Прэс-рэліз дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры




Дата канвертавання15.03.2016
Памер21.06 Kb.

ПРЭС-РЭЛІЗ


Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры сумесна з Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа НАН Беларусі 23 верасня 2015 года а 15-й гадзіне ладзяць сумеснае мерапрыемства “І закрасуе скрозь шыпшына…”, прымеркаванае да 110-годдзя з дня нараджэння Пятра Глебкі.

Пад час мерапрыемства супрацоўнікі бібліятэкі прэзентуюць каталог “Бібліятэка акадэміка П.Ф. Глебкі (1905–1969)” і прадставяць выставу І краскі, і словы завіў у вянок… (па матэрыялах калекцыі П.Ф. Глебкі) з уласных фондаў. Назву імпрэзе, прысвечанай 110-годдзю з дня нараджэння пісьменніка Пятра Фёдаравіча Глебкі, даў першы паэтычны зборнік пісьменніка “Шыпшына”(1927). Гэта красамоўны ўзор лірычнай паэзіі, дзе вобраз шыпшыны набыў сэнс сімвала Беларусі, мастацкай эмблемы пісьменніка.

Пятро Фёдаравіч Глебка нарадзіўся 6 ліпеня 1905 года ў вёсцы Вялікая Уса Уздзенскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і селяніна. Пачаў літаратурную дзейнасць яшчэ ў 20-я гады. У сваёй творчасці ён шырока адлюстраваў асноўныя этапы жыцця савецкага грамадства: рэвалюцыю, веліч стваральнай працы народа, яго гераічнае змаганне супраць фашызму, барацьбу за аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі.

Творчы шлях Пятра Фёдаравіча ахоплівае больш за чатыры дзесяцігоддзі. У друку дэбютаваў вершамі ў 1925 годзе ў газетах “Беларуская вёска”, “Савецкая Беларусь”, часопісах “Работніца і сялянка”, “Беларускі піянер”. Аўтар кніжак паэзіі “Шыпшына” (1927), “Урачыстыя дні” (1930), “Арка над акіянам” (паэма, 1932), “Арлянка” (паэма, 1932), “Хада падзей” (вершы, паэмы, 1932), “Чатыры вятры” (1935), “Мужнасць” (вершы, паэмы, 1938), “Пад небам бацькаўшчыны” (вершы, паэмы, 1947), “Нашай славы зара” (вершы, паэмы, 1947), “Размова аб шчасці” (1948), “У тыя дні” (паэма, 1957), “Вершы” (1975), “На спатканні дарог”(1990). Для дзяцей выдадзены зборнікі паэзіі “Пад сцягам перамог” (1952), “Прывітанне Радзіме” (1961), “Вобразы роднай краіны” (1964), “Наш сцяг” (1972), “Наш лес”(1973), “Шчаслівы май”(1985). Напісаў драматычную паэму “Над Бярозай-ракой” (1940), лібрэта оперы “Андрэй Касценя” (пазнейшая назва “Лясное водгулле”), вершаваную драму “Святло з Усходу” (1957, пастаўлена ў 1957).У 1952 г. выйшлі выбраныя творы Пятра Глебкі, у 1958 г.– Збор твораў у 2-х тамах, у 1969-1971 гг. – Збор твораў у 3-х тамах, у 1984-1986 гг. – Збор твораў у 4-х тамах. Займаючы адказныя пасады ў Акадэміі навук, П.Ф. Глебка актыўна ўздзейнічаў на навуковы працэс. Ён аўтар многіх навуковых прац у галіне беларускай лексікаграфіі, мастацтвазнаўства і фалькларыстыкі. Ініцыятар выдання ў АН БССР шматтомнага збору беларускага фальклору.

У мерапрыемстве возьмуць удзел даследчыкі і аматары творчасці Пятра Глебкі, яго сябры і родныя.
Месца правядзення: Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі, г. Мінск, вул. Сурганава, 15, 6 паверх, чытальная зала рэдкіх кніг і рукапісаў, пакой 60.

Кантактныя тэлефоны: + 375 17 334 56 21 Лідзія Паўлаўна Шагойка (Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры), + 375 17 284 10 12 Аляксандр Віктаравіч Сцефановіч (ЦНБ НАН Беларусі), + 375 17 284 10 13 Алена Пятроўна Дзенісенка (ЦНБ НАН Беларусі)



Пресс-служба НАН Беларуси


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка