Раздзел 1 Пачатак Ева́нгелля Іісуса Хрыста, Сына Божага, 2




старонка1/4
Дата канвертавання01.05.2016
Памер0.66 Mb.
  1   2   3   4


СВЯТОЕ ЕВАНГЕЛЛЕ ПАВОДЛЕ МАРКА
Раздзел 1
1.Пачатак Ева́нгелля Іісуса Хрыста, Сына Божага,
2.як напíсана ў прарокаў: “вось, Я пасылаю Ангела Майго перад аблíччам Тваім, які падрыхту́е шлях Твой перад Табою”.
3. “Голас таго, хто кліча ў пусты́ні: падрыхту́йце шлях Госпаду, про́стымі зрабіце сце́жкі Яму”.
4.З’явіўся Іаан, хры́сцячы ў пусты́ні і прапаведуючы хрышчэнне пакая́ння дзе́ля адпушчэ́ння грахоў.
5. І выхо́дзілі да яго ўся краіна Іудзейская ды Іерусалíмляне, і хрысцíліся ад яго ўсе ў рацэ́ Іардане, спавяда́ючыся ў грахах сваіх.
6.Іаан жа насіў вопратку з вярблю́джага воласу і скураны́ пояс на паяснíцы сваёй і еў акры́ды* і дзікі мёд.
7.І прапаве́даваў, ка́жучы: ідзе за мною Мацнейшы за мяне, у Якога я нява́рты, нахілíўшыся, развязаць раме́нь абутку Яго;
8.я хрысцíў вас вадою, а Ён будзе хрысцíць вас Духам Святым.
9.І было́ ў тыя дні, прыйшоў Іісус з Назарэта Галіле́йскага і хрысцíўся ад Іаана ў Іардане.
10.І калі выхо́дзіў з вады, убачыў адразу Іаан, што раскрываюцца нябёсы і Дух як голуб сыходзіць на Яго.
11.І голас быў з нябёсаў: Ты Сын Мой узлю́блены, Якога Я ўпадаба́ў.
12.І адразу Дух вядзе Яго ў пусты́ню.
13.І быў Ён там у пусты́ні сорак дзён, спакуша́ны сатаною, і быў са звярамі. І Ангелы служы́лі Яму.
14.Пасля ж таго, як узя́ты быў Іаан, прыйшоў Іісус у Галіле́ю, прапаве́дуючы Ева́нгелле Царства Божага
15.і ка́жучы, што споўніўся час і наблізілася Царства Божае: пака́йцеся і веруйце ў Ева́нгелле.
16. А ідучы́ каля мора Галіле́йскага, убачыў Сíмана і Андрэя, брата Сíманавага, якія закідвалі мярэ́жы ў мора, бо яны былí рыбаловы.
17.І сказаў ім Іісус: ідзіце за Мною, і Я зраблю, што вы будзеце лаўца́мі людзе́й.
18.І яны адразу, пакінуўшы мярэ́жы свае, пайшлі ўслед за Ім.
19.І, прайшоўшы крыху́ адтуль, Ён убачыў Іакава Зевядзе́евага і Іаана, брата яго, як яны, таксама ў лодцы, ла́дзілі мярэ́жы;
20.і адразу паклíкаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зевядзе́я ў лодцы з работнікамі, пайшлі за Ім.
21.І прыходзяць у Капернау́м; і неўзаба́ве ў суботу ўвайшоў Ён у сінагогу і вучыў.
22.І здзіўля́ліся вучэнню Яго; бо Ён вучыў іх, як той, хто ма́е ўла́ду, а не як кніжнікі.
23.І быў у сінагозе іхняй чалавек у духу нячыстым, і закрычаў ён,
24.ка́жучы: пакінь, што́ Табе да нас, Іісусе Назаранíне? Ты прыйшоў загубíць нас; ведаю Цябе, хто Ты, Святы́ Божы.
25.Але Іісус забаранíў яму, ка́жучы: змоўкні і выйдзі з яго.
26.І дух нячысты, скалану́ўшы яго і ўскры́кнуўшы моцным голасам, выйшаў з яго.
27. І жахну́ліся ўсе, так што пыталіся адзін у аднаго, гаворачы: што гэта́ за новае вучэнне, што Ён з ула́даю і духам нячыстым зага́двае, і яны слухаюцца Яго?
28.І разне́слася чутка пра Яго адразу па ўсіх ваколіцах Галіле́і.
29.І адразу, вы́йшаўшы з сінагогі, яны прыйшлі ў дом Сíмана і Андрэя з Іакавам і Іаанам.
30.А це́шча Сíманава ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе.
31.І, падышоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку́; і гарачка адразу пакінула яе, і яна прыслу́жвала ім.
32.А як вечарэ́ла і сонца зайшло, прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанава́ных дэманамі.
33.І ўвесь горад сабраўся да дзвярэй.
34. І Ён ацаліў многіх, якія пакутавалі ад розных хвароб, і дэманаў многіх вы́гнаў, і не дазваляў дэманам гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.
35.А раніцай, калі было яшчэ вельмі цёмна, Ён, устаўшы, выйшаў; і пайшоў у пустэ́льнае месца, і там маліўся.
36.І паспяша́ліся ўслед Яму Сíман і тыя, што былí з ім.
37.І, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: усе шукаюць Цябе.
38.І кажа Ён ім: хадзе́м у бліжэйшыя вёскі і гарады, каб Мне і там прапаве́даваць; бо на тое Я і выйшаў.
39.І Ён прапаве́даваў у сінагогах іхніх па ўсёй Галіле́і і дэманаў выганя́ў.
40.І прыхо́дзіць да Яго пракажоны, просячы Яго і на калені па́даючы перад Ім, кажа Яму: калі Ты хочаш, можаш ачы́сціць мяне.
41.Іісус жа, злíтаваўшыся над ім, працягнуў руку́, дакрану́ўся да яго і кажа яму: хачу, ачы́сціся.
42.І калі сказаў Ён, адразу сышла з яго праказа, і ён стаў чысты.
43.І, звярну́ўшыся да яго сурова, Ён адразу адаслаў яго,
44. і кажа яму: глядзі, нікому нічога не гавары; а ідзі, пакажы́ся святару і прынясі за ачышчэнне тваё, што загадаў Маісей, дзе́ля све́дчання ім.
45.А ён, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшча́ць і распавяда́ць, так што Іісус ужо не мог адкрыта ўвайсці ў горад, а быў звонку, у пустэ́льных мясцінах. І прыхо́дзілі да Яго адусюль.
Раздзел 2
1.І прыйшоў Ён зноў у Капернау́м праз некалькі дзён, і чу́тна стала, што Ён у доме.
2.І адразу сабра́ліся многія, так што не ўмяшчаліся ўжо і пры дзвярах, і Ён казаў ім слова.
3.І прыйшлі, несучы́ да Яго спаралізава́нага, якога трымалі на руках чацвёра;
4.і, не ма́ючы як наблíзіцца да Яго з-за натоўпу, яны раскры́лі дах над тым месцам, дзе Ён быў, і, пракапа́ўшы, апусцíлі пасцель, на якой ляжаў спаралізава́ны.
5.І, убачыўшы веру іх, Іісус кажа спаралізава́наму: сы́не, адпускаюцца твае грахі.
6.Сядзелі ж тут некаторыя з кніжнікаў і разважа́лі ў сэ́рцах сваіх:
7.што́ Ён гэтак блюзне́рыць? хто можа адпускаць грахі, акрамя аднаго Бога?
8.І адразу Іісус, спазна́ўшы духам Сваім, што яны так разважа́юць у сабе, кажа ім: што́ гэта вы разважа́еце ў сэ́рцах вашых?
9.што лягчэй? сказаць спаралізава́наму: “адпускаюцца твае грахі” ці сказаць: “устань, і вазьмі пасцель тваю, і хадзі”?
10.Але каб вы ведалі, што ма́е ўла́ду Сын Чалавечы на зямлі адпуска́ць грахі, – кажа спаралізава́наму:
11.табе кажу: устань, і вазьмі пасцель тваю, і ідзі ў дом твой.
12. І адразу ўстаў той, і, узяўшы пасцель, выйшаў перад усімі, так што здзіўля́ліся ўсе і сла́вілі Бога, ка́жучы: ніколі такога мы не бачылі.
13.І выйшаў Іісус зноў да мора; і ўвесь народ ішоў да Яго, і Ён вучыў іх.
14. І, праходзячы, ўбачыў Ён Левíя Алфе́евага, які сядзеў на мы́тні, і кажа яму: ідзі ўслед за Мною. І той, устаўшы, пайшоў услед за Ім.
15. І калі Іісус узляжа́ў у доме яго, многія мы́тнікі і грэшнікі ўзляжа́лі з Іісусам і з вучнямі Яго; бо многа было іх, якія ішлі ўслед за Ім.
16. І кніжнікі і фарысеі, убачыўшы, што Ён есць з мы́тнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Яго: як гэта з мы́тнікамі і грэшнікамі Ён есць і п’е?
17. І, пачуўшы, Іісус кажа ім: не здаровыя ма́юць патрэ́бу ў ле́кары, а хворыя; Я прыйшоў заклíкаць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакая́ння.
18. Вучні Іаанавы і фарысейскія пасцíлі. І прыходзяць і кажуць Яму: чаму вучні Іаанавы і фарысейскія по́сцяць, а Твае вучні не по́сцяць?
19.І сказаў ім Іісус: хіба́ могуць пасцíць сыны́ харо́маў вясе́льных, калі з імі жаніх? дакуль жаніх з імі, не могуць пасцíць;
20.але пры́йдуць дні, калі будзе ўзя́ты ад іх жаніх, і тады будуць пасцíць у тыя дні;
21. ніхто латкі з тканіны суровай не прышывае да адзе́жыны старо́й, інакш прышы́тым парве́цца старо́е, і дзірка будзе яшчэ горшая;
22. і ніхто не ўліва́е віно маладое ў мяхí старыя: інакш прарве віно маладое мяхí, і віно вы́цеча, і мяхí прападу́ць; а віно малодае ў мяхí новыя ўліваць трэба.
23.І давяло́ся Яму ў суботу прахо́дзіць пасевамі, і пачалí вучні Яго дарогаю зрываць калоссе.
24.І фарысеі казалі Яму: паглядзі, чаму яны робяць у суботу, што не дазволена?
25.І Ён кажа ім: ці ж вы ніколі не чыталі, што́ зрабіў Давід, калі патрэбу меў і згалада́ўся сам і тыя, што былí з ім?
26.як ён увайшоў у дом Божы пры Авіяфа́ры-першасвятары́ і з’еў ахвя́рныя хлябы́, якіх не дазволена было́ есці нікому, акрамя святароў, і даў таксама тым, што былí з ім.
27.І казаў ім: субота ўзнікла дзе́ля чалавека, а не чалавек дзе́ля суботы.
28.Таму Сын Чалавечы ёсць гаспадар і суботы.
Раздзел 3
1.І прыйшоў зноў у сінагогу. І быў там чалавек, які меў усо́хлую руку́.
2.І сачы́лі за Ім, ці не ацалíць яго ў суботу, каб абвінава́ціць Яго.
3.І кажа Ён чалавеку, што меў усо́хлую руку́: стань пасярэ́дзіне.
4.А ім кажа: ці дазволена ў суботу дабро рабіць, альбо зло рабіць? душу́ ўратаваць альбо загубíць? Яны ж маўчалі.
5. І, паглядзеўшы на іх з гневам, засму́чаны жорсткасцю сэрцаў іх, кажа чалавеку: працягні руку́ тваю. І працягнуў ён, і стала рука яго здаровай, як другая.
6.І, вы́йшаўшы, фарысеі адразу ўчынíлі з ірадыянамі змову су́праць Яго, як Яго загубíць.
7.Іісус жа з вучнямі Сваімі адышоў да мора, і мноства народу з Галіле́і пайшло за Ім, і з Іудзеі,
8. і з Іерусаліма, і з Ідуме́і, і з-за Іардана. І з навако́лляў Ты́ра і Сідо́на мноства вялікае, пачуўшы, што Ён рабіў, прыйшло да Яго.
9.І сказаў вучням Сваім, каб лодка была́ для Яго напагато́ве, каб натоўп не цясніў Яго.
10.Бо многіх Ён ацаліў, так што нядужныя кíдаліся да Яго, каб да Яго дакрану́цца.
11.І духі нячыстыя, калі бачылі Яго, па́далі перад Ім і крычалі, ка́жучы: Ты – Сын Божы.
12.І Ён строга забараня́ў ім абвяшча́ць пра Яго.
13.І ўзышоў на гару, і паклíкаў, каго Сам хацеў; і прыйшлі да Яго.
14.І паставіў дванаццаць, каб былí з Ім і каб пасыла́ць іх прапаве́даваць,
15.і каб яны ме́лі ўладу ацаля́ць не́мачы і выганя́ць дэманаў.
16.Паставіў Сíмана, даўшы яму імя́ Пётр,
17.і Іакава Зевядзе́евага і Іаана, брата Іакава, да́ўшы ім імёны Ваане́ргес, што азначае “сыны́ громавы”;
18.і Андрэя, і Філіпа, і Варфаламе́я, і Матфея, і Фаму́, і Іакава Алфе́евага, і Фадзе́я, і Сíмана Кананíта,
19.і Іуду Іскарыёта, які і вы́даў Яго.
20.І прыйшлі ў дом, і сабраўся зноў народ, так што яны не маглі нават хле́ба паесці.
21.І, дачу́ўшыся, блізкія Яго вы́йшлі забраць Яго; бо казалі, што Ён не ў Сабе.
22.А кніжнікі, якія прыйшлі з Іерусаліма, казалі, што Ён ма́е ў Сабе веельзеву́ла і што сілай князя дэманскага выганя́е дэманаў.
23.І, паклíкаўшы іх, прытчамі казаў ім: як можа сатана сатану выганя́ць?
24.І калі царства раздзе́ліцца самое ў сабе, не можа ўстая́ць царства тое;
25.і калі дом раздзе́ліцца сам у сабе, не можа ўстая́ць дом той;
26.і калі сатана паўстаў сам на сябе і раздзялíўся, не можа ўстая́ць, але прыйшоў канец яму.
27.Ніхто не можа, увайшоўшы ў дом дужага, нарабава́ць дабра яго, калі перш не звя́жа дужага, і тады абрабу́е дом яго.
28. Праўду кажу вам: адпу́шчаны будуць сына́м чалавечым усе грахі і блюзне́рствы, якімі б ні блюзне́рылі,
29.але хто будзе блюзне́рыць на Духа Святога, не будзе мець адпушчэ́ння даве́ку, а падляга́е вечнаму асуджэ́нню.
30.Так казаў Ён, бо гаварылі: Ён духа нячыстага ма́е ў Сабе.
31.І прыйшлі Маці Яго і браты Яго і, сто́ячы на дварэ, паслалі да Яго паклíкаць Яго.
32.І сядзеў народ вакол Яго. і сказалі Яму: вось Маці Твая, і браты Твае, і сёстры Твае на дварэ, шукаюць Цябе.
33.І адказаў ім, гаворачы: хто Маці Мая́ і браты Мае́?
34.І агле́дзеўшы тых, што сядзелі вакол Яго, кажа: вось маці Мая́ і браты Мае́;
35.бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат, і сястра, і маці.
Раздзел 4
1.І зноў пачаў вучы́ць каля мора, і сабра́лася да Яго народу мноства, так што Ён увайшоў у лодку на моры і сядзеў, а ўвесь народ быў на зямлі пры моры.
2.І навучаў іх многа прытчамі, і гаварыў ім у павучэнні Сваім:
3.слухайце: вось, выйшаў се́йбіт сеяць.
4.І ста́лася, калі сеяў, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі ды падзяўблí тое.
5.Іншае ўпала сярод каме́ння, дзе няшмат было́ зямлі, і неўзаба́ве ўзышло́, бо зямля была́ неглыбокая;
6.калі ж сонца падняло́ся – завяла і, не ма́ючы ко́раня, засохла.
7.Іншае ўпала ў це́рні, і выраслі це́рні і заглушы́лі яго, і яно не дало́ плоду.
8.А іншае ўпала на добрую зямлю і дало́ плод, што падымаўся і ўзрастаў, і ўрадзíла па трыццаць, і па шэсцьдзеся́т, і па сто.
9.І казаў: хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!
10.Калі ж Ён застаўся адзін, тыя, што былí пры Ім, разам з двана́ццаццю спыталі Яго аб прытчы.
11.І сказаў ім: вам да́дзена ведаць тайны Царства Божага, а тым, хто звонку, у прытчах усё даецца;
12. каб яны, гле́дзячы, бачылі і не ўспрыма́лі, і, слу́хаючы, чулі і не разумелі, каб не звярну́ліся і не былí ім адпу́шчаны грахі.
13.І кажа ім: не разуме́еце прытчы гэтай? Як жа ўсе прытчы зразуме́еце?
14.Се́йбіт слова сее.
15.І вось тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова: калі пачуюць, адразу прыходзіць сатана і забірае пасе́янае ў сэ́рцах іх.
16.Таксама і пасе́янае сярод каме́ння – гэта тыя, якія, пачуўшы слова, адразу прыма́юць яго з радасцю,
17.але не маюць ко́раня ў сабе і нетрыва́лыя; калі настане ўціск або гане́нне з-за слова, адразу спакуша́юцца.
18.А ў це́рнях пасе́янае – гэта тыя, што чуюць слова,
19. але турбо́ты гэтага веку і спакуса багацця ды іншыя захапле́нні, увахо́дзячы ў іх, заглуша́юць слова, і яно застае́цца бясплодным.
20. А пасе́янае на добрай зямлі – гэта тыя, якія слухаюць слова і прыма́юць, і даюць плод па трыццаць, і па шэсцьдзеся́т, і па сто.
21. І  сказаў ім: хіба́ свечка прыно́сіцца, каб паставіць яе пад пасу́дзіну ці пад ло́жак? хіба́ не дзеля таго, каб паставіць яе на падсве́чнік?
22.Бо няма нічога тае́мнага, каб не стала я́ўным, і нішто не бывае схава́на, каб не адкрылася.
23.Калі хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!
24.І казаў ім: заўважа́йце, што чуеце. Якою мераю ме́раеце, такою і вам адме́раецца, і дада́дзена будзе вам, хто слухае.
25.Бо хто ма́е, таму да́дзена будзе, а хто не ма́е, ады́мецца ў яго і тое, што ма́е.
26.І казаў: так і Царства Божае, як чалавек, калі кіне зе́рне ў зямлю;
27.і спіць, і ўстае́ ўно́чы і ўдзень, а як насенне ўзыхо́дзіць і расце́, не ведае ён.
28.Бо зямля сама па сабе ро́дзіць напачатку зелень, потым колас, тады напаўняе зе́рне ў коласе.
29.Калі ж вы́спее плод, адразу пасыла́е серп, бо надышло́ жніво́.
30.І казаў: з чым параўна́ем Царства Божае́ ці якою прытчаю вы́явім яго?
31.Яно як зе́рне гарчы́чнае, што, калі сеецца ў зямлю, то ме́ншае за ўсякае насенне на зямлі,
32.а калі пасеяна, вырастае і робіцца бо́льшым за ўсю зелянíну і пускае вялікае галлё, так што ў за́сені яго могуць пасялíцца птушкі нябесныя.
33.І многімі такімі прытчамі абвяшчаў ім слова, наколькі маглі яны слухаць.
34.Без прытчы не прамаўляў да іх, а вучням Сваім асобна тлумачыў усё.
35.І кажа ім у той дзень з надыходам вечара: перапра́вімся на той бок.
36.І яны, адпусцíўшы людзей, бяруць Яго з сабою, як Ён быў у лодцы; і яшчэ лодкі былí з Ім.
37.І ўзняла́ся з ветру вялікая бура; хвалі захлíствалі лодку, так што яна ўжо напаўня́лася.
38.А Ён на карме́ спаў на ўзгало́ўі. І бу́дзяць Яго, і кажуць Яму: Настаўнік! хіба́ не хвалюе Цябе, што мы гíнем?
39.І, устаўшы, Ён забаранíў ветру і кажа мору: сціхні, перастань. І суня́ўся вецер і настала цíша вялікая.
40.І кажа ім: чаго вы такія баязлівыя? як гэта не маеце веры?
41.І напоўніліся страхам вялікім, і гаварылі між сабою: хто ж гэта Ён, калі і вецер, і мора слухаюцца Яго?
Раздзел 5
1.І прыплылí на другі бераг мора, у краіну Гадары́нскую.
2.І калі выйшаў Ён з лодкі, адразу ж сустрэў Яго чалавек з магільных пячор у духу нячыстым,
3.які меў жытло́ ў магілах, і нават ланцугом ніхто не мог звяза́ць яго;
4.бо шмат разоў яго звя́звалі аковамі і ланцугамі, але ён разрыва́ў ланцугі і разбіваў аковы, і ніхто не мог яго ўтаймава́ць;
5.і заўсёды, ноччу і днём, у магільных пячорах і ў гара́х крычаў ён і біўся аб каме́нне.
6.А ўбачыўшы здалёк Іісуса, прыбег і пакланíўся Яму.
7.І, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: што Табе да мяне, Іісусе, Сы́не Бога Усявы́шняга? закліна́ю Цябе Богам, не муч мяне!
8.Бо Іісус сказаў яму: вы́йдзі, дух нячысты, з чалавека.
9.І пытаўся ў яго: як імя́ тваё? і той адказаў: легіён маё імя́, бо многа нас.
10.І вельмі прасілі Яго, каб не адсылаў іх прэч з краіны той.
11.А там пры гары́ пасвіўся вялікі ста́так свіне́й.
12.І прасілі Яго ўсе дэманы, ка́жучы: пашлі нас у свіне́й, каб нам увайсці ў іх.
13. І адразу дазволіў ім Іісус. І, выйшаўшы, нячыстыя духі ўвайшлі ў свіне́й; і ры́нуўся ста́так з кру́чы ў мора, а іх было каля дзвюх тысяч; і патану́лі ў моры.
14.А іх пастухі пабеглі ды абвясцілі ў горадзе і ў вёсках. Ілюдзі выйшлі пабачыць, што зда́рылася.
15.Прыходзяць да Іісуса і бачаць, што апанта́ны, у якім быў легіён, сядзіць адзеты і пры розуме; і спалохаліся.
16.Тыя, хто бачыў, расказалі ім, як гэта адбыло́ся з апанта́ным, і пра свіне́й.
17.І пачалí прасіць Яго адысцí з межаў іх.
18.І калі Ён увайшоў у лодку, той, што быў апанта́ны, прасіў Яго, каб быць з Ім.
19.А Іісус не дазволіў яму і кажа да яго: ідзі ў дом твой да сваіх і раскажы ім, што́ зрабіў табе Гасподзь і як памíлаваў цябе.
20.І пайшоў, і пачаў абвяшча́ць у Дзесяцігаро́ддзі, што зрабіў яму Іісус. І ўсе здзіўляліся.
21.І калі пераправіўся Іісус у лодцы зноў на другі бераг, сабра́лася народу мноства да Яго. І быў Ён каля мора.
22.І вось прыхо́дзіць адзін са старэйшын сінагогі, íмем Іаíр, і, ўбачыўшы Яго, па́дае ў ногі Яму
23.і вельмі просіць Яго, ка́жучы: дачу́шка мая́ пры смерці, прыйдзі і ўскладзí на яе ру́кі, каб яна ўратавалася і жыла́.
24.І пайшоў за ім Іісус. І ўслед Яму ішоў вялікі натоўп, і напіра́лі на Яго.
25.І жанчына нейкая, што мела кровацячэ́нне дванаццаць гадоў,
26.і шмат нацярпе́лася ад многіх ле́караў, і патра́ціла ўсё, што ме́ла, і ніякай палёгкі не атрыма́ла, а стала ёй яшчэ горш;
27.пачуўшы пра Іісуса, прыйшла ў натоўпе ззаду і дакрану́лася да вопраткі Яго;
28.бо казала: калі дакрану́ся хоць да вопраткі Яго, уратава́ная буду.
29.І адразу спынíлася кровацячэ́нне ў яе, і адчула яна целам, што вы́звалілася ад хваробы.
30.І адразу Іісус, адчуў у Сабе, што сіла выйшла з Яго, павярнуўся ў натоўпе і сказаў: хто дакрану́ўся да вопраткі Маёй?
31.І казалі Яму вучні Яго: Ты бачыш, натоўп напіра́е на Цябе, а кажаш: хто дакрану́ўся да Мяне?
32.І агляда́ўся Ён, каб бачыць тую, што зрабіла гэта.
33.А жанчына спалохалася і дрыжа́ла, ве́даючы, што́ з ёю адбыло́ся, падышла, упала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду.
34.Ён жа сказаў ёй: дачка́! вера твая ўратава́ла цябе; ідзі з мірам і здароваю будзь ад хваробы тваёй.
35.Яшчэ калі Ён гаварыў, прыходзяць з дому старэйшыны сінагогі і кажуць: дачка́ твая паме́рла, навошта яшчэ турбуеш Настаўніка?
36.Але Іісус, адразу пачуўшы гэтыя словы, кажа старэйшыне сінагогі: не бойся, толькі веруй.
37.І не дазволіў нікому ісці за Сабою, акрамя Пятра, Іакава і Іаана, брата Іакавага.
38.Прыходзяць у дом старэйшыны сінагогі, і бачыць Ён сумятню́ і тых, што плачуць і гало́сяць моцна.
39.І, увайшоўшы, кажа ім: чаго вы хвалю́ецеся і пла́чаце. Дзяўчынка не паме́рла, а спіць.
40. І насміхаліся з Яго. Але Ён, вы́правадзіўшы ўсіх, бярэ з Сабою бацьку дзяўчынкі і маці, і тых, што былí з Ім, і ўваходзіць туды, дзе ляжала дзяўчынка.
41.І, узяўшы дзяўчынку за руку́, кажа ёй: “таліфа́ ку́мі”, што значыць: “дзяўчына, табе кажу, устань”.
42.І адразу падняла́ся дзяўчына і пачала́ хадзіць, а было́ ёй гадоў дванаццаць. І ўра́зіліся ўра́жаннем вялікім.
43.І загадаў ім строга, каб ніхто не даведаўся пра гэта, і сказаў даць ёй есці.
Раздзел 6
1.І выйшаў Ён адтуль і прыйшоў на ба́цькаўшчыну Сваю, і за Ім ішлі вучні Яго.
2. І калі настала субота, пачаў Ён вучы́ць у сінагозе, і многія слухачы́ дзівіліся, ка́жучы: адкуль у Яго гэта? і што за мудрасць да́дзена Яму, і як такія цуды тво́рацца рукамі Яго?
3.Ці не цясля́р гэта, сын Марыі і брат Іакава, Іасíі, Іуды і Сíмана? і ці не сёстры Яго тут сярод нас? І сумнява́ліся ў Ім.
4.Іісус жа казаў ім: не бывае прарок без паша́ны, хіба́ толькі на ба́цькаўшчыне сваёй, і ў родных сваіх, і ў доме сваім.
5.І не мог там ніякага цу́ду ствары́ць, толькі нямногіх хворых, усклаўшы на іх ру́кі, ацалíў.
6.І дзівіўся нявер’ю іх. І хадзіў па навакольных се́лішчах, навучаючы.
7.І, паклíкаўшы дванаццаць, пачаў іх пасылаць па двое і даў ім ула́ду над нячыстымі ду́хамі.
8.І наказа́ў ім нічога не браць у дарогу, акрамя аднаго посаха: ні торбы, ні хле́ба, ні медзі ў поясе;
9.але абува́цца ў санда́лі і не насіць дзвюх адзе́жын.
10.І казаў ім: калі дзе ўво́йдзеце ў дом, застава́йцеся ў ім, пакуль не по́йдзеце адтуль;
11. і калі хто не пры́ме вас і не паслухаецца вас, то выхо́дзячы адтуль, абтрасíце пыл з ног вашых у све́дчанне ім. Праўду кажу вам: лягчэй будзе Садо́му і Гамо́ры ў дзень су́дны, чым гораду таму.
12.І, пайшоўшы, яны прапаве́давалі пакая́нне,
13.і дэманаў многіх выганя́лі, і пама́звалі алеем многіх хворых, і ацаля́лі.
14.І дачу́ўся пра Іісуса цар Ірад, бо вядомым стала імя́ Яго, і казаў: гэта Іаан Хрысцíцель з мёртвых паўстаў, і таму цуды дзе́юцца ім.
15.Іншыя казалі: гэта Ілія́, а іншыя казалі: гэта прарок ці як адзін з прарокаў.
16.А Ірад, пачуўшы, сказаў: гэта Іаан, якому я адсе́к галаву, ён паўстаў з мёртвых.
17.Бо сам Ірад паслаў схапіць Іаана і звяза́ў яго ў цямніцы з-за Ірадыя́ды, жонкі Філіпа, брата свайго, таму што ажаніўся з ёю.
  1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка