Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы




Дата канвертавання14.03.2016
Памер91.03 Kb.
Вольга Самусевіч

ПРАЯВЫ МАСАВАЙ КУЛЬТУРЫ Ў ДЫСКУРСЕ СМІ, АЛЬБО ДА ПРАБЛЕМЫ ГУМАНІЗАЦЫІ МЕДЫЯСФЕРЫ
Працэс дэмакратызацыі грамадства суправаджаецца зменамі і ў маўленча-мысліцельнай дзейнасці ў розных сферах зносін. Свабода
слова – неабходны складнік гэтага працэсу – часта разумеецца носьбітамі мовы і ў пэўнай ступені сродкамі масавай інфармацыі як адыход ад любых нормаў, нават маральна-этычных, што прыводзіць да дэгуманізацыі лагасферы. Прафесар Б. Стральцоў падкрэсліваў, што свабода не адасобленае паняцце, яна з'яўляецца часткай адзінай трыяды: «свабода – неабходнасць – адказнасць». Тут побач з прававымі ўстаноўкамі заяўляе аб сабе маральны фактар [7, c. 65]. Свабода слова як «фундаментальная дэмакратычная каштоўнасць», даводзіць перыядычны друк, не мае нічога агульнага з публічным абразлівым словам. Як слушна зазначае даследчык В. Кастамараў, справа тут не толькі ў парушэнні літаратурна-моўнай нормы, а ў «непавазе да слова, у спробах змяніць “моўны знак”, а праз яго і нацыянальную традыцыйную ментальнасць» [6, c. 8].

Сёння, калі растуць патрабаванні да якасці журналісцкай прадукцыі, востра паўстала праблема гуманізацыі інфармацыйнай сферы. Расійскія прававеды разам з філолагамі спрабуюць стварыць прававую аснову барацьбы з непаважлівым стаўленнем да чалавека ў сродках масавай інфармацыі, з ганьбаваннем яго праз грубае, абразлівае слова. Свабода мыслення спарадзіла свабоду маўлення, за якой часта хаваецца духоўны нігілізм – страта самапавагі, пераацэнка традыцыйных каштоўнасцей. Адсюль тыповая з’ява часу – непавага да асобы, і гэта часта ўласціва для саміх масмедыя. (Параўн.: «Каму ж хочацца плаціць грошы дэбілу», «засталася адна сволач, якая ўцякла з вёскі і нічога ня хоча рабіць і ўмець, акрамя як піць і жэрці». – з газеты. 2001. 2 крас.; «Оставим пока в покое В. Ленина. И. Сталин – садист, паранойик, самодур. Никита – деятель типа “сельского дурачка”. Брежнев – маразматик-коллекционер. Андропов, Черненко кроме дешевой водки для трудящихся и подноса тела к избирательной урне для голосования ничем другим в истории не запомнились. М. С. Горбачёв, вообще “развалил страну и партию”! Как же она жила, эта страна, под руководством “дураков и садистов”?» – з газеты. 2000. ліст.) Падобныя прыклады – сведчанне парушэння ў вялікай ступені маральна-этычнай нормы.

Імкненне да бязмежнай свабоды выказвання сваёй думкі вызначыла тэндэнцыю да пашырэння прастамоўя і жарганізмаў у маўленчых паводзінах не толькі сацыяльна ніжэйшых пластоў грамадства, але і ўладнай эліты, а гэта значыць і ў СМІ. У той час, калі сцвяржаецца неабходнасць «придать журналистам статус высокообразованной профессии» [2, c. 3], выкарыстанне розных сацыяльных жаргонаў, як гэта ні парадаксальна, бадай што не асноўная асаблівасць сучаснага публіцыстычнага маўлення. Замест выкарыстання багатых сродкаў літаратурнай мовы перыядычны друк свядома абмяжоўваецца гіпертрафаванай «мовай вуліцы». Да прыкладу: «…выпендрёжем уже никого не удивишь», «по барабану», «по роже заедет», «попутанить», «офонарел», «вытер сопли», «народ “без тармазоў». Рознага віду жаргоны праз сродкі масавай інфармацыі настолькі ўвайшлі ў маўленне грамадства, што ўжо не ўспрымаюцца як загана: «Ненормативная лексика стала обиходной в нашей жизни» (СБ. 2002. 8 мая). Працэс дэмакратызацыі мовы не павінен падмяняцца працэсам «варварызацыі» мовы. Параўн.: «они…, говоря журналистским языком, вставили фитиль маститой российской газете» (з газеты. 2003. 29 жн.). Ці патрэбна нам пісаць такім «журналистским языком»?! Больш за 30 гадоў таму на гэта пытанне даў адказ вядомы беларускі стыліст М Я Цікоцкі: «Для таго каб дасягнуць максімальнага ўздзеяння на розум і пачуцці чытача, публіцыст карыстаецца разнастайнымі сродкамі слоўніка, усімі “рэгістрамі” маўлення – ад “высокіх” да “нізкіх”... Аднак гэта зусім не азначае, што журналіст або публіцыст можа карыстацца словамі без усякага разбору, што для яго, маўляў, “закон не пісаны”. Наадварот, багацце і разнастайнасць сродкаў, якія маюцца ў арсенале кожнай нацыянальнай мовы, патрабуе ад публіцыста высокай культуры слова, умення эканомна, па-гаспадарску карыстацца гэтым багаццем, не растрачваць марна, дамагаючыся ў кожным выпадку “адзіна патрэбнага размяшчэння адзіна патрэбных слоў”».

Перыядычны друк сцвярджае, што “нядбалыя адносіны да слова псуюць, калечаць мову”. Праблема так званага калечання мовы, трэба аддаць належнае нашым газетам, часта абмяркоўваецца на іх старонках, а тое, што журналісты ў сваім эмацыянальным запале лаянкавым словам калечаць чалавека, амаль не знаходзіць рэакцыі ў матэрыялах друку. Дрэнна, і калі “рэакцыя” прымае такі выгляд, як у матэрыяле В. Сцебліна «Не влезай – бьет!» (СБ. 2006. 31 кастр.): «Не так давно в ивановской Интернет-газете «Курсив» редактор г н Владимир Рахманьков опубликовал материал, который назвал лихо: «Путин как фаллический символ России». Для тех, кто не знает, намекнем, что «фаллос»  –  это синоним мужского детородного члена…», і далей: «Судебное разбирательство по делу, где невинный “фаллос” склонялся во всех падежах, принесло следующий результат: за оскорбление Владимира Путина редактор В. Рахманьков приговорен к штрафу в размере


20 тысяч российских рублей. Наверное, этот приговор не поставит окончательной точки в бессмысленном споре, имеет ли право журналист оскорблять действующю власть. Тем не менее согласимся, что история с “фаллосом” довольно-таки поучительная...» Пакінем без каментарыяў.

У сучаснай навуцы стаіць пытанне аб матываванасці і нематываванасці выкарыстання ўсёй разнастайнасці моўных сродкаў. Вядомы беларускі вучоны М. Я. Цікоцкі з абурэннем гаворыць пра моўную разбэшчанасць і вульгарнасць, пра зніжэнне майстэрства, цаны Слова [9, c. 17]. Уменне распарадзіцца моўным багаццем патрабуе ад журналістаў вялікіх творчых намаганняў, таленту. І зусім не патрабуе інтэлектуальнага напружання мысленчы працэс, адлюстраваны ў маўленчых формулах: «будзем “каўбасіцца”», «многім “па барабану”», «паклубіцца», «кіслотнікі», «пад сінявой»; «не заводит», «не базарить попусту», «стал гавкать на неё». У сферу масавай камунікацыі ўкараніліся словы з крымінальнага свету накшталт: «прафэсуру – на лесапавал, паэта – на парашу, лідэра партыі – у бамжатнік»; «тачки», «крыша», «наехать», «грохнуть», «кинуть клиента»; «..покажут, где зэки зимуют». Ілля Талстой піша: «Норавы і мараль крымінальнага свету пранізваюць усе пласты грамадства. Мы бачым адлюстраванне таго стану культуры, у якім знаходзіцца наша грамадства, культуру люмпенаў і крымінальнікаў» [8, c. 6]. Моднае, актуалізаванае ў дыскурсе СМІ слова лёгка пераймаецца носьбітамі мовы і набывае статус прэстыжнай адзінкі маўлення, якой пры выбары сродкаў выражэння аддаецца безумоўная перавага. Апошнім часам актуалізавалася лексіка «наркаманаў», якая прыйшлася даспадобы некаторым перыядычным выданням: «...белорусское село прочно сядет на западную технологическую “иглу”», «...могут и “ширнуться” на лестничной площадке”».

Сучасныя беларускія сродкі масавай інфармацыі валодаюць дастатковым патэнцыялам уздзеяння на грамадскую свядомасць, на маўленча-мыслицельную культуру соцыуму, але, як паказвае аналіз, часам няўмела выкарыстоўваюць свой патэнцыял. Да прыкладу: газета «Звязда» ў рубрыцы «Салон прыгажосці» (2003. 30 жн.) дае параду, як падтрымаць «імідж «прасунутай», стыльнай, прыгожай і разумнай (выдзелена намі. – В. С.) дзяўчыны». Для гэтага прапануецца вывучыць наступныя «вельмі модныя словы гэтага сезона» (+ міні-слоўнік сінонімаў): паці – сэйшн, тусоўка; фэшн, кул – крута, класна; перфектамэнте; канэкт ці канэкшн; міцін; бой-фрэнд – пасія. Аўтар сцвярджае, што, «калі з чалавекам размаўляць прыемна, ён здаецца нам прыгажэйшым. А з такім слоўнікавым запасам ты станеш проста зоркай!». Сапраўды, культура маўлення паняцце ёмістае, якое звязана не толькі з уменнем прыгожа, пераканаўча гаварыць, але і з агульнай культурай чалавека, яго манерамі, паводзінамі, знешнім выглядам. Аднак бярэ сумненне, што словы, пералічаныя ў артыкуле, узбагацяць мову і ўпрыгожаць чалавека. Так, наша жыццё дынамічна развіваецца ва ўсіх сферах, у тым ліку і інфармацыйнай, мова таксама змушана мяняцца, прыстасоўвацца да новых рэалій і абставін. Але ж у друк «…прыйшлі словы стылістычна зніжаныя, якія мяжуюць з герметычнай лексікай; сталі панаваць дысфемізмы, алюзія, эзопава маўленне, семантычная кантамінаванасць і лексічная неправамернасць…, – слушна адзначае прафесар В. Іўчанкаў.  – Такая сітуацыя сведчыць ужо не пра адсутнасць культуры маўлення, а пра скажонасць мыслення» [3, c. 86].

Імкненне да вербальнай усёдазволенасці вынікавала праяву маўленчай агрэсіі ў СМІ нават у форме мату. Актуальна гучыць чатырохрадкоўе, змешчанае ў «Народнай газеце» (2001. 16 сак.): «Як размаўляюць сёння ў нашай хаце? Паслухаўшы, пара рабіць выснову: мы ўжо даўно забылі мову маці, а знаем толькі мацерную мову». Праз СМІ ініцыятарамі свабоднага выкарыстання мовы становяцца людзі адукаваныя. Вядомы расійскі рэжысёр Раман Вікцюк вызначае лаянку як «самые ласковые, умные, тонкие слова, которые существуют в мире для выражения чувств и эмоций» (СБ. Беларусь сегодня. 2000. 23 апр.). Часам «мацерная», «блатная» мова становіцца набыткам і самога інтэрвьюера. Газета «Звязда» ў артыкуле «Пасылаючы адзін аднаго “на тры літары”, бераце на душу грэх» сцвярджае, што лаянка – гэта дзіця нашага «свабоднага» грамадства, што гэтая заганная з’ява не была ўласціва ў такой меры беларускай ментальнасці. «На вёсцы раней дарослыя амаль не лаяліся ў прысутнасці жанчын і дзяцей. Калі нават былі “пад мухай”… Тое было раней. Баюся, што хутка пачнуць лаяцца ў прысутнасці святара» (2002. 23 мая). Народная мудрасць сцвярджала, што ў сям’і брыдкаслова няма міру, а сама схільнасць да мацяршчыны заўсёды суправаджаецца і рознымі формамі бытавой агрэсіі. У сучасным грамадстве, заўважае беларускі мовазнаўца М. Карповіч, адсутнічае «болевая рэакцыя» на абразы, ніхто не спыняе праявы бескультур’я і агрэсіўнасці [4, с. 43]. У соцыуме пануе «атмасфера суцэльнага мату», «брыдкае слова, памножанае на сілу соцень маладых глотак, зрабілася эпідэміяй, на якую захварэла наша моладзь, а лячыць ніхто не збіраецца», – сцвярджае газета «Звязда» (2001. 13 верас.). Прычына такога становішча, на наш погляд, у сацыяльнай неаднароднасці соцыуму, а гэта значыць у розным узроўні маўленча-мысліцельнай культуры. У той жа час і сама масавая камунікацыя, парушаючы этычныя нормы, спараджае агрэсіўную рэакцыю ў грамадстве і яе непрыстойнае моўнае выражэнне.

За прымітыўнай маўленчай культурай, падкрэсліваем, стаіць адпаведная мысліцельная культура – абмежаванасць думкі, сістэмы вобразаў, асацыятыўнасці – словам, лянота думкі, тая якасць, якая гвалтоўна разбурае лагасферу нацыянальнай культуры ва ўсёй яе змястоўнасці. Трэба аддаць належнае газеце «Звязда», якая пастаянна заклікае асэнсаваць усю важнасць маўленчай культуры. У артыкуле «Вся эта байда и куча другого фуфла... », альбо Колькі слоў у абарону другой дзяржаўнай” газета вызначае праблему культуры маўлення як пытанне жыцця або смерці нацыянальнай культуры: «...мы нібы вырашылі для сябе: мая мова, што хачу, тое і раблю, як хачу, так і гавару. І робім, і гаворым... Аднак адсутнасць моўнай культуры ў сродках масавай інфармацыі краіны, дзе з моўнай культурай сітуацыя наогул складаная, ёсць “вялізны крок да пагібелі гэтай моўнай культуры наогул...»
(Звязда. 2001. 5 мая).

Сродкі масавай інфармацыі фарміруюцца грамадствам і выконваюць ключавую ролю ў пашырэнні сацыяльных і культурных навацый. У той жа час СМІ характарызуюцца супярэчлівасцю, таму нельга адназначна вызначыць і іх ролю ў гуманізацыі нацыянальнай лагасферы. Аднак, стрымліваючы праявы маўленчай агрэсіі на сваіх старонках, СМІ могуць паспрыяць гуманізацыі. Як адзначае даследчыца рытарычнага ідэалу ў журналістыцы М. П. Карповіч, «сродкі масавай інфармацыі павінны стаць школай моўнага выхавання беларусаў, узорам беларускай і рускай моўнай культуры» [5, c.  99]. Журналіст не павінен у сваіх маўленчых паводзінах ісці ўслед за носьбітам нізкай маўленчай культуры. Яго маўленчы ідэал – сістэма маўленчых формул высокай зместавай і літаратурнай якасці, якія змогуць уплываць на маўленча-мысліцельную культуру соцыуму ў яго іерархічнай структуры. Справядліва сцвярджае найстарэйшае беларускае перыядычнае выданне, што «цэнзура – гэта мы самі, кожны з нас, гэта нашы ўнутраныя “параметры” і абмежаванні» (Звязда. 2002. 13 крас.). Кожнае ўжытае ў тэкстах СМІ ненарматыўнае слова павінна быць кантэкстуальна матываваным.

Даследаванне лагасферы беларускіх сродкаў масавай інфармацыі дае падставы з шэрагу выданняў асобна вылучыць газету «Звязда» ў яе станоўчым уплыве на працэс гуманізацыі лагасферы нацыянальнай культуры. У гэтай функцыі газета можа быць узорам для іншых выданняў. Пазіцыя «Звязда» – «цэнзура – гэта мы самі» – найлепшы спосаб гуманізацыі агульнай нацыянальнай лагасферы праз прыватную (лагасферу СМІ). Самацэнзура абапіраецца на мараль, яна – найважнейшы рэгулятар межаў свабоды слова. Толькі этычная журналістыка з яе агульначалавечымі маральнымі нормамі, на думку прафесара Я. Засурскага, можа быць сапраўды праўдзівай і свабоднай [1, c. 3].

Абарона маўленча-мысліцельнай галіны культуры на маральнай аснове ёсць трывалы гарант гуманізацыі медыясферы і нацыянальнай лагасферы ў цэлым.


ЛІТАРАТУРА

  1. Засурский, Я. От редактора / Я. Засурский // Вест. Моск. ун-та. – Сер. 10.
    – 2002. – № 4.

  2. Засурский, Я. Колонка редактора / Я. Засурский // Вест. Моск. ун-та. – Сер. 10. – 2006. – №6.

  3. Іўчанкаў, В. І. Дыскурс беларускіх СМІ. Арганізацыя публіцыстычнага тэксту / В.І Іўчанкаў. – Мінск, 2003.

  4. Карповіч, М. Маўленчыя стратэгіі беларускіх СМІ ў пераходны перыяд / М. Карповіч // Перспектывы развіцця журналістыкі. – Мінск, 1999.

  5. Карповіч, М. Рытарычны ідэал у журналістыцы / М. Карповіч – Мінск, 2004.

  6. Костомаров, В. Языковой вкус эпохи. Из наблюдений над речевой практикой масс-медиа / В. Костомаров. – СПб., 1999.

  7. Стральцоў, Б. Маніпуляцыя акцэнтамі ў сучаснай перыёдыцы / Б. Стральцоў // Весн. БДУ. – Сер. 4. – 1998.

  8. Толстой, И. Словесный беспредел / И. Толстой // Журналистика и культура русской речи. – Вып.11. – М. – 2000.

  9. Цікоцкі, М. Дэмакратыя і свабода слова / М. Цікоцкі // Журналістыка: вопыт, праблемы, перспектывы. – Мінск, 1994.




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка