Прыслоўе абазначае прыкмету дзеяння, стану, якасці і зрэдку прадмета




Дата канвертавання18.05.2016
Памер35.77 Kb.
Прыслоўе

Прыслоўе абазначае прыкмету дзеяння, стану, якасці і зрэдку прадмета (хата скраю). Можа быць нематываваным – з пункту гледжання сучаснай мовы немагчыма вызначыць ад якога слова ўтварылася (як, куды, дзе) - і матываваным (дахаты - хата, удвая - двое, бегма - бегчы, добра - добры).

Хоць прыслоўі не скланяюцца і не спрагаюцца, аднак у тым выпадку, калі ўтвораны ад якаснага прыметніка, могуць мець ступені параўнання (добра – лепш, найлепш).

Прыслоўі могуць абазначаць якасць дзеяння і тады адказваюць на пытанне як? Такія прыслоўі ўзніклі ад якасных прыметнікаў і ўтвараюць самую вялікую групу (хутка, холадна, дрэнна, мякка). Якасныя прыслоўі таксама могуць абзначаць і колькасную прыкмету дзеяння (мала, шмат, прыблізна, зусім).

Прыслоўі таксама могуць мець значэнне:


  • часу: калі? як доўга? з якога часу? да якога часу? (рана, позна, ўзімку, давеку);

  • месца: дзе? куды? адкуль? дакуль? (там, уперадзе, кудысьці, побач);

  • прычыны: чаму? па якой прычыне? (нашто, згарача, чамусьці);

  • мэты: для чаго? з яко мэтай? (наперакор, напаказ, знарок).

Прыслоўі, звычайна ўтвораныя ад прыметнікаў і ўскосных склонавых формаў назоўнікаў, часам маюць варыянтны націск: дасу́ха – до́суха, на́спех – наспе́х, на́бак – набо́к. Гэта поўныя варыянты. Аднак часцей за ўсё нарматыўныя слоўнікі беларускай мовы прызнаюць толькі адзін з варыянтаў літаратурнай нормай, а іншыя – гутарковымі або дыялектнымі варыянтамі: дапазна́ (норма) – дапо́зна, паначы́ (норма) – по́начы, холадна (норма) – халодна, халадно.

Правапіс прыслоўяў

Правапіс прыслоўяў канчаткова не ўпарадкаваны ў сувязі з тым, што на яго ўплываюць розныя, часам узаемавыключальныя фактары, напрыклад, прыназоўнікі з некаторымі назоўнікамі, якія ў сучаснай мове не ўжываюцца самастойна, пішуцца асобна: на пабягушках, з панталыку. Або, для прыкладу, прыслоўе зранку пішацца разам, а вось з раніцы – ужо асобна як назоўнік з прыназоўнікам. Тое самае можна сказаць і пра іншыя выпадкі: дашчэнту, дарэшты, але да канца; насмерць, але да смерці, надвор (выйсці надвор), але на дварэ і на двары.



Пішуцца праз злучок:
- прыслоўі з прыстаўкай па-, якія заканчваюцца на –ску, -і, -ы, -аму, -яму, -ому, -ае, -ое (па-беларуску, па-воўчы, па-хуткаму, па-даўняму, па-дурному, па-першае, па-другое)

- прыслоўі з прыстаўкай абы- і постфіксамі –небудзь, -кольвек, -кольвечы, -колечы (абы-дзе, колькі-небудзь, дзе-кольвек, як-кольвечы, куды-колечы)

- складаныя прыслоўі, якія складаюцца з дзвюх аднолькавых або падобных асноваў, а таксама з сінанімічных, а часам і антанімчных асноваў (хутка-хутка, дзе-нідзе, крыж-накрыж, раз-пораз, шыта-крыта, бокам-скокам, больш-менш).

Пішуцца разам:

1. Прыслоўі, утвораныя ад іншых прыслоўяў пры дапамозе прыстаўкі (надалей, задоўга, паабапал, намнога);

2. Прыслоўі, утвораныя ад прыназоўніка і

- склонавай формы поўнага прыметніка (уручную, збольшага, падчыстую, напрапалую);

- склонавай формы лічэбніка (утрая, увасьмёх, удвайне);

- склонавай формы займенніка (навошта, зусім, затым);

- склонавай формы назоўніка, які сёння не ўжываецца як асобнае слова (напавал, наперакор, знянацку, узахлёб);

- склонавай формы назоўніка са значэннем прасторы або часу (угору, ззаду, увечары, пасярэдзіне, углыб). Ад такіх прыслоўяў трэба адрозніваць канструкцыю “прыназоўнік + назоўнік”, калі да назоўніка можа адносіцца залежнае слова: Рыба нырнула ў глыб возера.

- склонавай формы назоўніка, да якога нельга паставіць склонавае пытанне (уволю, насмех, наяве, дарэшты);

3. Складаныя прыслоўі з першай часткай што- (штодзень, штосекундна, штомесячна).



Заданне

Перакладзіце:

Один на один – сам-насам

Наперегонки – навыперадкі

Умышленно – назнарок, наўмысна

Впятерых – упяцёх

Еженедельно – штотыднёва, штотыдзень

Давным-давно – здавён-даўна, даўным-даўно

Время от времени – калі-нікалі, зрэдчас, часам, раз-пораз

На цыпочках – на дыбачках

Исподлобья – спадылба

Снаружи, извне – звонку, знадворку

Вдаль – удалеч, удалячынь

В розницу – ураздроб

Прямиком, напрямик – напрасткі, нацянькі

Исподволь, полегоньку, постепенно – спакваля

Сплошь – спрэс

Тайком, украдкой – употай, употайкі

Откуда-то – аднекуль, знекуль

Чуть-чуть – ледзь-ледзь, ледзьве

По-моему – па-мойму

Вдвоём – удвух, удзвюх

На ощупь – навобмацак

Внезапно, врасплох – знянацку

Совершенно, дотла, дочиста – дашчэнту, дазвання, зусім

Бесплатно, даром – задарма

Еженощно, каждую ночь – штоноч, штоночы

Исподнизу – спады́спаду, спадсподу

Поодаль – наводдаль

Попросто, запросто – папросту

Слишком, чрезмерно – задужа, занадта

Кое-когда – калі-нікалі

Беспрестанно, непрестанно – бесперастанку



Што азначаюць гэтыя прыслоўі?

Напавер – (пазычыць) у доўг

Аніга́дкі – без клопату

Га́музам – агулам, гуртам, усё разам

Кулём – стрымгалоў, з усіх ног

Нагбом – піць з вялікай пасудзіны, нахіліўшы яе



На́зіркам – не губляючы з віду, не спускаючы вачэй

Наводліў – наводмаш


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка