Правапіс складаных прыметнікаў Пішуцца разам




Дата канвертавання12.07.2016
Памер35.66 Kb.
ПРАВАПІС СКЛАДАНЫХ ПРЫМЕТНІКАЎ

Пішуцца разам:



  1. Складаныя прыметнікі, утвораныя ад складаных назоўнікаў, што пішуцца разам: водаправодны (ад водаправод), лесастэпавы (ад лесастэп).



  1. Складаныя прыметнікі, утвораныя ад словазлучэння з падпарадкавальнай сувяззю (ад галоўнага да залежнага слова можна паставіць пытанне): дрэваапрацоўчы (апрацоўка чаго? дрэва), пяціпавярховы (пяць чаго? паверхаў).



  1. Складаныя прыметнікі-тэрміны або ўстойлівыя кніжныя выразы, непадзельныя па значэнні (утвораныя ад спалучэння прыслоўя і прыметніка або прыслоўя і дзеепрыметніка): складаназалежны, вузкаспецыяльны, цяжкавырашальны.

Аднак калі складаны прыметнік-тэрмін мае пры сабе паясняльнае слова, тады ён ператвараецца ў свабоднае словазлучэнне і пішацца асобна: густанаселены раён, але густа населены эмігрантамі раён; слабаразвітыя краіны, але слаба развітыя ў эканамічным плане краіны.

Трэба таксама звярнуць увагу на тое, што калі спалучэнні словаў яшчэ не ператварыліся ў тэрміны або ўстойлівыя выразы-клішэ, яны пішуцца асобна: рэзка адмоўны, кепска зроблены, усенародна абраны.



  1. Складаныя прыметнікі, часткі якіх не ўжываюцца як асобныя словы: мовазнаўчы (няма самастойнага слова знаўчы), процівірусны (няма самастойнага слова проці).



  1. Складаныя прыметнікі, утвораныя ад 3-х словаў: старажытнацаркоўнаславянскія словы, старажытнаверхненямецкі дыялект.

Пішуцца праз злучок:

  1. Складаныя прыметнікі, утвораныя ад назоўнікаў, часткі якіх пішуцца праз злучок: нью-ёркскі (ад Нью-Ёрк), генерал-губернатарскі (ад генерал-губернатар).

  2. Складаныя прыметнікі, утвораныя ад словазлучэння са злучальнай сувяззю, (у якім словы раўнапраўныя і паміж імі можна ўставіць злучнік і): сацыяльна-эканамічная сістэма, вясенне-летняя калекцыя.



  1. Складаныя прыметнікі, часткі якіх абазначаюць неаднародныя прадметы і паміж імі немагчыма ўставіць злучнік і: інфармацыйна-аналітычнае выданне (інфармацыйнае аналітычнае выданне), нацыянальна-вызваленчы рух (нацыянальны вызваленчы рух), сусветна-гістарычны досвед (сусветны гістарычны досвед).



  1. Складаныя прыметнікі, якія абазначаюць адценні колеру і смаку: бела-чырвоны, светла-бэзавы, кісла-салодкі.



  1. Складаныя прыметнікі, што абазначаюць напрамкі свету: паўднёва-заходні, паўночна-заходні.



  1. Складаныя прыметнікі з часткамі Паўднёва-, Паўночна-, Усходне-, Заходне-, што ўваходзяць у склад геаграфічных назваў: Заходне-Палескі рэгіён (але заходнепалескія гаворкі!), Усходне-Еўрапейская раўніна (але ўсходнееўрапейскі час!)



  1. Складаныя прыметнікі з першай часткай вайскова-, ваенна-: ваенна-стратэгічны, вайскова-дыпламатычны (але вайсковаабавязаны, ваеннапалонны).



  1. Складаныя прыметнікі, першай часткай якіх з’яўляецца лічба або літара: 10-метровы плот, Т-падобнае скрыжаванне.

ЗАДАННІ

Утварыце, калі ласка, складаныя прыметнікі:

Навуковы, папулярны (часопіс)

Брыдкі, салодкі (смак)

Задужа, салодкі (дэсерт)

Ваенны, хірургічны (шпіталь)

Давыд-гарадок (вуліцы)

Матэрыяльна, зацікаўлены (асоба)

Паўночны, усходні (вецер)

Ліслівы, мітуслівы (паводзіны)

Народны, гаспадарка (дасягненні)

Радыёфізіка (факультэт)

Машына, будаваць (галіна)

Цяжка, хворы (чалавек)

Грамадска, карысны (ініцыятыва)

Віцэ-прэзідэнт (пост)

Грамадска, неабходны (рэформы)

Ёлкі, горкі (сыр)

Аксамітны, чорны (плашч)

Народны, паэтычны (творчасць)

Паўднёвы, афрыканскі (Рэспубліка)

Саркастычны, пагардлівы (заўвагі)

Каменны, вугольны (вытворчасць)

Цэнтральны, Еўропа (клімат)

Чыста, беларускі (характар)

Ваенны, палявы (суд)

Торф, перагной (угнаенні)

Глыбока, паважаны (палітык)

Мала, даследаваны (праблема)

Мала, даследаваны, навука (праблема)

Гладка, паголены (твар)

Моцна, дзеючы (сродак)

Возера, балота (край)


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка