Пятро Васючэнка Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі




старонка1/5
Дата канвертавання13.05.2016
Памер1.04 Mb.
  1   2   3   4   5
Пятро Васючэнка

Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі...

Казачныя аповесці
ПЕРАДМОВА
Ходзіць па нашым краі пагалоска пра пана Заблоцкага, што жыў надта даўна, яшчэ за князем Дрыгайлам. Жылося тады людзям не абы-як, адно мыла не ставала - і вось пан Заблоцкі паквапіўся на лёгкі прынажытак. Адправіўся ён за мора, наладаваў мылам повен карабель ды плыве назад паціху. Ажно нахапіўся вецер, кінуў карабаль на падводныя камяні, і той карабель даў цечу. Увесь тавар, лічы, змыла, а пан Заблоцкі застаўся ні з чым. З тае пары пачалі казаць: «Зарабіў, як пан Заблоцкі на мыле».

Але гэта даўнейшая гісторыя, хто пра яе не чуў!Ды мала хто ведае пра іншыя прыгоды пана Заблоцкага ды ягонага дружбака пана Кубліцкага. Ото ж былі паны! Колькі яны пазараблялі гузоў на свае галовы - усё праз фанабэрыю, прагавітасць, недарэчныя дзівацтвы! І шкода часам іх, ды смех разбі рае: ну ж і шалапуты!

Кажаце, што маню, што няма такіх паноў ды не было, усё байкі?.. Э-э, браточкі вы мае, каб жа так!.. Вунь я надоечы бачыў: выйшаў з чорнага «Мэрседэса» дзядзька з портфелем ды вось гэтакім пузам, ну выліты пан Кублоцкі. А пан Заблоцкі мне ўчора ў тралейбусе нагу адціснуў, яшчэ на мяне ж і лаяўся непрыгожымі словамі...

Але паслухайма пра прыгоды тых, даўнейшых паноў Кубліцкага ды Заблоцкага.




НІШЧЫМНІЦА
Мо хто чуў, як паны Кубліцкі ды Заблоцкі з'елі свае боты? Ды не, ніякага паморку, ніякага голаду не было тады ў нашай старане. Дый у паноў спачатку мелася ўсяго ўдосталь - і хлеба, і да хлеба. Але ж і жэрлі яны - што ў бяздонны мех тапталі. Пан Кубліцкі на сняданак, бывала, аплятаў засмажанага вепрука. Пан Заблоцкі адным махам мог выпіць цэлую барылу мёду. Нядзіўна, што гаспадарка ў абодвух

звялася на нішто. Гаёк, палеткі, паша, каровы, свінні, птаства



  • усё ляснула з-за вялікай панскай ахвоты да яды. Засталася на дваіх адна ўбогая хаціна, у падполлі - вецер ды галодныя мышы. Ні курчаці, ні парасяці, хлеба ані каліва.

Пан Кубліцкі, надзбмуты, быццам вожыка праглынуў, ляжыць на лаве, глядзіць на партрэты сваіх продкаў ды вохкае. Пан Заблоцкі ў вялікай злосці ходзіць ад сцяны да сцяны, моцна грукаючы ботамі і раз-пораз хапаючыся за бок, дзе раней прычэплена была шабля (ужо няма шаблі, аддаў мужыкам за тры колцы еілбасаў). Тады пан Кубліцкі, скрывіўшыся, будзе казаць:

  • Хай бы пан падбіваў боты не зялезнымі, а драўлянымі цвікамі - танней і менш грукату.

На гэта пан Заблоцкі даволі груба адказвае:

  • Хай бы пан не брахаў абы-чаго, а пайшоў бы ў вёску ды папрасіў у мужыкоў хлеба!

Такі ён апечаны, пан Заблоцкі, толькі яго крані - адразу пырхне. Але і пан Кубліцкі свой гонар мае.

  • О не, - кажа, - я не магу прасіць у мужыкоў-лапатнікаў, хутчэй я свае боты з'ем.

Што ж, і намовіў на сваю галаву. Дажыліся - што адно боты й засталося кінуць у варыва. Балазе ў паноў боты дыхтоўныя, са сві нячае скуры, шмальцам падмазаныя.

Раскладваюць агонь, набухторваюць вады ў чыгун, скідваюць боты - і туды ж, у чыгун. Вараць больш як паўдня, тады здымаюць чыгун з агню і сёрбаюць поліўку гэтак спраўна, што насы ўпрысядкі гуляюць. Пад'еўшы, кладуцца на лавы і спачываюць. Босыя, затое наетыя ад пуза.

І што, пытаецеся вы, ці разбалеліся панскія жываты? Ані. Адно ў пана Кубліцкага, як ён быў далікатнага складу, трохі бурчэла ўсярэдзіне. Дык ён злаваўся і доўга вымаўляў пану Заблоцкаму:


  • Казаў жа, каб не падбіваў пан боты зялезнымі цвікамі. Драўляныя - яны больш уежныя.

Вось як яно было. Было, было дый выпала дно.
КАМУ ЧЫГУН МЫЦЬ?
Пад'есці-то пад'елі, а хто чыгун будзе мыць? Паны сварацца, ледзьве за чубы не хапаюцца, а чыгун стаіць сабе, чорны, як мурза.

  • Гэтак мы не дамо рады, - кажа нарэшце пан Кубліцкі. -Згуляйма ў карты. Хто «дурнем» застанецца, таму й чыгун мыць.

  • Згода, - буркнуў пан Заблоцкі.

Сядаюць за карты. Пан Кубліцкі набраў козыраў, што жаба мулу, дый сядзіць з імі - кум каралю, а пан Заблоцкі ад прыкрасці сапе гэтак страшна, быццам у ягоным носе шаршні завяліся. Атрымлівае свайго «дурня», але чыгун мыць нават і не збіраецца.

  • Пан манкіруе! -- крычыць. - Пан ёсць манкірант, падглядае карты. Гуляйма яшчэ раз.

Гуляюць ізноў. На гэты раз у «дурнях» сядзіць пан Кубліцкі. Але і ён не збіраецца чыгун мыць, кажа, што да трох разоў трэба гуляць. Распачынаецца ў іх карцёж доўгі, зацяты. Гуляюць вечар, гуляюць ноч, ды з гэтакім газардам, што на голад, на сон забыліся. Праходзіць дзень, мінаецца другі... Ужо тышчу разоў паны згулялі, не меней. Не тое што чыгун -уся хатка зарастае брудам, зруб у зямлю ўваходзіць аж па самыя кроквы, на страсе палын, чартапалох буяюць, шампіньёны (па-нашаму - пячурыцы) павытыркаліся. Вось ідзе з суседняе вёскі селянін Ахрэм Верацённік. Вядро ды рыдлёўку з сабою нясе, збіраецца на рэчцы Парэчцы ўюноў лавіць. Ідучы праз панскі фальварак, бачыць ён дзіва: заместа хаты адзін комін тырчыць. А з коміна, з-пад зямлі даносяцца сярдзітыя галасы:

  • Уга, ізноў пан у «дурнях» сядзіць!

  • Каб пан у чыстым полі каменем сеў, як я сяджу!

Ахрэм Верацённік давай раскідваць зямлю рыдлёўкай, вокны ды дзверы вызваляць. І вось паны выпаўзаюць са сваёй зямлянкі, тварамі зялёныя, з няголенай шчэццю, з доўгімі

пазурамі. Сурдуты іхнія сатлелі, голыя рэбры скрозь лахманы свецяцца. Ахрэм Верацённік назбіраў грыбоў, памыў чыгун ды зварыў на вогнішчы поліўку. Пад'еўшы, пан Кубліцкі з панам Заблоцкім пачынаюць спрачацца, каму чыгун сыць. А не прыйшоўшы да згоды, ізноў сядаюць гуляць у карты. Нават Ахрэму за паратунак не падзякавалі. Яшчэ на яго ж і бурчэлі, што перапыніў гульню.

От жа натурыстыя, каб іх віхор падхапіў ды панёс!

СЛУЖКА, ВЫДЗЬ З-ПАД ЛУЖКА!

Паны гуляюць у карты: у «воза», у «курыцу», у «дурня», але ім дужа назаляюць мухі. Абседзелі ўсю столь, сцены, пачалі падбірацца нават да лысіны пана Заблоцкага.



  • Гэта самае, - задуменна кажа пан Кубліцкі, - трэба наняць служку, каб мух адганяла.

  • Яшчэ каб поліўку варыла ды чыгун мыла, - дадае пан Заблоцкі.

Сказаць лёгка. А дзе яе знайсці, тую служку? Выбраліся паны з хаты, пайшлі полем, лугам... Бачаць - пасвіць карову дзеўка Дрыпа - задрыпана ззаду світа. Бярозавым дубцом ад каровы аваднёў адганяе; як шасне - з дзесятак адразу заб'е.

  • От спраўная дзеўка, - хваліць пан Заблоцкі, - глядзі, як па аваднях смаліць.

- Здаровая будзь, красуня, - звяртаецца да дзеўкі пан Кубліцкі. - Хадзі да нас у служкі. Табе ў нас будзе добра. Мы дазволім табе ўзяць з сабой карову ды даіць для нас малако.

  • А што? І пайду, - кажа дзеўка Дрыпа. -Адно каб паны пасля не шкадавалі. Бо ў мяне ў галаве, ведаеце, фантазіі розныя, лятункі...

  • Якія яшчэ лятункі? - рагочуць паны.

  • Якія, якія... Усялякія. От як стрэльне што ў голаў, дык усё раблю па-свойму. Натура такая.

  • Натура ў ёй... - бурчыць пан Заблоцкі. - У нас таксама натура. Паглядзім, хто з нас натурысцей.

Служыць дзеўка Дрыпа ў паноў, і спачатку ўсё йдзе як мае быць. Паны рэжуцца ў карты, дзеўка Дрыпа непадалёк карову пасвіць. Калі-нікалі паны згадаюць, што ў іх ёсць служка, пакладуць карты дый гукнуць у вакенца:

  • Служка! Выдзь з-пад лужка!

  • Чаго вам? - адгукаецца дзеўка Дрыпа.

  • Падай панам лапці.

Дзеўка Дрыпа прынясе лапці, паны абуюцца ды выправяцца на шпацыр. А ўвечары п'юць сырадой ад Дрыпінай каровы. Але аднаго разу паны гукнулі: «Служка, выдзь з-пад лужка!» -а служкі няма. Дзе ж яна? А ў лес пайшла і карову з сабой пагнала. Такая ёй фантазія ў голаў стрэліла. А ў хаце бруд, смецце, мухі аджылі - лётаюць, гудуць над вухам. Паны лаюцца.

Надвячоркам дзеўка Дрыпа вяртаецца з лесу, прыносіць кош грыбоў. Паны спадылба на яе зіркаюць, але Дрыпа хоць бы што. Яна ставіць на агонь чыгун і пачынае варыць грыбную поліўку. Паны цярпліва чакаюць вячэры.

Але ў хаце пачынае тварыцца якоесь дзіва: поліўка бурапеніць, пара шугае пад столь, а са столі пачынаюць падаць непрытомныя мухі. Паны дзівяцца, круцяць насамі: што за праява такая, усе мухі павыдыхалі. Нядаўна аж паветра звінела, а цяпер нейк ціха стала, самотна. Нават пан Кубліцкі нясмела пытаецца:


  • Мо гэта ад грыбоў мухі гэтак самлелі?

  • Чаго ім млець? - пакрыўдзілася дзеўка Дрыпа. - Грыбы добрыя. Галоўнае, прыгожыя. Чырвоненькія такія, у белы гарошак.

Пан Кубліцкі робіцца белы, што папера. Пан Заблоцкі б'е нагою ў чыгун, і поліўка выплюхваецца долу.

  • Дык ты што гэта, бледная паганка, шляхту надумалася атруціць?! Мухаморамі частуеш?!

  • А што мухаморы, - адказвае дзеўка Дрыпа, - не грыбы хіба? Лось еў, сама бачыла. А шляхта і пагатоў з'есць, халера ёй не зробіцца.

Тут паны й самлелі. А трохі ачомаўшыся, далі дзеўцы іншае заданне:

  • Ты, галубка, болей у лес не хадзі. Мы зараз самі ў лес пойдзем, на прагулянку. Ты вось што: прыбяры добранька ў хаце, падлогу памый, каб тутака ўсё блішчэла. Глядзі, вады не шкадуй.

Не варта было панам гэтак казаць. Бо дзеўка Дрыпа вады не пашкадавала. Што ёй? Дзеўка дзябёлая - цягае й цягае вёдрамі са студні. Гэтак шчыруе, проста спыніцца не можа. Вяртаюцца паны з прагулянкі й бачаць: вакол хаты цэлая сажалка ўтварылася. Пасярэдзіне сажалкі тырчыць з вады комін, на коміне сядзіць дзеўка Дрыпа з дзеркачом у руках, нагамі боўтае. Адпачывае, добра нарабіўшыся. У сажалцы качкі плаваюць, жабы кпэкчуць.

  • Плывіце сюды, - махае панам Дрыпа. - Падзівіцеся, якая вакол чысціня.

Але паны ўжо паваліліся на зямлю, нібы два снапы.

  • От жа далікатныя якія, - кажа дзеўка Дрыпа. - Ізноў не ўладзіла. Панове, панове, ды падымайцеся вы хутчэй! Што вы ўжо гэтак зажурыліся? Знайшлі бяду. От пачакайце крыху: я налаўлю ў сажалцы карасёў, звару юшку, пасля дзякаваць будзеце.

  • Гэта яна нас юшкаю з жаб частаваць надумалася, - шэпча на вуха прыяцелю пан Кубліцкі.

  • Не хочам юшкі! Іншае што прыдумай! -- адгукаецца пан Заблоцкі.

Сядзіць дзеўцка Дрыпа і думае. Цікава, што ж ёй яшчэ стукне ў голаў?


ВАРГОЛЫ

Каля сажалкі гарыць вогнішча, бурліць вада ў чыгуне, а дзеўка Дрыпа паплылаў чыгуне рыбу лавіць. Паны ў чаканні вячэры пахаджваюць па беразе ды ад няма чаго рабіць згадваюць мінуўшчыну.

Першы кажа пан Заблоцкі, закаціўшы вочы:


  • Што ні кажы, пане Кубліцкі, а жыў я добра - што клёцка ў масле качаўся. Не буду хваліцца, але ў маім маёнтку ўсё было лепшае, чым у іншых. А коні ў мяне былі такія, што сам князь Міргайла, зямля яму пухам, зайздросціў. Памятаю, быў у мяне жарабец - агонь, а не жарабец! Такі быў аграмадны, што ў стайню, бывала, не мог праціснуцца. Дык ён тады я-а-ак разгоніцца і ў дзірку пад дзвярыма - шусь!

  • Дык, можа, гэта сабака быў, а не жарабец? -- сумняваецца пан Кубліцкі.

  • Ну, а калі й сабака, дык што з таго? - сярдуе пан Заблоцкі. -Мае сабакі былі самыя брахлівыя ў акрузе, а свінні мае былі самыя тлустыя, і вада ў маёй стулні была макрэйшая, чымсьці ў каго з суседзяў. А якая брычка ў мяне была - з чыстага золата, дарма што праіржэла крышачку. Бывала...

  • Бывала, што і карова кукавала, а цяпер і зязюля не каркае, -

  • уздыхае пан Кубліцкі. - Паслухай, пане Заблоцкі, што я распавяду. Я, вядома, нёе меў стайні ды псярні, затое выпісаў сабе з Парыжу адмысловага кухара. Той мусью гатаваў мне штодзень новую страву. Ужо што ён толькі не вымышляў, як толькі не круціўся, каб дагадзіць мне і маім гасцям!..

  • Хвалілася кабыла, што на грэблі гаршкі пабіла, - не вельмі пачціва перапыняе суразмоўцу пан Заблоцкі. - Чулі мы пра панскае баляванне. Гэта, выпадкова, не пан Кубліцкі князя Міргайлу, зямля яму пухам, частаваў аўсом, а князевага каня

  • смажанымі качкамі?

Пан Кубліцкі адказвае пакрыўджаным голасам:

  • Сорамна пану гэтак казаць. Хіба пан не ласаваўся ў мяне мядзведжаю шынкаю, калдунамі з зайчацінай, пірагамі з

дзічынаю? Забыўся, як аплятаў булён, сальцясон, шампіньён, савіньён ды мільпардон? Яшчэ мой кухар гатаваў вужыную яешню, верашчаку з мышыных хвастоў, ціснуў чарвяковае масла, засмажваў цэлага каня і саліў на зіму апельсіны. Запякаў у тартах жывых жаўранкаў, каб яны выпырхвалі пад воплескі, стрэлы і віваты ў мой гонар. Мой кухар, бывала, возьме моху, лоху, чартапалоху ды ўсялякага іншага патроху, перамяшае з камарынымі лапкамі, палье зверху жабурыннем

  • і атрымоўваецца ўлюбёная салата пана Заблоцкага...

  • Тфу! - вырываецца ў пана Заблоцкага.

  • Чаго, пан, плюешся? Сам жа таптаў гэтую страву так, што за вушы не было як адцягнуць.

  • Не кажы пра тое, - просіць пан Заблоцкі, - бо й цяпер у жываце бурчыць, як прыгадаю. Хутчэй бы дзеўка Дрыпа рыбы наварыла, бо ўжо страўнік на вузел завязваецца...

Панам ужо мроіцца каралеўская юшка, у якой боўтаюцца пузатыя ментузы, тлустыя келбы, ільсняныя сліжыкі, доўгія, бы пугі, вугры, зубастыя шчупакі, залацістыя карасі, паласатыя акуні, калючыя яршы, порсткія верхаводкі, лабастыя галаўні, пляскатыя ляшчы, здаравенныя самы, а дзеўкі Дрыпы ўсё няма.

Нарэшце яна паказваецца, спяваючы: «Сею я гурочкі...»



  • Падавай вячэру! Падавай каралеўскую юшку! - кідаюцца да яе паны.

  • Сёння, панове, юшкі не будзе, - нявесела кажа дзеўка Дрыпа. - Рыбу лавіць забаронена. Нераст у яе.

  • А малако?

  • Малака таксама не будзе.

  • У каровы таксама нераст? -- з'едліва пытаецца пан Кубліцкі.

  • А вось і ніякі не нераст. Карова ў лес забрыла. Пэўна, нейкая фантазія ёй у голаў стрэліла. Адзіноты захацелася. А што, хіба нельга карове раз на год пабыць на самоце?

  • А чым мы вячэраць будзем? -- пытаюцца разгубленыя паны.

  • А на вячэру ў нас, панове, сёння будуць варголы.

- Варголы? Хм... Ніколі не чуў пра такую страву... - чухае патыліцу пан Кубліцкі. - Мой кухар такога не гатаваў. Дык дзе ж тыя варголы?

  • А вунь там, у чыгуне, - махнула рукоб дзеўка.

Паны падбягаюць да чыгуна, штурхаюцца, зазіраюць пад накрыўку - а там па-ранейшаму булькоча пустая вада.

  • А дзе ж вячэра? -- злуюцца паны.

- Гэта вячэра і ёсць... Паясцё, а тады можаце і ў карты пагуляць.

  • З пустымі жыватамі - і за карты?! Ці ў цябе розуму замала?!

  • гневаюцца паны. - Ты ж казала пра нейкія варголы. Цягні іх сюды. Дзе яны?

  • Дык вось жа, у чыгуне, - спакойна кажа дзеўка Дрыпа. -Паўзірайцеся. Адзін вар голы, больш нічога...


ЦАР МАКСІМІЛЯН

  • Дажыліся: ані хлеба, ані табакі, прападаем, як сабакі, --сумна кажа пан Кубліцкі.

  • Вось што, дзеўка: ідзі ў Смургоні на рынак, купі хлеба, солі ды тытуню, -- загадвае Дрыпе пан Заблоцкі. - А грошы даставай дзе хочаш. Мы дазваляем. Ведай нашую ласку. Дзеўка думала, думала - і прыдумала: трэба карову прадаць у добрыя рукі. Усё роўна даіцца перастала, на пашу не ходзіць, толькі па лесе ходзіць ды грыбамі сілкуецца. Выпраўляецца Дрыпа ў Смургоні, уперад сябе карову гоніць.

Там, на рынку людзей як кіем набіта, няма дзе голкай торкнуць. Адразу купілі ў Дрыпы карову за тры талеры, і яна ідзе па пляцы шчаслівая, зубы сушыць ад радасці, што грошы мае. А яе гандляры хапаюць за рукавы, за світу: купі хусту! купі пернікі! Купі чорта лысага! З нейкага будана выставіўся панок у белым хвартуху ды гукае:

- Шаноўныя мамзелі, хто хоча пастрыгчыся па апошняй пранцузкай модзе, валі сюды.

Дзеўка Дрыпа стала насупраць будана губу адвесіўшы. А панок, прыкмеціўшы яе, гукае:


  • Чаго зяпу раскрыла, шаноўная мамзеля?

  • Выбачайце, спадарыку, - нясмела кажа дзеўка Дрыпа, - ці не вашэць летась стрыгла авечкі ў тутэйшага пана Кіндзюшкі?

  • Не, гэта не я! - спрытна адказвае панок. - Я з Парыжу, пранцузкі цырульнік, гэта па-вашаму пастрыгач. Магу й цябе пастрыгчы, шаноўная мамзеля, - станеш вочынна красівая, вужасна прыўкрасная!

Ну хто ж не захоча стаць прыгожай? Вось і дзеўцы Дрыпе загарэлася. Яна аддае пастрыгачу адзін талер, а той робіць з яе парыжскую мамзелю. Выходзіць Дрыпа з будана ні павай, ні варонай, а рыхтык абскубаная кіндзюшкава авечка. Усіх вераб'ёў на рынку ўспудзіла. Але йдзе сабе вясёлая, бо ў прыполе звіняць яшчэ два талеры. Тут пераймае Дрыпу цыганка:

  • Пазалаці ручку, модная паненка, усю праўду распавяду, за каго замуж пойдзеш, скажу.

Дзеўцы цікава. Яна аддае цыганцы другі талер, а тая бярэ дзеўку за руку й пачынае варажыць:

  • Чакае цябе, красуня, далёкая дарога й вялікія турботы. Але дарма, бо пойдзеш замуж за цара Максіміляна.

  • А што за той цар? - пытаецца ўзрадаваная дзеўка Дрыпа.

- А пярун яго ведае, - адказвае цыганка ды знікае з Дрыпіным талерам.

Дрыпа йдзе далей па рынку і раптам чуе пранізлівы голас: «Просім да нас у ціятар! Толькі адно прастаўленне! Смургонскія гутнікі паказваюць пра цара Максіміляна і ягонага сына Адольку!»

Пачуўшы імя жаніха, дзеўка Дрыпа кідаецца на голас - і бачыць у завулку хату, у дзвярах стаіць чорны барадач. Строга гэтак пазірае:


  • Куды, дзеўка?

  • Хачу паглядзець на цара Максіміляна.

  • Плаці грошы.

Дзеўка аддае астатні талер і ўваходзіць у хату, дзе людзей набілася, што селядцоў. Прадстаўленне ўжо ваўсю йдзе. Ужо цар Максімілян у бліскучай кароне, з доўгай рыжай барадой гукае да Фіцьмаршала: «З'явіся перада мной, як ліст перад травой!»

Прыбягае Фіцьмаршал, усе грудзі ў медалях, штаны з кутасамі, шпоры звіняць.



  • Што загадае вашая анпіратарская вялікасць?

  • Прывядзі да мяне майго непакорнага сына Адольку! Вядуць Адольку. Ён падабаецца дзеўцы Дрыпе нават больш, чым цар, - маладзенькі, бялявенькі, у ружовай кашульцы, у запраўленых у боты портках. «Ах, якія штонікі прыгожыя! --захапляецца ў думках дзеўка Дрыпа. - Чаму б не за гэтага замуж? Можа ён, калі гэты несімпатычны Максімілян памрэ, замест яго царом зробіцца?»

Ды Адолькаў лёс складваецца не найлепшым чынам. Ён не слухаецца бацькі, не хоча верыць у паганскіх багоў. За гэта яму цар Максімілян загадвае адсекчы галаву. Фіцьмаршал замахваецца сякерай - і вось Адолькава галава коціцца пад ногі гледачоў. А што гэта за жаніх, калі без галавы? Прадстаўленне канчаецца, цар Максімілян ірве на сабе валасы, бо шкода яму безгаловага сына Адольку, потым адчэплівае бараду ды збіраецца выходзіць з хаты.

  • Куды?! - у роспачы лямантуе дзеўка Дрыпа. - А жаніцца? Цар Максімілян адно зірнуў на Дрыпу, увесь закалаціўся - і хадалы! Так папёр цераз пляц, што карона з галавы звалілася.Дзеўка Дрыпа падбірае карону, атрасае ад пылу, уздзявае сабе на макаўку ды йдзе сваёй дарогай, задуменная.

Тымчасам паны Кубліцкі і Заблоцкі, галодныя ды сярдзітыя, марна чакаюць дзеўку Дрыпу.

  • Няйначай, на рынку заблудзіла, - вохкае пан Кубліцкі. Якраз тут чуваць крокі на ганку, адчыняюцца дзверы й уваходзіць дзеўка Дрыпа, але яе, натуральна, не пазнаць. Бо

абстрыжаная, што тая авечка, ды на галаве мае папяровую карону.

  • Чаго глядзіце? - пытаецца дзеўка. - Гэта ж я, ваша служка, Дрыпа.

  • Не, ты не Дрыпа, - нарэшце выціскае з сябе пан Заблоцкі. -Ты якаясь іншаземная паненка, можа, нават каралеўская дачка.

«А што, хіба й так, - раздумвае сабе Дрыпа. - Цар Максімілян

абы-каго замуж не возьме».

А пан Кубліцкі пачынае вохкаць і стагнаць:


  • Нашая служка, мабыць, заблукала на тым рынку... Што рабіцьмем, пане Заблоцкі?




  • Шукаць пойдзем, - вырашае пан Заблоцкі.

  • Мяне таксама вазьміце з сабою. Я вам дапапагу шукаць яе,

  • просіцца дзеўка. Такая яна ўжо спагадлівая да чужое бяды. От яны ўтрох пхаюцца да Смургоняў, доўга швэндаюцца па рынку, распытваючы ў людзей:

  • Ці не бачыў хто дзеўку Дрыпу?

  • А як яна выглядае, вашая Дрыпа? - цікавяцца людзі.

  • Такая, ведаеце, худаватая крыху, - пачынае апісваць пан Кубліцкі, - але трошачкі й таўставатая. Не сказаць, каб вельмі вялікая, але не дужа й малая.

  • Два вухі ў ёй, адзін нос, спераду, - удакладняе пан Заблоцкі.

  • Такіх багата, - смяюцца людзі.

-Яна ходзіць у задрыпанай свіце, - згадвае нарэшце пан Кубліцкі.

  • Во ў такой, як гэтая? - пытыюцца людзі, паказваючы на зрэбную адзежынудзеўкі Дрыпы.

Паны прыглядаюцца: праўда, тая самая світа! І дзеўка нібыта тая самая, хіба што прычоску памяняла.

  • Яна! Знайшлася-такі! - радуюцца паны. І дзеўка Дрыпа шчаслівая:

  • А я ўжо баяляся, што ніколі сябе не адшукаю.

  • Хадзем хутчэй дахаты, - цягнуць яе паны, - вячэра хутка.

Але дзеўка Дрыпа ўпёрлася, казаў той, рогам. Бо ўвабрала ў голаў новую фантазію. Кажа панам:

  • Дахаты я не пайду. А пайду я ў белы свет свайго жаніха шукаць, што ўцёк ад мяне. Цара Максіміляна. Ужо выбачайце. Такая мая планіда.

Сказала ды пайшла. А знойдзе ці не - пра гэта іншым разам, іншым часам.
У ПАХОД

  • Вось як мы хадзілі з панам Заблоцкім у вялікі паход... -яасам прыгадае пан Кубліцкі, цяжанька ўздыхне й засумуе. А пан Заблоцкі пачне нешта вырабляць рукою, як быццам сячэ шабляю, і лаецца рознымі словамі.

А было тое доўна, калі пасварыліся князь Дрыгайла з каралём Гарбузом Васемнаццатым. Не ў першы ўжо раз заеліся, а з-за чаго - кадук іх ведае. Можа, з-за чорнага хорта, можа, з-за сівае кабылы. Людзі рознае гамоняць. Але назбіралася з абодвух бакоў мноства войска, і рушылі адно супраць аднаго

  • сячы, страляць, мясіць крывавую калатушку. Зазбіраліся і пан Кубліцкі з панам Заблоцкім. Як жа ў такой калатнечы ды без іх!

Але не спяшаюцца, паціху трухаюць, бо самі тоўстыя, што кулі з сенам, а кабылка без таго лездьве перастаўляе ногі, цягнучы воз з харчам. На тым возе - вэнджаныя куры, кумпякі, кілбасы, шынкі, карчагі з віном, разынкі, салодкае сочыва ды розныя іншыя прысмакі. У паноў пакуль што адзін клопат - ядуць, як у прорву. Аднак неўзабаве ад усяе раскошы застаецца адна торба з пражаным гарохам. Тады ўжо паны нецярпліва пакрыкваюць на кабылку, каб не прыехаць на бітву галоднымі.

Ужо чуваць за гарою шматгалосая чалавечая гамана. Уз'ехаўшы на ўзгорак, паны бачаць: лагчына зацягнулася сівым туманам, і ніяк не разбярэш, дзе дрыгыйлаўцы, дзе гарбузятнікі. Але паны ўжо ўваходзяць у газард: ваяваць дык

ваяваць! Дастаюць заіржэлую дзедаўскую стрэльбу і ўсталёўваюць на драбінах.


  • Хай пан насыпе пораху от сюды, - будзе павучаць пан Кубліцкі, - а я напіцую шроту ў рулю, а пан тады хай высячэ агню, а наводзіць буду я... Толькі во не ведаю, па кім. За каго мы - за караля ці за князя, га, пане Заблоцкі?

  • Потым разбярэмся» - кажа пан Заблоцкі. - Цяпер галоўнае -страляць!

На пачатку стрэльба ніяк не хоча слухацца, і паны з лаянкаю ад яе адыходзяцца, ажно ў гэты самы момант у стрэльбе нешта сквірчыць, як сала на патэльні, тады гахае так, што паны ад нечаканасці гэпаюцца на зямлю, бы пераспелыя грушы. Калі ж яны падымаюцца і, абтрасаючы з сябе конскі гной, глядзяць уніз, дык бачаць вялікае дзіва: туман разышоўся, воі збіліся ў гурт, усе абдымаюцца, кідаюць у паветра шапкі і крычаць: «Віват!»

Тут вось што% пакуль паны шчыравалі над сваёй жалезнай згародзінай, дрыгайлаўскія ды гарбухоўскія мужыкі пагаманілі паміж сабою: чаго нам біцца з-за княскага хорта ці каралеўскай кабылы? Дый пагадзіліся. Тады і князь з каралём мусілі мірыцца: выехалі насустрач адзін аднаму пад белымі сцягамі, паціснулі рукі ды раз'ехаліся. І ў гэты момант з пагорка грымнуў стрэл. Натуральна нікога не забіла, бо паны ў спешцы пераблыталі мяхі ды зарадзілі стрэльбу пражаным гарохам. У войсках жа палічылі, што гэта салютаванне з нагоды міру, усе закрычалі «Віват», абтрэслі з вушэй гарох і раз'ехаліся па хатах.

І вось паны Кубліцкі ды Заблоцкі едуць дадому, абкрытыя, як той казаў, ад галавы да пятак баявой славаю. Яны яшчэ доўга будуць цешыць сябе ды людзей сваімі байкамі: як шаткавалі ворага што тую капусту, як самога Гарбуза распляскалі на праснака.

Спрытна брэшуць, каб іх качкі патапталі. Ну і хай сабе. Яно куды горай, калі не ў байках, а напраўду праліваецца чалавечая кроў.

  1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка