«пуцяводная зорка беларусаў»




Дата канвертавання28.04.2016
Памер42.13 Kb.
«ПУЦЯВОДНАЯ ЗОРКА БЕЛАРУСАЎ»

вобраз Еўфрасінні Полацкай у творах мастацтва і літаратуры

(матэрыялы ў дапамогу правядзення інтэгрыраванага ўрока, інфармацыйна- пазнавальнай гадзіны)
Еўфрасіння Полацкая (у мipy - Прадыслава) - знакамітая асветніца, педагог, адна з першых жанчын-палітыкаў, якая стаіць у ліку самых слынных беларускіх постацяў. Яе жыццё – узор шчырай, ахвярнай любові да Айчыны, да чалавека.

Многія творы беларускіх мастакоў і пісьменнікаў прысвечаны вялікай суайчынніцы.



Скульптурные вобразы

Сведкамі гістарычнай самасвядомасці народа, яго павагі да мінулага з’яўляюцца помнікі. Асобы і падзеі, увекавечаныя ў каменні і метале, не толькі напамінаюць пра сябе, але і нагадваюць аб тых момантах, якія сучасны чалавек лічыць значнымі ў гісторыі і культуры сваёй Айчыны.

На радзіме прападобнай Еўфрасінні, у славутым горадзе Полацку, стаіць помнік, які выканаў мінскі скульптар, член Саюза мастакоў Уладзімір Голубеў. Бронзавая скульптура маладой ігуменні, якая быццам бы сышла са старажытнай фрэскі, на поўны рост узвышаецца ў цэнры горада.

У сталіцы нашай краіны памяць Еўфрасінні Полацкай "менскай" ушанавана ў надзвычай цікавай скульптурнай кампазіцыі вядомага беларускага майстра Анатоля Арцімовіча. Мастак у адзіным вобразе аб’яднаў Еўфрасінню – святую і Еўфрасінню - зямную. На тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта стаіць помнік беларускай кніжніцы, асветніцы, аўтарам якога з’яўляецца скульптар Ігар Голубеў. Ён ажыццявіў ідэю гісторыка Юрыя Іваноўскага стварыць менавіта такі вобраз.

Славутую палачанку ўвасобілі ў сваіх творах з гіпсу, металу і мармуру скульптары Т.Ясюк, Г.Гаравая, А.Шатэрнік, А. Батвінёнак.

Асобны від скульптуры малых форм - манеты. Гэты від мастацтва ўзнік у Старажытнай Грэцыі. Іх чаканілі з мэтай увекавечвання якой-небудзь падзеі ці асобы. Складанасць гэтай працы відавочна, бо мастаку трэба дасягнуць сюжэтнага адзінства з абодвух бакоў манеты: аверсу, на якім знаходзіцца галоўны сюжэт, і рэверсу – месца размяшчэння надпісаў, сімвалаў ці іншых знакаў. У гонар Еўфрасінні Полацкай былі зроблены тры манеты. Першая была зроблена да 900-годдзя Прападобнай. Другая манета - “Крыж Еўфрасінні Полацкай”- вельмі незвычайная, яе вага складае адзін кілаграм. Чаканілі манету ў Маскве, а залаты крыж на рэверсе рабілі ўручную майстры-ювеліры. Трэцяя манета, з серабра і золата, з’явілася ў серыі “ Праваслаўныя святыя”.

Своеасаблівымі мініяцюрнымі помнікамі з’яўляюцца медалі і ордэны. Як і манеты, іх таксама чаканяць. Вобраз Еўфрасінні Полацкай увасоблены ва ўзнагародных знаках Беларускага Экзархата.

Еўфрасіння Полацкая ў творах жывапісцаў

Асобным відам жывапісу з’яўляецца іканапіс. Стварэнне першых ікон, як сведчаць паданні, належыць адныму з вучняў Ісуса Хрыста, апосталу і евангелісту Луку. Дарэчы, ёсць здагадка, што цудатворны абраз Маці Божай Мінскай, што знаходзіцца ў Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы, належыць пэндзалю гэтага вялікага мастака. Рускі іканапіс узнік з моманту Хрышчэня Русі ў Х стагоддзі. Лікі святых, падзеі кніг Свяшчэннага пісання і царкоўнай гісторыі знайшлі адлюстраванне ў творах мастакоў царкоўнага жывапісу.

Адным з першых сучасных іконаграфічных твораў з’яўляецца абраз святой, які выканаў іканапісец П.А.Жараў. Зараз гэты абраз знаходзіцца ў Полацкім Еўфрасіннеўскім манастыры.

У традыцыях старажытнарускага іканапісу выкананы работы П.Э.Грамыкі "Абраз прападобнай Еўфрасінні, ігуменні Полацкай" і А.Панаётава “Еўфрасіння Полацкая”.

Вобраз беларускай асветніцы распрацоўваўся як ў царкоўным мастацтве, так і

ў творах сучасных жывапісцаў: карцінах С. Лагуновіча-Чарапко і



А.Ліпскага,

партрэтах А.Марачкіна і П. Свентахоўскага.



Творы мастацтва графікі

Беларускі графік Арлен Кашкурэвіч стварыў шэраг малюнкаў, прысвечаных

жыццю святой: развітанне з бацькам, сустрэча з сястрой , яе асветніцкі і духоўны

шлях.


В.Васюк і Л.Гоманаў - з’яўляюцца аўтарамі плакатаў з вобразам Еўфрасінні, а

мастак Я.Кулік намаляваў трыпціх з фігурамі Прападобнай і яе паплечнікаў –

зодчага Іаанна і ювеліра Лазара Богшы.

Адным з відаў графічнага мастацтва з’яўляецца стварэнне ўзнагародных лістоў.

У гонар Еўфрасінні Полацкай распрацавана некалькі відаў ганаровых грамат.

Дэкаратыўнае мастацтва

Са старажынага часу народныя майстры збераглі розныя тэхнікі выканання вырабаў дэкаратыўнага мастацтва: стварэнне выцінанкі (выразанне з паперы) і габеленаў, вышыўка бісерам і каменнем. Вобраз славутай палачанкі знайшоў адлюстраванне і ў гэтым накірунку выяўленчага мастацтва.

Прыкладам высокага ўзроўню ювелірнага майстэрства лічыцца славуты Крыж Еўфрасінні Полацкай. Страчаную святыню, якую калісьці па загаду Прападобнай зрабіў ювелір Лазар Богша, аднавіў сучасны майстар Мікалай Кузьміч.

Літаратура

Незвычайны лёс Еўфрасiннi Полацкай знайшоў адлюстраванне ў творчасці гiсторыкаў і лiтаратараў. Вобраз асветнiцы паўстае са старонак кніг Таiсы Бондар "Спакуса", Алеся Асiпенкi "Святыя грэшнiкi", Валянціны Коўтун “Пакліканыя” і Вольгі Іпатавай "Прадыслава".



Алег Лойка ў рамане-эсэ "Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае" вылучае на першы план не жыццёвы шлях полацкай князёўны, а значнасць асобы асветніцы для выхавання наступных пакаленняў.

Багаты звесткамі па гісторыі Беларусі нарыс "Не пакіну вас..." Ганны Запартыкі. Непасрэднымі жывымі ўражаннямі напоўнены нататкі "Беларусь — зямля святая" Валянціны Шымановіч і "Паломніцтва ў Полацак - гэта шлях да вытокаў, шлях да саміх сябе" Івана Ждановіча.



Памяць вялікай асветніцы жыве ў назвах вуліц беларускіх гарадоў.

Асоба Еўфрасінні Полацкай ушаноўваецца беларусамі і за мяжой, дзе ў яе гонар пабудаваны храмы і напісаны абразы.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка