Распрацоўка праходзіла выпрабаванне ў выглядзе




Дата канвертавання01.05.2016
Памер162 Kb.


Аўтар: Сяргей Гарбацэвіч, выкладчык фізікі Інстытута інтэграваных форм навучання і маніторынгу адукацыі Беларускага Нацыянальнага Тэхнічнага Універсітэта (ІІФНіМА БНТУ).

Методыка-дыдактычная распрацоўка «Выхаванне свабоды асобы пры выкладанні фізікі на прыкладзе свабоды волі электрона» прызначана для педагогаў, якія выкладаюць прадметы прыродазнаўча-матэматычнага цыкла, накіраваная на выхаванне свабоды думкі, свабоды прыняцця абгрунтаваных рашэнняў як пры правядзенні доследаў на уроках фізікі, так і пры паводзінах у соцыуме. Такі падыход у працы педагога таксама будзе спрыяць развіццю рацыяналізатарскіх і вынаходніцкіх здольнасцяў, праявы ініцыятывы і дзелавой актыўнасці як у навучэнцаў, так і ў настаўнікаў праз свабоду правядзення эксперымента.

Распрацоўка праходзіла выпрабаванне ў выглядзе:


  • заняткаў у навучальных установах (курсы БДзУІіР, БНТУ, АН РБ; факультатыў 21 гімназія, ліцэй БНТУ) і іншыя;

  • лекцый на курсах павышэння кваліфікацыі настаўнікаў і выкладчыкаў фізікі ў розных навучальных установах РБ, а таксама ў замежжы (Польшча, Украіна, Літва, Расія). Пра зацікаўленасць педагогаў той праблемай, якая разглядаецца ў рабоце, сведчаць дыпломы, граматы, гранты, якія пры неабходнасці прадстаўлю журы.

Выхаванне свабоднай асобы.
Электрон валодае свабодай волі: куды хоча туды і ляціць”. Дзірак.
У якой ступені свабода волі электрона можа перадавацца нам – людзям? Першаснае абгрунтаванае ўяўленне аб будове атама: электронам адпавядаюць вельмі строгія траекторыі руху. Зыходячы з квантавай мадэлі будовы атама, электрон можа рухацца па шматлікіх траекторыях – ён валодае пэўнай свабодай. Не адразу вучоныя прыйшлі да такой высновы. Трэба было ўключыць уяўленне. Але ж калі электрон спыніць (пазбавіць яго свабоды), то знікне атам.

Воля – атрыбут разумнага чалавека. Калі грамадства не валодае свабодай, то ўсе адразу знікае – увесь светапогляд. Калі няма свабоды, то сусвет зададзены раз і назаўсёды, як жорсткая карціна, як набор кадраў. Калі няма свабоды, то няма адказнасці. У свеце робатаў няма ні жыцця, ні волі, ні кахання, ні сумленнасці. Сусвет, пазбаўлены свабоды, – знікае.

Вярнадскі сцвярджаў, што сапраўднае развіццё чалавека немагчыма без трох састаўляючых: навукі, рэлігіі ды філасофіі. Калі адно з паняццяў прыбраць, то два астатнія затухаюць.

Безумоўна, фізіка аб’ядноўвае ўсе гэтыя тры паняцці. Такім чынам, пры вывучэнні фізікі, пры адпаведным яе выкладанні, можна выхаваць чалавека са свабодай волі, падобным электрону з яго дэтэрмінаванасцю, з аднаго боку, і з яго непрадказальнасцю, з другога боку – з яго свабодай, зыходячы з вучэння Дзірака.

Якім чынам ажаццявіць такі выхаваўча-навучальны працэс пры выкладанні фізікі?

На пачатковым этапе пазнання навакольнага свету кожнае дзіця кантактуе з асяроддзем без усялякіх загадаў і шаблонаў. Гэта адбываецца свабодна, без якой-небудзь схемы.

Калі з дзіцем пачынаюць працаваць выхавальнікі і педагогі, то межы свабоды дзеяння, прыняцця рашэнняў пачынаюць звужацца, абмяжоўвацца за кошт вызначаных метадычных прадпісанняў. З кожнага дзіцяці паступова фармуецца аднастайная асоба – «паслухмяны вінцік». У выніку, тыя задаткі, якімі прырода надарыла індывіда, перастаюць працаваць у напрамку развіцця індывідуальных здольнасцяў асобы. Адна і тая ж методыка па выхаванні і развіцці асобы не можа быць скарыстаная для ўсіх навучэнцаў.

Кожная аўдыторыя і яе атмасфера зносін (настаўнік – вучні) увесь час мяняецца. Таму творча-свабодны педагог павінен працаваць па ... інтуітыўнай методыцы, якая грунтуецца на класіцы, на іншых метадах, тэхналогіях, разнастайных ідэях і на ўласным напрацаваным вопыце.

«Мы пераканаліся, – пісаў Л.Н.Талстой, – што поспех навучання заснаваны не на кіраўніцтвах, а на духу арганізацыі школ, на тым няўлоўным уплыве настаўніка, на тых адыходах ад кіраўніцтва, на тых штохвілінна змяняемых у класе прыёмах, якія знікаюць без следу, але якія і складаюць сутнасць паспяховага настаўніка» [13, с. 370].

Мая праца накіравана на тое, каб стварыць атмасферу ўзаемаразумення і камфорту падчас заняткаў праз свабоду выбару напрамку даследавання таго ці іншага працэсу або з’явы (як электрон можа рухацца па розных арбітах). Гэта дазволіць не толькі выявіць скрытыя здольнасці вучня, але таксама будзе спрыяць з’яўленню ўпэўненасці ў сваёй індывідуальнасці, сваёй значнасці, сваёй свабоды думкі і прыняцця рашэння, як у даследчай працы, так і ў соцыуме!



Актуальнасць
На сучасным этапе развіцця сярэдняй школы грамадствам ставяцца задачы па ўзмацненні ролі навучання ў развіцці мыслення, пазнавальных здольнасцяў навучэнцаў, падрыхтоўкі іх да творчай працы. У вырашэнні пастаўленых задач вялікімі магчымасцямі валодае школьны курс фізікі, які фармуе ў вучняў навуковы светапогляд, сістэму фізічных ведаў.

Імклівы тэмп развіцця навукі і тэхнікі ставіць перад выкладчыкамі ўсё больш сур’ёзныя задачы. Неабходна, каб складаныя, абстрактныя паняцці не толькі ўспрымаліся навучэнцамі, але і ў далейшай жыццядзейнасці чалавек мог іх творча выкарыстоўваць.

Адным з спосабаў вырашэння гэтай задачы з’яўляецца шырокае выкарыстанне фізічных дэманстрацый. Прычым асобна адзначу важнасць прастаты ўстановак, якія забяспечваюць не толькі даступнасць разумення фізічных з’яў, працэсаў, але і падштурхоўваюць навучэнцаў да самастойнага правядзення доследа, выкарыстоўваючы асабістую мадэль.

Методыка навучання фізіцы, як любая іншая навука, мае патрэбу ў пастаянным абнаўленні, пошуку, вырашэнні задач, пастаўленых грамадствам перад школай. Нізкія вынікі цэнтралізаванага тэставання па фізіцы сведчаць аб неабходнасці ўдасканалення існуючага падыходу ў выкладанні фізікі. Таму ўяўляецца актуальнай распрацоўка зместу і сістэмы метадычных сродкаў навучання для развіцця ўстойлівай пазнавальнай цікавасці да вывучэння прадмета, накіраванай на ліквідацыю разрыву паміж тэорыяй і практыкай у выкладанні фізікі. Гэта станоўча адаб’ецца на павышэнні ўзроўню падрыхтаванасці вучняў.


Адрозненне ад існуючых аналагаў. Адпаведнасць вучэбным праграмам
Уся практыка навуковых даследаванняў, увесь гістарычны вопыт навукі сведчыць аб тым, што развіццё светаразумення мяркуе бесперапыннае ўзаемадзеянне вопыту і тэарэтычнага мыслення. Больш таго, сам эксперымент з’яўляецца канкрэтным спалучэннем абстрагуючай дзейнасці чалавечага розуму з жывым пачуццёвым назіраннем. «Цяпер вучоныя людзі, а асабліва выпрабавальнікі натуральных рэчаў, – пісаў М.В.Ламаносаў, – мала глядзяць на народжаныя ў адной галаве вымыслы і пустыя прамовы, але больш сцвярджаюцца на пэўным мастацтве» [10, с.118] (думка Ламаносава вельмі подобная да ідэі Дзірака).

Фізіка – навука эксперыментальная. Яе законы заснаваныя на фактах, устаноўленых даследчым шляхам. Даследаванне з’яў пачынаецца з назіранняў. Назіранне мае выключнае значэнне ў пазнанні навакольнага свету. Умець назіраць – гэта значыць: аналізаваць, сістэматызаваць, параўноўваць і абагульняць, вылучаць самае галоўнае, істотнае; заўважаць асноўныя змены, якія адбываюцца з аб’ектамі, і ўсталёўваць іх сувязі і залежнасці. Анкетаванне, якое праводзілася ў працэсе майго даследавання, пацвярджае важную ролю назірання, як пры вывучэнні фізікі, так і пры яе выкладанні.

Так, напрыклад, ад 42% да 75% апытаных навучэнцаў любяць знаёміцца з рознымі рэчывамі і іх ўласцівасцямі; назіраць за фізічнымі з’явамі ў прыродзе; праводзіць вопыты па фізіцы; разбіраць і рамантаваць розныя механізмы, што павышае іх цікавасць да вывучэння фізікі.

Назіранні за з’явамі прыроды і эксперымент, як спосабы ажыццяўлення прынцыпу нагляднасці ў навучанні, прапаноўваліся даўно. У гісторыі развіцця педагагічнай думкі мы можам іх сустрэць у працах Я.А.Коменскага, І.Г.Песталоці, А.Дзістэрвега, К.Д.Ушынскага і іншых прадстаўнікоў класічнай дыдактыкі [6, 9, 5, 16].

Найбольш поўная класіфікацыя назіранняў дадзена ў працах А.В.Усавай [14, 15] і А.В.Сяргеева [11, 12].

Аднак шырокага прымянення такая форма правядзення заняткаў не знаходзіць, хоць яе эфектыўнасць пацверджана гісторыяй педагогікі.

Асноўнай прычынай гэтага з’яўляецца непрымальнасць методык правядзення назіранняў за фізічнымі з’явамі распрацаваных раней. Непрымальнасць методык тлумачыцца абстрактнасцю прапанаваных структур, іх аб’ёмнасцю, што не выклікае жадання ў настаўніка праводзіць заняткі па прапанаванай методыцы.

У выніку праведзенага мною анкетавання сярод настаўнікаў можна сцвярджаць, што класіфікацыя навучальных назіранняў, дадзеная А.В.Усавай [14, 15], А.В.Сяргеевым [11, 12] і прапанаваная структура навучальнага назірання не знаходзіць дастаткова шырокага прымянення. 82% апытаных настаўнікаў лічаць прапанаваныя методыкі непрымальнымі, так як:



  • эфектыўнасць работы невялікая без дакладных метадычных прадпісанняў;

  • неабходна мець у наяўнасці прыкладны пералік тых фізічных з’яў, якія можна назіраць у пэўным месцы і ў пэўны час (асабліва гэта важна для маладых спецыялістаў).

У сваю чаргу, вучань (ды і сучасны настаўнік) у сваёй дзейнасці павінен кіравацца лаканічным планам, распрацаваным на аснове псіхалагічнага аспекту ўспрымання.

Навучэнца павінна займаць толькі простае непасрэднае назіранне фізічнай з’явы, таму ён не павінен:



  • карыстацца прыборамі; замест гэтага ён павінен спадзявацца на свае адчуванні;

  • звяртацца да тэарэтычных разваг, не вынікаючых прама з таго, што ён бачыць.

У выніку майго даследавання можна зрабіць выснову: масава заняткі будуць праводзіцца ў форме назіранняў за фізічнымі з’явамі ў натуральных умовах, калі настаўнік будзе мець:

    • выразную, лаканічную і ў той жа час навукова-абгрунтаваную методыку правядзення падобных заняткаў;

    • пералік прыродных фізічных з’яў, якія можна назіраць пры вывучэнні пэўных тэм ці частак фізікі;

    • жаданне настаўніка і навучэнцаў праводзіць заняткі ў адпаведнай форме.

Практычна ўсе настаўнікі і навучэнцы, якія ўдзельнічалі ў апытанні, станоўча адклікаюцца аб правядзенні заняткаў у такой форме. Некаторыя з настаўнікаў спрабуюць праводзіць такія заняткі, але яны хаатычныя і бессістэмныя, такім чынам, не прыносяць чаканага выніку.

Але пры гэтым толькі назіраннямі нельга абмежавацца. Далейшыя назіранні, аналіз і абагульненне атрыманых вынікаў прыводзяць да выпрацоўкі паняццяў, што ўяўляе сабой першы крок па шляху пазнання прыроды. Наступны крок заключаецца ў пераходзе да колькаснай характарыстыкі вывучаемых аб’ектаў, устанаўленню сувязяў паміж назіраемай з’явай і ўласцівасцямі цел.

Ад непасрэднага назірання пераходзяць да вопыту, эксперыменту, які з’яўляецца наступным крокам ў пазнанні прыроды. Любая з’ява, любы працэс, ўласцівасці любога цела бясконца складаныя. Таму, прыступаючы да даследавання фізічнай з’явы, выяўляюць тое галоўнае, ад чаго гэта з’ява залежыць істотным чынам. Паўтараючы з’явы ў лабараторных умовах, выяўляюць залежнасць адной велічыні, характарызуючай з’яву ад кожнай з умоў у асобнасці.

«Прынцып навукі, пісаў вядомы вучоны фізік Р.Фейнман, палягае ў наступным: пробны камень ўсіх нашых ведаў гэта вопыт. Вопыт, эксперымент гэта адзіны суддзя навуковай ісціны. А ў чым жа крыніца ведаў? Адкуль паходзяць тыя законы, якія мы правяраем? Ды з таго ж вопыту: ён дапамагае нам выводзіць законы, у ім хаваюцца намёкі на іх. А звыш таго трэба яшчэ ўяўленне, каб за намёкамі ўбачыць нешта большае і галоўнае, каб адгадаць нечаканую, простую і выдатную карціну, якая ўстае за імі, і потым паставіць дослед, які пераканаў бы нас у правільнасці здагадкі » [17, с. 22].

Разглядаючы назіранне і эксперымент, як метады выкладання фізікі, А.В.Перышкін падкрэсліваў: «Фізічны эксперымент уяўляе з сабой прайграванне вывучаемай з’явы ва ўмовах, зручных для яе назірання і вывучэння... Фізічны эксперымент у шырокім разуменні з’яўляецца адным з метадаў выкладання фізікі» [8, с. 202].

Такі напрамак у навучанні існаваў заўсёды, але ў цяперашні час адсоўваецца на другі план (у нейкай меры, за кошт выкарыстання інфармацыйных тэхналогій).

Класічная педагогіка прадугледжвае ў працэсе выкладання прадметаў рэалізацыю галоўных дыдактычных прынцыпаў: нагляднасць, даступнасць, сувязь тэорыі з практыкай ... і, адпаведна, якаснае засваенне навучальных праграм, развіццё творчай асобы.

Сучасны педагагічны працэс знаходзіцца на чарговай стадыі свайго развіцця. Нараўне з традыцыйнай рэальнай адукацыяй прысутнічае інфармацыйна-віртуальная адукацыя.

А як ўтвораны сімбіёз рэальнай і віртуальнай адукацыі будзе ўплываць на развіццё асобы, светапогляду, здольнасцяў, таленту? Можа? адмовіцца ад традыцыйнай адукацыі і ўсё перабудаваць ў сучасным ракурсе?

Мяркую, што патрэбен разумны сімбіёз двух стыляў.

Калі будзе пераважаць віртуальны стыль, то прыйдзем да праблемы, аб якой сведчыць міжнародная праграма «Свет на далоні» – светапогляд падрастаючага пакалення развіваецца па своеасаблівым сцэнарыі, вынікам якога з’яўляецца далёкая ад ідэалу асоба. Паказаная праграма акцэнтуе ўвагу педагогаў на правядзенне заняткаў у рэальнай абстаноўцы з рэальнымі прадметамі для разумення акружэння, у якім існуе чалавек.

Традыцыйная адукацыя толькі на першы погляд уяўляецца як сталая прысутнасць у рэальным свеце, праца з рэальнымі прадметамі. У гісторыі развіцця нашай цывілізацыі звышдастаткова прыкладаў з’яўлення фенаменальных асоб, якія кардынальна змянялі напрамак навукова-тэхнічнага прагрэсу. Аднак працы вяліся не толькі з рэальнымі прадметамі, аб’ектамі. Так, напрыклад, Мікола Тэсла ўжываў свой метад. «Мой метад іншы. Я не спяшаюся з эмпірычнай праверкай. Калі з’яўляецца ідэя, я адразу пачынаю яе дапрацоўваць ў сваім уяўленні: змяняю канструкцыю, удасканальваю і «ўключаю» прыбор, каб ён стаў жыць у маёй галаве. Мне абсалютна ўсё роўна, ці тэстую я сваё вынаходніцтва ў лабараторыі або ў розуме. Падобным чынам я ў стане развіць ідэю да дасканаласці, ні да чаго не дакранаючыся рукамі».

Безумоўна, толькі асобныя людзі мелі, або маюць унікальную здольнасць карыстацца гатовымі выявамі навукова-тэхнічных адкрыццяў інфармацыйнага ядра Космасу Сусвету.

На мой погляд, у сучаснай адукацыйнай прасторы наступіў момант, які дазваляе стварыць умовы для праяўлення дрымотных фенаменальных, і не толькі такіх, здольнасцяў чалавека.

З аднаго боку: традыцыйная праца ў рэальнай абстаноўцы, з рэальнымі прадметамі, дазволіць выхаваць навучэнца з неабходным светапоглядам.

З другога боку, выкарыстоўваючы ЭВМ, можна разумовыя вобразы візуалізаваць. Візуалізацыя разумовых вобразаў будзе з’яўляцца тым штуршком, які абудзіць дрымотныя, схаваныя здольнасці навучэнцаў.

Некаторыя настаўнікі для выканання эксперыментальных заданняў або назіранняў патрабуюць ад навучэнцаў ўжывання розных металаў, колбачак, лінзаў, лінейкі, цыркуля, гэта значыць тых прыбораў і матэрыялаў, якімі карыстаюцца ў фізічным кабінеце. Аднак гэтыя патрабаванні не заўсёды выканальныя. Пры такіх патрабаваннях губляецца спецыфічная асаблівасць самастойнай працы, якая праводзіцца на занятках або па-за кабінетам фізікі і, больш таго, па-за сценамі школы і хаты. Назіранне фізічных з’яў у натуральных умовах павінна выхоўваць у навучэнцаў ініцыятыўнасць, настойлівасць, цярпенне, выклікаць вынаходлівасць і выпрацоўваць канструктарскія навыкі.

Далей, ад непасрэднага назірання за фізічнай з’явай ў натуральных умовах і яго аналізу, я прапаную перайсці да распрацоўкі канструкцыі і вырабу прыбора, выкарыстоўваючы прадметы навакольнай абстаноўкі. Гэтая вучэбная дзейнасць ажыццяўляецца ў форме факультатыўных заняткаў.
Канцэптуальнасць. Тэхналагічнасць
Выхаванне свабоды асобы пры выкладанні фізікі праз свабоду выбару напрамка даследавання той або іншай з’явы або працэсу.

У комплексе прапанаваную вучэбна-выхаваўчую працу я прадстаўляю ў выглядзе методыка-тэхналагічнай карты.


Методыка-тэхналагічная карта
1 этап. Правядзенне назіранняў за фізічнымі з’явамі:


  • апісаць назіранне (што назіраем; дзе будзе праводзіцца назіранне; з якой мэтай);

  • адзначыць адрозненне паміж тым, што меркавалася ўбачыць, і што ў рэчаіснасці ўсталявана ў выніку назірання;

  • сканцэнтраваць увагу на істотных прыкметах таго, што адбываецца (другарадныя – могуць паспрыяць развіццю фальшывага ўяўлення аб тым ці іншым працэсе);

  • вылучыць гіпотэзу (індывідуальна або ў групах), якая тлумачыць атрыманы вынік назірання;

  • прааналізаваць вылучаныя гіпотэзы – зрабіць высновы;

  • даць поўнае апісанне назіранай фізічнай з’явы на падставе сфармуляваных высноў.


2 этап. Распрацаваць канструкцыю прыбора і падабраць неабходныя матэрыялы:


  • уяўны, віртуальны вобраз або мадэль, можна відазмяняць, дапрацоўваць на ЭВМ;

  • мінімальныя матэрыяльныя выдаткі;

  • прастата па выкананні;

  • каштоўнасць у вывучэнні і разуменні фізікі;

  • наяўнасць творчай афарбоўкі.


3 этап. Выраб, выпрабаванне, дапрацоўка прыбора:


  • бяспека пры выкананні работ;

  • лёгкасць далейшага кантролю педагогам.


Прыклад
Па прыведзеным плане работы на факультатыўных занятках можна сканструяваць вельмі простыя мадэлі электрарухавікоў.

Варыянт 1.



Варыянт 2.


Відэазапісы іншых прыкладаў можна знайсці на сайтах:



http://www.alsak.ru/smf/index.php/topic,10576.msg39281.html

http://www.alsak.ru/smf/index.php?action=pm
Такі падыход у выкладанні фізікі будзе спрыяць:

  • павышэнню пазнавальнай цікавасці да вывучэння фізікі;

  • павышэнню ўзроўня падрыхтаванасці навучэнцаў;

  • развіццю духу рацыяналізму і вынаходлівасці;

  • удасканаленню матэрыяльнай базы кабінета фізікі;

  • эканоміі фінансавых сродкаў навучальнай установы;

  • праявы ініцыятывы і дзелавой актыўнасці педагога.

І ўсе гэтыя якасці будуць спрыяць з’яўленню ў навучэнцаў такога пачуцця як свабода і незалежнасць у час заняткаў, што і будзе адпавядаць руху да свабоды ў далейшым жыцці.

Ці варта праводзіць такую працу ў школе? Так, навуковая каштоўнасць такіх доследаў мінімальная. Але важна тое, што вучань сам можа праверыць адкрыты за шмат гадоў да яго закон або з’яву. Для чалавецтва карысць нязначная, але якая яна для вучня! Вопыт – заданне творчае, робячы што-небудзь самастойна, вучань, хоча ён гэтага ці не, а задумаецца: як прасцей правесці вопыт, дзе сустракаўся ён з падобнай з’явай на практыцы, дзе яшчэ можа быць карыснай дадзеная з’ява.

Такі падыход да вывучэння прадмета дазваляе замацаваць пазнавальны інтарэс, які з’явіўся на пачатковым этапе навучання. Больш таго, падобны факультатыўны курс дазваляе адкрываць і развіваць творчыя здольнасці вучняў, што з’яўляецца адной з найважнейшых задач, пастаўленых грамадствам перад школай.

На базе 21 гімназіі горада Мінска была апрабавана прадстаўленая методыка-тэхналагічная карта ў форме факультатыўнага курса.

Вынік: Грант Мінгарвыканкама за распрацоўку адукацыйнага праекта: «Фармаванне ў вучняў ўстойлівай пазнавальнай цікавасці да вывучэння фізікі пасродкам самастойнага вырабу прыбораў». 2009.

Я лічу, што змест праграмы факультатыўнага курса павінен быць вольным. Гэта дазволіць улічыць не толькі наяўнасць неабходных матэрыялаў у асобна ўзятым кабінеце, але і жаданні, як настаўнікаў, так і вучняў.

Выбраць неабходныя назіранні за фізічнымі з’явамі можна, кіруючыся аўтарскімі дапаможнікамі «Фізіка вакол нас» [1; 2; 3; 4].
Выкарыстанне іншымі педагогамі
Матэрыял прапануецца настаўнікам прыродазнаўча-навуковых дысцыплін, накіраваны на развіццё свабоды ўяўлення праз выкананне эксперыменту, як педагогам, так і навучэнцамі і не па шаблоне, які фармуе аднастайнасць і абыякавасць, як у навуцы, так і ў грамадскім жыцці, а выкарыстоўваючы свой інтэлектуальны патэнцыял, свой выбар ў вырашэнні пэўных задач. Гэта будзе спрыяць развіццю вынаходніцкіх, творчых, рацыяналізатарскіх здольнасцяў, а таксама фармаванню свабоднай асобы, што і адпавядае духу нашага часу.

Прадстаўлены матэрыял выкарыстоўваецца настаўнікамі Рэспублікі Беларусь, Украіны, Літвы, Расіі, Польшчы (перакладаецца на польскую мову адукацыйным цэнтрам «Arrupe»).


Прагноз уплыву на змяненні ў актыўнасці і паводзінах навучэнцаў
Аб станоўчым уплыве прадстаўленай метадычнай распрацоўкі сведчаць:

  • высокі ўзровень падрыхтаванасці вучняў, які дазваляе паступіць у вядучыя ВНУ РБ, а таксама за мяжой;

  • актыўны ўдзел у навукова-практычных канферэнцыях ўсіх рангаў (прызёры і пераможцы ў РБ і РФ).

Літаратура

  1. Горбацевич, С.А. Физика вокруг нас. Ч. 1. Механика / С.А. Горбацевич. – Мозырь: ООО ИД «Белый Ветер», 2005 – 72 с.

  2. Горбацевич, С.А. Физика вокруг нас. Ч. 2. Молекулярная физика и теплота / С.А. Горбацевич. – Мозырь: ООО ИД «Белый Ветер», 2005 – 60 с.

  3. Горбацевич, С.А. Физика вокруг нас. Ч. 3. Электричество и магнетизм / С.А. Горбацевич. – Мозырь: ООО ИД «Белый Ветер», 2006 – 36 с.

  4. Горбацевич, С.А. Физика вокруг нас. Ч. 4. Оптика / С.А. Горбацевич. – Мозырь: ООО ИД «Белый Ветер», 2006 – 56 с.

  5. Дистервег, А. Избранные педагогические сочинения / А. Дистервег. – М.: Учпедгиз, 1956. – 374 с.

  6. Коменский, Я.А. Великая дидактика / Избранные пед. Соч.: в 2 т. / Я.А. Коменский. Т. 1. – М.: Педагогика, 1982. – С. 242–476.

  7. Настаўніцкая газета. 2011/04/14.

  8. Перышкин, А.В. Преподавание физики в 6 классах средней школы / Пособие для учителей – 4-е изд., перераб. / А.В. Перышкин, Н.А. Родина, Х.Д. Рошовская. – М.: Просвещение, 1985. – 256 с.

  9. Песталоцци, И.Г. Избранные педагогические сочинения: в 2-х т.; под редакцией В.А. Ротенберга, В.М. Кларкина. – М.: Педагогика, 1981. – Т. 1. – 334 с.

  10. Радовский, М.И. М.В. Ломоносов и Петербургская Академия Наук. / М.И. Радовский. // Издательство АН СССР. – М., 1961. – 336 с.

  11. Сергеев, А.В. Наблюдения учащихся при изучении физики на первой ступени обучения / А.В. Сергеев. – Киев: «Рад. школа», 1987. – 152 с.

  12. Сергеев, А.В. Наблюдения учащихся при изучении физики на второй ступени обучения / А.В. Сергеев. – Киев: «Рад. школа», 1988. – 176 с.

  13. Толстой, Лев. Полное собрание сочинений / Лев Толстой. Т. 8. – М.: Терра. 1992. – 670 с.

  14. Усова, А.В. Учебные наблюдения и их роль в формировании у учащихся научных понятий / Развитие познавательных способностей и самостоятельности учащихся в процессе преподавания физики / А.В. Усова. – Челябинск, 1970. – С. 14–27.

  15. Усова, А.В. Формирование у учащихся умений самостоятельно проводить наблюдения и опыт / А.В. Усова, А.А. Бобров. – Челябинск, 1983. – 40 с.

  16. Ушинский, К.Д. Избранные педагогические сочинения: в 2 т.; под. ред. В.А. Струминского. / К.Д. Ушинский. – М.: Учпедгиз, 1954. – Т. 2 – 734 с.

  17. Фейнман, Р. Фейнмановские лекции по физике: в 10 т. / Р. Фейнман, Р. Лейтон, М. Сэндс М. – М.: Мир, 1965. – Т. 1 – 268 с.



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка