Пятро Васючэнка Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі




старонка2/5
Дата канвертавання13.05.2016
Памер1.04 Mb.
1   2   3   4   5

ДЗЯЛЬБА
Неяк паны пагрызліся невядома з-за чаго.

  • Хто дазволіў пану пляваць у маю попелку?! -- халяруе пан Заблоцкі, страшна вырачыўшы вочы.

  • Але ж я маўчаў, калі пан Заблоцкі адгрыз палову ад мае цыбуліны? -- з пыхаю адказвае пан Кубліцкі.

  • Дзяліцца! -- грукае кулаком пан Кубліцкі. - Іначай жыцця не

будзе.

Ну, а калі дзяліцца, дык па-шляхоцку - напалам клёцку. Раскідваюць хату, развальваюць печ, пералічваюць бёрны, абмацваюць кожную цагліну - усё напалам. Сякуць стол, лавы. Ледзьве не б'юцца з-за фамільных партрэтаў, нейкага маршалка пераразаюць ад вуха да вуха. Ад хаты застаецца гладкае, бы ток, месца. Што зробіш? Дзяльба. Тады бачаць, што падполле не падзеленае. Здавалася б, што ў ім? Мышы і тыя паўцякалі ў вёску шукаць лепшае долі, адно благенькае мышаня засталося. Але і на яго нацэльвае пан Заблоцкі зайздроснае вока.



  • Мне тую частку, дзе галава.

Мышаня, паслухаўшы гэтыя словы, спрабуе абразуміць паноў:

  • Ці, панове, блёкату аб'еліся? Я ж панам не лава і не печ. Мне ж, можа, таксама жыць хочацца.

Але паны, не даслухаўшы, пачынаюць мацаць вакол сябе -шукаць сякеру. Тады мышаня сігае ў норку, адтуль патаемным калідорам выбіраецца ў зарослы лебядою гародчык і бяжыць у вёску, дзе ў сялянскіх хатах ужо атабарыліся большыя браты і сёстры.

А паны доўга яшчэ сядзелі карчамі над падполлем - усё не маглі падзяліць мышынае норкі.



КІТ ВЕЛЯРЫБ
Нішчымніца такі выпхнула паноў у свет, і вось яны збіраюцца ў рыбу. Але такая загваздка, што з іх ніхто не хоча капаць чарвякоў. Пасля доўгае спрэчкі яны пачынаюць выдумляць абы-што, толькі б не пэцкаць белыя панскія рукі ў зямлі і гнаі. Пан Заблоцкі са злосцю будзе казаць:

  • Ці ж рыба возьме ў губу гэтую брыду? Хіба што маляўка якая. А нам драбяза не патрэбна. Нам бы сама злавіць. Або кіта.

  • А калі б на тых чарвякоў ды папырскаць адэкалонам, можа б, і нічога? - нясмела прапаноўвае пан Кубліцкі.

- Трасцы рабай! На шляхетную рыбу інакшая прынада патрэбна. Качка, парсюк, а яшчэ лепей бык. Самае тое, каб прынадзіць кіта.

  • А дзе пан возьме такога кручка, каб начапіць на яго цэлага быка? - сумняваецца пан Кубліцкі.

  • А навошта яго чапляць? Ён і так прывязаны вяроўкаю да кала. Вунь, каля рэчкі пасецца.

І вось паны выходзяць на бераг рэчкі Парэчкі і пачынаюць галёкаць на ўвесь свет:

  • Пане Кіт, га, пане Кіт! Просім сюды!..

За трыдзевяць зямель плавае на моры-акіяне аграмадны Кіт Велярыб. Ён чуе лямант, які справілі паны, заходзіць з мора ў Нёман, з Нёмана - у рэчку Парэчку. Адсопшыся, пытаецца ў паноў:

  • Чаго паны раскрычаліся?




  • Няхай пан Кіт пакаштуе вунь таго быка, - паважна запрашае пан Кубліцкі. - Вунь пасецца на ўзлобку.

  • А мы потым пана Кіта засмажым і з'ямо, - дадае пан Заблоцкі.

Кіт Велярыб выслухоўвае гэтыя прапановы, чорным вокам аглядае паноў і быка, запускае пад воблакі вадзяны струмень і дае адказ:

- Дык ведайце, што я не рыба, а, калі хочаце, звер. За пачастунак дзякуй, але такога мы, кіты, не ямо. Зубы не тыя. Ешце, панове, самі вашага быка. А мне б што-небудзь далікатнае, чарвячка альбо рыбку... вось такенькую... І Кіт паварочвае назад, да мора.




ЯЙКА АД КУРЫ ШЧАБЯТУРЫ
Брыдуць па дарозе паны Кубліцкі ды Заблоцкі. Маркотна ў іх на душы, бо ў жыватах пуста, як на таку. Сустракаецца ім Кура Шчабятура, вялікая пярэстая птушка.

  • Чаго паны занудзіліся? - пытаецца. - Мо паны галодныя?

  • Табе што за справа? - ганарліва мовіць пан Заблоцкі.

  • Мне нічога, - кажа Кура, - але як паны хочуць есці, дык я знясу ім яйка...

  • Што нам за наедак з твайго яйка, калі мы з панам Кубліцкім глытаем іх адразу цэлае рэшата, - пагардліва кажа пан Заблоцкі.

  • Вось каб з яйка ды вывелася куранятка, - уторквае свае два шэлегі пан Кубліцкі.

  • А што? Можна, каб вывелася. Бо я птушка заморская, яйкі не абы-якія нясу, -- кажа Кура Шчабятура.

  • А ў кураняці будуць усяго дзве ножкі? -- трывожыцца пан Кубліцкі. - А ці можна, пані Кура, каб адразу чатыры нагі?

  • Сорак, сорак, - сіпіць пан Заблоцкі. - Падавай нам кураня-сараканожку.

  • Можна і гэта, - згаджаецца Кура. Але пану Заблоцкаму ніяк не ўладзіш.

  • Каб і сала было на ім у далоню таўшчынёй! А ростам каб была з быка! Во!

- Добра, панове, - кажа Шчабятура. - Толькі я такую гаргару не бяруся наседжваць. Ужо самі, панове, як-небудзь старайцеся.

- Гэта не курыная справа, - фанабэрыцца пан Заблоцкі. -Было б яйка, а мы ўжо памяркуем самі, што з ім рабіць. Аграмаднае было гэтае яйка, далібог, са стог вышынёю. Хапіла клопату панам, пакуль па чарзе наседжвалі яго сваімі шырокімі азадкамі. Але вось у яйку нешта грукоча, нешта стукоча, як у малатарні, асыпаецца шалупінне - і перад панамі з'яўляецца куранятка. Няможна апісаць, што гэта быў за страхапуд. Гара гарою, наперадзе бычыныя рогі і свінячы лыч, назаду хвост, як у пеўня. Яно рохкае немым голасам, тады лопае скрыдламі - і паны валяцца на зямлю як падкошаныя. А пачвара з жудасным рохканнем прастуе на сарака лапах да лесу, ажно зямля за ёю курыцца.



З тае пары за рэчкай Парэчкай у пракаветнай пушчы завёўся страшэнны звер. Днём ён хаваецца ў нетрах, а ўвечары падкрадаецца да чалавечага жытла, душыць сабак, свінні, каровы. А як у небе поўня, дык рохкае на ўсю ваколіцу, і ад таго рохкання ў людзей валасы шапку падымаюць. Ну й пачвары ж вырастаюць ад чалавечае зайздрасці ды прагавітасці. Тфу!


У ЗАРОБКІ
Вядома, голад не свой брат, як засмокча, дык забудзешся і на ляноту, і на панскую пыху. Вось паны Кубліцкі ды Заблоцкі збіраюцца ў заробкі. Ды не куды-небудзь, а да самога пана Кіндзюшкі. У пана Кіндзюшкі была вялікая гаспадарка, але ён не меў часу нават палічыць свой скарб, бо быў дзівак: вечна сядзеў на гарышчы ды глядзеў праз падзорную трубу на зоркі і Месяц.

  • Няма ў мяне чыстай работы, - кажа ён панам Кубліцкаму ды Заблоцкаму. - Ёсць адно - мужыцкая праца: гной растрасаць або свінні пасвіць. Выбірайце.

Пачухаліся паны ды вырашылі: свінні пасвіць. Усё-ткі нешта роднае, жывое. Але свінні не зважаюць на шляхетнасць сваіх пастухоў і разбягаюцца па лясах, хаваюцца ў пушчы, у звярыных норах, пад карчамі. Узяць бы добрага трына ды павыпорваць іх адтуль, сагнаць у гурт, але ў паноў не хапае на тое спрыту. Тым часам свінні жыруюць на лясным харчы -жалудах ды карэньчыках - і памалу дзічэюць, абрастаюць шчаціннем. Яно б усё нічога, але вось неба зацягваецца хмарамі, і пан Кіндзюшка мусіць адарвацца ад падзорнай трубы і зірнуць на зямлю.

  • А дзе ж свінні? - пытаецца.

  • У лесе, дзе ж ім яшчэ быць, - даволі дзёрзка адказвае пан Заблоцкі.

  • Хай свінкі пагуляюць, - лісліва падхоплівае пан Кубліцкі. -На лясных жалудох яны вунь якія павырасталі. А ўвосень можна будзе распачаць паляванне на дзікоў.

Пан Кіндзюшка на тое нічога не адказвае, вяртаецца да свае трубы. Былі б перад ім мужыкі, дык загадаў бы адперыць іх бізунамі на стайні. А з гжтых што возьмеш?

  • Ідзіце каровы пасвіць, - адно буркнуў ён.

Каровы не свінні, яны ў карчы не палезуць, але з імі клопатна, толькі глядзі, каб не зайшлі ў агарод. Паны ж распачынаюць спрэчку - у каго род старэйшы. Каровы тым часам залазяць у грады і трушчаць усё чыста - моркву, рэпу, гуркі. Але ім і гэтага мала - выбіраюцца з гарода і брыдуць да самага сіняга мора, а там лезуць проста ў ваду, шукаючы марской капусты. А з мора іх ужо й калом не выб'еш, дарэмна паны Кубліцкі ды Заблоцкі бегаюць па беразе ды ўпрошваюць:

  • Сюды, кароўкі, сюды, даражэнькія!

Але каровы не слухаюцца. Спадабалася ім у моры жыць, ну што з імі зробіш.

  • Дзе мае каровы? - аднойчы пытаецца пан Кіндзюшка.

  • У моры, дзе ж ім быць, - адказвае пан Заблоцкі.

  • Што за лухта! - не верыць пан Кіндзюшка. - Не могуць каровы жыць у моры.

  • Чаму не могуць? - пярэчыць пан Кубліцкі. - Жывуць жа марскія каровы, вось і гэтыя неяк прызвычаіліся. А як добра цяпер будзе пану Кіндзюшку плаваць у госці да ангельскага караля! Будзе яму ў моры і сырадой, і смятанка. От жа хораша!

Пан Кіндзюшка ў адказ на тое кажа толькі «гм» і бярэцца за сваю трубу. А панам паказвае, каб ішлі пасвіць гусі. Гусь - птушка памяркоўная, трымаецца ў чарадзе. Але ж і за ёю патрэбен догляд. А паны адно сабе смокчуць люлькі ды спрачаюцца паміж сабою. Нарэшце гусям надакучваюць такія вартаўнікі, яны разам выпростваюць крылы ды ўздымаюцца ў паветра. Вышэй, вышэй, і вось ужо гусі хаваюцца паміж хмарамі, а паны, адвесіўшы губы, збянтэжана праводзяць іх вачыма.

Пан аглядае праз трубу Месяц, і раптам бачыць, што там, паміж каменняў ды кратэраў ходзяць ягоныя гусі. Тады пан Кіндзюшка не жартам злуецца і торкае панам пад нос тую

трубу:


  • Гэта хто?

  • Няўжо гусі? - дзівіцца пан Кубліцкі. - Чаго іх на Месяц панесла, бедалажкаў? Там жа гола, пустаані травінкі. Агылі, агылі, злазьце з Месяца. Пагулялі, дый годзе.

Але тут у трубе, якраз перад вачыма пана Кубліцкага, з'яўляецца нешта накшталт вялізнае дулі.

  • Што гэта? - палохаецца пан Кубліцкі. - Фу, як непрыстойна. Хай пан Кіндзюшка прабачыць, але зусім нявыхаванае ягонае птаства.

Натапырыўся пан Кіндзюшка, але што адкажаш? Вырпаўляе паноў глядзець пчолы.

Вось гэта самая што панская праца! Пчала - паслухмяная жамяра, трымаецца сваёй дамоўкі. Каля яе завіхаецца Саўка, панскі пчаляр, то вадзічкі налье ў сподачак, то рамкі з сотамі паправіць. А паны адно адлежваюць сабе бакі. Пахрапуць, прачнуцца - ды давай мёд грэбці лыжкамі. А калі пчала джгне ў спіну ці ніжэй - не бяды.Бо ў паноў раматус, а пчаліныя джалы, кажуць, добра ад гэтае хваробы лечаць. Ядуць паны мёд, гуляюць у карты, і ўжо ім непамысна робіцца ад аднастайнага жыцця. Пан Кубліцкі пачынае вымышляць розную лухту:



  • Што б такое прыдумаць, каб пчолы паболей мёду цягалі? Можа, павесіць кожнай на шыю цэбар? Хай у цэбры мёд збіраюць?

  • А хто тыя цэбры мыць будзе? - адразу падкідае пытанне пан Заблоцкі.

- Але, - адразу згаджаецца пан Кубліцкі. - Хай сабе па-ранейшаму збіраюць мёд.

Усё лета раскашуюць паны на пасецы, як у нейкім санаторыі.А што ўжо налгалі пану Кіндзюшку пра сваю верную службу, дык усяго й не перакажаш. Склалі цэлую гісторыю пра тое, як мядзведзь напаў на пчалу і пачаў яе грызці, а яны прыбеглі ды адбаранілі.

Настае восень. Пчолы зацыроўваюць дзверы, вокны ў сваім жытле - рыхтуюцца да зімы. Выганяюць з вулляў трутняў, якія нічога не робяць, адно ядуць. А заадно з імі праганяюць з пасекі і паноў Кубліцкага ды Заблоцкага. Не хапала ім яшчэ гэтых абібокаў цэлую зіму карміць.

Застаўся ад сытага жыцця адзін салодкі ўспамін. «Эх, якая праца была, - яшчэ й дагэтуль згадвае пан Заблоцкі. - Адно слова - іляхетная». А пан Кубліцкі, падняўшы палец, дадае: «Галоўнае што? Галоўнае, каб чалавек заўжды быў на сваім мейсцы. Там, дзе яму болей карысці».




ЯК ПАНЫ ХАДЗІЛІ ПАГАНАГА ЦМОКА ВАЯВАЦЬ
Нарэшце паны скемілі, што ім трэба вучыцца якомусь рамяству, іначай гамон, час настаў такі. Спачатку не дужа ў

іх атрымоўвалася. Пан Заблоцкі паспрабаваў сані майстраваць. Але не пашэнціла яму. Як пачаў полаз гнуць, дык жардзіна саскочыла ды - бенц! - проста пану ў лабаціну. Ох і папалаяўся ж пан Заблоцкі!

Пан Кубліцкі надумаўся гаршкі ды міскі ляпіць на ганчарным крузе. Але й тут непярэліўкі - першаму ж пакупніку не ўладзіў, той зазлаваў, што гаршчок дзіравы дый разбіў пасудзіну аб пана Кубліцкага галаву. Хацеў пан Кубліцкі на яго скаргу пісаць, ды не знайшоў грошай, каб падмазаць шаноўны суд.

Добра, што Арцём Верацённік нараіў панам рэпу сеяць. Выгодная, кажа, рэч. Балазе ў паноў яшчэ зямліцы валокі з паўтары засталося. А насенне ў бабкі Параскі выпрасілі. Тут ужо ім больш пашчасціла - урадзіла рэпа.

Значыцца так. Жывуць сабе паны, сеюць рэпу, у Смургоні завозяць на продаж, нішто сабе жывуць. Пан Кубліцкі нават падумвае пра тое, каб ажаніцца.

Тым часам у княстве творацца жахлівыя рэчы. Памятаеце тое куранятка ад Куры Шчабятуры, што паны наседжвалі? Яно часу дарма не траціць: адгадавала сабе яшчэ дзве галавы, словам, змянілася ў істага Цмока. А калі я Цмок, кажа яно самое сабе, дык годзе мне цягаць адно сабак ды парсюкоў. Дый пачынае гэтае страшыдла чыніць несусветны грандзёж ды гвалт. Глытае паненак, прытым пераважна прыгожанькіх. Яшчэ й пераборлівае, ліха на яго. Паны чуюць гэтакую навіну ды пачынаюць чухаць патыліцы. Асабліва непакоіцца пан Кубліцкі:



  • Дык што ж гэта робіцца, панове? Гэта ж вельмі нядобра! Гэта ж ён можа ўсіх нявест перахапаць!

На гэта пан Заблоцкі змрочна адказвае:

  • Што нявесты? Не бяда, застанецца й пану Кубліцкаму якая-небудзь замухрышка. Але баюся, каб жа гэтая пачвара не ўбілася ў рэпу...

Сказаў - як сурочыў. Бо ўжо назаўтра Ахрэм Верацённік, ідучы каля панскага агарода, угледзеў, што паміж градаў качаецца штось цёмнае, лускаватае, вялікае, бы хлеў. Знай топча сабе рэпу, закідае ў тры свае глоткі, як у сячкарні. Паненкі яму прыеліся, ці што? Ахрэм Верацённіккідаецца да паноў з гэтай прыкрай навіною.

  • Ваша благароддзе, ходзіць Цмок у агародзе!

Пан Заблоцкі - за качаргу ды за дзверы, пан Кубліцкі следам за ім. Але Цмок ужо нажэрся, залопаў скрыдламі, свіснуў у тры глоткі ды ўзляцеў у падхмар'е, чорны, слізкі, бы велізарная крылатая жаба.

Паны камянеюць ад жаху, тады бачаць здратаваныя грады, паабгрызаную рэпу. «Гэта, няйначай, ізноў давядзецца зубы на паліцу класці!» - мільгае ў галаве пана Заблоцкага. Тады ён ад вялікай роспачы пачынае клясці паганага Цмока, ды зусім не шляхоцкімі словамі:



  • Раскірэка чортава, недавярак гэты! Рэпу павырываў, каб яму зубы павырывала! Зжэр усю чыста, каб ён не выдыхаў, каб яна табе калом у горле стала, каб яна табе бокам вылезла, каб жыватом качаўся! Ані дзялянкі не пакінуў, усю з'еў, каб табе моль галаву аб'ела, каб цябе свінні елі, каб ты зямлю грыз! Нажэрся ды паляцеў, каб над табою крумкачы лёталі. Яшчэ й свішча, каб ты кроўю свіснуў, каб праз твае вушывецер свістаў!

Але што таму нелюдзю хай сабе й страшныя праклёны? Рабіць няма чаго, трэба ісці ваяваць Цмока паганага, іначай рады няма. Не будзе ані рэпы, ані нявест. Пан Заблоцкі бярэ сваю качаргу, пан Кубліцкі - чапялу, ды выпраўляюцца ў

дарогу.


Вось на калінавым мосце, што праз рэчку Парэчку, ляжыць нейкая завала, бы капа гною, ды храпе. Загарадзіла, бач,

дарогу.


  • Прэч з дарогі! - халяруе пан Заблоцкі. - Не бачыш - шляхта йдзе з лютым Цмокам змагацца.

Тут гара варушыцца, выцягвае тры шыі, лупае шасцю вачыма, і паны цямяць, што перад імі сам Цмок. Уга, якое страшыдла. Сядзіць, наладаванае рэпаю, дый думае, дзе б якой паненкай закусіць. От жа мярзотнік. Ну, пачакай, зараз шляхта дасць табе дыхту, дажджэшся, страшнік.

Пан ды пан Заблоцкі нейкі час стаяць у нерашучасці, адно дзівяцца: ну ж і страхотная праява, авохці! Уссела проста на дарозе, дзе людзі паспалітыя ходзяць ды ездзяць. Але ж і заядацца з ім неяк не выпадае, усё-такі разам выседжвалі з яйка, значыцца, ёсць у гэным стварэнні нешта панскае. Пан Кубліцкі будзе яму казаць гэтак далікатна:



А гэтае страшноцце на лагодныя словы й не шманае, ані. Адно чэрава пагладжвае, нячысты дух. Прыкінуўся, што на адно вока глухаваты, на адно вуха слепаваты. Пан Кубліцкі пачынае яго ўшчуваць, згадваючы закон:

  • Гэтак, як пан Цмок робіць, рабіць няможна. Нельга есці чужую рэпу ды ясных паненак, і ў статуце гэтак запісана... На гэта Цмок лена адказвае:

  • Ваш сабачы статут не для мяне, бо ў мяне іншаземны пашпарт.

Ды зноў храпе, ажно мост пад ім, гадам, трасецца.

Пан Заблоцкі, гэта ж такі гарачы. Ён жартаў не любіць. Ён

натапырвае вусы, ссоўвае бровы ды рыкае грамавым голасам:


  • Прэч з дарогі, галгане!!!

Але Цмока не надта выпужаеш, ён ужо пужаны. Засквярыў, засіпеў, бы гадзіна падкалодная:

  • Маўчаць, пакуль зубы тырчаць! Ды як свісне!

Пасля таго свісту ў паноў пачынаюць дробненька калаціцца калені ды цакатаць зубы. Даволі паспешна яны адступаюць за пагорак ды займаюць абарончую пазіцыю ў вербалозе. Тут яны зноў смелыя.

- На двабой, - кажа пан Заблоцкі, - хама, памаўзліўца выклікаю! Шукайма секундантаў.



  • Які з гэтакім двабой? - сумняваецца пан Кубліцкі. - Ён мо й не ведае, з якога канца за зброю брацца. Зусім не шляхетная натура. Тым часам да ракі спускаецца з вёдрамі бабка Параска. Паны крычаць, паказваюць ёй на мігах: не хадзі, бабка, бо наложыш галавою, там жа гэтая заваль ляжыць. Бабулька аднак смела набліжаецца да Цмока, а той касавурыцца на Параску, але не спяшаецца яе глытаць, не панаравіў яе, ці што.

  • Авой, якое паскудства, - дзівіцца бабуля. - А вы б яму, хлопчыкі, у пысу, у пысу! Чаго ён тут разлёгся?

Паны не разумеюць.

  • Ну, гэта самае, па зрапачах яму, - раіць бабка Параска.

  • Як гэта - па храпачах? - зноў не цямяць паны.

  • А во гэтак, - паказвае бабулька. Ды пачынае каромыслам поркаць у Цмокаў карак. Паны бачаць, што бабка не баіцца, -і спяшаюцца на дапамогу, адзін з качаргою, другі з чапялой. Утрох добра такі надавалі Цмоку ў каршэнь, сапхнулі з моста. Той раве немым голасам, падскоквае да нябёсаў ды дае драла, плачучы. Ляціць у пракаветную пушчу да сваёй матулі, Куры Шчабятуры, ды пачынае ёй жаліцца на всаю гаротную долю.

  • Пакрыўділі цябе гэтыя здаровыя бамбізы, суцяшае яго Кура Шчабятура. Ну, не плач, дзіцятка. Хадзі да мамкі пад крыльца.

Паны доўга радуюцца з нагоды перамогі, вяртаюцца да сваёй хаціны ды ладзяць вялікі баль. На той баль запрашаюць адбароненых ад Цмока паненак дый бабку Параску таксама. Пан Кубліцкі просіць яе пайсці да іх у ахмістрыні, але бабка Параска адмаўляецца.

  • А хто дзеда будзе глядзець? - кажа. - Вы ўжо выбачайце, паночкі, я загасцявалася, трэ бегчы дахаты. Баюся, каб дзед не стаў бурчаць.

Вось дык дзіва - Цмока не спужалася, а дзеда баіцца!

ПАСЛЯСЛОЎЕ

Вось я распавёў вам пра неверагодныя прыгоды паноў Кубліцкага ды Заблоцкага. Казаў, як было, не маніў, ані. Каб я надумаўся прылгаць, дык прыдумаў бы ў гэтай аповесці іншы канчатак. Я б напісаў, што паны перавыхаваліся, развіталіся са сваім шляхецтвам ды ўступілі ў калгас. Вядома, бывае і такое, свет вялікі. Але мае паны засталіся тымі, што й былі, адно што пыхі ў іх крыху паменела, ды сёе-тое рукамі рабіць наўчыліся. А без іх, гэткіх шалапутаў, сумна сталася б, хіба не

праўда?

Зрэшты, і пасля вялікае бойкі з паганым Цмокам паны не раз траплялі ў розныя авантуры. Буду жывы-здаровы - распавяду. І пра тое, як пан Кубліцкі жаніцца надумаўся, а пан Заблоцкі хадзіў у сваты. Пра тое, як паны вандравалі вакол зямное кулі. Як яны здабывалі ў балоце закляты скарю, як сустрэліся з касмічным прыхаднем і як ладзілі баль у гонар высокага госця, тамтэйшага караля Гарбуза Васемнаццатага... Але гэта - наступным разам. А пакуль што канец. Як той казаў: дзве дзюркі ў носе - і сканчылося. Затым заставайцеся здаровы.



ГАСПАДАРКА ПАНОЎ КУБЛІЦКАГА ДЫ ЗАБЛОЦКАГА

Казачная аповесць
ПЕРАДМОВА
Ці чулі вы, шаноўныя чытачы, пра паноў Кубліцкага ды Заблоцкага?

Ці не тыя гэты паны, што на двух адны штаны; хто раней устае, той іх адзяе?

Вядома, чулі, адкажаце вы. Бо чыталі аповесць «Прыгоды паноў Кубліцкага ды Заблоцкага», аўтар якой цяпер размаўляе з вамі. Ведаеце, што паны былі дужа ахвочыя да ежы; елі -што ў бяздонны мех тапталі. Дзіва што гаспадарка ў іх звялася на нішто. Гаёк, палеткі, паша, статкі, птаства - усё ляснула з-за непамернага панскага апетыту. Засталася на дваіх адна хацінка ды лапік зямлі пры ёй.

Але паны, як вы ведаеце, не вялікія былі ахвотнікі ў зямлі корпацца. Іх усё цягнула да розных авантураў. Вечна шукалі сабе гуза на галаву - дзіва што, шляхецкая ўрода! Яны і ў паход хадзілі, маючы адну стрэльбу на дваіх, пражаным гарохам па ворагах стралялі. Яйка з-пад Куры Шчабятуры наседжвалі, паганага Цмока ваявалі. Былі і ў заробках у знакамітага астранома пана Кіндзюшкі - марскіх кароў пасвілі, месяцовых гусей даглядалі.

Нарэшце ім гэтая мітрэнга збрыдла, захацелася спакою. А які спакой, калі ў хаце ды на надворку парадку няма? Была ў іх калісь служка, дзеўкай Дрыпай звалася. Яна карову мела, паноў сырадоем паіла, поліўку з мухамораў на вячэру ім варыла. Але што паробіш? Закахалася дзеўка Дрыпа ў нейкага цара Максіміляна ды пайшла ў прочкі - жаніха свайго шукаць. Ізноў засталіся паны адны. Калісьці адзінае рамяство іхняе было - шляхецкае: на вараным коніку скакаць, шаблячкай махаць, лютага ворага перамагаць ды яшчэ мёд-піва смактаць, кумпякі ды шынкі ўмінаць, паляваць, баляваць, з яснымі паненкамі амуры круціць. Але настаў час ліхі - ніхто за шляхецкае рамяство грошай не плаціць.

Давялося ім вучыцца іншаму рамяству. На пачатку не надта ў іх атрымоўвалася.

Пан Заблоцкі паспрабаваў быў сані майстраваць. Толькі пачаў полаз гнуць, як жардзіна саскочыла ды - бэнц! -- проста пану ў лоб!

-- Што гэта? -- будзе пытацца, ачомаўшыся, пан Заблоцкі. -Дзе я быў? Венеру бачыў, Воза бачыў, Млечны Шлях бачыў, усе зоркі ў небе бачыў?

-- Ды гэта ў пана з вачэй іскры пасыпаліся, -- спакойна тлумачыць пан Кубліцкі.

Вух, як узлаваўся пан Заблоцкі, вух і папалаяўся! А пан Кубліцкі ціхенька рагатаў, назіраючы, як гуз на ілбе пана Заблоцкага мяняе колеры - з чырвонага сіні робіцца, зялёны, жоўты... Не гуз, а нейкі грыб вясёлкавы.

Але дарэмна пан Кубліцкі насміхаўся. Яму яшчэ меней у рамёствах пашэнціла, чымся пану дружбаку. Пан Кубліцкі надумаўся ганчарствам заняцца - гаршкі ды місы ляпіць на ганчарным коле. Але й тут непярэліўкі -першаму ж купцу не дагадзіў, што ў яго гаршчок набыў. Зазлаваў ён, што гаршчок дзіравы, дый разбіў яго аб пана Кубліцкага галаву. Тут ужо пан Заблоцкі рагатаў нема. А пан Кубліцкі, паглядзеўшы карагод зорны, загадаў падаць яму паперу і атрамант - скаргу пісаць станавому прыставу. Але падаць паперу й атрамант не было каму, дый, сказаць па праўдзе, не вадзіліся такія рэчы ў маёнтку ў паноў. Так справа й скончылася нічым.

Добра яшчэ, што тутэйшы гаспадар, Ахрэм Верацённік, нараіў панам рэпу сеяць. Балазе, у паноў яшчэ зямелькі валокі з паўтары засталося. А насенне ў бабкі Параскі здабылі. Тут ужо ім пашчасціла як мае быць - урадзіла рэпа. Звазілі яны ўраджай у Смургоні, прадалі, атрымалі прынажытку колькі талераў...

На гэтым я мог бы ўжо скончыць сваю показку, не пачаўшы яе як след. Можна было б збаяць, што паны купілі насення, ізноў пасадзілі рэпу, ізноў сабралі ўраджай, ізноў пасадзілі...

Зарабілі грошай, сталіся заможныя, знайшлі сабе нявест багатых, згулялі вяселлі... і стоп. На вяселлі, як вядома, усе казкі спыняюцца.

Але каб жа так... Увесну, калі трэ было ехаць у Смургоні па насенне, паны раздумаліся, пачалі аглядаць свой палетак і вымышляць. А калі паны вымышляюць, дык нешта ж будзе. Нешта такое, пра што варта распавесці асобна.
ПОКАЗКА ПЕРШАЯ ДЗІВОСНАЕ НАСЕННЕ
А было ж тое даўно... Калі жук рыкаў, а карова лятала, варона кувала, а зязюля каркала, і калі ў вёсцы смаленую кабылу смажылі... Вох, пра што гэта я? З чаго гэта пачыналася? А, ну так - была ў паноў служка, дзеўка Дрыпа, а пасля сышла

ад іх.


Служкі няма - дык паны дадумаліся адзін аднаму прыслугоўваць падчас ежы. Сёння абедае першы пан Кубліцкі, а пан Заблоцкі, значыцца, за ахвіцыянта, павесіўшы цераз руку ручнік.

-- Ну, -- будзе казаць пан Кубліцікі, -- што ў нас сённяка на абед?

-- На абед у нас сённяка салата з рэпы, поліўка з рэпы, беф-строганаў з рэпы, кава з рэпы...

-- Вунь як... уздыхае пан Кубліцкі. - Бык строганы з рэпы... А што на дэсерт?

-- А на дэсерт - марожаная рэпа.

-- Вось так яно вось: рэпа і рэпа... - задуменна кажа пан Кубліцкі. - А гады ідуць...

Пан Заблоцкі задуменна на яго глядзіць і думае: што наўме ў гэтага шалапута?

-- Хочацца, бачыце, нечага такога... - няпэўна кажа пан Кубліцкі і пстрыкае пальцамі.

«Гэта ж ён жаніцца надумаўся! -- здагадваецца пан Заблоцкі. - Раней за мяне! Не, братка, дулю табе, а не жаніцьбу! Ажаніся з кабылай сухарэбрай...»

А ўслых ён кажа:

-- Чаго ж гэта пану заманулася? Марцыпанаў з гэрцамі?

Пан Кубліцкі летуценна пазяхае, прымружвае салодка вочы й

цягне голасам, салодкім, як патака:

-- Кілбасаў хочацца, пальцам пхатых... Кумпякоў вэнджаных... Булак з макам. Ламанцаў хачу, ласіных губ з мёдам, заечых вушэй марынаваных, рыжыкаў са смятанаю... А яшчэ хачу бананаў, аранжыкаў, папайі, мамайі, маракуйі, авакады і груздоў салёных з цынамонай...

І доўга яшчэ марыў пан Кубліцкі, пакуль пан Заблоцкі не паляпаў яго па спіне, так, што сябрук сагнуўся, як крук. -- То ж дзе пан набярэцца гэтага дабра? У нашым агародзе адно рэпа расце...

-- У тым і рэч, -- кажа пан Кубліцкі. - Трэба не рэпу сеяць, а кілбасы, булкі, кумпякі. Тады будзе чым увосень паласавацца. Галоўнае - добрае насенне здабыць. Пан Заблоцкі паглядзеў на дружбака, пакруціў левы вус і нічога не прамовіў. Але сам падумаў: «Глядзі ты! Дурны-дурны, а сала любіць! Гэт! Да такога дадумаўся!» Неспакойна спалася ў ноч пасля тае размовы панам. Пану Кубліцкаму сніліся кілбасы і шынкі, якія растуць у зямлі, нібы морква, толькі за вяроўкі іх выцягвай. Пан Заблоцкі зусім не спаў - варочаўся з боку на бок і ўсё думаў пра тое, як выратаваць новы ўраджай ад драпежных птушак, валачашчых сабак і ляснога звяр'я.

Абуджаюцца паны з пеўнямі і, не змаўляючыся, шыбуюць пехатой у Смургоні, на рынак. А гэта, што ні кажы, шлях няблізкі.

На рынку народу, як заўжды, што селядцоў у бочцы, і сядзельцаў больш, чым пакупнікоў, і кожны за крысо цягне і патрабуе: «Купі смалы гарачайі Купі чорта лысага! Купі дзірку ад буліка! Купі леташні снег! Купі, купі,купі!» Але паны нідзе не спыняюцца. Яны ведаюць, што ім трэба, шукаюць, шукаюць і... не знаходзяць. Аж пакуль не хапае іх за рукі цыганка, тая самая, што дзеўцы Дрыпе некалі варажыла.

-- Я ведаю, што панам трэба, -- шэпча цыганка і падміргвае. -Гэта можна знайсці, але няпроста. Давайце талер. -- Дзе ж можна знайсці... гэта? -- пытаецца пан Кубліцкі, развязваючы мяшэчак з грашыма.

-- А гэта прадае адзін чалавек. Вы яго лёгка пазнаеце. Ён рыжы і лысы, -- кажа цыганка. -- Дзе ж яго шукаць?

-- А кадук яго ведае! -- адказвае цыганка, хапае талер і растае ў натоўпе.

-- Падманула нас гэтая бразготка, -- кажа пан Заблоцкі, чухаючы патыліцу. - Такіх людзей не бывае, каб адразу быў рыжы і лысы.

Яны праходзяць праз увесь рынак - і праўда, няма такіх людзей. Лысыя ёсць, рыжыя ёсць, а каб адразу і лысы, і рыжы - няма такіх. ^хх

Панурыя, уваходзяць яны ў шынок і бачаць - сядзіць чалавек, есць селядца. У яго рыжая барада, лысая галава. -- Ён! - радуюцца паны.

А рыжа-лысы, падобна на тое, зусім не радуецца. Паны мітусяцца вакол яго, кажуць пра свае патрэбы, а ён задуменна есць селядца. Паны пачынаюць злавацца. Асабліва халяруе пан Заблоцкі. Ён, як ведама, больш гарачы. -- Паляруш на маю галаву, сто чартоў у зубы! -- раздражнёна кажа ён. - Што за радасць пану ад таго худога селядца? Прадавай, пане, насенне, а тады хоць бочку селядцоў апратай!

Але рыжы з лысым няспешна абсмоктвае селядцову хрыбціну й нічога не кажа. Толькі пасля таго, як ад селядца засталася горка костак, ён няспешна абцірае насоўкай губы й кажа. -- Панства хацела б насення? А якога? Маю насенне кілбаснага дрэва, хлебнага дрэва, булачнага дрэва, пірожнага дрэва, цукерачнага дрэва, віннага дрэва, марцыпанавага дрэва, селядцовага дрэва... То чаго б панам найболей хацелася?

Пан Кубліцік толькі рот раскрыў, каб сказаць. Але пан Заблоцкі яго апярэджвае.

-- Кожнага дрэва, пане, -- кажа ён. - Давай нам насенне ад кожнага дрэва, хаця б парачку...

-- Гэта будзе дорага каштаваць, панове, -- суха кажа незнаёмы і збіраецца прыступіць да другога селядца. Пан Кубліцкі ўздыхае і развязвае мяшэчак з талерамі. Рыжа-лысы тымчасам развязвае сваю торбачку й дастае з яго пакуначкі з насеннем. Пачынаецца гандаль, даўгі й зацяты, бо паны, хаця й шляхта, проста так з талерамі, выручанымі за рэпу, развітвацца не збіраюцца. Нарэшце талеры пераходзяць да аматара селядцоў, а насенне кілбаснага дрэва, хлебнага дрэва, булачнага дрэва, пірожнага дрэва, цукерачнага дрэва, віннага дрэва, марцыпанавага дрэва, селядцовага дрэва - да паноў Кубліцкага ды Заблоцкага... Застаецца адзін маленькі пакуначак з нейкімі чорнымі семкамі. Пан Заблоцкі яго адразу ж заўважае.

-- Проша пана! -- строга пытаецца ён у рыжа-лысага. - А чаму пан не прапануе гэныя чорныя семкі?

-- Гэта будзе вельмі дорага... - мармыча гандляр. - І небяспечна.

-- Нам нічога не дорага! -- горача кажа пан Заблоцкі і трасе машной, у якой боўтаюцца й пазвоньваюць апошнія талеры. -- Тры талеры за штуку, -- мармыча прадавец. З гарачкі паны згаджаюцца й на гэта. І толькі сыходзячы з карчмы пан Кубліцкі спахопліваецца.

-- Чакай пане! -- выгуквае ён. - А што вырасце з чорнай семкі?

-- Гэта - ветрык, -- адказвае рыжа-лысы. - Ветрык вырасце. Але я не раю вам сеяць яго, панове.

Паны яго не разумеюць. Як? Заплаціўшы такія велькія грошы?

І, разараўшы свой палетак, яны засяваюць раллю насеннем хлебнага дрэва, кілбаснага дрэва... ну й гэтак далей. І чорную семку «ветрыка» таксама ўкідаюць у зямлю.

Што далей? А што далей? А далей - толькі чакаць, пакуль на панскай дзялянцы ўтворыцца рай зямны, ды рэзацца ў карты. Так паны і робяць - усё лета рэжуцца ў «воза», «курыцу», «дурня», «разумніка», «свінню» і «карову», а палетак стаіць чорны, як і быў, і хаця б адна травінка на ім зазелянелася. «Тут нешта не тое, -- пачынаюць кеміць паны. - Можа й дарма, што рэпу не пасеялі. Была б хаця рэпа, а тут што? Эх, падмануў рыжа-лысы!»

-- Шкада, што ён косткай ад таго селядца не задушыўся, --глыбакадумна кажа пан Заблоцкі.

Але вось аднойчы настала ноч... Яна была не звычайная, гэтая ноч, -- арабінавая.

А вы, перапрашаю, не ведаеце, што такое арабінавыя ночы? Гэта напрыканцы лета бывае, у спасаўку. Усю ноч неба скаланаюць грымоты, сякуць фіялетавыя маланкі, шугае вецер, утвараючы віхуры, -- і хаця б кропля дажджу. Кажуць, што ўся зямная нечысць - чарты, ваўкалакі, вядзьмаркі, шатаны, цмокі ладзяць арабінавай ноччу свой шабас. О, паны зведалі-такі, што такое арабінавая ноч! Спачатку ім здалося, што яны разам са сваёй хацінаю апусціліся на дно аграмаднай чарніліцы з самым чорным у свеце атрамантам. Потым, калі ўсё вакол загрукацела, зазіхцелася, зашыпела, пан Кубліцкі пачаў зубамі выстукваць маршоўку касінераў яго вялікасці караля Гарбуза, а пан Заблоцкі - улюбёны паланэз яго светласці князя Дрыгайлы. Але назаўтра...

Назаўтра паны нясмела вызіраюць з вакна на агарод, а ў панскім агародзе тырчаць: кілбаснае дрэва, хлебнае дрэва, булачнае дрэва, пірожнае дрэва, цукерачнае дрэва, віннае дрэва, марцыпанавае дрэва, селядцовае дрэва... Кілбаснае дрэва пахне часныкам і гнецца долу пад цяжарам кілбасаў; свежыя хлеб, булкі ды пірагі на дрэвах пахнуць так смачна, што аж нос зрывае; ад цукерачнага дрэва на вярсту патыхае шакаладам; селядцы на селядцовым дрэве небывалай

велічыні - кожны з парсюка ростам. А марцыпаны... Ах, марцыпаны... Ды што тут казаць...

Застаецца дадаць, што бутэлькі на вінным дрэве звіняць, як
званочкі на каптурах у дурняў на смургонскім карнавале, і
лішне казаць, што паны найперш кідаюцца да звінячага
дрэва. А тады, наталіўшы смагу, пераходзяць да кілбасаў.
Тымчасам яны не звяртаюць увагі на тое, што пад самай
хатаю вырасла шчэ адно дрэва - з чорнай семкі. Дрэва
называецца «ветрык». На ім нічога - ані лістоты, ані кілбасаў,
ані цукерак. Бо гэта нават не дрэва, уласна кажучы, а нейкі
таўсты чорны гарбуз. Ён расце, бухне, але паны на яго нуль
увагі. І дарэмна.

Бо чорны гарбуз рос-рос, а тады ўзяў ды покнуў, з гэтакім, ведаеце, непрыстойным троху гукам. І з лопнутага гарбуза выпаўзае нейкая чорная хмарка. Яна круціцца на месцы, усё хутчэй ды хутчэй, і ператвараецца ў чорную віхуру. Тут ужо й паны глядзяць на чорную хмару, адвесіўшы губы і ў велькім страху. Але позна.

Бо віхура робіцца вялікай, як карова. Яна накрывае сваёй чорнай тушай кілбаснае дрэва, хлебнае дрэва, булачнае дрэва, пірожнае дрэва, цукерачнае дрэва, віннае дрэва, марцыпанавае дрэва, селядцовае дрэва. Чуваць, як «ветрык» чмякае і храбусціць, а потым рагоча - і ўзнімаецца на паветра. У яго - нейкія смешныя куцапыя чорныя крылы. Але ўсё адно гэная грамадзіна ўзнімаецца над зямлёю і ляцёць ад панскага агароду акурат на процілеглы край Сусвету. Разам з кілбасамі, булкамі, цукеркамі і бутэлькамі ў чэраве. А ў паноў застаецца голы, як ток, палетак, на якім калісь буяла рэпа. І дужа прыемныя ўспаміны.

Натуральна, паны гневаюцца, праклінаюць пракляты «ветрык» і пагражаюць падаць у суд. На каго? На рыжа-лысага, вядома. Але падаць у суд проста, але як яго знайсці? Паны ізноў шыбуюць у Смургоні.

У знаёмым ужо нам шынку яны бачаць... каго б вы думалі? Не паверыце!

Рыжа-лысага!

Ён сядзіць на ранейшым месцы і есць селядца.

-- Ату яго! Трымай яго! У суд яго! -- халяруе пан Заблоцкі і

хапае рыжа-лысага за... рыжыя валасы.

А рыжа-лысы зусім спакойна адказвае:

-- Вы абмыліліся, панове. Гэта зусім не я прадаваў вам насенне кілбаснага дрэва, хлебнага дрэва, булачнага дрэва, пірожнага дрэва, цукерачнага дрэва, віннага дрэва, марцыпанавага дрэва, селядцовага дрэва і расліны, што называецца «ветрык». Той, хто вам яго прадаваў, быў лысы і з рыжай барадой. А я, як вы бачыце, з рыжымі валасамі і лысай барадой.

Паны ў разгубленасці. Пан Заблоцкі выпускае з рук валасы рыжа-лысага й збянтэжана кажа: -- Выбачайце, пане... А рыжа-лысы кажа:

-- Эх, панове, панове... Навошта ж вы куплялі ў таго круцяля

насенне «ветрык»? Ці вас прасіў хто? Ці вас прымушаў хто? У

карак біў? Уся бяда ад вашага зайздроснага вока!

Увечары паны кажуць адзін да аднаго, буркаючы пустымі

жыватамі.

-- І праўда, на якога ражна спатрэбіўся нам той чорны гарбуз? -- гэта са скрухай будзе казаць пан Кубліцкі. А пан Заблоцкі яму ў адказ:

-- А я дык і не верыў, што ўсё гэта праўда... Усё мне здаецца, што бачыў я сон... Казачны сон... Ведаеш, пане Кубліцкі, я мяркую, што няма ў жыцці шчасця... Няма ў свеце дрэва ані кілбаснага, ані марцыпанавага. А калі й ёсць, дык народзіцца чорны гарбуз і ўсё схрумае...

1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка