Прывітанне, Лён!




Дата канвертавання30.03.2016
Памер20.67 Kb.
Прывітанне, Лён!
Гэты ліст табе адрасуе дзяўчынка з далёкай краіны, што называецца Беларусь. Мяне завуць Славяна. Я жыву ў адным з цудоўнейшых гарадоў Слоніме. Ён стаіць у маляўнічым кутку Беларусі, у вярхоўі Немана, на рацэ Шчара. У 2002 годзе мой горад адзначыў свой 750-гадовы юбілей. Сёння Слонім – адзін з найбольш развітых прамысловых гарадоў Гродзенскай вобласці.

Я – беларусачка, што нарадзілася ў нямецкім горадзе Дрэздэне, але жыву ў Рэспубліцы Беларусь. Тата з мамай у гонар продкаў далі мне прыгожае і старажытнае імя Славяна. Кажуць, што гэта былі добрыя і гасцінныя людзі з русымі валасамі і блакітнымі вачыма. З даўніх часоў беларусы носяць белую льняную вопратку, ткуць ільняныя ручнікі.

Цябе, Лён, яны вельмі паважалі і заўсёды вырошчвалі на сваіх палях. Яны ласкава называлі цябе Лянок. На Беларусі цябе любяць і паважаюць і сёння, у эпоху камп’ютэраў.Ты, Лянок, вельмі падобны да нас, беларусаў: мы, як і ты, любім ласкавае сонейка і цёплы дожджык, свае лясы і палі, радуемся жыццю. Мы цярплівыя і спагадлівыя людзі, што жывуць і працуюць на карысць свайму народу і Радзіме.

Я прачытала многа казак Ганса Хрысціяна Андэрсэна, але казка “Лён” мне найбольш спадабалася сваёй мудрасцю. Прачытаўшы яе, я зразумела, чым былі маленькія нябачныя стварэнні, якія засталіся пасля таго, як спалілі паперу, зробленую з цябе.Гэта – часцінкі людской памяці. Я думаю, што людзі памятаюць, якія зручныя кашулькі насілі з цябе. Ніхто ніколі не сказаў дрэннага слова пра цябе. Усе ўспаміны аб табе, Лянок, добрыя. светлыя, чыстыя, як і ты сам. А што можа быць даражэй за добрую памяць і ўдзячнасць?!

Мастакі пакідаюць пасля сябе карціны, якімі захапляемся мы і сёння. Многія з іх напісаны на льняных палотнах. Кампазітары і паэты мінуўшчыны запісвалі свае творы на паперы, зробленай з цябе, Лянок. Сёння мы ўдзячны табе за тое, што ты збярог для нас шэдэўры мастацтва, літаратуры, музыкі, навукі.

Цябе памятаюць, паважаюць і любяць ва ўсім свеце, асабліва ў нас, на Беларусі. Ты, Лянок, расцеш на палях маёй Радзімы. Яе дабрабыт залежыць і ад цябе.

Сёння ў многіх краінах свету людзі носяць вопратку з беларускага льну. Яна вельмі прыгожая і якасная. А як прыемна прымаць гасцей за сталом, пакрытым бялюткім льняным абрусам! Табе, пэўна, радасна бачыць лялек, што зроблены з цябе. У сучаснай прамысловасці табе таксама знайшлося прымяненне.

Твае блакітныя вочкі, Лянок, глядзяць на нас з Герба Рэспублікі Беларусь. І мы, беларусы, з удзячнасцю і гонарам устаём, гледзячы на цябе, калі гучыць Гімн нашай працавітай і вольнай Беларусі. З тваёй выявай нашы спартсмены перамагаюць на Алімпійскіх гульнях, дыпламаты і Прэзідэнт вядуць перамовы на міжнародных сустрэчах. Мы цябе, Лянок, любім і паважаем. Кожны маленькі беларус з дзяцінства памятае беларускую народную песеньку:


Эх, сэрца, лянок!

Мая радасць ты, лянок!

Усё й бялюсенькі кужалёк.
Дзякуй табе, Лянок, за тое, што ты быў, ёсць і заўсёды будзеш для майго народа і мяне добрымі ўспамінамі, надзеяй на лепшую будучыню.

Расці і кветней нам на радасць і карысць!




Твая шчырая прыхільніца Славяна.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка