Прамежкавая справаздача па рэалізацыі педагагічнага праекта




Дата канвертавання12.05.2016
Памер90.14 Kb.


Дзяржаўная ўстанова адукацыі

“Забалацкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа Любанскага раёна”



Прамежкавая справаздача па рэалізацыі педагагічнага праекта

Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне вучняў на аснове этнакультурных традыцый і краязнаўства ў сістэме выхаваўчай дзейнасці ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі»



2014/2015 навучальны год

Забалаць, 2015

Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Забалацкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа Любанскага раёна” ў напрамку грамадзянска-патрыятычнага выхавання рэалізуе педагагічны праект “Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне вучняў на аснове этнакультурных традыцый і краязнаўства ў сістэме выхаваўчай дзейнасці ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі”.

Мэта педагагічнага праекта:

грамадзянска-патрыятычнае выхаванне вучняў праз фарміраванне этнакультурных і краязнаўчых кампетэнцый



Задачы, якія ставяць перад сабой удзельнікі праекта:

  • абудзіць цікавасць да гісторыі сваёй сям’і, умацаваць духоўныя і культурныя каштоўнасці;

  • развіць агульначалавечыя маральна-эстэтычныя каштоўнасці, уяўленні аб дабрыні, прыгажосці, мужнасці, працавітасці, адданасці Радзіме і свайму народу сродкамі вуснай народнай творчасці;

  • садзейнічаць развіццю цікавасці да традыцый і культуры Бацькаўшчыны, да яе сучаснага жыцця праз знаёмства з дэкаратыўна-прыкладнымі відамі мастацтва;

  • садзейнічаць нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці і павышэнню міжкультурнай талерантнасці праз вывучэнне народных традыцый, святаў, абрадаў;

  • фарміраваць грамадзянскую пазіцыю вучняў, жаданне стаць неабходнымі сваёй краіне.

У рэалізацыі праекта прымаюць удзел вучні 4, 9, 10 класаў і наступныя педагогі ўстановы адукацыі:


Прозвішча, імя, імя па бацьку

Пасада

Адукацыя

Кваліфікацыйная катэгорыя

Педагагічны стаж

Андруховіч Мікалай Мікалаевіч

дырэктар

вышэйшая

вышэйшая

23 гады

Навуменка Юлія Мікалаеўна

намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце

вышэйшая

першая

13 гадоў

Пархімовіч Ілона Іванаўна

настаўніца нямецкай мовы

вышэйшая

першая

7 гадоў

Кукраш Святлана Вячаславаўна

класны кіраўнік 4 класа, настаўніца пачатковых класаў

вышэйшая

першая

20 гадоў

Дзікун Тамара Іванаўна

класны кіраўнік 9 класа, настаўніца беларускай мовы і літаратуры

вышэйшая

першая

17 гадоў

Камушэнка Наталля Уладзіміраўна

класны кіраўнік 10 класа, настаўніца рускай мовы і літаратуры, беларускай мовы і літаратуры

вышэйшая

першая

13 гадоў

Праект разлічаны на тры гады: з 15 жніўня 2013 года па 15 чэрвеня 2016 года.

Першы этап – арганізацыйна-аналітычны – праходзіў з 15 жніўня 2013 года па 31 кастрычніка 2013 года. За гэты перыяд былі вызначаны ўмовы і механізмы ўкаранення педагагічнага праекта ва ўмовах выхаваўчай сістэмы ўстановы адукацыі, вызначаны склад удзельнікаў, форм і метадаў рэалізацыі праекта. Мерапрыемствы педагагічнага праекта былі ўключаны ў гадавы план работы ўстановы адукацыі. Была падабрана і вывучана метадычная літаратура па тэме праекта. Удзельнікі праекта распрацавалі модулі краязнаўчага і этнакультурнага накірункаў.

Другі этап – практычны – пачаўся 1 лістапада 2013 года і будзе ажыццяўляцца да 15 мая 2016 года.

У 2014/2015 навучальным годзе рэалізаваны наступныя модулі:


  • “Дакраніся да вытокаў” (4 клас), які маў на мэце вывучэнне рамёстваў мясцовага значэння;

  • “Сівая легенда” (9 клас) – збор і сістэматызацыя звестак аб мясцовых тапонімах;

  • праз дзейнасць модуля “Краязнаўчыя маршруты” (10 клас) – знаёмства з мясцовымі жыхарамі, якія абаранялі радзіму ў час Вялікай Айчынная вайны на фронце, у партызанскіх атрадах, у тыле ворага, экскурсіі ў межах і па-за межамі Любанскага раёна (дадатак 1).

У 2014/2015 навучальным годзе вучні 4 класа ў рамках модуля “Дакраніся да вытокаў” ажыццяўлялі экскурсіі, практыкумы, арганізоўвалі выставы, гульні, у працэсе якіх вывучалі рамёствы, традыцыі і звычаі вёскі Забалаць. Падчас гэтых мерапрыемстваў  вучні здолелі пераканацца, што вёскі і дагэтуль застаюцца невычэрпнай крыніцай фальклору, этнаграфіі, народных промыслаў. Да многіх пажылых людзей, якіх наведалі ў рамках модуля,  раней ніхто з даследчыкаў-этнографаў не прыходзіў, а ў іх, між іншым, уся хата ў вышыванках: расшыты бялізна, фіранкі, абрусы, ручнікі.

Праз экскурсію ў этнаграфічны пакой школы чацвёртакласнікі пазнаёміліся з асаблівасцямі беларускага ручніка, з тэхналогіяй яго вырабу, прызначэннем. У рамках творчага практыкуму адбылося знаёмства са старажытным рамяством выцінанкі і яго асаблівасцямі на тэрыторыі Беларусі, з асноўнымі спосабамі стварэння выцінанак і, у рэшце рэшт, дзеці самі навучыліся майстраваць цэласныя кампазіцыі.

Падчас творчай сустрэчы з мясцовымі майстрамі вучні 4 класа здолелі больш пільна прыгледзецца да добра знаёмых рэчаў, да чалавека з умелымі рукамі, далучыцца да сакрэтаў працы з дрэвам, скурай, тканінай, ніткамі і іншымі звычайнымі матэрыяламі. Рабяты пазнаёміліся з творчасцю Пархімовіч Т.Э., якая не толькі працягвае колішнія традыцыі, але яшчэ захапляецца бісерапляценнем і вырабам розных прадметаў з паперы.

На працягу 2014/2015 навучальнага года вучні 4 класа пазнаёміліся з рознымі відамі народнага мастацтва, яго нацыянальнымі і рэгіянальнымі асаблівасцямі, адзначылі тыя змены, якія адбыліся ў яго характары за апошні час (дадатак 2).

Даследаванне народных рамёстваў адлюстроўвае іх значэнне як каштоўнай гісторыка-этнаграфічнай крыніцы, якая дазваляе паглыбіць ўяўленні дзяцей аб этнічных асаблівасцях матэрыяльнай і духоўнай культуры народа, а таксама дае інфармацыю аб некаторых пытаннях этнакультурнай гісторыі.

Вучні 9 класа ў рамках модуля “Сівая легенда” пазнаёміліся з багаццем і самабытнасцю беларускай анамастычнай лексікі, прынцыпамі і відамі класіфікацыі тапонімаў і мікратапонімаў, адметнасцю ўтварэння беларускіх тапанімічных назваў, даведаліся пра шляхі станаўлення, развіцця і захавання беларускіх тапонімаў, што садзейнічала выхаванню беражлівага стаўлення да тапанімічнай спадчыны як помніка нацыянальнай культуры і духоўнасці.

На пачатку навучальнага года вынікі апытвання вучняў сярэдніх і старэйшых класаў нашай школы паказалі, што гісторыю ўзнікнення назвы нашай і навакольных вёсак, а таксама вытокі ўзнікнення назваў лясоў, палеткаў і урочышч у ваколіцах вёсак Забалаць, Юшкавічы ведае меншасць школьнікаў. Менавіта па гэтай прычыне аб’ектам даследавання выбрана тапаніміка, а прадметам даследавання – мясцовыя назвы (дадатак 3).

На працягу 2014/2015 навучальнага года вучні 9 класа змаглі:

• выявіць паходжанне назваў населеных пунктаў Любанскага раёна, водных і наземных аб'ектаў в. Забалаць і в. Юшкавічы;

• зрабіць іх словаўтваральны і лексічны аналіз;

• устанавіць заканамернасць узнікнення, развіцця і трансфармацыі (фанетычнай і марфалагічнай) некаторых назваў;

• паказаць сувязь тапоніма з гістарычным мінулым Беларусі, з гаспадарчай і духоўнай дзейнасцю нашага народа, з яго самабытнымі мовай і культурай;

• высветліць распаўсюджанасць запазычання з іншых моў.

Дзеля ўстанаўлення паходжання назваў былі задзейнічаны шматлікія і разнастайныя крыніцы: лінгвістычныя, геаграфічныя, гістарычныя, этнаграфічныя, фальклорныя, антрапанімічныя, энцыклапедычныя, літаратурныя творы і сучасная перыёдыка, вусныя сведчанні мясцовых старажылаў і ўласныя назіранні.

На аснове праведзенага падчас рэалізацыі модуля даследавання можна зрабіць высновы, што паколькі Любанскі раён узнік на месцы былых непраходных балот і лясоў, гэта знайшло сваё адлюстраванне ў геаграфічных назвах. Дзякуючы тапонімам, вучні малі магчымасць яшчэ раз зазірнуць у гісторыю роднага краю. Многія вёскі нашага раёна ў XX стагоддзі былі перайменаваны: Атраднае (да 1919 г. Бычкі), Вежанка (Вежын), Гуляева (да 1946 г. Пагной), Калінаўка (да 1939 г. Убібацькі), Канстанцінаўка (да 1944 г. - Серадзібар), Клянок (да 1969 г. - Чорная гразь), Крынічнае (да 1969 г. - Храсты), Лісцёнка (у пачатку XX ст. - Каромка), Чапаева (Княжая магіла, перайменавана ў гонар В.І. Чапаева).

Неабходна адзначыць, што магчымасці вывучэння гісторыі малой радзімы, сям’і на ўроках абмежаваны. А вось работа па рэалізацыі модуля “Краязнаўчыя маршруты” дазваляе арганізаваць розныя віды дзейнасці навучэнцаў для больш глыбокага засваення гістарычнага вопыту і актыўнага ўспрымання акружаючай рэчаіснасці з улікам сваёй, індывідуальнай праўды.

План работы вучняў 10 класа па даследаванні роднага краю ўключае 5 накірункаў дзейнасці:


  • адраджэнне гістарычнай памяці;

  • культурная спадчына;

  • старонкі ваеннай гісторыі;

  • славутыя імёны Бацькаўшчыны.

У рамках вуснага часопіса “Па слядах іх баявой славы” быў арганізаваны збор матэрыялу, дакументальных і рэчыўных рэліквій ваеннага часу. Вучні 10 класа працавалі ў фондах этнаграфічнага пакоя нашай установы адукацыі, сельскай і раённай бібліятэкі, праводзілі сустрэчы са сведкамі ваеннага ліхалецця, тэарэтычна (так як жывых ветэранаў у нашай мясцовасці ўжо няма) пазнаёміліся з людзьмі, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны абаранялі нашу зямлю ад ворагаў. Падчас правядзення вуснага часопіса вучні пазнаёміліся з лёсам жыхароў в. Забалаць і в. Юшкавічы, якія змагаліся ў партызанскіх атрадах(С.В. Шпіленя, М.Ф. Козак, В.М. Себа і інш.). Асобная старонка часопіса расказвае пра жыхароў вёскі, якія былі вывезены ў Германію (Марыя Меркулава, Ганна Бокшыц, Ліда Дарафеева, Соня Вашчыла і інш.).

Падарожжы па роднай весцы Забалаць і вёсцы Юшкавічы надоўга запомняцца навучэнцам. Гэта не проста пэўныя маршруты, а сустрэчы-гутаркі з жыхарамі вёсак, запіс цікавай інфармацыі аб былым жыцці і эканамічным развіцці рэгіёна ў пасляваенны час.

Адным з эфектыўных спосабаў развіцця цікавасці вучняў да гісторыі свайго краю і яго гераічнага мінулага з’яўляецца арганізацыя экскурсій, экспедыцый на больш працяглыя адлегласці з мэтай даследавання роднай Беларусі. Вучні пабывалі ў Брэсцкай крэпасці, Мінску, Белавежскай пушчы, Жлобіне, Нясвіжы і Міры (дадатак 4).

Падводзячы вынік працы ў 2014/2015 навучальным годзе, можна смела сцвярджаць, што краязнаўства прадстаўляе сабой вялікую лабараторыю, дзе можна арганізаваць самастойную работу вучняў, навучыць іх элементам даследавання, дапамагчы зразумець агульныя заканамернасці развіцця праз гісторыю роднага краю. Вучні, якія самі дабываюць краязнаўчыя матэрыялы, глыбей разумеюць традыцыі беларускага народа.

Праца, якая праводзілася ў рамках педпраекта ў бягучым навучальным годдзе садзейнічала ўмацаванню духоўных і культурных каштоўнасцей, павышэнню міжкультурнай талерантнасці, фарміраванню павагі да працаўнікоў вёскі і таленавітых суайчыннікаў, абуддзіла цікавасць да гісторыі роднай вёскі.

У наступным навучальным годзе ў рамках педпраекта запланавана правядзенне святаў “Багач”, “Каляды”, “Масленічны кірмаш”, фестываля народнай песні “Сузор’еў карагод”, конкурса-выставы “Пасхальнае яйка”.


Дырэктар М.М.Андруховіч




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка