Прыгодзіч М., Бду, Беларусь з гісторыі вывучэння аказіянальнай лексікі беларускай мовы




Дата канвертавання18.05.2016
Памер54.89 Kb.
Прыгодзіч М., БДУ, Беларусь

З гісторыі вывучэння аказіянальнай лексікі беларускай мовы


Станаўленне і развіццё лексікі сучаснай беларускай літаратурнай мовы нельга ўявіць без няспыннага ўзаемадзеяння і ўзаемапранікнення новага і старога, суіснавання узуальнага і аказіянальнага, іх цеснай узаемаабумоўленасці. Прагрэс у грамадскім жыцці, імклівае развіццё навукі, тэхнікі, культуры вымагаюць з’яўлення новых слоў, новых узораў лексічнай і словаўтваральнай спалучальнасці. Лексічныя і словаўтваральныя інавацыі не адразу становяцця набыткам літаратурнай мовы, многія з іх паступова ўводзяцца ў агульнанародны ўжытак, пры гэтым часта выкарыстоўваюцца ў розных графіка-арфаграфічных і граматычных формах, суіснуюць у мове розных тэкставых напаўненняў. Падобнае становішча ў галіне лексікі на працягу ўсёй гісторыі развіцця сучаснай беларускай літаратурнай мовы было прадметам асаблівай увагі лінгвістаў розных пакаленняў. Значныя заслугі ў гэтым напрамку навуковай дзейнасці належаць прафесару Аркадзю Іосіфавічу Наркевічу, клопатамі якога ўпершыню ў беларускім мовазнаўстве сталі чытацца спецыяльныя курсы для будучых журналістаў «Слова ў кантэксце часу», «Літаратурная мова і мова прэсы», «Мова сродкаў масавай інфармацыі і сучаснасць». Па прапанове вучонага і пад яго кіраўніцтвам у 1982 годзе распачаўся выпуск штогодніка «Культура мовы журналіста», у розных перыядычных выданнях Беларусі з’явіліся пастаянныя рубрыкі тыпу «Школа мовазнаўцы» (Настаўніцкая газета), «З жыцця роднага слова» (Звязда) і інш. А. І. Наркевіч і сам актыўна выступаў у друку з самымі разнастайнымі матэрыяламі па культуры літаратурнай мовы і вуснага маўлення. Ужо самі назвы артыкулаў, нататак і разваг сведчаць пра сур’ёзную заклапочанасць вучонага далейшым лёсам беларускага слова: «Граматычная норма і варыянтнасць», «Словаспалучальныя новаўтварэнні ў мове прэсы», «Сезона ці сезону?», «Улетку нагою коп, зімою губою хоп», «На двары і на дварэ», «Чым кансенсус лепш за згоду, а спікер – за старшыню?», «Асцярожна: слова». Многія з гэтых і іншых прац Аркадзя Іосіфавіча не страцілі сваёй актуальнасці і навуковай вартасці і да сённяшняга часу.

1. Навуковае асэнсаванне працэсаў утварэння аказіянальных слоў у беларускай мове распачалося толькі ў канцы 50-х – пачатку 60-х гадоў ХХ ст., хоць сама з’ява індывідуальна-аўтарскіх інавацый ярка выявілася яшчэ ў 20-я гады, а ў цэлым аўтарскія неалагізмы ва ўсходнеславянскіх пісьмовых тэкстах выяўляюцца вельмі рана. Першапачаткова аказіянальныя ўтварэнні асобна не выдзяляліся, а ўключаліся ў склад так званай паэтычнай лексікі. Напрыклад, у дапаможніку для студэнтаў філалагічных факультэтаў «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы: Фанетыка. Арфаграфія. Лексікалогія» (Мінск, 1961) аўтар раздзела па лексікалогіі М. Г. Булахаў сярод яўных паэтызмаў тыпу ліра, ветразь, вятрыска, гмах, кайданы, сінявокі, барвовасць і інш. прыводзіць і аўтарскія ўтварэнні ясназорны, агняцветны, срэбнацветны, зорнатонны, шумналісты, срэбраструнны, златаіскры (с. 177)якімі ў перадваенныя дзесяцігоддзі былі напоўнены творы маладой беларускай літаратуры.

2. Вылучэнне ўласна аказіянальнай (індывідуальна-аўтарскай) лексікі ў складзе неалагізмаў у беларускім мовазнаўстве пачынаецца толькі ў 70-я гады ХХ ст, калі гэтае паняцце трывала ўсталёўваецца ў савецкай русістыцы дзякуючы працам А. Земскай, А. Лыкава, У. Лапаціна, В. Грыгор’ева і інш. Менавіта ў гэты час на кафедры беларускай мовы БДУ пад кіраўніцтвам прафесара Л. М. Шакуна аспірантка Г. І. Басава пачынае распрацоўваць тэму «Аказіянальныя словы ў мове сучаснай беларускай мастацкай літаратуры», якая стала асновай яе кандыдацкай дысертацыі (1981). Некалькі пазней, у 1989 годзе кандыдацкую дысертацыю «Словаўтваральныя неалагізмы ў сучаснай беларускай мове (на матэрыяле 60 -- 80-х гадоў ХХ стагоддзя)» абараніў І. П. Казейка. З гэтага часу ў беларускай лінгвістыцы пачалося грунтоўнае вывучэнне індывідуальна-аўтарскіх неалагізмаў. У канцы 80 -- пачатку 90-х гг. у школьных падручніках і дапаможніках па мове для вышэйшых навучальных устаноў у складзе неалагізмаў пачынаюць выдзяляць уласна аказіянальныя ўтварэнні. Колькі слоў прысвячаецца ім і ў калектыўнай манаграфіі «Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы» (1994).

3. У беларусістыцы цэнтральнае месца ў вывучэнні аказіяналізмаў доўгі час займаў словаўтваральны аспект, калі даследчыкі вызначалі прадуктыўныя і непрадуктыўныя спосабы і мадэлі ўтварэння індывідуальна-аўтарскіх неалагізмаў, падзялялі маўленчыя наватворы на патэнцыяльныя і аказіянальныя словы (Г. І. Басава, І. П. Казейка, М. В. Шабовіч і інш.). З улікам словаўтваральнай структуры і семантыкі наватвораў у 1995 годзе быў падрыхтаваны невялікі слоўнік аўтарскіх неалагізмаў, аўтары якога (Г. Басава і М. Прыгодзіч) у часопісе «Роднае слова» (1995, №№ 8, 10, 12) апублікавалі больш за паўтары сотні «слоў-метэораў» з твораў Якуба Коласа, Янкі Купалы, Паўлюка Труса, Тодара Кляшторнага, Максіма Танка, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Караткевіча, Пімена Панчанкі, Васіля Зуёнка і інш.

4. Апошнім часам у маладых даследчыкаў выявілася цікавасць да семантыка-стылістычных асаблівасцей аўтарскіх неалагізмаў, вызначэння семантычнага аб’ёму новаўтварэнняў з улікам іх словаўтваральнай структуры і фактараў, што ўплываюць на фарміраванне лексічнага значэння такіх слоў, выяўлення характару сэнсавай сувязі паміж індывідуальна-аўтарскімі неалагізмамі і зыходнымі першаасновамі, лексіка-семантычнай сістэмнасці аўтарскіх наватвораў і іх ролі ў стварэнні моўна-выяўленчай асновы тэксту (Н.У. Чарнаброўкіна, В. А. Зразікава).

5. Актыўнае ўтварэнне аўтарскіх неалагізмаў, несумненна, засведчыла шырокія словаўтваральныя і вобразна-выяўленчыя магчымасці беларускай мовы, яе здольнасць да самапапаўнення і ўдасканалення свайго лексічнага саставу. На думку аўстрыйскага лінгвіста Германа Бідэра, «развіццё лексікі і стылістыкі беларускай літаратурнай мовы, якой трэба пазбягаць аднабаковых шляхоў свайго папаўнення, павінна зыходзіць з інтэграцыі, у першую чаргу, агульнабеларускіх дыялектызмаў і пашыраных рэгіяналізмаў, у другую чаргу, аўтарскіх словаўтваральных неалагізмаў (выдзелена намі – М.П.), і толькі ў трэцюю чаргу, за кошт запазычанняў з іншых моваў» [3, с.5-6].

6. Усебаковае вывучэнне аказіяналізмаў выяўляе тэндэнцыю да засваення індывідуальна-аўтарскіх слоў лексічнай сістэмай сучаснай беларускай літаратурнай мовы, атрымання імі статуса узуальных адзінак. Як лічыць М. Шабовіч, набыткам літаратурнай мовы ўжо сталі такія аўтарскія наватворы, як зорнасць (З. Бядуля), імглістасць (П. Трус), бяскрыласць (З. Бандарына), пунсовасць (П. Трус), бязбрэжнасць (М. Лужанін) [11, с. 102]. Калі ж сюды дабавіць асобныя ўтварэнні Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Дубоўкі, Рыгора Барадуліна і інш., што шырока выкарыстоўваюцца ў мастацкай літаратуры і публіцыстыцы, практыцы школьнага выкладання роднай мовы, то стане відавочным факт неабходнасці неадкладнай падрыхтоўкі зводнага слоўніка аўтарскіх неалагізмаў беларускай мовы. Мяркую, што і ў новых выданнях тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы найбольш яркія ўзоры аўтарскіх неалагізмаў маглі б атрымаць належнае месца.

Літаратура



  1. Басава Г. І. Аказіяналізмы ў сучаснай беларускай паэзіі // Веснік БДУ. Серыя ІV. – 1981. -- № 1.

  2. Басава Г. І., Прыгодзіч М. Р. Аб прынцыпах укладання слоўніка аўтарскіх неалагізмаў // Дыялекталогія і культура беларускай мовы: Тэзісы рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі (10-11 снежня 1991 г.) – Мінск, 1991.

  3. Бідэр Г. Шляхі развіцця лексікі беларускай літаратурнай мовы // Беларуская мова ў другой палове ХХ ст.: Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (22-24 кастрычніка 1997 г.). – Мінск, 1998.

  4. Зразікава В. А. Семантычная характарыстыка індывідуальна-аўтарскіх неалагізмаў-прыметнікаў у мове мастацкіх твораў першай паловы ХХ ст. // Веснік БДУ. Серыя ІV. – 2005. -- № 2.

  5. Зразікава В. А. Індывідуальна-аўтарскія неалагізмы ў творчасці беларускіх пісьменнікаў // Беларуская мова і літаратура. – 2006. -- № 2.

  6. Казейка І. П. Паняцце неалагізма ў сучасным мовазнаўстве // Беларуская лінгвістыка. Выпуск 34. – Мінск, 1988.

  7. Казейка І. П. Патэнцыяльныя словы ў беларускай мове // Веснік БДУ. Серыя ІV. –1988. -- № 4.

  8. Прыгодзіч М. Аўтарскі неалагізм у мастацкім творы // Полымя. – 1984. -- № 6.

  9. Прыгодзіч М. Сэнс у іх хаваецца яшчэ большы, чым паэзія... (Аўтарскія неалагізмы як факт мовы) // Роднае слова. – 1995. -- № 8.

  10. Чарнаброўкіна Н. У. Лексіка-семантычная група аказіянальных назваў адцягненых паняццяў // Веснік БДУ. Серыя ІV. –1996. -- № 3.

  11. Шабовіч М. Аказіяналізмы ў беларускіх мастацкіх тэкстах (да праблемы даследавання) // Слова. Вобраз. Кантэкст. – Мінск: Выд-ва МДПУ, 1994.

  12. Шабовіч М. Аказіянальныя нульсуфіксальныя назоўнікі ў беларускіх мастацкіх тэкстах 20-х гг. ХХ ст. // Актуальныя пытанні беларускай лінгвістыкі (да 80-годдзя прафесара М. С. Яўневіча). – Мінск, 2002.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка