Практыка фарміравання камунікатыўнай культуры навучэнцаў у кантэксце беларускага менталітэту




Дата канвертавання27.03.2016
Памер139.89 Kb.
Вайнілка М.Г.

(в.Альхоўка, Альхоўская СШ)


ПРАКТЫКА ФАРМІРАВАННЯ КАМУНІКАТЫЎНАЙ КУЛЬТУРЫ НАВУЧЭНЦАЎ У КАНТЭКСЦЕ БЕЛАРУСКАГА МЕНТАЛІТЭТУ
Адраджэнне Рэспублікі Беларусь як суверэннай дэмакратычнай дзяржавы, станаўленне новага грамадства патрабуюць новых падыходаў да выхавання падрастаючага пакалення, фарміраванне ў яго патрыятызму, актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

Хто такія беларусы, якога яны роду-племені, адкуль ідзе іх радавод?

Спецыфіка прыроды і клімату кожнай краіны заўсёды ўплывае на светаўспрыманне (менталітэт), характар яе народа. Што датычыцца Беларусі, то прырода нашага краю сапраўды мае такія адметныя рысы, якія адрозніваюць яе ад прыродных умоў суседніх краін. Беларусь вызначаецца раўнінным характарам сваёй тэрыторыі, належыць да зоны ўмерана-кантынентальнага клімату. Старажытнае насельніцтва Беларусі прыстасоўвала да прыродна-кліматычных умоў свае звычаі, абрады, працоўную дзейнасць, традыцыі. Таямнічы і вечна незмаўкальны шум вялізных, дрымучых лясоў і бароў, шматлікія глыбокія азёры, загадкава-жахлівыя балоты і дрыгва з цягам часу сфарміравалі ў беларусаў багатую фантазію, уражлівасць, некаторую містычнасць светапогляду. Мажліва, досыць моцная біялагічная энергетыка лясоў, асабліва хвойных, абумоўлівала знакамітую працавітасць і вынослівасць беларусаў. Псіхолагамі заўважана, што жыхары раўнінных тэрыторый найчасцей вызначаюцца спакойным, разважлівым характарам, што, безумоўна, можна сказаць і пра беларусаў. Пашырэнне хрысціянства, безумоўна, прыносіла ў ментальнасць жыхароў Беларусі новыя рысы. Хрысціянская вера паступова выпрацоўвала і прыкметна ўзмацняла у беларусаў сардэчнасць, міласэрнасць, гуманнасць, паважлівасць у адносінах да блізкіх, да старых, знямоглых, дзяцей.

Калі беларус хоча ўсвядоміць сябе беларусам, ён абавязкова звяртаецца да сваёй мовы, гтсторыі, культуры сваёй нацыі. Мы актыўна ўзяліся за адраджэнне вусна-паэтычнай спадчыны, хрысціянскай культуры. Загучалі старадаўнія песні, на святы гаспадыні дастаюць з куфараў прыгожыя посцілкі, кашулі, маладыя едуць да царквы вянчацца... Але... Для нас, беларусаў, самым ганебным прыніжэннем з’яўляецца сітуацыя, якая склалася з нашай мовай. Людзі не размаўляюць на роднай мове на працы, вуліцы, нават дома, не могуць пісаць па-беларуску дзелавыя паперы, атрымаць даведкі і розныя іншыя дакументы. А між тым... Памятаеце, што гаварыў Францішак Багушэвіч? “ Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!” і дадаваў: “Мова – адзежа душы”. А адзенне з душы не так проста здымаецца , як з цела. Адзенне з душы здымаецца разам з душою – вось у чым сакрэт. Калі не будзе беларускай мовы, не будзе і нас, беларусаў,не будзе нашага народа. “ Вымерла мова ў вуснах народа – вымер і народ”, - сурова, але слушна сказаў вялікі рускі педагог Канстанцін Ушынскі.

Адна з асноўных задач сучаснай школы – гуманістычнае развіццё асобы. Яно патрабуе выхавання высокай маўленчай культуры вучня, фарміравання камунікатыўных уменняў і навыкаў. Усё гэта забяспечвае эфектыўнасць моўных зносін у розных сферах грамадскага жыцця.

Неацэнная роля ў выхаванні і навучанні мове і культуры маўлення належыць асобе настаўніка, якую ніякімі найноўшымі і самымі дасканалымі тэхнічнымі сродкамі нельга замяніць. Менавіта настаўнік закладае падмурак будучыні мовы. Навучыць нашчадка чытаць, пісаць, гаварыць... Які гэта высакародны абавязак! Але ж праца настаўніка – гэта яшчэ і святое памкненне з кожнага чалавека стварыць асобу: прывучыць яго любіць сваю зямлю, свой народ, сваю мову, дапамагчы яму думаць, разважаць, паважаць сябе і іншых.

Мабыць, кожны настаўнік імкнецца праводзіць урокі, пазакласныя мерапрыемствы цікава і запамінальна, вучыць уласным прыкладам валодаць культурай мовы, з павагай адносіцца да слова, сур’ёзна ставіцца да чытання як крыніцы ведаў.Бо, як сказаў вядомы наш беларускі пісьменнік Васіль Вітка: “Юнак, дзяўчына, якім пашчасціла змалку сустрэць настаўнікаў і выхавацеляў, чуйных да хараства слова, праз усё жыццё будуць дзякаваць ім за душэўнае святло, за чысціню пачуццяў.”

Мова – канал інтэлекту чалавека, паказчык яго духоўнасці. Таму развіццю маўлення малодшых школьнікаў , культуры выражэння думкі ў сістэме навучання роднай мове павінна надававацца вялікая ўвага не толькі на ўроках, але і ў пазаўрочны час. Адным з накірункаў працы з’яўляецца фарміраванне навыкаў маўленчага этыкету. Сукупнасць правілаў паводзін, якія датычаць знешніх праяў у адносінах да людзей, называюць этыкетам. Слова “этыкет” французскага паходжння. Яно азначае “ярлык”, “этыкетка”. У эпоху феадалізму пад этыкетам разумелі збор правілаў, рэгулюючых паводзіны арыстакратыі.

Праходзілі гады, стагоддзі. Кожны народ уносіў у развіццё міжнароднага этыкету ( эталонам у старажытнасці лічыўся грэчаскі этыкет ) свой нацыянальны каларыт. Значны ўклад у развіццё этыкету (культуры маўлення, культуры паводзін ) унеслі прагрэсіўныя вучоныя, пісьменнікі, педагогі. Яны імкнуліся зрабіць правілы зносін паміж людзьмі абавязковым элементам, надаць этыкету высокамаральную, гуманную аснову.

Такім чынам, маўленчы этыкет складаюць выпрацаваныя грамадствам правілы маўленчых паводін, абавязковыя для ўсіх яго членаў, нацыянальна спецыфічныя.

Беларусы здаўна вызначаліся шчырай ўзаемнай ветлівасцю, абменам добрымі пажаданнямі пры сустрэчы, развітанні і г.д. Дзяцей неабходна вучыць правілам паводзін у такіх сітуацыях.

Мы часта ляніва ставімся да свайго маўлення. Не хочам, а часта і не можам падабраць больш дакладнае слова, каб поўна, культурна, з захаваннем правілаў этыкету выказаць сваю думку. Вядома, што маўленчы этыкет, некаторыя яго бакі, часта ахоплівае даволі значны сінанімічны рад. І калі чалавек часам хапаецца за першае, што імгненна прыходзіць у галаву, тады можа змяніцца не толькі сэнс выказвання, але і ўвогуле згубіцца думка. Так можна адштурхнуць ад сябе суразмоўцу. Значыць, неабходна ўзбагачаць маўленне дзяцей такімі ветлівымі словамі і канструкцыямі, якія патрэбны ў першую чаргу для паўсядзённых зносін.

Варта адзначыць, што пры падборы лексічнага матэрыялу вялікае значэнне мае не толькі змест, але і форма. Значна лепш дзеці ўспрымаюць кароткія вершы, сціслыя апавяданні, невялікія ўрыўкі з казак, выразныя прыказкі. Такія прыклады хутка запамінаюцца, а пры неабходнасці лёгка актуалізуюцца. Так, да формул ветлівасці можна звярнуцца на ўроку пасля знаёмства з вершам Т.Кляшторнай “Ветлівыя словы”.

Калі ласка! Дзякуй!

Добры дзень-

Ветлівыя словы

Чую ад людзей.

Я таксама буду

Імі даражыць.

З ветлівымі словамі

Лёгка жыць.

Прачытаўшы верш, настаўнік звяртаецца да дзяцей:



  • Вы заўважылі, што вельмі часта людзі ўжываюць словы і выразы ветлівасці:

прабачце, даруйце, калі ласка, дзякуй. Нават на працягу толькі аднаго дня вы чуеце шмат розных ветлівых слоў. Вось паслухайце, як пачынаецца дзень у сям’і.

  • Добрай раніцы! Пара ўставаць, сынок ( дачушка),- паднімае вас раніцою

матуля.

  • Добрай раніцы, мамачка! – адказвае кожны з вас.

Так пачынаецца дзень. Пасля снедання вы спяшаецеся ў школу. Па дарозе сустракаеце сяброў і чуеце:

  • Прывітанне, Алесь!

  • Добрай раніцы, дзяўчынкі!

  • Добры дзень, Алена!

Вось вы і ў школе. Разам з іншымі вучнямі вітаеце настаўніцу.

Так коратка, эмацыянальна, як бы абагульняючы тое, што вучні неаднойчы чулі ці самі вымаўлялі, настаўнік даносіць да свядомасці дзяцей розныя формы прывітання. Немусова створаная пэўная маўленчая сітуацыя абуджае мысленне дзяцей, таму абмен думкамі праходзіць захоплена, актыўна. Падагуліўшы ўсё, настаўнік падводзіць вучняў да вываду: ветлівасць аблягчае зносіны паміж людзьмі, стварае атмасферу культуры і павагі адзін да аднаго; выхаваны вучань падрабязна і з ахвотай адкажа на пытанне ці просьбу, звернутыя да яго, уважліва выслухае зробленую яму заўвагу. Пасля такога абагульнення настаўнік працягвае думку далей:



сапраўды, у ветлівасці закладзена вялікая моц: заўсёды хочацца пайсці насустрач ветліваму чалавеку, дапамагчы яму, зрабіць прыемнае. Але любая форма ветлівасці цэніцца толькі пры ўмове адкрытасці, перабольшванне ў ветлівасці ці “халодная” ветлівасць без павагі і любові да людзей пакідаюць непрыемнае ўражанне.

Частае правядзенне на ўроках “мінутак” культуры маўлення найбольш хутка прыводзіць да поспеху. Настаўніку варта часцей выкарыстоўваць матэрыял накшталт напамінку. Напрыклад: “ Перад тым, як легчы спаць, пажадай бацькам, братам, сёстрам, бабулі, дзядулі, - словам, усім, з кім разам жывеш, добрай ночы або дабранач. І яшчэ: калі ты ўжо ў ложку, успомні, што добрае ты зрабіў за дзень. Заплюшчы вочы і пажадай дабранач усім людзям на Зямлі, што сабраліся адпачываць. Няхай ноч для іх будзе спакойнай.”

Спецыяльныя практыкаванні, накіраваныя на авалоданне маўленчым этыкетам, як правіла, не даюць за кароткі тэрмін відавочнага эфекту. Тут патрэбна працяглая, карпатлівая праца, якая, па магчымасці, павінна спалучацца з граматычным матэрыялам урока. Так, пры вывучэнні тэмы “Мінск – сталіца Беларусі” мэтазгодна паведаміць дзецям пра паводзіны ў грамадскім транспарце і на вуліцы. Дзеці звычайна з цікавасцю ўдзельнічаюць у гутарцы, успамінаюць розныя сітуацыі са свайго жыцця. Вось невялікі фрагмент такой працы на ўроку.


  • Як запытаць у незнаёмага чалавека, калі хочам даведацца, якая цяпер

гадзіна? ( Скажыце, калі ласка, якая зараз гадзіна?)

  • Як звярнуцца з просьбай, каб вам падказалі дарогу да пэўнага месца? (

Даруйце за турботу, скажыце, калі ласка, якім маршрутам тралейбуса даехаць да вакзала? Прабачце,калі ласка, як мне зручней даехаць да вакзала?).

  • Як лепш выказаць падзяку за аказаную паслугу? (Дзякуй! Вялікі дзякуй!

Шчыра ўдзячны вам!)

Трэба помніць, што шаблон тут нельга дапускаць, бо механічнае завучванне моўных штампаў не прынясе карысці, не надасць сапраўднай паўнаты праяўлення тых якасцей, якія выражаюць належную культуру паводзін. Тут дарэчы будзе выдзеліць ветлівасць, такт, далікатнасць. Гаворачы аб іх, мы разважаем аб духоўным багацці чалавека, рэзервах яго душы, аб сяброўстве, працы, творчасці. Значыць, ветлівасць – гэта ўжо штосьці значна большае, чым простае прытрымліванне прынятых у грамадстве нормаў этыкету, гэта яшчэ і праяўленне пачуццяў. Выхаваныя людзі заўсёды мяккія, далікатныя, памяркоўныя, паважаюць асобу і зычаць ёй здароўя і дабрабыту.

Вядома, што авалоданне нормамі маўленчага этыкету – працэс творчы, складаны.Ён магчымы толькі пры належнай арганізацыі заняткаў, мэтанакіраваным і паслядоўным правядзенні сістэмы спецыяльных практыкаванняў з выкарыстаннем узорнага моўнага матэрыялу, накіраванага на выхаванне у школьнікаў культуры камунікатыўных зносін і ўзбагачэнне іх духоўнага патэнцыялу.

Сучасныя праграмы па беларускай мове накіраваны на фарміраванне моўнай асобы. Пры навучанні роднай мове вялікая ўвага надаецца маўленчай дзейнасці вучняў, рэалізацыі іх камунікатыўных намераў. На ўроках мовы адбываецца развіццё маўленчых здольнасцей вучняў. У сувязі з гэтым мэтазгодна актыўна практыкаваць розныя вучэбныя сітуацыі з пэўнымі маўленча-камунікатыўнымі намерамі, якія імітуюць рэальны працэс суразмоўніцтва, мадэліруюць моўныя паводзіны чалавека ў розных жыццёвых сітуацыях. Важнае значэнне мае прыём апісання камунікатыўнай сітуацыі і актыўнае ўключэнне вучняў у ролевую гульню. Спецыяльна створаная вучэбная камунікацыя дапамагае школьнікам набыць навыкі выкарыстання моўных адзінак у набліжаных да рэальнага жыцця умовах.

Асноўная камунікатыўная адзінка – тэкст. Праз тэкст чалавек выражае сябе як асобую Тэксты служаць узорам і стымулам пабудовы самастойнага выказвання, дэманструюць функцыянаванне моўных адзінак усіх узроўняў.

Прапаную прыклады камунікатыўна арыентаваных практыкаванняў.



  1. Аб’яві навіну. Вучні рыхтуюць паведамленне на тэму “Да нас едуць

госці з-за мяжы” і паведамляюць гэтую навіну з рознай мэтавай устаноўкай: а) расказаць навіну шэптам на вуха суседу, нібы гэта сакрэт; б) аб’явіць навіну на класным сходзе.

  1. Прыдумайце невялікае фантастычнае апавяданне пра чарадзейны

каменьчык, які трапіў вам у рукі і можа выканаць любое жаданне.

  1. Складзіце тэкст рэкламнага праспекта турыстычнага маршруту

“Славутыя мясціны Беларусі”.

  1. Складзіце тэкст рэкламнага “хваласлова” пра любімую газету ці

часопіс, які вам хацелася б парэкамендаваць сваім таварышам.

  1. Уявіце, што вы з’яўляецеся ўдзельнікам конкурсу тэлевядучых

рубрыкі “Надвор’е”. Складзіце тэкст выступлення, уключыце ў яго народныя прыкметы.

Камунікатыўныя заданні можна выкарыстоўваць пры вывучэнні ўсіх раздзелаў школьнага курса мовы. Актыўнае выкарыстанне камунікатыўных сітуацый, спрагназаваных на тую ці іншую граматычную форму, станоўча паўплывае на развіццё звязнай вуснай і пісьмовай мовы вучняў, на выхаванне культуры маўлення, дазволіць сфарміраваць асобу, здольную не толькі засвойваць гатовую інфармацыю, але і творча адносіцца да яе.

Добрым матэрыялам для развіцця маўленчай дзейнасці малодшых школьнікаў служаць творы беларускага фальклору. Сёння, калі ў краіне ідзе адраджэнне нацыянальнай культуры, нацыянальнай самасвядомасці, калі мяняецца наша мысленне, ідзе пераацэнка каштоўнасцей, мы ўсё часцей звяртаемся да спадчыны свайго краю, яго гісторыі, культуры. Менавіта там карані беларуса. Асаблівую ўвагу павінны ўдзяляць гэтаму і нашы школы. Іх павінны жывіць перш за ўсё народныя крыніцы, якія здольныя дапамагчы дзецям не толькі вывучыць беларускую мову, але і спасцігнуць светапогляд і душу свайго народа, яго далікатнасць і мудрасць, яго гумар і сардэчнасць, таленавітасць і працалюбства. У многім ад настаўніка залежыць, ці будуць дзеці з вялікім задавальненнем гуляць у беларускія народныя гульні, далучацца да незвычайнага свету беларускіх казак, што існуюць на роднай зямлі стагоддзі, ці будуць спяваць беларускія песні, чытаць беларускую літаратуру.

З дапамогай народных песен дзеці спасцігаюць багатую гукавую афарбоўку, прыгожыя гукаперайманні. На аснове загадак вучні назіраюць над слоўна-вобразным пераасэнсаваннем звыклых рэчаў і з’яў у паэтычныя вобразы. У рабоце з забаўлянкамі вызначаецца асноўны тон іх гучання, памяншальна-ласкальныя суфіксы, эпітэты. З гэтай мэтай дзецям прапаноўваецца скласці ланцужок ласкавых слоў, ланцужок прыгожых слоў, слоўнае маляванне пэўнага персанажа. У працэсе работы над жартоўнымі песнямі прапаную пераўтварыць жартоўную песню ў звычайную, паставіць усе незвычайнасці на свае месцы. Знаёмства з прыказкамі суправаджаецца вызначэннем прыгожых параўнанняў, эпітэтаў, сінонімаў. На гэтых занятках увагу дзяцей звяртаю і на сінтаксічныя сродкі мастацкай выразнасці. Для гэтага выхаванцам прапаноўваю памяняць месцамі словы ў прыказцы, сказаць яе з пытальнай, клічнай, апавядальнай інтанацыяй. Напрыклад, у час знаёмства з прыказкай у вучняў пытаюся, якія ласкавыя словы яны ведаюць. Пры гэтым заўважаю, што ў народзе кажуць: “Ласкавае слова, што дзень ясны”. Затым удакладняю: з чым параўноўваецца ласкавае слова ў прыказцы? Чаму? Чаму менавіта такое параўнанне народ прыдумаў для ласкавага слова? Якім бывае ясны дзень? Раскажыце пра яго словамі, падобнымі па значэнні. З якімі яшчэ прыкметамі вы параўналі б ласкавае слова? А з якімі б не параўноўвалі?

Для фарміравання выразнасці маўлення я выкарыстоўваю гульні-карагоды і гульні-драматызацыі. Малодшых школьнікаў вабіць іх песеннасць і драматызаванасць дзеяння. Удзел у гульнях (“Бярока”, “Заінька”) спрыяе ўзбагачэнню слоўніка дзяцей вобразнымі эпітэтамі, пяшчотнымі ласкавымі словамі.

Асноўнай формай работы па развіцці выразнага і вобразнага маўлення ў працэсе тэатральна-мастацкай дзейнасці з’яўляецца гульня-драматызацыя, якая разам з гульнявой матывацыяй вызначаецца і сваёй камунікатыўнай накіраванасцю. У якасці літаратурнага матэрыялу бяру беларускія народныя казкі. Яны з’яўляюцца цудоўным матэрыялам для выпрацоўкі ўмення слухаць субяседніка, развіцця маўленчага слыху, авалодання нормамі ветлівасці. Народныя казкі выклікаюць эмацыянальны водгук, узбагачаюць духоўны свет дзіцяці, рыхтуюць яго да рэальнага жыцця. Менавіта праз казку дзеці дакранаюцца да жыцця, культуры, побыту нашых продкаў.Казкі з’яўляюцца найбагацейшым скарбам, у якім увасоблены мудрасць і мастацкі талент народа, глыбокі роздум чалавека над жыццём, яго вопыт і назіранні за навакольнай рэчаіснасцю. Народная казка садзейнічае развіццю эстэтычных пачуццяў, без якіх немагчама высакароднасць душы, суперажыванне, чуласць да чалавечых пакут. Дзякуючы казцы дзеці пазнаюць свет не толькі розумам, але і сэрцам. Вызначана, што разуменню дзецьмі народных казак спрыяе мэтанакіраваны адбор лексікі па іх змесце, а таксама наяўнасць станоўчых эмацыянальных стымулаў па пошуку дзецьмі адпаведных слоў і фраз, калі яны адказваюць на пытанні па тэксце. Увядзенне лексікі пэўнай семантычнай групы павінна быць матываваным, выклікана камунікатыўнымі патрэбамі дзяцей. Вучням прапаную дома стварыць па ўзору прачытаных уласную казку. Абавязковае патрабаванне: сцвярджаць народны ідэал дабра і справядлівасці, а таксама ўжываць у тэксце характэрныя для гэтага жанру вуснай народнай творчасці кампазіцыйна-моўныя асаблівасці: зачыны, канцоўкі, паўторы, эпітэты і памяншальна-ласкальныя словы. Дзеці з вялікай ахвотай выконваюць такія заданні. Карысць ад іх відавочная: вучні атрымліваюць магчымасць паспрабаваць свае сілы ў літаратурна-мастацкай імправізацыі і зрабіць абагульнена-мастацкую ацэнку паводзін і учынкаў казачных персанажаў.

Радзіма, Бацькаўшчына, бацькоўскі край, родная зямелька, родны кут. Кожны чалавек тое месца, дзе яму адкрыўся свет, лічыць асаблівым, ні з чым не параўнаным і зберагае яго вобраз у духоўным зроку да скону.

Што мне пекны Парыж,

Рым панадны і слынны,

Што Альпійскія горы, старыя Афіны,

Што мне Вена, Мадрыд,

Што мне Лондан туманны?

Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы!

Гэтыя радкі В. Дуніна-Марцінкевіча характарызуюць ментальнасць беларускага патрыёта, які меў мажлівасць пазнаёміцца з хараством еўрапейскіх культурных цэнтраў.

Патрыятычнае выхаванне – важны накірунак дзейнасці працы настаўніка і класнага кіраўніка. Шырокія магчымасці для патрыятычнага выхавання малодшых школьнікаў адкрываюць урокі літаратурнага чытання. Праз мастацкія творы юны чытач уваходзіць у сферу чалавечых адносін, далучаецца да маральных каштоўнасцей, вучыцца адчуваць хараство роднага краю, разумець, што родная мова – гэта яго спадчына, якую трэба берагчы і захоўваць. Кніга абавязкова павінна заставацца падручнікам жыцця для падрастаючага пакалення. Яна дапамагае развіваць фантазію, прымушае мадэліраваць сітуацыю і такім чынам выхоўвае здольнасці да адпаведнага мыслення, абагачае інтэлектуальны патэнцыял маладога чалавека, яго маральныя якасці. Кніга перадае бясцэнны, назапашаны стагоддзямі вопыт чалавецтва кожнаму з нас індывідуальна.

Кожны ўрок, пазакласнае мерапрыемства варта накіроўваць на выхаванне ў дзяцей спачувальнасці, дабрыні, тактоўнасці адносін. Беларусь ва ўсе часы была багатая на добрых людзей. Дабрыня людзей, імкненне дапамагчы асабліва актуальныя ў сучасных умовах.. “ Дабрыні трэба вучыць, як грамаце”, адзначаў В.А.Сухамлінскі. Выхаванне актыўнай дабрыні заўсёды было важным для грамадства.

Бацькі - першыя настаўнікі маральнасці сваіх вучняў. Пашанцавала таму, хто рос у доме, дзе працавітасць – лад жыцця. Двойчы пашанцавала таму, хто рос з людзьмі, чый лад жыцця – прыносіць дабро іншым. А калі не так? На жаль, бацькі не заўсёды задумваюцца, як важна выхоўваць у дзяцей дабрыню, і часам самі не падаюць прыкладу станоўчых паводзін. Тут можна назваць некалькі прычын: недахопы выхавання, неразуменне сутнасці дабрыні, маральная непісьменнасць людзей.

Таму так важна і неабходна маральнае выхаванне на ўроках і ў пазаўрочны час. Вельмі цікава праходзіць гутарка, у час якой разам з вучнямі вызначаем, які ён, добры чалавек, якімі якасцямі валодае. Дабрыня пачынаецца з добрых адносін да ўсяго жывога – галоўная думка такіх гутарак.

Адзін з урокаў пачынаецца з пытання да вучняў: Хто раніцай звычайна іх будзіць? Вучні адказваюць: сонейка і мама, прычым сонейка сагравае промнямі, а мама – добрымі, ласкавымі словамі. Дабрыня звычайна ў дзяцей асацыіруецца з нечым цёплым, ласкавым. Затым вучні фантазіруюць, уяўляюць сябе чараўнікамі. “А што рабіць у тых выпадках, калі вы сустрэліся са злом?”- пытаюся ў вучняў. Прапановы пасыпаліся самыя розныя, але ў асноўным “караючага” плана. І вось тут узнікае пытанне: ці неабходна на зло адказваць злом? Што, кала людзі забудуць пра дабрыню, любоў? Разам з вучнямі прыходзім да высновы, што трэба часцей гаварыць словы дабрыні, спагады, клапаціцца аб захаванні прыгажосці, імкнуцца рабіць дабро іншым.

Сённяшнія вучні жывуць у 21 стагоддзі. Якімі яны стануць – добрымі, спагадлівымі ці людзьмі-робатамі, якіх зараз часта можна ўбачыць на экранах тэлевізараў? А, можа нам наканавана знікнуць у ядзерным кашмары, ператварыць нашу планету ў могілкі чалавечага розуму? Кажуць, што кропля дробіць камень не сілай, а частым паданнем. І калі дзень за днём, урок за ўрокам вучань будзе чуць пра добразычлівасць, беражлівыя адносіны да навакольнага асяроддзя, міласэрнасць, то, безумоўна, гэтыя словы застануцца ў яго сэрцы, дапамогуць яму стаць больш чулым, спагадлівым.



Сёння, калі мы жывём у нялёгкі час палітычных і эканамічных перамен, думаецца варта нагадаць тры важныя катэгорыі, якія асветнік Францыск Скарына, іншыя славутыя людзі эпохі Адраджэння, лічылі трыма слупамі, на якіх трымаецца гармонія свету – Розум, Справядлівасць і Хараство.

І ўсё ж разам з тым, не лішне будзе ўспомніць і біблейскі выраз: спачатку было слова. Кожнае слова пачынаецца з літар, мае лексічнае значэнне. І засвоіць гэта без дапамогі дарослых маленькаму чалавеку проста немагчыма, як і зрабіць першыя крокі. І менавіта мы, бацькі, настаўнікі, павінны данесці да нашых маленькіх сяброў-выхаванцаў беларускае слова, якое “ і бурліць, і кіпіць, і хадуном ходзіць. Яно даганяе і абрушваецца на нас, як лівень, як вадаспад, як сонца, яно ахоплівае і зачароўвае тысячамі фарбаў і гукаў, тысячамі адценняў і пераліваў”.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка