Пятро Васючэнка Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі




старонка5/5
Дата канвертавання13.05.2016
Памер1.04 Mb.
1   2   3   4   5

ПОКАЗКА ДЗЕВЯТАЯ ЗДАРЭННЕ НА ДЗЯДЫ
Засталіся паны адны. Мышы, вядома, не лічацца.

А тут настаюць халодныя цёмныя восеньскія ночы. А тут -

неўраджай рэпы, так што паны не могуць выручыць за рэпу

талеры і накупляць у Смургонях ячных крупаў, мёду, гарэхаў,

віна, усялякага іншага, каб як след сустрэць Дзяды.

От ужо вы, напэўна, ведаеце, як і дзеля чаго святкуюцца

Дзяды - адно з найвялікшых святаў на нашае зямельцы. На

гэтае свята, кажуць, жывыя сустракаюцца з памерлымі. Якім

чынам?

Вось людзі ўвечары сядаюць за святочныя сталы, запальваюць свечкі, частуюцца поснымі стравамі, узгадваюць сваіх нябожчыкаў - хто дзядулю, хто прабабку - хто каго памятае. І дзяды, нябачныя, святкуюць поруч з намі. Часам і вестку могуць пра сябе перадаць. Задрыжыць язчык свечкі, затрымціць ад нябачнага подыху - гэта, пэўна, азваўся ваш памерлы родзіч.



Святочная пачостка застаецца на ўсю ноч на стале - дзяды частуюцца пасля вас, балююць уначы.

У паноў Кубліцкага ды Заблоцкага ёсць вялікая нагода адзначаць Дзяды - у іх мноства родзічаў, чые партрэты па-ранейшаму аздабляюць красны кут у хаце. Але адна бяда -грошай мала. А паны хацелі б наладзіць пышную пачостку ў гонар сваіх шматлікіх продкаў - накупляць усяго ды наесціся, перапрашаю, ад пуза, ды так, каб і продкам перапала, каб не крыўдавалі. А тут не выпадае. То яны ў вялікай скрусе. А сці пла святкаваць паны не могуць.

То пан Заблоцкі (такі гарачы!), павярнуўшыся тварам да паноў Крыштапа Халімона, Мацея, Цыкмуна, Маўры, Анупрэя, Піліпа Супрона Кубліцкіх, Рустыма, Рахвала, Ходара Язэпа, Самойлы Заблоцкіх ды іншых, мужчынскага ды жаночага полу, будзе голасна так казаць:

-- Маўчыце! Не глядзіце! Што гледзіцё? Не будзе вам свята! Не будзе куцці! Не будзе чаркі! Не будзе і не будзе! Не, не і не! І перастаньце зіркаць на нас галоднымі вачыма! Гэта ён дарэмна так казаў. Ад роспачы, вядома, -- што не можа бацькоўскую суботу стрэць як належыць. Што не мае чаго раскошнага на стол паставіць. Але гэта трэба было далікатна растлумачыць. А ён -- накрычаў, накрычаў... Дзяды пакрыўдзіліся. Гэта было бачна па іхніх вачох, якімі яны глядзелі на пана Кубліцкага ды пана Заблоцкага з партрэтаў. Глядзелі пан Крыштап Халімон, Мацей, Цыкмун, Маўр, Анупрэй,Піліп Супрон Кубліцкія, Рустым, Рахвал, Ходар Язэп, Самойла Заблоцкія ды іншыя, мужчынскага ды жаночага полу.

Паны святло пагасілі ў пакоі - а яны ўсё адно глядзяць. Здаецца, што з цемры бліскаюць іхнія вочы, і не голад у іх, а дакор, смутак, гнеў. Маўляў, да чаго дакаціліся, пустадомкі! Паны на лавы палеглі, а спаць не могуць пад гэтымі позіркамі. Дый вусцішна стала наўкол. Ноч глухая, восеньская, без месяца, без зорак. Быў бы снег - і то весялей было б неяк. А тут яшчэ ў мёртвай цішы нейкі звер зароў у дуброве, за рэчкай Парэчкай. Хто такі? Можа, ізноў Цмок, якім абярнулася кураня ад Куры Шчабятуры (чытай папярэднюю кнігу)?

Пароў той звер - і зноў мёртвая ціша. І вось у гэтай цішы, у гэтай цемры знадворку раздаецца выразны басавіты голас: -- Дзе гэтыя шалапуты? Дзе гэтыя пустадомкі? Дзе гэтыя няветлыя нашчадкі? А ну, выходзь на двор - размаўляць будзем!!!

Паны проста млеюць ад жаху. Гэта табе нават не партрэты, што са сцяны зіркаюць. Гэта нешта такое пагрозлівае і страшлівае, што нават пан Заблоцкі адчувае, як на ягонай лысай галаве падымаюцца дыбам валасы, якіх няма. А пану

Кубліцкаму мроіцца, што ў яго па спіне не мурашкі, а халодныя жабы прабеглі.

Голас тымчасам басавіта і крыху насмешліва працягвае:

-- Чаго не выходзіце? Штаны не апранеце ад страху? Дык вы

яшчэ і баязліўцы? Вось дык шляхта!

Гэта не жарты - шляхецкі гонар закрануты. Пан Кубліцкі, перамогшы ікаўку, ганарліва кажа:

-- Хто гэта штаны не можа апрануць? Вось я, калі ласка... апрануў ужо...

-- Вось і добра, пане, -- раздаецца з цемры голас пана Заблоцкага. - А я аніяк папругі не магу адшукаць. Выйдзі-ка, пане на ганак, раз ты першы апрануўся. Зірні, які галган там шляхту абражае ды дай яму перцу з імберцам! А я потым выйду і яшчэ дабаўлю.

Пан Кубліцкі прыкусіў быў язык, але што паробіш? Сказанае слова за хвост не зловіш. Пан Кубліцкі бярэ качарэжку і няроўнай ступой выходзіць за дзверы.

І адразу чуецца грук - важкі такі грук, як быццам нехта некага па лабаціне ёмка ўпляжыў. «Малайчына, пане Кубліцкі, -- радуецца пан Заблоцкі. - Як ён яму ўлялюшчыў качаргой!». Каму «яму» ён яшчэ не паспявае падумаць, таму што тут вяртаецца пан Кубліцкі, трымаючыся за галаву. Запальвае свечку і пры яе агеньчыку аглядае свой лоб. На ім - ладны гузак, з паўяблыка памерам. -- Яно... гэта самае... б'ецца...—мармыча ён. -- А пан што, зломак? Не мог з ім паквітацца? -- Каб жа бачыў я, з кім... - буркае пан Кубліцкі. - Бяры, пане, качарэжку, ды сам ідзі квітайся. Калі, вядома, не баішся, --з'едліва дадае ён.

Гэтага дастаткова, каб пан Заблоцкі запыхкаў, зафукаў, як імбрык з гарбатай, ухапіўся за качарэжку і выскачыў за дзверы, як апечаны, моцна імі ляснуўшы. І адразу ж пан Кубліцкі чуе два ўдары: бэнц! бэнц!

«Гэта, знацца, першы раз яму ўрэзалі, а другім разам ён урэзаў... -- раздумвае пан Кубліцкі. - Або не так? Або наадварот?»

З'яўляецца пан Заблоцкі, маўклівы і змрочны, як хмара, і таксама за лоб трымаецца. А на ілбе ў яго не адзін, а два гузы, па баках, як рогі, і вялізазныя, па аранжыку кожны. -- І пану таксама перапала? -- так і ахнуў пан Кубліцкі. - Ды яшчэ двойчы?!

-- А што, і табе хочацца? -- адказвае пан Заблоцкі. - Ідзі за дзверы - атрымаеш. У іх яшчэ ёсць.

-- Не, лепш я ўраніцу пайду, -- з гонарам кажа пан Кубліцкі. -Мне трэба ворага бачыць у твар! А ў цемры мне біцца зусім непамысна...

І паны, падрыжаўшы ды патрымцеўшы крыху, кладуцца спаць. А ўраніцу ўсё не так выглядае, як уначы, і куды тыя страхі дзяюцца? Сонца у вакно заглядае, суседскі певень кукарэкае (бабчын Гапчын, на якім ужо новае пер'е павырастала). Пан Кубліцкі смела выходзіць на ганак, і нават без качарэжкі.

Што ж ён бачыць? Граблі ляжаць каля ганку, звычайныя граблі.

-- Вось дык пан Заблоцкі! -- вырываецца з ягоных вуснаў. -Вось дык зух! Гэта ж я адзін толькі раз на граблі наступіў! А ён - ажно два разы! Такое толькі пан Заблоцкі мог учыніць! Пан Заблоцкі, выйшаўшы на ганак, таксама бачыць граблі і са злосцю адкідае іх нагой. А сам на ўсялякі выпадак адскоквае ў іншы бок.

-- Пасяку! -- грыміць ён. - На трэскі пашчапаю, праклятыя граблі, каб вас маланка пашчапала! Утаплю, каб вы ў смале ўтапіліся! Аб калена паламаю, каб вас хвароба ламала! Па зубах надаю, каб вам іх лекар павырываў!..

-- Памалу, памалу, -- супакойвае яго пан Кубліцкі. - Гэта ж толькі граблі. Звычайныя граблі, з дрэва...

-- А хто іх сюды паклаў? -- бушуе пан Заблоцкі. - Хто іх навучыў гэтак рабіць? Хто знадворку розныя дурныя словы казаў?

На гэта пану Кубліцкаму цяжка адказаць. Граблі - гэта граблі, з імі ўсё зразумела. А вось астатняе... Можа, з вёскі хто пажартаваў з паноў? Падышоў пад дзверы ды папалохаў іх? Ці напраўду продкі да іх у адведкі прыходзілі? Таямніцаў у свеце багата.

Адно пэўнае. Ад тае прыгоды годзе панам агрызацца на партрэты продкаў. Ужо ніколі - ні на Дзяды, ні на Куццю, ні на Радаўніцу не забываліся яны дзядоў ды прадзедаў ушанаваць, у застолле паклікаць, добрым словам узгадаць.

ПОКАЗКА ДЗЕСЯТАЯ

КАЛЯДЫ ПАНОЎ КУБЛІЦКАГА ДЫ ЗАБЛОЦКАГА

Мінаюцца Дзяды, скончваецца працяглая цёмная восень, зямля апранаецца ў святочныя снегавыя шаты, і на ўсім свеце, здаецца, робіцца святлей. Толькі на душы ў паноў Кубліцкага ды Заблоцкага нясветла.

Пан Кубліцкі будзе ляжаць на лаве і ўздыхаць вось гэтак: -- Эх... Эх...

А пан Заблоцкі яму ў адказ: -- Вох... Вох...

Што б гэта значыла? А проста: Калядачкі зусім блізка, а кілбасы ані далёка, ані блізка. Інакш кажучы, зусім няма кілбасак. Бо з-за неўраджаю рэпы іх зусім няма як купіць. -- Посную Куццю яшчэ як-небудзь адбудзем... Рэпа ж ёсць... -ные пан Кубліцкі. - А што будзем назаўтра рабіць? Што за Каляды без кілбасаў, сала і шынак? Ох, доля ж наша горкая! -- Маўчы, пане, -- кажа пан Заблоцкі. - Даў Бог хлеба - дасць і да хлеба.

Вось дык пан Заблоцкі! Глядзі, які стрыманы стаў! Няйнакш, нішчымніца навучыла.

У калядную ноч запальваюцца ў небе зоркі, бы тысячы сярэбраных свечак. Паны пакрываюць стол накрухмаленым ільняным абрусам, кладуць пад яго, як і мае быць, сена - каб наступны год пражыць у шчасці ды дастатку. Ставяць на стол сем посных страваў: рэпу печаную, рэпу смажаную, рэпу пражаную, салату з рэпы, рэпныя грыбы, рэпныя гарэхі; а ў галаве стала, у гліняным гаршку, нібы каралева якая, стаіць куцця з рэпы.

Пан Заблоцкі расчыняе вакно, стукае ў падваконне

драўлянаю лыжкаю і кажа, як належыць па звычаю:

-- Мароз, мароз, ідзі куццю есці!

-- Зараз іду! -- адгукаецца з цемры хтось.

Паны ўздрыгваюць. Ці то бо ім прымроілася? Або дрэва ў садзе трэснула? Але па хаце адразу пацягнула марозным подыхам.

Сядаюць паны за святочную вячэру. Каштуюць усе сем

страваў -- рэпу печаную, рэпу смажаную, рэпу пражаную,

салату з рэпы, рэпныя грыбы, рэпныя гарэхі; а напрыканцы

вячэры -- куццю з рэпы. І ўсё гэта спраўна запіваюць моцным

рэпным віном. І жыццё падаецца ім не такім ужо змрочным.

За вакном зоркі ззяюць, мароз трашчыць, а ў хаце - цёпла,

утульна, свечка гарыць, у куце елачка зялёная ліхтарыкамі

бліскае. І панам уяўляецца, як у такую марозную ноч

прыйшоў да людзей Збавіцель - і сагрэў іх сваёй любоўю. І ад

гэтай думкі панам яшчэ цяплей і спакайней робіцца.

-- Заўтра калядоўнікі прыйдуць... Шкада, што няма кілбасак,

каб у мех ім укінуць... - зноў уздыхае пан Кубліцкі. - Вось каб

святы Мікола...

-- А што святы Мікола?

-- Ды пад елку што-небудзь паклаў...

-- Э-э, ды ты, пане Кубліцкі, зусім здзяцінеў! -- смяецца пан Заблоцкі. - Такія цуды толькі ў дзяцінстве адбываюцца!

Пан Кубліцкі разгублена маўчыць, а сам думае: «Ну і хай сабе... Вось ды каб вярнуцца хоць на дзянёк у дзяцінства! Хаця б у калядную ноч...»

Свечка дагарае. Паны пачынаюць варажыць. Цягаюць з-пад абруса саломіны, каб па іхняй даўжыні высветліць, каму колькі жыць застаецца. Аказваецца, што пану Кубліцкаму засталося жыць сто год, а пану Заблоцкаму - сто два. -- Ізноў не шанцуе... - уздыхае пан Кубліцкі. -- Ды ты што, пане! Ці ж я змагу без цябе пражыць хаця б тыдзень?! Разам гебнем, у адзін дзень, як у старых кнігах пішуць... Ды весялей ты, пане Кубліцкі, вышэй нос трымай! Сто год - гэта не так і мала!..Заўтра яшчэ паварожым: хто раней ажэніцца. А цяпер спаць пойдзем.

Спяць паны. І не чуюць, якія дзівосныя прыгоды ў гэтую ноч адбываюцца - проста ў іхняй хаце. Праз усю ноч рыпяць дзверы ў сенцах, адчыняюцца і зачыняюцца шыбы і форткі. Балазе, у панскім фальварку няма ані замкоў, ані засоваў. Ад каго ім сцерагчыся? І што берагчы? То яны не баяцца ані злодзея, ані бандыта.

Усю ноч дзеюцца каля панскае хаты нейкія таямнічыя рэчы. Нехта вакол яе ходзіць, нехта тупае, нехта капытам б'е, нехта ў вокны зазірае... Рыпяць дзверы - паны іх ніколі на ноч не зачыняюць. А каго ім баяцца, такім праслаўленым воям? Ад каго дабро берагчы, якога няма? Дзеюцца ў хаце таямнічыя крокі, шэпты, грукі. Паны таго не чуюць. Стаміліся, небаракі, за цэлы год. Столькі стратаў было ў іхняй гаспадарцы, столькі нягодаў, казаў той, у асабістым жыцці!.. Столькі перажылі ўсяго, о-ёй!.. Ці ж не маюць паны права хаця б раз на год адпачыць? Маюць, вядома. То яны й храпуць, як лыкі прадаўшы. Гаротныя... Хай прынясе ім удачу хаця б у гэтыя калядныя дні святы Мікола - наш Дзед Мароз... Паноў будзіць далікатны стук у дзверы. У шыбы. Настолькі далікатны, што, здаецца, зараз хатка іхняя паляціць да гары, бы паветраны шарык. Нехта галёкае дзікім голасам, нехта пішчыць, нехта верашчыць. Раве дуда.

-- Калядоўнікі прыйшлі! -- першы спахопліваецца пан Кубліцкі. - А Божа ж мой! А што ж мы ім жа у мех кінем жа? А можа ж зачыніцца ды не адкрываць жа?

-- Ты што, пане, блёкату аб'еўся? -- надта ветліва і далікатна адказвае пан Заблоцкі. - Не адкрыць калядоўнікам?! То ж смяротны грэх! Няхай рэпу апошнюю забіраюць, але я ім адчыню.

І ён кідаецца да дзвярэй ды рашчыняе іх наўсцеж. Імгненна ў хаціну ўвальваюцца калядоўнікі - разам з марознаю параю, ды снегам, адсталым ад валёнак, вясёлым скавытаннем ды кугіканнем. У панскай хаце робіцца цесна ад зыкаў ды спеваў.

Вось яны, калядоўнікі, -- Павадыр, Мядзведзь, Каза, Жораў, Механоша, Конь. Павадыр, як мае быць, пафарбаваны пад цыгана. Мядзведзь рыкае сапраўдным мядзведжым голасам. Каза бляе, стогне, валіцца на падлогу і качаецца на ёй, закаціўшы вочы. Жораў ляпае крыламі і падлятае ажно пад столь - сапраўдны Жораў, адно крыху таўставаты! Конь іржэ. Вух, які ён вялікі! А гвязда васьміканцовая золатам гарыць, так і ззяе; мо, праўда з золата зробленая?

Калядоўнікі, сабраўшыся ў купку, даруюць паноў сапраўднаю, чыстазвоннаю калядкаю:
Дзень добры ў хату вам, Панам гаспадарам! Пану Кубліцкаму, Слаўнаму рыцару, Пану Заблоцкаму, Вельмі шляхоцкаму. Будзьце здаровыя, Як дубы стогадовыя! Будзьце харошыя, Будзьце і з грошыма! Няхай рэпа родзіць, Няхай чарачка ходзіць!

Няхай патэльня трашчыць, На ёй скварка пішчыць! Жадаем жа мы вам, Панам гаспадарам, Мець усяго даволі, А бяды - ніколі! Каляду шануйце,

Каляду даруйце!

Маеце ласачку -

Кіньце кілбасачку!

Маеце трошачку -

Кіньце і грошыкаў!

Кіньце хоць аладачку,

Шануйце калядачку!
За тымі прыемнымі спевамі Каза выходзіць наперад і пачынае скакаць па хаце. Нешта ў ейных скоках і ў яе паставе падаецца панам знаёмым... Раве дуда. Павадыр і ўсе астатнія калядоўнікі б'юць у ладкі і прыпяваюць:
Го-го-го, каза! Го-го, шэрая! Паварочайся! Не забывайся! Го-го-го -- да печкі -Выйдуць перапечкі! Го-го-го да склепа -Будзе поўны рэпы! Дзе каза рагом -Там жыта стагом! Дзе каза топ-топ -Там грошай сем коп! Дзе каза хвастом -Там дукатаў сто! Дзе каза рагом -

Там блін з пірагом! Цягні, пан Кубліцкі, Мёд-піва з паліцы! Няхай пан Заблоцкі Пачастуе клёцкай! Го-го-го, каза, Го-го, шэрая...


Раптам каза гэпаецца аб падлогу, закочвае вочы і пачынае дрыгаць нагамі - нібы канае. Пан Кубліцкі ўсё чухае галаву ды раздумвае: «Дзе ж я ўжо бачыў гэтыя ногі, валёнкі гэтыя?..» Але трэба казу неяк ратаваць... Ад чаркі паднесенага ёй рэпнага віна каза жвавее, становіцца на ногі і ўжо весялей глядзіць на свет.

-- А цяпер паглядзім штукі мядзведзя! -- абвяшчае Павадыр. -Міхалка ў нас вучаны, праўда? Мядзведжую акадэмію ў Смургонях скончыў!.. Праўда, Міхалка?

Мядзведзь становіцца на заднія ногі і раве, як бычок, якога на бойню вядуць.

Усе ўражаныя, апроч пана Заблоцкага. «Ну й навука, --

грэбліва думае ён. - Я і без акадэміі так змог бы!.. »

-- А ну-ка, Міхалка, пакажы, як паны Кубліцкі ды Заблоцкі

яйка наседжвалі! Ад Куры-Шчабятуры.

Мядзведзь паказвае. Усе смяюцца - апроч паноў.

-- А цяпер пакажы, як паны Кубліцкі ды Заблоцкі на прусакоў

палявалі!

Мядзведзь паказвае.

«Адкуль ён ведае, касалапы?», -- мільгае ў галаве пана Кубліцкага. А Павадыр як быццам іхнія думкі адгадвае: -- Ды пра вашыя подзвігі, панове, пагалоска па ўсім свеце разбягаецца! Газеты толькі пра тое і пішуць! Праўда, Міхале! Пакажы-ка, як шаноўнае панства рабіла лататы ад возера Куцапага, ратуючыся ад цмокаў!..

-- Не трэба паказваць! -- паспешліва кажа пан Кубліцкі. - Я ж бачу: ваш Міхалка галодны. Яго спачатку трэба накарміць. Міхалка! Хадзі да склепу, трушчы рэпу!

Мядзведзь як бы таго і чакаў: прастуе да склепу і пачынае грызці рэпу. Ды з такім смакам, з такім хрубасценнем гэта робіць, што паны ажно ніякавеюць. І кожнага точыць думка: «Усе прыпасы ператрушчыць! Як да лета дажыць?» Але гэтых думак яны не выказваюць. Пакрыўдзіць калядоўнікаў - апошняя справа. А тыя, адспяваўшы ды адскакаўшы, поўныя ночвы дабра панам нажадаўшы, пускаюць Механошу. І той падыходзіць да паноў з такой, ведаеце, хітраватай усмешачкай. Дзе яны бачылі такую ўсмешку?

-- Выбачайце, шаноўны паночку, -- кажа пан Кубліцкі. - але ў нас усе пачастункі з рэпы. Кілбаса з рэпы, сала з рэпы, сыр з рэпы. Бачыце, лекар выпісаў нам рэпную дыету... -- Э, пане, маніш, -- без цырымоніяў кажа Механоша. - А што вунь у паноў пад елкай?

Паны глядзяць пад елку і бачаць... А божа ж мой! Чаго ж, чаго толькі там не навалена! Цэлая гара гасцінцаў! Вось дык святы Мікола! Кідаюцца паны да гэтай кучы падарункаў ды пачынаюць яе разбіраць.

Вось стаіць кош, а ў ім - кілбасы, булкі, цукеркі, марцыпаны, біклажкі з віном... «Усё, што на дрэвах расце... » -прыгадваецца панам.

Вось другі кош, поўны фінікаў, хвігаў, мігдалаў ды іншых заморскіх пладоў, што ў Палястыне растуць. Вось куфар, на куфры надпіс: «Дзякуй за добрыя адносіны да жывёлаў». Адчыняюць, а ў ім - свінка, з лычыкам і крыльцамі, з чыстае чакаляды, ды важкая такая!

Вось торбачка, у ёй нешта прыемна так, меладычна дзвэнгае. Развязалі торбачку - а з яе глядзяць на паноў масляна-жоўтымі вочкамі залатыя дукаты, дукаты, дукаты... Вось дзежачка з мёдам, ладненькая такая... Вось мех з аўсом. Вось бочачка з селядцамі.

Ад такое раскошы паны проста розум губляюць. Пан Кубліцкі кажа: «Мама», пан Заблоцкі кажа: «Бабуля». І абодва пакаціліся на падлогу, як два снапы.

Ужо на іх пырскалі, хукалі, кілбасу пад нос падносілі. Нарэшце паны ачомаліся. Бачаць - калядоўнікі скінулі маскі, і такія знаёмыя абліччы ды мызы! І вочы ва ўсіх напалоханыя і добрыя.

Вось «Каза» - дзеўка Дрыпа, ды якая прыгажуня сталася, яшчэ лепш, чым раней была. Вось «Павадыр» -- чорны барадач. -- А гэта цар Максімілян, з ціятру, -- кажа дзеўка Дрыпа. - Ён у ціятры цара гуляў. А для мяне - дык праўдзівы цар. Я яго надта люблю. Мы цяпер муж і жонка. У ціятры разам выступаем, талеры маем...

Вунь «Жораў» - маску скінуў, а крылы пакінуў... Птушка нейкая дзівосная...

-- А я сынок Цмока, Куры-Шчабятуры ўнучак, -- кажа ён. - Я таксама з яйка вылупіўся...

А «Механоша» - гэта ж, вядома, кот Буркун. Вочы зялёныя, хітрыя.

-- Я дык ні з кім не ажаніўся, -- кажа ён. - Кошкі ўсюды аднолькавыя. Няма, адным словам, у жыцці шчасця. Вырашыў да вас вярнуцца. Тут усё-ткі сцены родныя, і мышы знаёмыя...

-- А вы чаму маскі не скінулі? -- пытаюцца паны ў Каня і Мядзведзя.

-- А мы - сапраўдныя, -- чалавечым голасам адказвае Конь. -Няўжо не пазнаяце. Я ж Гарцук!

-- Ды які ж ты стаў гладкі!.. - дзівяцца паны. - Ды памаладзеў як! Проста жарабятка!

-- А я ажаніўся, -- апусціўшы вочы, кажа Гарцук. - Знайшоў тую прыўкрасную кабылку ды прапанаваў ёй капыт і сэрца. І яна пагадзілася. Я тут ненадоўга. Мяне маладая жонка чакае. -- А я таксама сапраўдны, -- кажа Мядзведзь. - Я з Смургоняў. Прывітанне вам, панове, ад рыжа-лысага. Ён прасіў, каб вы на яго не трымалі крыўды. Ён добры. Толькі пажартаваць любіць.

-- Дык гэтыя булкі ды кілбасы - ад яго?! -- здагадваюцца паны.

-- Не гэтак важна, панове... Лічыце, што святы Мікола падараваў...

-- Вось табе маеш! Усе сабраліся! -- круціць галавой пан Заблоцкі.

-- Толькі Свінкі лятучай няма... І Осліка... - з сумам кажа пан Кубліцкі.

-- Прывітанне вам ад іх і паклон, -- кажа птушаня, унучак Куры-Шчабятуры. - Быў я ў выраі - бачыў лятучую Свінку. А Ослік дабраўся да Палястыны, але што ён там робіць - гэта пакуль што вялікая таямніца.

Ну ж і Каляды ўдаліся ў паноў Кубліцкага ды Заблоцкага! Частаваліся хто чым хацеў: хто - кілбасамі, хто - аўсом, хто -марцыпанамі, хто цукеркамі. Мядзведзю асабліва рэпа спадабалася. Ён проста роў ад задавальнення, хоць вушы затыкай:

-- Ды я за ўсё сваё мядзведжае жыццё такой рэпы не каштаваў! Салодкая, як мёд!

Кот Буркун сабраў усю сваю мышыную хэўру, і яны тут жа паказалі ў старой шафе батлейку - спектакль пра вайну мышэй з жабамі, у якой перамаглі, вядома ж, мышы. Паны Кубліцкі ды Заблоцкі, добра падсілкаваўшыся ды лыкнуўшы кілішак, выйшлі на надворак ды як бабахнулі з дзедавай стрэльбы! Кажуць, чуваць было ажно ў палацы князя Дрыгайлы, а гарох аж да Смургоняў далятаў. Вось гэта было дык салютаванне.

А ўначы, калі свята адгрукацела, адспявала, адстукала, адскакала, ціха стала ў сядзібе паноў Кубліцкага ды Заблоцкага. Зоркі цененька зазвінелі ў небе, бы крышталёвыя. Госці паснулі. Толькі паноў сон аніяк не браў, усё яны звыкнуцца не маглі з тым, што доля нарэшце тварам да іх абярнулася.

-- А ўсё-ткі няблага жыць у гэтым свеце, пане Заблоцкі! --захоплена кажа пан Кубліцкі.

-- Ага, ага, -- сонным голасам мармыча пан Заблоцкі. - Добра пагулялі... Але вось хто чыгуны ды лыжкі заўтра мыць будзе? Толькі адразу папярэджваю: не я! Не шляхецкая гэта справа -чыгуны мыць...
ПАСЛЯСЛОЎЕ
Гасцей прыемней сустракаць, чым праводзіць. Вядома, калі гэта чаканыя госці. У гэтым паны Кубліцкі і Заблоцкі самі пераканаліся, калі, сустрэўшы Каляды, Дзеўка Дрыпа, Цар Максімілян, Гарцук, Куранятка зазбіраліся дахаты. Пан Кубліцкі нават пусціў слязіну.

-- Не сумуйце, панове, як толькі Каляды - дык мы зноў да вас, -- кажуць госці дый раз'язджаюцца памалу. Кот Буркун паноў суцяшае як можа.

-- Не тужыце, панове, -- муркае ён. - Пан Кубліцкі, годзе вільгаць разводзіць, а то грыбы ў хаце вырастуць! Я ж з вамі застаюся, верны ваш сябра Буркун. Верны, як сабака... тфу, каб яны ўсе спруцянелі! Мышы з вамі, рэпа з вамі, дукаты ў куфэрку з вамі! Чаго яшчэ жадаць! Новых прыгодаў! Не турбуйцеся! Яны будуць! З такімі шалапутамі, як вы, яны заўсёды будуць здарацца. Але, можа, за тое я вас і люблю!.. Праўду казаў. З панамі яшчэ шмат прыгод надарылася. Вандравалі яны вакол свету, хадзілі ў сваты, здабывалі ў балоце закляты скарб. Пра ўсё пра гэта ды пра іншае я вам распавяду, толькі дайце крышку пярэдыху. На ўсё свой час.
СЛОЎНІК
Атрамант – чарніла

Аранжык -- апельсін

Ахмістрыня - жанчына, што вядзе гаспадарку ў заможным доме

Барыла - двухдонная бочачка для напояў

Вікторыя -- перамога

Віцінар -- ветэрынар

Газард - азарт, напал

Грандзёж - вэрхал, бойка

Гутнік - шклароб

Двабой - дуэль

Дзіда -- піка

Дрыкгант - старадаўняя парода коней, апісаная ў свой час У.Караткевічам

Дукат - старажытная залатая манета

Зямная куля - зямны шар

Жамяра - насякомае

Карчага - вялікая гліняная пасудзіна для захоўвання збажыны, мёду, віна ды інш. Кумпяк - верхняя частка свіной нагі

Ламанцы - печыва з пшанічнайц мукі, мёду і тоўчанага маку

Лыцар -- рыцар

Людзі паспалітыя - людзі добрыя

Манкіраваць - падманваць, махляваць

Наладаваць - напхаць

Паказваць на мігах - паказваць жэстамі

Планіда - лёс, доля

Пляц - плошча

Прынажытак - барыш, утаргаваныя грошы

Руля - ствол

Рыхтык - якраз як;

кропля ў кроплю Скабы - рэбры Скрыдлы - крылы

Смарагд -- ізумруд

Сочыва - варэнне

Срога - строга

Статут - звод законаў

Сурдут - мужчынская вопратка з доўгімі паламі

Сячкарня - машына для рэзкі саломы на корм

Талер - старажытная манета

Фальварак - панская сядзіба

Фіцьмаршал - фельдмаршал

Цынамона -- карыца

Цэбар - драўляны посуд з клёпак з вушкамі

Чапяла - жалезны кручок з ручкай для пераносу патэльні

Шмалец - гусіны тлушч

Шпацыр - прагулянка

Шыхт -- строй

Шэлег - старажытная дробная манета



1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка