быў ужо позні, пайшоў у Віфа́нію з двана́ццаццю.
12.І на другі дзень, калі яны выйшлі з Віфа́ніі, Ён захацеў есці; 
13.і, уба́чыўшы здалёк смакоўніцу, пакрытую лíсцем, падышоў, ці не знойдзе чаго на ёй; і, прыйшоўшы да яе, нічога не знайшоў, акрамя лíсця, бо не пара́ была́ на смо́квы.
14.І, прамовіўшы, Іісус сказаў ёй: няхай больш ніхто не есць ад цябе плоду даве́ку! І чулі гэта вучні Яго.
15. І прыходзяць у Іерусалім. І, увайшоўшы ў храм, Іісус пачаў выганя́ць тых, якія прадавалі і куплялі ў храме, і перакулíў сталы́ мяня́лаў і ўсло́ны тых, што прадавалі галубоў;
16.і не дазваляў, каб хто пранёс якую-небудзь рэч праз храм.
17. І вучыў іх, ка́жучы: ці не напíсана: “дом Мой домам малітвы назаве́цца для ўсіх народаў”? а вы зрабілі з яго логава разбойнікаў.
18.І пачулі гэта кніжнікі і першасвятары́, і шукалі, як бы Яго загубíць, бо баяліся Яго, таму што ўвесь народ здзіўля́ўся вучэ́нню Яго.
19.І калі звечарэ́ла, Ён выйшаў за горад.
20.І ра́ніцаю, праходзячы міма, убачылі, што смакоўніца засохла да ко́раня.
21.І, успомніўшы, Пётр кажа Яму: Раввí! паглядзí, смакоўніца, якую Ты пракля́ў, усохла.
22.І, адказваючы, Іісус кажа ім:
23. ма́йце веру Божую. Бо праўду кажу вам: калі хто скажа гары́ гэтай: “падымíся і ўве́ргніся ў мора”, і не засумнява́ецца ў сэ́рцы сваім, а верыць будзе, што збу́дзецца па сло́вах яго, – будзе яму, што́ б ні сказаў.
24.Таму кажу вам: усё, чаго ў малітве ні папро́сіце, верце, што атрыма́еце, і будзе вам.
25.І калі стаіце́ на малітве, дару́йце, як што ма́еце су́праць каго, каб і Айцец ваш, Які ў нябёсах, дарава́ў вам правíны вашы.
26.Калі ж вы не дару́еце, то і Айцец ваш, Які ў нябёсах, не дару́е вам правíнаў вашых.
27.І прыходзяць зноў у Іерусалім. І калі Ён хадзіў у храме, падыходзяць да Яго першасвятары́ і кніжнікі, і старэйшыны
28.і кажуць Яму: якою ўла́даю Ты гэта робіш? і хто Табе ўла́ду гэтую даў, каб Ты рабіў гэта?
29.Іісус жа ў адказ сказаў ім: спытаю ў вас і Я адну рэч, і адкажы́це Мне; і Я скажу вам, якою ўла́даю гэта раблю.
30.Хрышчэнне Іаанава з неба было́ ці ад людзей? адкажы́це Мне.
31.І разважа́лі яны між сабою, гаворачы: калі скажам: “з неба”, – Ён скажа: “чаму ж вы не паверылі яму?”
32.А сказаць: “ад людзей” – баяліся народа, бо ўсе лічылі, што Іаан сапраўды́ быў прарок.
33.І кажуць у адказ Іісусу: не ведаем. Тады Іісус, адказваючы, гаворыць ім: і Я не скажу вам, якою ўла́даю гэта раблю.
Раздзел 12
1.І пачаў гаварыць ім прытчамі: пасадзíў чалавек вінаграднік і абнёс агаро́джаю, і вы́капаў выціска́льню, і збудаваў ве́жу, і аддаў яго вінагра́дарам, і адлучы́ўся.
2.І паслаў да вінагра́дараў у пэўны час раба́, каб узяць ад вінагра́дараў пладоў з вінаградніка.
3.А яны, схапіўшы яго, набілі і адасла́лі ні з чым.
4.І зноў паслаў да іх іншага раба́, і таго каме́ннем пабілі, разбілі галаву і адпусцілі знява́жанага.
5.І зноў іншага паслаў, і таго забілі; і многіх іншых каго білі, а каго забівалі.
6.Яшчэ аднаго меў ён, сына ўзлю́бленага свайго, паслаў і яго нарэшце да іх, ка́жучы: пасаро́меюцца сы́на майго.
7.Тыя ж вінагра́дары, сказалі адзін аднаму: гэта спадкае́мец; хадзе́м, заб’ём яго, і спа́дчына будзе наша.
8.І, схапіўшы яго, забілі і вы́кінулі прэч з вінагра́дніка.
9.Што ж зробіць гаспадар вінагра́дніка? Пры́йдзе і знíшчыць вінагра́дараў, і аддасць вінагра́днік іншым.
10.Няўжо не чыталі вы гэтага Пісання: ка́мень, які адкінулі будаўнікі, той самы стаў галавою вугла́;
11. ад Госпада ста́лася гэта, і яно дзіўнае ў вачах нашых.
12.І наме́рваліся схапіць Яго, ды пабаяліся народу; бо зразуме́лі, што пра іх сказаў прытчу; і, пакінуўшы Яго, адышлі.
13.І пасыла́юць да Яго некато́рых з фарысеяў і ірадыя́н, каб злавíць Яго на слове.
14. Яны, прыйшоўшы, кажуць Яму: “Настаўнік! мы ведаем, што Ты праўдзівы і нікому не дагаджа́еш, бо не глядзíш на аблічча людзей, а па праўдзе шля́ху Божаму вучыш. Дазволена даваць пада́так ке́сару ці не? даваць нам ці не даваць?
15.Ён жа, ве́даючы іх крываду́шнасць, сказаў ім: што́ Мяне спакуша́еце? прынясíце Мне дына́рый, каб Я пабачыў.
16.Яны прыне́слі. І кажа ім: чыя́ гэта выя́ва і на́дпіс? Яны сказалі Яму: ке́саравы.
17.І сказаў ім Іісус у адказ: аддавайце ке́сарава ке́сару, а Божае Богу. І дзівіліся Яму.
18.І прыйшлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасе́ння, і спыталіся ў Яго, ка́жучы:
19. Настаўнік! Маісей напісаў нам: “калі ў каго брат памрэ і пакіне жонку, а дзяцей не пакіне, то няхай брат яго возьме жонку яго і адро́дзіць се́мя брату свайму”.
20.Было́ сем братоў; і першы ўзяў жонку і, паміраючы, не пакінуў се́мені.
21. І другі ўзяў яе, і памёр, і ён не пакінуў се́мені; і трэці таксама.
22.І бра́лі яе сямёра, і не пакінулі се́мені. Пасля ўсіх паме́рла і жонка.
23.Дык вось, ва ўваскрасе́нні, калі яны ўваскрэ́снуць, катораму з іх будзе яна жонкаю? бо сямёра мелі яе жонкаю.
24.І сказаў ім Іісус у адказ: ці не таму вы памыля́ецеся, што не ведаеце ні Пісанняў, ні сілы Божае?
25.Бо калі з мёртвых уваскрэ́снуць, не будуць ні жаніцца, ні замуж выходзіць, а будуць, як Ангелы на нябёсах.
26.Пра мёртвых жа, што яны ўваскрэ́снуць, хіба́ не чыталі вы ў кнізе Маісея пра купіну́, як Бог гаварыў яму, ка́жучы: “Я Бог Аўраа́ма, і Бог Ісаа́ка, і Бог Іа́кава”?
27.Ён не ёсць Бог мёртвых, але Бог жывы́х. Таму вы вельмі памыля́ецеся.
28.І, падышоўшы, адзін з кніжнікаў, які чуў, як яны спрача́юцца, і, ведаючы, што Іісус добра адказаў ім, спытаў у Яго: якая першая з усіх за́паведзяў?
29.Іісус адказаў яму: першая з усіх за́паведзяў: “слухай, Ізра́ілю! Гасподзь Бог наш ёсць Гасподзь адзіны;
30. і ўзлюбí Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душою тваёю, і ўсім разуме́ннем тваім, і ўсёй сілаю тваёю”; гэта першая за́паведзь.
31.І другая падобная да яе: “узлюбí бліжняга твайго, як само́га сябе”. Большай за гэтыя іншай за́паведзі няма.
32.І сказаў Яму кніжнік: добра, Настаўнік! па праўдзе сказаў Ты, што адзіны ёсць Бог, і няма іншага, акрамя Яго;
33. і любíць Яго ўсім сэ́рцам, і ўсім розумам, і ўсёю душою, і ўсёю сілаю, і любíць бліжняга, як самога сябе, – гэта больш за ўсе ўсеспале́нні і ахвя́ры.
34.Іісус жа, убачыўшы, што той разумна адказваў, сказаў яму: недалёка ты ад Царства Божага. І ніхто не адважваўся болей пытацца ў Яго.
35.І, праця́гваючы вучы́ць у храме, Іісус казаў: я́к гэта кажуць кніжнікі, што Хрыстос – сын Давідаў?
36. Бо сам Давід сказаў Духам Святым: “сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзí правару́ч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падно́жжа ног Тваіх.”
37.Сам Давід называе Яго Госпадам: я́к жа Ён сын яму? І мноства народу слухала Яго з прыемнасцю.
38.І казаў ім у вучэнні Сваім: сцеражы́цеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх убо́рах і каб віталі іх на плошчах,
39.і напе́радзе сядзе́ць у сінагогах і ўзляжа́ць напе́радзе на гасцíнах.
40. Тыя, што паяда́юць дамы́ ўдоў і напака́з доўга моляцца, пры́муць бо́льшае асуджэ́нне.
41.І сеў Іісус насу́праць ска́рбніцы, і глядзеў, як народ кладзе́ грошы ў ска́рбніцу, і многія багацеі кла́лі шмат.
42.І, прыйшоўшы, адна бедная ўдава́ пакла́ла дзве ле́пты, гэта значыць кадра́нт.
43.І, паклíкаўшы вучняў сваіх, Іісус гаворыць ім: праўду кажу вам, удава́ гэтая бедная пакла́ла больш за ўсіх, хто клаў у ска́рбніцу:
44.бо ўсе кла́лі ад дастатку свайго, а яна з няста́чы сваёй пакла́ла ўсё, што мела, увесь пражы́так свой.
Раздзел 13
1.І калі выходзіў Ён з храма, кажа Яму адзін з вучняў Яго: Настаўнік! паглядзí, якое каме́нне і якія будынкі!
2.І сказаў Іісус яму ў адказ: бачыш гэтыя вялікія будынкі? Не застане́цца тут ка́меня на ка́мені, які не будзе зруйнава́ны.
3.І калі сядзеў Ён на гары Елеонскай насу́праць храма, пыталіся асобна ў Яго Пётр, і Іакаў, і Іаан, і Андрэй:
4.скажы нам, калі гэта будзе, і якое знаме́нне, калі павінна ўсё гэта збы́цца?
5.Іісус жа, адказваючы ім, пачаў гаварыць: сцеражы́цеся, каб хто не ўвёў вас у зман.
6.Бо многія пры́дуць пад íмем Маім, ка́жучы, што гэта Я, і многіх увяду́ць у зман.
7.Калі ж пачуеце пра войны і чу́ткі аб войнах, не жаха́йцеся, бо павінна так быць, але гэта яшчэ не канец.
8. Бо паўста́не народ на народ, і царства на царства; і будуць землетрасе́нні ме́сцамі, і будзе голад і сму́ты. Гэта пачатак пакут.
9. Вы ж самі сцеражы́цеся, бо вас будуць аддава́ць на судзíлішчы, і біць у сінагогах, і перад правíцелямі і цара́мі паставяць вас за Мяне, дзе́ля све́дчання ім.
10.І ва ўсіх народах перш павінна быць прапаве́дана Ева́нгелле.
11. Калі ж павяду́ць вас, каб вы́даць, не турбуйцеся за́гадзя, што́ вам сказаць, і не абдумвайце; але што́ да́дзена будзе вам у тую гадзíну, то́е кажыце, бо не вы будзеце гаварыць, а Дух Святы.
12. І вы́дасць брат брата на смерць, і ба́цька – дзіця́, і паўста́нуць дзеці на бацькоў, і заб’юць іх.
13.І бу́дзеце зненавíджаныя ўсімі за імя́ Маё; але хто вы́трывае да канца, той спасёны будзе.
14. Калі ж убачыце мярзо́ту спусташэ́ння, пра якую ска́зана Даніíлам прарокам і якая паўста́не там, дзе не павінна быць, – хто чытае, няхай разумее, – тады тыя, што ў Іудзеі, няхай уцяка́юць у горы;
15.а хто на да́ху, няхай не спуска́ецца ў дом і не ўваходзіць узяць што-небудзь з дома свайго;
16.і хто ў полі, няхай не вярта́ецца назад, каб узяць вопратку сваю.
17.Гора ж цяжа́рным і тым, што кормяць грудзьмí, у тыя дні!
18.Маліцеся ж, каб не зда́рыліся ўцёкі вашы зімою.
19.Бо тыя дні будуць лíхам, якога не было́ ад пачатку стварэ́ння, што стварыў Бог, аж да сёння, і не будзе.
20. І калі б Гасподзь не скарацíў тых дзён, то не ўратава́лася б нія́кая плоць; але дзе́ля абра́ных, якіх вы́браў Ён, скараціў тыя дні.
21.І тады, калі хто скажа вам: “вось, тут Хрыстос” альбо: “вось, там”, – не верце.
22.Бо паўста́нуць ілжэхрысты́ ды лжэпрарокі, і даду́ць знаме́нні і цуды, каб увесці ў зман, калі магчыма, і абра́ных.
23.Вы ж сцеражы́цеся; вось, Я наперад сказаў вам ўсё.
24.Але ў тыя дні, пасля лíха таго, сонца паме́ркне, і месяц не дасць святла свайго,
25.і зоркі з неба будуць па́даць, і сілы, што ў нябёсах, пахісну́цца.
26.І тады ўбачаць Сына Чалавечага, Які пры́йдзе на во́блаках з сілаю многаю і сла́ваю.
27.І тады пашле Ён Ангелаў Сваіх і збярэ абра́ных Сваіх ад чатырох вятроў, ад кра́ю зямлі да кра́ю неба.
28.Ад смакоўніцы навучы́цеся праз параўна́нне: калі голле яе ўжо мякчэ́е і пускае лíсце, вы ведаеце, што блізка лета.
29.Так і вы, калі ўбачыце, што гэта збыва́ецца, ведайце, што блізка, пры дзвярах.
30.Праўду кажу вам: не міне́ род гэты, як усё гэта будзе.
31. Неба і зямля міну́ць, а словы Мае́ не міну́ць.
32.Пра дзень жа той ці гадзíну ніхто не ведае, ні Ангелы на небе, ні Сын, – толькі Айцец.
33. Глядзíце, будзьце пíльныя і маліцеся, бо не ведаце, калі настане той час.
34. Падобна як чалавек, ад’язджа́ючы, пакінуў дом свой і даў слу́гам сваім ула́ду, і кожнаму сваю працу, а брамніку загадаў, каб быў пíльны.
35.Дык будзьце пíльныя; бо не ведаеце, калі пры́йдзе гаспадар дома: уве́чары, ці апоўначы, ці як запяю́ць пеўні, ці раніцаю;
36.каб, прыйшоўшы неспадзява́на, не заста́ў вас у сне.
37.А што вам кажу, усім кажу: будзьце пíльныя.
Раздзел 14
1.А праз два дні была́ Пасха і свята праснако́ў; і шукалі першасвятары́ і кніжнікі, як узяць Яго хітрасцю і забіць;
2.але казалі: толькі не ў свята, каб не было абурэ́ння ў народзе.
3. І калі быў Ён у Віфа́ніі, у доме Сíмана пракажонага, і ўзляжа́ў, – прыйшла жанчына з алеба́стравай пасу́дзінай мíра з на́рду чыстага і шматкашто́ўнага і, разбíўшы пасу́дзіну, узліва́ла Яму на галаву.
4.Былí ж некаторыя, што абу́рыліся і гаварылі паміж сабою: навошта гэтая тра́та мíра?
5.Бо можна было б прадаць яго больш чым за трыста дынарыяў і раздаць убогім. І папракалі яе.
6.Але Іісус сказаў: пакіньце яе, навошта яе бянтэ́жыце? Яна добрую справу зрабіла для Мяне.
7.Бо ўбогіх вы заўсёды ма́еце з сабою і, калі хочаце, можаце дабро ім рабіць; а Мяне не заўсёды ма́еце.
8.Яна зрабіла, што магла: за́гадзя пама́зала Маё це́ла для пахава́ння.
9. Праўду кажу вам: дзе толькі будзе прапаве́дана Ева́нгелле гэтае ва ўсім свеце, дык і пра тое, што́ зрабіла яна, ска́зана будзе ў памяць аб ёй.
10.І пайшоў Іуда Іскарыёт, адзін з двана́ццаці, да першасвятаро́ў, каб вы́даць Яго ім.
11.Яны ж, пачуўшы, узра́даваліся і абяцалі яму даць срэбранікі. І ён шукаў, як пры нагодзе вы́даць Яго.
12. І ў першы дзень праснако́ў, калі прыно́сілі пасхальную ахвяру, кажуць Яму вучні Яго: дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе есці пасху?
13.І пасылае двух з вучняў Сваіх і кажа ім: ідзіце ў горад; і сустрэне вас чалавек, які будзе не́сці збан вады; ідзіце за ім.
14.І, куды ён увойдзе, скажы́це гаспадару́ таго дома: “Настаўнік кажа: дзе святлíца, у якой Мне есці пасху з вучнямі Маімі?”
15.І ён вам пакажа верхні пакой вялікі, засла́ны, гатовы; там прыгату́йце нам.
16.І пайшлі вучні Яго, і прыйшлі ў горад, і знайшлі, як сказаў ім; і прыгатава́лі пасху.
17.І калі звечарэ́ла, прыходзіць Ён з двана́ццаццю.
18.І калі ўзляжа́лі яны і елі, сказаў Іісус: праўду кажу вам, адзін з вас, які есць са Мною, вы́дасць Мяне.
19.Яны ж засмуцíліся і пачалí гаварыць Яму адзін за адным: ці не я? і другі: ці не я?
20.Ён жа сказаў ім у адказ: адзін з двана́ццаці, хто мача́е са Мною ў блю́да.
21. Зрэшты, Сын Чалавечы ідзе, як напíсана пра Яго; але го́ра таму чалавеку, які выдае́ Сына Чалавечага: лепш было б таму чалавеку не радзíцца.
22.І калі яны елі, Іісус, узяўшы хлеб і благаславіўшы, пераламíў і даў ім, і сказаў: прыміце, ежце: гэта Цела Маё.
23.І, узяўшы чашу, узнёс падзяку і даў ім; і пілí з яе ўсе.
24.І сказаў ім: гэта Кроў Мая́ новага запаве́ту, якая за многіх праліва́ецца.
25.Праўду кажу вам, што больш не буду піць ад плоду вінагра́днага да таго дня, калі буду піць новае віно ў Царстве Божым.
26.І, праспяваўшы хвалу́, яны пайшлі на гару́ Елео́нскую.
27.І кажа ім Іісус: усе вы ўсумніце́ся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напíсана: “паражу́ па́стыра і рассе́юцца авечкі”.
28.Але пасля ўваскрасе́ння Майго Я апярэ́джу вас у Галіле́і.
29.А Пётр сказаў Яму: хоць і ўсе ўсумня́цца, але не я.
30.І кажа яму Іісус: праўду кажу табе, што ты сёння, у гэтую ноч, перш чым двойчы заспявае певень, тройчы адрачэ́шся ад Мяне.
31.А ён яшчэ насто́йлівей гаварыў: калі б мне трэба было і паме́рці з Табою, не адраку́ся ад Цябе. Гэтаксама і ўсе гаварылі.
32. І прыйшлі ў мясціну пад назвай Гефсіма́нія, і кажа Ён вучням Сваім: пасядзíце тут, пакуль Я пайду памалю́ся.
33.І бярэ Пятра, Іакава і Іаана з Сабою; і пачаў журы́цца і тужы́ць.
34.І кажа ім: смутку́е душа́ Мая́ смяро́тна; пабу́дзьце тут і не спíце.
35. І, адышоўшы крыху́, упаў на зямлю́ і маліўся, каб, калі магчыма, абміну́ў Яго час гэты;
36.і гаварыў: Авва Ойча! усё магчыма Табе; пранясі чашу гэтую міма Мяне, але не чаго Я хачу, а чаго Ты.
37.І прыхо́дзіць, і знахо́дзіць, што яны спяць, і кажа Пятру: Сíмане, ты спіш? не змог ты адной гадзíны не паспаць?
38.Не спíце і маліцеся, каб не ўпа́сці ў спакусу: дух бадзёры, а плоць не́мачная.
39.І зноў, адышоўшы, маліўся, ка́жучы тое ж слова.
40.І, вярнуўшыся, знайшоў, што зноў яны спяць; бо вочы ў іх ацяжэ́лі; і не ведалі яны, што Яму адказаць.
41. І прыхо́дзіць трэці раз і кажа ім: вы ўсё яшчэ спіце́ і спачыва́еце. Го́дзе, настаў час: вось, аддае́цца Сын Чалавечы ў ру́кі грэшнікаў.
42.Уставайце, хадзе́м; вось, наблізіўся той, хто выдае́ Мяне.
43. І адразу, калі яшчэ Ён гаварыў, прыхо́дзіць Іуда, адзін з двана́ццаці, і з ім мноства людзей з мяча́мі і кала́мі, ад першасвятаро́ў, і кніжнікаў, і старэйшын.
44.А той, хто выдава́ў Яго, даў ім знак, ка́жучы: Каго я пацалую, Той і ёсць, вазьмíце Яго і вядзіце пíльна.
45.І, прыйшоўшы, адразу падышоў да Яго і кажа: Раввí, Раввí! і пацалаваў Яго.
46.А яны ўскла́лі ру́кі свае на Яго і ўзялí Яго.
47.Адзін жа з тых, што стаялі тут, дастаў меч, ударыў раба́ першасвятаровага і адсе́к яму ву́ха.
48.І, звярну́ўшыся да іх, Іісус сказаў: бы́ццам на разбойніка выйшлі вы з мяча́мі і кала́мі, каб узяць Мяне?
49.Штодня́ бываў Я з вамі ў храме, навуча́ючы, і вы не ўзялí Мяне; але няхай збу́дуцца Пісанні.
50.І, пакінуўшы Яго, усе паўцяка́лі.
51.І адзін юнак, накінуўшы палатно на голае це́ла, ішоў за Ім; і юнакí хапа́юць яго.
52.Ён жа, пакінуўшы палатно, голы ўцёк ад іх.
53.І прывялі Іісуса да першасвятара́; і збіраюцца да яго ўсе першасвятары́, і кніжнікі, і старэйшыны.
54.І Пётр воддаль услед за Ім ішоў аж усярэ́дзіну двара́ першасвятаро́вага, і сядзеў са слу́гамі, і грэўся каля агню.
55.А першасвятары́ і ўвесь сінедрыён шукалі све́дчання су́праць Іісуса, каб аддаць Яго на смерць, і не знаходзілі.
56.Бо многія лжыва све́дчылі су́праць Яго, але све́дчанні іх не супада́лі.
57.І некаторыя, устаўшы, ілжыва све́дчылі су́праць Яго, ка́жучы:
58.мы чулі, як Ён казаў: “Я разбуру́ храм гэты рукатво́рны і праз тры дні ўзвяду́ іншы, нерукатворны”.
59.Але і так све́дчанне іх не супада́ла.
60.Тады першасвятар, стаўшы пасярэ́дзіне, спытаў Іісуса, ка́жучы: не адказваеш нічога? што́ яны су́праць Цябе све́дчаць?
61.Ён жа маўчаў і нічога не адказваў. Зноў першасвятар спытаў Яго і кажа Яму: ці Ты Хрыстос, Сын Благаславёнага?
62.Іісус жа сказаў: Я. І вы ўбачыце Сы́на Чалавечага, што сядзíць правару́ч сілы і пры́йдзе на во́блаках нябесных.
63.Першасвятар жа, разадра́ўшы адзе́нне сваё, кажа: якую яшчэ патрэбу мы ма́ем у све́дках?
64.Вы чулі блюзне́рства: як вам здае́цца́ Яны ж усе прысудзíлі, што Ён ва́рты смерці.
65.І пачалí некаторыя пляваць на Яго і, закрываць Яму твар, і біць Яго, і казаць Яму: прароч. І слу́гі білі Яго па шчоках.
66.І калі Пётр быў на двары ўнíзе, падыходзіць адна са служанак першасвятара́
67.і, убачыўшы, як Пётр грэ́ецца, углядзе́лася ў яго і кажа: і ты быў з Назаранíнам Іісусам.
68.Ён жа адрокся, ка́жучы: не ведаю і не разумею, што́ ты гаворыш. і выйшаў адтуль на пярэдні двор; і заспяваў певень.
1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка