Р. М. Кавалёва фальклорныя дзед І баба: жанравы канон І рэальнасць




Дата канвертавання12.05.2016
Памер65.34 Kb.

Р.М.Кавалёва




ФАЛЬКЛОРНЫЯ ДЗЕД І БАБА: ЖАНРАВЫ КАНОН І РЭАЛЬНАСЦЬ

Лексемы дзед і баба і вытворныя ад іх каранёў словы шырока выкарыстоўваюцца ў народнай культуры для пазначэння з’яў, суб’ектаў і аб’ектаў, нічым між сабою не звызаных, слаба суадносных, нават супрацьлеглых па прасторавай і аксіялагічнай пазіцыі.

Спалучаючыся з уласнымі і міфалагічнымі імёнамі (баба Яга, Дзед Мароз), эпітэтамі і азначэннямі (бел. Белая баба ‘смерць’), выступаючы як азначэнні (бел. бабіна каша, балг. бабіна проса ‘град’), яны ўваходзяць у розныя пласты народнай культуры – астранамічную і метэаралагічную тэрміналогію (рус. і укр. Бабы ‘Плеяды’), каляндарную і сямейную абраднасць (бел. і польск. Дзяды, бел. баба ‘павітуха’), ніжэйшую міфалогію (Лясны дзед), міфалагічныя казанні – касмаганічныя (гом. «сонца пайшло ад бліна нейкай бабы, які закінулі на неба яе ўнукі»), этыялагічныя (Бог зрабіў жыта на высокім коласе для баб, якія скардзіліся, што ім цяжка жаць). Словы дзед і баба з аднолькавай лёгкасцю пазначаюць станоўчае і адмоўнае, добрае і дрэннае, тое, што ўверсе (‘вясёлка’, ‘хмара’, ‘сузор’е’), і тое, што ўнізе (рус. бабуха ‘воспа’), рознае і аднолькавае (напрыклад, дзед або баба ‘апошні сноп’, а ў палякаў – дзед і старая баба; бел. дзяды ‘душы продкаў незалежна ад полу і ўзросту’ і асобна бабы – жаночая лінія продкаў, генетычна звязаная з эпохай мацярынскага роду).

З улікам гіпотэзы М. Я. Мара і яго паслядоўнікаў аб зыходнай мнагазначнасці слова ў архаічнай мове можна сказаць, што гэтая тэндэнцыя знаходзіць натуральны працяг у метамове народнай культуры, абумоўліваючы, у прыватнасці, сітуатыўнасць значэнняў слоў дзед і баба, якія не супадаюць або часткова супадаюць са слоўнікам. У гэтых выпадках значэнне паглынаецца, згодна з М. М. Бахціным, тэмай. Тэма ў дадзеным выпадку – «пэўны адзіны сэнс, прыналежны выказванню як цэламу» і неад’емны ад неславесных момантаў, а значэнне – «паўтарымыя і тоесныя сабе пры ўсіх паўтарэннях» моманты выказвання [Медведев (Бахтин) 1993, с. 110–111].



Фальклорныя выказванні ўяўляюць сабою тэксты рознай жанравай канфігурацыі. Семантыка і тыпалогія вобразаў дзеда і бабы ў іх абумоўлена пазатэкставай рэальнасцю, што імпліцытна або экспліцытна палягае ў выказваннях, – міфалагічнай, абрадавай, рытуальнай, сацыяльна-бытавой (у прыватнасці гендэрнай), а іх абмалёўка – жанравым канонам. Фальклорныя персанажы цалкам належаць антрапалагічнаму плану, але далёка не ва ўсіх выпадках візуальна звязаны са значэннем ‘старыя’. Вытрымліваецца толькі полавая прыналежнасць, а за лексемамі дзед і баба могуць хавацца прадстаўнікі любога пакалення – усё залежыць ад сітуацыі.

Рытуальна-магічная семантыка дзеда і бабы ў каляндарна-абрадавай паэзіі. Вылучаюцца тры тыпы персанажаў: функцыянальны, статуксны і прэцэдэнтны.

Функцыянальная фігура – дзед у каляндарных песнях. Трэба думаць, што рэтраспектыўна ён як старэйшы выконваў жрэчаскія функцыі, здзяйсняў рытуальнае забойства ахвярных жывёл, канкрэтна – казы (казла), кабылы (каня), свінкі. Менавіта старога з лукам і стрэламі баіцца калядная каза, а не стральцоў-байцоў, на якіх у песнях ускладаецца віна за яе забойства. У песні пра свінку дзеда чакае пакаранне: яго звязваюць, садзяць на печ, шчыльнаа закрываюць ступай. Як вядома, распарадчык ахвярапрынашэння пераходзіў у разрад «нячыстых», яго чакала часавае адасабленне, сімвалічнае пакаранне і ачышчэнне. Тут печ з падпечкам і слупам, які, дарэчы, беларусы называлі «дзедам», маркіруе каляднага дзеда яшчэ як увасабленне духа продка-апекуна, а таксама як хатняга дзядка-дамавіка.

Статусная фігура – бабка ў валачобных песнях. Матыўны інварыянт прысвечаных ёй твораў выглядае наступным чынам: прыход да бабкі валачобнікаў – надзяленне ўсіх, акрамя сіраты, чырвоным яйкам – сірата атрымлівае лепшы падарунак (долю ад бога, карову і каня ад пана або красную паненку ад бабкі) – задаволенасць сіраты – падзяка бабцы. Бабка ў гэтым выпадку – старая жанчына, ды вітаецца яна не з прычыны ўзросту, а дзякуючы статусу павітухі, бо ўсе валачобнікі рэпрэзентуюцца як «бабіны ўнукі». Адсюль зразумела, чаму агульная бабка (павітуха, пупарэзніца, пупавязніца) з такой прыхільнасцю ставіцца да сіраты.

Прэцэдэнтная фігура – «дзядулькі» і «бабулькі» ў песнях-цярэшках. У межах каляднай абрадавай гульні «Жаніцьба Цярэшкі» яны гранічна ўмоўныя, а ў рытуальна-міфалагічным плане – цалкам хранатапічныя. Па рэальнаму ўзросту -–«дзядулькі » і «бабулькі» – хлопцы і дзяўчаты, па агульных перажэненых «бацьках» – «сыночкі» і «дычушкі», «браты» і «сёстры», па шлюбных стасунках – «маладыя» і «маладухі». Нельга не заўважыць, што культура «сваяцкіх» стасункаў у гульні суадносіцца з міфалагічным прэцэдэнтам інцэстнага шлюбу прадстаўнікоў другога пакалення. Узаемныя ўцёкі «дзядулек» і «бабулек» – знак супраціўлення інцэстнаму шлюбу, а наступныя пералоўліванні – факт абрадавага (рэтраспектыўна-вымушанага) шлюбавання. Такім чынам, першавобразы міфалагічнага сюжэта ў кантэксце абрадавай гульні ўжо ўсведамляюцца як дзяды-дзядулькі, бабы-бабулькі, і з гэтай прычыны абрадавыя персанажынабываюць амбівалентнасць: яны адначасова маладыя і старыя, халастыя і пажэненыя, чужыя і сваякі.

Тыпалогія казачных дзеда і бабы. Тут мы засяродзім увагу на кумулятыўных і тых загадкавых казках, якія не ўкладаюцца ні ў адну класіфікацыю, што наводзіць на думку аб іх старажытным паходжанні, бо сюжэты гэтых казак нагадваюць негатыўную версію таго ці іншага міфалагічнага матыву або пераказ сну, у якім падсвядомасць пабудавала свет (часам жудасны) з частак бытавога і міфалагічнага. Характэрная рыса казак – пячатка непаўнацэннасці, незавершанасці, заганнасці на суб’ектах або аб’ектах. Дзед і баба тут – сэнсава перыферыйныя персанажы, нягледзячы на тое, што з іх пачынаюцца казкі, дзе, дарэчы, гінуць добрыя і дрэнныя, дзе ўсё разбураецца, дзе нават шчаслівы канец мае горкі прысмак.

Дзед і баба – выпадковыя ўладальнікі незвычайнага. Праўда, яны нават не падазраюць аб гэтым, прыкладам, не здагадваюцца аб здольнасці сваёй куркі Рабкі несці залатыя яйкі. У касмаганічных міфах залатое яйка нараджае творцу, з яго частак утвараецца Сусвет. Дзед і баба – бяссільныя дэміургі, яйка разбівае мышка і – нічога не з’яўляецца: яно бясплоднае. У абрадах аднаўлення слёзы – метафара смерці – спалучаецца са смехам – метафарай жыцця, а ў казцы ўсё канчаецца слязьмі і адсутнасцю пазітыўнай перспектывы. У рускай версіі казкі разбіванне яйка прыводзіць да ланцуга катастроф: парушаецца душэўная раўнавага дзеда і бабы, выходзіць з падулады агонь, канчае жыццё самагубствам унучка, знікае звяно культавага адпраўлення, разбураецца сувязь людзей з храмам, знішчаецца культура.

Дзед і баба – стваральнікі няўдалых істот (з цеста, гліны, снегу). Спроба паўтарыць дзеянне Творцы нічога не дае або прыводзіць да жудасных вынікаў. Фармальныя пераймальнікі боскага вопыту не здольныя ні ажывіць свае тварэнні, ні надарыць іх душою. Няглэдзячы на тое, што тыя загадкавым чынам ажываюць, яны або нежыццяздольныя і таму гінуць (Снягурка,Калабок), або пачварная пагроза жыццю (Гліняны хлопец – пажыральнік).

Дзед і баба – паспяховыя выканаўцы крэатыўнага сцэнарыя (казкі тыпу АТ 327 F пра хлопчыка з драўніны і ведзьму). Казкавы сцэнарый суадносіцца з міфалагічным: тут ёсць і сіла жадання бяздзетных старых мець хаця б сурагатнага сыночка, і «правільны» матэрыял – дрэва, бо, згодна з павер’ем, дрэвы жывыя таму, што ў іх пераходзяць душы памерлых людзей, і воля зрабіць сынка, і «правільнае» месца для паленца – калыска або падпечак, дзе, як лічылася, жыве дух-ахоўнік хаты, і магічнае слова-калыханка з матывам ежы як звычайнай метафары жыцця. Драўляны хлопчык ажывае, трапляе ў палдон да ведзьмы, смажыць замест сябе яе дачку (дачок), з дапамогай птушак выратоўваецца ад ведзьмы і вяртаецца да старых.

Псіхалагічная аснова казкі – страх бездапаможных і безабаронных старых, якія не маюць магічнага абярэга, перад ведзьмай-пажыральніцай. У сваім прамежкавым стане драўлянай лялькі герой нагадвае язычніцкія фігуркі-абярэгі, змест казкі – выпрабаванне яго сілы, вынік – слабыя дзед і баба набываюць патэнцыяльнага ахоўніка.



Дзед – цудоўны агароднік (казка «Рэпка»). Маштаб атрыманага ўраджаю драматычна пераўзыходзіць здольнасць дзеда давесці справу да канца. Увесь ланцужок памагатых, разам з апошняй кропляй – мышкай, – суб’ектывацыя той сілы, якой не хапае дзеду. Казка падае своеасабліва зніжаным вобраз культурнага героя: гэта нешта сярэдняе паміж яго высокай версіяй стваральніка, вынаходніка і адмоўнай версіяй няўдалага пераймальніка.

Гендэрная падаплёка пазіцыі дзед–баба ў сацыяльна-бытавых казках і жартоўных песнях. Калі казачны дзед – увасабленне архетыпу Мудры стары, то баба – антыпод Мудрай старой. З жудаснай бабай не можа справіцца нават чорт, у той час як разумны дзед здольны перахітрыць не толькі яе, але і пана.

Вызначальны модус мастацкасці жартоўных песень – гумарыстычны камізм, пра які нельга сказаць, што ён гендэрна нейтральны, бо за прагматыкай твораў, псіхалагічнай характарыстыкай дзеда і бабы, вырашэннем песенных сітуацый паўстае непрывабны твар гендэра. Дамінантная лінія жартоўных песень – высмейванне бабы за яе заганныя рысы, якія лічацца тыпова жаночымі (бязмежная лянота, гультайства, бесклапотнасць, бязглуздая ўпартасць, бяздумнасць, хітраванства, бяздоказная прыдзірлівасць, дурасць, сквапнасць і г.д.), а дзед працалюбівы, абачлівы, схільны да гумару, добры дарадчык, спагадлівы да дурной бабы, справядлівы. На гэтых яго рысах, уласна кажучы, трымаецца гумарыстычная апалогія пакарання бабы. Толькі дзедава «навука» не на карысць бабе: яна ўпарта стаіць на сваім. Хоць і біў ён яе за гультайства, калаціў аглаблямі і качаргой, – перавыхаваць бабу немагчыма.



З усяго сказанага вынікае:

  1. Звычайныя, устойлівыя значэнні слоў дзед і баба народная культура амаль ігнаруе. З забароны выкарыстоўваць адно слова для пазначэння розных аб’ектаў – рэальных або ўяўных – для яе не існуе, калі ёсць агульная тэндэнцыя да антрапамарфізацыі асяродзя.

  2. Фальклорныя персанажы дзед і баба належаць свету людзей, але іх вобразы семантычна больш за тое, чым яны здаюцца на першы погляд. Іх прастата – падманная, бытавізм – абалонка, праўдападобнасць – ілюзія, бо за ўмоўнымі сітуацыямі песень і фантастычнымі сюжэтамі казак прыхаваны вялікі пласт папярэдняй культуры, калектыўных уяўленняў, сацыяльных стэрэатыпаў. Унутраны змест вобразаў залаецца логікай сашчэплівання тэксту з тым ці іншым кантэкстам, у сэнсавае поле якога ён пагружаны.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка