Пухавіцкі краязнаўчы музей




Дата канвертавання23.03.2016
Памер20.27 Kb.
Пухавіцкі краязнаўчы музей, заснаваны ў 1964 г., адкрыты ў 1968 г. як школьны ў в. Дукора, з 1969 г. народны, з 1974 г. мае сучасную назву. Арганізатарам і першым дырэктарам быў В.Н. Свістун. 3 1993 г. размешчаны ў в. Блонь у сядзібным доме рэвалюцыянера-народніка А.В. Бонч-Асмалоўскага. Плошча экспазіцыі 297 кв. м, 6,5 тыс. адзінак асноўнага фонду. Мае аддзелы: Жыццё і дзейнасць асветнікаў Бонч-Асмалоўскіх; Населеныя пункты раёна. Сярод экспанатаў – археалагічныя і нумізматычныя калекцыі з раскопак гарадзішчаў, матэрыялы пра землякоў – удзельнікаў грамадзянскай вайны 1918 – 1920 гг. У экспазіцыі музея інтэр’ер сялянскай хаты, прылады ручной апрацоўкі лёну і вырабы з яго XIX – пачатку XX ст., калекцыі карцін Г.В. Бржазоўскага, прылады працы і хатняга ўжытку, вырабы ткацтва, саломапляцення, разьбы па дрэве, вышыванкі.

Экспазіцыя, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне, мае 334 экспанаты, у тым ліку 185 асноўнага фонду, займае плошчу 32 м2. Прадстаўлены матэрыялы: пра пачатковы перыяд вайны — фотаздымак ўдзельніка абароны Брэсцкай крэпасці земляка К.І. Холада, зброя, асабістыя рэчы савецкіх воінаў, знойдзеныя на месцах баёў каля в. Старынка і Падказелле; пра ўзнікненне і разгортванне падполля і партызанскага руху ў раёне – лістоўкі «Да працоўных Беларусі» і «Красная Армия идет к нам», падпольная газета «Бальшавіцкі сцяг» і клішэ аднаго з нумароў, фатаграфіі сакратароў рудзенскіх падпольных РК КП(б)Б Ф.В. Глебава, І.П. Ціхончыка, РК ЛКСМБ А.Р. Тарасава, Пухавіцкага РК ЛКСМБ П.М. Асадчыка, кіраўнікоў і членаў партыйнай дыверсійнай групы в. Дукорка, кіраўніка падпольна-камсамольскай арганізацыі г. Мар’іна Горка В.І. Варывончыка і інш. Экспануюцца пячатка і распіска ў атрыманні прадуктаў ад насельніцтва партызанскім атрадам імя Калініна, фатаграфіі, асабістыя рэчы, дакументы, узнагароды партызан, у тым ліку Героя Савецкага Саюза М.П. Пакроўскага, камандзіра атрада «Камсамол» П.С. Вараб’ёва і яго кніга "Імя камсамола», начальніка штаба атрада «Перамога» С.Л. Кардаша, партызана 208-га асобнага палка імя Сталіна У.П. Лявіцкага, фатаграфія і зборнік партызанскіх песень А. Пятровіча і інш.

Пра злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў у раёне расказваюць фатаграфіі ахвяр фашызму, асабістыя рэчы і прылады працы вязняў лагераў смерці, матэрыялы пра спаленыя разам з жыхарамі вёскі, пра Скобраўскі лагер смерці і інш.

Расказваецца аб вызваленні Пухавіцкага раёна войскамі 3-яй і 48-ай армій 1-га Беларускага фронту, пра васьмярых Герояў Савецкага Саюза, якія вызначыліся каля в. Вузляны ў час ліквідацыі мінскага «катла», экспануюцца фатаграфіі, асабістыя рэчы, зброя лётчыка М.Ф. Ермакова, які загінуў каля в. Пухавічы, і інш. Асобны стэнд прысвечаны землякам – удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку шасці Героям Савецкага Саюза. У экспазіцыі карціны В. Свістуна «Каля першай зямлянкі» і Г. Бржазоўскага «Каля рацыі».



Пухавіцкі раённы краязнаўчы музей мае мастацкую галерэю ў г. Мар’іна Горка, дзе экспануецца каля 150 карцін беларускіх мастакоў. Ёсць філіялы музея ў сярэдняй школе № 3 г. Мар’іна Горка, у вёсках Блужа і Гарэлец.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка