Раз два тры, елачка, гары!




Дата канвертавання10.05.2016
Памер132.96 Kb.
Раз два тры, елачка, гары!


Вядоўца. Добры дзень, дзеці!

(Дзеці адказваюць.)

Я, напэўна, не туды трапіла. Ішла на вясёлае навагодняе свята, чакала пачуць тут шмат смеху, жартаў, убачыць цудоўны навагодні настрой! А вы ўсе нейкія сумныя, прывіталіся са мной так ціха, што я амаль і не пачула... Давайце яшчэ раз паспрабуем павітацца. (Робіць невялікую паузу.) Добры дзень, дзеці!



(Дзеці адказваюць ужо гучней.)

Ну вось, цяпер зусім іншая справа. Цяпер я бачу, што трапіла якраз туды, куцы ішла. А каб канчаткова прагнаць адсюль сум, нудоту і наогул кепскі настрой, давайце, дзеці, возьмемся за рукі і ўсе разам спяём для нашай ёлачкі якую-небудзь вясёлую навагоднюю песеньку.



(Усе водзяць карагод і спяваюць. Раптам у зале з’яўляюцца Баба Яга, два лесавікі і дзве кікімары.)

Баба Яга. I куды гэта я трапіла, га?!

(Лесавікі і кікімары паціскаюць плячамі.)

У, дармаеды, нічога не ведаеце! (Вядоўцу) А куды гэта мы трапілі, га?!



Вядоўца. Вы трапілі на вясёлае навагодняе прадстаўленне.

Баба Яга. Якое яшчэ перастаўленне? Каго куды перастаўляць будзем?

1-ы лесавік. А давайце елку пераставім.

2-і лесавік. Правільна! Вось сюды! (Паказвае.)

1-ы лесавік. Не, вось сюды! (Паказвае у процілеглы бок.)

2-і лесавік. А я кажу: вось сюды! (Тупае нагой.)

1-ы лесавік. А я... а я... а я зараз яктрэсну табе па чым патраплю!

(Лесавікі пачынаюць бойку.)

1-я кікімара (2-й кікімары). А мы чаго дарэмна час трацім? Давай таксама біцца! (Піхае яе.)

2-я кікімара. Давай! (Піхае першую.)

Баба Яга. Ды цішэй вы, акаянныя!

(Лесавікі і кікімары спалохана заціхаюць.)

Я думаць буду!



(Прыстаўляе палец да лба і пачынае думаць. Уваходзіць Снегавік.)

Снегавік (урачыста). Даводжу да вашага ведама, што Дзядуля Мароз і Снягурка ўжо выехалі і хутка будуць тут! Чакаючы іх, вам дазваляецца спяваць, танцаваць, вадзіць карагоды, гуляць у розныя цікавыя гульні і наогул не сумаваць!

Вядоўца. Добра, мы пастараемся зрабіць усё так, як загадвае нам Дзядуля Мароз. Праўда, дзеці?!

(Дзеці хорам згаджаюцца.)

Баба Яга. Ур-р-а-а! (Падскоквае.) А я штосьці прыдумала!

Вядоўца. Што вы такое прыдумалі?

Баба Яга. Ух, што я прыдумала! Гэй, кікімаркі, лесавікі, за мной!

(Баба Яга і яе світа выбягаюць.)

Вядоўца (глядзіць ім услед). Дзіўныя нейкія госці... Не паспелі прыйсці, як зноў зніклі... (Снегавіку.) А ты, Снегавічок, з намі застанешся?

Снегавік. Я б з задавальненнем, толькі спраў яшчэ шмат. (Выходзіць.)

Вядоўца. Ну, добра. Пакуль Дзядуля Мароз і Снягурка яшчэ ў дарозе, давайце згуляем у якую-небудзь гульню. Ну, напрыклад... паадгадваем загадкі. (Вядоўца загадвае загадкі, дзеці адгадваюць.)

Вядоўца. Малайцы, дзеці! (Глядзіць на гадзіннік.) А зараз давайце ўсе разам паклічам Дзядулю Мароза і Снягурку.

Усе. Дзядуля Мароз! Снягурка!

Вядоўца. Напэўна, яны не пачулі. Да­вайце яшчэ раз і гучней!

Усе. Дзядуля Мароз! Снягурка!

Вядоўца. Вось цяпер у нас з вамі проста цудоўна атрымалася! Толькі вось... Дзе ж Дзядуля Мароз?

(У зале зноў з’яўляюцца Баба Яга і яе світа. Яны ўпрыгожылі сябе бліскучымі навагоднімі цацкамі.)

Баба Яга. Прывітанне, дарагія кікі-маркі... вой, не... дарагія дзеткі!

Лесавікі. З Новым гадам вас!

Вядоўца. З чым, з чым?

Баба Яга. Ну, з Новым... гэтым... ну, годам жа! Няўжо незразумела?!

Вядоўца. Ды мне наогул незразумела, хто вы такія.

Баба Яга. Хто мы такія?! А што, па нас не бачна? (Паказвае ўпрыгожанні.) Я гэта... ну, як яе...

(1-я кікімара штосьці шэпча ей на вуха.)

Не, не гэта!



(2-я кікімара таксама штосьці ей шэпча.)

Ага, гэта, гэта! Я – снежная баба!



Вядоўца (паціскае плячамі). Нічога не разумею! Якая такая снежная баба?

Баба Яга. Ну, тая, якую вы чакаеце разам са снежным дзедам!

Вядоўца. Выбачайце, але ж мы чакаем Дзядулю Мароза і Снягурку.

Баба Яга. Вой, зусім забылася! Я ж і ёсць... гэта, як яе... Снягурка!

Вядоўца (са здзіўленнем). Вы – Снягурка?!

Баба Яга. А што, ненадобная?

Вядоўца. Ну... ва ўсякім разе, я ўяўл-ла сабе Снягурку крыху інакш... А гэта тады хто? (Паказвае на лесавікоў.)

Лесавікі (разам). Я – Дзядуля Мароз!

Вядоўца. Выбачайце, але я не зразумела. Дык хто ж з вас Дзядуля Мароз?

1-ы лесавік. Я, зразумела!

2-і лесавік. Я! Я – Дзядуля Мароз! (Адпіхвае першага ў бок.)

1-ы лесавік. Ах, ты вось як! Зараз як дам!

2-і лесавік. Сам атрымаеш!

(Лесавікі зноў пачынаюць бойку.)

1-я кікімара. А мы чаго чакаем? Давай і мы біцца!

2-я кікімара. Давай!

(Кікімары таксама пачынаюць бойку.)

Баба Яга. Ды стойце ж вы, акаянныя! (Расцягвае лесавікоў, а кікімары самі спыняюцца.) Абодва яны, гэта... ну, Дзядулі Марозы, вось!

Вядоўца (здзіўлена). Абодва? Хіба ж такое магчыма?

Баба Яга (махае рукой). У нас на балоце... цьфуты, на Поўначы... I не такое бывае!

Вядоўца (паварочваецца да кікімар). Ну, а вы тады хто?

Кікімары (танцуюць і спяваюць, дакладней, крычаць з усяе моцы).

Мы белыя сняжыначкі,

Сабраліся сюды!

Ляцім мы, як пушыначкі,



Халодныя заўжды!!!

Вядоўца (заціскае вушы). Досыць, досыць! (Дзецям.) Ну што, дзеці? Аказваецца, да нас у госці прыйшлі аж два Дзядулі Марозы, з імі адна Снягурка і дзве белыя Сняжынкі, хоць яны хутчэй не белыя, а шэрыя... Як вы лічыце, яны нас не падманваюць?

Дзеці (хорам). Падманваюць!

Вядоўца. Чуеце, дзеці вам не вераць! Яны кажуць, што вы несапраўдныя.

Баба Яга. Хто несапраўдныя?! Мы несапраўдныя?!

Лесавікі і кікімары. Мы несапраўдныя?!

Баба Яга. Дзеці, паглядзіце, якая я прыгожая! Вы верыце, што я Снягурка?

(Дзеці адказваюць, што не вераць.)

Вядоўца. Калі вы сапраўдныя, дык дзе ж вашы навагоднія падарункі?

Баба Яга (паварочваецца да яе). Што? Падарункі? Дзе падарункі? Давайце, давайце іх хутчэй мне! Я люблю падарункі!

Лесавікі і кікімары. I мы! I нам! Дзе падарункі?

Вядоўца. Пачакайце, пачакайце! Вы штосьці блытаеце! Хіба ж гэта дзеці дораць Дзядулю Марозу і Снягурцы падарункі?

Баба Яга. Ага! Ага! Дзе нашы падарункі? Калі іх прынясуць?

Вядоўца. А мне здаецца, што ўсё павінна быць наадварот – Дзядуля Мароз і Снягурка прыносяць падарункі дзецям.

Баба Яга. Што?! Мы самі павінны дарыць камусьці падарункі?!

Лесавікі і кікімары. Мы павінны дары ць падарункі?!

Вядоўца. Ну зразумела, калі вы Дзядулі Марозы і Снягурка.

Баба Яга. Тады... тады... (Задумваец-ца.) Тады я не Снягурка! Я – Баба Яга! А гэта мая світа: лесавікі і кікімары!

(Лесавікі і кікімары скачуць і крычаць: “Падманулі! Падманулі!”)

Вядоўца. Пачакайце, пачакайце! А дзе тады сапраўдныя Дзядуля Мароз і Снягурка?

Баба Яга. А я ім дарогу зачаравала! Каб заблудзіліся!

Вядоўца. I вам не сорамна?

Баба Яга. Анікропелькі!

Вядоўца. Што ж нам рабіць зараз?

Баба Яга. А разыходзьцеся хто куды! Бо якое ж гэта свята без Дзядулі Мароза! (Смяецца.) Як я вас?!

Вядоўца (задумляецца). Дзеці, а давайце яшчэ адзін раз паклічам Дзядулю Мароза! Дапаможам яму выбрацца!

Баба Яга. Аб гэтым я і не падумала!

Вядоўца. Толькі давайце паклічам як мага гучней, каб Дзядуля Мароз абавязкова пачуў.

(Дзеці клічуць Дзядулю Мароза.)

Вядоўца. Малайцы, дзеці. (Заклапочана азіраецца.) Толькі дзе ж Дзядуля Мароз?

Баба Яга. Ага! Не пачуў! Не пачуў! (Глядзіць кудысьці ў бок.) Вой, здаецца, пачуў!

(У залу ўваходзяць Дзядуля Мароз і Снягурка.)

Дзядуля Мароз. Фу! Змарыўся як! I трэба ж мне было дарогу не разгледзець! Першы раз са мной такое здарылася!

Снягурка. Дзядуля, гэта Баба Яга! Гэта ўсё яна!

Баба Яга (спалохана). Хаваемся!

(Хаваецца за вядоўцу, лесавікі і кікімары таксама хаваюцца хто куды.)

Дзядуля Мароз. Ах ты, шкодная ты бабуля! (Стукае кійком аб подлогу.)

Баба Яга. Я больш не буду!

Лесавікі і кікімары. I мы! I мы!

Баба Яга. Я буду добра сябе паводзіць!

Лесавікі і кікімары. I мы! I мы!

Дзядуля Мароз. Ну што, дзеці, даруем ім на першы раз?

(Дзеці згаджаюцца.)

Дзядуля Мароз. Ну добра, заставайцеся на нашым свяце! Толькі паводзьце сябе як трэба!

(Баба Яга і яе світа ўцякаюць за елку.)

Снягурка. Дзядуля!

Дзядуля Мароз. Што, унучачка?

Снягурка. Дзядуля, давай для пачатку павітаемся з хлопчыкамі і дзяўчынкамі

Дзядуля Мароз. А мы што, яшчэ не павіталіся?!

Снягурка. Яшчэ не.

Дзядуля Мароз. Старасць не радасць... (Уздыхае.) Вось ужо і павітацца забыўся... Давай разам, унучачка!

Дзядуля Мароз і Снягурка. Прывітанне, хлопчыкі і дзяўчынкі! З Новым годам вас! З новым шчасцем!

(Дзеці адказваюць.)

Дзядуля Мароз. А што цяпер трэба рабіць? Нешта я апошнім часам усё забываюся ды забываюся...

Вядоўца. Трэба запаліць агеньчыкі на навагодняй ёлцы.

Дзядуля Мароз. Правільна! Толькі як жа яны запальваюцца, ніяк не магу ўспомніць!

Снягурка. Трэба сказаць чарадзейныя словы.

Дзядуля Мароз. I сапраўды! А ты іх ведаеш,унучачка?

Снягурка. Вядома ж!

Каб весела ўсім было

на свяце нам сягоння,

Гарыце, ўсе агеньчыкі,

на ёлцы навагодняй!

(Лямпачкі не запальваюцца.)

Снягурка (разгублена). Дзядуля, чаму агеньчыкі не запальваюцца?

Дзядуля Мароз. Сам не разумею. Ану, яшчэ раз, усе разам!

(Усе паўтараюць чарадзейныя словы.)

Вядоўца. Зноў не запаліліся! Што ж гэта такое!?

Дзядуля Мароз. Я зразумеў! Проста мы выкарысталі леташнія словы! А яны ўжо згубілі сваю чарадзейную сілу. Трэба іншыя чарадзейныя словы.

Снягурка. Добра, дзядуля! Я зараз ска­жу іншыя.

Святочныя агеньчыкі,

Гарыце ўсё ярчэй!

Свята навагодняе

Сёння у дзяцей!

Дзядуля Мароз. Што такое? Ні адзін агеньчык не запаліўся!

(З-за елкі выскакваюць Баба Яга са світай.)

Баба Яга. I не запаляцца! I не запаляцца!

Дзядуля Мароз. Гэта яшчэ чаму?

Баба Яга. А таму, што гэтыя чарадзейныя словы ажно залеташнія! А чарадзейныя словы гэтага года я ў Снягуркі толькі што выцягнула і з’ела!

(Лесавікі і кікімары смяюцца.)

Дзядуля Мароз. Як гэта, з’ела?!

Баба Яга. А вось так! (Паказвае, як яна ела словы, і са смехом хаваецца за елкай разам са світай.)

Дзядуля Мароз. Эх, дарэмна мы яе адразу не прагналі!

Снягурка. Што ж нам рабіць, дзядуленька?! Няўжо свята не адбудзецца?!

Дзядуля Мароз. Ну што ты, унучачка! Адбудзецца, абавязкова адбудзецца!

Снягурка. Але ж я не памятаю чарадзейных слоў!

Дзядуля Мароз. А мы абыдземся і без іх!

Снягурка (радасна). Праўда, дзядулька?!

Дзядуля Мароз. Праўда, унучачка! Трэба толькі, каб дзеці расказалі мне некалькі вершаў пра Новы год, і тады агеньчыкі на нашай елачцы запаляцца абавязкова!

Вядоўца. Чулі, дзеці, што трэба рабіць?! Дапаможам дзядулю?

(Дзеці згаджаюцца дапамагчы.)

Баба Яга (выбягаючы з-за елкі). Што?! Зноў не атрымалася вам свята сапсаваць? Ну, нічога! У мяне яшчэ шмат шкоднасцяў у запасе! (Хаваецца за елкай.)

Вядоўца. Не звяртайце, дзеці, увагі на гэтую..., на гэтую шкодную бабулю. Лепш пачынайце расказваць вершы!

(Дзеці па чарзе расказваюць вершы.)

Дзядуля Мароз. Ну, малайцы, дзеці! Парадавалі старога! А цяпер я паспра-бую ўсё ж запаліць агеньчыкі на нашай ёлачцы. (Пляскаеў далоні.)

Раз, два, тры –

Елачка, гары!

(Агеньчыкі не запальваюцца.)

Снягурка. Дзядуленька! Трэба ж усім разам гэтыя словы гаварыць.

Дзядуля Мароз. Ты глядзі! Зноў забыўся! Ану, давайце ўсе разам!

(Усе разам паўтараюць чарадзейныя словы, на елачцы запальваюцца агеньчыкі.)

Вядоўца. Ну вось, нарэшце наша елачка запаліла свае святочныя агеньчыкі! А мы за гэта спяём для яе навагоднюю песеньку пра елачку.

(З-за елкі зноў выбягае Баба Яга.)

Баба Яга. Раз, два, тры! Елка, не гары! Раз, два, тры! Ёлка, не гары! (Агеньчыкі па-ранейшаму гараць, Баба Яга злосна тупае нагой.) Ну, нічога! У мяне яшчэ што-кольвек ёсць!

(Вядоўца арганізуе карагод, дзеці спяваюць песеньку.)

Дзядуля Мароз. Ну дзякуй, дзякуй усім! (Азіраецца вакол.) А я бачу, тут у вас шматсняжынак...

Снягурка. Ану, сняжынкі, усе да мяне!

(Усе сняжынкі збіраюцца вакол Снягуркі.)

Парадуем дзядулю нашай песняй.



(Снягурка разам са сняжынкамі танчыць і спявае песню пра сняжынкі.)

Вядоўца. А зараз, дзеці, я адкрыю вам адзін сакрэт. Спадзяюся, Дзядуля Мароз за гэта на мяне не пакрыўдзіцца.

(Пачуўшы слова “сакрэт”, Баба Яга і яе світа пачынаюць падслухоўваць.)

Вядоўца. А сакрэт вось у чым: у Дзядулі Мароза ў гэтай вялікай торбе шмат прызоў і падарункаў, якія ён вам прынёс. (Баба Яга падкрадаецца бліжэй.) Але каб атрымаць прыз, трэба крышачку папрацаваць.

Баба Яга. Што?! I тут працаваць?! (Зноў уцякае за елку.)

Вядоўца. Давайце для пачатку ўсе разам пагуляем у вясёлыя навагоднія гульні.

(Вядоўца праводзіць з дзецьмі некалькі гульняў. Пераможцам уручаюцца прызы.)

Снягурка. Дзядуля, ты ж хацеў загадаць дзецям свае загадкі.

Дзядуля Мароз. Ледзь не забыўся! Але спачатку давайце зноў спяём песеньку для ёлачкі. Бо яна ўжо зусім засумавала без нас.

(Дзядуля Мароз і Снягурка разам з дзецьмі водзяць карагод вакол ёлачкі і спяваюць.)

Дзядуля Мароз. Фу-у! Зусім замарылі старога! Унучачка, што я збіраўся рабіць зараз?

Снягурка. Загадкі загадваць, дзядуля.

Дзядуля Мароз. Ну зразумела ж, загадкі. (Загадвае дзецям загадкі.)

Вядоўца. Малайцы, дзеці! Усе загадкі ад гадал і!

(З-за елкі выскакваюць Баба Яга са світай.)

Баба Яга. Стойце! Стойце!

Вядоўца. Бабуся-Ягуся, вы нам зноў перашкаджаеце!

Баба Яга. Хто?! Я?! Ды я не перашкаджаю, я, наадварот, дапамагаць буду!

Вядоўца (здзіўлена). Дапамагаць?

Баба Яга. Дапамагаць! Я вось зараз загадаю вам усім сваю загадку. I калі не адгадаеце – усе прызы мае будуць! (Змаўкае, чакае адказу, але Вядоўца толькі паціскае плячамі.) Ага, спалохаліся!

Вядоўца. А вось і не! Праўда, дзеці? (Дзеці згаджаюцца.) Ну вось, бачыш, дзеці не спалохаліся! Загадвай, бабуся, сваю загадку.

Баба Яга.

I не летам, не зімой,

I не твой, і не мой,

I без носа, без вачэй.

Адгадайце хутчэй!

(Усе збянтэжана маўчаць.)

Баба Яга. Ага! Не ведаеце!

(Світа Бабы-Ягі смяецца і радуецца.)

Вядоўца. I сапраўды, вельмі склада-ная загадка...

Баба Яга. Куды вам да маіх загадак! Ану, давайце сюды самы вялікі прыз!

Лесавікі і кікімары. I нам! I нам! За ўдзел!

Дзядуля Мароз. Ну добра, раз абяцалі. Толькі вы спачатку скажыце нам адгадку.

Баба Яга. Што?! Якую-такую адгадку?

Вядоўца. Ну, пра што ў гэтай загадцы гаворыцца.

Баба Яга. А я адкуль ведаю?

Вядоўца. Але ж вы толькі што загадалі нам гэтую загадку.

Баба Яга. Загадка мая, не адмаўляюся! А адгадкі я не ведаю.

Вядоўца. Так нельга! Трэба загадваць толькі такія загадкі, на якія ёсць адгадкі!

Баба Яга. Ну, добра, добра... зараз...

(Адна з кікімар штосьці шэпча ей на вуха, Баба Яга адмахваецца, потым шэпча другая.)

Правільна, гэту і загадаю! Адгадайце, што я ела на снеданне ў мінулую пятніцу.



Снягурка. I ніякая гэта не загадка! А вы, бабуля, або загадвайце сапраўдныя загадкі, або не перашкаджайце нам!

Баба Яга. А вось і буду, і буду перашкаджаць! Аж пакуль мне самы галоўны прыз не дадуць!

Лесавікі і кікімары. I нам! I нам! За ўдзел!

Дзядуля Мароз. Ну, добра! Будзе вам зараз нават не прыз, а самы сапраўдны сюрпрыз!

Баба Яга. А гэты сюрпрыз лепшы, чым прыз?

Дзядуля Мароз. Убачыш.

Баба Яга. Ну, глядзіце! Калі гэта не так, дык я вам яшчэ больш перашкаджаць буду!

Дзядуля Мароз. А вось за гэта можаш не хвалявацца. Больш перашкаджацьты нам не будзеш!

Баба Яга. Лесавікі, кікімаркі, дзе вы, дармаеды? Зараз нам самы галоўны прыз уручаць будуць!

Лесавікі і кікімары. Хутчэй, хутчэй! Давайце! Уручайце!

Дзядуля Мароз. Зараз, зараз! (Стукае кійком.) Раз, два, тры! Баба Яга, замры!

Баба Яга. Вой, што гэта?! З месца скрануцца не магу! Гэй вы, лайдакі, дапамажыце! (Світа хоча ей дапамагчы, але беспаспяхова.)

Дзядуля Мароз. Раз, два, тры! Лесавікі, замрыце!

1-ы лесавік. Вой, што са мной?!

2-і лесавік. Кікімары, ратуйце!

Дзядуля Мароз. Раз, два, тры! Кікімары, замрыце!

Кікімары. Зачараваў!

Баба Яга. Мы больш не будзем.

Снягурка. А мы вам больш не верым!

Баба Яга. Ну даруйце ў апошні раз!

Лесавікі і кікімары. У самы разапошні!

Дзядуля Мароз. Вось вы тут пастойце пакуль ды падумайце аб сваіх паводзінах, а мы з дзецьмі... Зноў забыўся, што я хацеў зрабіць.

Вядоўца. Як гэта “што”? У нас яшчэ засталася адна навагодняя песенька! Ану, дзеці, хуценька ў карагод!

Баба Яга. I мы! I нас вазьміце!

Лесавікі і кікімары. Мы ўжо выправіліся!

Дзядуля Мароз. Ну што, дзеці, паверым ім у самы апошні раз?

Дзеці. Паверым!

Дзядуля Мароз. Раз, два, тры! (Стукае кійком.) Адамрыце!

Баба Яга і яе світа. Дзякуй!

(Яны становяцца у карагод і танцуюць разам з усімі.)

Г. П. АЎЛАСЕНКА,

настаўнік Вайнілаўскай базавай школы Чэрвеньскага раёна


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка