Пяцёрка белых




Дата канвертавання07.05.2016
Памер38.41 Kb.
На гэты раз у раздзеле “Дошка гонару “Жывіцы” прапануем вашай увазе апавяданне Красаты Марыны “Пяцёрка белых”, адзначанае дыпломам І ступені раённага конкурса “Выратавальнікі вачыма дзяцей” у намінацыі “Апавяданне”.

Пяцёрка белых

Аднойчы летняй раніцай у вёску да бабулі і дзядулі прыехаў у госці на летнія канікулы любімы ўнучак Васілёк. Хлопчык скончыў тры класы з выдатнымі адзнакамі па ўсіх прадметах. Аб сваіх дасягненнях у вучобе ён адразу ж паспяшаўся расказаць. Калі Васілёк усё расказаў, то з чаканнем у вачах паглядзеў на дзядулю, нібы прасіў: “Цяпер твая чарга, дзядуля.” Справа ў тым, што дзядуля ведаў шмат цікавых гісторый, легенд, паданняў, якія заўсёды расказваў свайму ўнучку, калі той прыязджаў у вёску.

Дзядуля паглядзеў на ўнучка і без слоў зразумеў, чаго ад яго чакае Васілёк.


  • Эх ты, унучак даражэнькі. Я ж ведаю, што не дасі мне праходу, пакуль я табе не раскажу цікавую гісторыю. Ну што ж слухай, сёння я табе раскажу пра тое, як з’явіліся пажарныя-выратавальнікі. Хочаш даведацца?

  • Канечне ж хачу, - з радасцю адказаў хлопчык.

  • Тады слухай.

…Даўным-даўно ў адной вёсцы жылі пяцёра сяброў: Мікалай, Сцяпан, Янка, Мішка і Алесь. Добрыя былі хлопцы, заўсёды дапамагалі адзін аднаму і сваім аднавяскоўцам. Яны заўсёды адгукаліся на любую просьбу, з павагай адносіліся да старэйшых, супакойвалі ласкавым словам тых, у каго быў дрэнны настрой. Усе ў вёсцы іх любілі і паважалі. Гэтую пяцёрку юнакоў у вёсцы называлі “белымі”. Белыя – значыць чыстыя, добрыя, ласкавыя, са светлымі намерамі.

Але жыццё, як вядома, шматколернае. Там, дзе белы колер, абавязкова павінен з’явіцца і чорны. Так і ў вёсцы ўзнікла яшчэ адна пяцёрка дружбакоў. Іх нават і дружбакамі цяжка назваць. Гэта была звычайная банда. Гэтыя хлопцы рабілі ўсё насуперак белым: нікога не паважалі, займаліся крадзяжом, крыўдзілі любога, хто трапляўся на іх шляху. Іх ніхто не любіў, за дрэнныя справы гэтых хлапцоў празвалі бандай чорных.

Аднойчы ў вёсцы загарэлася хата, у якой жыла вялікая сям’я. Бацькоў у хаце не было, старэйшых дзяцей таксама. Толькі старэнькая хворая бабуля, чатырохгадовыя блізняткі і трохгадовая дзяўчынка. Пажар узнік нечакана: з печы выскачыў вугольчык, разгарэўся і ўсё вакол запалала.

Так атрымалася, што побач з хатай у гэты час нікога не было, толькі банда чорных праходзіла непадалёк. Убачыўшы вогнішча, яны падышлі, спыніліся і глядзелі, як пачынала палаць хата. Аднак проста так глядзець ім надакучыла і адзін з іх узяў салому са стога, які стаяў непадалёк, і зрабіў з яе вакол хаты сцяжынку. Салома хутка разгарэлася, і ўся хата пачала гарэць не толькі знутры, але і знадворку. З хаты чуўся плач, крык. Хлопы ж толькі смяяліся, дапамагаць нават і не думалі.

Раптам каля хаты з’явіліся хлопцы з пяцёркі белых. Ні на што і ні на каго не звяртаючы ўвагі, яны ўсе разам кінуліся ў вонішча. Наступіла цішыня, чуцен быў толькі трэск. Прайшла хвіліна, другая, трэцяя… І вось з хаты выбеглі ў агні хлопцы. На руках яны трымалі блізнят, дзяўчынку. Дзяўчынка плакала, крычала, ніхто не мог зразумець, што яна хацела.


Хлопцы зноў кінуліся ў хату, якая ўся палала. Хвіліна, другая, трэцяя… Пачаў развальвацца дах. І вось цуда. Ледзь трымаючыся на нагах, з хаты выйшлі хлопцы з бабуляй на руках. У той жа самы момант дах хаты абваліўся.

Бабулю пасадзілі каля любімых унукаў. Хлопцы ж адышлі ўбок і раптам рухнулі, як падкошаныя, на траву. Усе падумалі, што яны адпачнуць і ўстануць. Але ні праз хвіліну, ні праз дзве, ні праз пяць хлопцы не ўсталі. Яны больш ніколі не ўсталі…

На наступны дзень пад белымі бярозамі з’явіліся пяць могілак, дзе былі пахаваныя пяцёра сяброў, маладых, прыгожых, ласкавых, адважных…

… Усе здзівіліся, калі на пахаванні з’явіліся пяцёра чорных. З імі ніхто не размаўляў, ніхто не хацеў нават глядзець у іх бок, бо людзі разумелі, праз каго загінулі белыя. Хлопцы з банды чорных нечакана для ўсіх заплакалі, сталі на калені і пачалі прасіць прабачэння ў белых за тое, што яны нарабілі. Аказваецца, нават у такіх людзей дзесьці на самым дне душы было крышачку сумлення, якое перамагло ўсё зло. Раптам з натоўпу пачуўся чыйсьці зычны голас:



  • Іх усё роўна ўжо не вернеш. Аб чым вы думалі раней? Вашым учынкам няма ніякага апраўдання. Аднак мы, аднавяскоўцы, зможам прабачыць вам толькі тады, калі вы станеце такімі, як яны. Змяніце свой колер.

Усе разышліся, абмяркоўваючы паводзіны чорных. Погляды вяскоўцаў падзялілся. Адны лічылі, што чорныя здолеюць памяняць колер, другія ж гаварылі, што чорныя не змогуць ніколі стаць белымі.

Праз некалькі дзён вяскоўцы ўбачылі, што з’явілася новая пяцёрка белых. Гэта былі тыя самыя хлопцы, якія стаялі і смяяліся, калі гарэла хата, тыя, якія зусім нядаўна плакалі на могілках. Хлопцы стварылі свой атрад выратвальнікаў-пажарных, на месцы спаленай хаты пабудавалі пажарную вышку і пачалі займацца выратаваннем людзей. У новым будынку на сцяне віселі партрэты хлопцаў з атраду белых.



Такі будынак існуе і зараз, прычым не адзін, а многа, па ўсёй краіне. Працуюць там смелыя, адважныя людзі – выратавальнікі-пажарныя. Яны заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу туды, дзе здарылася бяда, дзе гора і няшчасце.

  • Якая цікавая гісторыя, - прамовіў Васілёк, які ўважліва слухаў дзедаў аповед. – Дзядуля, а той будынак пажарных, што непадалёк ад нашага дома ў горадзе, такі ж, як і з тваёй гісторыі?

  • Амаль такі. Толькі там намнога больш сучаснага абсталявання для выратвання людзей, шмат спецыяльнай тэхнікі, камп’ютары…

  • А людзі? Яны такія ж смелыя, адважныя, моцныя, як і тыя, якія загінулі, калі выратоўвалі бабулю, дзяўчынку і блізнятак?

  • Канечне, Васілёк. Другіх на гэтую службу не бяруць.

  • Калі я вырасту, то абавязкова стану выратавальнікам-пажарным, - упэўнена сказаў Васілёк.

  • Добра, але гэта не так проста. Трэба быць моцным не толькі фізічна. Трэба яшчэ мець душэўную моц.

  • А як гэта? – спытаўся Васілёк.

  • Аб гэтым мы з табой пагутарым наступным разам. А цяпер пайшлі снедаць, бабуля ўжо ўсё падрыхтавала і чакае нас.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка