Прадмет: хімія Клас: 7 Тэма: “Састаўленне ўраўненняў хімічных рэакцый”




Дата канвертавання20.03.2016
Памер143.95 Kb.
Матусевіч Інэса Станіславаўна,

настаўнік хіміі

ДУА “Астроўскі НПК сярэдняя школа-дзіцячы сад Нясвіжскага раёну”

Прадмет: хімія

Клас: 7

Тэма: “Састаўленне ўраўненняў хімічных рэакцый”

Тып урока: камбінаваны

Мэта: замацаванне і развіццё практычных ўменняў і навыкаў па састаўленні ўраўненняў хімічных рэакцый
Задачы:


  • Стварыць умовы для развіцця ўяўленняў навучэнцаў аб законе захавання масы рэчываў, аб ураўненнях хімічных рэакцый;

  • Замацаваць і развіць уменне састаўляць ураўненні хімічных рэакцый;

  • Вывучыць алгарытм састаўлення ўраўненняў хімічных рэакцый;

  • Сфарміраваць уменне расстаноўкі каэфіцыентаў ва ўраўненнях хімічных рэакцый;

  • Прадоўжыць развіццё ўменняў назіраць, слухаць і чуць, аналізаваць, параўноўваць, рабіць высновы;

  • Выхоўваць камунікатыўнасць, самастойнасць, адказнасць, грамадзянскія пачуцці.


Абсталяванне і рэактывы: камп’ютар, мультымедыйная ўстаноўка, раздатачны матэрыял, прэзентацыя, набор рэактываў
Ход урока


  1. Арганізацыйны момант.

Дыдактычная задача: падрыхтоўка навучэнцаў да працы на ўроку

Урок пачынаецца з музычнага фрагмента “Хвілінка” Шапэна. Настаўнік вітае дзяцей.



Настаўнік:

Дарагія рабяты! Пакуль вы займалі свае месцы за партамі, гучаў музычны эцюд Шапэна “Хвілінка”. Вам хапіла хвілінкі для таго, каб падрыхтавацца да ўрока. Сапраўды, за хвілінку можна паспець многае: зрабіць важны тэлефонны званок, закахацца, паспрачацца, зрабіць адкрыццё, пачаць урок.

Я вітаю вас! Сёння ў нас на уроку прысутнічае шмат гасцей. Мы заўсёды рады гасцям, таму вашы ўсмешкі, сябры, падораныя шаноўным педагогам, будуць лепшым праяўленнем нашай з вамі гасціннасці. Дзякуй, сядайце, калі ласка.
ІІ. Матывацыя
Дыдактычная задача: зацікавіць навучэнцаў вучэбным матэрыялам; вызначыць мэту і задачы ўрока

Настаўнік:

Жыццё вучыць тых, хто яго вывучае. Хімія – адна з навук, якая вельмі цесна звязана з жыццём, прыродай. Давайце ж прадоўжым вывучэнне гэтага цудоўнага прадмета. Я жадаю ўсім поспехаў і плённай працы!

Мы зусім нядаўна прыступілі да вывучэння хіміі, але ўжо паспелі прайсці сцяжынкамі вялікіх вучоных і адкрылі для сябе ўсеагульны закон прыроды. Успомніць гэты закон, яго аўтараў, паўтарыць сутнасць і навучыцца выкарыстоўваць на практыцы пры састаўленні ўраўненняў хімічных рэакцый – асноўная мэта нашай работы.

Аднак пачнем наш урок з хімічнай размінкі.


ІІІ. Хімічная размінка

  1. Практыкаванне “Угадай!”

Настаўнік: У пэўным парадку я буду называць хімічныя элементы: кісларод, магній, кальцый, натрый, алюміній, вадарод, ртуць, жалеза, фосфар, калій, азот, сера, фтор, кісларод. Паслядоўна злучаючы іх, вы павінны ўгадаць зашыфраваны малюнак
c:\users\123\desktop\cb07567ed48e.gif
c:\users\123\desktop\976d1dd6e40e.gif

Калі вы паспяхова справіліся з заданнем, скажыце сабе ў думках: “Я – малайчына”.




  1. Практыкаванне “Прачытай правільна формулу”

СН4 H2SO4 BaO HNO3 Р2O5


МgCO3 Al(OH)3 FeCl3 Сa(OH)2 Na2SO3


  1. Гульні з мячом: “Назаві валентнасць”, “Знайдзі НАК”


ІV. Актуалізацыя ведаў, уменняў і навыкаў.

Дыдактычная задача: актывізаваць паняцці «фізічныя і хімічныя з’явы, хімічная рэакцыя», размежаваць дадзеныя паняцці; ацаніць падрыхтаванасць навучэнцаў да ўспрыняцця новага матэрыялу

Настаўнік:

А зараз давайце ўспомнім, што мы ведаем.



(Мінісцэнка з удзелам двух вучняў, якія вядуць дэбаты: хто ж адкрыў закон)

Сідарэвіч: Дзяніс, хочаш, я табе раскажу пра французкага хіміка,члена Парыжскай акадэміі навук, які нарадзіўся ў 1743 годзе. Ён сістэматычна выкарыстоўваў у хімічных даследаваннях колькасныя метады. Эксперыментальна даказаў састаў паветра. Прапанаваў назву “Кісларод” і выявіў ролю кіслароду ў працэсе гарэння, абпальвання металаў і дыхання. І гэта яшчэ не ўсё… У 1789 годзе ён устанавіў, што з паветра да металу далучаецца кісларод. Лічу, што адзін з важнейшых законаў прыроды павінен насіць яго імя

Акулаў: Алёна! Я таксама ведаю аднаго вучонага-хіміка, праўда, рускага. І не менш геніяльнага, паколькі ён яшчэ і фізік, філосаф і паэт. Гэты вучоны ўзбагаціў усе вобласці ведаў. Многія яго ідэі больш чым на 100 гадоў апярэдзілі навуку таго часу. А нарадзіўся ён у 1711 годзе. Вучоны даў першае правільнае тлумачэнне такім з’явам як маланка, Паўночнае ззянне. Сканструяваў розныя аптычныя прыборы і інструменты. Яго распрацоўкі ў вобласці геалогіі, горнай справы, металургіі, геаграфіі занялі дастойнае месца. Ён - пераўтваральнік рускай літаратурнай мовы, заснавацель Маскоўскага ўніверсітэта. У 1748 годзе, награваючы метал у адкытай рэторце, ён устанавіў, што маса метала павялічылася за кошт злучэння з кіслародам паветра. І закон, аб якім ты гаворыш, ён адкрыў на 40 гадоў раней, таму павінен насіць яго імя…

Настаўнік:

Сябры, давайце спынім гэтую спрэчку, прысядзьце, калі ласка. Час усё раставіў па сваіх месцах.



Франтальная гутарка

Па-першае, аб якім законе ідзе размова? (Адказ: закон захавання масы рэчываў).

Па-другое, якіх вучоных мелі на ўвазе Дзяніс і Алёна? (Адказ: Антуана Ларана Лавуазье і Ламаносава Міхаіла Васільевіча. Дэманстрацыя партрэтаў).

І паколькі адзін і той жа закон адкрыты двума вучонымі, незалежна адзін ад другога, ён атрымаў імя закона … Падкажыце, калі ласка? (Адказ: Лавуазье-Ламаносава).



Хто нагадае сутнасць дадзенага закона? Маладцы!

Для чаго мы вывучаем закон захавання масы рэчываў?

Адказы:

  • Каб падцвердзіць, што рэчывы не ўтвараюцца з нічога і не знікаюць бясследна, а пераўтвараюцца ў іншыя рэчывы шляхам пераразмеркавання атамаў рэагентаў і прадуктаў рэакцыі.

  • Каб правільна састаўляць ураўненні хімічных рэакцый і праводзіць па іх разлікі

Ці мае гэта якую практычную значымасць?

Адказы: гэта дазваляе планаваць развіццё галін народнай гаспадаркі, рабіць прагнозы па стварэнні новых рэчываў з неабходнымі ўласцівасцямі

Настаўнік:

Мы з вамі таксама пазнаёміліся з фізічнымі і хімічнымі з’явамі, прыкметамі іх працякання, а таксама хімічнымі ўраўненнямі.

Вашу падрыхтаванасць да ўрока праверым праз выкананне невялікай тэставай работы (5 хвілін)

Звярніце ўвагу: у кожнага на стале ляжыць сшытак на друкаванай аснове, у якім вы сёння будзеце працаваць. Падпішыце яго. На апошняй старонцы - ацэначны ліст, у якім вы будзеце адзначаць свае дасягненні.



Ацэначны ліст


Этапы работы

Колькасць балаў

Тэст “Фізічныя і хімічныя з’явы. Хімічнае ўраўненне”

8

Шыфроўка (заданне па варыянтах)

6

Складзі хімічнае ўраўненне

1

Гульня “Так-Не”

7

Бонусы

13







Агульная колькасць балаў

35


Тэст па тэме

Фізічныя і хімічныя з’явы. Хімічнае ўраўненне”


1. Чым хімічныя рэакцыі адрозніваюцца ад фізічных з’яў?

а) змяненнем формы, агрэгатнага стану рэчыва

б) утварэннем новых рэчываў

в) змяненнем месца размяшчэння рэчыва

2. Укажыце прыкметы хімічнай рэакцыі?

а) Утварэнне асадка, змяненне колеру, выдзяленне газу

б) Намагнічванне, выпарэнне, ваганне

в) рост і развіццё, рух, размнажэнне

3. Хімічнае ўраўненне – гэта

а) умоўны запіс хімічнай рэакцыі

б) умоўны запіс саставу рэчыва

в) запіс умовы хімічнай задачы

4. Каэфіцыенты – гэта

а) лікі, якія паказваюць колькасць атамаў канкрэтнага хімічнага рэчыва , якое ўступіла ў рэакцыю;

б) лікі, якія стаяць перад формуламі ва ўраўненні і служаць для ўраўнівання ліку атамаў у левай і правай частках ураўнення;

в) лікі, якія паказваюць масу хімічнага рэчыва, якое ўступіла ў хімічную рэакцыю

5. Пры напісанні хімічных ураўненняў выкарыстоўваюцца знакі:

а) + ,=,


б) β, π

в)× ≤


6. Рэчывы, якія ўступаюць у хімічную рэакцыю, называюцца:

а) рэагенты

б) прадукты рэакцыі

в) простыя рэчывы

7. Рэчывы, якія ўтварыліся ў ходзе хімічнай рэакцыі, называюцца:

а) рэагенты

б) прадукты рэакцыі

в) простыя рэчывы

8. Устанаві адпаведнасць:

а Хімічны элемент 1 Хімічнае ўраўненне

б Рэчыва 2 Хімічны сімвал

в Хімічная рэакцыя 3 Хімічная формула



Настаўнік

А зараз памяняйцеся сшыткамі і выканайце ўзаемаправерку. За кожны правільны адказ – 1 бал. Агульную колькасць балаў занясіце ў ацэначныя лісты.



Зрокавая гімнастыка

V. Вывучэнне новага матэрыялу.

Настаўнік

А зараз прыйшоў час навучыцца складаць ураўненнні хімічных рэакцый, выкарыстоўваючы веды, якія мы толькі што закранулі. Адначасова паспрабуем раскрыць праблему: Ці з’яўляецца закон захавання масы рэчываў асновай для састаўлення ўраўненняў хімічных рэакцый? Нагадаем яго яшчэ раз: вучні хорам адказваюць.

Разгледзім, як можна саставіць хімічнае ўраўненне на прыкладзе рэакцыі медзі з кіслародам

Дэманстрацыя рэакцыі

Давайце паспрабуем адлюстраваць тое, што мы ўбачылі: я на дошцы, а вы – з дапамогай падрытаваных схем-загатовак.

Запішам злева формулы зыходных рэчываў, справа – прадуктаў рэакцыі. Зыходныя рэчывы злучым знакам плюс, левую і правую частку – з дапамогай стрэлкі.

Cu + O2 → CuO



(Вучні ў гэты час працуюць са схемамі)

Падобны выраз называюць схемай хімічнай рэакцыі. Ураўненнем яго нельга назваць. Чаму? (Адказ: таму што не выконваецца закон захавання масы рэчываў, згодна якому атамы ў ходзе рэакцыі не знікаюць бясследна, а адбываецца толькі іх перагрупоўка). Ва ўраўненне ён пераўтворыцца толькі тады, калі лік атамаў кожнага элемента да рэакцыі і пасля стане аднолькавым. Як гэта зрабіць? (Адказ: з дапамогай каэфіцыентаў) Паставім перад CuO каэфіцыент 2. Зноў падлічым атамы, выкарыстаўшы наступнае правіла: каб вызначыць колькасць атамаў хімічнага элемента, патрэбна каэфіцыент памножыць на індэкс, які стаіць пасля сімвала. Цяпер да рэакцыі стала менш Cu, таму перад формулай медзі паставім каэфіцыент 2. Толькі зараз стрэлку можна замяніць на знак роўна. Схема пераўтварылася ва ўраўненне хімічнай рэакцыі: 2 Cu + O2 = 2 CuO

Прачытаем яго: (адзін з вучняў чытае).

Відэадэманстрацыя ”Гарэнне алюмінію на паветры”

Тлумачэнне парадку расстаноўкі каэфіцыентаў

4Al + 3O2= 2Al2O3(або цынк+ саляная кіслата)

Прачытаем атрыманае ўраўненне: (вучні чытаюць)



Настаўнік

А зараз увага: давайце паспрабуем агучыць парадак дзеянняў пры састаўленні ўраўнення хімічнай рэакцыі. Хто смелы?



(Вучні выказваюць свае меркаванні)

Настаўнік каменціруе адказы і падводзіць навучэнцаў да алгарытму састаўлення ўраўненняў хімічных рэакцый, просіць аднаго з навучэнцаў зачытаць яго з падручніка; указвае на падрыхтаваныя карткі для кожнага вучня на партах.



Алгарытм састаўлення ўраўненняў хімічных рэакцый:

  1. Вызначыць састаў зыходных рэчываў і прадуктаў рэакцыі

  2. Запісаць формулы зыходных рэчываў злева, а прадуктаў рэакцыі – справа

  3. Паміж левай і правай часткамі ўраўнення спачатку паставіць стрэлку

  4. Расставіць каэфіцыенты, г.зн.ураўняць лік атамаў кожнага хімічнага элемента да рэакцыі і пасля яе.

Для гэтага:

  • Падлічыць колькасць атамаў кожнага элемента ў левай і правай частках ураўнення хімічнай рэакцыі

  • Вызначыць, у якога элемента колькасць атамаў змяняецца. Знайсці НАК.

  • Раздзяліць НАК на індэксы – атрымаць каэфіцыенты. Паставіць іх перад формуламі.

  • Пералічыць колькасць атамаў. Пры неабходнасці дзеянне паўтарыць.

  • Апошнім праверыць колькасць атамаў кіслароду

  1. Звязаць левую і правую часткі ўраўнення знакам “ =”

Дадзены спосаб расстаноўкі каэфіцыентаў называюць метадам падбору.

Фізкультхвілінка

VІ. Замацаванне тэмы ўрока.

Настаўнік

Пытанні ёсць? Папрактыкуемся ў расстаноўцы каэфіцыентаў. Працуем па варыянтах:



Гульня “Шыфроўка”

І варыянт (мацнейшы вучань ля дошкі расстаўляе каэфіцыенты і знаходзіць іх суму ў першых трох ураўненнях рэакцыі; слабейшы вучань знаходзіць толькі суму каэфіцыентаў у наступных трох ураўненнях. Паведамляе вынік)

Шыфроўка № 1. (Адказ: N)

Ba + O2 → BaO (сума каэфіцыентаў: 5)

Fe(OH)3 + HCl → FeCl3 + H2O (сума каэфіцыентаў: 8)

Al + HCl → AlCl3 + H2 (сума каэфіцыентаў: 13)

4Li + O2 → 2Li2O (сума каэфіцыентаў: 7)

2Na + S → Na2S (сума каэфіцыентаў: 4)

3Fe + 2O2 → Fe3O4 (сума каэфіцыентаў: 6)


ІІ варыянт (мацнейшы вучань ля дошкі расстаўляе каэфіцыенты і знаходзіць іх суму ў першых трох ураўненнях рэакцыі; слабейшы вучань знаходзіць толькі суму каэфіцыентаў у наступных трох ураўненнях. Паведамляе вынік)

Шыфроўка № 2 (Адказ: Р)

Fe + Cl2 → FeCl3 (сума каэфіцыентаў: 7)

Al + O2 → Al2O3 (сума каэфіцыентаў: 9)

CH4 → C2H2 + H2 (сума каэфіцыентаў: 6)

Ca +2HCl → CaCl2 + H2 (сума каэфіцыентаў: 5)

Al2O3 + 6HNO3 → 2Al(NO3)3 +3H2O (сума каэфіцыентаў: 12)

2K + S → K2S (сума каэфіцыентаў: 4)

Праверка выканага задання, падлік балаў

Настаўнік

Цікава? Я думаю, што заданні, якое я вам зараз прапаную ў якасці эмацыянальнай разрадкі, таксама будзе для вас цікавымі

1. Многія вашы аднагодкі ў гады вайны пад час налётаў дзяжурылі на крышах дамоў. Асноўная іх задача заключалася ў змаганні з запальваемымі бомбамі, якіх мноства скідвалася фашыстамі на прамысловыя раёны гарадоў. Начынкай такіх бомб была сумесь парашкоў алюмінію, магнію і аксіду жалеза. Дэтанатарам служыла грымучая ртуць. Часам туды дабаўлялі невялікую колькасць бітуму. Пры ўдары бомбы аб зямлю спрацоўваў дэтанатар, які падпальваў увесь гэты састаў. Апошні хутка разаграваўся да высокай тэмпературы, і ўсё навокал пачынала гарэць.

Увага, заданне! Патрэбна скласці ўраўненні хімічных рэакцыі, якія пры гэтым адбываліся

(Работа ў групах па тры чалавека)

4AL + 3O2=2AL2О3 (Дэманстрацыя)

2Mg + O2=2MgO

3Mg + N2= Mg3 N2


3Fe3O4+8Al=9Fe+4Al2O3

2. Патрэбна разгадаць анаграмы (гэта словы, у якіх зменены парадак літар)

Які хімічны элемент зашыфраваны?

«Адаврод» – у гэтага элемента самая маленькая адносная атаная маса

«Маілінюй» – гэты элемент называюць «крылатым» металам

«Цьурт» – утрымліваецца ў медыцынскім тэрмометры

«Цалькый» – без яго нашы косці былі б нетрывалымі і крохкімі

«Расфоф» – рэчывам, якое складалася з атамаў гэтага элемента, была змазана поўсць сабакі Баскервілей



Настаўнік

Я думаю, кожны з вас паспеў набыць пэўныя навыкі ў расстаноўцы каэфіцыентаў. Як гэта ў вас атрымалася, праверым праз гульню “Так-Не”. У вас запісаны сцвярджэнні, вы павінны згадзіцца з імі або не. За кожны правільны адказ – 1 бал. Працуем самастойна.



Сцвярджэнні:

У рэакцыі Ca + Cl2→ CaCl2 каэфіцыенты не патрэбны (Так)

У рэакцыі Zn + HCl → ZnCl2 + H2 каэфіцыент у цынка 2 (Не)

У рэакцыі Ca + O2 → CaO каэфіцыент у аксіда кальцыю 2 (Так)

У рэакцыі CH4 → C + H2 каэфіцыенты не патрэбны (Не)

У рэакцыі CuO + H2 → Cu + H2O каэфіцыент у медзі 2 (Не)

У рэакцыі C + O2 → CO каэфіцыент 2 патрэбна паставіць і ў аксіду вугляроду (ІІ), і ў вугляроду (Так)

У рэакцыі CuCl2 + Fe → Cu + FeCl2 каэфіцыенты не патрэбны (Так)

Падлічыце, калі ласка, свае балы і выстаўце іх ў сшытак.

VІІ. Ацэньванне дзейнасці навучэнцаў

Настаўнік

Падлічыце агульную колькасць балаў у сваіх сшытках і выстаўце адзнакі ў адпаведнасці са шкалой балаў, якая ёсць у кожнага з вас.

33-35 – 10 балаў

30-33 – 9 балаў

26-29 – 8 балаў

22-25 – 7 балаў

18-21 – 6 балаў

14-17 – 5 балаў

10-13 – 4 балы

6-9 – 3 балы

3-5 – 2 балы

1-2 – 1 бал

Хачу сказаць, што я задаволена вашай працай на ўроку, вашай неабыякавасцю і актыўнасцю. Развівайце сваю дапытлівасць, і жыццё сапраўды будзе вучыць вас, а значыць, і любіць!

VІІІ. Дамашняе заданне.

Параграф № 16. Рознаўзроўневыя заданні на картках (пісьмова)



ІХ. Рэфлексія.

Дыдактычная задача: даць магчымасць дзецям ацаніць сваю дзейнасць на ўроку, выкарыстоўваючы прыказкі і прымаўкі

Прыказкі і прымаўкі:

Век жыві – век вучыся

Што пасееш – тое і пажнеш

Працу палюбіш – чалавекам будзеш

Які рамеснік – такая і работа

Калі ўлез у дугу – не кажы “не магу”

Чым багаты, тым і рады

Работы да самай суботы

Нічога не ведаю: мая хата з краю

Што галава, то розум

Роблена наспех і зроблена насмех

Пустая гаворка не пагаворка

На вуснах – мёд, на сэрцы – лёд

Вучоба – не воўк, у лес не ўцячэ

Ад работы і коні дохнуць

Ні зняты ні павешаны

Які з выразаў адпавядае вашаму эмацыянальнаму стану на ўроку?

Х. Падвядзенне вынікаў.

Дыдактычная задача: прааналізаваць паспяховасць дасягнення мэты

Настаўнік

Наш урок завяршаецца. Спадзяюся, што ён вам спадабаўся. Вы бачыце на экране розныя смайлікі. Спыніце свой погляд на тым, які адпавядае вашаму настрою. Адлюструйце яго на сваіх тварах. Вельмі прыемна! Дзякуй усім за урок! Поспехаў і надалей!





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка