Прынцыпы сучаснага асваення аўтэнтычнага фальклору




Дата канвертавання29.03.2016
Памер96.22 Kb.
Сівурава Л.П., дацэнт кафедры менеджменту сацыяльна-культурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў
ПРЫНЦЫПЫ СУЧАСНАГА АСВАЕННЯ

АЎТЭНТЫЧНАГА ФАЛЬКЛОРУ
У сучаснай сацыякультурнай практыцы назіраецца актыўная дзейнасць па асваенні аўтэнтычнага фальклору. Тэрмін “аўтэнтычнасць” існуе для абазначэння першасных, традыцыйных, рэгіянальна-спецыфічных відаў культуры. Фальклор аўтэнтычны – гэта фальклор сапраўдны ў сваёй сутнасці і натуральным бытаванні, характэрны для канкрэтнай мясцовасці. Ён захоўвае ўсе свае спецыфічныя рэгіянальныя рысы, якія вызначаюцца рэгіянальнай традыцыяй; характарызуецца ўстойлівым жанравым складам, рэпертуарам, стылем, манерай выканання і г.д. Адарваны ад свайго асяроддзя, перанесены на сцэну або на іншую этнічную глебу, апрацаваны, ён губляе свае спецыфічныя якасці [1, с. 379].

Аўтэнтычны фальклор – гэта першакрыніца, асобная спецыфічная галіна духоўнай культуры, якая аб’ядноўвае ўсе віды творчай дзейнасці – славесную, музычную, народныя абрады, танец, народны тэатр, прыкладное мастацтва ў іх спрадвечным, адэкватным генетычным вытокам выглядзе. Ён функцыянуе ў натуральным асяроддзі, існуе як вусная традыцыя і праяўляе сябе як калектыўная свядомасць, псіхалагічна арыентаваная на непасрэдныя, нефармальныя зносіны. Прадстаўнікі аўтэнтычнай фальклорнай традыцыі – гэта, як правіла, мастакі-самародкі, спевакі, музыканты, танцоры, рамеснікі, а таксама сельскія фальклорныя калектывы, сямейныя ансамблі, якія адпавядаюць прыведзеным якасным характарыстыкам. Іх творчасць праяўляецца спантанна, без афіцыйнага старонняга ўмяшання [1, с. 9]. Калектыўны характар мастацкай творчасці фальклорных калектываў аўтэнтычнага тыпу і вусны спосаб перадачы твораў народнага мастацтва вядзе да адсутнасці (незафіксаванасці) аўтарства. Законамі натуральнага бытавання традыцыйнага мастацтва з’яўляюцца самаарганізацыя, самарэгуляцыя і самакіраванне.

Засваенне традыцыйных форм фальклору адбываецца ў дзейнасці аўтэнтычных і набліжаных да аўтэнтыкі калектываў. Калектывы аўтэнтычнага тыпу прадстаўлены носьбітамі пэўных рэгіянальных традыцый. Носьбітамі фальклору з’яўляюцца асобы, якія генетычна звязаны з натуральным фальклорным асяроддзем пэўнай мясцовасці, атрымалі фальклорныя веды, творчыя ўменні ад сваіх папярэднікаў вусным шляхам і такім жа шляхам перадаюць іх наступным пакаленням [2, с. 18]. У рэпертуары калектываў аўтэнтычнага тыпу захоўваецца пэўная лакальна-рэгіянальная традыцыя. Для іх характэрная дыялектная форма выканальніцтва. Гэтыя калектывы генетычна звязаныя з народным бытавым музіцыраваннем, іх склад фарміруецца ў вясковым асяроддзі [3]. Функцыянаванне калектываў аўтэнтычнага тыпу адбываецца адначасова як у натуральных умовах бытавання, так і ў межах сцэнічнага выканальніцтва (фестывалі, конкурсы, этнаграфічныя канцэрты і г.д.).

У пачатку 1990-х гг. атрымаў развіццё набліжаны да аўтэнтыкі тып засваення фальклору. У аб’яднаннях пазначанага тыпу навучанне вядзецца вусным шляхам, наладжваюцца непасрэдныя стасункі з носьбітамі традыцыі, выкарыстоўваюцца фальклорныя першакрыніцы, вядзецца комплекснае вывучэнне гісторыі і культуры краю, адбываецца засваенне мікрарэгіянальных асаблівасцей музычнай, спеўнай, харэаграфічнай спадчыны, мастацкія ўзоры ўключаюцца ў побытавую практыку [3].

Аўтэнтычны фальклор з’яўляецца культурай вуснага тыпу са спецыфічнымі формамі бытавання і пераемнасці. Асноўным прынцыпам яго натуральнага бытавання з’яўляецца вуснае перайманне. Засваенне ведаў і ўменняў у межах традыцыі ажыццяўлялася шляхам назірання, капіравання, сумеснай дзейнасці майстра і вучня. Міжпакаленная трансмісія праз вусны спосаб навучання ў этнапедагогіцы носіць назву дэманстрацыйнай антрапатэхнікі.

Прыярытэтам у навучальным працэсе павінна служыць забеспячэнне вуснага спосабу навучання. Пры свядомым падыходзе да пастаўленых задач стварэнне ўмоў для вуснага засваення ўзораў традыцыйнага мастацтва не ўяўляе цяжкасцей. Пры наяўнасці ў населеным пункце носьбітаў традыцый ― спевакоў, танцораў, музыкантаў, майстроў па вырабе твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ― менавіта ім належыць выконваць ролю транслятараў. Камунікацыя паміж майстрамі і вучнямі паслужыць добрым прыкладам засваення танцавальнай лексікі. Музыкант навучыць правільнай паставе рук пры ігры на музычным інструменце, адрэгулюе рытмічную і музычную пабудову музычных твораў. Пры навучанні спеўнаму мастацтву немалаважным з’яўляецца назіранне за работай галасавога апарату, артыкуляцыйнай тэхнікі, капіраванне тэмброўкі голасу, рэгіянальна адметных спосабаў гуказдабывання.

Калі немагчыма арганізаваць індывідуальную работу “майстроў” з вучнямі, патрэбна карыстацца якаснымі аўдыё- і відэаматэрыяламі, запісанымі ад яркіх самабытных носьбітаў традыцый: спеўных калектываў і асобных выканаўцаў. Фона-, відэаархіў можа быць створаны кіраўніком самастойна, шляхам правядзення ім экспедыцыйнай работы. Бясспрэчная карысць дадзенага падыходу заключаецца ў тым, што даследчык паглыбляе асабістыя веды песенных, танцавальных традыцый мікрарэгіёна і мае шанс адкрыць новыя, дасюль не даследаваныя старонкі фальклорнай спадчыны, назапасіць не вядомыя шырокаму колу аматараў творы.

Багатай крыніцай для засваення твораў народнага мастацтва могуць служыць матэрыялы, якія захоўваюцца ў раённых арганізацыйна-метадычных цэнтрах, фондах раённых музеяў, бібліятэк, архівах мясцовага і рэспубіканскага радыё, навукова-даследчых і вучэбных устаноў: Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі ім. Кандрата Крапівы, Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры, вышэйшых педагагічных навучальных устаноў рэспублікі, прыватных архівах беларускіх этнамузыколагаў, этнографаў, удзельнікаў мастацкіх калектываў аналагічнага профілю.



Прынцып прасторава-часавай лакалізацыі прадугледжвае наяўнасць пэўных лакальных зон правядзення абрадава-рытуальных дзеянняў, іх сталую прывязку да канкрэтнага месца ў прасторы (локуса) і часе ― пары сутак, дня тыдня, месяца, пары года. Напрыклад, абрад гукання вясны, які суправаджаецца спяваннем загукальных песень, ваджэннем карагодаў вакол вогнішча, гушканнем на арэлях, абрадавым частаваннем, танцамі і гульнямі адпаведнай пары году, праводзіцца на высокім месцы (узгорку) і пачынаецца ў поўдзень. Сігналам для абыходу двароў калядоўшчыкамі становіцца ўзыход першай вячэрняй зоркі. Дзявочы траецкі абрад кумлення павінен увасабляцца на ўскрайку бярозавага гаю альбо ў паркавай зоне. Сямейныя абрады не павінны пакідаць утульных сцен вясковай хаты.

У беларускай народнай традыцыі важнае месца ў натуральным бытаванні фальклору з’яўляўся прынцып каляндарнасці, які стасуецца з прынцыпам прасторава-часавай лакалізацыі. Уся культуратворчая дзейнасць соцыуму арганічна ўпісвалася ў прыродна-біялагічныя цыклы. Яе мэтай быў уплыў на прыроду, сацыяльнае асяроддзе, усталяванне гарманічных стасункаў з багамі і продкамі. Мэтазгодна захаваць гэты прынцып увасаблення твораў народнага мастацтва ў дзейнасці фальклорных калектываў.

Каляндарны прынцып выражаецца ў падборы рэпертуару. У залежнасці ад каляндарнага цыкла трэба напаўняць яго абрадава прымеркаванымі творамі. Так, з моманту выпадзення першага снегу неабходна пачынаць вывучэнне калядных песень, гульняў, мясцовых звычаяў адзначэння гэтага свята. У змест рэпетыцыйных заняткаў цікава будзе ўключыць выраб саламянага павука, маскі казы, аздабленне касцюмаў іншых персанажаў калядных святкаванняў. Напрыклад, падчас падрыхтоўкі і правядзення каляднай вечарыны “Ідуць, ідуць калядкі, вязуць бліны, аладкі” зручна наладзіць працэс пераемнасці, запрасіўшы ў калядную гасцёўню старажылаў, якія распавядуць пра старадаўнія звычаі калядных святкаванняў. Яны ўзгадаюць песні, якія спяваліся гаспадару, гаспадыні, дарослым сыну і дачцы, малым дзеткам, “як зорачкам”, падзеляцца сакрэтамі прыгатавання абрадавых страў. Паводле вывучанай традыцыі належыць скласці сцэнарый, размеркаваць ролі і правесці свята ў натуральным асяроддзі. Незабыўнымі ўражаннямі напоўніць духоўны свет дзяцей іх непасрэдны ўдзел у абрадавых хаджэннях пад вокны сяброў, знаёмых, сваякоў, настаўнікаў, якім папярэдне будзе паведамлена пра візіт калядоўшчыкаў, альбо ў малодшыя класы сваёй школы. Заслужанай падзякай за добрыя зычэнні, цудоўныя песні і гульнявое прадстаўленне з казою стануць салодкія пачастункі.

Аналагічным чынам належыць арганізоўваць вывучэнне веснавых, летніх, восеньскіх звычаяў, абрадаў і адпаведнага порам года музычнага, песеннага, танцавальнага фальклору. Адначасова з канцэртнымі формамі неабходна практыкаваць спосабы ўвядзення традыцыйнага народнага мастацтва ў побытавыя рэаліі сучаснага жыцця.



Прынцып сінкрэтызму. Сінкрэтызм ― нерасчлянёнасць элементаў слова, музыкі, танца, пантамімы ў традыцыйных відах фальклору (абрадавыя дзеянні, карагоды, спеўныя і спеўна-размоўныя формы, якія суправаджаюцца ігрой на музычных інструментах, традыцыйная лірыка, раннія формы фальклорнага тэатра) [1, с. 308]. У дзейнасці асобных выканаўцаў і фальклорных калектываў аўтэнтычнага тыпу ў непарыўным адзінстве, спалучэнні і ўзаемадапаўненні знаходзяцца вуснае слова, мелодыя, рух і іншыя сродкі выразнасці. Належыць вывучаць і ўзнаўляць аўтэнтычны фальклор у непадзельнасці і неасчлянёнасці розных складовых элементаў, формы, зместу, дзеяння, прасторава-часавых характарыстык і інш.

Фальклор аўтэнтычнага тыпу мае ярка выражаныя рэгіянальныя дыялектныя асаблівасці і спецыфічныя формы існавання. Аметнае спеўнае, музычнае, танцавальнае, інструментальнае, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, народны строй, яго каларыстыка, арнаментыка і г.д. уласціва кожнаму гісторыка-этнаграфічнаму рэгіёну Беларусі. У дзейнасці сучасных калектываў, якія за аснову сваёй творчасці абралі аўтэнтычны фальклор, павінен увасабляцца прынцып рэгіянальнасці. Пажадана ўзнаўляць узоры народнага мастацтва пры захаванні дыялектных асаблівасцяў маўлення, гуказдабывання, рытму, тэмбравых, лексічных асаблівасцяў і інш.

Кіраўнікі фальклорных калектываў мусяць пастаянна паглыбляць свае веды, вывучаць рэгіянальную эстэтыку праз стасункі з носьбітамі народных традыцый, выкарыстоўваць фонды мясцовых этнаграфічных музеяў, звяртацца да бібліяграфічных крыніц ― рэпертуарных зборнікаў па рэгіянальнаму фальклору, альбомаў на народных строях, матэрыялаў навукова-практычных канферэнцый, налажваць супрацоўніцтва з мясцовымі краязнаўцамі і ўстановамі адпаведнага профілю ― дамамі і цэнтрамі рамёстваў і фальклору, весці кансультацыйную работу са спецыялістамі ў адпаведных галінах.

Адзін з галоўных у традыцыйнай народнай культуры ― прынцып пола-ўзроставай дыферэнцыяцыі. Кожнай асобе ўласцівыя статусныя сацыяльныя характарыстыкі, якія рэгламентуюць мадэль паводзін на побытавым і сакральна-рытуальным узроўнях. Абрадава-рытуальная практыка вызначае пола-ўзроставы склад удзельнікаў і іх ролі. У вясельнай абраднасці паміж удзельнікамі абраду строга размеркаваны чыны і іх дзеянні (акцыянальны код). Так, радзінныя звычаі прадугледжваюць удзел жанчын з адпаведным сацыяльным статусам (замужніх, якія маюць дзяцей). Купальскі абрад прызначаны для дашлюбнай моладзі, шчадраванне ― для дзяцей малодшага і сярэдняга ўзросту. Заканамерна ўлічваць традыцыйны склад удзельнікаў абрадавых элементах і адпаведным чынам размяркоўваць ролі.



Прынцып уліку ўзроставых асаблівасцяў выканаўцаў. Народная педагогіка грунтуецца на адпаведнасці відаў заняткаў узроставым асаблівасцям дзяцей. Для прыкладу, малодшыя школьнікі ў стане выконваць простыя рытмічна пабудаваныя музычныя творы з выкарыстаннем шумавых інструментаў, нескладаныя па малюнку і наборы рухаў побытавыя танцы, аднагалосыя спевы каляндарна-абрадавага рэпертуару, ім падабаецца лепка, выцінанка, выраб адзення для лялек. Для арганізацыі рухавай актыўнасці школьнікаў малодшага ўзросту падыходзяць гульні, якіх шмат назапашана ў скарбонцы побытавага пласта народнай культуры. Прыродзе малога дзіцяці адпавядае драматызаваная пабудова казачных сюжэтаў, у працэсе інсцэніроўкі якіх праяўляюцца творчыя здольнасці юнай асобы, яе ўнутраныя патрэбы ў пераўвасабленні. Уласцівыя зімовым (калядным) святкаванням элементы тэатралізацыі ― карнавалізацыя, маскіраванне ― дапамогуць узбагаціць і разнастаіць працэс мастацкага навучання.

Па меры сталення, фізічнага і разумовага развіцця дзеці здольныя засвойваць больш складаныя па форме і змесце ўзоры народнага мастацтва. Сямейна-бытавая лірыка стане зразумелай дзецям толькі па дасягненні паўналецця. У працэсе паступовага развіцця музычнага слыху, а таксама галасавых дадзеных яны здольныя да выканання шматгалосых спеваў з падводкай. Пераступіўшы парог падлеткавага ўзросту дзяўчынкі ў стане займацца вырабам і аздабленнем адзення, што звязана з фізіялагічнай асаблівасцю дадзенага ўзросту ― дастатковым развіццём мелкай маторыкі рук.



Знакава-семантычны прынцып. Кожны элемент традыцыйнага народнага мастацтва (атрыбут, слова, мелодыя, рух, дзеянне, выява, арнамент, колер, абрадавая страва і інш.) носіць знакавы характар, ім уласціва пэўная семантыка. Важна ведаць гэтыя семантычныя значэнні і ў творчым пераўвасабленні першакрыніц не выходзіць за межы зададзенага семантычнага поля.

Прынцып імправізацыйнасці. Выступленні фальклорных калектываў аўтэнтычнага тыпу маюць імправізацыйную аснову. Імправізацыйнасць ― неад’емная частка творчага самавыражэння носьбітаў аўтэнтычнага фальклору і іх спадкаемцаў. Прастора індывідуальнай творчасці прадвызначаецца мясцовай традыцыяй.

Такім чынам, традыцыйная народная культура ― культура вуснага тыпу, якая мае неад’емныя, спецыфічныя, уласцівыя толькі ёй прынцыпы жыццядзейнасці (калектыўнасць, вуснасць, рэгіянальная адментасць, інварыянтнасць, міфалагізм вобразаў і сюжэтаў, іх знакава-семантычны характар, прасторава-часавая лакалізацыя, пола-ўзроставая дыферэнцыяцыя, імправізацыйнасць, міжасобасная камунікацыя паміж носьбітамі, майстрамі і вучнямі ў працэсе мастацкай творчасці, абумоўленасць прыродна-біялагічнымі рытмамі і гаспадарчымі патрэбамі і інш.). Працэс асваення народнага мастацтва немагчымы без вывучэння своеасаблівасцяў і заканамернасцяў функцыянавання гэтага пласта культуры. Для слушнага асваення і далейшай трансляцыі неабходна наладжваць вусныя спосабы пераемнасці. Пісьмовы (безкантактны) шлях навучання непазбежна вядзе да парушэння законаў натуральнага існавання традыцыйнай культуры, уніфікацыі і спрашчэння яе ўзораў, эмацыянальнага выхалашчвання, фармалізацыі і ншых негатыўных з’яў.





  1. Восточно-славянский фольклор: Слов. науч. и нар. терминологии / Редкол.: К.П. Кабашников (отв. ред.) и др. ― Мінск: Навука і тэхніка, 1993. ― 478 с.

  2. Палажэнне аб аўтэнтычным фальклорным гурце ў Рэспубліцы Беларусь //Нарматыўна-прававыя дакументы па праблемах арганізацыі аматарскай творчасці /Укл. Т.І. Стружэцкі. ― Мінск: БелІПК, 1999. ― С.18–23.

  3. Сівурава, Л.П. Фальклорныя калектывы /Л.П. Сівурава //Беларускі фальклор: Энцыклапедыя. У 2 т. Т.2: Лабараторыя традыцыйнага мастацтва ― “Яшчур” /Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. ― Мінск: БелЭн, 2006. ― С. 667−668.




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка