Правапіс складаных прыметнікаў Пішуцца разам




Дата канвертавання28.04.2016
Памер37.07 Kb.
ПРАВАПІС СКЛАДАНЫХ ПРЫМЕТНІКАЎ

Пішуцца разам:



  1. Складаныя прыметнікі, утвораныя ад складаных назоўнікаў, што пішуцца разам: водаправодны (ад водаправод), лесастэпавы (ад лесастэп).



  1. Складаныя прыметнікі, утвораныя ад словазлучэння з падпарадкавальнай сувяззю (ад галоўнага да залежнага слова можна паставіць пытанне): дрэваапрацоўчы (апрацоўка чаго? дрэва), пяціпавярховы (пяць чаго? паверхаў).



  1. Складаныя прыметнікі-тэрміны або ўстойлівыя кніжныя выразы, непадзельныя па значэнні (утвораныя ад спалучэння прыслоўя і прыметніка або прыслоўя і дзеепрыметніка): складаназалежны, вузкаспецыяльны, цяжкавырашальны.

Аднак калі складаны прыметнік-тэрмін мае пры сабе паясняльнае слова, тады ён ператвараецца ў свабоднае словазлучэнне і пішацца асобна: густанаселены раён, але густа населены эмігрантамі раён; слабаразвітыя краіны, але слаба развітыя ў эканамічным плане краіны.

Трэба таксама звярнуць увагу на тое, што калі спалучэнні словаў яшчэ не ператварыліся ў тэрміны або ўстойлівыя выразы-клішэ, яны пішуцца асобна: рэзка адмоўны, кепска зроблены, усенародна абраны.



  1. Складаныя прыметнікі, часткі якіх не ўжываюцца як асобныя словы: мовазнаўчы (няма самастойнага слова знаўчы), процівірусны (няма самастойнага слова проці).



  1. Складаныя прыметнікі, утвораныя ад 3-х словаў: старажытнацаркоўнаславянскія словы, старажытнаверхненямецкі дыялект.

Пішуцца праз злучок:

  1. Складаныя прыметнікі, утвораныя ад назоўнікаў, часткі якіх пішуцца праз злучок: нью-ёркскі (ад Нью-Ёрк), генерал-губернатарскі (ад генерал-губернатар).

  2. Складаныя прыметнікі, утвораныя ад словазлучэння са злучальнай сувяззю, (у якім словы раўнапраўныя і паміж імі можна ўставіць злучнік і): сацыяльна-эканамічная сістэма, вясенне-летняя калекцыя.



  1. Складаныя прыметнікі, часткі якіх абазначаюць неаднародныя прадметы і паміж імі немагчыма ўставіць злучнік і: інфармацыйна-аналітычнае выданне (інфармацыйнае аналітычнае выданне), нацыянальна-вызваленчы рух (нацыянальны вызваленчы рух), сусветна-гістарычны досвед (сусветны гістарычны досвед).



  1. Складаныя прыметнікі, якія абазначаюць адценні колеру і смаку: бела-чырвоны, светла-бэзавы, кісла-салодкі.



  1. Складаныя прыметнікі, што абазначаюць напрамкі свету: паўднёва-заходні, паўночна-заходні.



  1. Складаныя прыметнікі з часткамі Паўднёва-, Паўночна-, Усходне-, Заходне-, што ўваходзяць у склад геаграфічных назваў: Заходне-Палескі рэгіён (але заходнепалескія гаворкі!), Усходне-Еўрапейская раўніна (але ўсходнееўрапейскі час!)



  1. Складаныя прыметнікі з першай часткай вайскова-, ваенна-: ваенна-стратэгічны, вайскова-дыпламатычны (але вайсковаабавязаны, ваеннапалонны).



  1. Складаныя прыметнікі, першай часткай якіх з’яўляецца лічба або літара: 10-метровы плот, Т-падобнае скрыжаванне.

ЗАДАННІ

Утварыце, калі ласка, складаныя прыметнікі:

Навуковы, папулярны (часопіс) - навукова-папулярны часопіс

Брыдкі, салодкі (смак) - брыдка-салодкі смак

Задужа, салодкі (дэсерт) - задужа салодкі дэсерт

Ваенны, хірургічны (шпіталь) - ваенна-хірургічны шпіталь

Давыд-гарадок (вуліцы) - давыд-гарадоцкія вуліцы

Матэрыяльна, зацікаўлены (асоба) - матэрыяльна зацікаўленая асоба

Паўночны, усходні (вецер) - паўночна-ўсходні вецер

Ліслівы, мітуслівы (паводзіны) - лісліва-мітуслівыя паводзіны

Народны, гаспадарка (дасягненні) - народнагаспадарчыя дасягненні

Радыёфізіка (факультэт) - радыёфізічны факультэт

Машына, будаваць (галіна) - машынабудаўнічая галіна

Цяжка, хворы (чалавек) - цяжкахворы чалавек

Грамадска, карысны (ініцыятыва) - грамадска карысная ініцыятыва

Віцэ-прэзідэнт (пост) - віцэ-прэзідэнцкі пост

Грамадска, неабходны (рэформы) - грамадска неабходныя рэформы

Ёлкі, горкі (сыр) - ёлка-горкі сыр

Аксамітны, чорны (плашч) - аксамітна-чорны плашч

Народны, паэтычны (творчасць) - народна-паэтычная творчасць

Паўднёвы, афрыканскі (Рэспубліка) - Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка

Саркастычны, пагардлівы (заўвагі) - саркастычна-пагардлівыя заўвагі

Каменны, вугольны (вытворчасць) - каменнавугольная вытворчасць

Цэнтральны, Еўропа (клімат) - цэнтральнаеўрапейскі клімат

Чыста, беларускі (характар) - чыста беларускі характар

Ваенны, палявы (суд) - ваенна-палявы суд

Торф, перагной (угнаенні) - торфаперагнойныя ўгнаенні

Глыбока, паважаны (палітык) - глыбокапаважаны палітык

Мала, даследаваны (праблема) - маладаследаваная праблема

Мала, даследаваны, навука (праблема) - мала даследаваная навукай праблема

Моцна, дзеючы (сродак) - моцнадзеючы сродак



Возера, балота (край) - азёрна-балотны край


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка