Прыёмы фальклорнай стылізацыі ў паэме "мачыха" адэлі з устроні




Дата канвертавання23.03.2016
Памер81.13 Kb.
Багдановіч І.Э.

БДУ, Мінск


ПРЫЁМЫ ФАЛЬКЛОРНАЙ СТЫЛІЗАЦЫІ Ў ПАЭМЕ “МАЧЫХА”

АДЭЛІ З УСТРОНІ


Паэма “Мачыха” – вядомы і загадкавы беларускі твор, які датуецца 1850 годам і аўтарам якога лічыцца таямнічая Адэля з Устроні. Адшуканы А.Мальдзісам у 1971 г. пад час працы ў польскіх архівах, твор быў уведзены ў кантэкст беларускай літаратуры і стаў хрэстаматыйным. Ён напісаны пад выразным уплывам рамантызму з яго зваротам да народнай культуры. “Сюжэт паэмы “Мачыха” чыста народны, здаўна вядомы беларускім народным песням”, – адзначаў А.Лойка [ 6, с. 110]. На злучанасць паэмы з фальклорнай традыцыяй звяртаў увагу і У.Мархель: “Рамантычная паэма “Мачыха” Адэлі з Устроні (прынёманскай мясціны на Лідчыне) не толькі сведчыла пра цесную сувязь з беларускімі народна-песеннымі традыцыямі, але і выяўляла пачатковы этап выхаду літаратурнага твора з фальклорнага ўлоння” [ 3, с.130]. Даследчыкі адзначалі таксама алегарычны характар зместу і вобразаў паэмы, асабліва яе першай часткі, дзе апісанне злой буры, якая хоча знішчыць смелага юнака – “літоўчыка”, што наважыўся пераплыць цераз Нёман да сваёй каханай, – сімвалізуе “сілы рэакцыі, царскую ўладу”, уціск вызваленчага руху ў родным краі [ 7, с. 230].

Напісаная, сапраўды, па-майстэрску, паэма літаральна саткана з фальклорных элементаў, застаючыся пры гэтым творам чыста літаратурным. Гэта не “падробка” пад народную песню або баладу, хаця многія сродкі ўжыты аўтарам менавіта з арсеналу паэтыкі гэтых жанраў. Якія ж гэта прыёмы і сродкі? Найперш трэба адзначыць, што ўвесь твор пабудаваны на распаўсюджаным у фальклоры прынцыпе псіхалагічнага паралелізму, паводле якога з’явы прыроды суадносяцца са з’явамі чалавечага жыцця. Так суадносяцца і дзве часткі паэмы: у першай – апісанні з’яваў прыроды, у тым ліку віхру, злой буры, ракі Нёмана і прыбярэжнага бору; а ў другой – узаемадачыненні сіраты і злой мачахі, якая “Ёй мілага не любіла, / / У лыжцэ б вады ўтапіла” [ 5, с.241]. Асабліва выразная паралель назіраецца паміж злой бурай і злой мачахай, менавіта гэтыя вобразы ўспрымаюцца як мастацкая алегорыя ўціску, тагачаснай грамадска-палітычнай рэакцыі.

У першай частцы твора назіраем таксама скразны прыём адушаўлення прыродных стыхій. Бура і віхор – варожыя стыхіі. Ім супрацьстаяць стыхіі роднасныя – Нёман і прыбярэжны бор, якія надзяляюцца патрыятычнымі пачуццямі і “літоўскім сэрцам”. Так, у маналогу Нёмана гучыць:

Я ж у лужках купаюся,

Па ніўках рассцілаюся,

З віцінамі праплываю,

Літоўскае сэрца маю! [ 5, с. 240-241].

Гэтыя роднасныя стыхіі выражаюць патрыятычную ідэю твора, а тым самым і яскравы “літвінскі” патрыятызм аўтара. І Нёман, і бор называюць сябе “літоўчыкамі” і супрацьстаяць злой буры ў яе жаданні пашкодзіць іх сабрату “літоўчыку”-юнаку. Важная тут “рэакцыя” бору на “запабяганні” злой буры: “Барочку пена сказала, // Што ўжо бура віхар звала. // “Што!! – расшумеўся барочык, – // Ці гэта я ня Літоўчык! // Каб дазволіў буры гукаць, // Цераз сосны віхрам веяць! // Пачакайце нямножка: // Ня сюдымі вам дарожка, // Ня на тоя сосны расціў, // Каб вас у родну зямлю пусціў, // Ня на тоя бары раслі, // Каб тут вецяр чужы ўняслі!!!...” [ 5, с. 240].

Нёман салідарызуецца з борам і “гаворыць”, што ён таксама “Літоўчык” і не будзе “сябе бурыць”, не жадае “сваіх тапіць”. Такім чынам, выразна бачна, што адушаўлёныя роднасныя стыхіі, Нёман і бор, надзяляюцца патрыятычнымі пачуццямі і выражаюць свабодалюбівую, змагарную ідэю аўтара, абумоўліваючы тым самым алегарычны сэнс усяго твора. Нельга не заўважыць у першай частцы твора (тое самае будзе характэрна і для другой часткі) выкарыстанне вялікай колькасці памяншальна-ласкальных формаў слоў, што таксама было запазычана аўтарам з фальклорнай паэтыкі і сталася адметнай рысай стылю “Мачыхі”, калі гаворка дытычылася роднасных стыхій: праз рэчаньку; у чоўніньку; Нямночык; барочык; Літоўчык; дубровачка; Літовачка; туманочкам ляцеў; з беражочка ў беражочык і да т.п.

У другой частцы твора гучыць матыў сіраты і мачахі, якая крыўдзіць сірату, не жадае дапамагчы ёй у яе патрэбах і спадзяваннях. Гэта таксама традыцыйны для фальклора матыў, распаўсюджаны ў народных песнях пра сірату і мачаху. У фальклоры мы не сустрэнем вобраза добрай, чулай мачахі, якая спагадае дзіцяці-сіраце. Завяршае частку плач дзяўчыны-сіраты (“Літовачкі”), у якім яна звяртаецца да памерлай роднай матулі, выказваючы ёй сваю скаргу на недобразычлівую мачаху:



Ты ж мяне з мілым абручыла

І звянчала бы, каб жыла.

Яна ж кажыць мне маладой,

Каб ён згінуў гдзе пад вадой [ 5, с. 242].

Плач сіраты ўяўляе сабой журботную песню-скаргу. Вобразы злой мачахі і роднай, памерлай, матулі ў ім супрацьпастаўляюцца. Мачаха ў другой частцы, як і бура ў першай, з’яўляецца перашкодай на шляху каханага да каханай, з’яўляецца перашкодай самому жыццю, самому праву на любоў у гэтым жыцці.

Такім чынам, у беларускай паэме “Мачыха” яскрава вылучаюцца наступныя прыёмы і сродкі фальклорнай стылізацыі, што сведчылі пра рамантычную скіраванасць гэтага твора: 1) прыём псіхалагічнага паралелізму, які структурна арганізоўвае ўвесь тэкст і абумоўлівае яго алегарычнасць; 2) адушаўленне прыродных стыхій, што спрыяе больш эмацыйнаму выражэнню патрыятычнай, змагарнай ідэі твора; 3) шчодрае ўжыванне памяншальна-ласкальных формаў слоў, што ўзмацняе экспрэсіўнае ўздзеянне твора; 4) інтэрпрэтацыя народна-песеннага матыва сіраты і злой мачахі, якая надае паэме асаблівую псіхалагічную глыбіню, узмяцняе як псіхалагічны, так і алегарычны план твора.

Фальклорныя матывы і вобразы, ужытыя аўтарам у паэме “Мачыха”, надавалі твору асаблівы, узнёсла-рамантычны, каларыт, сведчылі пра адмысловае майстэрства аўтара, яго непавярхоўнае знаёмства з народнай культурай, яго выразную нацыянальна-патрыятычную – краёвую, “літвінскую”, – самасвядомасць. Меў рацыю ў свой час А.Мальдзіс, калі сказаў, што паэма напісана рукой здольнага аўтара, які талентам не ўступае В.Дуніну-Марцінкевічу [ 7, с. 231]. Хто ў тагачаснай Беларусі-Літве, валодаючы такога ўзроўню талентам, мог напісаць “Мачыху”, хто хаваецца пад прыгожым псеўданімам “Адэля з Устроні”? У свой час мы выказалі меркаванне, што такім аўтарам найбольш верагодна з’яўляецца Габрыэля Пузыня (1815 – 1869), якая паходзіла з графскага роду Гюнтэраў і была, насамрэч, надзвычай таленавітай пісьменніцай свайго часу, пакінуўшы адметны след у гісторыі айчыннай польскамоўнай літаратуры [ гл. аб гэтым нашы публікацыі: 1 і 2].

Габрыэля Пузыня жыла на Ашмяншчыне, у бацькоўскім маёнтку Дабраўляны, пазней з мужам у яго фальварку Гарадзілава. З 1843 г. яна была вядомая як паэтэса, надрукаваўшы ў Вільні першы зборнік вершаў “У Божае імя”, а затым, у 1845 г., наступны – “Далей у свет”. Пазней яна пісала выдатныя апавяданні, аповесці, п’есы; пакінула таксама пасля сябе знакамітыя ўспаміны з свайго жыцця “У Вільні і літоўскіх дварах”, першая частка якіх была выдадзена ў 1928 г., а астатнія часткі, што захоўваліся ў рукапісах, на жаль, беззваротна загінулі ў агні Другой сусветнай вайны. Менавіта яе талент, на нашу думку, не саступаў таленту В.Дуніна-Марцінкевіча, а такіх асоб, відавочна, не было зашмат на той час.

Наша даследаванне фальклорных прыёмаў і сродкаў у паэме “Мачыха” не перашкаджае меркаванню пра яе аўтарства гэтага твора, а наадварот яго падмацоўвае. Чаму? Таму што Габрыэля ведала мясцовы фальклор і актыўна выкарыстоўвала яго ў сваёй творчасці, аб чым сведчыць яе балада “Зязюлька-кукулька. З паданняў літоўскага люду”. Да таго ж ёсць нямала іншых аргументаў на карысць нашай версіі. Гэта і тое, што Габрыэлі быў уласцівы яскравы “літвінскі” патрыятызм, і тое, што яна выкарыстоўвала нямала беларусізмаў у сваёй польскамоўнай творчасці, уважліва адносілася да мовы і жыцця простага люду. Будучы арыстакраткай-графіняй, яна цікавілася жыццём сялянства, прыглядалася да яго, была спагадлівая да людзей абяздоленых, умела знаходзіць у іх жыцці рысы пачцівасці і годнасці, якія маглі б быць прыкладам для заможных і багатых. Сама ж яна мела погляды выразна хрысціянска-гуманістычныя, адносячыся да ўласных дастаткаў без пыхі і ганарлівасці.

Частым у яе творах быў вобраз дзіцяці-сіраты і мачахі, але, у адрозненне ад фальклору, пададзены па-іншаму. У яе літаратурных творах мачаха – добрая апякунка сірот, зычлівая, спагадлівая жанчына, якая шкадуе дзяцей і хоча ім дабра. Відаць, такой была б і сама Габрыэля, калі б лёс паставіў яе ў падобную сітуацыю. Знешне гэта пярэчыць адмоўнаму вобразу мачахі ў паэме Адэлі з Устроні, аднак не варта забываць, што фальклорны вобраз мае ўстойлівыя, нязменныя рысы, якія не можа ігнараваць аўтар пры звароце да фальклорных традыцый. Тым больш уся ідэйна-мастацкая задума паэмы вымагала менавіта вобраза злой мачахі, якая дратуе долю сіраты, узмацняе яе гора. Народна-песенная традыцыя была накіраваная не столькі на тое, каб абурацца жорсткасцю мачахі, колькі на тое, каб выклікаць у слухача яшчэ больш моцны жаль і спагаду да долі сіраты. Найперш праз такое спачуванне, а не праз абурэнне, выяўлялася міласэрная і гуманістычная скіраванасць народнай лірыкі беларусаў. На нашу думку, узорам-прататыпам народнай песні, якая дала штуршок для напісання паэмы “Мачыха”, магла стаць песня “З бору гаманлівага…”, дзе ёсць вобразы і бору, і ракі, і “думачкі” дзяўчыны-сіраты “пра сваю старонку”: “З бору гаманлівага // Рэчанька цякла. // Цераз тую рэчаньку // Кладачка лягла. // А па той па кладачцы // Дзяўчына ішла // Ды за сабой поціху // Думачку вяла. // – Чаму ж ты, дзяўчыначка, // Ціхенька ідзеш? // Можа, пра сваю старонку // Думачку вядзеш?..” [Цыт. па 4, с. 241-242].

Застаецца зрабіць яшчэ два акцэнты ў нашай тэме. Першы датычыць псеўданіма Адэля з Устроні. Мусім звярнуць увагу на тое, што гэта вельмі ўдалы, але тым не менш штучна ўтвораны псеўданім. Рукапісны сшытак, у якім змешчана паэма, а менавіта другі тэкст у ім (польскамоўны верш “Кракаў”), быў падпісаны проста імем “Adela”. У левым ніжнім кутку рукапісу маецца памета: “Litwa. 1850. Ustronie”. З кантэкста верша і з семантыкі самога слова “ustronie” вынікае, што тут маецца на ўвазе не канкрэтны тапонім – назва нейкай вёскі ці фальварка на Лідчыне, блізу Нёмана, як памылкова лічылі дагэтуль даследчыкі, а проста “аддалены, глухі куток”, правінцыйнае зацішша, далёкае ад шумных сталічных гарадоў, якім і быў ва ўспрыняцці аўтара Кракаў. Аб гэтым сведчыць менавіта само слова “ustronie”, якому, напрыклад, у рускай мове сугучнае слова “устраниться” (адасобіцца). Таму дакладнае тлумачэнне псеўданіма Адэля з Устроні выглядае наступным чынам: напісана Адэляй, у 1850 годзе, у глухім кутку Літвы (Беларусі). Такім чынам, адпадае патрэба шукаць таямнічую Адэлю ў канкрэтнай вёсцы з назваю Устронь у Лідскім павеце над Нёманам. “Устронню” магла быць любая іншая мясціна ў тагачаснай Беларусі-Літве, у тым ліку і згаданыя вышэй Дабраўляны.

Другі акцэнт датычыць Нёмана – ракі, на якой адбываецца дзеянне ў паэме. Нёман у дадзеным выпадку таксама ёсць не столькі геаграфічнай, колькі міфапаэтычнай рэаліяй. На той момант у літаратурнай творчасці гэта быў ужо ўстойлівы патрыятычны сімвал Літвы-Беларусі, увасабленне роднага, сакральнага ўяўлення пра Айчыну. Гэта была тая “радаводная рака”, паводле санета Адама Міцкевіча “Да Нёмана”, з якой злівалася паняцце радзімы. Падобным чынам у беларускім фальклоры можна часта сустрэць згадку пра раку Дунай, геаграфічна досыць далёкую ад Беларусі. Тут праяўляліся, відавочна, надзвычай архаічныя пласты народных уяўленняў, захаваныя да нашага часу. Дунай у народнай творчасці “выступае як адухоўленая істота, да якой звяртаюцца за парадамі, з просьбамі, і разам з тым ствараецца ўражанне, што гэта любая з беларускіх рэчак-рачулак, якая ў вуснапаэтычных жанрах носіць славутую назву”, – піша даследчык А.Ненадавец [ 8, с. 141]. Падобная ж фальклорная традыцыя адбілася і ў паэме “Мачыха”, дзе “ролю Дунаю” адыгрывае блізкая, родная рака Нёман.

Паэма “Мачыха” з’яўляецца адным з найбагацейшых на арганічнае ўжыванне фальклорных прыёмаў твораў беларускай літаратуры ХІХ ст. Яна сведчыла аб існаванні ў тым часе не толькі польскамоўнага, але і ўласна беларускага рамантычнага эстэтычнага кірунку і аб выразнай краёва-патрыятычнай ідэйнай пазіцыі аўтара.

Літаратура:

1. Багдановіч І. Загадка Адэлі з Устроні // Працы кафедры гісторыі беларускае літаратуры Белдзяржуніверсітэта: Навуковы зборнік / Пад агульн. рэд. М.Хаўстовіча. Выпуск сёмы. – Мінск: Права і эканоміка, 2006. – С. 52-62.

2. Багдановіч І. Адэля ці Габрыэля: Спроба разгадкі аўтарства паэмы “Мачаха” // Роднае слова. – 2007. - № 10. – С. 14-18.

3. Гісторыя беларускай літаратуры ХІ – ХІХ стагоддзяў. У двух тамах. Т. 2. – Мінск: Беларуская навука. – 582 с.

4. Гурскі А.І. Семантыка і паэтыка сямейнай лірыкі // Пазаабрадавая паэзія. – Мінск: Беларуская навука, 2002. – С. 157 – 242.

5. Краю мой – Нёман. Гродзеншчына літаратурная. Паэзія, проза, крытычныя артыкулы / Уклад. Д.Бічэль-Загнетавай. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1986. – 300 с.

6. Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. У 2 ч. Ч. 1. – 2-е выд,, дапрац і дап. – Мінск: Вышэйшая школа, 1989. – 319 с.

7. Мальдзіс А. Тры месяцы пошукаў, знаходак і сустрэч // Полымя. – 1973. - № 7. – С. 202 – 240.



8. Ненадавец А.М. Міфалагічныя ўяўленні славян аб воднай стыхіі // Міфалогія. Духоўныя вершы. – Мінск: Беларуская навука, 2003. – С. 120 – 182.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка