Расклад імпрэзаў фестывалю сярэднееўрапейскай літаратуры “шэнгенка” 12 сакавіка (аўторак)




Дата канвертавання28.03.2016
Памер30.95 Kb.
Расклад імпрэзаў фестывалю сярэднееўрапейскай літаратуры “ШЭНГЕНКА”
12 сакавіка (аўторак). Пасля ўрачыстага адкрыцця, дзе выступяць ганаровыя госці, адбудзецца літаратурная вечарына “Мультыкультурная віза”, прысвечаная феномену сучаснай сярэднееўрапейскай літаратуры, у якой аўтары змаглі выйсці за вузкія межы нацыянальнага і ўзняліся да глабальнага сусветнага мыслення.

Кнігі, якія будуць прэзентавацца на сустрэчы:

Петэр Надаш. Канец аднаго сямейнага рамана (раман);

Рудольф Слобада. Розум (раман);

Тадэвуш Ружэвіч. Без (выбраная паэзія);

Анджэй Стасюк. На шляху ў Бабадаг (падарожная эсэістыка);

Дамінік Татарка. Культура як стасункі (выбраныя эсэ).

У прэзентацыі бяруць удзел перакладчыкі Алесь Карцель, Святлана Богуш, Марына Казлоўская, Марыя Пушкіна, а таксама славацкі паэт і выдавец Петэр Мілчак. Вядоўца імпрэзы — Андрэй Хадановіч. Урыўкі з твораў прачытаюць Ганна Хітрык і Павел Харланчук. Галерэя “Ў”. Пачатак а 19-й.


15 сакавіка (пятніца). Філасофская сустрэча “Наш вясёлы апакаліпсіс”. Філасофія для нас пачынаецца недзе ў Грэцыі і далей пасяляецца дзесьці ў Германіі і Францыі, але зусім не ў нашых найбліжэйшых суседзяў. Кнігі серыі “Сярэднееўрапейскае мысленне” імкнуцца пераадолець гэты стэрэатып.

Кнігі, якія будуць прэзентавацца на сустрэчы:

Лешак Калакоўскі. Наш вясёлы апакаліпсіс (зборнік эсэ);

Іржы Пржыбань. Дысiдэнты права: пра “аксамітныя рэвалюцыі” 1989 года, спосабы легітымацыі, фікцыі легальнасці і сучасную версію грамадскае дамовы (манаграфія);

Юзэф Тышнэр. Мысленне паводле каштоўнасцяў (манаграфія).

Чакаецца таксама прыезд і аўтограф-сесія аднаго з аўтараў чэшска-брытанскага тэарэтыка права, філосафа, прафесара Іржы Пржыбаня. Сярод выступоўцаў — перакладчыкі і філосафы Аляксей Ластоўскі, Таццяна Урублеўская, Павел Баркоўскі, Валянцін Акудовіч, Лілія Ільюшына. Вядоўца імпрэзы — Ігар Бабкоў. Галерэя “Ў”. Пачатак а 19-й.
20 сакавіка (серада). Сацыялагічна-паліталагічная сустрэча “Паўстанне Еўропы”. Для Беларусі тэмы гістарычнага фармавання нацыі, адметнасці шляхоў паўставання вялікіх і малых этнасаў, пакручастасці лёсаў тых народаў, што гістарычна пражывалі на землях ад берагоў Дуная да берагоў Дняпра, вельмі блізкія і надзвычай цікавыя.

Кнігі, якія будуць прэзентавацца на сустрэчы:

Iштван Бiбо. Пра гаротнасць малых усходнееўрапейскіх дзяржаваў (навукова-палемічная праца);

Анджэй Валіцкі. Нацыя, нацыяналізм, патрыятызм (зборнік навуковых артыкулаў).

Сярод выступоўцаў — перакладчыкі і рэдактары, сацыёлагі і палітолагі: Андрэй Храпавіцкі, Анатоль Сідарэвіч, Генадзь Сагановіч, Андрэй Казакевіч, Ігар Бабкоў, Аляксей Дзермант. Вядоўца імпрэзы — Аляксей Ластоўскі. Галерэя “Ў”. Пачатак а 19-й.
26 сакавіка (аўторак). Літаратурная вечарына “Пражская вясна ў Мінску”. Прэзентацыя твораў чэшскай літаратуры як сусветна вядомых класікаў, так і сучасных папулярных аўтараў у дыхтоўных беларускіх перакладах:

Багуміл Грабал. Я абслугоўваў ангельскага караля (раман);

Эган Бонды. Запрашэнне на вячэру (выбраныя творы);

Міхал Вівэг. Цудоўныя гады сабаку пад хвост (раман);

Ірэна Доўскава. Моцны Жбуць (раман).

У прэзентацыі бяруць удзел перакладчыкі і рэдактары Вераніка Бяльковіч, Ганна Янкута, Лявон Баршчэўскі, Віктар Жыбуль і віртуальны Макс Шчур. Урыўкі з твораў прачытаюць Ганна Хітрык і Павел Харланчук. Вядоўца — куратар серыі “Чэшская калекцыя” Сяргей Сматрычэнка. Галерэя “Ў”. Пачатак а 19-й.


29 сакавіка (пятніца). Мемуар-вечарынка. Жанр белетрызаваных успамінаў заслужана мае вялікую папулярнасць у свеце. Рэальныя падзеі часцяком могуць быць больш фантастычнымі і неверагоднымі за самую выкшталцоную выдумку, асабліва калі вядзецца пра трагічныя падзеі еўрапейскай гісторыі ХХ стагоддзя.

На сустрэчы будуць прэзентаваныя наступныя кнігі:

Жо Лангерава. Калісьці ў Браціславе. Маё жыццё з Оскарам Л.;

Ян Рознэр. Сем дзён да пахавання;

Імрэ Кертэс. Страчаны лёс;

Шандар Марай. Споведзь мешчаніна.



Удзел возьмуць перакладчыкі Павел Раага, Таццяна Абдулхакава, Святлана Рогач, Ірына Дарафейчук. Урыўкі з твораў прачытаюць Ганна Хітрык і Павел Харланчук. Вядоўцы — Андрэй Хадановіч і Сяргей Сматрычэнка. Галерэя “Ў”. Пачатак а 19-й.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка