Пятро Васючэнка Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі




старонка3/5
Дата канвертавання13.05.2016
Памер1.04 Mb.
1   2   3   4   5

ПОКАЗКА ДРУГАЯ КОНЬ БОЖЫ
А хто такі - конь Божы?

А гэта, напэўна, кожны ведае. Усе скажуць, што ён невялічкі (у параўнанні з сапраўдным канём), шэры, вушасты. І што ён вазіў нашага Збавіцеля на сваёй спіне, праз усю ягоную вандроўку ажно да самога Ерусаліма, дзе Збавіцеля сустракалі крыкамі «Асанна!», а потым... А вось пра тое «потым» горка ўзгадваць.

Але гэты шэры, вушасты, невялічкі (у параўнанні з сапраўдным канём), здаецца, зрабіў для чалавека ўсё, што мог. І, здаецца, мае права на сякую-такую ўдзячнасць. Але чалавек...

Але чалавек абвясціў яго дурнаватым і ўпартым. І панаскладаў пра яго мноства нядобрых баек. А таго не ведае чалавек, што ослік (гэта ён) - не ўпарты, а прынцыповы. Не дурны, а задуменны.

Бо праз усё жыццё ён (не ён, а ягоныя нашчадкі, вядома) згадваюць пяскі, каменні, смачныя фінікі й смоквы і, вядома ж, Гаспадара, якога сумленна вазіў продак ягоны на сваёй спіне праз усю Палястыну. Вось чаму кожны ослік такі задуменны.

Яшчэ пра осліка кажуць, што ён раве дурным голасам. Ці ж так? Бо ён не раве, а спявае. Спявае, узгадваючы свае былыя авантуры. А голас... Які дадзены яму голас Гаспадаром, такім і спявае. Не горшы, між іншым голас, чымся ў якой жабы. А жабам таксама спяваць не забаронена.

А людзі пра тое забываюцца. Як забыліся й паны Кубліцкі ды Заблоцкі.

А яны, між іншым, набылі сабе осліка - у Смургонях, за чарговы прададзены ўраджай рэпы. Хацелі купіць каня, а купілі осліка. Чаму? Здагадайцеся. Так. Вядома ж, з эканоміі. Лішне казаць, што дахаты яны з Смургоняў вярталіся верхам. Удвох на адным маленькім шэрым осліку. А ён, небарака, хоць яму й цяжка было, але цярпеў. Цярпеў, уздыхаў, але правёз паноў ад Смургоні да іхняга маёнтку каля рэчкі Парэчкі.

Паны не нахваляцца.

-- От тавар дык тавар! Галоўнае, эканомія якая! Гэта я яго прыдумаў купіць! Значыцца, я буду на ім ездзіць, -- кажа пан Заблоцкі.

-- Не, гэта я першы звярнуў на яго ўвагу! «Глядзі, пане Заблоцкі, якія вушы доўгія!» - гэта ж я першы сказаў! --адказвае пан Кубліцкі.

Сваю спрэчку паны й вырашаюць па-шляхоцку. Вырашылі, што заўжды і ўсюды будуць ездзіць на сваім коніку разам. То яны, дальбог, нават да агароду свайго на ім ездзілі. Пан Заблоцкі прапаноўваў нават у склеп па квас на осліку ездзіць. Цягнулі яны яго, цягнулі за вушы ў хату - ды не зацягнулі. Вось такая гісторыя.

Было ад чаго осліку задумацца. Стаяў ён аднойчы ў задуменні, думаў-думаў, вушамі махаў-махаў... І ад горкіх думак зжаваў усе панскія кветкі ў палісаднічку. Маргарыткі зжаваў, браткі зжаваў, вяргінькі зжаваў, а напрыканцы ўлюбёныя пана Кубліцкага настуркі зжаваў.

Пан Кубліцкі сам гэтыя кветкі сваімі рукамі пасадзіў. Сентыментальны ён быў, марыў, што некалі нейкай гжэчнай паненцы, ясачцы такой, паднясе букет з маргарытак, браткаў, вяргіняў ды настуркаў. Як пабачыў ён, што ослік у задуменні ўвесь букет зжаваў, дык справіў гвалту на ўсю наваколіцу. Ажно славуты парэчанскі Цмок пачуў, напалохаўся, залопаў скрыдламі і пералецеў за акіян у Мерыку. -- Якая нягжэчная жывёліна! -- кажа ў скрусе пан Кубліцкі. І пачынае ўслых даводзіць задуменнаму осліку, які ён нявыхаваны і недалікатны. Доўжыцца прамова пана Кубліцкага не хвіліну, не гадзіну, нават не дзве гадзіны, а яшчэ даўжэй. Ослік цярпліва слухае, махае вушамі й хвастом, але ў рэшце рэшт не вытрымлівае. Паспрабавалі б вы самі выслухаць столькі непрыемных рэчаў пра сябе! І так маркотна зрабілася осліку, так смутна, што не вытрымаў ён і заспяваў самую гаротную з сваіх песень. І гэта было так роспачна й гучна, што нават пан Заблоцкі прачнуўся, які адпачываў быў, пад'еўшы паранай рэпы.

-- Хто тут раве?! -- загарлаў ён спрасоння. А калі пабачыў, што гэта ослік выводзіць свае рулады, хуценька пабег у падлесак. І вярнуўся з яго, трымаючы ў руках маладую зялёную свежую дубіну з вярбы.

Ослік, не чакаючы такога гасцінца, спыняе свой спеў і кідаецца ў лес. А паны да самае начы вышукваюць яго ў лесе, гукаючы і галёкаючы, палохаючы пугачоў і казадояў, умольваючы, каб вярнуўся. Бо яны ўжо не ўяўляюць, як будуць жыць без осліка.

-- Пешкі да студні хадзіць? Ані! Вярніся, вушасцік, я ўсё табе дарую! -- просіць пан Кубліцкі.

-- Паспрабуй толькі не вярніся! Дубіну абламаю аб спіну, калі не вернешся! -- абяцае пан Заблоцкі.

Нарэшце ослік вяртаецца - куды ж яму падзецца. Ён ужо трохі прызвычаіўся да паноў, як-ніяк - гаспадары. Не ведае, бедны, якія новыя нягоды яго чакаюць - усё з-за дурных панскіх дрыгаў.

Бо ў паноў ад ляноты развіваецца хвароба - раматус. З-за таго, што мала рухаюцца. Лекар-шарлатан нараіў ім ехаць неадкладна на воды. «Гэта, кажа, апошняя парыская мода -на воды ехаць. Увесь свет ездзіць». То паны пачынаюць збіраць валізкі.

Пан Кубліцкі бярэ ў дарогу дзесяць гарнітураў (яшчэ ад дзеда, Піліпа Кубліцкага, засталіся), тры футры молем бітыя, дзве пары ботаў, пару валёнкаў, шапку-аблавушку зайцовую, гарсэты, кісеты, споднікі, нагавіцы, капелюшы, гальштухі, запінкі, гузікі, матузікі, чаравікі, пантофлі, гетры, сурдуты, хракі, маноклі, біноклі, камізэлькі і парасон. Пан Заблоцкі рагоча, гледзячы на гэтыя зборы: -- А футры на што? Валёнкі? Мы ж на поўдзень збіраемся. Там фінікі растуць і... какосы... - кажа ён праз смех. -- Не кажыце, пане... Сіноптыкі абяцаюць пахаладанне, --адказвае пан Кубліцкі і на ўсялякі выпадак запіхвае ў валізку пару цёплых шкарпэтак з сабачае воўны. А на сябе нацягвае цёплы швэдар і штаны з чортавае скуры.

Пан Заблоцкі хмыкае й пачынае збіраць сваю валізку. Ён кладзе ў яе чыгун, рондлі, самавар, патэльню, рынку, мешалку, міскі, талеркі, сподкі, лыжкі, ражны, швайкі, нажы, відэльцы, куфлі, збаны, бутлі, цабэркі, зубачысткі, вухачысткі, заправы, прыправы, шклянкі, бляшанкі, каляндру, кроп, цынамону, перац, соль, кмен, цыкламен, гароху, моху, чартапалоху ды ўсялякага іншага патроху... «Дзіва, чаму так цяжка? -- раздумвае ён, спрабуючы прыўзняць валізку. - Але нічога. Галоўнае - будзе з чаго есці. Гэта галоўнае».

Паны з вялізазнымі валізкамі караскаюцца на спіну беднаму

осліку, панукваюць ды памыкваюць на яго - марна! Ослік - ні

з месца. А ослікавы капыты памалу ўрастаюць у пясок.

-- Пайшоў! Ды пайшоў жа, вушасты! -- сярдуе пан Заблоцкі. -

А то як дастану з валізкі ражон ды як паркану ў бок!

На ягоны лямант збягаецца бадай уся вёска. Рагочуць людзі,

назіраючы, як паны ў дарогу выбіраюцца.

-- Дык вы, панове, не бралі б з сабою столькі рэчаў! Аслу ж цяжка, -- чуецца разважлівы голас Ахрэма Верацённіка. Паны пераглядаюцца. Шкада ім ператрэсваць наладаваныя розным майном валізкі. Нарэшце пан Заблоцкі кажа: -- Трэба адзенне скінуць! На поўдзень жа едзем, да цяпла... -- Непрыстойна... - мнецца пан Кубліцкі. -- Пра што ты, пане! Уся Еўропа даўно на шорты перайшла! Што ж, застаюцца паны ў еўрапейскіх строях - у адных шортах. Еўропа Еўропай, але ў Парэччы такога яшчэ не бачылі. Мужыкі плююцца, маладзіцы адварочваюцца, дзяўчаты чырванеюць. А паны ганарова праязджаюць праз усю вёску. За ваколіцай ослік пачынае махаць вушамі і раптоўна мяняе

курс.

-- Стой! Ты куды?! Не туды! -- лямантуе панства. Але ослік іх не слухае - надае хады, пераходзіць на рысь, потым пускаецца ў галоп - ажно іскры пырскаюць з-пад капытаў. Набліжаецца да нейкага зарасніку, рэзка тармозіць і робіць віртуозны рух азадкам. Ад гэтага руху паны зрываюцца з ослікавай спіны, падлятаюць высока ў паветра разам са сваімі валізкамі, а прызямляюцца - куды б вы думалі? У самы густы, самы высокі зараснік пякучай крапівы! Паны валтузяцца ў крапіве, нібы ў гарачым кіпні, вішчаць, лямантуюць, а ослік спакойна махае вушамі і глядзіць некуды ўдалеч. Што ён там убачыў?



Ідзе падарожны. Звычайны падарожны - світка запыленая, вочы светлыя, стомленыя і добрыя. Набліжаецца, глядзіць на осліка, на паноў, ківае дакорліва галавой, слухаючы, як паны праклінаюць асла, жадаючы яму праваліцца скрозь зямлю і ўтапіцца ў балоце.

-- Навошта так? Гэта добры, рахманы ослік, -- кажа падарожны, гладзіць осліка па шыі.

І яны на якую хвілю заглядаюць адзін да аднаго ў вочы: ослік - падарожнаму, падарожны - осліку. І каб хто пабачыў бы іх з боку, дык падумаў бы, што сустрэліся даўнія сябры. Што яны дзве тысячы год не бачыліся, але цяпер сустрэліся й пазналі адзін аднаго...

І далей вось якое дзіва: ослік шыбуе следам за ім, след у след, як быццам іншага гаспадара ў яго ніколі не было. Так яны і аддаляюцца- стомлены падарожны і маленькі шэры ослік. А паны нават і не звяртаюць увагі на гэта. Іх больш цікавяць уласныя балячкі ды апёкі. З крахтаннем ды стогнамі выбіраюцца з крапівы, падбіраюць валізкі, азіраюцца - няма осліка!

-- Звялі! Укралі! Сярод белага дня ўгналі гужавы транспарт! --

лямантуе пан Заблоцкі. - У суд на іх! Да станавога!

Раптам ён сціхае, як быццам заняло яму. І паны пачынаюць

моўчкі аглядацца вакол сябе: хто звёў, куды звёў?

І бачаць удалечы дзве маленькія постаці, адну на дзвюх

нагах, другую на чатырох і з выразнымі вушамі над галавой.

Дзве маленькія постаці марудна апускаюцца ў дол, каб пасля

ўзняцца на пагорак і знікнуць назаўжды.

І паны на свае вочы бачаць, як цёмны дол напаўняецца залацістым ззяннем. Нібы сонца не за гару спусцілася, а прылегла на дно гэтае лагчыны.

А потым дзве маленькія постаці ўзнікаюць і растаюць на даляглядзе, на мяжы залатой зямлі й блакітнага неба. І знікаюць назаўжды.

А паны маўчаць. І не наракаюць больш ні на кога. Адно пан Кубліцкі хвілінаў праз дваццаць задуменна будзе казаць: -- Усё, што ні робіцца, усё да лепшага. Хадзем дахаты, пане Заблоцкі. Не ўдалася нашая вандроўка на воды. Пэўна, цягаць нам наш раматус да скону жыцця.

Але назаўтра высвятляецца, што аніякае лячэнне панам ужо не патрэбнае. Раматус прайшоў, спіны ў іх перасталі балець -як быццам паны наноў на свет нарадзіліся. «Што за праява такая? -- думаюць паны. - Можа, крапіва дапамагла? Або той падарожнік, што ў нас осліка звёў? Можа, ён чарадзей які быў, чарнакніжнік, або...»

Пан Кубліцкі пазычыў у карчме паперы, атраманту, гусінае пяро і лічыльнікі і сеў за працу. Соп, крактаў, ляскаў лічыльнікамі, рыпеў пяром і нарэшце падлічыў, у колькі б ім абышлося тое лячэнне, разам з дарогаю, харчаваннем ды лекарскімі паслугамі. Высветлілася: двух ослікаў можна купіць на тыя грошы.

-- Зэканомілі! -- радаваўся пан Кубліцкі. - Купляйма кожнаму па аслу!

-- Не, больш аслоў я купляць не буду, -- адказваў на тое пан Заблоцкі. - Лепш добрага каня купіць, хаця б аднаго на дваіх.
ПОКАЗКА ТРЭЦЯЯ ГАРЦУК
-- Кажуць, у Смургонях коні падзешавелі... - будзе казаць пан Кубліцкі.

-- А ў каморы ў пана вецер свішча! -- здзекліва адказвае пан Заблоцкі. - Ані рэпы, ані талераў - усё прасвісталі...

Так у іх бывае кожную нядзелю. Коні ў Смургонях дзешавеюць ды дзешавеюць, а талеры ўсё ніяк не хочуць з'яўляцца. Але пан Кубліцкі не губляе надзеі - кожнай раніцы заглядае ў газету, цікавіцца смургонскімі коштамі, а потым перачытвае зашмальцаваную кніжку, якая называецца «Як выбраць добрага каня».

-- «Каню трэба на пачатку паглядзець у зубы», -- чытае ён. -Пасля агледзець капыты, круп, зазірнуць пад хвост...» -- Тфу! -- плюецца пан Заблоцкі. - Я ж, можа, снедаю, шаноўны пане Кубліцкі!

Аднойчы ўраніцу ў нядзельку пан Кубліцкі праз газету даведваецца прыемную навіну.

-- У Смургонях коней прадаюць задарма! -- крычыць ён, махаючы газетай. - Некаторым пакупнікам дык нават і прыплачваюць, абы толькі каня ўзялі.

-- Значыцца, час настаў! -- кажа пан Заблоцкі. - Едзьма ў Смургоні!

У Смургонях народ віруе, як Пінскае мора, а паны боўтаюцца ў ягоных хвалях, нібы дзве бурбалкі. Раз-пораз пан Заблоцкі пачынае выгукваць:

-- Коні! Куплю дармовага каня! Можна з прыплатаю! Дзе прадаюцца дармовыя коні?

Натоўп нема рагоча й падштурхоўвае паноў бліжэй да шынка. На ганку сядзіць чалавек - галава лысая, барада лысая. -- Вунь! -- кажуць рагочучы людзі. - У гэтага вазьміце дармовага каня.

-- Не трэба ў яго купляць... - шэпча пан Кубліцкі. - Я пазнаў яго! Гэта ўсё той - рыжа-лысы!

-- Як жа ты кажаш, што ён рыжа-лысы, калі ў яго лысая галава і лысая барада?

-- Гэта ён пагаліўся! Але зірні на яго - вочы ў яго рыжыя!

А чалавек, пабачыўшы паноў, кідаецца да іх:

-- Купіце! -- крычыць ён. - Купіце каня! Плачу тры грошы з

паловай, толькі купіце! Разам з брычкаю бярыце, толькі

купіце!

-- Чаму так дорага? -- падазрона насупіўся пан Заблоцкі. -Можа, конь не мае пароды? Нам трэба шляхецкі конь, высакароднага заводу!



-- Ды шляхецкі ён, шляхецкі! -- кажа прадавец і глядзіць на паноў вачыма, поўнымі слёз. - Сам бы трымаў, ды куды мне... Я - чалавек просты... Ды вось, панове, самі паглядзіце: вось конскі пашпарт, вось конскі радавод, вось конскі партрэт... І праўда: пашпарт нішто сабе. Парода - каралеўскі дрыкгант. Узрост - ні то дваццаць, ні то дзвесце год, самы паважны. А партрэт... Глядзяць на паноў самыя чалавечыя, высакародныя конскія вочы, ды так замілавана, нібы просяць: вазьміце мяне...

-- Гм... - бурчыць пан Заблоцкі. - Можна было б і ўзяць... Але чаму, пане так дорага?

-- Добра, саступлю, -- здаецца прадавец. - Бярыце два грошы - і конь ваш!

-- Вучыся, пане Кубліцкі, пакуль я жывы, як трэба цану збіваць! -- шэпча пан Заблоцкі. - Лічы, задарма ўзялі каня! -- Яно-то добра, -- кажа пан Кубліцкі, -- але ж дзе той конь? Можа, яго й няма зусім, таго каня?

-- Ды ёсць, ёсць конь!.. - спяшаецца паведаміць прадавец. - Я

яго каля рэчкі пакінуў.

-- Пасвіцца?

-- Ды не, загарае...

І праўда, ляжыць на беразе рэчкі конь, падстаўляючы сонцу то бок, то спіну, то пуза - напраўду загарае!

-- О, гэта напраўду шляхецкая парода! -- хваліць каня пан Заблоцкі.

-- Вось і добра! -- ззяе ад шчасця прадавец. - Вось вам, панове, два грошы, вось вам конскі пашпарт, вось вам конскі радавод, вось вам конскі партрэт, вось вам конь, вунь там, пад мостам, брычка. Каня зваць Гарцук. Дзякуй за пакупку! Тавар дыхтоўны, абмену не падлягае!

З гэтымі словамі прадавец нема рагоча і некуды знікае. Мусібыць, скрозь зямлю правальваецца. Такая ў Смургонях у прадаўцоў нядобрая звычка - скрозь зямлю правальвацца. Толькі дзірка ў зямлі застаецца, а з дзіркі серны дым курэе. Паны падыходзяць да дзіркі, нюхаюць, чхаюць, крывяцца. -- Бач, загрукацеў, -- кажа нарэшце пан Заблоцкі. - Нават барышу не выпіў. Ну, нічога, затое конь нам застаецца. І яшчэ два грошы да яго. І брычка. І пашпарт. І радавод. І конскі партрэт.

Пан Кубліцкі тымчасам уважліва прыглядаецца да Гарцука й няўпэўнена кажа: -- Худаваты нейкі...

-- Нічога, -- аптымістычна кажа пан Заблоцкі, -- затое загарэлы...

-- Дый худаваты - не тое слова! Худы, як драбіны! І скабы тырчаць так, што вось-вось праз скуру вызірнуць! -- Нічога, -- глыбакадумна будзе адказваць пан Заблоцкі, --затое парода ёсць. І партрэт. І пашпарт. І радавод шляхецкі. У каня вочы - нібы два васілёчкі. І ён задуменна глядзіць гэтымі вачыма на паноў, калі яны хочуць яго ў брычку запрэгчы. Як быццам хоча спытаць: што гэта вы, панове, робіце? Каго гэта вы хочаце запрэгчы? Мяне, дрыкганта з фіялетавымі вачыма? Ды як вам не сорамна, панове? І ў паноў ад няёмкасці сапраўды рукі апускаюцца. А праўда, каго яны хацелі ў брычку запрэгчы? Такую істоту высакародную?

-- Яго не можна запрагаць, кажа пан Заблоцкі. - Хай ідзе не запрэжаны.

Але й тут нявыкрутка! Конь не хоча падымацца з зямлі, колькі яго паны не панукваюць. Не хоча, дый усё тут! Яны яго спрабуюць пад пахі ўзяць, пад пуза - нічога не атрымліваецца. Конскія ногі адразу раз'язджаюцца. А сам Гарцук, як і раней, глядзіць на іх здзіўленымі, валошкавымі, поўнымі тугі вачыма, як быццам хоча запытацца: вы што, панове? Дзе гэта вы бачылі, каб такі высакародны конь дахаты пешкі дабіраўся?

-- Нічога не паробіш, -- рашуча кажа пан Заблоцкі. - Такой

высакароднай скаціне нельга пешкі хадзіць. Давядзецца яго

ў брычцы дахаты везці.

-- А хто ж яго ў той брычцы павязе?

-- Яшчэ аднаго каня трэба купіць.

-- Апамятайся, пане! Дзе ж набрацца грошай на яшчэ аднаго каня?

-- То давядзецца самім у брычку ўпрагацца!

Хочаш не хочаш - але мусяць паны ўдвох у брычку ўпрагацца ды везці каня дахаты. Вакол брычкі тоўпіцца людства, хто смяецца, хто плюецца, а хто й дзівіцца: якія вочы ў каня прыгожыя! Які конь загарэлы! І віншуюць паноў з выгоднай пакупкай. А паны стомленыя, але ўсцешаныя, дастаўляюць дарагі тавар дахаты.

Ад гэтага часу ў маёнтку паноў Кубліцкага ды Заблоцкага робіцца на аднаго шляхціца больш. Вядома, такога пародзістага каня не пакінеш ні на надворку, ні ў стайні. Пагатоў, стайні ў паноў аніякай няма. То Гарцук жыве ў лепшым пакоі ды спіць на лепшым ды найбольш трывалым ложку.

А на сцяне поруч з партрэтамі панскіх продкаў з'яўляюцца конскія партрэты. Абліччы спадара Канякі, спадара Жарабякі, спадара Клышаногага, спадара Сіўкі, спадара Буркі, спадара Куртатага, спадара Кульгайлы,спадара Сухарэбрага дый спадарыні Белакапытавай. Адным словам, прадстаўлена ўся конская радзіна - дзяды, прадзеды, бабкі, прабабкі. Добра яшчэ, што конь з ежай асабліва не вымышляе, а харчуецца тым, што й паны. Усё чыста топча: салату з рэпы, поліўку з рэпы, беф-строганаў з рэпы, марожаную рэпу дый ад рэпнае кавы не адмаўляецца.

Улюбёны занятак Гарцука - праменад. Штовечара паны Кубліцкі ды Заблоцкі запрагаюцца ў брычку ды вывозяць пана Гарцука на прагулянку. Уся наваколіца глядзіць на гэтыя дзівосы, і паны надта ўсцешаныя: ні ў кога няма такога ганаровага каня!

Час ад часу Гарцук выбіраецца з брычкі, каб крыху размяць свае шляхетныя маслы. Паходзіць па мурагу, валошку панюхае, у лесе абабак з'есць - і назад сядае, у брычку. Неяк падчас прагулянкі сустракаецца панам незвычайны вершнік: у жалезных нагавіцах, жалезнай сарочцы, жалезных ботах і з жалезнай дзідай. Лыцар, адным словам. А едзе ён на маладзенькай вараненькай кабылцы, палахлівай ды стрункай. Глядзіць вараненькая кабылка на Гарцука ды па-свойму, па-конску ўсміхаецца, выскаліўшы беленькія, што цукар, зубкі. Гарцук ад нечаканасці прымружвае вочы, а калі зноў адплюшчвае іх - усё, няма ані лыцара, ані кабылкі вараненькай. Толькі воблака пылу далёка наперадзе курыцца. Як іржане тут Гарцук, як нацягне лейцы, пускаючы сваіх конікаў у галоп! Беглі, беглі паны, боты стапталі, засапліся -але дзе ты іх дагоніш! Сумны-сумны вярнуўся Гарцук у хату і з тае пары есці адмовіўся. Нічога ў зяпу не бярэ - ні салату з рэпы, ні поліўку з рэпы, ні беф-строганаў з рэпы, ні марожаную рэпу дый ад рэпнае кавы храпу адварочвае. І праменад яму стаўся нямілы - адно вызірае з брычкі й глядзіць у далеч поўнымі слёз валошкавымі вачыма. Нават у лесе абабка не падбярэ. Што рабіць? Захварэў конь.

-- Трэба да яго паклікаць конскага лекара, -- кажа ў скрусе пан Кубліцкі.

-- Ты што, пане? Да шляхціца - ды конскага лекара? Да яго чалавечага лекара трэба клікаць, ды самага адмысловага--упэўнена адказвае пан Заблоцкі. -- Дзе ж такога знайсці?

-- Ды ёсць адзін такі, жыве ў Смургонях, сам з Палястынаў. -- А ў яго ці добрая рэпутацыя? -- непакоіцца пан Кубліцкі. -- Яшчэ якая! Вялікі, як кажуць, майстра лячыць, кроў мячыць, корпію ўстаўляць, жывых людзей на той свет адпраўляць... Да яго вядуць на нагах, а ад яго вязуць на санях...

-- Уга! -- з павагаю кажа пан Кубліцкі. - Ну, гэта якраз тое, што нам патрэбна.

Прыходзіць лекар з Палястынаў, ды не адзін, а з таварышам. -- Коней трэба абследаваць не аднаму, а ўдвох, -- тлумачыць лекар. - Бо ў каня не дзве нагі, як у людзей, а ажно чатыры. Затое й плаціць за кансультацыю ўдвая давядзецца. Што значыць вучаны чалавек - як добра патлумачыў! Пачынаецца абследаванне. Лекар становіцца каля конскай храпы і заглядае каню ў рот, а памочнік стаіць каля конскага крупа і заглядае каню, перапрашаю, пад хвост. -- Ці бачыш мяне? -- крычыць лекар. -- Не бачу! -- адказвае памочнік.

-- І я не бачу! Значыць, у жывёліны заварот кішак, -- кажа

лекар. - Дыягназ пастаўлены. Давайце грошы, панове.

І, забраўшы свае талеры, лекары збіраюцца сыходзіць.

-- Чакайце, панове! -- крычыць у роспачы пан Заблоцкі. - А

чым жа лячыць?

-- А мы коней не лечым, -- кідае цераз плячо палястынскі лекар. - Мы толькі людзей жыўцом на той свет адпраўляем, а коней - гэта грэх. Мы каням толькі дыягназы ставім. Вось як васпане захварэе, тады шчыра просім да нас, дапаможам. -- Тфу! -- абураецца пан Заблоцкі. - Шарлатан гэта нейкі, а не лекар! Я так сама лячыць магу. Давядзецца паклікаць віцінара.

З'яўляецца Віцінар - дзядок у акулярах з цэлай валізкай лекарскіх прыладаў. Ён абстуквае каня з усіх бакоў рознымі малаткамі, абмацвае капыты, заглядае ў зубы а напаследак -у сумныя-сумныя конскія вочы. Нарэшце ківае галавой дый кажа:

-- Гэтая хвароба называецца «каханне». Ваш конь закахаўся. -- У каго? -- вытрашчыў вочы пан Заблоцкі. -- Як у каго? У кабылу, вядома.

-- Гэта няйнакш у тую брунетку, памятаеш? -- здагадваецца пан Кубліцкі. - Няўжо, пане, забыўся? На ёй яшчэ гэты, у жалезных штанох ехаў, лыцар той... Пасля тае сустрэчы Гарцук кінуў рэпу есці.

-- Дык што ж рабіць? Як яго лячыць?

-- Хвароба невылечная, -- кажа Віцінар. - Або адпусціць яго на ўсе чатыры бокі, каб сам адшукаў прадмет свайго кахання. Або адвесці на скуралупню...

Пачуўшы пра скуралупню, Гарцук, забыўшыся на ўсе хваробы, з усіх капытоў кідаецца прэч з хаты. Так панёсся па дарозе - толькі пыл за ім закурыўся.

-- Вось вам і хворы, -- смяецца Віцінар. - Плаціць, панове, не трэба. Мне самому цікава было каня абследаваць. Такі, ведаеце, рэдкі выпадак!

-- «Рэдкі выпадак!» - бурчыць пасля пан Заблоцкі. - Напалохаў беднага хворага... Як мы цяперака без каня? З кім мы цяпер будзем катлеты з рэпы есці? Каго ў брычцы катаць будзем? -- А прыгадай яшчэ, пане, як нам цяжка гэнага каня купіць было! -- падтаквае пан Кубліцкі. - Такая страта! Сумна сталася панам. Паглядзяць-паглядзяць на конскія партрэты, развешаныя на сцяне, і яшчэ маркотней ім зробіцца. Усё варожаць, ці вернецца Гарцук дахаты. Ну, а мы пра тое, можа, таксама даведаемся напрыканцы гэтай кнігі.


ПОКАЗКА ЧАЦВЕРТАЯ ШЛЯХЕЦКАЯ ЮШКА
Падрыхтуйцеся выслухаць жахлівую гісторыю. Асабліва палахлівых або занадта гідлівых - просім перагартаць гэтую показку ды пачаць чытаць наступную. Але аматараў рыбалкі -шчыра просім да чытання!

Значыцца так. Пачынаецца показка як і заўжды - панам надакучваюць рэпныя стравы. Асабліва поліўка з рэпы ім абрыдла. Хочацца ім чаго-небудзь новенькага, свежанькага... -- Прыкладам, юшкі са свежай рыбы! -- кажа пан Заблоцкі. -- Прыкладам, юшкі са свежай рыбы... - рэхам адгукаецца пан Кубліцкі.

Папраўдзе, ён да рыбы даволі абыякавы; ёсць рыба - добра, няма рыбы - яшчэ лепш. Але ён ведае, што пан Заблоцкі любіць рыбу, як кот, проста вар'яцее за ёю. Ну, а дружбаку трэба дагаджаць!

Самае простае было б - пайсці ў Смургоні ды купіць шчупакоў, мянтузаў або ліноў. Але панам здаецца, што гэта будзе не па-шляхецку.

-- Ісці ў Смургоні, штурхацца ў рыбных радох... А там так недалікатна пахне... Фу-у... - круціць носам пан Кубліцкі. -- Надта пан грэблівы... Без пахаў рыбу не зловіш... -- А васпане не грэблівы? А забыўся, як не хацеў рукі ў гнаі пэцкаць, адмаўляўся чарвякоў капаць, калі мінулым разам у рыбу збіраліся?

-- А васпан забыўся, як раіў чарвяка адэкалонам папырскаць, каб не гэтак ад яго смярдзела?

-- А васпан забыўся, як збіраўся замест чарвяка на кручок быка насаджваць, каб не рыбу, а кіта злавіць? А бык да таго ж чужы быў...

Гэта паны прыгадваюць іхнюю папярэднюю рыбалку, калі яны ледзьве Кіта Велярыба не ўлавілі. Пра тое мы, дарэчы, падрабяіна распавядалі ў папярэдняй кніжцы. -- Гэтым разам ён ад нас так лёгка не ўцячэ. Не яго, дык іншую якую аграмадзіну вылавім, -- бурчыць пан Заблоцкі. Проста кажучы, паны рыхтуюцца ісці у рыбу - з начлегам, намётам, усё грунтоўна, каб і здабыча была, і рамантыка. Дзеля гэтай нагоды пан Заблоцкі рыхтуе прылады для прыгатавання юшкі - саганы, лыжкі, вядзёрцы, соль, чорны перац, чырвоны перац, сіні перац, белы перац, каляндру, гваздзік, лаўровы ліст, кроп, цынамону, карасыну, воцат, шкіпінар, дзёгаць, цукар, мукар, мігдал, шмігдал, чакаляду, мармаляду, каву, какаву, цыбулю, моркву, часнык, пастарнак, салату, гуркі салёныя, гуркі несалёныя, белае віно, чырвонае віно, зялёнае віно й галандскі сыр...

Пан Кубліцкі валтузіцца з лёскамі, вудамі, блешнямі, нератамі, мярожамі, перамётамі, путанкамі, таптухамі і пры гэтым старанна вывучае дзве зашмальцаваныя кнігі -«Шляхецкая рыбалка» і «Шляхецкая кухня». Па першай кнізе ён вучыць, як трэба лавіць рыбу, а па другой - як з рыбы гатаваць юшку.

-- Шляхецкая юшка гатуецца так, -- занудлівым голасам чытае пан Кубліцкі. - Бярэцца два пуды свежай рыбы, пажадана самоў, ментузоў, ліноў. Кожнай рыбіне праз лійку заліваецца ў пашчу паўшклянкі белага віна... Пасля паўшклянкі чырвонага віна. Пасля рыбу паліваюць агурковым расолам, каб трохі ачомалася...

Пан Заблоцкі тымчасам паспявае абабегаць усе навакольныя вёскі - каб даведацца, дзе самыя рыбныя мясціны. Адны яму кажуць, каб ішоў на рэчку Парэчку, другія - на возера Варголы, трэція шэптам раяць палавіць люстраных карпаў у сажалцы пана Кіндзюшкі, самага заможнага ў наваколлі гаспадара. І ўсе ў адзін голас папярэджваюць: «Адно не хадзіце, панове, на возера Куцапае! Не хадзіце, бо там нядобра!»

-- Хлопы хітрыя, -- будзе казаць пан Заблоцкі, пераказваючы дружбаку гэтыя навіны. - Наўмысна адгаворваюць нас ісці на возера Куцапае, бо ў ім, пэўна, вады не бачна за рыбаю. Але шляхту не надурыш! Пойдзем на возера Куцапае, і аб тым! -- Ку- ца-пае, -- асцярожна кажа пан Кубліцкі, прыцмокваючы языком. - Адразу чуваць што шляхетная назва.

Уранку, калі паны збіраюцца ў рыбу, наладоўваючы пляцакі, партрэт Крыштапа Халімона Кубліцкага, прапрадзеда аднаго з нашых герояў, гайдаецца на цвічку і гэпаецца аб падлогу. Пры гэтым рот у Крыштапа Халімона Кубліцкага разяўлены, як быццам спадар хоча крыкнуць «Ратуйце!» або «Квасу!» -- Кепскі знак... - мармыча пан Кубліцкі, прымацоўваючы продка на старое мейсца.

Калі паны, згінаючыся пад пляцакамі, выбіраюцца з хаты, з-за печы раздаецца голас дамавіка, які маўчаў ужо сто пяцьдзесят год.

-- Панове... Панове... Не хадзіце на возера Куцапае... -умольным голасам шалясціць з-за печкі дамавік. -- Гэта прусакі шалпочуць! -- бадзёрым голасам кажа Заблоцкі. - Не слухай іх, пане Кубліцкі!

Па дарозе з вёскі дарогу панам перабягае чорны заяц. Скуль ён тут узяўся? Ніколі ў тутэйшых мясцінах чорныя зайцы не вадзіліся...

-- Гэта хлопы яго злавілі ды сажай абсыпалі, каб нас уквяліць!

-- кажа пан Заблоцкі. - Наперад, пане Кубліцкі!

На ваколіцы да паноў падыходзіць жабрак у пашарпаным

зрэб'і, працягвае руку і адкрывае рот, каб папрасіць

міласціну.

-- Ведаю, што ты хочаш сказаць, хлопе! -- адважным голасам

грыміць пан Заблоцкі. - Не хадзіце, маўляў, на возера

Куцапае! А вось трасцы рабай! Хоць ты крыжам пасярод

дарогі стань, усё адно пойдзем на возера Куцапае!

Паны крочаць далей, а збянтэжаны жабрак гэтак і застаецца

стаяць, працягнуўшы руку й раскрыўшы рот.

У лесе, панурым і маўклівым, паны натыкаюцца на грыб -

нейкі дзівосны, кашлаты, вялікі. Пан Заблоцкі збіраецца

падрэзаць яго пад карэньчык - аж тут грыб адплюшчвае

круглыя, жоўтыя, нібы ў ката, вочы і робіць імі «лып-лып».

-- Грыб з вачыма... - ледзьве шапоча пан Кубліцкі.

У «грыба» аказваецца яшчэ даволі вострая дзюба, скрыдлы ды

кіпці. Ён падлятае ўгору, прызямляецца на вершаліне елкі і

рагоча мярзотным голасам, як і належыць пугачу. У

пугачыным рогаце панам чуюцца знаёмыя словы: «Не хадзіце,

панства, на возера Куцапае, а то будзе вам ліха! Ха-ха-ха!»

-- Апсік! -- крычыць пан Заблоцкі ды запускае ў пугача

яловай шышкай.

Пасля таго на паноў навальваецца ціша, ды такая цяжкая, што аж у галаву цісне. Так, у мёртвае цішы, яны й дабіраюцца да возера Куцапага, схаванага глыбока ў лясной гушчэчы. Вада ў возеры чорная, нібы грыбная поліўка, паверхня спакойная ды гладкая, як чорнае люстра. Ані ветрыку. На вадзе застылі чорныя гарлачыкі, па берагах - чорная маўклівая асака расце.

-- Не падабаецца мне гэта... - мармыча пан Кубліцкі. - Рыба тут, мусібыць, таксама чорная. Чорныя карасі... Бр-р-р!.. -- Што з таго? -- перасмыквае плячыма пан Заблоцкі. -Чакаляда таксама чорная, і кава чорная, і вустрыцы чорныя... А мы ж іх любім!

Паны распакоўваюцца, разбіраюць рыбацкае начынне, дастаюць прыпасы, каб юшку варыць: соль, перац, лаўровы ліст і ўсё астатняе. Раскладаюць вогнішча. І гэта вельмі дарэчы, бо ўжо апускаюцца прысмеркі, і ад іх чорнае возера робіцца яшчэ чарнейшае. -- Хаця б зорачка... - уздыхае пан Кубліцкі.

-- Пан на зоры прыйшоў любавацца або рыбу лавіць? --уедліва пытаецца пан Заблоцкі. - Весялей, пане! Слухай! Паветра напаўняецца таямнічымі плёскамі, трапятаннем, цмоканнем. Загадкавыя зыкі даносяцця з возера і штораз грамчэй. Нарэшце пачынае здавацца, што возера ператварылася ў аграмадны, напоўнены вадой саган, у якім на нябачным, чорным агні кіпіць юшка.

-- Поўнае возера рыбы! -- радуецца пан Заблоцкі. - А ну, пане Кубліцкі, скідай порткі, бярыся за таптуху! Лезьма ў ваду! -- Нешта не хочацца... - муркае пан Кубліцкі, з бояззю гледзячы ў непралазную цемру, з якой чуюцца плёскі й цмоканне.

Падпіхваючы адзін аднаго кулакамі й лакцямі, паны скочылі-такі ў ваду. Яна нічога, даволі цёплая, нагрэлася за дзень. Нешта слізкае, агіднае таўчэцца ў іх пад нагамі, праплывае паміж каленьмі. Пан Кубліцкі ажно ўздрыгвае ад гідлівасці. -- Якая брыда... - шэпча ён амярцвелымі губамі. -- Гэта ж ліны й ментузы! -- радуецца пан Заблоцкі. - Тупачы нагамі, пане, заганяй рыбу ў сетку! Заходзь пад карагу! Падводзь пад бераг!

У цемры нічога не бачна, хоць вока выкалі, затое адчуваецца, як таптуха напоўнілася трапяткімі, важкімі целамі. Нешта ў сетцы цмокае, нешта хліпае, а нешта і пішчыць, гэтак агідна, як мыш.

-- Ніколі не чуў, каб рыба так агідна пішчала... - кажа пан Кубліцкі з дрыготкаю ў голасе.

-- Маўчы, пане, -- кажа пан Заблоцкі, аблізваючыся. - Гэта рыба такая ёсць, называецца - піскуха... Наступіш на яе -пішчыць. На патэльню кінеш - пішчыць. Пачынаеш яе есці -ізноў пішчыць! Такая, ведаеш, неўміручая рыба! Пакуль пан Заблоцкі разважае, усё возера, здаецца, аж заходзіцца ад піску. Таптуха торгаецца, як жывая істота, вырываецца з панскіх рук... Пан Кубліцкі гатовы заткнуць вушы пальцамі ды бегчы куды падалей з такое рыбалкі... Але пана Заблоцкага ўжо забраў газард.

-- Жывы не буду, -- крычыць, -- але пакаштую, што такое юшка на возеры Куцапым! Вывальвай, пане Кубліцкі, здабычу на бераг!

Вакол па-ранейшаму цемень. У барвовым святле ад вогнішча можна разгледзець, што панам трапіўся багаты ўлоў -ільсняцца спіны, хвасты, пашчы зубастыя.. Але што тое за рыба, якога гатунку або віду - таго нават пан Заблоцкі, заўзяты аматар рыбалкі, не можа вызначыць. Але яму ня дужа й трэба.

-- У саган іх! У кіпень! -- крычыць ён. - І шкрэбці не трэба! З луской навару больш будзе!

І ў гэты момант адбываецца самае жудаснае... Ці можа што быць чарней ад ночы, ад сажы, ад вугалю, ад самае непралазнае цемры? Можа. Яно вырасла за спінамі паноў Кубліцкага ды Заблоцкага - гэтакая ільсняная чорная гара, без рук, без ног, без скрыдлаў, без плаўнікоў, але з ротам, чарнейшым ад самога цела. Яно паўстала з возера - і возера як бы й не стала, быццам яно было запоўненае гэтым чорным мясам. Згародзіна плямкае, чмякае сваім страшным ротам і нарэшце з самай яе сярэдзіны выходзяць словы - як з бяздоннага балота:

-- Хто маіх дзетачак у таптуху таптаў? Хто з маіх дзетачак збіраўся юшку варыць? Хто маіх дзетачак жмякаць хацеў? Зараз мы гэтых авантурнікаў саміх пажмякаем! Тут, як і належыць, грукоча пярун і выблісквае маланка -даўно ўжо хмары збіраліся. І ў сіняватым святле маланкі паны бачаць, што з таптухі павылазілі гідкія істоты -кіпцюрастыя, скрыдластыя, зубастыя. У каго дзве галавы, у каго тры, у каго пяць. Хвасты лускаватыя, слізкія. Сыкаюць, пішчаць, шалпочуцца. Адным словам, замест плотак і чырванапёрак, ментузоў ды ліноў у сетцы - цмокі, цмочкі, цмачаняты розных калібраў ды гатункаў. Не выключана, што і атрутныя ёсць - бо шчэрацца на паноў і вытыркаюць падвойныя языкі.

А чорная туша плавае па возеры і грамыхае: -- Дзетачак, маленькіх, безабаронных хацелі зварыць! Каб вы ў смале гарачай варыліся! А ну, дзетачкі, хапайце іхнія прычындалы - ды за працу! Лавіце іх, душыце іх, луску з іх здымайце, у кіпень іх закідайце, соллю, перцам, лаўровым лістам зверху пасыпайце! Падасцё мне, старому цмоку, на вячэру шляхецкую юшку! Юшку з паноў Кубліцкага ды Заблоцкага!

Пачуўшы пра такую страву, паны так ламанулі праз лес, што стогадовыя дрэвы захісталіся. Малыя цмокі ды цмачаняты, узброеныя хто відэльцам, хто лыжкаю, хто сцізорыкам, хто нератам - за імі! Ды дзе там! Усё ж такі паны на сушы спрытнейшымі за цмокаў аказаліся. Зубастае цмокава войска застаецца ззаду. Толькі адно брыдкае цмачаня ўзнялася на сваіх скрыдлах у паветра, дагнала пана Кубліцкага ды моцна цапнула яго ззаду за тое мейсца, якое ён рукамі прыкрыць не паспеў. Пан вішчыць ад жаху, падбрыквае - і мярзотнае стварэнне шмякаецца ў мох. -- Віват! -- крычыць пан Заблоцкі. - Наша ўзяла! Цмокі ззаду засталіся! Наперад, пане Кубліцкі, ды толькі шпарчэй! Вось і лес скончыўся. Прабягаюць вёску. Мужыкі, маладзіцы, дзеці, старыя высыпалі на вуліцу. Усім цікава паглядзець, з якой здабычай вяртаюцца паны Кубліцкі ды Заблоцкі з

рыбалкі.


Чуюцца галасы:

-- Дзе ж ваша рыба, панове?

-- Пане Кубліцкі! Што ты там рукой прыкрываеш?

Селянін Ахрэм Верацённік з дакорам ківае:

-- Казаў жа вам, панове: не хадзіце на возера Куцапае!

-- Якая жудасная прыгода! -- кажа ўдома, крыху

апрытомнеўшы, пан Кубліцкі. - А ўсё ты, пане Заблоцкі!

«Пойдзем ды пойдзем на возера Куцапае!»

-- Не наракай, пане, -- адказвае пан Заблоцкі. - Каб не мая адвага... Каб не мая вынаходлівасць... Каб я не закамандаваў: «наперад!», дык маглі б нас і дагнаць гэтыя гады атрутныя... -- Што б тады было! -- закрывае твар рукамі пан Кубліцкі. -Што было б! Апынуліся б мы ў сагане! Зварылі б з нас шляхецкую юшку!

-- Гэта яшчэ не самае страшнае, -- супакойвае дружбака пан Заблоцкі. - Самае жудаснае было б, каб мы ў цемры наварылі юшкі з тых паўзуноў мярзотных ды з'елі! А я ж такі гідлівы! Век бы на рыбу пасля таго не глядзеў бы!

1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка