Раздзел 1 Пачатак Ева́нгелля Іісуса Хрыста, Сына Божага, 2




старонка2/4
Дата канвертавання01.05.2016
Памер0.66 Mb.
1   2   3   4

18.Бо Іаан казаў Іраду: не нале́жыць табе мець жонку брата твайго.
19.А Ірадыя́да, гне́ваючыся на яго, жада́ла яго забіць, ды не магла.
20. Бо Ірад баяўся Іаана, ведаючы яго як чалавека праведнага і святога, і аберагаў яго, і шмат рабіў, слу́хаючыся яго, і з ахвотаю яго слухаў.
21.І настаў зручны дзень, калі Ірад у гадавіну свайго нараджэння ла́дзіў пір вяльможам сваім, тысячанача́льнікам і старэйшынам Галілейскім,
22. і ўвайшла дачка́ Ірадыя́ды, і танцавала, і дагадзíла Іраду і тым, што ўзляжа́лі з ім. Сказаў цар дзяўчыне: прасі ў мяне чаго хочаш, і дам табе.
23.І пакляўся ёй: чаго ні папросіш у мяне, дам табе, хоць і паўцарства майго.
24.Яна ж выйшла і спытала ў маці сваёй: чаго прасіць? Тая адказала: галаву Іаана Хрысцíцеля.
25. І яна адразу, паспе́шліва ўвайшоўшы да цара, прасіла, ка́жучы: хачу каб ты цяпер жа даў мне на блю́дзе галаву Іаана Хрысцíцеля.
26.І засмуціўся цар, але дзе́ля клятвы і тых, што ўзляжа́лі з ім, не захацеў адмовіць ёй.
27.І адразу, паслаўшы целаахоўніка, цар загадаў прыне́сці галаву яго.
28.Той, пайшоўшы, адсе́к яму галаву ў цямніцы і прынёс на блю́дзе і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала́ яе маці сваёй.
29.І, дачу́ўшыся, вучні яго прыйшлі і ўзялí це́ла яго, і паклалі яго ў магілу.
30.І сабра́ліся апосталы да Іісуса і расказалі Яму ўсё: і што зрабілі, і чаму навучылі.
31. І сказаў ім: пайдзіце вы самі, асобна, у пустэ́льнае месца і адпачнíце крыху́. Бо многія прыхо́дзілі і адыхо́дзілі, так што і паесці ім не было́ калі.
32.І адправіліся яны ў пустэ́льнае месца на лодцы асобна.
33. І ўбачыў народ, як яны адплывалі, і пазналі іх многія, і пехато́ю з усіх гарадоў спяшаліся туды, і апярэ́дзілі іх, і сышлíся да Яго.
34.І, выйшаўшы, убачыў Іісус мноства людзей і пашкадаваў іх, бо яны былí як авечкі без пастыра; і пачаў іх вучы́ць многа.
35.І калі быў ужо час позні, вучні Яго, падышоўшы да Яго, казалі: месца тут пустэ́льнае, і ўжо час позні,
36.адпусці іх, каб пайшлі ў навакольныя вёскі ды се́лішчы і купілі сабе хле́ба, бо не маюць чаго есці.
37. Ён жа ў адказ ім прамовіў: вы ім дайце есці. І кажуць Яму: ці не пайсці нам купíць хлябо́ў дына́рыяў на дзвесце і даць ім есці?
38.Але Ён гаворыць ім: колькі хлябоў ма́еце? ідзіце і паглядзíце. І, даведаўшыся, яны кажуць: пяць хлябо́ў і дзве ры́біны.
39.І загадаў ім рассадзíць усіх групамі на зялёнай траве.
40.І ўзляглí ў рады́ па сто і па пяцьдзесят.
41. І, узяўшы пяць хлябо́ў і дзве ры́біны, узвёўшы вочы на неба, благаславіў і пераламíў хлябы́, і даваў вучням Сваім, каб разносілі ім, і дзве рыбіны падзяліў на ўсіх.
42.І елі ўсе і насы́ціліся.
43.І назбіралі кавалкаў хле́ба дванаццаць поўных кашоў і рэшты ад рыбы.
44.А было тых, што елі хлябы́, каля пяці тысяч мужчын.
45.І адразу прымусіў вучняў Сваіх увайсці ў лодку і адправіцца ўперад Яго на той бок да Віфсаíды, пакуль Ён адпу́сціць людзей.
46.І, адпусціўшы іх, пайшоў на гару памалíцца.
47.І як настаў вечар, лодка была пасярод мора, а Ён адзін на зямлі.
48. І ўбачыў іх, знясíленых веслава́ннем, бо вецер дзьмуў насу́праць ім; і каля чацвёртай ва́рты ночы наблізіўся да іх, ідучы́ па моры, і хацеў абміну́ць іх.
49.Яны ж, убачыўшы, як Ён ідзе па моры, падумалі, што гэта пры́від, і закрычалі.
50.Бо ўсе Яго бачылі і перапалохаліся. і адразу загаварыў з імі і сказаў ім: супакойцеся; гэта Я, не бойцеся.
51.І ўвайшоў да іх у лодку; і вецер суня́ўся. І яны надзвы́чай былі ўзру́шаныя ў сабе і здзіўляліся.
52.Бо не ўразуме́лі таго, што адбыло́ся з хляба́мі, бо сэрца ў іх было́ скамяне́лае.
53.І, перапра́віўшыся, прыбылí ў зямлю Генісарэ́цкую, і прысталі да берага.
54.І калі выйшлі яны з лодкі, адразу людзі пазна́лі Яго, 
55.і, аббегшы ўсё наваколле тое, пачалí на пасцелях прыно́сіць хворых туды, дзе, па чу́тках, быў Ён.
56. І куды б ні прыхо́дзіў Ён, у пасе́лішчы, ці ў гарады, ці ў вёскі, на лю́дных месцах клалі хворых і прасілі Яго, каб хоць да кра́ю адзе́ння Яго дакрану́цца; і тыя, што дакрана́ліся да Яго, уратоўваліся.
Раздзел 7
1.І сабра́ліся да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі з Іерусаліма;
2.і, бачыўшы некаторых з вучняў Яго, як яны елі хлеб нячыстымі, гэта значыць непамы́тымі, рукамі, дакара́лі.
3.Бо фарысеі і ўсе Іудзеі не яду́ць, пакуль не памыюць дбайна рук, трымаючыся пада́ння ста́рцаў;
4. і пасля рынку, пакуль не амы́юцца, не яду́ць. Ёсць і многае іншае, чаго яны прынялí трымацца: абмыва́ння чашаў, і кубкаў, і катлоў, і ла́ваў.
5. Потым пытаюцца ў Яго фарысеі і кніжнікі: чаму вучні Твае не жывуць згодна з пада́ннем ста́рцаў, а непамы́тымі рукамі яду́ць хлеб?
6. А Ён у адказ гаворыць ім: добра прарочыў Іса́ія пра вас, крываду́шных, як напíсана: “людзі гэтыя ву́снамі ўшаноўваюць Мяне, а сэ́рца іх знахо́дзіцца далёка ад Мяне;
7.але ма́рна шануюць Мяне, навучаючы вучэнням, устанаўле́нням чалавечым”.
8. Бо, пакінуўшы за́паведзь Божую, трыма́ецеся вы пада́ння чалавечага, абмыва́ння кубкаў і чашаў ды многае іншае, падобнае да таго, робіце.
9.І казаў ім: хо́раша вы абыхо́дзіце за́паведзь Божую, каб сваё пада́нне захава́ць!
10.Бо Маісей сказаў: “шануй бацьку твайго і маці тваю”, і хто зласло́віць на бацьку альбо маці, няхай смерцю памрэ.
11.А вы гаворыце: калі скажа чалавек бацьку альбо маці: “тое, што ты ад мяне скарыстаў бы, гэта карва́н, што значыць дар Богу”,
12.тады ўжо дазваля́еце яму нічога не рабіць для бацькі альбо для маці сваёй,
13.паруша́ючы слова Божае пада́ннем вашым, якое вы перадаяце́; і многае падобнае да таго робіце.
14.І, паклíкаўшы ўсіх людзей, казаў ім: паслухайце Мяне ўсе і зразуме́йце.
15.Няма нічога, што, увахо́дзячы ў чалавека зво́нку, магло б апага́ніць яго; але што выходзіць з яго, тое апага́ньвае чалавека.
16.Калі хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!
17.І калі ад людзей Ён увайшоў у дом, спыталіся ў Яго вучні Яго аб прытчы.
18.І сказаў ім: няўжо і вы такія неразумныя? Хіба́ не разумееце, што ўсё тое, што зво́нку ўваходзіць у чалавека, не можа апага́ніць яго?
19.Бо не ў сэ́рца яго ўваходзіць, а ў чэ́рава, і выходзіць прэч, таму ўсякая ежа чыстая.
20.І казаў: тое, што выходзіць з чалавека, апага́ньвае чалавека;
21.Бо знутры́, з сэ́рца чалавечага по́мыслы ліхíя выходзяць, пралюбадзе́йствы, блуд, забойствы,
22.крадзяжы́, ліхвя́рства, злоба, кава́рства, распу́снасць, вока зайздроснае, блюзне́рства, ганарлíвасць, шале́нства;
23.усё гэтае зло знутры́ выхо́дзіць і апага́ньвае чалавека.
24. І, ру́шыўшы адтуль, пайшоў у землі Ты́рскія і Сідо́нскія; і, увайшоўшы ў дом, не хацеў, каб хто даведаўся; але не змог утаíцца.
25.Бо пачула пра Яго жанчына, дачка́ якой ме́ла ў сабе нячыстага духа, і, прыйшоўшы, упа́ла да ног Яго;
26.а жанчына тая была́ язычніца, Сірафінікія́нка родам; і прасіла Яго, каб вы́гнаў дэмана з яе дачкí.
27.Але Іісус сказаў ёй: дай перш насы́ціцца дзе́цям, бо нядобра ўзяць хлеб ад дзяцей і кінуць сабачаня́там.
28.Яна ж у адказ гаворыць Яму: так, Госпадзі! але і сабачаня́ты пад сталом ядуць крошкі ў дзяцей.
29.І сказаў ёй: за гэтыя словы ідзі, выйшаў дэман з дачкí тваёй.
30.І, прыйшоўшы ў дом свой, яна знайшла, што дэман выйшаў і дачка́ ляжы́ць на пасцелі.
31.І зноў, выйшаўшы з межаў Ты́рскіх і Сідо́нскіх, прыйшоў Іісус да мора Галіле́йскага ў землі Дзесяцігаро́ддзя.
32.І прыво́дзяць да Яго глухога коснаязы́кага і просяць, каб Ён усклаў руку́ на яго.
33.І, адвёўшы яго ад народу ўбок, улажы́ў пальцы Свае ў ву́шы яго і, плюнуўшы, дакрану́ўся да языка яго;
34.і, узвёўшы вочы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: “эффафа́”, што значыць: “адкры́йся”.
35.І адразу адкры́ліся вушы яго і развяза́ліся пу́ты яго языка́, і пачаў гаварыць выра́зна.
36.І загада́ў ім, каб не казалі нікому. Але чым больш Ён зага́дваў ім, тым больш абвяшчалі.
37.І надзвычай здзіўляліся, ка́жучы: добра ўсё зрабіў: і глухім дае чуць, і нямы́м гаварыць.
Раздзел 8
1.У тыя дні, калі сабра́лася многа народу і не ме́лі чаго есці, Іісус, паклíкаўшы вучняў Сваіх, кажа ім:
2.шкада Мне людзей, што ўжо тры дні застаюцца са Мною, і не ма́юць чаго есці.
3.І калі адпушчу іх дадому галоднымі, аслабеюць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёку.
4.І адказалі Яму вучні Яго: адкуль можа хто накарміць іх хле́бам тут, у пусты́ні?
5.І спытаў у іх: колькі ў вас хлябо́ў? Яны адказалі: сем.
6. Тады загадаў лю́дзям узле́гчы на зямлі; і, ўзяўшы сем хлябо́ў, узнёсшы падзяку, пераламíў, і даў вучням Сваім, каб раздавалі; і яны раздалí лю́дзям.
7.І ме́лі некалькі ры́бінак: і благаславіўшы, Ён загадаў і іх раздаць.
8.І елі, і насы́ціліся; і назбіралі рэ́шты кавалкаў сем кашоў.
9.А было́ тых, што елі, каля чатырох тысяч. І адпусцíў іх.
10.І адразу ўвайшоў у лодку і прыбы́ў з вучнямі Сваімі ў ме́жы Далману́фскія.
11.І выйшлі фарысеі і пачалí спрачацца з Ім, дамага́ючыся ад Яго знаме́ння з неба, спакуша́ючы Яго.
12. І Ён, уздыхну́ўшы духам Сваім, кажа: нашто род гэты знаме́ння патрабу́е? Праўду кажу вам: не будзе да́дзена роду гэтаму знаме́нне.
13.І, пакíнуўшы іх, зноў увайшоў у лодку і адправіўся на той бок.
14.І забы́ліся вучні Яго ўзяць хлябо́ў, і акрамя аднаго хлеба не ме́лі з сабой у лодцы.
15.І Ён наказаў ім, гаворачы: глядзíце, сцеражы́цеся заква́скі фарысейскай і заква́скі Ірадавай.
16.І разважа́лі між сабой, ка́жучы: гэта значыць, што хлябоў у нас няма.
17. І, ве́даючы, Іісус кажа ім: чаму разважа́еце, што хлябоў няма ў вас? Няўжо яшчэ не адчуваеце і не разумееце? Няўжо дагэ́туль скамяне́лае сэ́рца ваша?
18.Вочы ма́ючы, не бачыце? ву́шы ма́ючы, не чуеце? і не па́мятаеце?
19.Калі пяць хлябоў пераламíў Я на пяць тысяч, колькі поўных кашоў кавалкаў назбіра́лі вы? Кажуць Яму: дванаццаць.
20.А калі сем хлябоў на чатыры тысячы, колькі поўных кашоў кавалкаў вы набра́лі? Яны ж адказалі: сем.
21.І сказаў ім: як жа не разумееце?
22.І прыхо́дзіць у Віфсаíду. І прыводзяць да Яго сляпога і просяць, каб да яго дакрануўся.
23. І, узяўшы за руку́ сляпога, вы́веў яго за пасе́лішча і, плюнуўшы на вочы яму, усклаўшы ру́кі на яго, пытаўся ў яго, ці бачыць што.
24.Той, агле́дзеўшыся, сказаў: бачу людзей, нíбы дрэвы, што ходзяць.
25.Потым зноў усклаў ру́кі на вочы яго і зрабіў яго віду́шчым. І ацалíўся той, і стаў бачыць усё выра́зна.
26.І адаслаў яго ў дом, ка́жучы: у пасе́лішча не заходзь і не расказвай нікому ў пасе́лішчы.
27. І пайшоў Іісус з вучнямі Сваімі ў пасе́лішчы Кесары́і Філіпавай. І дарогаю пытаўся ў вучняў Сваіх, ка́жучы ім: за каго Мяне прыма́юць людзі?
28.А яны адказалі: за Іаана Хрысцíцеля, іншыя – за Ілію́, а іншыя – за аднаго з прарокаў.
29.Ён сказаў ім: а вы за каго прыма́еце Мяне? І ў адказ Пётр сказаў Яму: Ты – Хрыстос.
30.І загадаў ім, каб нікому не гаварылі пра Яго.
31. І пачаў вучы́ць іх, што Сыну Чалавечаму нале́жыць многа адпаку́таваць, быць адры́нутым старэйшынамі, і першасвятара́мі, і кніжнікамі, і забітым быць, і на трэці дзень уваскрэ́снуць.
32.І казаў пра гэта адкрыта. І Пётр, адвёўшы Яго, пачаў адгаво́рваць Яго.
33. А Ён, абярну́ўшыся і паглядзе́ўшы на вучняў Сваіх, забараніў Пятру, ка́жучы: адыдзí ад Мяне, сатана, бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае.
34.І, паклíкаўшы людзей з вучнямі Сваімі, сказаў ім: хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэ́цца ад сябе і во́зьме крыж свой, і ўслед за Мной ідзе.
35.Бо хто хоча душу́ сваю ўратава́ць, той загу́біць яе; а хто загу́біць душу́ сваю дзе́ля Мяне і Ева́нгелля, той урату́е яе.
36.Бо якую кары́сць будзе мець чалавек, калі ён здабу́дзе ўвесь свет, а пашко́дзіць душы́ сваёй?
37.Альбо які вы́куп дасць чалавек за душу́ сваю?
38. Бо хто пасаро́меецца Мяне і слоў Маіх перад родам гэтым пралюбадзе́йным і грэшным, таго і Сын Чалавечы пасаро́меецца, калі пры́йдзе ў славе Айца Свайго з Ангеламі святымі.
Раздзел 9
1. І сказаў ім: праўду кажу вам, ёсць сярод тых, што стаяць тут, некато́рыя, хто не зазна́е смерці, пакуль не ўбачыць Царства Божага, якое пры́йдзе ў сіле.
2.І праз шэсць дзён узяў Іісус Пятра, Іакава ды Іаана і ўзвёў іх на гару́ высокую адных асобна, і перамянíўся перад імі.
3.І ўбра́нне Яго стала бліску́чым і надзвы́чай белым, як снег, такім, як бялíльшчык на зямлі не можа вы́беліць.
4.І явіўся ім Ілія́ з Маісе́ем; і размаўлялі з Іісусам.
5.І, азва́ўшыся, Пётр сказаў Іісусу: Раввí! добра нам тут быць, зробім тры шатры́, Табе адзін, Маісе́ю адзін і адзін Іліí.
6.Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны былí перапало́ханы.
7.І ўзнíкла во́блака, ахіна́ючы іх, і з во́блака пачуўся голас: гэта Сын Мой Узлю́блены; Яго слухайце.
8.І нечакана, агле́дзеўшыся наво́кал, нікога больш не ўбачылі, толькі Іісуса аднаго каля сябе.
9.І калі яны сыходзілі з гары, загадаў ім нікому не казаць, што́ бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.
10.І захава́лі ў сабе гэтае сло́ва, разважа́ючы між сабой: што значыць “уваскрэ́снуць” з мёртвых?
11.І пыталіся ў Яго, ка́жучы: як гэта кніжнікі гавораць, што Ілія́ павінен прыйсцí ране́й?
12. А Ён сказаў ім у адказ: Ілія́ сапраўды́, прыйшоўшы ране́й, узно́віць усё; а як жа напíсана пра Сына Чалавечага, – што многа адпаку́туе і знява́жаны будзе?
13.Але кажу вам, што і Ілія́ прыйшоў, і ўчынíлі з ім, што хацелі, як напíсана пра яго.
14.І, прыйшоўшы да вучняў, убачыў шмат народу вакол іх і кніжнікаў, што спрача́ліся з імі.
15.І адразу ўвесь народ, убачыўшы Яго, ура́зіўся і, падбягаючы, віталі Яго.
16.І спытаўся Ён у кніжнікаў: пра што спрача́ецеся з імі?
17.Адзін з натоўпу сказаў у адказ: Настаўнік! я прывёў да Цябе сы́на майго, які ма́е ў сабе духа нямога;
18. і дзе ні схо́піць яго, кíдае яго, і ён пену пускае і скрыго́ча зубамі і дранцве́е; і прасіў я вучняў Тваіх, каб вы́гналі яго, ды яны не змаглі.
19.Адказваючы яму, Іісус кажа: о, родзе бязве́рны! даку́ль буду з вамі? даку́ль буду цярпець вас? прывядзіце яго да Мяне.
20.І прывялі таго да Яго. І, убачыўшы Яго, дух адразу затрос таго, і той, упаўшы на зямлю, качаўся, пуска́ючы пену.
21.І запытаўся Іісус у ба́цькі яго: як даўно гэта зда́рылася з ім. Той жа сказаў: з дзяцінства;
22.і часта дух і ў агонь кíдаў яго, і ў ваду, каб загубíць яго; але, як што можаш, дапамажы́ нам, зжа́ліўшыся над намі.
23.А Іісус сказаў яму: калі можаш ве́раваць, усё магчыма для таго, хто веруе.
24.І адразу, усклíкнуўшы, хло́пцаў бацька са слязьмí сказаў: верую, Госпадзі! памажы́ майму няве́р’ю!
25. Іісус, убачыўшы, што збягаецца народ, забаранíў духу нячыстаму, ка́жучы яму: дух нямы і глухі, Я зага́дваю табе, вы́йдзі з яго і больш не ўваходзь у яго!
26.І, ускры́кнуўшы і моцна скалану́ўшы яго, той выйшаў; а ён зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі: ён памёр.
27.Але Іісус, узяўшы яго за руку́, падняў яго; і ён устаў.
28.І калі ўвайшоў Іісус у дом, вучні Яго пыталіся ў Яго асобна: чаму мы не здо́лелі вы́гнаць яго?
29.І сказаў ім: гэты род ні ад чаго іншага не можа вы́йсці, толькі ад малітвы і по́сту.
30.І, вы́йшаўшы адтуль, прахо́дзілі праз Галіле́ю, і Ён не хацеў, каб хто даве́даўся.
31. Бо навуча́ў вучняў Сваіх і гаварыў ім, што Сын Чалавечы адда́дзены будзе ў ру́кі чалавечыя і заб’юць Яго, і, забіты, Ён на трэці дзень уваскрэ́сне.
32.Але яны не разумелі гэтага слова, і баяліся ў Яго спытацца.
33.І прыйшоў у Капернау́м; і калі ў доме быў, запытаўся ў іх: пра што дарогай вы разважа́лі між сабою?
34.Яны ж маўчалі, бо ў дарозе спрача́ліся адзін з адным, хто бо́льшы.
35.І, сеўшы, паклíкаў дванаццаць і сказаў ім: калі хто хоча першым быць, няхай будзе з усіх апошнім і ўсім слугою.
36.І, узяўшы дзіця́, паставіў яго пасярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім:
37. хто пры́ме адно з такіх дзяце́й у імя́ Маё, той Мяне пры́ме, а хто Мяне пры́ме, той не Мяне прыма́е, але Таго, Хто паслаў Мяне.
38. Азва́ўся да Яго Іаан, гаворачы: Настаўнік! мы бачылі чалавека, што íмем Тваім выганяе дэманаў, але не хо́дзіць за намі, і мы забаранíлі яму, бо не хо́дзіць за намі.
39.Іісус жа сказаў: не забараня́йце яму, бо няма таго, хто стварыў бы цуд у імя́ Маё і мог бы неўзаба́ве знява́жыць Мяне.
40.Бо хто не су́праць вас, той за вас.
41.І хто напо́іць вас чашай вады ў імя́ таго, што вы Хрыстовы, праўду кажу вам, той не стра́ціць узнагароды сваёй.
42. А хто спаку́сіць аднаго з малы́х гэтых, што ве́руюць у Мяне, таму ле́пей было́ б, калі б павесілі жарнавы́ ка́мень на шыю яго і ўкінулі яго ў мора.
43.І калі спакуша́е цябе рука твая, адсячы́ яе: ле́пей табе кале́кам увайсці ў жыццё, чым, дзве рукí ма́ючы, пайсці ў гее́ну, у агонь незгаса́льны,
44.дзе чарвяк іх не ўмірае і агонь не згаса́е.
45. І калі нага твая спакуша́е цябе, адсячы́ яе: ле́пей табе ўвайсці ў жыццё кульга́вым, чым, дзве нагі маючы, быць укінутым у гее́ну, у агонь незгаса́льны,
46.дзе чарвяк іх не ўмірае і агонь не згаса́е.
47. І калі вока тваё спакуша́е цябе, вы́рві яго: ле́пей табе аднавокім увайсці ў Царства Божае, чым, два во́кі маючы, быць укíнутым у гее́ну вогненную,
48.дзе чарвяк іх не ўмірае і агонь не згаса́е.
49.Бо кожны агнём асо́ліцца і кожная ахвяра соллю асо́ліцца.
50.Добрая рэч – соль; але калі соль несалёнай стане, чым яе папра́віце? Ма́йце соль у сабе, і мір ма́йце між сабою.
Раздзел 10
1. І, вы́йшаўшы адтуль, прыхо́дзіць у ме́жы Іудзеі стараной заіарда́нскай. І збіраюцца зноў да Яго натоўпы, і, як звыча́йна, зноў вучыў іх.
2.І, падышоўшы, фарысеі спыталіся ў Яго, спакуша́ючы Яго: ці дазволена му́жу разво́дзіцца з жонкай?
3.Ён жа сказаў ім у адказ: што запаве́даў вам Маісей?
4.Яны сказалі: Маісей дазволіў напісаць разво́дны ліст і разво́дзіцца.
5.І, адка́зваючы, Іісус сказаў ім: з-за жорсткасці сэ́рца вашага ён напісаў вам гэтую за́паведзь;
6.але ад пачатку стварэння мужчынам і жанчынай ствары́ў іх Бог.
7.Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці
8.і прыле́піцца да жонкі сваёй, і будуць двое пло́ццю адною, так што яны ўжо не двое, а адна плоць.
9.Дык вось, што́ Бог злучы́ў, таго чалавек няхай не разлуча́е.
10.І ў доме вучні Яго зноў пра гэта спыталіся ў Яго.
11.І сказаў ім: хто развядзе́цца з жонкаю сваёю і ажэ́ніцца з іншаю, той пралюбадзе́йнічае су́праць яе;
12.і калі жонка развядзе́цца з мужам сваім і выйдзе замуж за іншага, пралюбадзе́йнічае.
13.І прыно́сілі да Яго дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх, а вучні забаранялі тым, што прыносілі.
14. Убачыўшы, Іісус разгневаўся і сказаў ім: пусцíце дзяцей прыхо́дзіць да Мяне і не перашкаджа́йце ім; бо такім нале́жыць Царства Божае.
15.Праўду кажу вам: хто не пры́ме Царства Божага, як дзіця́, той не ўвойдзе ў яго.
16.І, абняўшы іх, усклаў ру́кі на іх і благаславіў іх.
17. І калі выходзіў Ён у дарогу, падбе́г нехта і, упаўшы на калені перад Ім, спытаўся ў Яго: Настаўнік Добры! што мне рабіць, каб унасле́даваць жыццё вечнае?
18.Іісус жа сказаў яму: чаму ты называеш Мяне добрым? Ніхто не добры, толькі адзін Бог.
19.Ведаеш за́паведзі: “не пралюбадзе́йнічай; не забівай; не крадзь; не сведчы лжыва; не крыўдзі; шануй бацьку твайго і маці”.
20.Ён жа сказаў Яму ў адказ: Настаўнік! усё гэта захава́ў я з юнацтва майго.
21. Іісус жа, глянуўшы на яго, палюбíў яго і сказаў яму: аднаго табе не хапа́е: ідзі, усё, што маеш, прадай і раздай убогім; і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь, і ідзі за Мною, узя́ўшы крыж.
22.А той, азмро́чаны гэтым словам, адышоў у сму́тку, бо меў вялікую маёмасць.
23.І, паглядзе́ўшы навокал, кажа Іісус вучням Сваім: як цяжка будзе тым, хто ма́е багацце, увайсці ў Царства Божае.
24. Вучні жаха́ліся ад слоў Яго. А Іісус зноў у адказ кажа ім: дзеці! як цяжка тым, хто спадзяе́цца на багацце, увайсці ў Царства Божае.
25.Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае.
26.Яны ж надзвы́чай здзіўляліся, гаворачы між сабою: хто ж тады можа спасцíся?
27.Паглядзеўшы на іх, Іісус сказаў: лю́дзям гэта немагчыма, але не Богу, бо ўсё магчыма Богу.
28.Пачаў Пётр гаварыць Яму: вось мы пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою.
29. Іісус сказаў у адказ: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сясцёр, ці бацьку, ці маці, ці жонку, ці дзяцей, ці палí, дзе́ля Мяне і дзе́ля Ева́нгелля,
30.і не атрымае цяпер, у час гэты, пры гане́ннях, у сто разоў больш дамоў і братоў, і сясцёр, і бацькоў, і маці, і дзяцей, і палёў, а ў веку наступным жыцця́ вечнага;
31.многія ж першыя будуць апошнімі, і апошнія першымі.
32. Былí ж яны ў дарозе, узыходзячы ў Іерусалім, і папе́радзе іх ішоў Іісус, а яны жаха́ліся і, услед ідучы́, былí ў стра́ху. І узяўшы зноў дванаццаць, пачаў ім гаварыць, што́ з Ім ма́е адбыцца:
33. вось мы ўзыходзім у Іерусалім, і Сын Чалавечы будзе вы́дадзены першасвятара́м і кніжнікам, і асу́дзяць Яго на смерць, і вы́дадуць Яго язычнікам;
34.і наглумя́цца над Ім, і будуць бічава́ць Яго і плява́ць на Яго, і заб’юць Яго; і на трэці дзень уваскрэ́сне.
35.І падышлі да Яго Іакаў і Іаан, сыны́ Зевядзе́евы, ка́жучы: Настаўнік! хочам, каб Ты зрабіў нам тое, што папросім.
1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка